Беларуская звышлітаратура
Ад укладальніка
Ад чытаньня гэтых сьведчаньняў валасы на скронях ператвараюцца ў жорсткі дрот. Эмоцыі — або толькі адмоўныя або толькі станоўчыя, без паўтонаў. Як і увесь гэты год 2020 — у рэжыме „беларускай сынусоіды“, уверх-уніз: нас расстраляюць — мы пераможам — нас усіх пасадзяць — мы пераможам… Як і раніца кожнага дня, яшчэ ад пачатку пандэміі — суцэльныя bad news на сайтах і ў сетках — народ не пачуў ад уладаў ніводнага слова спагады і падтрымкі, толькі рэпрэсіі, абразы, пагрозы. Народ адказаў эўфарыяй вулічных шэсьцяў, дваравых канцэртаў, бел-чырвона-белых колераў паўсюль. На маршах у Беларусі ніколі ў гісторыі не было столькі шчасьлівых людзей. Гэта было шчасьце яднаньня ў галоўным — у візіі сваёй краіны, якой яна можа быць.
Беларускага лета 2020-га не чакаў, не прагназаваў, ня мог наваражыць ніхто. Падзеі відавочна не завяршыліся, і ўсё, што мы маем цяпер — факты і эмоцыі ў расповедах людзей, якія апынуліся ў цэнтры віраваньня. Зь іх галасоў і складаецца гэтая кніга.
Купалаўскае „мяшаецца праўда і зло“ ў Беларусі раптам перастала мяшацца. Мы думалі, што прывыклі жыць у гэтай сумесі дабра і зла, а аказалася — не прывыклі, цярпелі проста як не сваё, не беларускае зусім, нялюдзкае.
Шмат хто са сьведкаў кажа пра пераадоленьне страху, які раней сьціскаў сэрца і замінаў выходзіць. Але страх не прагоніш без замяшчэньня. На яго месцы павінна паўстаць штосьці іншае. Гледзячы на лавіну людзей, якія выйшлі ў 2020-м, разумееш, што страх замяшчаецца місіяй чалавечага адзінства, нібыта сотні тысяч людзей упершыню паглядзелі ў люстэрка і ўбачылі сябе сучаснай нацыяй.
Героі гэтай кнігі, якім давялося прайсьці праз катаваньні, часта распавядаюць пра тое самае, але сваімі словамі, шматгалосьсе стварае аб’ёмную карціну падзеяў. Але ведаеце, якую фразу сьведкі паўтараюць найчасьцей? „Мне пашанцавала“. У параўнаньні з тымі, каму не пашанцавала — хто выйшаў калекам або ня выйшаў увогуле.
Зьмянілася важнасьць словаў. Простыя і ў мінулым жыцьці банальныя словы сталі важнымі. Журналісты афармляюць іх па-ранейшаму: свая прэамбула, цытата, перабіўкі-пераказы, цытата, завяршэньне — усё так ці інакш са словаў сьведкі. Вяртаеш іх „назад“ — у маналёг ад першай асобы і проста фізычна адчуваеш, як тэкст амаль стопрацэнтава становіцца літаратурай.
Кніга ўкладалася ў жанры „шматгалосься“, за такі фармат Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, а яшчэ раней яго вынаходнік Алесь Адамовіч назваў яго „звышлітаратурай“, бо тут — абсалютная праўда, больш верагодная за дакумэнт. Дакумэнты можна падрабіць. Тут жа няма спакусы атрамаць ад падробкі нейкую карысьць, бо сьведчаньне толькі на шчырасьці і трымае давер да сябе, і адна фальшывая нота адразу разбурае інтанацыю ўсяго расповеду.
У гэтай кнізе няма галасоў кáтаў. Але ў аб’ёмных сцэнах, што паўстаюць з розных ракурсаў шматгалосься, можна пачуць і іх. Іх можна пачуць і ў галасах з праўладных мітынгаў, якія шукаюць сваё апраўданьне бесчалавечнасьці.
Ня простая загваздка — цытаваць турэмнага кáта, калі ён літаральна размаўляе расейскім матам. З аднаго боку, для верагоднасьці апісаньня цытаты мусяць быць дакладнымі, як таго патрабуе дакумэнт. Але такая дакладнасьць якраз і парушае верагоднасьць, бо надае сьведку не ўласьцівыя яму рысы, бо ён сам расейскага мату не ўжывае. Мат у турмах — прылада катаваньня, і ў нас ня мусіць складацца вобразу апавядальніка, які гэта прыняў. Бо не прыняў. Урэшце, са справаў мы пазнаем іншых, а не са словаў.
На першы погляд, гэтая кніга распавядае пра гвалт. Але гвалт з боку ўладаў не зьявіўся ў 2020-м, ён прысутнічаў у беларускім жыцьці заўсёды, быў і застаецца прадказальным. Непрадказальным героем уласнай гісторыі паказаў сябе беларускі народ, а гэта значыць, што ягоная непрадказальная будучыня залежыць толькі ад яго.