(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
...Яна з’явілася непрыкметна. Падыйшла да мяне са спіны, далікатна дакранулася да пляча.
— Прывітанне.
— Дзень добры, Вераніка, — азірнуўся я. — Чым магу служыць?
— Ты сам ведаеш...
Яна апусціла вочы. У іх куточках збіраліся першыя слязінкі.
— Нават не здагадваюся. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.
Вераніка сціснула пераплеценыя пальцы. Наманікюраныя пазногцікі ўпіліся ў скуру.
— Ты хочаш, каб мы з Янкам расталіся!
— Крый Божа, Вераніка! Зусім я гэтага не хачу.
— Але ж мы павінны растацца, так?
— Толькі таму, што ты здараджваеш яму.
Вераніка пачырванела. Я працягнуў:
— Час ужо Янку здагадацца. Хіба ты не ведаеш, што ўсё тайнае становіцца яўным?
— Але ж ты можаш зрабіць так, каб ён не даведаўся...
— Канечне магу, — пагадзіўся я. — Але гэта будзе выглядаць фальшыва, і мне ніхто не паверыць. Ты мая ўлюбёная гераіня менавіта таму, што ты такая сапраўдная.
— І чаму мне толькі рэаліст дастаўся, — уздыхнула Вераніка. — Ну ты ж вельмі проста мог бы быць рамантыкам. Вось у Светкі пісьменнік — рамантык. І ў яе такое каханне...
— А яшчэ я мог бы быць постмадэрністам. Я б табе такое каханне паказаў... Паўгода ты шчасліва жыла з Янкам, навошта табе быў патрэбен гэты Аляксей?
— Мне? — здзівілася Вераніка. — А навошта ён з’явіўся ў трэцім раздзеле?
— Гэта другарадны персанаж, ты не павінна была звяртаць на яго ўвагі.
— А можа, ты сам гэта ўсё зрабіў для развіцця сюжэта? Вам, пісьменнікам, наогул напляваць на лёс сваіх герояў, пакрэмзаеце, як хочацца, абы чыталася цікава. Калі нехта шчаслівы, то вам гэта не падабаецца, вам гэта сумна. А нам што рабіць?
Я задумаўся.
— Мне падаецца, Вераніка, ты павінна разабрацца, хто табе патрэбен. Калі ты будзеш кідацца на кожнага выдуманага мною хлопца, то шчаслівай не будзеш. Мая віна, я стварыў цябе занадта палкай, але калі ты зможаш трымаць сябе ў руках, то Янка ні пра што не даведаецца.
— Добра, — сказала Вераніка. — Я паспрабую.
— Вось і дамовіліся, можаш быць спакойнай.
Вераніка знікла так сама незаўважна, як і з’явілася. А я сеў за стол і ўключыў кампутар. Пад рытмічны стук клавішаў Аляксей пераехаў у іншы горад, дзе ў хуткім часе ажаніўся са створанай для яго дзяўчынай. Для Веранікі з Янкам я напісаў рамантычны вечар, такі, што не горш, як у Светкі.
Я хачу, каб усе былі шчаслівымі.