Філосаф Алесь Анціпенка неяк заўважыў: пра Беларусь што ні скажы, усё будзе няпраўдай. Калі інтэлектуальныя парадоксы могуць ахопліваць рэальнасць, дык гэта якраз той самы выпадак. Рэч у тым, што беларускае грамадства пакуль не знаходзіць канвенцыйнай згоды адносна хоць чаго — уласнай гісторыі, свайго месца ў сучаснасці, шляхоў праставання ў будучыню. Таму не існуе бадай ніводнай канцэптуальнай тэзы пра Беларусь, якая б не была для некага «няпраўдай».
Возьмем хаця б гістарыяграфію… Тут мы маем столькі канцэпцый гісторыі Беларусі, што іх хапіла б на тузін краінаў. На пачатак згадаем адну з найноўшых, якая сцвярджае, што этнічна беларусы непасрэдныя нашчадкі сваіх балцкіх продкаў. Яны (балты) з’явіліся на нашых землях прыблізна дзесяць тысяч гадоў назад і за гэтыя тысячагоддзі амаль не змяніліся (этнічна), адно што зверху трохі славянізаваліся. Прыхільнікі гэтай ідэі перадусім адмаўляюць наяўнасць хоць якіх (і хоць калі) масавых міграцый на прасторы сучаснай Беларусі. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць самую розную аргументацыю: ад антрапалагічных замераў да фальклорных матэрыялаў. Як вядома, беларускі фальклор адзін з самых багатых у Еўропе. Аднак ніводная з ягоных крыніцаў не згадвае пра такую маштабную падзею, як «перасяленне народаў». З чаго этнолаг Сяргей Санько і выснаваў досыць радыкальную тэзу: «Беларусы — славянамоўныя балты», якая ў некаторых асяродках ужо займела немалую папулярнасць.
Натуральна, што гэтая канцэпцыя рэзка кантрастуе з некалі паноўнай (замацаванай расійскай гістарыяграфіяй яшчэ ў XVIII стагоддзі), якая сцвярджае, што этнічнай протаспадчынай рускіх, украінцаў і беларусаў з’яўляецца «стараруская народнасць». І хаця гэткае разуменне свайго гістарыяграфічнага пачатку яшчэ досыць папулярнае ў беларускім грамадстве, аднак ужо амаль не бярэцца пад увагу найбольш адукаванай яго часткай, паколькі не абапіраецца на пераканаўчыя гістарычныя крыніцы.
Бальшыня сучасных беларускіх гісторыкаў, не адмаўляючыся ад ідэі славянскай протаасновы, актыўна працуе над стварэннем ужо ўласна нацыянальнай гістарыяграфіі. Але для многіх беларусаў (і ўладных інстытутаў перадусім) плён іхняй працы — гэта нішто іншае, як чарговая «няпраўда» пра Беларусь. Таму зусім не здзіўляе, што ў сітуацыі «вайны гістарыяграфіяў» дзяржаўная ідэалогія вырашыла зусім абысціся без гісторыі, узяўшы сабе ў аснову толькі адну падзею мінулага — Вялікую Айчынную вайну.
Але падобную сітуацыю мы маем і ва ўсіх іншых сферах: ад культуры да геапалітыкі. Нідзе і ні ў чым беларус не знаходзіць сябе канчаткова. Усюды адно пачаткі, версіі ды разрывы.