Сцяпанавіч спыніўся і выйшаў з машыны. I праўда — адарваўся ад калоны здорава: трэба чакаць.
Падняўшы капот, ён заглянуў у цёплы, супакоены матор, пасля паволі абышоў машыну, акінуў вокам груз і дзелавіта кашкануў ботам правую заднюю пакрышку. Усё ў парадку.
Груз на машыне — не зусім звычайны: вялікая, дваццацігадовая ліпа з карэннем у скрыні са свежых дошак, падобная на вялізны, паложаны ў кузаве вазон. Пераязджае ліпа з далёкага лесу ў Мінск, дзе ўжо многа такіх, як яна, і шумяць, і цвітуць, і жаўцеюць, нібы і выраслі там — на абочынах новых вуліц, на новых бульварах і ў парках.
Шануючы хустачку, якой ён не без пэўнай важнасці карыстаўся на людзях, Сцяпанавіч з цыганскім фасонам, пры дапамозе аднаго, а потым другога вялікага пальца, голасна прадзьмуў нос і зноў прыслухаўся і паглядзеў з-пад кепкі ўздоўж шашы.
Нічога не відаць і не чуваць…
Тыдні са тры таму назад, апынуўшыся ў такім становішчы, Сцяпанавіч дастаў бы з кішэні цыгарэткі, з няменшай важнасцю, чым ён нядаўна прадзімаў свой нос, прадзьмуў бы чырвоны, тоўсты муштук… Чорт вазьмі! — ён нават галавой закруціў, уявіўшы, адчуўшы на смак і пах тытунёвы дымок. Ды пра курэнне наогул не магло быць і гутаркі: Сцяпан Сцяпанавіч чалавек цвёрды. А прылегчы на сонейку, пакуль падыдуць машыны, ён не хацеў: Сцяпан Сцяпанавіч службіст. Каржакаваты, дзябёлы начальнік калоны пайшоў насустрач сонцу па абочыне, з рукамі глыбока ў кішэнях сініх галіфэ, прыкметна выставіўшы жьюоцік і мармычучы нейкую песню.
Што за песня — не сказаў бы ён і сам. I не таму, што не любіць або не можа спяваць, — наадварот, Сцяпанавіч, калі часамі прыме чарку, ахвотна спявае песні, складзеныя самастойна і тут жа, на месцы.
Спявае нават і без слухачоў, для асалоды ўласнае душы. Гучыць яно прыблізна так:
А сёння ў нас была зарплата,
I мы ўзялі паўтаратоначку з прычэпам,
Інцярэсна, што скажа на гэта жана?..
Музыка, таксама як і словы, — свае работы. Нарэшце з-за ўзгорка на даляглядзе паказаўся грузавік.
«Паўзуць, балаголы», — з пагардлівай усмешкай падумаў Сцяпанавіч.
Ён спыніўся і, з рукамі ў кішэнях, прыглядаўся з-пад кепкі да набліжэння дзвюх машын, пакуль першая з іх не спынілася за яго машынай, ледзь не ткнуўшыся шклом кабіны ў голле ліпы.
У гэтай машыне быў Недасек, заіка Васіль, якога Сцяпанавіч недалюбліваў.
— Чаго ты прэшся на самае дрэва, чаго? — закрычаў ён. — Што табе — фары трэба мяняць?
Недасек, як толькі заглох матор, адчыніў кабіну і, больш убачыўшы, чым пачуўшы, што Сцяпанавіч нешта гаворыць, спытаўся:
— Г-га? Н-ні-чога не чую.
— Га, га… Дыеганцыю трымай!
— А што — м-мой б-бычок п-пагрызе т-тваю ліпу? Васіль ужо стаяў перад начальнікам з усмешкай на сваім румяным прастадушным абліччы, і злавацца на яго далей было немагчыма. Заіка — хлопец спраўны і вясёлы. Бычком называў ён свой новы грузавік маркі Мінскага аўтазавода — адзіную ў калоне машыну, на капоце якой блішчыць серабрысты, горда набычаны зубр.
За рулём наступнай машыны, якая ўжо таксама спынілася, сядзеў Санька Будай, самы малады і, відаць, самы любімы ў калоне хлопец, хоць ён і прыйшоў у яе толькі месяц таму назад. Выйшаўшы з кабіны, чарнявы, стройны Санька з асалодай, да хрусту ў касцях, пацягнуўся, а потым, гледзячы на лес, гукнуў:
— Елкі зялёныя! Не паветра, а проста… журавінавы напітак!
— Шва, Будай, трошкі лепш, — з усмешкай і смакаваннем у голасе, а ўсё ж такі важна прамовіў Сцяпанавіч.
— Піва я не люблю, — адказаў Санька. — Яно мне, як мая маці кажа, не пануе. А ты, Сцяпанавіч, у добрым месцы спыніўся.
Абапал дарогі — нешырокай асфальтавай паласы — дзвюма сценамі ўздымаўся лес. З гушчару дрэў найбольш выдзяляліся яліны і бярозы, — яліны сваёй цёмнай зеленню, на фоне якой асабліва пры-гожа выглядала сонечная жаўцізна дробнага бярозавага лісця. Паблізу, амаль да самага кювета, падышла маладая асіна, нявопытная модніца ў бурачковым уборы, і Саньку відаць было, здаецца, як трымцяць яе лісты — нібы ад сораму за свой дзікаваты колер, нібы ад нейкага затоенага хвалявання… Сонца стаяла над лесам трохі правей ад таго месца, дзе шаша ўніралася ў далягляд, і на абочыне шашы, дзе спыніліся машыны, за кюветам прывабліва зелянела мяккая травяная пасцель, засланая ласкавым сонечным святлом. Па вершняку хадзіў лагодны, мілагучны пошум, а нізам слаўся водар цёплай восені, з якога найбольш выдзяляўся сыраваты, смачны пах грыбоў.
— Як хораша, хлопцы, га? — сказаў Санька. — I сапраўды — залатая пара…
Санька вярнуўся з арміі летась увосень. Хлопец перажываў цяпер найбольш, відаць, шчаслівую пару маладосці, нібы адгульваў адпачынак перад клопатамі сямейнага жыцця, якое хутка мела пачацца. Ен быў адзіным сынам у маці-ўдавы, якую Санька з самага маленства ведае работніцай інструментальнага завода, дзе мама робіць непрыкметную, ды вельмі неабходную работу — прыбірае цэх. Жывуць яны ў адным з пакойчыкаў драўлянага дома на ўскраіне. Цеснавата, але гэта — як Санька думае цяпер — зусім ужо часова. Хутка ён нрывядзе дамоў сваю Ірачку, з-за якой цяпер, кажучы словамі маці, не бачыць белага свету. Ірачка — тэхнік на аўтамабільным заводзе, і хутка яна атрымае кватэру. Як толькі яны пяройдуць туды — няхай сабе адзін пакой, ды кухня затое свая! — мама адразу пакіне працаваць, а будзе глядзець хату. Так гаварылі пакуль што яны толькі самі, хаваючы ад маці радасную неспадзяванку. Мама ўжо ведае Ірачку, якая сама папрасіла Саньку назнаёміць іх, завесці яе ў іхні пакойчык. Дабрадушная і вясёлая сваёй ціхай, зычлівай для людзей весялосцю, старая работніца адразу ўпадабала светлакосую, разумную дзяўчыну і ў той жа вечар, рыхтуючы ім вячэру, ціхенька ўсхліпнула каля пліты, успомніўшы Міхася, свайго старэйшага, які загінуў у вайну… Усхліпнула, а потым, за сталом, міжвольна назвала Іру дачушкай. Сказала і схамянулася, а «дачушка» пачырванела, зірнула на Саньку, які таксама пачырванеў, і абое яны засмяяліся. А маці так і стала называць яе — то Ірачка, то золатка, то зноў дачушка. I ў светлым вобразе дзяўчыны, якую палюбіў яе сын, а за ім і яна, і ў самым пачуцці гэтым — узнагародзе за нялёгкае ўдовіна жыццё, было і сапраўды нсшта сонечнае, яснае, залатое… Аднак… Ну, што ж, і яна ўжо адчула сябе свякроўю, адчула рэўнасць да дзяў-чыны, што вось прыйшла і забрала, хоць не ўсяго пакуль што, а забрала ў яе сынка. Ну, што ж, яна — маці, хутчэй бы ёй — за ўсе турботы, за ўсю ціхасць яе — дачакацца таго, каб у сям'ю прыйшло яшчэ адно золатка, якое ўжо можна будзе любіць без рэўнасці, усім аднолькава!.. А Санька, нібы на злосць старой, марудзіў, не жаніўся. Ходзіць толькі ды ўсміхаецца.
Усмешка ў Санькі харошая. Заіка Васіль усміхаецца так, нібы заўсёды просіць прабачэння: «Эх, сказаў бы я вам нешта в-вясёленькае, д-ды вось не выйдзе…» А Санька ўсмешкай сваёй абяцае: «Я вам зараз такое скажу… ну, такое, што проста!..» I так ён будзе абяцаць усё жыццё. Прыемна глядзець на такую ўсмешку, бо ўсе мы заўсёды чакаем і хочам радасці.
Васіль і Санька ўжо дружылі, хоць і пазналіся нядаўна.
— Т-ты ўсё д-дыхаеш, Саня, д-дыхаеш, б-брат, — сказаў Васіль. — З-закурым м-мо, няхай начальнік н-нам п-пазайздросціць.
Сцяпанавіч, усё яшчэ з рукамі ў кішэнях штаноў, прыжмурыўшы пад кепкай малыя шэрыя вочы, глядзеў уздоўж шашы, пад сонца, як палкаводзец, і прыкідваўся, што нічога не чуе.
— Дыхаю, брат Васіль, — гаварыў Санька, беручы ў Недасека махорку. — Дыхаю і ніяк пе нацешуся. Што, давай паляжым?
Яны пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу паляглі на траву. Цела прыемна ныла, адпачываючы пасля трохгадзіннага сядзення за рулём, натруджаныя вочы з асалодай адпачывалі на ласкавай зеляніне.
— Чорт вазьмі —не відаць! — з прыкрасцю прабурчаў за канавай Сцяпанавіч.
Насустрач яму замест чаканых грузавікоў імчала-ся «Пабеда».
— Т-твой н-начальнік, Б-будай, — кіўнуў на яе Недасек. — Ідзі, б-брат, павітайся!
— А што ты думаеш? — усміхнуўся Санька. I ён гукнуў: — Сцяпанавіч! Зірні на нумар: можа, мой?
«Пабеда» шуганула каля трох грузавікоў і Сцяпанавіча, і Малыя зоркія вочы яго, прывычна прыжмурыўшыся, злавілі на жоўтай шыльдачцы чатыры лічбы.
— Дванаццаць шэсцьдзесят сем!
— Эх, чорт, не мой! — Санька махнуў рукою і перакаціўся на спіну.
Сцяпанавіч пакінуў углядацца і, канчаткова паддаўшыся спакусе, салідна гоцнуў цераз канаву.
— Што, спадзяваўся, што твой? — спытаўся ён у Санькі, кладучыся побач з ім.
— А што т-ты д-думаў — т-толькі т-ты ў яго н-на-чальнік? — падміргнуў Васіль. — А т-ты, Б-будай, н-на д-дарозе стаяў бы д-ды п-павітаўся б: м-можа п-пазнаў бы цябе…
— Ну, я яго, вядома, пазнаў бы, а ён мяне — не. З машыны яно горш відаць…
Недасек засмяяўся.
— А чаму т-ты д-думаеш, ён цябе не пазнаў бы? Н-начальніцкае вока зоркае, — зноў падміргнуў ён на Сцяпанавіча. — Яно, б-брат, б-бачыць, як рэнтген.
Унурыўшыся над травой, Сцяпанавіч жаваў сухую сцяблінку і маўчаў.
— Мой начальнік, — сказаў Санька, — каго, брат, бачыць не хацеў, таго ніколі і не бачыў.
Са збітай на патыліцу кепачкай, падпёршы далонню поўную, румяную шчаку з рыжавата-залацістай шчэццю, Недасек глядзеў на Сцяпанавіча, зморшчаны не то ад сонца, не то яшчэ і ад бяскрыўднай хітрасці, і ўсё, здаецца, падміргваў.
— Вось т-там, Сцяпанавіч, н-начальнік! — сказаў ён. — П-паслухай, б-брат, д-ды п-павучыся, як к-ка-мандаваць. А то т-ты ў нас Фамут, д-ды н-не зусім яшчэ Фамут.
Сцяпанавіч паглядзеў на заіку, пасля на траву, і твар яго пачаў налівацца крывёй.
— Па кумпале хочаш? — спытаўся, падняўшы вочы.
— Х-хто — я?
— А хто ж — я?
— Б-бясплатна?
Васіль глядзеў на яго, усё таксама падпёршы рукой шчаку, весела зморшчаны, нібы ад сонца.
— Плявузгаць можна, ды толькі ў меру, — сказаў Сцяпанавіч. — Другі табе паказаў бы за хамута…
Санька падняўся і сеў.
— Ды не хамут, Сцяпанавіч, — Фамут! — сказаў ён, нібы просячы.
— А што за розніца: усё роўна хам. Мы разбіраемся, не вельмі заступайся.
— Ну, гэта ты, Сцяпанавіч, хапіў, брат, цераз край. Дык ён жа табе пра Фамута, пра майго начальніка ўспомніў.
Сцяпанавіч паглядзеў на Саньку, на траву, зноў на Сапьку, і на твары яго, яшчэ ўсё чырвоным, паказалася ледзь прыкметная ўсмешка давер'я.
— Бачыш, — усцешыўся Санька, злавіўшы гэтую ўсмешку. — А ты — адразу па кумпале.
Хлопец не вытрымаў — зарагатаў, зірнуўшы на румянатвары, смешна прыкрыты кепачкай Недасекаў «кумпал».
— Ану вас! Ха, ха, ха!..
Васіль усё глядзеў, як і раней, успёршыся на руку непаголенай шчакой.
— Т-ты, раскажы яму, Б-будай. Нях-хай паслухае пра Фамута. Н-начальнікам к-карысна.
— Што, Сцяпанавіч, расказаць?
— Ну, чорт з вамі, расказвай.
— А мо нецікава?
— Расказвай, — яшчэ раз дазволіў Сцяпанавіч. — Усё роўна няма чаго рабіць.
Санька лёг на жывот і, па-свойму, раней шмат-абяцаюча, усміхнуўся.
— Ну што ж, — пачаў ён, — начальнік мой быў — не звычайны начальнік. Кажуць, што ў разумных — вялікі лоб. У яго быў лоб найбольшы, можна сказаць — суцэльны: ад брывей да патыліцы. А розуму… Ды што!.. Пустое нібы слова — Фамут, можа, не вельмі хто і чуў, каб ён так хамут выгаворваў, а вось, брат, як надзелі неяк на гэтую галаву імя Фамут, дык і здымаць нікому не хочацца. У міністэрстве быў — Фамут, і скінулі — Фамут, і зноў пасадзілі — Фамут…
I вось сядзіць ён за сталом — ніколі нават не міргне, як нейкі бог. Адзін толькі раз за дзевяць месяцаў трапіў я ў ягоны кабінет, дый то праз Клавіну памылку. Спыніўся я, вядома, на парозе. «Клікалі, Барыс Барысавіч?» Маўчыць. ГІотым бачу — і ён глядзіць на мяне, і губы варушацца, а нічога не чую… Зразумеў я — далёка. Крануўся да стала. Ішоў, ішоў, дабраўся да палавіны дывановай дарожкі, чую: «Па-клічце да мяне сакратара!» Ну, пайшоў я без адпа-чынку назад. Толькі і заўважыў, што стол ягоны, а на стале — чарнільны прыбор. Стол — ну, цэлы, браток Сцяпанавіч, участак, хоць будуйся. А чарнільны прыбор — дзве сіласныя вежы, ды яшчэ на падстаўцы. Драбіны трэба. Узлез, абмачыў, злез, падпісаў паперку, зноў палез… Ну, выйшаў я назад у прыёмную, кажу да Клавы: «Што за камедыя? Кліча. Ідзі». А яно маладзенькае, толькі што працаваць пачало. Пайшла, выходзіць з кабінета — чырвоненькая!.. «Выбачайце, таварыш Будай, гэта я намылілася: паслала вас, а яны мне сказалі толькі перадаць вам, што па Лёньку сёння не ў пяць, а ў без пятнаццаці пяць трэба ехаць». А Лёнька вучыцца ў музыч-най школе. Не ведаю, які там з яго выйдзе Ойстрах, а нехатой ужо і ён не хоча хадзіць. У першым класе. Ну, яшчэ Алачка ў шостым, Жора ў інстытуце, сама… Словам — было каго падвозіць ды вазіць: на рынак, на футбол, да дзевачкі, да хлопчыка, у лечкамісію, да манікюршы, да краўчыхі… Пашану Фамут даваў вялікую — і сабе, і жане, і дзіцёнку па лапцёнку.
— А што т-ты ўсё, — перапыніў Саньку Васіль, — н-нібы п-памінаеш яго: жыў Фамут ды б-быў Фамут? Ён жа ёсць і цяпер.
— Ну, для мяне ён быў,— усміхнуўся Санька. — I больш ён для мяне не будзе. I дзіўна мне, чаго з ім носяцца з месца на месца, нібы гэта нешта такое, што і зносу яму і ніякай замены няма. У адным месцы заваліць работу — яго на другое, там ён рукі пагрэе — яго на трэцяе… Як быццам у начальства толысі і клопату з Фамутом, каб ён не пахудзеў, каб яму без машыпы не жыць… А што гэта ты, Сцяпанавіч, нібыта на мурашніку лёг? Дагоняць хлопцы, нікуды не дзенуцца.
Сцяпанавіч выплюнуў зжаваную сцяблінку і па-свойму важна сказаў:
— Хаця б аварыі не было. Ён памаўчаў, нібы падумаў:
— Ды, зрэшты, я там пакінуў Бусліка замыкаючым. Гэты не падвядзе.
Сцяпанавіч узяў з травы другую сухую сцяблінку і заклапочана пачаў жаваць яе з канца.
— Раб-бота ў д-добрага г-гаспадара заўсёды знойдзецца, — падміргнуў на яго Недасек. — Як у твайго, Б-будай, Фамута. Г-гавары, б-брат, далей.
— Ды тут і гаварыць нямнога, — усміхнуўся Санька. — Калі я, скажам, вазіў начальніка і ўсю яго сям'ю, куды каму ўздумаецца, дык гэта ж я не першы і не апошні на гэтай пасадзе. Мы, як гаворыцца, людзі маленькія, а бензін — ён казённы. I машьгаа таксама казённая, і шафёр на казённай заршіаце. Казну спрадвеку даілі, дык вось і ён, Фамут, прысмактаўся… А на сходах, з трыбуны, глядзі, і сам крычыць аб перажытках капіталізму. Толькі і новага ў яго, што гэты… ну. маскіровачны крык. Зрэшты, я крыку гэтага не чуў: са мною Фамут маўчаў. Сядзе ў кабіну, дык толькі збоку, у профіль яго бачыш. А то ў люстэрка загляну — сядзіць. I хоць ты тысячу з ім кіламетраў праедзеш — адно. Так, здаецца, і крыкнуў бы: «Хто ж з нас каго, таварыш началыіік, ну, хто каго на суд вязе?!»
— А што ты хочаш? — сказаў Сцяпанавіч. — Ашто, калі чалавек не гаваркі? Не ўсім жа балбатаць.
— Пакінь, Сцяпанавіч! Чаму ж ён не маўчыць, калі з другім начальнікам едзе. Асабліва калі той за яго крыху большы. Мне твае гутаркі многа не трэба, — я сваё месца шафёрскае ведаю, — ды толькі ж добрыя людзі з сабакам і то вітаюцца, а то ў машыну ўлазіць — маўчыць, з машыны лезе — маўчыць. Гэта ўжо, брат Сцяпанавіч, не перажыткі капіталізму, — тут мой Фамут бадай што і самога феадалізму чарпануў. Ды, каогул, якія могуць тут быць перажыткі? То ж ні ён, ні бацька ягоны ніколі тым капіталістам і не быў — з парабка выйшаў у людзі. Словам, мы з ім, як у той песні,— ён маўчыць, і я маўчу. Спачатку я. як і належыцца, уранні яму — добры дзень, на развітанні — бывайце здаровы. I што ж, — галавы нават не паверне ў той бок, а недзе зверху, высока прамармыча нешта ў адказ або, вылазячы з машыны, нібы задам адкажа. Спрабаваў я спачатку і гутарку пачынаць. «Надвор'е якое, Барыс Барысавіч». А ён памаўчыць, узважьгць становішча, праверыць яго з усіх бакоў і тады ўжо адкажа: «Так». Нібы мне зарплату выплаціць: ні капеечкі больш. «Дарожка якая, Барыс Барысавіч!» Скажаш вось так дый думаеш: будзе адказ ці не? Адказ сяды-тады бываў. Аднойчы ён нават расшчодрыўся: «Так, дарога добрая», — адмераў мне зарплату з прэміяльнымі. Ну і ўсяго ад быка малака. I маўчым. Добра, калі з кватэры ці на кватэру з работы вязеш — метраў трыста, — а як на дачу едзеш ці ў камандзіроўку?.. Заспяваў бы, здаецца, а то чалавека якога падвёз бы, дык не! — збоку Фамут сядзіць… Ну, і маўчым. Два ідалы ў адной машыне.
— І ўся сям'я маўчыць? — спытаў Сцяпанавіч.
— Яшчэ чаго не хапала. Дзеці — яны як дзеці. Былі б яны, значыцца, як дзеці, каб іх у людскіх руках патрымаў, а то ж, як мая маці кажа, на пупе скуры не чуюць. Пяць мінут яму хады да гэтай самай музычнай школы, а падавай машыну. Сем гадоў смаркачу, а ўжо таксама перажыткі капіталізму. Я ўжо для яго не дзядзя, не Аляксандр Антонавіч, а ты. Ды што хацець! — і мама кажа ты, і Жора — ты… Насядзе з ім поўная машына жорыкаў, і ўсе, як па статуту: «ты», «табе», «цябе не пытаюцца»… Сямейка! Алачка ў шостым класе, пра хлопцаў ужо, ды пры мне, у машыне гаворыць з сяброўкамі, а косы яшчэ ўсё Маня, работніца, заплятае. Ну, а Жорка, дык гэта, брат Сцяпанавіч, наогул элемент. Стары Фамут з начальства ніяк не вырвецца, а малады — з інстытута: жалезабетонны студэнт! Морда — во, кудлы да самых плячэй, і вечна нібыта ён сонны, нібыта не бачыць нікога. Так і чакае, здаецца, пакуль не пачнуць з ім вітацца, шапкі скідаць: «Як здароўечка, Георгі Барысавіч, што загадаеце?» Ляжыць на канапе, чытае і курыць. Пальцы культурныя, а папяроса — яна, вядома, цяжкая, — бах і звалілася на паркет. І што ж ты думаеш, — будзе ляжаць і дзерціся на ўсю кватэру: «Ма-ня! Ма-н-ня!!» — пакуль тая пліту не пакіне ды не прыйдзе падаць. А Мані гэтай — гадоў за пяцьдзесят, і згорбілася ўжо, і псіхіка ў яе такая, што якраз для Фамута, — маўчыць ды тупае круглыя суткі. Накорміць усіх, закалыша, тады ўжо бярэ на раменьчык Букеціка — белы сабачка такі для пацехі — і тупае з ім па двары. Праходачка! Усім, як мая маці кажа, трэба правільны пішчаварэнік.
— Ан-ну цяб-бе! — зарагатаў Недасек. Ён павярнуўся з бока на жывот і праз момант смяяўся, трасучы плячыма і нібы клюючы сваім востранькім носам траву, а потым зірнуў на Саньку, на Сцяпана-віча і падміргнуў: — Т-таб-б-бе б, начальнік, т-такую жытуху, га?
Сцяпанавіч, таксама трохі разлагодзіўшы твар, не адказаў, а толькі, гледзячы на Саньку, хмыкнуў:
— Гм!..
— Вось табс і «гм», — усміхнуўся Санька. — Уздумаў, брат Сцяпанавіч, гэты самы мой Жорка вадзіць машыну. Прыстане, як гразь, — даеш. Ну, раз даў баранку, другі… Справа, як бачыш, не хітрая — круціць. Абы дарога была шырокая ды пустая. А раз на дачу вёз яго, вясной, пасля экзаменаў. Ну, сеў ён за руль, вядзе, пакурвае, — увесь такі факстроцісты. А спераду, бачу, стаяць тры самазвалы. «Спыніцеся, Георгі Барысавіч, станьце калоне ў хвост». Бо спераду, насустрач нам, яшчэ адзін МАЗ ідзе. «Праскочу, — кажа, — не вучы». Ужо і баранку ў яго не возь-меш… Ірвануў ён уздоўж калоны, а пасля — управа. Ад сустрэчнай уцяклі, але капот усё ж такі аб крайні МАЗ прыцёр на павароце. Вылез я, вылез нават і ён. Ужо не гаварыць — па мордзе пляснуць хочацца. Умяціна — во! «Ну, што, — кажу, — га? А што, каб я ўзяў цяпер ды вам па радыятары?» I паказваю яму — вось так! — пяцярню. Маўчыць. Што ты будзеш з паршыўцам рабіць, — астыў я трохі, падкляпаў капот — паехалі.
— А сам на дачы таксама? — спытаў Сцяпанавіч.
— Сам на службе: зарплату адседжвае. А мне тым часам думай, як апраўдвацца будзеш. Еду ў горад і ўжо на ўсё гатоў. Ідзіце вы, думаю, туды, куды па розум не ходзяць, што мне — свет завязаны вамі? Добра дык добра, а не, дык бывайце здаровы. Ніякай хітрасці, Сцяпанавіч, не прыдумаў дый не прыдумваў. Еду.
А ён, Фамут мой, звычайна, як толькі сваё да мінутачкі адсядзіць за сталом, выйдзе на сходкі пад'езда, стане і пазірае цераз вуліцу, на ўзроўні магазіннай шыльды. Ну, а мая задача — пад'ехаць у самы час, як заўсёды, машыну Фамуту да ног і дзверцы раз! — калі ласка. Яму толькі б вочы ўніз ці ўбок павярнуць, і заўтра мне — па ўласнаму, значыцца, жаданню, згодна паданай заяве… Сеў ён, а я нібы тэрмометр яму пад паху: «Пагодка якая, Барыс Бары-савіч, га?» Памаўчаў ён, як належыцца, а потым адказвае: «Так». Ну, думаю, трыццаць шэсць і чатыры дзесятых — нармальна.
Так і пайшло, браток Сцяпанавіч, штодня. Два месяцы вось так вазіў яго, падстаўляў яму дзверцы пад саменькі нос і ўсё думаў: «А што, калі ён скрывіць лінію — зірне хоць трошкі ўбок?..» А потым так. усё гэта абрыдзела: і твар яго драўляны, і немата, так захацелася мне да людзей, што ўзяў я і падаў заяву. Годзе ўжо мне гаршкі на дачу вазіць ды гусей з Камароўскага рынку. Семдзесят пяць рублёў за ўмяціну ўнёс, чатыры дні памаўчаў яшчэ побач з начальнікам у машыне, а потым ён налажыў рэзалюцыю. Разоў са тры ўзлазіў на сваю сіласную вежу, пакуль усё як след абдумаў ды напісаў. ІІотым яшчэ, апошні раз, узлез, абмачыў пяро, сышоў па драбіне ўніз і распісаўся: «Фамут».
— Выдумляеш, — важна сказаў Сцяпанавіч. — Фамут — такога ў нас прозвішча няма. Каго ты вазіў?
— А г-гэта ўжо н-наша, б-брат, т-таямніца, — падміргнуў Саньку Васіль.
— Ну, таямніцы тут няма… — сказаў Санька. I ён назваў прозвішча і пасаду свайго былога Фамута.
— Д-дарэмна, — пакруціў галавою Васіль. — Яго I так п-пазнаеш. Т-толькі глядзі, к-каторы ходзіць, т-так сказаць, з н-навочнікамі. I ён людзей не бачыць, і н-на яго неахвота глядзець… Н-ну, не раўнуючы, як н-наш н-началь… Ой, уляпаўся, г-гвалт!.. — Васіль зарагатаў і пераваліўся з жывата на спіну.
Сцяпанавіч спакойна павярнуў свой твар да. смехуна, і — Санька заўважыў — правае вуха «начальніка» і правая палавіна гладкага карка пачалі спаква-ля налівацца крывёй. Паглядзеў на Васіля, тады на. траву, зноў на Васіля, I зноў павярнуўся ў профіль да Санькі. Вось-вось гатоў быў выплюнуць з зубоў сваю сцяблінку I сказануць Недасеку крутое слова. I за тое, што лезе заіка ў вочы з гэтым началь-ніцтвам, і за тое, што вось ён сам — шафёр другога класа Сцянан Сцянанавіч Тулейка — на трэцім рэйсе пасля таго, як яму даручылі калону, згубіў палавіну яе, адарваўся, як блазен які, паказаў клас язды… За гэта, праўда, злаваць трэба на самога сябе, але на другога яно, вядома, зручней. Сцяпанавіч яшчэ раз павярнуў галаву, паглядзеў на Васіля і выплюнуў з зубоў сцяблінку…
Ды Санька, чулы да ўсякай непрыемнасці, апярэдзіў яго.
— Пакінь, Васіль, — сказаў ён Недасеку. — Такіх начальнікаў, як наш Сцяпанавіч…
I тут ён першы ўбачыў на даляглядзе грузавікі.
— Нашы! — крыкнуў, нібы адчуўшы даўно чаканую падмогу.
Сцяпанавіч і Васіль, як па камандзе, павярнуліся на захад. Тры пары вострых, спрактыкаваных вачэй моўчкі глядзелі на тое, як падыходзяць тры машыны.
— Жылінскі першы, — сказаў, нарэшце, Сцяпанавіч. — Ён, відаць, і тармозіць.
Сцяпанавіч устаў, за ім усталі Санька і Недасек. Пераскочыўшы цераз канаву, не змаглі чакаць — пайшлі насустрач…
Затармазіў, як высветлілася, не Жылінекі, а Моніч, — лопнула камера.
Адна за адной, машыны спыніліся, і, адзін за адным, яшчэ тры розныя чалавекі выйшлі з кабінаў,— рабы ад воспы, суталаваты і даўгарукі Жылінскі, мужчына ціхі і вельмі старанны, але без удачы; малснькі Моніч, чорны, кучаравы і хітры, як цыганчук; нарэшце — Буслік, стары, бывалы шафёр, які за вопыт свой быў бы ў вялікай пашане, каб не чарка, якой ён кланяўся даўно і з рознымі прыгодамі. Галоўнай і пераломнай у лёсе Бусліка была прыгода яшчэ даваенная, калі ён на «эмцы» звёз свайго началыйка па сходах аднаго бульвара і не пазбавіўся правоў толькі таму, што начальнік таксама быў чала-век душэўны і чарцы не вораг.
Цяпер, адчыніўшы дзверы кабіны, Буслік стаў на крыле і зацягнуў:
Каб ты добры бондар быў
Ды набіў мне абручы…
Стары, вядома, быў не п'яны.
— Здаровы, хлопчыкі! — гукнуў.— Пяць чалавек з махорачкай — да мяне!
I ён закашляўся.
— Дазвольце далажыць, — звярнуўся, скончыўшы, нарэшце, кашляць, да Сцяпанавіча. — Моніч учора кагосьці памацаў, а сёння, як і водзіцца, — няўдача. Сын, Недасек, сабе намалоціш, — усміхнуўся ён з-пад вусоў Васілю, трымаючы ў прыкметна дрыжачых руках кавалак газетнай паперы.
— А ты, Герасім Пятровіч, пакінуў бы курыць. Не на здароўе гэта, — сказаў Сцяпанавіч.
— Ат, хутка я, браце, пакіну ўсё. Вось толькі б яшчэ разочак паляжаць на сонцы.
— Ну, паляжаць не ўдасца, — яшчэ больш важна сказаў Сцяпанавіч. — I так спазніліся. Па машынах!
— Што ж, без каманды войска гіне. Хлопчыкі, пайшлі! — звярнуўся стары да ўсіх і зноў, ад трэцяй зацяжкі, закашляўся.
Сцяпанавіч, як і належыць, рушыў першы.
А Недасек чамусьці замарудзіў. Санька, не вытрымаўшы, адчыніў дзверцы кабіны і выглянуў. Як-раз у гэты момант выглянуў і Васіль.
— Што? — гукнуў Санька, не могучы праз гул матора разабраць, чаго хоча таварыш. Ды вось з усёй неразбярыхі слоў пачулася: «Фамут», і Васіль паказаў на машыну Сцяпанавіча, што была ўжо даволі далёка.
— Ідзі ты к чорту! — засмяяўся Санька. — Паганяй!
Ён сеў, зачыніўся, і дужы, паслухмяны грузавік яго пайшоў.
Усё зразумела: і Васіль — чалавек не злосны, а яму проста весела, і Сцяпанавіч — не вялікі начальнік, а проста любіць паважнічаць.
Ветрык з'явіўся адразу, забегаў па шчоках Санькі, ласкава-халаднаватай хваляй урываючыся праз левае акно. I радасць зноў прыйшла — з Ірачкай, з мамай, з яго новаю працай, з цудоўным адчуваннем волі…
Санька заспяваў.