Народы, якiя на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Хрыстовага нараджэньня не засвоiлi гэтае iсьцiны, рызыкуюць не засвоiць яе нiколi. I навек застацца рабамi — найперш уласнае цемры i ляноты.


У Менск прыехаў Яўген Еўтушэнка, мы яго спаткалi на вакзале. Невядома па якой прычыне адбылося дробнае непаразуменьне — спатыкалi ў адным вагоне, а ён выйшаў зь iншага. Мэтай ягонага да нас вiзыту было аб’яднаньне саюзаў пiсьменьнiкаў — расейскага зь беларускiм. У нас да таго паставiлiся няпэўна — некаторыя былi за, iншыя — супраць. Справа ў тым, што наш СП нiколi ня быў кансалiдаваны ў палiтычных стасунках, хiба толькi здаваўся такiм. Сабраны зь пiсьменьнiкаў розных пакаленьняў, ён нёс на сабе ўсе родавыя адмецiны нядаўна пражытых часоў — старэйшыя былi болей кансэрватыўныя, шмат якiя грунтоўна заангажаваныя рэжымам i цалкам сэрвiльныя ў адносiнах да ўлады. Спакваля, аднак, у СП папрыходзiлi маладзейшыя, якiя несьлi ў сабе пэўную апазыцыйнасьць да нядаўняга мiнулага. Але была адна пазыцыя, дзе i тыя ды iншыя трымалiся амаль аднолькавых перакананьняў, гэта стаўленьне да нацыянальнай мовы. Мова гiнула, а то быў сук, на якiм трымалася ўся нацыянальная культура. Пiсьменьнiкi не маглi быць да таго абыякавыя, i шмат якiя iнiцыятывы звонку разглядалi ў сьвятле iхнiх наступстваў у галiне мовы. Расейцы ў гэтым сэнсе, на жаль, не былi нашыя аднадумцы.

Апроч таго, у Расеi за часы перабудовы выплыла на паверхню шмат такога, чаго нельга было не спалохацца, чаго не прыкмячалася нават пры бальшавiцкiм рэжыме. Нядаўнiя апалягеты iнтэрнацыяналiзму ператваралiся ў зацятых абаронцаў уласнай культуры ад iншых народаў, якiя «аб’ядалi Расею». Дэмакратыя ўсё нiяк не магла падняцца на ногi, у той час як нацыянал-бальшавiзм пачаў шырока гойсаць па яе iнтэлектуальных прасторах. Як заўжды, вольна пачуваў сябе антысэмiтызм, асаблiва на поўднi i ўсходзе Расеi. Быць разам у адным саюзе з расейскай дэмакратыяй было б няблага, але… Дзе гарантыя ўстойлiвасьцi тае дэмакратыi? Цi мог яе даць нават такi агульнапрызнаны майстра паэзii i перакананы антыкамунiст, як Яўген Еўтушэнка?

Я паважаў Яўгена Аляксандравiча, як i шмат хто ў краiне, захапляўся ягонай паэзыяй, якая зрабiлася знакавай у дысыдэнцкiм супрацьстаяньнi сталiншчыне i брэжнеўшчыне. У нас зь iм было некалькi сумесных паездак па краiне i за мяжу, дзе нашыя адносiны аформiлiся ў добрае сяброўства. Памятаю, як мы трапiлi ноччу на вясельле ў Ерэване, дзе Еўтушэнка сказаў тост у гонар мiрнага суiснаваньня армянскага i турэцкага народаў, за якi ледзьве не паплацiлiся абодва. На практыцы гэта азначала: ня лезь са сваiм статутам у чужы манастыр. Як мы ўваходзiлi ў ягоны гатэльны нумар, працягваючы вольную бяседу, я засьцярожлiва паказаў на столь, маўляў — змоўкнем. Яўген толькi засьмяяўся. Нашто, кажа, хай запiшуць кожнае нашае слова — спатрэбiцца для нашчадкаў. Toe было праўда. Пройдзе небагата часу, i мы пераканаемся, што ня толькi рукапiсы не гараць, але i сказанае застаецца. У тым лiку i схаванае ў сакрэтных аддзелах КДБ.

Абмеркаваньне на прэзыдыюме СП прывезенай Еўтушэнкам прапановы адбывалася вяла, нiякага рашэньня не было прынята. Хаця бальшыня з аб’яднаньнем не пагадзiлася, я тады быў схiльны аб’яднацца. Але час паказаў, што бальшыня мела рацыю. Неўзабаве СП СССР распаўся на некалькi пiсьменьнiцкiх саюзаў, некаторыя зь якiх набылi адметны антыдэмакратычны, праiмпэрскi характар. У такой сытуацыi лепей было захаваць нэйтральнасьць i фармальную незалежнасьць.

Пасьля было яшчэ некалькi спробаў да аб’яднаньня з пэўнымi расейска-пiсьменьнiцкiмi групоўкамi, ды i тыя скончылiся нязрушнасьцю нашай непадлегласьцi. Гэта цi ня той рэдкi выпадак, калi палiтычная iндыфэрэнтнасьць пайшла на карысьць. Праўда, вытрымаўшы нацiск звонку, беларускi СП ня здолеў процiстаяць паўзучай унутранай сiле разбурэньня. Праз кароткi час ён страцiў сваю маёмасьць, сьцiплыя фiнансавыя сродкi i заняпаў арганiзацыйна. Але Бог не пакiдае праведнiкаў, а лёс часам дае iм птушыны хвосьцiк надзеi.

У сьвеце даўно iснаваў ПЭН-клюб (паэзiя, эсэiстыка, навэлiстыка) — арганiзацыя, якая за сваю амаль 80-гадовую дзейнасьць не была прызнаная савецкiмi пiсьменьнiкамi, што бачылi яе як буржуазную. Але часы мянялiся, малатабоец-гiсторыя кавала сваю лёгiку. Тая лёгiка прыводзiць да нечаканых высноваў. Частка расейскiх пiсьменьнiкаў адасобiлася ад камунапатрыятычных СП i стварыла Расейскi ПЭН-цэнтар. Яго тагачасны кiраўнiк Анатоль Рыбакоў па даручэньнi мiжнароднага ПЭНу патэлефанаваў мне ў Менск i перадаў прапанову стварыць беларускi ПЭН-цэнтар. Былi абумоўлены пачатковыя квоты — 20 сяброў зь лiку лiтаратараў, не ангажаваных у органы ўлады i камунiстычную партыю. Я параiўся з Барадулiным, Разанавым, Някляевым i яшчэ некаторымi пiсьменьнiкамi. Мы склалi невялiкi сьпiс i сабралiся на першы сход у Чырвоным касьцёле, адобрылi Статут мiжнароднага ПЭНу, абралi кiраўнiцтва. Першым прэзыдэнтам стаў Рыгор Барадулiн, сакратаром (пасьля вiцэ-прэзыдэнтам Карлас Шэрман. Новая пiсьменьнiцкая арганiзацыя на той час ня мела нi памяшканьня, нi грошай, усё трэба было здабываць. Натуральна, ПЭН ня стаў зьвяртацца да ўлады, а найперш пачаў зарабляць папулярнасьць. Добрых публiкацыяў для таго было недастаткова, спонсары, як заўжды, болей дбалi пра свае кашалькi, трэба было непасрэдна кантактаваць зь як мага большаю колькасьцю народу. Пачалiся выступы — у сталiчных клюбах i з выездам на пэрыфэрыю. Паэты чыталi вершы, празаiкi вялi палiтыка-культурнiцкiя дыскусii. Зацiкаўленьне нацыянальнай публiкi тады было велiзарнае, Беларусь рыхтавалася да адраджэньня (якое, аднак, хутка згасла). Кiраўнiцтва ПЭНу ў асобе Карласа Шэрмана наладзiла плённае супрацоўнiцтва зь мiжнароднымi гуманiтарнымi арганiзацыямi, нацыянальнымi ПЭН-цэнтрамi, фондам Сораса, пакуль яго не прагналi з краiны. Дзейнасьць ПЭНу значна абмяжоўвала статутнае патрабаваньне апалiтычнасьцi, якое сябры ПЭНу неяк навучылiся абыходзiць. Наша лiтаратура i палiтыка традыцыйна былi зьвязаныя моцнай пупавiнай, i тое няблага. Iншая справа, якая то палiтыка. ПЭН-цэнтар у сваёй дзейнасьцi iмкнуўся праводзiць нацыянальна-дэмакратычную палiтыку, скiраваную найперш на незалежнасьць i свабоду краiны. ПЭН-цэнтар стаўся саўтваральнiкам такой важнай праваабарончай арганiзацыi, як Хельсiнкскi камiтэт, дзе ягоныя сябры напачатку занялi ключавыя пасады. Да гонару ПЭНцэнтру як арганiзацыi трэба зазначыць, што яна цi не адзiная ў краiне, якая за дзесяць год не зазнала расколу, захавала адзiнства, у пяць разоў павялiчыла свой склад i ў цяжкiх умовах нацыянальнай крызы прадаўжае кансалiдаваць значную частку беларускай лiтаратуры.

Свабода — найбольшая маральна-фiзычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой iстоце фактам яе нараджэньня. Усё жывое i карыстаецца тою каштоўнасьцю, наколькi гэта мажлiва ў складаным, заблытаным сьвеце арганiчнага iснаваньня. Апроч хiба чалавека, якому мала прыроджанай свабоды. Каб у поўнай меры спазнаць i адчуць яе неабходнасьць, яму наканавана прайсьцi праз хiтрасплецены лябiрынт жыцьця, а то i застацца ў адным зь яго тупiкоў. I там прызвычаiцца, змарнець, страцiць прыроджаны дар свабоды, адаптавацца дзеля элемэнтарнае мэты бiялягiчнага iснаваньня. Зрабiцца часткай натоўпу, грамадзтва, электарату — такiм, як усе. Але як быць асобе, калi яна выпадае з масы да сябе падобных, калi яна — творца, што дзеiць паводле ўнутраных iмпульсаў самавыяўленьня? Як ёй пераадолець тую брутальную залежнасьць ад соцыюму, якi нязьменна нiвэлюе яе Богам дадзены дар? Цi, можа, ня трэба нiчога пераадольваць, а падладзiцца, прыстасавацца, каб дамагчыся бесканфлiктнага iснаваньня? Дзясяткамi год у нашых вушах гучала нявольнiцкая максiма: «Жить в обществе и быть свободным от общества нельзя». Сапраўды нельга, не дадуць, не дазволяць. Тыя, ад каго гэта залежыць, натхняюцца ня зманлiвай iдэяй чалавечай свабоды, а рэальнай патрэбай прыгнёту i сiлы. I праўда, яны валодаюць немалой сiлай, бо яны — заўжды гурт.

Мабыць, сапраўды, каб выжыць, варта згуртавацца, што робяць шмат якiя iстоты ў жывой прыродзе. Асаблiва калi гурт мае iдэю — малаважна якую, добрую цi благую. Часам iдэяй робiцца iнстынкт нацыi цi клясы, цi якога гурта, i тады сьвет апынаецца перад iмпэрскай, пралетарскай, нацысцкай iдэяй, якiя заўжды каштуюць крывi. Апантаныя, так званыя папулiсцкiя iдэi каштуюць вялiкай крывi i рэдка зьдзяйсьняюцца. Нават i сьвятая сярод iх iдэя свабоды. Але цi дужа якая iдэя патрэбна творцу, калi ягоная душа ўжо захоплена iдэяй iншага кшталту — iдэяй праўды i прыгажосьцi? Iншаму там месца няма, i ён — iндывiдуалiст. Усё значнае ў мастацтве спрадвеку ствараецца на грунце iндывiдуалiзму. Спробы заарганiзаванай мастацкай творчасьцi (тым болей лiтаратурнай) заўсёды зазнавалi фiяска. Творцы — аднаасобнiкi, яны твораць штучны тавар. Творчы альянс двух, нават калi кожны зь iх генiй, неверагодны. Толькi паасобку. Нават калi яны адзiнадумцы, адзiнаверцы, належаць да адной партыi. Калектыўны элемэнт у мастацтве мае несумненна дэструктыўны характар.

Праўда, наш час асаблiвы — крывадушны i жорсткi, а што да мастацтва — разбуральны па сваёй сутнасьцi, толькi мы яшчэ ня надта ўцямiлi тое. Сучасная маскультура — не самаразьвіцьцё ранейшай, традыцыйнай культуры, як часам лічыцца, а контркультура. Таму цяпер у першую чаргу трэба клапацiцца не пра росквiт, а пра выжываньне i захаваньне таго лепшага з нацыянальнай i сусьветнай культуры, што гэтак брутальна бурыцца ўладай i часам. Пэўна, зрабiць тое лепей агулам. Але цi можна не разумець, што i бурыць таксама выгадна агулам — усё адразу. Так дзешавей для ўладаў, якiя звыклi ўладарыць ня толькi над целамi, але i над душамi людзей. З тае мэтай у нядаўнiм мiнулым яны стварылi партыю, калгасы, гулаг, каб заграбсьцi ўсiх адразу. I сагналi творцаў у «творчыя» саюзы, дзе ўзялi iх у «творчы» палон. Тое яны найбольш рабiлi рукамi самiх жа творцаў зь лiку найбольш спрытных калябарантаў. Па прынцыпе колiшняга самаабслугоў ваньня: самi пiшаце, самi сябе i саджайце.

Нашая лiтаратура быццам бы пакрысе выкараскваецца з таго iнтэлектуальнага гулагу, зь якога яшчэ належыць выбрацца нацыi. Свабода рабочых i сялянаў патрабуе, як кажуць, шмат валютных iнвэстыцыяў, якiх у дзяржавы няма. Лiтаратуры ж ня надта патрэбны iнвэстыцыi, але ёй патрэбна — свабода. Аднак iнтэлектуальная свабода каштуе яшчэ даражэй, чым свабода на карыстаньне зямлёй. Зрэшты, што да Беларусi, дык вынiк аднолькавы — нi сяляне ня маюць зямлi, нi пiсьменьнiкi ня маюць свабоды. Хоць бы свабоды на родную мову. Нават на мяккi знак, каб ня корчыць язык у роце ад ненатуральнага, барбарскага вымаўленьня. Сапраўды, мова, паводле Генрыха Бёля, ёсьць апошняе апiрышча свабоды.

Усё тое — непераможная сiла няволi, зь якой нацыя звыклася, параднiлася, ад якой адступаць рызыкова. Як павiнны ставiцца да таго творцы? Томас Венцлова, напрыклад, пiша, што найвялiкшы патрыятызм у тым, каб ваяваць з комплексамi сваёй нацыi. Гэта сказана ў дачыненьнi да ня самай закамплексаванай нацыi, але тое праўда i, мабыць, адносiцца да ўсiх нацыяў без выключэньня. Можна зразумець нашых калегаў, расейскiх дэмакратаў, якiя нядаўна перажылi тое, што i мы, i цяпер памкнулiся да зманлiвай, труднадасяжнай свабоды. Паяднаўшыся зь беларусамi, яны маюць намер набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кiруючыся ўсё той жа лёгiкай — гуртам зручней. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калi ня маеш моцы яго спынiць. Цi маюць моц нашы расейскiя калегi годна распарадзiцца хоць бы ўласнай свабодай? Цi ня болей рэальнай для iх i для нас застаецца рызыка страцiць усё? Дзе гарантыя таго, што iхняя свабода дасягнута цалкам i назаўжды? Надта тое сумнiўна ў краiне, дзе не спыняюцца ганебныя войны, усюды лiецца кроў, нiшчыцца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай iдэяй робiцца ўсё той жа нацыянал-iмпэрыялiзм.

У нас i ўласнага няшчасьця хоць адбаўляй. Рушыцца эканомiка, народ даведзены да галечы, гвалтам нiшчацца нацыянальная культура i мова. Вельмi падобна, што дапамагчы нам ня можа нiхто — так глыбока завязьлi мы ў багне хлусьнi i тыранii, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы сьвет. I ўсё ж нам, як тым зэкам, дужа непажадана трапiць з адной камэры ў такую ж iншую, асаблiва калi перапынак памiж допытамi апынуўся такi кароткi.

Мабыць, кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсьцi асобна. Усё ж iндывiдуалiзм i ў гэткiм аблiччы — ня самы горшы кiрунак да яе. Можа, не найлепшы, але i не найгоршы, — у аснове кожнай калектыўнай свабоды ляжыць свабода iндывiдуальная. Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымiстычны, хаця мая душа прагне аптымiзму. Як некалi пiсала вялiкая Лэся Украiнка: «Без надii таки сподіваюсь»

Сакавік 2002 г.

Франкфурт-М.

Загрузка...