Рэвалюцыя вуліц
24 траўня 2020 году тысячы людзей сталі ў чэргі каля менскай Камароўкі. Людзі самі назвалі падзею „Рэвалюцыяй чэргаў“. Гэта быў першы пікет за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Сьледам такія чэргі ўтвараліся ў іншых гарадах па ўсёй краіне. Журналісты вялі стрымы з падзеі і давалі слова людзям у чарзе.
„Хопіць подлічаць“
— Мяне завуць Натальля Віктараўна, я пэнсіянэрка. Я сюды прыйшла, каб асабіста сказаць: Лукашэнка, сыходзь! Хопіць подлічаць. Ты ператварыў нашу краіну ў калёнію Кітаю. Учора ў тэлевізары паказвалі нашу вайсковую вытворчасьць. Дык усё складаецца з камплектуючых Кітая. А ў нас вельмі працавіты беларускі народ. Дзе наша лепта ў краіну? Гэта першае. Другое, я хачу сказаць: ён бяз нашае згоды павялічыў пэнсійны ўзрост на тры гады. Трэцяе. Ён біў паўсюль сябе пяткай у грудзі, што трэцяе дзіця беларуса — гэта ягонае. А якія ён дае працэнтныя пазыкі маладым сем’ям? Крайне непрадуманая сацыяльная палітыка ня толькі ў дачыненьні да пэнсіянэраў, але і інвалідаў, інвалідаў-дзяцей. Як цяжка маці-адзіночкам гадаваць дзяцей. А колькі ў яго рэзыдэнцый… Нахапаўся ўжо! Чацьвёртае. Ён трымае аграмаднейшую ахову. Ад каго ён бароніцца? Ад нас, простых беларусаў. Але хай ён у такім выпадку плаціць за гэтую ахову свае грошы, але ня нашы. Я буду галасаваць за тое, каб былі сумленныя справядлівыя выбары, за тое, каб ён не ўчыняў генацыд беларускага народу. За тое, каб мы маглі спакойна жыць сумленна і хадзіць з высока паднятай галавой. У нас адна радзіма, іншай ня будзе. Мае два дзяды ваявалі, маюць узнагароды. Калі б яны маглі, яны б прыйшлі сюды на плошчу зь вінтоўкамі, але не дазволілі б развальваць нашу краіну, найлепшую краіну ў сьвеце. Здаецца, усё сказала. Жыве Беларусь!
„Не падабаюцца адносіны ўлады да мяне“
— Мы прыехалі з Горадзенскай вобласьці падтрымаць Сяргея Ціханоўскага. Беларусь вельмі добрая краіна, тут жывуць цудоўныя людзі. Усё, што мяне атачае, мне падабаецца. Але мне не падабаюцца адносіны ўлады да мяне. Увесь сьвет прыйшоў да таго, што ўлада павінна мяняцца. Новыя погляды, новыя людзі. Тут такога не адбываецца, і гэта няправільна. Так, безумоўна, нейкія заслугі ёсьць і ў Лукашэнкі. Але ўсё тое, што нэгатыўнае, яно ўжо перакрыла гэта. Ён павінен проста сысьці, бо ўсё, рэсурс яго вычарпаны.
„Паспрабуй падысьці да міліцыянта“
— Мне 19 гадоў. Перамены ў маім разуменьні — гэта цалкам убраць Лукашэнку. Далей мы павінны правесьці поўную рэформу паліцыі. Там ёсьць псыхічна нездаровыя людзі. Ім падабаецца біць людзей, ім падабаецца забіваць. У мінулым годзе я быў ва Ўкраіне і гаварыў там з паліцыянтамі. Я пытаўся ў іх: хлопцы, можна я з вамі паразмаўляю, як у вас справы? — Вядома, сядай. Гэта былі маладыя хлопцы, ім як мне, 20-21 год. Я быў шчасьлівы, што магу падысьці да паліцыянта і спытацца: што ў вас зьмянілася? А паспрабуй у нас падыдзі да міліцыянта, спытай: як у вас справы, як абстаноўка ў краіне? Ён мяне павяжа, і я паеду ў які-небудзь карцар. І ўсё, без суду і сьледзтва. І скажуць: непадпарадкаваньне закону, непадпарадкаваньне міліцыі. Якое непадпарадкаваньне, я проста спытаў: як справы? А яму проста я не спадабаўся, што задаю пытаньні.
„Паўсюль разруха“
— У далёкім 1994 годзе мае бацькі зрабілі выбар, дзякуючы якому кожныя чатыры гады я як прадпрымальнік адчуваю крызіс у нашай краіне. Гэта вельмі складана. Толькі пачнеш выкарасквацца, зноў — крызіс. І таму я заклікаю моладзь, якой цяпер 18 гадоў, не хадзіць на тусоўкі, а думаць пра будучыню сваіх дзяцей, каб у 40 гадоў не апынуцца ў такім вось стане, як мы цяпер апынуліся. Бо тое, што Сяргей Ціханоўскі паказаў у сваіх роліках, насамрэч — ува ўсіх сфэрах. Гэта сельская гаспадарка, заводы, мэдыцына, — паўсюль разруха. Я жыла ў сваім маленькім сьвеце і ня бачыла ўсёй гэтай праўды, бо па БТ гэтага не паказваюць. Таму я на баку галоснасьці, праўды, сумленных выбараў, свабоды, бо людзей за тое, што яны кажуць праўду, саджаюць. Гэта ўвогуле няправільна. Ніякіх правоў у нас няма. Канстытуцыя не выконваецца.
„Паверылі тады, што калхозьнік падтрымае ўсіх“
— У 90-м я прыйшоў з арміі і ў 94-м першы раз галасаваў за яго. Бо я сам калхозьнік па жыцьці. Але больш мая сям’я і я за яго не галасавалі. Мы паверылі тады, што калхозьнік падтрымае ўсіх. А куды ён нас прывёў? Калісьці я працаваў вартаўніком на сьвінарніку. І вось прыехаў гадоў пяць ці шэсьць назад чарвякоў накапаць на рыбалку… А дзе фэрма? Фэрмы няма. Старшыня калгасу здаў сьвіней, сьвінаматак на мясакамбінат. Яму нічога не зрабілі. Куды грошы сышлі? А сьвінаматка адна прыводзіць 10-12 сьвіней. Цяпер там трава расьце. Хто адказаў за гэта? Ніхто. Людзей звольнілі. І вы хочаце далей у гэтай краіне жыць, дзе бясчынства?
„У мяне цешча — дачка Машэрава“
— Народ хоча той праўды, якой ён хоча. Але праўда не салодкая, яна горкая. Цяпер адбываецца генацыд беларускага народу. Я тлумачу, што гэтыя ўсе, што цяпер стаяць, чэргі, гэта ўсе стаяць падманутыя людзі, бо іх паперы нікому не патрэбныя. Яны зойдуць у гэтую кабінку, апусьцяць як у туалет сваю паперу… Самае галоўнае ў гэтай гісторыі — гэта акт. А акт захоўваецца 25 гадоў. Пры любым раскладзе Лукашэнка скажа: падыміце акты. І паўсюль будзе, што ён перамог. А ўсе бюлетні будуць спаленыя. Я сам хацеў быць кандыдатам у прэзыдэнты, але я ад гэтага шоў адмовіўся. Бо я працаваў у Камітэце, жыў у Драздах 15 гадоў, у мяне цешча — дачка Машэрава, таксама балятавалася. Я ведаю болей, чым увесь гэты ўзяты народ. Я Аляксандра Рыгоравіча ведаю асабіста. Калі ён быў дэпутатам і ня быў прэзыдэнтам. Цяперашнюю апазыцыю я не разумею і не хачу прызнаваць. Я вельмі добра дачыняюся з Пазьняком празь людзей. Ён жыве ў Ню-Ёрку ў адным пад’езьдзе з маім таварышам. І ён сказаў: улада проста так дэмакратычным шляхам выбараў не аддаецца. Яе трэба браць сілавым мэтадам. Ня трэба зброі. У сёньняшні момант калі паўмільёна з усёй Беларусі прыйдзе да 12, напрыклад, гадзін, то да шасьці гадзін вечара гэтай улады ня будзе. Як пала камуністычная ўлада — вы памятаеце?
„Проста дай жыць“
— Я сымбалічна ўзяў газэту. Гэта „Советская Белоруссия“. У лютым пра мяне выйшаў разносны рэпартаж. Я фэрмэр. На ўсю краіну маё імя было спаганенае і спаскуджанае, нібыта я неэфэктыўна выкарыстоўваў зямельныя рэсурсы, якія мне, падкрэсьліваю, у 18-м годзе ўвосені перадалі як фэрмэру. Насамрэч нават тры гады па нашым дзейным заканадаўстве я вызвалены ад падаткаў і гэтак далей. Але іншай дапамогі ад дзяржавы няма. І яшчэ я хацеў скарыстацца выпадкам, я ўпэўнены, што нехта з ураду глядзіць. Я некалькі гадоў таму праяжджаў каля яго рэзыдэнцыі ў Астрашыцкім гарадку і я бачыў за высокім плотам навюткі бульбаўборачны камбайн. Я яшчэ пасьмяяўся сам сабе. І праз паўтара месяца ў навінах па ўсіх каналах БТ паказваюць рэпартаж, як ён уручную капае бульбу. Колькі можна хлусіць. Сыдзі. Забяры мільярды нарабаванага і проста сыдзі. Проста дай жыць.
„Матэматычны квадрат“
— Вось можаце зьняць майго дзядулю, яму 72 гады, папрасіў: адвязі мяне паставіць свой голас за перамогу. Ён вынаходнік.
— Так, вынаходнік. Ну, думаю, паколькі ён (Цапкала) навукай займаецца, я як бы кампаньёнам станаўлюся. Таварыш параіў, што ён мне дапаможа па матэматыцы прасунуць свае вынаходніцтвы.
— У яго ашаламляльныя вынаходніцтвы. Пакажы, вось. Яго вынаходніцтва можа прасоўваць інфармацыйныя тэхналёгіі. І вось Валеры Цапкала, ён якраз пазыцыянуецца з ПВТ. І калі ўся краіна стане ПВТ… Вось глядзіце, вось гэты ўнікальны квадрат, які вынайшаў вось гэты чалавек, Мікалай Лявонаў, наш, беларус. Квадрат дазваляе вывучаць матэматыку ў пачатковых клясах. І стаіць задача, каб у кожным сшытку быў надрукаваны гэты матэматычны квадрат.
— Справа ў тым, што я Аляксандра Рыгоравіча таксама вельмі моцна паважаю, бо пры яго ўладзе не адбываліся вялікія войны ў нас і канфлікты. І за тое, што ён спартовец добры. І я таксама спартовец, рэкардсмэн. Таму ведаеце, як гаворыцца, у нас добрыя людзі і прэзыдэнты добрыя. Таму нічога супраць яго ня маем. Ну а гэты таварыш мне дапаможа ў гэтым.
„Стаім, каб паказаць, што мы ёсьць“
— Мы гадзіны дзьве ўжо, напэўна, стаім. Мы не стаім, каб паставіць свае подпісы, у нас няма такой мэты. Стаім, каб паказаць, што мы ёсьць, што мы пратэст супраць гэтай улады. Подпісы пакуль незразумела за каго ставіць, бо я як бы супраць і тых блогераў, якія выступаюць і лічаць, што яны могуць быць прэзыдэнтамі. Я лічу, што пакуль няма годнага кандыдата, трэба байкатаваць гэтыя выбары. І рабіць іншыя. Даць магчымасьць людзям, якія сапраўды хочуць сябе паказаць, якія разумныя. Каб яны выступілі і каб мы выбралі. А гэта проста фарс. Я з тых людзей, хто перамены прыйшоў падтрымаць. Трэба па паўгода-год прызначыць якога-небудзь выканаўцу абавязкаў і каб за гэты час народ паглядзеў на вартых кандыдатаў. А ня так, як цяпер, калі па дзяржканалах не паказваюць нічога.
„Беларусь вельмі багатая дзяржава“
— Беларусы знаходзяцца пад гіпнозам, што Беларусь бедная дзяржава. Вось я працую на будоўлі, ужо 16 гадоў, тут у Менску на вялікіх аб’ектах — рэканструкцыя вуліц, разьвязкі. І мне хацелася б зьвярнуць увагу, што насамрэч Беларусь вельмі багатая дзяржава, адна з найбагацейшых краінаў Эўропы па рэсурсах. Але людзі пра гэта ня ведаюць, гэтая інфармацыя схаваная. Вось, напрыклад, узяць зямельны рэсурс. У нас 2,6 гектара, Вялікабрытанія, Бэльгія — 0,3 гектара. У нас атрымліваецца на кожнага чалавека зямлі ў 10 разоў болей, чым у асобных эўрапейскіх дзяржавах. Што да карысных выкапняў, у нас ёсьць жалезная руда, каменны і буры вугаль, сусьветныя запасы солі, эўрапейскія запасы вады. У нас сваёй нафты беларускай на 30 гадоў. Але ўся гэтая інфармацыя замоўчваецца. Пра тое, што знайшлі буйное радовішча ў прыпяцкім прагібе — навіна прайшла адзін толькі раз. І атрымліваецца, што па чалавечых рэсурсах Беларусь найбагацейшая дзяржава. Колькі ў нас найразумнейшых людзей на будоўлі: прарабы, майстры. Ну як можа дзяржава не выкарыстоўваць такі рэсурс, як чалавечы энтузіязм?! І людзі нават ня ведаюць, што энтузіязм чалавечы — гэта рэсурс дзяржавы. Дзяржава павінна быць пабудаваная не на страху, як у нас, а на энтузіязме. Час страху закончыўся, час гопнікаў мінуў. Цяпер прыходзіць час рамантыкаў. І толькі рамантыкі створаць умовы для разьвіцьця Беларусі і створаць краіну для жыцьця.
25 траўня адбыўся пікет за Ціханоўскую ў Слуцку.
„Пятнаццаць гадоў пражыла з мужам амонаўцам“
— Напэўна, накіпела. Ці гэта нармальна, калі я, маці дваіх дзяцей, маю чатыры крэдыты, працую на дзьвюх працах, каб хоць неяк іх утрымліваць? І гэта толькі вярхушка айсбэргу. Валік, раскажы, якія ў нас праблемы.
— Ды, блін, тут можна днямі і тыднямі расказваць. Пачынаючы ад дзіцяці, у якога з нараджэньня ўжо дзьве тысячы даляраў доўгу вісіць. Трэба было будаваць лякарні, школы, а ён будаваў лядовыя палацы, свае рэзыдэнцыі, самалёты купляў. Таму так накіпела. Тут, я гляджу, знаёмых мала чамусьці. А так у каго ні спытай, усе супраць. Таму што так, у людзей крэдыты, інакш немагчыма пабудаваць дом. Недзе хтосьці там можа, набліжаныя, за нейкія хабары…
— Вядома, хабары. А як у нас працьвітае наша слуцкая міліцыя, прывет! Як яны фабрыкуюць справы. Як штурхаюць людзей на злачынствы, каб зарабіць сабе зоркі на пагонах. А тое, што сям’я пазбаўляецца кармільца… Я першы раз за свае 36 гадоў прыйшла галасаваць. Пятнаццаць гадоў пражыла з мужам амонаўцам, дык іх абавязвалі галасаваць. А я не хадзіла ні разу, не хацела. Навошта? Адмоўчвалася. Думала, можа муж за мяне прагаласуе. А тут, прабачце, я ўжо разьвялася. І маю права голасу.
28 траўня жыхары Гомля сталі ў чаргу, каб падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую.
„Чаму я павінна так адзета быць?“
— Так жыць нельга болей. Таму я ўжо за любога, хоць з рогамі, толькі не за яго. 26 гадоў... Калі мы яшчэ два пэнсіянэры былі, то і муж падпрацоўваў. Тры гады як ён памёр... Я сябе не магу паважаць як чалавека. Вы разумееце чаму? Чаму я павінна так адзета быць? Чаму я не магу выехаць адпачыць. Я ў савецкі час лятала, у мяне сваякі ў Казахстане. Я лятала на самалёце. Я магла сплянаваць. Я год зьбірала гэтыя рублі, але я магла. Бо рубель быў рубель. А цяпер?.. Вось здарыцца зараз са мной нешта, я лягу на рукі дзяцей. А дзеці такія самыя, па трыста рублёў атрымліваюць. І я яшчэ са сваёй пэнсіі хачу штосьці дзецям. Ува ўсіх ёсьць дні нараджэньня, Новы год ва ўнукаў. Вось як жыць?
„Дзіцёнак увогуле беларускую не разумее“
— Па-беларуску крышачку размаўляю. Як называецца ў народзе, трасяначка. Вядома, мы больш прывыклі да рускай. Калі ўсё памяняецца, больш перавагі будзе беларускай мове, вядома, усе будуць размаўляць, старацца, і дзяцей сваіх прывучаць. У мяне дзіцёнак увогуле беларускую не разумее. Ну ўвогуле. На беларускай мове вершык — ён яго не разумее. Мне даводзіцца перакладаць на рускую, каб ён хоць трошкі зразумеў, пра што гаворка. Беларускай мове трэба болей гадзін аддаваць у школе. Бо гэта родная мова. Мы ўсё ж такі беларусы, мы ж ня рускія. Так, размаўляем па-руску, таму што 26 гадоў размаўляем па-руску. А хацелася б, каб дзеці ведалі родную мову, бо мы беларусы.
„Чаму не пакажуць у тэлевізары?“
— Чаму не пакажуць у тэлевізары вось гэтую масу народу? Чаму? Чаму не пакажуць, што ёсьць праблемы ў дзяржаве. І людзі прыходзяць выказаць сваю нязгоду з гэтай пазыцыяй дзяржавы. Чаму нашы пэнсіянэры, якія па сорак гадоў адпрацавалі, чаму яны жывуць як жабракі? Мая маці сорак гадоў адпрацавала на прадпрыемстве, у гандлі, яна атрымлівае трыста рублёў пэнсіі. Чаму гэтая Ярмошына і плюс сьвіта гэтая ў Драздах жывуць у мільённых катэджах? Адкуль у іх грошы, за што яны жывуць? За кошт народу. Дык навошта такая ўлада нам? Бясплатная мэдыцына? Мая маці ходзіць у лякарню. Якая бясплатная! За кожную паслугу заплаці грошы.
„Адпрацавала... на стале танцавала“
— Я бяз працы з 45-ці гадоў. Мяне проста прыбралі па сканчэньні кантракту, і больш я працы ў горадзе знайсьці не магла. У мяне малодшаму дзіцяці тады было 9 гадоў. Я вымушаная была зьехаць і зарабляць грошы на дзіцёнка дзесьці там — у Польшчы, у Расеі, у Рызе, па ўсім сьвеце. Разумееце? У мяне быў стаж 21 год на адным месцы. І калі я прыйшла ў адну арганізацыю ЖБІ па спэцыяльнасьці, узялі маю працоўную і сказалі: з такімі, як вы, проста так кантракты не разрываюць. Я кажу, дык што, я 21 год адпрацавала, а на 21-ы на стале танцавала? У мяне ні заўвагаў, ні вымоваў. І я кажу гэтай жанчыне: ведаеце, у вас зьменіцца кіраўніцтва і вы, дакладна так, як я, можаце аказацца на вуліцы. Яна кажа: чаму я? Я кажу: рукі потныя, фрызура не спадабаецца, тысяча прычын. Гэта маё дзяцінства, кіно „Цацка“, рукі потныя... Я не запатрабаваная, я не патрэбная радзіме. Павінны быць працоўныя месцы. Плюс. У якую кантору ў Гомелі ні зайдзі, на кожным паверсе сядзяць аднафамільцы. Гэта ні для каго не сакрэт. Ну жаночы пол замуж узялі, яны прозьвішчы памянялі, а так яны ўсе аднафамільцы. У нас павыцягвалі з усіх вёсак, усе свае, радня, дзядзькі-пляменьнікі. А тыя, хто нарадзіўся ў Гомелі, ня маюць вялікай радні, усе беспрацоўныя.
„Як у Эўропе, Амэрыцы“
— Што трэба мяняць? Адносіны да народу, каб былі больш цывілізаваныя, як у Эўропе, Амэрыцы. Каб не было грубасьці, жорсткасьці з боку дзяржавы.
„Нічога не атрымала ад яго праўленьня“
— Буду галасаваць за Лукашэнку. Я ў Расеі працавала, падлогі мыла сем гадоў там. Я бачыла расейскіх дзяцей у Скліфасоўскага, якія бяз ног, бяз рук ляжалі там. А я Лукашэнку дзякую, бо мае дзеці не ваявалі ні ў Чачні, ні ў Афганістане. Я пра іншае не кажу. Я пэнсію зарабіла, мая пэнсія 300 рублёў. І мае дзеці мяне ўтрымліваюць. А мае ўнукі ў Расеі цяпер сядзяць на карантыне і ў школу ня ходзяць ужо тры месяцы. Яго штрафуюць, майго сына, за тое, што ён па хлеб выходзіць у Туле... 26 гадоў, можа быць, і многа. Але нельга вось так агульна вось так. Я асабіста нічога не атрымала ад яго праўленьня. 300 рублёў пэнсіі. Я пэдагог-дашкольнік, што я магла зарабіць? Але ва ўсякім разе мы ходзім цяпер па вуліцы. У Расеі людзей душаць за гэта, а ў нас людзі ходзяць свабодна і дыхаюць.
„Я выплёўваю лёгкія“
— Мяне завуць Валеры, я зваршчык. І ў чым, растлумачце, розьніца. Міліцыянт ідзе на пэнсію ў 45 па шкоднасьці. А я па шкоднасьці — тое, што я выплёўваю лёгкія — павінен ісьці ў 60. Мне на дадзены момант амаль 50 гадоў. Я ўжо павінен у савецкі час ісьці на пэнсію. Па гарачай сетцы. У мяне трое дзяцей, я на дзьвюх працах змагаюся. Шукаю нейкія падпрацоўкі. Тысячы рублёў у нас няма. Я магу пры вас адкрыць інтэрнэт і вось: праца зваршчыка патрабуецца — 300 рублёў, 200 рублёў, 500 рублёў. Нармальна? Дзе наша абяцаная тысяча? Я не магу так, як мае бацькі ў савецкі час, пабудавацца бясплатна. Я беларус, не ўкраінец, не расіянін, я беларус, я родам адсюль, я вясковы хлопец. І я хачу, каб было так, як пры маіх продках. А тое, што ігнаруюць, то бок ламаюць наша грамадзтва, я гэтага не разумею. Прэзыдэнт тое, што кажа народ, ігнаруе. Таму патрэбны новы прэзыдэнт. Гэты ўжо ня здатны. Ён ужо накраўся.
„Ня ведаем суседзяў на лесьвічнай клетцы“
— Трэба аб’ядноўвацца. Ёсьць праблема, на мой погляд, што мы часта ня ведаем суседзяў на лесьвічнай клетцы. Такі час цяпер. Гадоў 15-20 усё было па-іншаму. Павінна быць нешта агульнае, што б усіх аб’ядноўвала, каб людзі не баяліся нават выходзіць подпісы сабраць. Я не баюся. Ну пасадзяць на суткі, адміністратыўку, ну пасяджу.
„Прадпрымальнікі праселі“
— У сувязі з пандэміяй, як вядома, закрытыя межы расейскія. Увезьці тавар немагчыма. Адпаведна ўсе прадпрымальнікі праселі, многія там да істэрыкі. Адабралі ралет, адабралі магазін. Арэнду ніхто ні на капейку ня зьнізіў. Ніхто нічым не дапамагае абсалютна. Вось проста кінулі, выжывайце, як хочаце. Мы хадзілі ў аблвыканкам, мы хадзілі ў гарвыканкам. Нам кажуць: няма каманды зьверху. Што рабіць прадпрымальнікам, калі мяжа закрытая, не ўяўляю.
„Гэта ж не кітайскую вучыць“
— Мяне завуць Сьвятлана. Я тут, бо мне вельмі крыўдна, што мы не размаўляем на сваёй мове. Ведаеце, гэта ж не кітайскую вучыць ці нямецкую, калі хтосьці не вучыў. Гэта ж наша родная мова, мы ўсе яе разумеем. Нават калі мы не гаворым на ёй. Яна ў нас у крыві… Каб людзі пачалі размаўляць на мове, гэта павінна зрабіць дзяржава. Само сабой нічога ня будзе.
29 траўня жыхары Горадні выйшлі на пікет у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
„Чаму я павінна зьяжджаць?“
— Ад імя моладзі хачу сказаць: чаму я павінна хацець уцячы са сваёй краіны па лепшые жыцьцё? Я хачу тут атрымліваць добрую адукацыю, мэдычную дапамогу, добрую працу мець, а не атрымліваць 200 даляраў, калі пашанцуе. Мяне нядаўна скарацілі, бо працадаўца спачатку вырашыў, што трэба шмат людзей, а аказалася, што мала трэба для працы. І ўсё, я цяпер бяз працы. Я за тры месяцы працы па 12 гадзін два праз два дні атрымала 400 рублёў. На што мне жыць тры месяцы за 400 рублёў? Мне 18 гадоў. Я працавала ў краме касмэтыкі тут недалёка. Нас перавялі ў ГЦ „Triniti“, які цяпер адкрыўся. Праз пандэмію туды ніхто ня ходзіць. І ўсё, ідзіце гуляйце. Нас не хвалюе, чым вы будзеце займацца. Кожны дзень я праглядаю вакансіі. Патрэбныя кіроўцы таксі, дальнабойшчыкі, прадаўцы — там патрэбны вопыт, а дзе я вазьму вопыт? У прынцыпе працы ніякай няма. Прадаўцом кудысьці за 400 рублёў… 400 рублёў! Мне проста сьмешна. 500 даляраў… Дзе мае 500 даляраў? Лукашэнка, скажы, калі ласка. Усе мае знаёмыя, яны незадаволеныя. Многія ўжо зьехалі ў Польшчу вучыцца і жыць. Цяпер зьяжджае мой сябра працаваць у Нямеччыну на некалькі месяцаў, можа на паўгода. Людзі хочуць жыць, а не выжываць. Я б таксама вельмі хацела зьехаць, але чаму я павінна зьяжджаць, гэта мая краіна, я не хачу зьяжджаць.
„Рабы Эўразьвязу“
— Тут палова людзей ня ведаюць, што такое свабода, быць свабодным. Тыя ж палякі, літоўцы, яны рэальна свабодныя. Некаторыя тут кажуць: ой, літоўцы, яны рабы Эўразьвязу. Ды ніякія яны не рабы Эўразьвязу, яны жывуць рэальна круцей за нас. Нават гэтая маленькая краіна, як Горадзенская вобласьць, яна жыве лепш за нас. А чым мы горшыя за іх? Мы такія ж людзі, мы хочам гэтаксама жыць.
„Ня радасна“
— Неяк так ня радасна. У нас ужо даўно мы ня радуемся нічому, ні адзін адному. 26 гадоў... быццам палова жыцьця кудысьці сышла ў нікуды. Хочацца, каб у будучыні гэта ўсё было лепей, весялей. Каб мы зноў радаваліся.
„Усім запраўляюць людзі ў цывільным“
Дзяніс Урбановіч, лідэр „Маладога фронту“:
— 16 чэрвеня я выйшаў пасьля 15 сутак арышту на Акрэсьціна. Там у ЦІПе цяпер трымаюць актывістаў выбарчай кампаніі. Усім запраўляюць не міліцыянты, а невядомыя людзі ў цывільным.
Яны паводзяць сябе як гаспадары, і кожны іх загад міліцыянты кідаюцца выконваць, як падначаленыя. Мяркую, яны з КДБ ці зь якой іншай сілавой структуры, бо паводзяць сябе нахабна, іх усе баяцца. Яны зьдзекуюцца зь вязьняў, хамяць, пагражаюць. Ад іх былі такія выразы, якіх раней я ніколі ня чуў: „Ператворым цябе ў агурок“, „Ты сюды трапіў, каб пакутаваць“, „Павесім ці сам павесісься, і ніхто правяраць ня будзе“…
Гэта на іх загад у камэрах, дзе ёсьць палітычныя, падлогу заліваюць вадой з хлёркай. Я сам сядзеў у такой камэры, дзе вады было па шчыкалатку, а матрацы адабралі, каб вязьні не маглі адпачыць. Калі я папрасіў анучу, каб выцерці з падлогі ваду, ахоўнікі сказалі: „Здымай штаны і выцірай“.
Вада з хлёркай — гэта ня сродак дэзынфэкцыі, а зьдзек зь вязьняў. Усім іншым арыштантам у камэры кажуць, што гэта „праз палітычных“.
8 чэрвеня ў ЦІП быў зьмешчаны Павал Севярынец, а таксама іншыя актывісты, якіх затрымалі ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Зь імі абыходзяцца асабліва жорстка. Ад аднаго сукамэрніка я пачуў, што Севярынца білі па нагах, адабралі Біблію і зьмясьцілі яго ў халодны карцэр. Калі яму давядзецца сядзець 75 сутак, не ўяўляю, як ён вытрымае. Я недзе праз 10 дзён у звычайнай камэры страціў арыентацыю — колькі сяджу, калі выходзіць. А там увогуле жахлівыя ўмовы. Ахоўнікі і людзі ў цывільным зьбівалі таксама актывіста „Эўрапейскай Беларусі“ Максіма Вінярскага, які абвясьціў галадоўку.
У дворыку я чуў голас Вольгі Мікалайчык. Зь ёй таксама вельмі жорстка абыходзяцца, не зважаюць, што жанчына.
Я быў сьведкам таго, як у ЦІПе прымалі жанчын у цішотках з надпісам „Краіна для жыцьця“. Там было шмат амонаўцаў з аўтаматамі. Шмат людзей у цывільным. Як прывезьлі тых жанчын, іх пачалі аглядаць. Асабістыя рэчы проста выкідалі на зямлю. Жанчыны абураліся, патрабавалі, каб іх аглядалі супрацоўніцы-жанчыны. Але на іх раўлі, як на быдла: „Стаяць! Да сьцяны! Морду павярні!“. Там быў проста жах.
Мяне асабіста некалькі разоў моцна зьбівалі, у тым ліку перад судом білі па галаве. Шмат начэй запар у маю камэру па некалькі разоў урываліся ахоўнікі. Мне наўмысна не давалі выспацца, каб вывесьці з нармальнага псыхалягічнага стану, справакаваць на агрэсіўныя дзеяньні.
Я ледзь трымаўся. Нават простая просьба вывесьці мяне на прагулку магла закончыцца зьбіцьцём у калідоры.
Цяпер адносна вязьняў ЦІП уведзеныя розныя абмежаваньні: ім забаронена чытаць, іх не выводзяць на прагулкі, некаторым не даюць перадач. Першую маю перадачу проста высыпалі на падлогу і зьнішчылі.
Гарачай вады няма, кажуць, нібыта нейкі рамонт. Шмат у якіх камэрах вошы — мне таксама давялося іх душыць на адзеньні.
Буду скардзіцца ў пракуратуру на зьбіцьцё, зьдзекі і невыносныя ўмовы ўтрыманьня. Нават мне, які ўжо бываў на сутках, цяперашні кашмар цяжка было перажыць. Косткі дагэтуль баляць.