СЁННЯ «ДЗЯДЫ»!

Гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Надвор'е сёння яснае, здаровае. Сад падасланы жоўтым лісцем. На клёне яго ўжо амаль што няма, а бяроза яшчэ ўсё калыша ад ветрыку доўгімі залацістымі косамі.

Я абкопваў яблыні, ціха мармычучы ў добрым настроі…

А потым да мяне — вядома ж, цераз плот — прыйшоў сусед. Худзенькі, абадраны Сашка, з рэдкімі, светлымі валасамі, з-за якіх яго i празвалі Лысым.

У Сашкі нямоглы бацька i тоўстая сястра, гультайка Марта. Маці памерла — як на памяць шасцігадовага хлопчыка — вельмі даўно.

Сёння Лысы таксама ў добрым настроі. Можа, таму, што ўвечары «дзяды» — поліўка з пеўнем, капуста, яечня, аладкі… Дванаццаць страў! I ўсё трэба есці — ад «кануны», накрышанай булкі ў салодкай вадзе, да густой панцаковай кашы, якая ставіцца на стол дванаццатай. Хоць лыжку адну, a вазьмі. Спрадвечны звычай памінак, «дзядоў», на ядзе ўжо толькі i трымаецца. Хіба што бабка якая ў каго i памоліцца за душачкі ўмарлыя, а так — садзяцца людзі i сапуць над місамі — за ўсё недаяданне — у дванадцаць столак!.. Ну дык як тут i Сашку не цешыцца?..

Лысы выняў з кішэні падвойную костку пеўневай нагі, адцягнуў кавалак сырамяткі, прывязанай за гузік, пакланіўся i пытаецца:

— Можа, вам што сыграць, пане Сцяпане?

— Ну, ну…

— Січас, пачакайце, настрою гармошку.

Сеўшы на камені каля плота, ён зайграў. Шморгаў, як смыкам, косткай па сырамятцы і, пераймаючы не скрыпку, a гармонік, галёкаў:

— Тува, тува, тува-ва!.. Тува, тува, тува-ва!..

Так паўтаралася бясконца. I на кожным «тува-ва» бледны твар Лысага аж крывіўся ад смакаты, як ад болю, аж вочы плюшчыліся, аж закідалася назад i весела пагойдвалася галава!..

З вуліцы, цераз брамку, прыбеглі Сыты i Худы. Адразу ж далучыліся да музыкі. Худы, рухавы i спрытны малец, Сашкаў аднагодак, махнуўся па садзе, падняў канчар нейкай дошкі i камень, прысеў i пачаў барабаніць. А меншы, тоўсценькі карантыш Сыты, з нястачы хоць якога струманту, паўсаджваў адубелыя ручкі ў кішэні і, прысеўшы ад стараннасці, верашчаў з усёй сілы Лысаму ў тон. Toe самае «тува-ва» — то басам крычалі хлопцы, аж гарлякі надзімаліся, то падвываючы ўгару, ды так высока, тоненька, нібыта хочучы, каб ix пачуў увесь свет!..

Я ледзь не ляжу ад рогату. Маці Худога i Сытага, Каваліха, выйшла з вёдрамі па ваду, спынілася на вуліцы, слухае i смяецца. Тоўстая Марта таксама пачула музыку, выйшла на двор.

— Пайшоў дахаты, здыхоцце ты! Я скажу нябось бацьку!

А малыя — яшчэ мацней.

Крычала, крычала Марта, ды — глядзіце! — ужо i яна рагоча. Усперлася локцямі на нізкі плот i ажно заходзіцца, ажно тоўстыя плечы ды тарбаватыя грудзі трасуцца.

— Божа мой, божачка! — кажа ледзь не праз слёзы. — I калі ў цябе будзе які-небудзь розум!..

…Ціхі, марозлівы вечар. Яшчэ зара не пагасла зусім, a зоркі ўжо відаць — адна, другая, трэцяя… «Дзяды» яшчэ не давараны — агні гараць пакуль што толькі ў вокнах кухняў.

Стаю на вуліцы, каля брамкі, маўчу. Кавалішын Толя, старэйшы брат Худога i Сытага, выйшаў трохі пазней, не заўважыў мяне i таксама стаіць — цераз вуліцу, перад сваім гародчыкам.

Ды вось направа ад мяне, каля суседавых варот, адліпла, запішчала завесамі, стукнула брамка, i на сярэдзіну вуліцы выйшаў Лысы.

Стаў i свішча, няўмела яшчэ, па-малечы.

— На, Цюлік, на! — падмацаваў ён крыкам свіст. — На, цю, на!..

— Навошта ён табе? — спытаўся Толя.

Сашка падышоў да яго i прыцішана, па-дзелавому пачаў:

— Цюлік недзе прапаў. Ты толькі не кажы нікому, Анатоль, бо Марта будзе біцца. Яна сёння два пеўні зарэзала, нашага i Якубавых. Трэба Цюліку кішкі аддаць, каб было шыта-крыта! Дзяды, панімаеш?.. На, Цюлік, на!..

Успамінаю крык i таўстаморды смех над шэрымі штакетамі:

«Божа мой, божачка!..» I сам смяюся ціха. Толькі з іншага.

1935–1937

Загрузка...