(Пераклад з расейскай Наталлі Давыдоўскай)
Калі нахлыне пачуццё адзіноты, здаецца, што твае сябры — зусім не сябры, а звычайныя прыяцелі. Пра прыяцеляў раптам разумееш, што з імі ты проста п’еш разам. Разматваючы гэты клубок зялёнай нуды, прыходзіш да высновы, што тыя, з кім ты проста п’еш разам, — наогул невядома хто з іншага вымярэння, але ніяк не людзі з твайго жыцця.
Калі б не ўсе гэтыя думкі, што раптоўна нахлынулі на мяне, і не трывалае жаданне напіцца не аднаму, я б ніколі не апынуўся ля дзвярэй кампаніі НЗ — “Надзейны запляшнік”. Фірма адкрылася зусім нядаўна і, як я зразумеў з рэкламы, магла даць мне ў арэнду годнага таварыша для асядлання зялёнага змія.
Вось таму я рашуча расчыніў шкляныя дзверы і зайшоў у памяшканне. Дзяўчына на рэсэпшане гасцінна мне заўсміхалася.
— Дзень добры, — сказаў я і крыху сцішыў голас. — Я тут упершыню і хацеў бы скарыстацца вашымі паслугамі.
— Цудоўна, — яшчэ прыязней заўсміхалася дзяўчына. — Зараз я вам крыху распавяду пра нашу кампанію. Мы прапаноўваем два віды паслуг. Па-першае, можам пазнаёміць вас з такім самым, як вы, кліентам шляхам параўнання анкет. Гэта будзе каштаваць танней, аднак стопрацэнтнага выніку, па зразумелых прычынах, мы гарантаваць не можам. Альбо вы заўсёды можаце звярнуцца да паслугаў аднаго з прафесіяналаў нашай фірмы, выбраўшы сабе тарыфны пакет. Пакет паслуг “Лёгкі” ўключае выпіўку ў рэстарацыі, дзе кожны плаціць сам за сябе. Пакет “Гасцявы” прадугледжвае больш задушэўную гутарку ў гасцях. Пакет “Усе свае” прапануе вам…
— Я зразумеў, —спыніў я яе. — Я не хачу прафесіянала. Хачу нармальнага жывога чалавека. Зможаце?
— Безумоўна. Толькі запоўніце спачатку вось гэтую анкету.
Я сеў за столік у куце і занёс ручку над паперай.
Спачатку мне давялося ўказаць улюбёныя алкагольныя напоі. Потым — іх аптымальную колькасць за адзін прысест. Ніжэй мне прапаноўвалі скончыць фразу “Калі я вып’ю, то раблюся…”. Я крыху паразважаў і напісаў: “сентыментальным”. У самым канцы трэба было пазначыць дадатковыя навыкі. Я паставіў мінусы насупраць “спяваць”, “танчыць”, “добра біцца” і плюсы насупраць “слухаць”, “спачуваць”, “даваць парады”.
Дзяўчына-кансультант хутка занесла маю анкету ў кампутар.
— Зараз паглядзім, хто можа стаць для вас аптымальным партнёрам, — сказала яна, лёгенька застукаўшы пальцамі па клавіятуры.
Я сачыў позіркам за яе рукамі.
— Такім чынам, — вымавіла яна нарэшце, — найлепшы кандыдат на сёняшні вечар для вас — гэта Павел, 34 гады, інжынер. У раздзеле “Пра сябе” Павел напісаў: “Люблю тэкілу, але магу і гарэлку”. Вы абавязкова знойдзеце агульную мову. Зараз я звяжуся з Паўлам, і праз гадзіну ён будзе чакаць вас у бары “Дудакі” — у тым месцы, якое вы абодва пазначылі ў сваіх анкетах.
— Дзякуй, — сказаў я. — Спадзяюся, усё пройдзе добра.
— Безумоўна. Прыслаць вам яшчэ каго-небудзь раніцай?
— Не трэба, — адказаў я. — Не пахмяляюся.
Паўла я пазнаў па фотаздымку, які мне паказалі ў “Надзейным запляшніку”. Ён сядзеў за стойкай бара і нешта казаў бармэну.
— Прывітанне, — сказаў я. — Вып’ем?
— Дзякуй Богу, ты прыйшоў! — адказаў Павел. — Замаўляй.
Я замовіў піва і мы стукнуліся.
— За знаёмства!
Павісла паўза.
— Ты раней ужо сустракаўся з запляшнікамі? — спытаўся Павел.
— Не, а ты?
— У мяне гэта таксама ўпершыню. Ты не падумай, я насамрэч нармальны, і сябры ў мяне ёсць. Ну, добрыя прыяцелі — дык дакладна.
— Ды і ў мяне таксама...
Пра што гаварыць, мы не вельмі разумелі. Не дзяліцца ж вось так з наскоку сваёю адзінотай з незнаёмым чалавекам. Мы замоўклі. Калі маўчаць зрабілася зусім няёмка, Павел зрабіў выкшталцоны ход.
— Як жа прыемна часам памаўчаць з добрым чалавекам, — сказаў ён. — Не адчуваеш сябе самотным, і ў той жа час у душу ніхто не лезе.
Я кіўнуў на знак згоды, і мы зноў замаўчалі.
— А можа, гарэлкі? — рашуча запытаўся праз пэўны час Павел.
Мы ўзялі гарэлкі і пачалі яе піць частымі чаркамі. Агульны занятак крыху зблізіў нас, таму Павел нарэшце адважыўся пачаць размову.
— А ведаеш, усе бабы — сукі!
— Чакай, — сказаў я. — А чаму толькі бабы?
— Таму што мы — нармальныя, — раптам пачаў усхліпваць ён. — Усё для іх робім, а яны нас кідаюць. Хоць на гэты раз я сам ёй здрадзіў...
Я зразумеў, што мой надзейны запляшнік напіўся. Потым Павел пачаў свой не вельмі звязны аповед пра іх з Марынай адносіны. Я слухаў яго, спачуваў і нават нешта раіў. Наогул, я і сам мог яму такіх жа, калі не лепшых, гісторый панарасказваць, ды калі нехта пачынае паводзіць сябе так, нібыта яму горш, чым мне, я адразу раблюся моцным, мудрым і спагадным. Асабліва пасля гарэлкі.
Канешне, гэта быў не адзіны мой самотны вечар. Але аддаваць яшчэ адзін у рукі аматараў я больш не хацеў. Я занадта высока цаніў сваю адзіноту. А таму папрасіў у НЗ даць мне на гэты раз прафесіянала. Тая самая дзяўчына працягнула мне каталог.
“Надзвычай душэўны запляшнік Пётр складзе для вас незабыўную кампанію”, — адкрыў я метадам тыка. “Класіка, брудэршафт, на разліве. Дасканалае валоданне антыпахмельнымі тэхнікамі!”
Я выбраў сабе Івана. У яго прапанове мяне падкупіў запіс “Музыка на ваш густ”. Тарыф вырашыў узяць “Гасцявы+”. Бачыць чужых людзей у сябе дома не хацелася, а плюс заключаўся ў тым, што Іван наразаў халодныя закускі.
Іван адразу ж стварыў уражанне сапраўднага прафесіянала. Хоць я пазваніў у ягоныя дзверы на пяць хвілін раней прызначанага, ён сустрэў мяне прывітальным крыкам: “Штрафную да дна!”. Каталог рэкамендаваў Івана як асабліва душэўнага запляшніка. У цяльняшцы і трэніках вусаты Іван і насамрэч выглядаў простым і добрым чалавекам.
Мы селі за стол. Іван разліў гарэлку. Я выпіў і закусіў кавалкам каўбасы.
— Ну, паміж першай і другой, як кажуць… — не марудзіў Іван.
Мы зноў выпілі. Мне захацелася паслухаць музыку.
— У цябя Дзепіш Мод ёсць? Ці М’юз які плаксівы? Што-небудзь для душы.
Іван крыху нахмурыўся
— Ужо музыку? Яшчэ рана.
— Ну добра, — здаўся я. — Скажы, як час прыйдзе.
Іван забаўляў мяне анекдотамі, у асноўным пра Васілія Іванавіча і Пецьку, аднак адмачыў і пару непрыстойных штучак, па-змоўніцку мне падміргваючы.
— Ну, а цяпер і музыку можна, — сказаў ён, калі ў бутэльцы амаль нічога не засталося. Пасля чаго выйшаў з кухні, дзе мы сядзелі. Калі ён вярнуўся, на ягоных грудзях вісеў акардэон.
— Табе якая музыка падабаецца? Я што хочаш магу.
— А можа проста вып’ем? — спытаўся я асцярожна, каб не абразіць пачуццяў душэўнага сабутыльніка.
— Цяжка мне ўжо кожны дзень піць, — раптам паскардзіўся ён. — Сэрца ўжо нешта барахліць пачало. Я наогул на заводзе працую, а тут толькі падпрацоўваю…
Я чарговы раз падумаў пра якасць сервісу ў нашай краіне.
— Добра, я тады сабе налью, а ты зайграй.
Пакуль я дабіваў гарэлку, Іван меланхалічна разводзіў мяхі і перабіраў клавішы. Развіталіся мы цёпла, недаедзеную закуску ён сабраў у мяшочак і сунуў мне ў рукі.
— Чаго дабру прападаць, за ўсё ж уплочана.
Але калі да мяне зноў падкраўся смутак, я на гэты раз абыйшоўся без фірмы, а проста пазваў да сябе дадому ўсіх, каго называў сябрамі, прыяцелямі, і ўсіх, з кім проста часам выпіваў. Мы на славу напіліся і пачалі званіць у кампанію НЗ. Мы прасілі аператара перадаць Паўлу, што Марына абавязкова вернецца, а таксама патрабавалі, каб да нас прыехаў Іван з акардэонам, але той аказаўся на выездзе. Я прызнаваўся ўсім гасцям у тым, што люблю іх, казаў, якія яны блізкія і родныя, што я лічыў, нібыта яны мне не сябры, а на самой справе —яшчэ якія сябры. Мы разам ванітавалі з балкона, трымаючы адзін аднаго за плечы, спатыкаліся і падалі ў кватэры, шумелі, уключалі музыку, і ўсё гэтае шчасце было для ўсіх абсалютна бясплатным.