Рэвалюцыя наадварот

5 чэрвеня ў Менску каля Дана-молу зьбіралі подпісы за Лукашэнку.

„Хоць нейкая глеба пад нагамі“

— Скажам так, што б ні адбылося, усё адно хай будзе хоць нейкая глеба пад нагамі ў маіх дзяцей. Я ня веру, што заўтра нешта памяняецца рэзка.

„Вы ня наша СМІ“

— Я зьяўляюся членам БРСМ. І калі сёньня сабраўся такі пікет, я актыўна вырашыла ў ім паўдзельнічаць, бо падтрымліваю палітыку нашага дзейнага прэзыдэнта, у тым ліку тое, як ён ставіцца да моладзі. Ня будзем асабліва камэнтаваць, бо лічым, што вы ня наша СМІ.

„Даказаў вельмі многае“

— Мне проста падабаецца парадак у краіне. Іншых кандыдатаў я ня вельмі разглядаю. Пра Ціханоўскага нешта чула. Мне здаецца, не зусім сумленна падымаць людзей. Мне мэтады яго не падабаюцца. Паводзіны яго не падабаюцца. Што падабаецца ў Лукашэнку? Гэты чалавек ужо даказаў вельмі многае.

„Ня буду па пунктах пералічваць“

— Вядома, так, пасьля працоўнага дня спэцыяльна прыехала, каб падпісацца. Гэта маё рашэньне, мая грамадзянская пазыцыя. Ня буду па пунктах пералічваць.

„Прывычка“

— Ішоў вось, бачу, што ўсе, і я таксама падышоў. За нашага бацьку прагаласаваць. Чым падабаецца, я нават не магу канкрэтна адказаць. Проста я ўжо прывык да яго. Прывычка.

„На пераправе“

— Я еду на дачу. Па дарозе вырашыла спыніцца. Чаму за яго? Таму што мы да яго прывыклі. Гэта стабільнасьць. Увогуле палова жыцьця майго прайшла пры гэтым кандыдаце. Чаго мяняць на пераправе перад пэнсіяй?

„Вы ўсе бандыты“

— Радыё Свабода? А не... У вас ніякай свабоды няма. Вы ўсё падманваеце. Ай, ідзіце вы. Я за Лукашэнку галасую. Я не хачу за вас галасаваць, вы бандыты ўсе. А ён правільны, наш прэзыдэнт, за яго будзем галасаваць.

„Колькі вам заплацілі?“

— Скажыце, колькі вам заплацілі за эфір? Вам ня сорамна прадаваць краіну? Мы ж ведаем, што вы фінансуецеся ня нашай краінай. А хто вам плаціць? Мы за нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Бо мы любім нашу краіну, любім свайго прэзыдэнта, мы за мірнае неба над галавой. І сто працэнтаў не за тых вунь кандыдатаў, якія зьбіраюць вось гэтыя вось мітынгі ў час пандэміі і так далей. Гэта першы пікет за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. І паверце, ня ён яго ініцыяваў. Я даведаўся, што ён ёсьць і прыехаў сюды толькі таму, што я за гэтую краіну і падтрымліваю сёньняшняга прэзыдэнта, і падтрымліваю мір, які ў нас ёсьць, які мы можам так лёгка страціць, дзякуючы людзям, якія ня цэняць міру, яны проста хочуць захапіць гэтую ўладу і гэтую краіну… Каб дэстабілізаваць краіну, проста разбурыць яе. Нам што тут дрэнна ўсім жывецца? Ня ведаю, мне добра.

„На нашы грошы“

— Я чуў вашу размову з бээрэсэмаўцамі. Гэта ня важна, на якія грошы вы працуеце, на амэрыканскія, расейскія. А вось на чые грошы гэта ўсё звозіцца? На нашы. Гэтыя ўсе паказухі, парады?.. Лукашэнка набраў, зь ягоных жа словаў, 200 тысяч подпісаў. Навошта вось гэта тут ладзіць?

„Гэты пікет — фэйк“

— Я сёньня маску купіў. Думаў, тут дадуць задарма, не далі. Ня буду подпіс ставіць, паеду. Гэты пікет — фэйк. Бачна, што яны прыехалі не па сваёй волі. Аўтобусы тут пад’яжджаюць.

„Шмат мутных хлопцаў“

— Глядзіце, яны выходзяць, становяцца ў чаргу, пад’яжджае аўтобус, яны зьяжджаюць. Вунь ужо тры аўтобусы ад’ехалі. Стаць у чаргу, сумовіцца зь людзьмі, вядома, хацелася б, але тут шмат мутных хлапцоў з камэрамі.

„Быкі 94-га“

— Я з 94-га году галасую за нашага кандыдата. Галасую і галасую. Радуе краіна, у якой я жыву, бо ведаю, якія яшчэ бываюць варыянты. Вы ня помніце быкоў 94-га году і пачатку 90-х. А мы іх помнім. Я помню, хто камандаваў жыцьцём у пачатку 90-х. І з таго часу не прыходзілі, не патрабавалі. Так што ўсё нармальна. Мы з вамі розныя. Вы як іншаплянэтнікі.

„Патрабавалі здаць панчохі“

Натальля Гарачка, праваабаронца:

— Мяне затрымалі 5 чэрвеня каля Камароўскага рынку, дзе я праз тэлефон вяла стрым у інтэрнэт. Затрымалі людзі ў цывільным. Яны назваліся расейскім ФСБ, але адвезьлі мяне ў Цэнтральнае РУУС.

11 дзён я адседзела ў ізалятары часовага ўтры­маньня, а не, як раней, — у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Згодна з пастановай суду аб зьдзейсьненым правапарушэньні — удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі — мяне павінны былі ўтрымліваць у ЦІП.

Фармальна мы лічыліся за ЦІП, але разьмясьцілі мяне ў будынку ІЧУ, казалі, што ЦІП перапоўнены. І гэтак ня толькі мяне. Па маіх зьвестках, Паўла Севярынца, Вольгу Мікалайчык ды некаторых іншых таксама ўтрымліваюць у будынку ІЧУ.

Вольга Мікалайчык да першых 15 сутак атрымала яшчэ сама меней два такія ж тэрміны. Але я не ўяўляю, як там столькі можна вытрымаць, бо ў параўнаньні з былымі часамі там цяпер канцлягер. Да мяне падсадзілі жанчыну з вошамі, і ў выніку, каб засьцерагчыся, я мусіла спаць на голай лаве.

Усе 11 дзён арышту я трымала галадоўку. І я не адна абрала такую форму пратэсту. На паверсе, дзе ўтрымлівалі тых, каго прывезьлі ў ізалятар пасьля 8 чэрвеня, галадоўку абвясьцілі больш за 10 чалавек. Пераважна гэта мужчыны.

9 чэрвеня нас усіх перавялі на першы паверх і адабралі пасьцельныя рэчы. А праз два дні адабралі яшчэ і матрацы. Ноччу было ня проста холадна, а жудасна холадна. Там не адчыняюць вокны, і таму нават калі надвор’е цяплейшае, у камэрах холад і вільгаць. З 11 начэй я не магла спаць 6, мяне ўсю трэсла. У адну ноч суседка паднялася і нейкай прасьцінай мяне накрыла, бо я замярзала ў адной кофтачцы. У мяне падняўся ціск, але два дні мне не давалі лекаў і не выклікалі да мяне лекараў.

Аднойчы, калі я патрабавала, каб мне выклікалі хуткую дапамогу, я пачула такую размову ахоўнікаў: адзін кажа другому, давай выклікаем хуткую, раптам што. А другі адказвае, што не, ня трэба, бо калі выклікаць, дык мяне забяруць у лякарню, а ёсьць загад, каб мы заставаліся тут.

У будынку ІЧУ я бачыла некалькі чалавек у цывільным. Аднойчы я сутыкнулася з такім, калі вырашалася спрэчка пра мае асабістыя рэчы. У мяне склалася ўражаньне, што да думкі гэтага чалавека ўсе прыслухоўваліся.

Ад мяне патрабавалі здаць панчохі, маўляў, я магу на іх павесіцца. Я настойвала, каб пакінулі, бо мне холадна. Казала, што не зьбіраюся вешацца, што ў мяне іншая мэта — ратаваць радзіму. Нават з начальнікам ізалятара Ігарам Васілевічам пра гэта гаварыла, і ў выніку ён узгадняў з тым чалавекам у цывільным тое, што мне ўсё ж можна пакінуць панчохі.

Я абавязкова буду скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары на Акрэсьціна. Гэта сапраўды на мяжы выжываньня.

„Шмат людзей сядзіць цяпер «за палітыку»“

Аляксандар Вянгура, фэрмэр, Мазыр:

— Пра мяне паказваў сюжэт Сяргей Ціханоўскі. І вось да мяне ў вёску Прудок прыехалі рабіць ператрус. Каля 12 ночы прыехалі людзі ў цывільным, ніхто не прадстаўляўся. Іх было 18 чалавек.

Былі і на берасьцейскіх, і на менскіх нумарах. Аказалася, яны шукалі Дзіму Папова — ён працаваў апэратарам у Сяргея Ціханоўскага. Дзіма, праўда, быў у нас, але ён зьбег. Затрымалі мяне, Аляксандра Цуранава — ён адміністратар каналу „Мозырь для Жизни“, і Дзяніса Коласа. Выпытвалі, дзе Дзіма Папоў. Перавярнулі ўвесь дом мой, забралі тэхніку, кампутар, потым уварваліся да маёй маці. Маці выкруцілі палец. У пляменьніцы забралі тэлефон.

5 чэрвеня пасьля ператрусу я пайшоў у Мазырскі РАУС, каб забраць свой ноўтбук. І ня выйшаў з будынку міліцыі. Жонка два дні не магла мяне знайсьці — і ў міліцыі, і ў ІЧУ адказвалі, што нічога ня ведаюць. Пазьней стала вядома, што я арыштаваны на 15 сутак за нібыта дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Разам са мной асудзілі Дзяніса Коласа і Аляксандра Цуканава. Нас трох чамусьці завезьлі адбываць пакараньне ў Менск.

Што там рабілася — я такога ніколі ня бачыў. Шмат людзей сядзіць цяпер „за палітыку“. На чатыры месцы ў камэры нас сядзела шасьцёра. На дзень забіралі матрацы, можна было толькі стаяць. Але і ноччу ўрываліся ў камэры, рабілі нейкія праверкі, пыталіся ў нас: „Ну як справы?“. Гэта каб не даваць спаць. Закідалі да нас у камэру бяздомных, вошы пладзіліся... Бррр, страх. Адваката да мяне не дапусьцілі — нібыта праз каранавірус. Пры гэтым мыцца нармальна не давалі. Зьдзек проста быў і беззаконьне.

У мяне ў вёсцы Прудок пад Мазыром вялікая гаспадарка. Маці, пакуль я сядзеў, не магла дапамагаць нявестцы — бо пераламаныя пальцы. Ірына, жонка, сама мусіла даваць рады і палеткам, і жывёлам.

Цяпер ня маю пэўнасьці, ці не затрымаюць зноў. Ведаеце, у чым мяне абвінавацілі? Нібыта я, калі быў у міліцыі, недзе ня там памачыўся і нібыта аказаў супраціў міліцыі! Гэта калі прыйшоў забраць ноўтбук. Проста ня ведаю, што робіцца цяпер у Беларусі.

„Я была 13-й арыштаванай“

Алена, 41 год, Салігорск:

— Я індывідуальная прадпрымальніца. Мой бізнэс — кватэры ў арэнду. Палітычнай дзейнасьцю ніколі не займалася, у акцыях пратэсту ня ўдзельнічала. Салігорск наагул не пратэставы горад. У нас горад шахтароў, усе добра зарабляюць.

У канцы чэрвеня я далучылася да тэлеграм-каналу „Армія з народам“, які якраз тады толькі зьявіўся. Хто стваральнік каналу — ня ведаю, ні з кім з адміністратараў у рэальным жыцьці не сустракалася.

Спасылкі-запрашэньні ў гэты канал былі рассыпаныя па ўсіх чатах і каналах. Я зацікавілася і спачатку была проста падпісчыцай. Але празь некалькі дзён мяне прызначылі адмінам. Каб вы разумелі: адмінаў там выбіралі абсалютна выпадкова. Натуральна, хто кажа нейкія радыкальныя рэчы, — яго не абяруць адмінам. А хто піша здаровыя рэчы — тых маглі прызначыць.

Колькасьць падпісчыкаў у канале хутка расла, і ў канцы чэрвеня пачаліся затрыманьні адміністратараў і ўдзельнікаў каналу. Калі я даведалася пра гэта, я абвесьціла ў канале „эвакуацыю“ — заклікала людзей адпісвацца. На наступны дзень, 9 ліпеня, да мяне прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Я была 13-й арыштаванай у межах перасьледу ТГ-каналу „Армія з народам“.

Я жыву ў прыватным сэктары. Раніцай мне патэлефанаваў мужчына, які нібыта хацеў наняць у мяне кватэру. Калі я выйшла з хаты перадаць ключы, то ўбачыла, што да мяне бягуць восем апэратыўнікаў ГУБАЗіК у цывільным. У пастанове на ператрус фігуравалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу, у тым ліку арт. 342 (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Маральна я была гатовая. Калі з чату пачалі зьнікаць людзі, я зразумела, што наступнай буду я. Калі апэратыўнікі трапілі ў двор, з дому выйшла мая трохгадовая дачка. Дзіця выбегла ў майточках і майцы, басанож. Ну, вы разумееце: ранішняя прахалода, а яна без адзеньня. Я аўтаматычна кідаюся да яе, каб завесьці ў дом, а губазікаўцы кідаюцца да мяне, крычаць, каб кайданкі на мяне надзелі.

Мяне адвезьлі ў Менск, у будынак ГУБАЗіК. Перад мною на стол кінулі тэчку з раздрукоўкамі, махалі ёю перад маім носам. Крычалі, каб аддала пароль ад ноўтбуку і ад тэлефону, каб расказала пра іншых адмінаў.

Паколькі я не згаджалася, мяне адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе склалі адміністрацыйны пратакол за „дробнае хуліганства“ (арт. 17.1 КаАП). Згодна з пратаколам, у будынку ГУБАЗіК я нібыта „паводзіла сябе неадэкватна“: лаялася, крычала, размахвала рукамі.

Калі міліцыянт афармляў пратакол, яму падсунулі маленькую запіску. Ён паглядзеў на мяне і закрычаў: „О, палітота! Тварам у сьцяну, рукі за сьпіну“. На мяне надзелі кайданкі і вывелі ва ўнутраны дворык чакаць аўтазак.

Ноч я правяла на Акрэсьціна. У камэры адмыслова былі створаныя невыносныя ўмовы: было холадна, падушкі, матрац і коўдру мне ня выдалі. Я сядзела на голых нарах, абхапіўшы пальцы ног, бо пальцы замерзьлі настолькі, што былі быццам шкляныя, і ўткнуўшыся галавой у калені, каб сагравацца ўласным дыханьнем. Ежу і ваду не давалі. У мяне была з сабою маленькая бутэлька вады 0,5 літра, і я расьцягнула яе на ўвесь дзень.

На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну пакараў мяне штрафам 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Аднак на выхадзе з суду мяне зноў затрымалі і адвезьлі ў ГУБАЗіК. Там мяне дапытвалі, пагражалі і абражалі, патрабуючы пайсьці на супрацу і расказаць пра іншых адміністратараў каналу.

Там быў маленькі пакой, можа 3 на 6 мэтраў, а іх было чалавек 10. Яны згрупаваліся вакол мяне, раўлі на мяне, мацюкаліся. Для мяне гэта было шокам! Пагражалі забраць дзіця, абяцалі, што дачка трапіць у дзіцячы дом і ня будзе ведаць, хто маці. Былі і такія абразьлівыя выказваньні: маўляў, мужыка б табе, каб ты з-пад яго выпаўзала, тады ў цябе не было б часу лезьці ў палітыку…

Губазікаўцы ў тым ліку выкарыстоўвалі сілавыя прыёмы. Апэратыўнік Валеры Высоцкі націснуў мне на шыйныя хрыбеткі і некалькі разоў біў далоньню па сьпіне, патрабуючы паролі ад акаўнтаў. Але я зноў адмовілася.

У выніку я напісала тлумачальную пра тое, што нікога ня ведаю, ні ў чым ня ўдзельнічала і ні да чога не заклікала. Мяне адпусьцілі ўвечары 10 ліпеня. На разьвітаньне яны мне сказалі: ня дай бог твой твар усплыве дзесьці на „Вясьне“ або на „Белсаце“ — тады наступны раз да цябе прыедзем ня мы, а амон. І яны ўжо адразу будуць біць.

У той жа вечар я вярнулася ў Салігорск. Нечакана для сябе даведалася, што суседзі па вуліцы вельмі за мяне турбаваліся і нават зладзілі дзяжурства каля майго дому, каб туды нічога не падкінулі.

Я двое сутак ня спала, двое сутак бязь ежы і вады, ледзь ня траціла прытомнасьць. Падыходжу да дому і бачу, што там стаяць людзі. Яны падышлі да мяне, пачалі абдымаць: „Лена, мы за цябе, мы на тваім баку“. Зьбегліся людзі з усёй вуліцы, выказвалі словы падтрымкі. Я была вельмі ўражаная. Я купіла гэты дом толькі два гады таму і нават ня ўсіх суседзяў ведала. Я ўсім падзякавала, зайшла ў дом, адразу ўпала і заснула. Не хапіла нават сіл у душ схадзіць.

Аднак на гэтым перасьлед ня скончыўся. 21 ліпеня мяне выклікалі ў Салігорскі РАУС. Патлумачылі, што мне нібыта хочуць вярнуць канфіскаваныя ноўтбукі. Але ў будынку РАУС мяне зноў затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і павезьлі ў Менск, у Сьледчы камітэт.

Цяпер затрымалі ў межах „справы Ціханоўскага“. Нібыта я „паводле папярэдняй змовы“ зь Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі палітвязьнямі 29 траўня падчас пікету для збору подпісаў зладзіла „дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак“.

Насамрэч я з гэтымі людзьмі была не знаёмая, я нават не перапісвалася зь імі ў інтэрнэце. Я ведала, што ёсьць такі палітык Статкевіч, ёсьць блогер Ціханоўскі… Чула імёны астатніх, бо іх тады ўжо прызналі палітвязьнямі. Але я нават ня ведаю, як большасьць зь іх выглядае.

Больш за тое, мяне 29 траўня не было ў Горадні. У той пэрыяд я была на самаізаляцыі і з сакавіка нікуды не хадзіла. А суполка „Армія з народам“ была створана толькі 26 чэрвеня.

21 ліпеня мяне зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. На наступны дзень, 22 ліпеня, у ЦІП мяне ў прысутнасьці дзяжурнага адваката дапытала сьледчая СК. Яна вяла допыт карэктна, мае паказаньні запісвала дакладна. Аднак ужо пасьля допыту да мяне ў ЦІП зноў прыйшоў супрацоўнік ГУБАЗіК. Цяпер ужо размова ішла без адваката.

Ён зноў прынёс гэтую тэчку з раздрукоўкамі асабістых паведамленьняў, дзе маркерамі вылучаныя асобныя фразы. Напрыклад, ён зачапіўся за паведамленьне, якое я напісала знаёмаму. Я была ў напружаньні і напісала паўжартам, маўляў, вілы ў мяне заточаныя. Вось да гэтага прычапіліся. Але я кажу: даруйце, я жыву ў прыватным сэктары і вілы — гэта проста мой аграрны інструмэнт. Ён зноў сядзеў і паўтары гадзіны мне пагражаў, што мяне пасадзяць, што ў мяне адбяруць дачку.

У канцы ён кажа: ну што, можа нам заўтра прыехаць, ты больш лагодная будзеш? А я кажу: не марнуйце мае падаткі.

24 ліпеня я выйшла на свабоду. Шчыра, калі мяне выклікалі, я была ўпэўненая, што мяне перавядуць у СІЗА. Але мяне адпусьцілі. Я застаюся падазраванай, я абавязана зьяўляцца на допыты па першым выкліку. Хаця падпіскі аб нявыезьдзе ў мяне ня бралі.

Загрузка...