— Наша вёска, — абвясціў раніцой правадыр, — вырашыла аддзякаваць вам. Мы высока цэнім вашу ролю ў выгнанні бабуінаў.
Усе прысутныя сустрэлі гэтыя словы шэптам ухвалы. Мудрыя старыя дарадцы правадыра заківалі галовамі ў знак згоды, і вяскоўцы ветліва ўсміхнуліся Цікі і Мафуту.
Адчуўшы на сабе позіркі людзей, Цікі збянтэжыўся.
— З гэтай прычыны, — гаварыў далей правадыр, — мы вылучылі самых смелых воінаў суправаджаць вас да самага канца вашага падарожжа. Гэта наш знак павагі да вас.
Наперад выступілі восем высокіх воінаў у велічных ваенных уборах — на плячах яркія леапардавыя шкуры, вялікія страўсавыя пер'і на галовах, бліскучыя коп'і і моцныя скураныя шчыты ў руках.
Эскорт, як для каралёў!
— Ідзіце з маімі сябрамі, — загадаў правадыр воінам, — і ахоўвайце іх.
Мафута падзякаваў правадыру і жыхарам вёскі, і, калі ён скончыў сваю кароткую прамову і ўсе паціснулі адзін аднаму рукі, урачыстая працэсія рушыла ў дарогу.
Усю раніцу яны крочылі пад празрыстым блакітным небам — чатыры воіны ў авангардзе і чатыры ў ар'ергардзе.
Крыху пасля поўдня, калі сонца яшчэ пасылала на зямлю свае гарачыя промні, а лес нібы драмаў, падарожнікі выйшлі да шырокай ракі. Выкупаліся і добра адпачылі ў засені бамбукавых дрэў, што раслі абапал ракі.
— Трэба пераправіцца цераз рэчку, — сказаў Мафута. — Але яна глыбокая і імклівая. Ты, Цікі, сам не перабярэшся.
— Я перанясу яго, — сказаў самы рослы і дужы воін.
Цікі ўзлез на шырокія плечы воіна, і той панёс яго цераз раку.
Калі, мокрыя, яны выйшлі з вады, Цікі пачуў удалечыні нейкія дзіўныя гукі, нібы раскацістае рэха, быццам дзьмулі ў гіганцкі рог.
— Сланы, — зазначыў Мафута.
— Гэта слановы край, — растлумачыў адзін з воінаў, — цяпер у іх пара вандраванняў.
Падарожнікі пайшлі далей лесам. Паступова трубныя гукі рабіліся ўсё больш гучнымі. Раптам начальнік воінаў узняў руку і спыніў калону. Цікі з Мафутам падышлі да яго.
— Зірніце, — сказаў воін.
Перад імі была вузкая і глыбокая цясніна. Калісьці яна з'яўлялася рэчышчам вялікай ракі і яе берагі поўніліся громам неўтаймаваных парогаў і велічных вадаспадаў. Але цяпер рака высахла, і толькі некалькі спакойных азёрцаў паблісквалі на дне цясніны.
Раптам Цікі ўбачыў людзей. На схіле цясніны, хаваючыся за валунамі і густой травой, спіной да іх прытаіліся каля трох дзесяткаў вельмі дзіўных з выгляду афрыканцаў. Целы іх былі расфарбаваныя, і кожны сціскаў у руцэ доўгае і цяжкае кап'ё. Цікі нават спалохаўся: нешта нядобрае задумалі яны!
— Гэта ж вандэробы! — здзівіўся нехта з воінаў, і ў голасе яго прагучаў гнеў. — Што ім трэба?
— Хто такія вандэробы? — трывожна запытаў Цікі. — Чаму яны такія размаляваныя?
— Племя гэтае жыве на поўначы. Відаць, сюды забраўся адзін з іхніх паляўнічых атрадаў. Але я ніколі яшчэ не бачыў іх так далёка на поўдні.
— Браканьеры. Незаконна палююць на сланоў, — сказаў начальнік воінаў. — Забіваюць іх, здабываюць слановую косць і ўпотай прадаюць іншаземным гандлярам.
— Вандэробы, — дадаў другі воін, — вельмі каварнае і жорсткае племя. Яны не аруць, не сеюць, не разводзяць жывёлу. Адзіны іх занятак — браканьерства. Знішчаюць вялікія статкі сланоў. Відаць, прыйшлі сюды таму, што сваіх сланоў яны ўжо ўсіх перабілі — а іх было тысячы!
Цікі, Мафута і воіны моўчкі пазіралі ўніз на дзікуноў, якія сядзелі ў засадзе.
— Каго яны чакаюць? — нарэшце запытаў Мафута.
Неўзабаве Мафута атрымаў адказ на сваё пытанне.
Наваколле раптам здрыганулася ад гучнага тупату, і праз паўночны праход у цясніну ўвайшоў вялізны слон-самец з вялікімі вушамі, маршчыністым ілбом і доўгімі, тоўстымі, як ствалы дрэў, ікламі. Ён вёў за сабой статак сланоў. Так многа сланоў Цікі яшчэ не бачыў. Нібыта разлілося шырокае шэрае мора. Сланы ішлі паволі, цяжка тупаючы, і вакол іх карычневай хмарай узняўся пыл. А сланоў усё прыбывала і прыбывала, і Цікі здалося, што тут сабраліся ўсе сланы Афрыкі.
Вандэробы заварушыліся ў сваім сховішчы. Яны не адрывалі вачэй ад статка, які набліжаўся, гатовыя адразу пусціць у ход свае доўгія і вострыя коп'і.
Здабыча сама ішла ім у рукі.
— Страшна падумаць, што зараз будзе! — прашаптаў у абурэнні Мафута. — У сланоў няма шанцаў на выратаванне...
Воіны шэптам згадзіліся з ім.
— Давайце разгонім вандэробаў, — прапанаваў нехта з воінаў.
— Іх у тры разы больш за нас, — запярэчыў другі.
Зноў наступіла маўчанне.
Сланы падыходзілі ўсё бліжэй, і нарэшце вялізны важак апынуўся за пяцьдзесят крокаў ад першага з вандэробаў.
Раптам Мафута парушыў маўчанне:
— Здаецца, усё ж такі і мы нешта можам зрабіць, — у голасе яго прагучала слабая надзея. — Калі б нам удалося напасці на дзікуноў знянацку, зрабіўшы выгляд, што нас больш за іх, можна было б іх разагнаць.
Воіны моўчкі згадзіліся, а адзін сказаў:
— Можна ўзняць вялікі шум.
— Пачнём крычаць і размахваць коп'ямі і шчытамі, — пачуўся яшчэ адзін голас.
— Сонца ў нас за спіной, — дадаў нехта. — Яны нас добра не разгледзяць. Падумаюць, што цэлае племя!
— Так, разагнаць іх можна, — пагадзіліся ўсе.
— Ва ўсякім разе, мы хоць сланоў папярэдзім аб небяспецы, — уставіў Цікі.
— Цудоўна, — сказаў Мафута. — Аднак трэба спяшацца. Пастройцеся ў адну лінію. Гатовы?
— Гатовы! — адказалі воіны, і Цікі адчуў, як моцна забілася сэрца. Гэта ж яго першы ў жыцці бой. Вось будзе пра што потым расказваць!
Увесь статак сланоў прасунуўся ўжо далёка па цясніне, і пярэднія апынуліся амаль пад самымі дзікунамі, якія чакалі іх на адхоне цясніны.
У той момант, калі воіны на чале з Мафутам сабраліся ўжо кінуцца на вандэробаў, адзін з іх раптам падняўся ва ўвесь рост, узмахнуў над галавой кап'ём і шпурнуў сваю смертаносную зброю, цэлячы між лапатак важака.
Што тут пачалося!
Гіганцкі слон шалёна зароў ад болю і пабег нехлямяжым галопам. Увесь статак паддаўся панічнаму жаху. Сланы імчаліся па цясніне, як звар'яцелыя. Дарослыя трубілі хобатамі, малыя вішчалі. Здавалася, нібыта мёртвае рэчышча зноў ператварылася ў. бурлівую рэчку, на якой уздымаліся шэрыя навальнічныя хвалі.
Браканьеры выскачылі з засады і ўзнялі свае грозныя коп'і, гатовыя адразу пачаць бязлітасную бойню.
— Наперад! — крыкнуў Мафута. — За мной! — і імкліва пабег уніз па стромкім схіле ўзгорка.
Воіны і Цікі не адставалі ад яго ні на крок. Размахвалі коп'ямі і шчытамі, пагрозліва крычалі — узнялі такі вэрхал і шум, нібы цэлы атрад воінаў у час жорсткай бітвы.
І сапраўды страшная карціна паўстала перад вачыма захопленых знянацку вандэробаў. Яны так і застылі на месцы з узнятымі коп'ямі і, прыжмурыўшы вочы ад яркага крывава-чырвонага вячэрняга сонца, пазіралі ўгору, адкуль на іх імкліва кацілася чалавечая лавіна.
— А-яй! — хрыпла завішчалі яны ад жаху.
— Ратуйцеся! Уцякайце! — чуліся крыкі.
— Лясныя д'яблы! Чынонгі! Чынонгі! Абаронцы сланоў!
Браканьеры шпурнулі на зямлю свае коп'і і кінуліся наўцёкі, не перастаючы крычаць: «Ратуйцеся! Чынонгі! Чынонгі!»
Аднак уцячы было справай нялёгкай. Спачатку яны рынуліся ўніз, але там раз'юшаныя сланы пагражалі смерцю. Тады вандэробы павярнулі назад і, задыхаючыся, пабеглі ўгору па схіле ўзгорка, ледзь не наткнуўшыся на коп'і воінаў, што наступалі на іх.
Нарэшце з жудасным крыкам яны памчаліся па адхоне цясніны, як тыя зайцы, што не ведаюць, куды ўцячы ад сабакі, і зніклі ў высокай траве.
Гэта быў поўны разгром браканьераў. Жыццё сланоў было выратавана!
...Навокал усталявалася цішыня. Вандэробаў і след прастыў, сланы ўцяклі.
Толькі пыл, які ўсё яшчэ вісеў у вячэрнім змроку, сведчыў аб тым, што нядаўна тут адбылася бойка.
— Доўга будуць памятаць! — цяжка дыхаючы, усміхнуўся нехта з воінаў.
Усе адчувалі вялікую радасць і задавальненне.
— А што будзе з важаком? — раптам успомніў Цікі. — У яго спіне сядзіць кап'ё. Ён паранены. Трэба знайсці яго і выцягнуць кап'ё.
— Цю! — свіснуў адзін воін. — Лёгка сказаць!
— А ты, Цікі, спознішся ў школу. Нам больш затрымлівацца нельга, — сказаў Мафута. — Ты ж памятаеш — нам трэба паспець туды заўтра да захаду сонца, а шлях яшчэ далёкі.
— Але ж нельга пакідаць слана ў такой бядзе, Мафута. Ён будзе паволі паміраць.
— Хлопчык кажа праўду, — сказаў высокі воін. — Паранены слон будзе пакутаваць ад болю.
— А боль зробіць яго небяспечным, — дадаў нехта. — Слон ашалее і патопча пасевы. Можа напасці нават на вёскі. Яго абавязкова трэба знайсці.
— Добра, — здаўся нарэшце Мафута. — Мы адшукаем слана і выцягнем кап'ё.