СУСТРЭЧА

Абы толькі хатнія селі за стол — снедаць, палуднаваць ці вячэраць, — адкуль толькі тая Мурка і возьмецца: ужо і трэцца каля дзеда Сымона, і мяўкае, просіць есці, і толькі ў яго.

Або прыйдзе ён у гумно, па сена карове, а кошка ўжо тут — бяжыць угары, па бэльцы, і мурлыкае, нібы хоча сказаць: «А во дзе я, а ку-ку!..»

— Ах ты, накольніца, — кажа дзед. — Бачыш, куды ты залезла!

Пасля ўжо ён нясе сваё сена па сцежцы, а Мурка бяжыць перад ім, наставіўшы хвост, як стрэльбу.

Аднойчы зімой быў пажар і згарэла большая палавіна вёскі. Згарэла ўсё і ў Сымонавых — і хата, і хлеў, і гумно.

Дзед Сымон быў тады дома адзін. Калі загарэлася суседава хата — зашумела, затрашчала полымя, павярнуў чорнай хмарай дым і загалёкалі людзі на вуліцы, — па старога напаў такі жах, што ён зусім разгубіўся. Як паіў каля студні карову, так і стаў, і стаяў, пакуль но загарэўся іхні хлеў.

Тады дзед убег у хату, зняў з паліцы свае акуляры, будзільнік… Спыніўся і думае:

«Здаецца, усё. Усё?.. Ці ўсё?..»

На печы драмала Мурка.

Дзед зняў яе і выбег з хаты.

Больш выхапіць з агню не ўдалося нічога.

Пагарэльцаў паразбіралі па хатах тыя, хто ўцалеў ад пажару. Сымонавых наклікаў да сябе сваяк — амаль на другі канец вёскі.

На ягоным будынку спынілі пажар. Застаўся ў дзядзькі толькі зруб ды столь, замест страхі. Наклалі на столь саломы і пачалі так жыць — дзве сям'і ў невялічкай хаце. Цесна, душна, нядобра. Як толькі адліжыць — на саломе растае снег, па сценах цячэ, са столі капае…

Тыдняў са два пасля пажару дзед Сымон быў неяк адзін у сваяковай хаце. Ляжаў на печы, пакрыўшыся кажухом, і думаў пра тое, што вось ён і занядужаў ад гора… А потым пачулася дзеду, што за дзвярыма штосьці нібы мяўкае.

«Няўжо гэта яна?» — падумаў дзед.

Муркі не было ад самага пажару. Так ужо і лічылі, што недзе загінула.

«Няўжо яна?..»

Дзед злез з печы, накінуў на плечы кажух, падышоў да дзвярэй. Як толькі ён адчыніў іх — Мурка шмыгнула ў хату. Убегла, мяўкнула, прылегла, перакулілася і наставіла лапы — ад радасці!..

«Знайшла!» — хацеў адразу крыкнуць дзед Сымон. Але ён раптам забыўся пра гэта, махнуў ад твару рукамі, сказаў:

— Галубка мая!.. Няма, няма нічога… Усё згарэла…

І заплакаў.

1937

Загрузка...