Раздзел трэці. Юны воін

Сонечны зайчык прабег па твары Цікі і разбудзіў яго.

У першы момант хлопчык не ўцяміў, дзе ён, таму што не чуў навокал прывычнага вясковага шуму.

Потым успомніў.

«Гэта ж пачатак маіх прыгод! — падумаў ён. — Сёння першы дзень».

Ранак быў цудоўны, свежы. Сонечныя промні прабіваліся скрозь кроны мсасавых дрэў, што акружалі лагер, і ў гэтым месцы лес нагадваў прасторны залаціста-зялёны грот. Стракатыя птушкі прачнуліся ўжо і спявалі, цвыркалі, гучна клекаталі. Усё пакрывала раса: яна іскрылася і зіхацела, як брыльянты, на лісці дрэў, на былінках травы, на нітачках павуціння.

Цікі паляжаў яшчэ крыху нерухома, пазіраючы скрозь вершаліны дрэў на блакітнае неба. Але рэчка цурчала побач так весела, а вада здавалася такой празрыстай і прывабнай, што хлопчык не мог больш ляжаць. Праз момант ён плюхаўся ўжо ў рацэ, адчуваючы, як сцюдзёная вада праганяе апошнія рэшткі сну.

А Мафута гучна хроп!

Самога Мафуту Цікі не бачыў — бачыў толькі высокі і шырокі пагорак пад коўдрай.

Аднак трапна пушчаны каменьчык як бачыш ажывіў яго: пагорак зачмыхаў, застагнаў, пачухаўся і зноў застагнаў.

— Мафута! Прачніся! — гукнуў Цікі. — Цудоўная раніца! Ідзі сюды, пакупайся!

Мафута апасліва ўзіраўся ў рэчку.

— Сёння я, бадай-што, абыдуся без ванны, — прамовіў ён, перасмыкнуўшыся ўсім целам. — Да таго ж, калі я палезу ў гэты ручай, для вады месца не застанецца. Лепш я проста памыюся, — і Мафута спаласнуў вадой галаву і грудзі, пыхкаючы і сапучы ад холаду.

Яны распалілі агонь, і хутка згатавалася снеданне — смачная маісавая каша.

— А цяпер пачысці гаршчок і патушы агонь, — загадаў Мафута, калі каша была з'едзена. — А я тым часам дам хвіліначку адпачыць сваім стомленым касцям.

Калі Цікі зрабіў усё, што было яму загадана, яны пакрочылі насустрач ранішняму сонцу. Наперадзе ішоў Мафута.

Дзённае падарожжа пачалося.

Яны ішлі хутка, з асалодай падстаўляючы цела пад цёплыя промні сонца. Дарога была даволі лёгкая. Іншы раз ім даводзілася пераходзіць ручай ці перабірацца цераз круты скалісты пагорак альбо ісці па неглыбокім балоце. Але найчасцей сцежка вяла іх між высокай травы, часта такой высокай, што Цікі даводзілася падскокваць, каб глянуць навокал.

Калі трава дасягала такой вышыні, ісці было нуднавата, таму Мафута мурлыкаў сабе пад нос якую-небудзь песеньку, а Цікі падпяваў яму, адбіваючы далонямі такт.

Часам цераз сцежку перабягаў заяц, напалоханы шумам. Не раз ім трапляліся бабуіны. Малпы не звярталі на падарожнікаў ніякай увагі і нахабна ішлі сабе ляной хадой, замінаючы падарожнікам.

— Яны зусім як людзі, праўда? — сказаў Цікі, убачыўшы цэлую зграю гэтых істот не далей як крокаў за пяцьдзесят наперадзе. — Куды яны ідуць?

— Не люблю я бабуінаў, — адказаў Мафута. — Яны, не іначай, шукаюць, што б дзе ўкрасці. Страшэнныя зладзеі.

Неяк раз яны ледзь не наступілі на вялізнага пітона, але ён паволі адпоўз у траву. Пасля гэтага абодва сталі больш асцярожныя, і Мафута выразаў з муквы два тоўстыя кіі, з якімі яны не расставаліся ўсю раніцу. Цікі вельмі спадабаўся кій, і ён хвастаў ім усё, што траплялася на вочы.

Нарэшце Цікі з Мафутам падышлі да шырокай ракі, і тут хлопчык убачыў мноства жывых істот.

— Гэй, Мафута, зірні сюды, зірні! — закрычаў ён. — Усё, як я некалі бачыў у сне. Здаецца, тут сабраліся ўсе звяры Афрыкі!

І сапраўды, рака жыла неспакойным жыццём.

Вялізныя, нязграбныя бегемоты шумна купаліся на мелкаводдзі, і маленькія птушкі выдзёўбвалі на іх шырокіх спінах насякомых.

На процілеглым беразе мірна пасвіўся статак буйвалаў.

Удалечыні Цікі ўбачыў велізарнага слана, які абліваўся з хобата вадой.

А калі Цікі і Мафута пайшлі ўздоўж ракі, з зямлі вялікімі белымі трапяткімі воблакамі ўзляцелі чароды фламінга, і, здалося, ажыло ўсё неба.

І ўвесь час на дрэвах не спынялася балбатня мартышак.

— Што гэта за рака? — узрушана запытаў Цікі. — Такой вялікай я яшчэ ніколі не бачыў.

— Мне надаралася бываць і на большых, — пахваліўся Мафута. — Гэта — рэчка невялікая, усяго толькі малодшая сястрыца Замбезі, дзе жыве Змяіны Дух.

— Усё ж яна вялікая, — запярэчыў Цікі, ад здзіўлення круцячы галавой. — Скажы, Мафута, як мы пяройдзем яе? Яна ж глыбокая і імклівая, і ў ёй, відаць, водзяцца кракадзілы.

Мафута ўсміхнуўся:

— Пераходзіць яе не трэба. Рака цячэ якраз туды, куды мы ідзём — на ўсход. Мы доўга будзем ісці берагам.

І яны пайшлі ўздоўж ракі, што вельмі спадабалася Цікі, бо, куды б ён ні глянуў, усюды перад яго вачыма паўставала нешта новае.

Сонца пачало ўсё больш прыпякаць, заліваючы падарожнікаў спякотнымі промнямі.

Абодва моўчкі ішлі па беразе. Цікі стала вельмі горача, ён адчуваў стому і моцную смагу, і яму хацелася крыху адпачыць у лясной прахалодзе.

Абышоўшы лукавіну ракі, яны раптам убачылі юнага воіна.

Што гэта было за відовішча!

Воін стаяў, высокі і стройны, на валуне каля сцежкі. У адной руцэ ён трымаў доўгае кап'ё, а ў другой — прыгожы шчыт з антылопавай шкуры, за якім ён мог амаль увесь схавацца. Запясці яго і шчыкалаткі былі аздоблены абадкамі з малпавай шкуры, а галаву ўпрыгожвала белае страўсавае пяро.

Выгляд воіна быў суровы, але прыгожы.

Нейкі момант яны моўчкі пазіралі адзін на аднаго.

Потым Мафута прывітаў незнаёмца:

— Мутэндэ, мукваі. Мвальені бвіно?*

* — Вітаю цябе, мой пане. Ты ў добрым здароўі?

— Эндзі, мукваі. Куліла мулелья*, — адказаў юны воін і ў знак прывітання прыўзняў кап'ё.

* — Дзякую, пане. Здароўе маё добрае.

— Мяркуючы па тваім вымаўленні, ты з племені Ба-ла, — падумаўшы, сказаў Мафута.

Юны воін кіўнуў галавой.

— Ты далёка зайшоў ад дому. Значыць, ты з атрада паляўнічых? — запытаўся Мафута.

— Не, — адказаў юны воін. — Я тут адзін.

— Але ты ў ваенным убранні, — сказаў Цікі, не зводзячы вачэй з кап'я і шчыта.

Воін на момант задумаўся.

— Пасядзіце са мной, — сказаў ён нарэшце, паказваючы рукой на цень ад вялікага разгалістага дрэва, — і я раскажу вам пра сябе.

І вось Мафута і Цікі селі разам са сваім новым знаёмым у ценю дрэва.

— Як вы ўжо самі сказалі, я з племені Ба-ла, — пачаў юны воін. — Мне чатырнаццаць гадоў, я сын правадыра.

Цікі з Мафутам паківалі галовамі ў знак таго, што ўважліва слухаюць.

— У маім племені, — гаварыў далей воін, — хлопчык не можа пакінуць хаціну сваёй маці і стаць мужчынам, пакуль не пройдзе праз пэўныя выпрабаванні.

— Я чуў пра вашы выпрабаванні, — перабіў яго Мафута. — Яны вельмі цяжкія.

— Так, — адказаў юны воін. — Сярод іх — выпрабаванне на розум, выпрабаванне на вынослівасць і выпрабаванне на хуткасць. З імі я ўжо справіўся. Засталося толькі выпрабаванне храбрасці — самае цяжкае з усіх. Хлопчык павінен адзін прабыць у лесе сем дзён і начэй...

Юны воін змоўк.

— Значыць, у гэтым і заключаецца выпрабаванне храбрасці? — запытаў Цікі. — Хіба самае цяжкае — прабыць аднаму ў лесе?

— Вядома, не. Але я яшчэ не скончыў, — нахмурыў бровы юны воін. — Паслухайце. Апынуўшыся ў лесе, хлопчык павінен высачыць і забіць ільва Нкалама — цара лясных звяроў. Ён павінен зрабіць гэта без чыёй-небудзь дапамогі і, каб даказаць, што здзейсніў подзвіг, прынесці правадыру касматы кончык ільвінага хваста. — Юны воін цяжка ўздыхнуў. — Вось што гняце мяне, — закончыў ён.

— Але... я не зусім разумею, — сказаў Цікі. — Нкалама сапраўды вельмі небяспечны драпежнік, але сын правадыра, вядома, яго не баіцца?

Юны воін пакрыўдзіўся.

— Не гавары глупства, — прамовіў ён горда. — Я ўдзельнічаў у многіх паляўнічых паходах і нічога не баюся.

— Магчыма, ты не можаш высачыць Нкаламу? — выказаў здагадку Мафута.

— Не, я ведаю, дзе яго можна падпільнаваць. Кожны вечар ён разам з усім сваім вывадкам і львіцай прыходзіць на вадапой да рэчкі. Справа не ў гэтым, — юны воін глыбока ўздыхнуў. — Ведаеце, я засмучаны таму, што не хачу забіваць Нкаламу толькі дзеля ягонага хваста...

Мафута з Цікі пераглянуліся.

— Вельмі дзіўна, — прамовіў Мафута.

— Я не хачу забіваць ніякую жывую істоту, калі яна не прыдатна да яды, — растлумачыў юны воін. — Я вельмі люблю лясных звяроў і асабліва вялікага, дужага і храбрага Нкаламу — залацістага цара лесу. Я магу толькі паважаць яго, а забіць — не магу...

— Ох! — у адзін голас выгукнулі Цікі з Мафутам, таму што больш нічога не прыйшло ім на язык.

Становішча сапраўды было цяжкае.

— Сёння — шосты дзень апошняга выпрабавання, — зноў загаварыў юны воін, — а я нічога яшчэ не зрабіў. Калі вярнуся да бацькі, правадыра, з пустымі рукамі, зняслаўлю сябе, і мне ніколі не будзе дазволена заняць месца ў мужчынскім краалі. — Хлопчык апусціў галаву і зноў уздыхнуў.

Наступіла цішыня — Мафута і Цікі глыбока задумаліся. Цікі вельмі хацелася прыдумаць што-небудзь, каб выручыць юнага воіна.

Раптам Мафута, ні слова не гаворачы, падняўся з месца і пайшоў у глыб лесу. Неўзабаве Цікі і юны воін пачулі гукі чарацянай дудкі — Мафута выводзіў на ёй павольную, задумлівую мелодыю.

— Што ён там робіць? — запытаў воін.

— Магчыма, думае, як табе дапамагчы, — няўпэўнена адказаў Цікі. — Альбо проста адпачывае. Ён любіць паляжаць.

Праз некаторы час музыка сціхла, і Мафута выйшаў з гушчару.

— Я ведаю, што рабіць, — аб'явіў ён і прымасціўся на валуне. — Знайшоў выйсце.

Юны воін усміхнуўся. Відаць, падумаў, што Мафута занадта лянівы і бесклапотны, каб чакаць ад яго дапамогі.

— Вось паслухай, — сказаў Мафута. — Уся справа ў тым, што ты павінен мець хвост ільва, але не хочаш забіваць яго самога, так?

— Так, — кіўнуў галавой юны воін.

— Таму, — прамовіў Мафута, і ў голасе яго прагучала задавальненне сваёй вынаходлівасцю, — ты павінен авалодаць хвастом, не забіваючы льва!

Юны воін гучна зарагатаў, а Цікі зрабілася няёмка за Мафуту.

Мафута нецярпліва пакруціў галавой.

— Я даю табе сур'ёзную параду, — сказаў ён. — У мяне ёсць план. Слухай уважліва!

— Добра, гаварыце, — не перастаючы ўсміхацца, згадзіўся юны воін.

І Мафута расказаў яму пра сваю задуму.

— Я ведаю такія травы, — растлумачыў ён, — з якіх можна зрабіць моцнае соннае зелле. Дык вось, мы зробім такое зелле і прамочым ім кавалак мяса. Потым пакладзём мяса ля ракі ў тым месцы, куды вечарамі прыходзіць Нкалама на вадапой.

Цікі і юны воін, нарэшце, пачалі разумець, што задумаў Мафута.

— Але ў такім выпадку мы павінны перабрацца на той бок ракі, — сказаў Цікі. — А кракадзілы?

— У гэтым месцы кракадзілаў няма, — зазначыў юны воін. — Я ніводнага не бачыў. Але гаварыце далей, Мафута.

— Дык вось. Нкалама знойдзе мяса і таму, што ён галава сям'і, пачне есці першы. Ён адзін пойдзе з мясам у зацішны куток — так заўсёды робяць ільвы, тыгры і іншыя з кацінага племені.

Юны воін вельмі ўважліва слухаў, але ўсё ж перапыніў Мафуту:

— Значыць, спачатку ён паесць, а потым засне? І тады...

— Тады лаві зручны момант, — адказаў Мафута. — Рабіць трэба ўсё хутка. Падбегчы да Нкаламы і...

— ...адрэзаць хвост! — весела ўсклікнуў Цікі. Але, падумаўшы, трывожна запытаў: — А льву не будзе балюча?

Мафута ўсміхнуўся:

— Вядома, не. Ён жа страціць толькі валасяны кутасік хваста.

Юны воін радасна ўсміхнуўся.

— Прабачце, што я адразу не паверыў вам, — сказаў ён Мафуце. — План проста цудоўны.

Але Мафута з перасцярогай узняў руку і вельмі сур'ёзна сказаў:

— Аднак ёсць вялікая небяспека. Сям'я Нкаламы неўзабаве пойдзе да яго, каб таксама паласавацца. Ты павінен усё зрабіць вельмі хутка ды яшчэ паспець дабегчы да рэчкі і кінуцца плысці назад, перш чым яны ўбачаць цябе. Гэта сапраўднае выпрабаванне храбрасці!

Але Цікі і юны воін былі так радасна ўзрушаны, што і не думалі пра небяспеку. Усе паспешліва ўзяліся за справу, бо трэба было зрабіць яшчэ шмат чаго.

Юны воін і Цікі пачалі збіраць травы, якія Мафута назваў ім, а сам ён сеў пад дрэвам і расклаў вогнішча.

Толькі пад вечар юны воін і Цікі выканалі заданне, і калі апошняя чырвоная ягада была знойдзена, Цікі ўздыхнуў з палёгкай, таму што ўжо вочы забалелі ад бясконцых пошукаў.

Юны воін паказаў сваім сябрам вялікі кавалак мяса.

— Я пакінуў гэта сабе на вячэру, — з жалем сказаў ён. — Але мы аддадзім мяса льву. Адрэжу толькі маленькі кавалачак.

Калі зелле было гатова, у ім прамачылі мяса. Цяпер можна было брацца за галоўнае.

Сонца ўжо нізка скацілася да небасхілу і кідала на зямлю косыя промні. Лёгкі халаднаваты ветрык рабаціў ваду ў рацэ. У лесе панавала цішыня. Набліжаўся час ільвінага вадапою.

Трое смельчакоў рыхтаваліся пераплыць шырокую рэчку.

Юны воін паклаў на зямлю сваё кап'ё і шчыт, зняў з рук і ног абадкі з малпавай шкуры, а з галавы — страўсавае пяро.

— Калі я не вярнуся з-за ракі, — сказаў ён Мафуту і Цікі, — занясіце, калі ласка, кап'ё і шчыт майму бацьку, правадыру, і раскажыце яму, што я стараўся быць храбрым, добра?

— Мы гэта абавязкова зробім, — запэўніў яго Мафута.

— На, вазьмі паляўнічы нож майго дзеда, — сказаў Цікі. — Ён вельмі востры і моцны, лёгка перарэжа валасы на львіным хвасце. — Цікі даў юнаму воіну нож і дадаў: — А на шыю павесь вось гэты талісман з леапардавага зуба — ён прынясе табе ўдачу.

Юны воін узяў з рук Цікі нож і зуб леапарда і горача падзякаваў яму.

Усе трое ціхенька слізганулі ў ваду і пачалі пераплываць раку; Мафута трымаў на галаве вялікі кавалак мяса, а юны воін сціскаў у зубах паляўнічы нож.

— Вось бачыш, — прашаптаў Мафута, звяртаючыся да Цікі, калі яны апынуліся на сярэдзіне ракі, — зусім не было ніякай патрэбы купацца раніцой!

Калі яны выйшлі на бераг, юны воін павёў іх да невялікай і мелкай затокі.

— Вось гэтае месца, — сказаў ён ціха. — Але трэба спяшацца — пара ўжо.

— Добра, — азваўся Мафута і паклаў мяса на зямлю. Потым азірнуўся навакол: — Эге, я тут бачу нядрэннае дрэва, на якім можна схавацца, — вунь тая высокая лвамба. Ідзі хуценька туды і ўзбярыся на яе, — загадаў ён.

Марудзіць было нельга — набліжаўся час, калі львы ішлі на вадапой. Цікі баяўся за юнага воіна і амаль шкадаваў ужо, што Мафута прыдумаў гэты план.

— Кафікеніпа мунэ*, — сказаў ён юнаму воіну, і яны паціснулі адзін аднаму руку.

* — Будзь здароў.

— Жадаю ўдачы. Хай усё скончыцца добра, — прамовіў Мафута панура.

У апошні раз узмахнуўшы на развітанне рукой, Цікі з Мафутам паплылі назад цераз раку.

— Гэта сёння ў мяне ўжо другая халодная ванна! — адсопваючыся, зазначыў Мафута. — Затое заўтра раніцой я, бадай-што, таксама прапушчу.

Нарэшце яны шчасліва перабраліся на свой бераг і пачалі шукаць зручнае месца для назірання.

— Вунь там! — сказаў Цікі, паказваючы рукой на высокае дрэва, доўгія і тоўстыя галіны якога далёка навісалі над ракой.

Абодва ўскараскаліся на дрэва і пачалі прабірацца па тоўстай галіне, пакуль далёка ўнізе не ўбачылі імклівы паток.

Сховішча было выдатнае — нешта накшталт роўнай пляцоўкі, з якой можна было ўсё добра бачыць.

Яны пачалі ўглядацца ў процілеглы бераг.

Юнага воіна амаль зусім закрывала густая лістота лвамбы. Цікі разгледзеў праз лісце толькі ледзь бачныя, нерухомыя абрысы яго цёмнай постаці.

Час ішоў, але нічога не адбывалася.

Паветра было прахалоднае і нерухомае, а цені зрабіліся доўгія. Гэта быў самы ціхі час афрыканскага дня. Птушкі і нават малпы нарэшце ўціхамірыліся. Крыху далей, уніз па рацэ, Цікі ўбачыў статак антылопаў, якія пілі ваду ля самага берага; іхняя поўсць паблісквала пад мяккім вячэрнім сонцам. Больш ніякіх прыкмет жыцця нідзе не было.

Раптам за ракой зашамацела высокая трава.

Цікі стаіў дыханне.

З травы ля самай вады выйшаў леў — такога цудоўнага і прыгожага звера Цікі яшчэ ніколі не бачыў!

Павольна і мякка ступаючы, леў высока і горда трымаў галаву, акаймаваную пышнай рудавата-карычневай грывай. Сапраўды Цар звяроў!

Услед за ім з'явілася яго світа: спачатку львіца, за ёю — двое прыгожых маладых ільвянят. З пачуццём уласнай годнасці яны выйшлі на лужок каля затокі.

Нкалама адразу ўгледзеў мяса і ціхенька забурчаў. Потым абнюхаў яго і лізнуў.

Пасля прысеў на заднія лапы і ўтаропіўся на мяса.

Тры астатнія львы, стаўшы паўколам, прыпалі да зямлі, сочачы за сваім валадаром.

Нарэшце Нкалама ўхапіў сваімі вялізным сківіцамі мяса і імгненна знік у траве.

Астатнія львы засталіся на месцы, і толькі львіца паднялася з зямлі і пачала хлябтаць ваду з ракі.

Цёмная постаць юнага воіна на дрэве не зварухнулася.

Цікі амаль перастаў дыхаць.

І раптам, імкліва і бясшумна, нібы пантэра, юны воін саслізнуў з дрэва і ўслед за львом знік у высокай траве.

Цікі ўбачыў, як ільвы падазрона прыўзнялі морды, учуўшы паблізу нешта чужое. Яны павярнулі галовы ў той бок, і адзін з іх абазваўся нягучным, працяглым рыкам.

Ад таго, што адбылося потым, сэрца Цікі ледзь не выскачыла з грудзей ад жаху.

Нібы змовіўшыся, усе тры львы імкліва кінуліся ў траву — туды, дзе толькі што знік юны воін.

Цікі глянуў на Мафуту, а той — на Цікі. На іхніх тварах адбіўся жах.

Іх новаму сябру пагражала смяротная небяспека!

Раптам да іх вушэй данёсся пранізлівы крык. Потым пачуўся такі аглушальны рык, што — здалося, — здрыганулася неба.

Потым зноў усталявалася цішыня.

Цікі ўвесь калаціўся.

Але вось, імкліва, як гепард, з травы выбег юны воін. У адной руцэ ён трымаў бліскучы нож, а ў другой сціскаў кончык ільвінага хваста!

Раптам за дзесяць крокаў ад яго з травы выскачыла львіца. З кожным скачком яна набліжалася да смельчака, які ўцякаў з усяе сілы. Ільвіца ўжо амаль дагнала яго, нізка прыгнулася да зямлі, рыхтуючыся да апошняга скачка, і Цікі ўбачыў, як бліснулі яе жоўтыя іклы. Ён заплюшчыў вочы, бо не меў сілы глядзець, як праз імгненне звер раздзярэ юнага воіна на кавалкі, і нішто ўжо яго не выратуе...

— Загінуў... — пачуў Цікі тужлівы шэпт Мафуты.

Але юны воін выратаваўся!

Ён паспеў дабегчы да ракі, з гучным крыкам нырнуў у ваду, і ў паветра ўзняўся вялікі фантан пырскаў.

Ільвіца застыла на месцы. Пачуўся яе злосны, шалёны рык.

Цікі з палёгкай глыбока ўздыхнуў.

Двое львянят далучыліся да львіцы, і ўсе яны, шалёна круцячы і б'ючы хвастамі па баках, раз'юшана гойсалі па беразе.

Юны воін плыў па рацэ. Дасягнуўшы сярэдзіны і апынуўшыся амаль пад галінамі дрэва, на якім хаваліся нашы назіральнікі, юны воін пайшоў уброд, часта азіраючыся назад.

Высока ўзняўшы над галавой свой трафей, ён з радасным смехам памахаў ім ільвам.

Загрузка...