(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Кажуць, што кожны чалавек здольны напісаць адзін добры раман — пра сваё жыццё. Сяржук верыў, што адзін добры раман можна раздзяліць на шмат добрых апавяданняў і што так будзе нават і лепш.
Пісаць ён пачаў яшчэ ў школе. Гэтаму нямала паспрыяла класная насценгазета, у якой маглі надрукаваць кожнага, хто захоча. Аднак канкурэнцыя сярод школьнікаў была такой вар’яцкай, што трапіць са сваімі вершычкамі ці апавяданнечкамі на шырокую старонку насценгазеты лічылася вялікім поспехам.
Першае напісанае ім апавяданне называлася “Пазыкі”. У ім ён едкай сатырай кляйміў свайго аднакласніка, які паўгода назад пазычыў у Сяржука рубель і дагэтуль не аддаў. Калі ён прынёс апавяданне настаўніцы літаратуры і, па-сумяшчальніцтву, галоўнаму рэдактару насценгазеты, тая прачытала яго на месцы і вынесла суровы прысуд: не падыходзіць.
— Сяргейка, — сказала яна, — гэта добра, што ты таксама ўзяўся за пяро, але тэма твайго апавядання занадта дробязная, яна не будзе цікавай іншым. Ты б павучыўся, напрыклад, у Марыйкі. Пачытай яе апошні вершык пра тое, як добра нам усім вучыцца ў школе. Вось як трэба пісаць!
Занадта дробязная! Як жа так? Можа, для настаўніцы рубель — гэта дробязь, але для Сержука гэта былі вялікія грошы, ён доўга перажываў сваю страту. А тут высвятляецца, што Пецька, які, можна сказаць, разарыў яго, не зрабіў нічога асаблівага, што гэты найбрыдотнейшы ўчынак, які так глыбока раніў Сержука, нават не заслугоўвае таго, каб пра яго пісалі. Пра што ж тады пісаць?
Пра каханне! Цяпер ён павінен напісаць пра каханне, Сяржук гэта добра разумеў. Якім жа ён быў смешным, калі прынёс настаўніцы тое недарэчнае апавяданне пра рубель. Але цяпер ён пасталеў, змяніўся. Яго хвалююць іншыя тэмы. Прыйшоў час напісаць пра каханне паміж мужчынам і жанчынай.
— Сяргейка! Гэта добра, што ты пераключыўся на дарослыя тэмы, усё-ткі ты зараз адзінаццацікласнік. Але ў перажываннях твайго героя няма нічога новага. Гэта бывала з усімі і ўжо даўно апісана ў літаратуры, і не толькі класікамі, але і тваёй аднакласніцай Марыкай, якая напісала на гэтую тэму проста выдатны вершык. Вельмі раю прачытаць!
Зноў не пацэліў! Што ж гэта такое? Кожны вечар ён засынаў і прачынаўся з думкай пра Яе, і гэтыя думкі не пакідалі яго ўвесь дзень. Ён выказаў іх у сваім апавяданні, напісаў шчыра, як толькі мог, а гэта аказалася не новым. Не новым і не цікавым. Але што ж тады новае?
Эратычная проза. Дабротная прыгожая эратычная проза. Да таго ж, досвед, дзякуй богу, ужо быў, хай сабе і невялікі. У лютым, на сустрэчы выпускнікоў, Сяржук не без прыемнасці авалодаў у ванным пакоі чырвонай ад віна Марыйкай. Калі яны потым сядзелі на кухні і палілі, Сяржук гадаў, ці знойдзецца месца гэтай выпадковай сувязі ў чарговым Марыйчыным вершы. У яго апавяданні — дакладна знойдзецца.
«Сяргей! Вымушаны паведаміць вам, што дасланае вамі апавяданне “Каханне ў ванным пакоі” па многіх прычынах нам не падыходзіць, нягледзячы на тое што наш часопіс спецыялізуецца на эратычнай прозе. Адчуваецца, што жыццёвы досвед аўтара вельмі малы, а ў апісанні акта кахання няма нічога яркага і арыгінальнага, што магло б зацікавіць чытача. Паспрабуйце яшчэ! З павагай, галоўны рэдактар”.
Не арыгінальна і не нова. Ну колькі ж можна? Зрэшты, Сяржук не пакідаў надзеі надрукаваць сваю прозу ў Інтэрнэт-выданнях, часам нават і даволі падазроных. З аднаго з такіх сайтаў яму аднойчы прыйшоў адказ адным радком: “Тэма цыцак раскрытая недастаткова”. Пасля гэтага Сяржук пачаў больш асцярожна выбіраць месцы магчымых публікацый.
Але яго не друкавалі. Ён пісаў пра сябе, пра тое, што бачыць навокал, але адмовы сыпаліся адна за адной. Ніхто не хацеў браць нават слёзнае апавяданне пра суседскую дзяўчынку, якая захварэла на рак і цудам вылечылася. Сяржук меркаваў, што калі б дзяўчынка у рэшце рэшт памёрла, яго апавяданне мела б больш шанцаў на посех, але хлусіць не хацеў. Ён пісаў праўду.
“Кожны чалавек здольны напісаць адзін добры раман — пра сваё жыццё”. Ага, зараз! Каму яно патрэбна — тваё жыццё, калі ты — просты хлопец? Тваё жыццё апісалі класікі яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі, і тое ўжо толькі тую частку, якая дасталася ім ад Пушкіна ў васемнаццатым. І што зараз рабіць?
Забіць сябе! Але не проста забіць. Ён жыў проста, а памрэ прыгожа. Павесіцца, атруціцца, падраць вены — гэта для тых, хто не здольны нічога выдумаць. А ён — асоба творчая, апісваў жыццё на мяжы тысячагоддзяў. Ну што ж, не прыйшоў яшчэ, напэўна, ягоны час. Але ўжо хутка. Што б такое выбраць? Мурашнік. Ён распранецца і ляжа на мурашнік. Выдатная смерць, вартая сапраўднага творцы. Так ён і зробіць. Бывайце!
“Цела дваццацічатырохгадовага Сяргея Іванова знайшлі ў прыгарадным лесе пасярод вялізнага мурашніка. Мяркуючы па цыдулцы, якую ён пакінуў, такім няпростым спосабам малады чалавек вырашыў здзейсніць самагубства. Нагадаем, што гэта ўжо пяты выпадак самагубства пры дапамозе мурашніка за апошнія два месяцы”.