Новы экзамен

(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)


1.

Я дагэтуль успамінаю той дзень, шэсць год назад, калі дэкан нашага факультэта з вялікай сіняй папкай у руках увайшоў у нашу аўдыторыю.

— Дзень добры, дзеці, — сказаў ён нам, тады яшчэ першакурснікам. — У мяне для вас цікавыя навіны.

Па партах праляцеў ледзь чутны гул, група захвалявалася. Дэкан паднёс руку да рота і адкашляўся.

— Я прыйшоў, каб паведаміць вам пра новую ініцыятыву нашага міністэрства адукацыі. Скажу шчыра: яна крыху... эээ... незвычайная.

Я паглядзеў на аднагрупніка Воўку Іваненка. Ён паціснуў плячыма і адвярнуўся. Дэкан тым часам працягваў:

— З гэтага семестра ва ўсіх вышэйшых навучальных установах нашай краіны ўводзіцца новы экзамен.

— Магчыма, вы хацелі сказаць “новы курс”, Павел Ігаравіч? — запытала выкладчыца вышэйшай матэматыкі, якая дагэтуль сціпла стаяла ля падаконніка з крэйдаю ў руцэ.

— Не, не новы курс. Менавіта новы экзамен.

— Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны? — пажартаваў з апошняй парты Паўлюк Букін. Дэкан кінуў на яго грозны позірк і Паўлюк уцягнуў галаву ў плечы.

— Магчыма, гэты экзамен падасца вам вельмі простым і нават вясёлым. Але не забывайце, што здаваць яго вам давядзецца пасля кожнага семестра ўсе пяць год вашага навучання. Выніковы сярэдні бал будзе зафіксаваны ў вашым дыпломе аб вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, гэты сярэдні бал стане важным крытэрам для працаўладкавання.

Мы сядзелі і прыслухоўваліся да кожнага слова. Дэкан зноў адкашляўся.

— Але, дзеці, не буду вас мучыць. Гаворка ідзе пра экзамен на шчаслівасць.

Група збянтэжана маўчала. Дэкан зазірнуў у сваю папку.

— Па ініцыятыве кіраўніцтва нашай краіны і міністэрства адукацыі, з гэтага года вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць ацэньваць не толькі веды, але таксама і прыроджаныя здольнасці. Гэта патрэбна дзеля таго, каб выявіць сярод вас тых, каму ад прыроды шанцуе больш або менш за астатніх. Многія салідныя кампаніі хочуць браць на працу толькі тых людзей, якім у жыцці спадарожнічае поспех. Адпаведна тым з вас, каму поспех у жыцці не спадарожнічае, давядзецца шмат і старанна працаваць, каб мець магчымасць канкурыраваць на рынку працы. Ці ёсць пытанні?

— Павел Ігаравіч, — гэта зноў была выкладчыца вышэйшай матэматыкі, — а як жа будзе праходзіць гэты экзамен?

— Добра, слухайце. Студэнты будуць па адным заходзіць у аўдыторыю і выцягваць сабе перад экзаменацыйнай камісіяй адзнаку ад нуля да дзесяці. Не білет, а адразу адзнаку. Зразумела?

Дэкан агледзеў нашу групу.

— Калі пытанняў больш няма, то я пайду.

З гэтага дня ўсё і пачалося.


2.

У раскладзе экзаменаў выпрабаванне на шчаслівасць стаяла ў самым канцы. На той момант мы ўжо здалі астанія дысцыпліны і ўсхвалявана тоўпіліся перад зачыненымі дзвярыма.

Першай захацела пайсці Марыйка Лакіна. Перад тым, як зайсці, яна ўзялася за ручку і на імгненне застыла. А потым рашуча расчыніла дзверы і знікла ў аўдыторыі.

— Зараз паглядзім, наколькі шчаслівая Марыйка, — пракаментаваў Паўлюк Букін, — калі што — абавязкова ажанюся!

Праз хвіліну Марыйка выйшла.

— Дзесяць!

Мы ахнулі.

— Я наступны! — крыкнуў Паўлюк Букін і знік за дзвярыма. Вярнуўся ён ужо з дзевяткай. За ім хынулі і астатнія.

Я пайшоў дзесьці ў сярэдзіне. Да таго часу маім аднагрупнікам шанцавала, меней за шасцёрку ніхто не выцягнуў.

Павернутыя тыльным бокам лісцікі з адзнакамі радамі ляжалі на стале перад экзаменацыйнай камісіяй, на чале якой сядзеў сам дэкан. Я занёс руку над сталом і прыслухаўся да адчуванняў. Я ведаў, што мая адзнака абавязкова сябе акажа. Калі мне падалося, што ў руку нібы закалола, я схапіў найбліжэйшы лісцік і перавярнуў яго. На адваротным баку стаяў чорны, тлусты нуль.

— Як вы разумееце, пераздачы быць не можа, — сказаў мне дэкан. — Гэтая адзнака будзе залічана і паўплывае на ваш выніковы бал.

Засмучаны, я выйшаў у калідор.

Па сканчэнні экзамена высветлілася, што завалілі яго толькі я і Вольгачка Шчасная. Нам ніхто нічога не сказаў, аднак мне падалося, што ў вачах нашых аднагрупнікаў мы сталі кімсьці накшталт заразна хворых.

Калі ўсе пачалі абмяркоўваць, як і дзе будуць адзначаць паспяховае завяршэнне сесіі, я падыйшоў да Вольгачкі і стаў побач.

— Не бяры да галавы, Волька, — сказаў я. — Нічога страшнага не адбылося.

Яна падняла вочы. Яны былі поўныя слёз.

— Мне заўсёды не шанцуе, — усхліпнула Вольгачка. — Я думала, каб хоць адзін бал ці два, а тут...

Яна закрыла твар рукамі.

— Не перажывай, вучоба — не галоўнае, — сказаў я і тут жа адчуў усю недарэчнасць сваіх слоў.

Вольгачка глуха заплакала.


3.

У той вечар мы гулялі з Вольгачкай адны па начным горадзе. Блукалі па вузкіх вулках, не звяртаючы ўвагі на тое, што з неба валіў мокры снег, пакуль, нарэшце, не набрылі на маленькую кавярню. Там мы селі за столік і зазірнулі ў меню.

— Дзвесце шаснаццаць гатункаў кавы, звар’яцець можна! — узрадавалася Вольгачка.

Да нас падыйшла афіцыянтка з нататнікам у руцэ.

— Чорную без цукру, — папрасіў я.

Афіцыянтка чыркнула ў сваім нататніку.

— І яшчэ йеменскі гатунак “Аль-Маха”, калі ласка, — выбрала Вольгачка.

Афіцыянтка вінавата ўсміхнулася.

— Прабачце, “Аль-Маха” толькі што скончыўся, мне вельмі прыкра.

— Ну тады таксама чорную без цукру.

Вольгачка адкінулася на спінку невялічкай канапы.

— Вось бачыш, — сказала яна. — Мне ніколі не шанцуе. Экзамен толькі пацвердзіў гэта. Праўда, раней пра гэта ніхто не ведаў, гэта было неістотна, а зараз пра маю няўдачлівасць даведаюцца ўсе.

— Мне здаецца, ты дарма так перажываеш. Гэты экзамен нічога нам не дадаў і нічога не адняў, мы засталіся такімі ж, як і раней. Усё нармалёва.

— Не, — сказала Вольгачка. — Не ўсё нармалёва.


4.

Аказалася, што яна мела рацыю. Пасля таго, як мы атрымалі калы па шчаслівасць і ў другім семестры, нашы аднагрупнікі стараліся абыходзіць нас бокам. І хоць яны па-ранейшаму заставаліся змушана ветлівымі, мець з намі агульныя справы неяк баяліся.

У трэцім семестры мы з Вольгачкай упэўнена выцягнулі па тройцы і ўзбадзёрыліся, ды ўжо ў чацвёртым нам давялося задаволіцца двойкамі.

Аднойчы я паспрабаваў схітрыць на экзамене — занёс руку над лісцікамі з адзнакамі, дачакаўся звыклых іголачак у далоні, але лісцік схапіў з супрацьлеглага боку стала. Ды гэта не дапамагло, у маёй руцэ аказаўся здрадніцкі кол.

Нашыя аднагрупнікі ішлі ў асноўным роўна — шэсць-сем балаў, толькі Марыйка Лакіна ды Паўлюк Букін атрымлівалі адны дзевяткі і дзесяткі. Паўлюк, як і абяцаў, ажаніўся з Марыйкай. Яны нават не сталі чакаць заканчэння вучобы.

Мы з Вольгачкай таксама пачалі думаць пра вяселле. Наша катастрафічная нешчаслівасць нас вельмі зблізіла.

Тым часам у краіне пачаў зараджацца рух няўдачнікаў. Яны патрабавалі адмены новаўведзенага экзамену, аргументуючы гэта недапушчальнасцю штучнага раздзялення на ўдачлівых і няўдачлівых. Але іх пратэст аказаўся няўдалым, паступова рэгулярнае тэсціраванне на шчаслівасць стала абаязковым для ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў, а потым і прыватных фірм. Ніхто не хацеў бачыць у сябе супрацоўнікаў, няздольных прыцягнуць хоць які-небудзь невялічкі поспех. Павялічылася беспрацоўе.

Многія праблемы да пары не датычыліся нас з Вольгачкай, аднак пяць год навучання прамінулі непрыкметна і надыйшоў той момант, калі нашай групе далі дыпломы з выніковымі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах.

У тым ліку і па шчаслівасці.


5.

Той дзень, шэсць год назад, змяніў маё жыццё. Што такое беспрацоўе, я цяпер зведаў на ўласнай скуры. Ніводная фірма не жадае бачыць мяне сваім супрацоўнікам, і вінаваты ў гэтым, натуральна, сярэдні бал па шчаслівасці — адзін з паловай. Некаторыя дырэктары, здаралася, праяўлялі ў адносінах да мяне міласэрнасць і згаджаліся не зважаць на мае няўдачы падчас навучання, але толькі пры ўмове, што я выцягну сабе прымальны бал на іх вачах. Ці трэба казаць, што нічога добрага з гэтага не атрымлівалася.

З цягам часу мы з Вольгачкай пераехалі жыць у спецыяльны для такіх, як мы, квартал. Харчуемся і апранаемся на матэрыяльную дапамогу. Чакаем дзіця і часта фантазіруем, на каго яно будзе падобнае. Кажуць, гены перадаюцца праз пакаленне. Мы на гэта вельмі спадзяемся. А раптам нам пашчасціць?



Загрузка...