6. Трохі прыватнага


Нарадзіўся, апладніўся, памёр — вось і ўвесь чалавек. І так, а не іначай, у кожнага, за выключэннем, хіба, Ісуса Хрыста (але ж ён не цалкам ад людзей паходзіў). З гэтага бясконцага і банальнага самапаўтору чалавека чалавекам персанальныя сюжэты іншых мяне цалкам абыходзяць (бадай менавіта таму я ніколі не чытаў чужых пісем, не ўглядаўся ў чалавека, калі ён спіць і абыякава ставіўся да плётак пра знаёмцаў і паэтаў). Дарэчы, мой персанальны сюжэт мяне таксама лічы не інтрыгуе. Больш за тое, часам настолькі забываюся на сябе, што потым не адразу магу згадаць, хто гэта я? Каб у такія моманты лішне не лыпаць вачыма, я даўмеўся замацаваць над пісьмовым сталом шыльдачку з надпісам: «Валянцін Акудовіч».

Пры ўсёй як бы складанасці і нечаканасці кожнага чалавека ўпаасобку, мы насамрэч да паныласці аднолькавыя. І калі хоць што трохі разнастаіць нас, дык гэта тыя эпохі, культуры ды жыццёвыя сітуацыі, якімі кожнага апрычона адорвае ягоны кон. Хаця і тут персанальная разнастайнасць досыць умоўная. Класічнае літаратуразнаўства налічыла ўсяго нейкі дзесятак сюжэтаў, што складаюць аснову абсалютна ўсіх мастацкіх твораў, напісаных хоць дзе і хоць калі. А значыць, на ўсе тыя мільярды насельнікаў зямлі, што былі раней і ёсць цяпер, маецца адно дзесятак схемаў, у якія ўкладаюцца падваліны ўсіх чалавечых біяграфій…

Але маёй абыякавасці да персанальнага чалавека пярэчаць такія маштабныя падзеі як мастацтва, літаратура, тэатр, філасофія і шмат чаго яшчэ. Калі чалавек у сваёй сутве гэтак прымітыўна элементарны, дык чаму тады вялікія мастакі, пісьменнікі і мысляры тысячагоддзямі прагна ўглядаюцца ў гэтага чалавека, а той не стамляючыся цікуе ў іхняй праекцыі за персанальнай візіяй самога сябе?

Я не маю адказу на гэтае пытанне. Я магу толькі працягваць пытацца. Можа, такім чынам чалавек хавае сваю пустату і панылую аднастайнасць ад самога сябе, каб, як пісаў Ніцшэ, не памерці ад праўды? А, можа, якраз і наадварот. Вымкнуты з універсальнага цэлага ў персанальную біяграфію (хроніку адзіноты) чалавек апынаецца сам-насам супраць усяго Сусвету і толькі гэтым трагічным супрацівам пераадольвае бязлітасную банальнасць анталагічнага кону: нарадзіўся, апладніўся, памёр. Хаця, як на сённяшні дзень, у апошнім варыянце, бадай, залішне шмат гераічнай рыторыкі, якую цяжка таясаміць з сучасным чалавека, што татальна абрынуты ў мізэрнасць самога сябе як чалавека.

Загрузка...