У аўтазаку
„Маліўся, каб жонку не чапалі. І тут у бусік закідваюць Аліну“
„Сказалі, павязуць у лес, дарога ў адзін канец“
„Будзеш рыпацца — заб’ю, бо сёньня можна“
„Міліцыянты дзейнічалі так, нібыта выбівалі зь неразумнага дзіцяці дур“
„Узялі бутэльку зь белай фарбай і вылілі мне на галаву“
„Лене з Магілёва яны стаялі каленам на горле, пакуль яна не захрыпела“
„Раптам убачыла свайго ўчастковага“
— Заштурхалі ў мікрааўтобус, у якім я раптам убачыла свайго ўчастковага. Ён быў у шлеме, але бяз маскі. Я ўзрадавалася. Мы зь ім даўно знаёмыя, ён мяне добра ведае. Вось, думаю, ён мяне зараз адпусьціць. Я ж нічога такога не рабіла. Але не адпусьціў. Наогул, мне здалося, што гэта ўжо нейкі іншы чалавек. Кажа, паедзеце з усімі, адказвайце за свае справы.
„Памерам з прыбіральню ў самалёце“
— У аўтазаку я трапіў у „стакан“: маленькая камэра памерам з прыбіральню ў самалёце, куды запхнулі 6 чалавек, у тым ліку старога. Дзядулю мы пасадзілі, а самі, стоячы, абняліся і заснулі (я раней ніколі стоячы ня спаў). Я расплюшчыў вочы гадзіны празь дзьве. Паспрабаваў удыхнуць, але ня змог. Я зразумеў, што ў нас фактычна няма кіслароду. Дзед быў жывы, але яму было кепска. Мы крычалі, каб нам пусьцілі кісларод. Хвілін праз 30 сапраўды ўключылі нейкі вэнтылятар. Ня ведаю, як мы выжылі без паветра… І толькі яшчэ праз гадзіну нарэшце завялася машына. То бок увесь гэты час мы нікуды ня ехалі: нас проста пасадзілі ў аўтазак на 4 гадзіны і сышлі.
„Ісьці па чалавеку“
— У бусе, куды мяне завёў амон, на падлозе тварам уніз ляжаў мужчына. Мне сказалі праходзіць у хвост бусіка, і атрымлівалася, што я магла зрабіць гэта, толькі калі ісьці па чалавеку. Я адмовілася, сказала: „Не пайду, пакуль вы мужчыну не падымеце“. На што ў адказ пачула: „Не табе тут дыктаваць умовы. Зараз усім астатнім будзе горш ад таго, што ты тут паўстаеш“. Мяне пачалі ўсаджваць сілай. Я пачала чытаць ім нешта накшталт лекцыі, казала, каб яны прачыталі хоць адну кніжку па гісторыі, нагадала, што адзіная каштоўнасьць дзяржавы — гэта чалавек. Амонавец ударыў мяне кулаком па галаве, але я ўсё адно не магла спыніцца. Тады мне заламалі рукі, зацягнулі іх хамутом. Яшчэ зьверху на мяне наваліўся амонавец — у такім стане мы чакалі, пакуль прывядуць яшчэ людзей.
„Прывяла ў шаленства амонаўца-кіроўцу“
— Так нас „спакавалі“ — чатырох лекараў. Доктарка-ўчастковы тэрапэўт пачала ім казаць, што парушаюцца нашы правы пры затрыманьні, чым прывяла ў шаленства амонаўца-кіроўцу. Ён стаў гарлаць нам, дарослым людзям з вышэйшай адукацыяй, што мы авечкі, якімі кіруюць з інтэрнэту, і нам плацяць. Мы спыталі, ці не баіцца ён захварэць, а мы будзем яго лячыць, што ён расцаніў як пагрозу. Тут яго і прарвала — ён крычаў: „Мяне лечаць у паліклініцы МУС, а калі да вас, пачвары, прыйду, то будзеце лячыць як міленькія! Вы, сукі, у «Эўраопт» ня ходзіце, вы амон не паважаеце!“ Тут я ня вытрымала і спытала: „А ёсьць за што?!“ Тут ён закрычаў: „Заткніцеся, а то фарбай пазначу!“
„Зачынілі дзьверы і пусьцілі газ“
— Пасьля нас пагналі ў „стакан“, нас запіхнулі туды ўдзевяцёх, мужчын паставілі на калені, рукі за галаву, ілбом у падлогу, зачынілі дзьверы… і пусьцілі газ! Я зайшла апошняю, мне дасталося першай. Я заплюшчыла вочы, закрылася маскай, старалася меней дыхаць. Дзяўчатам, якія стаялі побач, стала зусім дрэнна, адна спачатку кашляла, а потым стала падаць. Дзьверы адчынілі, мяне папрасілі адысьці крыху ўбок, а Ірыну (яна мэдык), падвялі да кратаў, каб яна магла дыхаць. Ёй стала лягчэй, але тут дзьверы зачынілі зноў і зноў пусьцілі газ. Усім стала дрэнна, я таксама пачала хіліцца ўбок.
„Касьмічны сіняк“
— Супрацоўнікі, якія мяне затрымлівалі, былі ў звычайным адзеньні: футболцы, штанах, красоўках. Білі выключна рукамі і па твары. Я ляжаў у мікрааўтобусе, мяне лупцавалі, я абараняўся неяк, скруціўшыся клубочкам. Таксама нагой мяне ўдарылі па біцэпсе. Пакуль я быў затрыманы, я хадзіў у майцы, астатнія затрыманыя пыталіся, дзе я займеў такі сіняк, бо ён быў фіялетавы, нават „касьмічны сіняк“. Памятаю, адзін з супрацоўнікаў наступіў мне красоўкай на вуха і проста склаў яго напалову. Праз гэта ў мяне зьявілася траўма вуха. Само вуха апухла, супрацоўнікі сьмяяліся і казалі: „О, вуха барцухі“.
„І запхаў дубінку мне ў задні праход“
— Там быў нейкі ідэоляг, загадалі падпаўзьці да яго. Ён задаваў пытаньні: „Хто вам плаціць? Як вы каардынуеце акцыі? Дрэнна жывецца?“ Я казаў, што нармальна жывецца. Была ня тая сытуацыя, каб „качаць правы“. Потым прыйшоў нейкі галоўны, сеў побач. Спытаў, у каго ёсьць прэзэрватыў. Надзеў яго на дубінку. Разрэзаў мне сподняе і запхаў дубінку мне ў задні праход. Было вельмі балюча. Ён патрабаваў, каб я разблякаваў тэлефон, — але я ня памятаў паролю. Мяне зноў пабілі, пакінулі ў аўтазаку. У мяне ў машонцы ўтварылася гематома, я патрабаваў доктара, але мне адмаўлялі. Толькі сьмяяліся.
„Як мяне прыводзілі ў прытомнасьць“
— Ад удараў я страціў прытомнасьць. Пасьля іншыя расказалі, як мяне прыводзілі ў прытомнасьць: давалі панюхаць нашатыр, ставілі ногі на грудную клетку ды білі па твары і геніталіях, пагражалі зрабіць клізму і выкінуць за Курапатамі. Зьбіваньне не прывяло мяне ў прытомнасьць, і яны пераключыліся на іншых затрыманых. Калі ўжо ў Цэнтральным РУУС выцягвалі з буса, мне ў твар вылілі вядро халоднай вады, пасьля чаго я ачуўся. Але яны былі ўпэўненыя, што я прыкідваўся, таму зноў пачалі біць. Байцы амону называлі нас „злачынцамі, якія ішлі нападаць на іхных жонак“.
„Жары валасы“
— Карацей, мяне закінулі ў аўтазак. Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амонаўцаў, мяне называюць „підарам“ і ставяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: „Мордай у падлогу“. Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: „Жары валасы“. Я маўчу, яны кажуць: „Жары валасы“, я маўчу. Яны кажуць: „Складай валасы ў кішэню“. Я склаў. Яны працягваюць мяне біць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах.
„Бліскуча сварылася з амонаўцамі“
— Дзяўчаты сталі пісаць эсэмэскі з нашымі прозьвішчамі праваабаронцам, а мяне папрасілі пасварыцца з амонаўцамі, каб яны не перашкаджалі, што я і зрабіла бліскуча. Мяне хлебам не кармі, а дай падаконваць амонаўца. Адзін быў адэкватны, а другі нейкі не зусім нармальны. Ён стаў мацюкацца, замахвацца на мяне дручком і мяне, пэнсіянэрку, абзываць курыцай (!!!), а потым як абвараны кіпенем выскачыў з аўтазака. Дзяўчаты пад шумок напісалі смс і далі мне адбой. Я змоўкла з пачуцьцём выкананага абавязку і вельмі задаволеная сабой.
„Катавальны аўтазак“
— Уздоўж дарогі стаяў аўтазак, крыху перад ім — іншы аўтазак, а ўздоўж іх — гэта значыць паміж мордай аднаго аўтазака і задам другога — яшчэ аўтазак, ён дзьвярыма стаіць. Я так зразумеў, што гэта быў катавальны аўтазак. Тут у мяне ўжо нічога не пыталіся, ні дзе мой каардынатар, ні колькі заплацілі. Яны менавіта проста зьбівалі. Ну проста паклалі мяне, і пачалі некалькі чалавек мяне біць па тых самых месцах, па якіх мяне білі яшчэ ў першым аўтазаку. Боль невыносны, я пачаў крычаць, пачаў выгінацца. Гэта значыць, было чыстае катаваньне, ня ведаю, зь якой мэтай. Але гэта мэтанакіравана стаяў катавальны аўтазак, па яго разьмяшчэньні, па тым, што там рабілася, можна было зразумець, што ён менавіта для гэтых мэтаў.
„Пацыфіст“
— Калі ўсіх вывелі з аўтазака, то зайшлі яшчэ тры амонаўцы. Адзін зь іх быў відавочна камандзір: старэйшы за ўсіх, з маршчынамі, гадоў пад 40. Ён на мяне глядзіць і кажа: чаго, маўляў, людзей душыш. Кажу: „Хлопцы, па-першае, пашкадуйце мяне, у мяне трое дзяцей, па-другое, я яго аб’яжджаў, я яго нават не зачапіў, і вы гэта выдатна ведаеце. І наогул, хлопцы, я па жыцьці пацыфіст. Я ні разу ў жыцьці ня біўся“. І вось калі я сказаў гэтае слова „пацыфіст“, яны як быццам усе завісьлі. У гэты момант атмасфэра ў аўтазаку рэзка зьмянілася. Я ня ведаю, што адбылося, але гэты камандзір на мяне паглядзеў і кажа: „Ты нават сабе не ўяўляеш, як табе пашанцавала сёньня. Выходзь“.
„Ну, я ж сам вас ня біў“
Віталь, 35 гадоў, інжынэр:
— Я адзін з тых, хто падаў заяву ў Сьледчы камітэт на міліцыянтаў, якія мяне зьбівалі. І з чым я сутыкнуўся зноў? Мы прыйшлі падаваць заяву ў Фрунзэнскі аддзел Сьледчага камітэту, а сьледчы да нас нават ня выйшаў, заявы прымалі міліцыянты гэтага РУУС. У адным зь міліцыянтаў я пазнаў чалавека, які быў у той спартзалі, дзе нас да крыві зьбівалі. Усьміхаецца, кажа: „Ну, я ж сам вас ня біў, я ж вам нават вадзічку даваў папіць“. Кажу яму: „Так, ты ня біў, але ж стаяў побач, глядзеў на гэтае дзікунства і нікому не дапамог, не пярэчыў“. Адказвае: „А што б зьмянілася? Я б загаду начальства не адмяніў. А на мне крэдыт вісіць, хто за мяне будзе выплочваць?“
За час арышту я шмат разоў чуў пра гэты матыў і ад амонаўцаў. Што на іх вісяць нясплочаныя крэдыты, выплачаныя наперад заробкі, ад чаго яны ня могуць адмовіцца выконваць загады. Але як можна аддаваць такія загады, я для сябе адказу дагэтуль ня маю.
Мяне спынілі амонаўцы непадалёк ад Камсамольскага возера. Гэта было 10 жніўня пад вечар. Я сапраўды зьбіраўся пайсьці да стэлы і паглядзець, што там будзе. Абурыўся вынікам выбараў, ведаў, што дзень таму там шмат затрымалі і пабілі людзей. Але мы зь сябрам ішлі мірна, нікога не чапалі і не крычалі. І вось на нас кідаюцца амонаўцы, кладуць на зямлю. Праглядаюць тэлефоны, нічога не знаходзяць, але ўсё роўна крычаць: „Адстрэлю табе яйцы, і мне нічога ня будзе!“ Дарэчы, і потым гэта гучала не адзін раз ад розных міліцыянтаў: нешта такое зраблю, заб’ю, і мне нічога ня будзе. Гэтыя людзі нібыта былі кімсьці насычаныя нянавісьцю і перакананьнем, што закон не для іх.
Нас зь сябрам зьбілі і спачатку кінулі ў аўтобус, які стаяў непадалёк. Памятаю, як туды аднаго за адным прыводзілі новых і новых ужо зьбітых людзей. Нават рыбака, які ехаў побач на ровары з вудай. Мужчына сталых гадоў, ён проста сумеўся ад таго, што зь ім робяць, але ўсё роўна яго кінулі да нас.
Потым быў аўтазак, якім мяне і ўжо некалькі дзясяткаў затрыманых даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Спачатку ў двор, потым у спартовую залю, дзе спачатку білі, потым маральна зьнішчалі, а ў канцы бралі паказаньні і прымушалі прызнаць віну. Там было самае пекла.
На ўваходзе ў залю стаяў высокі дужы амонавец, такі здаравяка, задача якога была біць усіх, каго ўводзілі. Як бы ён рабіў нам такі „ўрачысты“ прыём — каб было зразумела, куды трапілі. Сваё заданьне ён выконваў з садысцкім задавальненьнем: біў куды заўгодна рукамі, нагамі. Адусюль чуваць было страшэнныя мацюкі. Потым валілі на падлогу і плястыкавымі хамутамі зьвязвалі на сьпіне рукі. Хто варушыцца, падымае галаву, спрабуе паглядзець — адразу падскоквае амонавец і б’е палкай па галаве ці сьпіне. Мне гэтак зламалі дзьве рабрыны.
Шалёны псыхалягічны ціск — у тым ліку прымушалі хорам крычаць „Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка — самы лепшы прэзыдэнт“. Хто спрабаваў адмаўчацца, зноў атрымліваў дручком па сьпіне. Усіх, у каго бачылі белыя стужкі на руках, прымушалі іх зьесьці. Ад сваёй стужкі мне ўдалося пазбавіцца яшчэ ў аўтазаку.
Адборныя і самыя пахабныя мацюкі ліліся на затрыманых проста лявінай. Я яшчэ ніколі ў жыцьці ня чуў столькі брыдкіх словаў ад жанчын-міліцыянтак. Там была сьледчая Карына, яна праводзіла апытаньне. Ніколі б не падумаў, што дзяўчына можа ўжываць такі набор лаянкі! Да таго ж у яе яўна былі садысцкія схільнасьці. Іншыя міліцыянткі, якія праводзілі апытаньне затрыманых, таксама не вызначаліся літасьцю.
Сядзіць вабная дзяўчына гадоў 20, можа, курсантка акадэміі ці толькі скончыла. Вакол крычаць, стогнуць, а яна ўсьміхаецца, жартуе з амонаўцамі. Каву сабе разьліваюць. Да яе падводзяць чарговага затрыманага. А там ня толькі маладыя былі, але і сярэдніх гадоў, нават пажылага веку людзі трапляліся. Карацей, кожны другі ёй мог быць старэйшым братам ці бацькам. Ня ўсе адразу пагаджаліся падпісваць іхныя паперы. На гэта яна звонкім голасам падзывала амонаўца: „О, у нас тут герой. Адмаўляецца падпісваць“. І чалавека пры ёй адводзілі ўбок, зноў бязьлітасна білі і прыводзілі да яе ўжо паслухмянага. „Ну, цяпер будзем падпісваць? Ясна, будзем“, — і задаволена ўсьміхаецца.
Амаль дзень мяне трымалі ў Фрунзэнскім РУУС, адкуль без усякага суду адправілі ў жодзінскі ізалятар.
Яшчэ раз пераадолеў сябе, калі пайшоў падаваць заяву пра зьбіцьцё ў сьледчы аддзел Фрунзэнскага раёну, а той знаходзіцца ў тым жа будынку Фрунзэнскага РУУС, дзе мяне дзень зьбівалі. Сапраўды было страшна туды ісьці. Не пайшоў бы, калі б не „наіўная вера“, што яшчэ можна неяк зьмяніць становішча.
„Мама, мне сорамна прызнацца, але я плакаў“
Іна, маці 14-гадовага Давіда, Берасьце:
— 10 жніўня мы з Давідам, ягоным айчымам і сябрамі вярталіся дадому праз мост з цэнтру гораду ў мікрараён Паўднёвы. Проста на мосце амон узяў нас у ачапленьне.
Нас паставілі на калені. Па баках уздоўж бардзюра стаялі на каленях мужчыны. Іх білі. Яны там раўлі. Я паказала свае рэчы, нічога не знайшлі, сказалі ісьці, але сына не аддавалі. Ім было ўсё роўна — паўналетні ён ці не. Мяне літаральна вытаўклі ў карак.
Я патэлефанавала на 102, але ніякіх зьвестак, акрамя крыкаў ад дыспэтчаркі, не пачула. Маўляў, няма чаго лазіць зь дзіцем. Сказала — ідзіце дадому, заўтра вырашыце ўсё — і кінула слухаўку.
А 4-й раніцы 11 жніўня мне патэлефанавалі зь незнаёмага нумара і сказалі прыяжджаць забіраць сына, але не сказалі, куды, і зноў кінулі слухаўку. Пасьля высьветлілася, што яны бралі выпадковы тэлефон некага з затрыманах з кучы мабільнікаў, званілі да бацькоў, а пасьля тэлефон зноў кідалі ў кучу.
Я ўсё ж даведалася, дзе ўтрымлівалі Давіда — у казармах вайсковай часткі. Пад будынкам там былі дзясяткі разгубленых бацькоў, якія чакалі выхаду дзяцей. Мне загадалі падпісаць пратакол, дзе было адзначана, што Давід браў удзел у пратэстах.
Яны напісалі, што яго затрымалі на плошчы на мітынгу. Я адмовілася падпісваць і напісала, як было. А дзіця яны так проста не аддавалі. Вывелі ў цёмны тамбур, маўляў, паглядзіце, ці ўсё ў парадку. Там нічога не відаць. Зачыняюць дзверы, даюць лісток, трэба напісаць, што ня маеш прэтэнзіяў. Пасьля ўжо мы пабачылі сьляды ад дубінак, гематомы, гузы.
Давід расказаў, што ў затрыманых нават не пыталіся, хто яны і адкуль, проста білі і зьдзекаваліся. Ува ўсіх забіралі тэлефоны, а калі выпускалі, тэлефон немагчыма было знайсьці, бо мабільных была гара. Без вады і прыбіральні ўсе затрыманыя ляжалі на падлозе. Падымаць галаву не дазвалялі. Калі хтосьці глядзеў убок, яго пачыналі біць.
Сын мне сказаў: „Мама, мне сорамна прызнацца, але я плакаў“. Усе плакалі, не шкадавалі нікога. І дарослыя мужыкі раўлі. У сына здранцьвелі рукі і ногі, але баяўся паварушыцца.
Да нядзелі 16 жніўня я ня ведала, дзе знаходзіцца Давідаў айчым Дзяніс. Яго не было ні ў адным са сьпісаў.
Я тэлефанавала і шукала Дзяніса. У аддзяленьні здымалі слухаўку і маўчалі або адкладалі яе, і было чуваць хіхіканьне. У мяне сямёра дзяцей, малодшы — інвалід. Я ўсё жыцьцё хаджу па інстанцыях, і паўсюль хамства, зьнявага і несправядлівасьць.
Дзяніса выпусьцілі ўначы 17 жніўня. Яму прысудзілі 10 сутак. Нягледзячы на стан здароўя, бо ён таксама ўвесь пабіты і шакаваны.
Дзяніс:
— Я шмат што бачыў, але каб зьбівалі жанчын і дзяцей, у гэта я паверыць ня мог. Мы чулі, як адна жанчына крычала, што цяжарная, а яны білі яшчэ мацней. Пасьля выхаду мяне агледзеў доктар, сказаў, што адбілі нырку або паламалі рэбры. Трэба ехаць у шпіталь.
На шчасьце, вярнулі ўсе дакумэнты, акрамя мабільнага і грошай. Тэлефон, сказалі, перададуць у Менск, дзе будуць „вывучаць“. Прымушалі сказаць, што ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі, але сказаў усё, як было.
Іна:
— У Сьледчым камітэце 17 жніўня мы прабылі амаль шэсьць гадзінаў, а скаргу можна падаць толькі цягам пяці дзён пасьля вызваленьня. Са скаргамі ў Сьледчы камітэт стаяць натоўпы.
„А потым мяне падстрэлілі“
Кіра, 31 год, журналістка:
— Гэта было першае галасаваньне ў маім жыцьці: раней я не цікавілася палітыкай. Толькі мяне ў сьпісах для галасаваньня не знайшлося. Старшыня камісіі мітусьліва пераконвала, што ў гэтым няма ніякай праблемы, запісала мае зьвесткі на сурвэтку, сунула яе ў кішэню і выдала чысты бюлетэнь. На гэтым этапе я канчаткова пераканалася, што галасаваньне — толькі фармальнасьць.
Помню, дадому я вярталася з апушчанай галавой і напявала зь м’юзыклу „Чыкага“, дзе сантэхнік называў сябе цэляфанавай празрыстай істотай, якая нічога не вырашае, і ад якой усе адмахваюцца, як ад сьмецьця. Думаю, падобную „цэляфанавасьць“ на выбарах адчулі многія, бо пад вечар 9 жніўня Менск абурана гудзеў. Магчыма, калі б у краіне не адключылі інтэрнэт, я б засталася дома і сачыла за падзеямі ў YouTube. Але сядзець у чатырох сьценах было немагчыма, і я выправілася ў цэнтар гораду.
Праяжджаць міма школ было вусьцішна: восем вечара, зьмярканьне, сотні людзей стаяць каля дзьвярэй будынка і за тэрыторыяй, моўчкі чакаючы вынікаў выбараў на ўчастку. У цэнтры аказалася ня лепей: рэкордныя заторы на дарогах, сыгналы кляксонаў, голас Цоя з кожнай другой машыны, тысячы пешаходаў у белых футболках на тратуарах. З натоўпу стала далятаць інфармацыя, што сілавікі перакрылі цэнтар па пэрымэтры і заблякавалі людзей у тэрытарыяльных квадратах такім чынам, каб усе ахвотныя не маглі сабрацца каля стэлы. З боку стэлы бліскалі ўспышкі.
Я апынулася ў групе заблякаваных у раёне Нямігі. Ніякага мітынгу там не было. Тысячы людзей разгублена блукалі па вуліцах без магчымасьці даехаць дадому, аўтамабілісты падтрымлівалі пешаходаў, нейкі пэнсіянэр на ровары гістэрыў, што нас усіх зараз заб’юць, а астатнія напружана чакалі.
І мы дачакаліся. На дарозе зьявілася калёна аўтазакаў, вайсковай і міліцэйскай тэхнікі, зь іхнага боку ўзрываліся пэтарды і ішоў дым. У той вечар я ўпершыню ўбачыла столькі ўзброеных людзей: калёна амону грукала шчытамі перад тварамі грамадзян на аўтобусным прыпынку, за імі стаяла ўзброенае падмацаваньне ў шаломах, зь пярцовымі балёнчыкамі, дубінкамі і зброяй. Супраць каго? Супраць людзей у шортах, якія нават на мірны пратэст ішлі выключна на зялёны сыгнал сьвятлафораў?
Неўзабаве калёна сілавікоў пачала выцясьняць людзей у бок праспэкту Незалежнасьці. Я падумала, што зараз нас сьціснуць у кольца і расстраляюць, але ў той раз абышлося. Апынуўшыся на праспэкце, людзі спрабавалі размаўляць зь сілавікамі, але дыялёгу ня выйшла: тыя адмоўчваліся або пагражалі. Жыхары дамоў размахвалі бел-чырвона-белымі сьцягамі з вокнаў і падказвалі мінакам, у якім баку „пакуюць“ у аўтазак. Кожныя пяць хвілін гучалі сырэны „хуткай дапамогі“ і крыкі затрыманых.
Дадому трапіць было немагчыма, а заставацца на вуліцы небясьпечна, таму рэшту ночы пасьля выбараў давялося правесьці на вакзале ў пачакальні. Дарэчы, раніцай дарогу дадому мне перакрылі два супрацоўнікі амону ў балаклавах. Адзін зь іх схапіў за руку са словамі: „Што гэта ў нас за белы бранзалет такі… Мітынгуем?“ — „Гэта гумка для валасоў, яна сьветла-ружовая“.
Гэта быў самы небясьпечны момант за ўсю ноч, але пазьней я зьдзіўлялася, што мяне адпусьцілі.
10 жніўня. Інтэрнэту дагэтуль няма. Увечары нават да майго спальнага раёну дайшлі сыгналы машын, а пад вокнамі суседзі абураліся, што галасавалі ўсім домам, а ў журнале рэгістрацыі на ўчастку ад нас усяго 4 чалавекі…
Ня маючы ніякай інфармацыі, проста на покліч сэрца я рушыла ў цэнтар гораду. Але на вуліцы Прытыцкага рух транспарту спыніўся, кіроўца стаў выпускаць пасажыраў з тралейбуса, а крыклівая бабка абуралася ў натоўп: „Ну і як мне цяпер дайсьці дадому?! Ідыёты, ходзяць яны тут, рожкі паказваюць! Дрэнна вам жывецца? Вунь палова моладзі на машынах езьдзіць… Сталіна на вас няма, у склепах не жылі, ня ведаеце, як гэта: дзень на заводзе адпахаць, а потым паўтары гадзіны ў чарзе па тую сінюю курыцу стаяць. А вам усё перамен! Цьфу!“
На скрыжаваньні вуліцы Прытыцкага і праспэкту Пушкіна, проста на праезнай частцы стаялі мінакі са сьцягамі, крычалі „Уходи!“, кіроўцы іх падтрымлівалі. Я зьбіралася ў цэнтар і падумала, што Пушкінская — невялікая выспачка пратэсту гэтым вечарам, прамежкавы пункт.
Я пайшла далей, у бок гіпэрмаркета „Карона“ па Кальварыйскай. Потым убачыла вялікую групу людзей насустрач — стала вяртацца. Амаль адразу закрычалі: „Мянты едуць!“ Усе разьбегліся ў двары побач са скрыжаваньнем. Я забегла ў пад’езд, але нічога не было відаць, таму вырашыла вярнуцца.
Я выйшла якраз побач са скрыжаваньнем. Праз дарогу, з боку гатэлю „Арбіта“ і кінатэатру „Аўрора“, выстраілася калёна амонаўцаў са шчытамі. Людзі хаваліся за дамамі і назіралі. Так атрымалася, што я выйшла бліжэй, у адзін зь першых шэрагаў. Напярэдадні такая калёна стаяла за мэтар-паўтара ад мяне. І яны нічога не рабілі. У прынцыпе, у іх не было падставаў. Таму я не баялася.
Сёньня інтэрнэт поўны жахлівых хронік таго вечара, але ў эпіцэнтры падзеяў яны ўспрымаліся інакш. Напрыклад, я ня бачыла забітых ці параненых. Я была ўпэўненая, што ўсё, што адбываецца — спэцэфэкты, нас проста палохаюць, каб разагнаць. Як журналіст я проста назірала. А потым мяне падстрэлілі.
Я адчула моцны ўдар у плячо, як быццам здаровы мужык урэзаў мне кулаком. Але нікога побач не было, і стала ясна, што прыляцеў нейкі прадмет. Ад шоку боль быў не такі ўжо моцны, я нават ня ўпала і не ўпусьціла тэлефон. Мой розум уключыў рэжым кампутара: вось праблема, цяпер думай, як вырашыць яе, выжывай. Я нават бегла... Я цяпер у гіпсе не магу і трошкі прабегчы. Нават у лякарні яшчэ не разумела, што адбываецца, пыталася: „Мне можна будзе тут паспаць, ці вы мяне дадому адправіце?“
Мне вельмі пашанцавала: „хуткая дапамога“ дзяжурыла ў суседнім двары. У карэце я ўбачыла яшчэ аднаго параненага: у хлопца з галавы цякла кроў, у пахвіне была рваная рана, і ён стагнаў, што адарвала два пальцы. Жудасна, што ў параўнаньні зь ім мне пашанцавала. Паранены тэлефанаваў жонцы і плакаў. На трэці званок я ня вытрымала: „Саша, заткніся! Пра жонку падумай: яна там пасівее да раніцы ад тваіх расказаў. Я вунь дзяўчына, і то бацькам не тэлефаную, каб яны гэтую ноч паспалі. Горш ужо ня будзе, зараз нас давязуць у лякарню і зашыюць, супакойся!“. Быццам бы супакоіўся…
Да таго часу сілавікі адчулі смак і сталі труціць цывільных газам. Доктара ў машыне пачало ванітаваць на падлогу, людзі з вуліцы ламіліся да нас у машыну ў надзеі атрымаць дапамогу, я піла ваду і старалася дыхаць роўна і носам. Нават вось у такой атмасфэры стала ў тэлефоне чысьціць фатаздымкі за суткі. Мы не маглі выехаць мо паўгадзіны, бо ўсё было перакрыта.
І зноў пра шанцунак. Я трапіла адразу ў лякарню, дзе дактары спэцыялізуюцца на ваенна-палявой хірургіі. Але і кантынгент там суровы. Зь першых хвілін суседка па палаце і санітаркі накінуліся з папрокамі: „Ага, глядзі, Лена, пачалося… Прыперліся, рэвалюцыянэры хрэнавы. Ну і навошта ты туды пайшла? Сама вінаватая. Цяпер такіх кантужаных другую ноч вязуць. А ў нас заўтра УГД, плянавыя апэрацыі, працэдуры. А вы ўсё псуяце, наркаманы“. Параненых падвозілі кожныя 20 хвілін. У калідорах дактары шапталіся, што ніколі ня бачылі столькі крыві.
Як высьветлілася, куля пацэліла мне ў плячо, разьбіўшы ключыцу на аскепкі. Уласьцівасьць гумавых куль — пранікаюць неглыбока, але ствараюць магутную ўдарную хвалю. Таму страляць гумавымі кулямі ў корпус і ў галаву ні ў якім разе нельга.
У мяне атрымалася кантузія на палову тулава (варта было крыху напружыць цягліцы — і адразу боль да самага чэрапа), гематома на сьпіне, якая і празь месяц да канца не сышла, і адкрыты пералом з ранай больш за 10 см у даўжыню і некалькі сантымэтраў у шырыню. Мне ў плячо кожны дзень закладвалі па два тампоны, каб хоць неяк спыняць кроў.
І зноў: некалькі дзён ляжаць у лужыне ўласнай крыві — гэта цяпер шанцунак. Калі на першай апэрацыі мяне ўводзілі ў наркоз, дактары абмяркоўвалі, ці варта захоўваць нагу 16-гадоваму хлопцу ў штучнай коме, ці ён мае больш шанцаў выжыць з ампутацыяй. У часе другой апэрацыі, ужо пад мясцовай анэстэзіяй, я тры гадзіны слухала, як дактары пілуюць маю ключыцу. Як у іх не атрымліваецца і робяць наноў. Як пальцамі перабіраюць цягліцы і ўстаўляюць жалезныя сьпіцы ў абломкі косткі. Як крэсла пада мной развальваецца ад старасьці, а лямпа падае на галаву. У другім канцы апэрацыйнай хірург гучна абураўся: „Вось прыдуркі, яйцы ім паадрываць. Яны па мітынгах ходзяць, а я ім чацьверты дзень кулі з азадкаў дастаю!“
„Хто там такі злы ў вас?“ — спытала я праз шум дрыля. „Доктар ня злы, доктар ня спаў трое сутак“, — зьмякчыла мэдсястра.
Дактары не казалі, што ў мяне пералом, да наступнага дня. Яшчэ празь дзень сказалі, што будуць мне зьбіраць ключыцу. Як мне сказалі, паводле ваенна-палявой хірургіі маё раненьне ацэньваецца як ня вельмі складанае. Нягледзячы на тое, што было тры апэрацыі на плячы і ўскладненьне на лёгкае.
Другі месяц я на бальнічным. Днямі мне выцягваюць сьпіцы… Два аскепкі косткі зрасьліся даволі роўна, адзін крыху выпірае — я ўжо цяпер магу адчуць невялікую выпукліну. Вядома, усё гэта баліць і цягне кожны дзень, але не кругласутачна і па-рознаму.
Часам, калі пераварочваюся, чую, як шчоўкае нешта. Гэта трохі жудасна. Але да гэтага прывыкаеш. Левая рука нашмат танчэйшая за правую — цягліцы атрафаваліся. І ёсьць цягучы боль уздоўж цягліц. Я думаю, гэта ўсё вернецца, калі здымуць павязку і я буду распрацоўваць руку. Дактары кажуць, колькі была зьнерухомленая рука, прыкладна столькі ж функцыі будуць аднаўляцца. Зрэшты, я цяпер адной рукой толькі коўдру ў чахол не запраўлю, а так усё магу. І працую адной рукой — не хачу падстаўляць калег.
У пэрспэктыве будзе прыгожы шнар на ўсё плячо. Я ня буду лазэрам зводзіць яго. Я гэта не хачу забываць.
Я бясконца ўдзячная дактарам за тое, што яны выратавалі мне жыцьцё. Але чаму мяне хавалі ад праваахоўнікаў? Я не ляжала з пацярпелымі ў адной палаце. Чула, што прыходзяць зь міліцыі іх дапытваць нават у чатыры раніцы. Са мной нічога падобнага не было, хоць я ведаю, паводле закону дактары павінны былі паведаміць пра агнястрэльнае раненьне. Калі мы з адвакатам расшыфравалі код дыягназу ў бальнічным, высьветлілася, што ён адрозьніваецца ад коду ў выпісцы. У бальнічным мне напісалі „бытавая траўма“.
Дарэчы, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва паставіў цікавую ўмову: бальнічны могуць аплаціць, але калі ў будучыні на мяне завядуць крымінальную ці адміністрацыйную справу, усе грошы давядзецца вярнуць у фонд зь пеняй і штрафам.
P.S. Праз паўтара месяцы пасьля таго, як мне выцягнулі сьпіцы, высьветлілася, што тры першыя апэрацыі былі няўдалымі. Цяпер я ўпэўнена, што параненых везьлі менавіта ў вайсковы шпіталь не таму, што там найлепшыя лекары, а каб схаваць іх і схаваць ад грамадзкасьці злачынствы МУС. Напрыклад, рэканструкцыяй кісьці прафэсійна займаюцца толькі ў траўматалёгіі шостай лякарні. Але мяне не перадалі ў профільную лякарню, а зрабілі тры няўдалыя апэрацыі ў сябе. У выніку — ускладненьне на лёгкае і косьць, якая разышлася праз 1,5 месяца. Улічваючы тое, што агнястрэльныя пераломы складаныя самі па сабе, я лічу, што лекары вайсковага шпіталя ня мелі права рабіць апэрацыі абы-як і марнаваць час.
„Сартавалі паводле прынцыпу мэдыцыны катастроф“
Аляксей, хірург лякарні хуткай дапамогі, Берасьце:
— Дзяжурства 10 жніўня я запомню на ўсё жыцьцё. А 10-й вечара пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным.
У тую ноч лякарня нагадвала ваенна-палявы шпіталь. Хворых сартавалі паводле прынцыпу мэдыцыны катастроф — дзялілі на тых, каго неадкладна трэба было апэраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў лякарню па дапамогу зьвярнуліся каля 100 чалавек, 29 зь іх шпіталізавалі. Людзі былі з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, пабітыя, у траўматычным шоку.
Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні.
З параненых вымалі два віды куль — плястмасавыя і гумавыя; характар пашкоджаньняў і проста вырваныя кавалкі плоці памерам з кулак сьведчаць пра тое, што стралялі ва ўпор.
Я спрактыкаваны хірург, бачыў за 17 гадоў шмат што, праводзіў багата гадзін запар, стоячы на нагах за апэрацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усьведамленьня таго, што гэтыя раненьні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным горадзе.
Ува ўсіх шпіталізаваных узялі аналіз крыві на наяўнасьць алькаголю, але сярод тых, каму дапамагаў я, п’яных не было. Узрост пацярпелых — ад 17 да 52 гадоў.
Лекары — апалітычны народ. Калі табе прывязуць амонаўца, ты будзеш яго лячыць. Але калі тэлефануюць калегі зь Менску і расказваюць, як там лупцуюць лекараў, пакет на галаву надзяваюць — ці можна заставацца спакойным? Нават немцы такога не рабілі. Я бачыў шмат страшных рэчаў за гэтыя 17 гадоў, але такога яшчэ ня бачыў.
„Мяне проста прыпячатала да аўтобуса“
Павал, 48 гадоў, кіроўца аўтобуса № 163, Менск:
— 10 жніўня быў звычайны маршрут, ніхто ня думаў, што такое можа здарыцца і я апынуся ў вайсковым шпіталі.
Калі мяне сюды прывезьлі, крычаў ноч і дзень, болі былі пякельныя. Спачатку ляжаў у рэанімацыі, а з 16 жніўня перавялі ў агульную палату. Было ўжо некалькі апэрацыяў, перасадзілі скуру на сьпіну — са сьцягна. Не адчуваю трох пальцаў на левай руцэ, таксама нешта пацэліла — кулі або яшчэ што.
Я выехаў з Сухарава, праца ўжо падыходзіла да канца, заставалася паўтара круга. Але хутка пасьля адпраўленьня пачаліся заторы. Паміж прыпынкамі каля мэтро „Спартыўная“ і „Пушкінская“ ёсьць вуліца Данілы Сердзіча — там, напэўна, гадзіну стаяў. З узвышэньня мы бачылі, што ўнізе выбухі, дымавая заслона, страляніна.
Я выходзіў на вуліцу пагаварыць з калегам-тралейбусьнікам. А потым вяртаўся ў свой аўтобус.
Стаў уваходзіць у дзьверы, заставалася толькі нагу падняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зьверху кулямі... Гарэла кашуля, скура на сьпіне выбухнула. Мяне як быццам паралізавала. Людзі гасілі, выклікалі „хуткую“. Крычалі, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць.
Пасьля раненьня ў палату прыходзіў сьледчы, распытваў, як і што адбылося.
Я не разумею, на якой падставе пачалі страляць. Людзі выказвалі сваю незадаволенасьць, але яны проста хадзілі, сьмяяліся, ехалі матацыклісты — сьвісьцелі. Абсалютна ніякай сілы супраць іх ня трэба было ўжываць. Пастаялі б, пасыгналілі і разьехаліся. Навошта ужываць гвалт?
У мяне трое дзяцей. Сям’я з Маладэчна, сам я падчас працы жыў у адным са сталічных інтэрнатаў. Валянтэры ўжо дапамаглі знайсьці кватэру ў Менску, каб на час аднаўленьня блізкія былі побач.
„Зараз мы табе зробім паўторнае абразаньне“
Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю:
— Мы ўжо павінны былі спусьціцца ўніз, перайсьці дарогу — і да сябе дадому. Бо мы ўжо ведалі, што прыблізна зь сямі гадзін вечара пачынаюцца пратэсты. Мы не хацелі ў іх удзельнічаць.
Гэта было 10 жніўня. Пасьля таго, як я прамінуў гэты жоўты аўтобус, адтуль выскачылі шэсьць салдат амону ў чорнай форме і масках, з крыкамі, з мацюкамі, з пагрозамі пачалі цягнуць мяне да гэтага аўтобуса. Я адразу ж падняў рукі і сказаў: „Не-не-не, я не супраціўляюся. Я замежны грамадзянін. Я ізраільцянін“. На гэта я пачуў усялякія кпіны і „жарцікі“. Адзін быў такі: „Зараз мы табе зробім паўторнае абразаньне“.
Я яшчэ быў такі самаўпэўнены і сказаў: „А што, вы антысэміт?“ І тут мне ясна далі зразумець, што я нават ня пешка ў гэтай гульні, што я ўвогуле кузурка і мне трэба заткнуцца.
Я ўсё чакаў, што мяне ўрэшце альбо адпусьцяць, ці яны зразумеюць, што я грамадзянін Ізраілю, навошта ім гэта трэба. І ўвогуле я быў упэўнены, калі нават ехаў, што, калі што, пашпарт — гэта будзе мая страхоўка ад нейкіх дзеяньняў. Бо я ўжо быў начуты, што лепш не сустракацца зь беларускім амонам, асабліва ў гэтыя дні.
Далей падвезьлі аўтазак белага колеру і нас сталі выгружаць. Пагрузка, яна, вядома, была ве-е-ельмі страшнай, таму што білі справа-зьлева дубінкамі. У прынцыпе, гэта, можа быць, ня вельмі прыгожа з майго боку, але я зразумеў, што калі ты будзеш выходзіць апошнім, то рука амонаўца ўжо трошкі стоміцца і ўдар будзе слабейшы. Таму… плюс яшчэ ад двух удараў я змог ухіліцца, але парачка ўдараў мяне здагнала па дарозе ў аўтазак. Рукі былі за сьпінаю, галава вельмі нізка. Таму я нават ня бачыў, што робіцца. Сыпаліся ўдары.
Выгрузка такая самая, як і пагрузка. Брутальна дубінкамі малоцяць. Ізноў жа я выходжу апошнім. Ізноў жа атрымліваю ўдары.
Там быў хлопец, у якога была нейкая рваная рана, адтуль проста хвастала кроў. Такое я бачыў толькі ў сэктары Газа, такія карціны. Ніяк ня думаў, што пабачу такое ў мірным, любімым, родным Менску.
Нас было 62 чалавекі. Сярод нас была жанчына, ёй 51 год. Яна проста заступілася за свайго мужа, які проста меў сьмеласьць пажартаваць перад амонаўцамі і сказаць: „Чаму туды нельга, што там, каранавірус?“ За гэта яго адразу ж затрымалі. Яна заступілася за яго, і таксама была затрыманая. Прычым яна сказала, што і галасавала за Лукашэнку. Яна сказала: „Учора ў 11.30 я прагаласавала за нашага прэзыдэнта, а сёньня я за яго стаю тут“. Я ўяўляю, як ёй было ўдвая крыўдна.
Так мы стаялі да чатырох, напэўна, раніцы. Прычым я быў апрануты, як цяпер: кароткая майка і вось гэтыя шорты. А для мяне, ізраільцяніна, 10 градусаў ноччу — гэта ўвогуле неймаверна.
Сярод нас быў хлопец-інвалід, як аказалася, інвалід другой групы. У яго разьвіцьцё шасьцігадовага дзіцяці. Ён пасьля быў са мной у камэры. Ён нават ня ведае, колькі яму гадоў. Як аказалася потым, яму 21 год. Ён проста не разумеў, дзе ён знаходзіцца. Яму казалі: падымі рукі. Ён падымаў, пасьля апускаў: „Ай, усё, карацей, я стаміўся, ай, не хачу“. І яны зьвярэлі, яны білі яго за гэта, зноў яго ставілі. У нейкі момант, калі ён сядзеў-варочаўся (а мы ўсе сядзелі, як мышкі, бо надакучылі ўсе гэтыя зьдзекі), то працягваў зь цікавасьцю разглядаць, што робіцца вакол. Тады яму сказалі: давай, станавіся зноў, ён ізноў жа адмовіўся, абсалютна як дзіця. Маё сямігадовае дзіця абсалютна гэтаксама сябе паводзіць, калі ты хочаш яго пакараць. І яны сказалі: тады будзе калектыўнае пакараньне. І ўсіх 62 чалавекі зноў паставілі да плоту.
Але, я так зразумеў, да ўсіх пачало даходзіць, што з хлопцам нешта ня так.
Раніцай нам дазволілі сесьці і абаперціся, там былі турнікеты. Мы пачалі перашэптвацца. Прыехалі аўтазакі. Спачатку загрузілі нейкіх сурганаўскіх. Прычым іх грузілі вельмі брутальна. Я ня бачыў, але я чуў гэтыя крыкі, гэтыя ўдары. І ім абяцалі, што гэта апошні раз яны кудысьці едуць.
Пасьля пачалі грузіць нас. Мы гучна казалі імя, прозьвішча і год нараджэньня. Я зноў заявіў, што я грамадзянін Ізраілю. Там было, вось як у школах расказваюць пра цягнікі ў Асьвенцім, ідэнтычная сытуацыя, я проста быў уражаны. Нас кідалі аднаго на аднаго, прымушалі сядзець у такой паставе, што ў цябе каленкі вельмі моцна баляць. Усё гэта з пагрозамі, з матамі-пераматамі, з абвінавачваньнем, што мы нейкія здраднікі краіны, што нам 150 даляраў плацяць, што мы нейкія агенты, што ваша Ціханоўская зьехала ў Літву, што вы цяпер разумееце, якія вы дурні.
Ты нічога ня можаш сказаць. Ты проста ў жорсткім шоку. Я ляжаў на хлопцу, які проста страціў прытомнасьць. Яго пасьля аплявухамі прывялі ў прытомнасьць. Зь левага боку хлопец проста нарабіў у штаны, і пах у аўтазаку стаяў адпаведны. Усю дарогу нас везьлі і мы павінны былі гуляць у караоке. Мы павінны былі сьпяваць песьню „Перамен“, песьню Стаса Міхайлава, яшчэ нешта… У гэты час яны нас хаця б ня білі. Калі ж нехта прасіў разьвязаць рукі, бо яны сьсінелі, тыя білі дубінкай і, каб дабрацца да канца аўтазака, яны станавіліся мне на сьпіну, прычым так смачна, па-садысцку наступалі і білі гэтых хлопцаў. Мая сьпіна была для іх як пастамэнт.
Усю дарогу нас запалохвалі, што зараз нас пасадзяць да уркаганаў, зараз нас усіх згвалтуюць гомасэксуальным кантактам, зараз нам будзе Жодзіна, а гэта ўсё, Жодзіна — гэта сьмерць. І мы кожны атрымаем пяць гадоў турмы, бо ўчора прынялі новы закон.
Далей цябе выкідваюць з аўтазака. І тут раптам я першы раз адчуваю, што ніхто ня хоча цябе біць. Так, ты знаходзісься на тэрыторыі СІЗА, так, да цябе зьвяртаюцца павышаным тонам, ты рухаесься па камандзе ўнутры там гэтых лябірынтаў, падвалаў, уверх-уніз…
Нас загналі ў такі двор, дзе зьверху толькі сетка. Вызірнуў мужчына ў вайсковай форме і ў масцы і проста чалавечым голасам спытаў, якія ў нас просьбы. Мы папрасілі вядро, каб спаражніцца. Нам прынесьлі вядро. І пасьля ён сказаў: „Мужыкі, патрывайце, зараз мы вас па камэрах расфасуем“.
Мы заходзім у камэру. Там чацьвёра сядзяць на лаўках, двое ляжаць на двух’ярусных ложках. Месцаў усяго шэсьць, нас заходзіць 10. Яны на нас глядзяць разгублена, бо мы ўсе пабітыя. Яны не разумеюць. Мы на іх глядзім: мы не разумеем, ці гэта крымінальнікі. Я адразу спытаў, ці яны палітычныя. Яны сказалі: вядома, так. Аказваецца, гэта былі людзі, якіх узялі 8-9 жніўня. Там былі і назіральнікі з выбарчых участкаў і яшчэ нейкія хлопцы, якія проста выйшлі на праспэкт.
Мяне затрымалі 10-га, і толькі 12-га раніцай я першы раз атрымаў ежу, турэмную баланду. Адначасова нас выцягвалі на суды, прычым, калі ты пойдзеш налева, ты атрымаеш 10 сутак, калі направа — 5 сутак. Толькі адзін з нас атрымаў штраф 20 базавых велічынь. Астатнія атрымалі тэрміны, апроч мяне і паляка, які там быў.
У нейкі момант я ў хлопца-кантралёра, які падыходзіў да вакенца, спытаўся: дык што са мной, у мяне яшчэ 2 гадзіны — і будзе 72 гадзіны затрыманьня. Вы павінны мяне паводле закону адпускаць. Хоць які тут закон… Ён кажа: „Слухай, з табой такая гісторыя, твае дакумэнты згубілі“. І тут я зразумеў, што няма дакумэнтаў — няма чалавека. Проста выкінуць з турмы, і ўсё.
Тое самае адбылося з палякам. Нас проста выкінулі з турмы. Прычым, калі мы выходзілі, мы павінны былі прайсьці шэсьць пакояў і знайсьці свае рэчы. Пакоі выглядалі, як музэй капітал-шоў „Поле цудаў“. Гара тэлефонаў, гара папруг, гара ўсяго. Я прысьвяціў дзьве гадзіны, але я знайшоў усё. Нават кніжкі коміксаў для майго сына. Так у 10 вечара мяне выпусьцілі. Праз 78 гадзін.
„У мяне, як у сусьліка, пачалі страляць проста так“
Аляксандар, 68 гадоў, палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы:
— Увечары 10 жніўня я пачуў ад людзей шмат супярэчлівай інфармацыі. Маўляў, у раёне ўнівэрсама „Рыга“ пратэстоўцы ідуць у атаку на амон, будуюць барыкады, а сілавікі ў іх страляюць. Гэта мяне ўразіла, бо я ведаю, да чаго прыводзілі сутыкненьні ў гарачых пунктах накшталт Тбілісі і Сумгаіту ў канцы 1980-х.
Таму я неадкладна паехаў да ўнівэрсама „Рыга“, каб убачыць усё на свае вочы і паспрабаваць прадухіліць нэгатыўныя масавыя дзеяньні людзей, калі яны там будуць.
Я прыйшоў да „Рыгі“ каля поўначы. Убачыў там чалавек 80. Парушэньняў грамадзкага парадку не было, усе былі ў нармальным, прыўзьнятым стане. Якіх-небудзь бачных прыкмет, якія сьведчаць пра наяўнасьць масавых беспарадкаў, відаць не было. Разам з тым асобныя хлопцы спрабавалі „дабудаваць“ са сьмецьця спаруды, якія перашкаджаюць праезду транспарту. Натуральна, я падбадзёрыўся, што пагалоска пра масавыя беспарадкі не адпавядае рэчаіснасьці. Разам з тым, усьведамляючы магчымую рэакцыю органаў правапарадку, я выказаўся пра недапушчальнасьць, а таксама абсурднасьць процідзеяньня ім. Я прапанаваў прыбраць сьмецьце з дарогі і не перашкаджаць руху транспарту. Было прыемна, што некаторыя прапановы былі прынятыя. Я яшчэ раз пераканаўся, што там сабраліся адэкватныя людзі. Прабыўшы там усяго 10-15 хвілін, пайшоў дахаты пешаходнай дарожкай каля ўнівэрсама „Рыга“.
Нечакана ззаду, з боку скрыжаваньня вуліц Куйбышава і Сурганава, прагучаў моцны гукавы сыгнал. Павярнуўшыся, я ўбачыў, як спэцбронеаўтамабіль камуфляжнай расфарбоўкі на хуткасьці 30-40 кілямэтраў у гадзіну паварочвае з вуліцы Куйбышава на вуліцу Сурганава. Людзі разьбегліся, я застаўся на тратуары адзін. Для таго, каб работнікі праваахоўных органаў не прынялі мяне за асобу, якая можа патэнцыйна пагражаць іх бясьпецы альбо бясьпецы грамадзян, я падняў рукі і стаў апускацца на калені. Далоні я трымаў раскрытымі, каб было відаць, што ў мяне ў руках нічога няма. Тратуар, дзе я знаходзіўся, добра асьвятляўся, я знаходзіўся тварам да спэцбронеаўтамабіля.
У гэты ж момант зь люка на даху машыны паказаўся чалавек у спэцформе і два разы прыцэльна стрэліў у мяне, трапіўшы гумовымі кулямі ў жывот і нагу. Вынік (ён жа дыягназ) — агнястрэльнае кулявое сьляпое пранікальнае раненьне жывата з пашкоджаньнем парожняй кішкі і вялікага сальніка, плюс раненьне левай нагі. Я ўдзячны хлопцу, які аказаў мне першую дапамогу, а таксама лекарам вайсковага шпіталя.
Адлегласьць паміж мной і стралком была каля 20 мэтраў. Таму я лічу, што стаў ахвярай недапушчальнага куражу з боку таго, хто страляў, і поўнай незаконнасьці яго дзеяньняў. Я папрасіў Сьледчы камітэт устанавіць асобу стралка і даць ягоным дзеяньням прававую ацэнку. Я таксама напісаў і заяву ў пракуратуру.
Ужываньне зброі было цалкам незаконным, бо я стаяў адзін і навідавоку. А ў мяне, як у сусьліка, пачалі страляць проста так. Я 25 гадоў ахоўваў дзяржаву і народ — і для мяне гэта проста па-за межамі. Больш за тое, ён бы ня трапіў у мяне, калі б я ня быў чалавекам, выхаваным у павазе да закону, і ня думаў бы, што міліцыя — гэта орган, які абараняе мяне. Тады я б проста сышоў ад стрэлу. Так, вядома, можна сказаць, што мне трэба было сядзець са сваёй грамадзянскай пазыцыяй дома. А з другога боку, можа, мая грамадзянская пазыцыя выратавала кагосьці ад кулі.
Цяпер, пасьля сямі дзён у вайсковым шпіталі, я праходжу рэабілітацыю. Але хвалюе мяне ня столькі тое, што адбылося асабіста са мной, колькі ўвогуле тое, што адбываецца ў краіне. Я не зьяўляюся прыхільнікам каго б там ні было, а зьяўляюся прыхільнікам беларускай дзяржаўнасьці, якая не павінна быць завязанай на канкрэтную асобу.
Інтарэсы дзяржавы — гэта інтарэсы народу. Навошта нам ламаць ногі, скажам, работніку Менскага трактарнага заводу, калі ён тады заўтра ня выйдзе на працу? Навошта, каб у краіне скончыліся нармальныя адносіны? Мы што, дажылі да таго, што ў ХХІ стагодзьдзі трэба ўсё вырашаць з дапамогай цэглы і дубінкі? Ня трэба было наогул ужываць ніякіх спэцсродкаў супраць грамадзян. Толькі дыялёг!
Самае страшнае, калі нянавісьць да аднаго супрацоўніка міліцыі ці да пэўнай катэгорыі супрацоўнікаў міліцыі перарастае ў страту даверу да ўсіх органаў улады. Але пакуль, на жаль, замест дыялёгу ўлада працягвае рабіць памылкі.
„З чыстым сумленьнем пайшоў з жыцьця“
Алена, жонка Аляксандра Тарайкоўскага,
які загінуў 10 жніўня:
— Пра тое, што ён загінуў, я даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. У тое, што ў яго ў руках узарвалася выбухоўка, я ня веру. Нічога такога пры ім не было, нічога гэтага ён ня ўмее.
10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў кватэру бацькі, дзе яны рабілі рамонт, у тым раёне. Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне.
Каля 22:30 Саша пазваніў і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту мы ня мелі ніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.
Мы афіцыйна не расьпісаныя, маем трохгадовую дачку. Але ў яго ёсьць бацька, сястра. Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці пазваніць.
Калі 13 жніўня мы пасьля званка журналістаў зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, нам сказалі, што Аляксандар лічыцца неапазнаным. Але ўжо празь некалькі гадзін пасьля ягонай сьмерці МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасьць, а значыць, яго апазналі.
Ён быў асуджаны на 7 гадоў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць. Адседзеў увесь тэрмін і неўзабаве судзімасьць мусілі зь яго зьняць. Ён заступіўся за маці. Яе зьбіў сужыцель, а ён заступіўся, і вось так. Мы асабліва не гаварылі ніколі пра гэта.
Пры апазнаньні цела я не пабачыла ранаў, якія нагадвалі б выбух прылады. Паводле афіцыйнага заключэньня, ён памёр ад страты крыві. Я так разумею, што калі б яму ў час аказалі дапамогу, ён бы мог выжыць. А яны ж яму ніякай дапамогі не аказвалі.
Я паглядзела відэа яшчэ да апазнаньня, яшчэ быў спадзеў, што гэта ня ён. Я ня ведаю, чаму ён выйшаў наперад, адзін. Напэўна, ня думаў, што будуць страляць. Факт, што яго забілі. Хто будзе пакараны? Цяпер будуць казаць, што ён сам вінаваты? Ён выйшаў бяз зброі, чаму вы не стралялі па нагах, па руках?! У мяне пытаньне: ці будзе заведзеная крымінальная справа, ці будзе хто за гэта пакараны?
Сябра Аляксандра:
— Мы са школы былі ўтрох. Аднаго я пахаваў, калі Саша быў на зоне за кавалера маці, які зьбіў яе да паўсьмерці, а Саша ў стане афэкту біў яго.
Ён заўжды стараўся працаваць не на дзяржаву. Рабіў аўтамабільныя фіранкі. Зрабіў сайт hober.by, адкрыў ІП і спрабаваў пракарміць сям’ю і малую дачку. Заўсёды быў упарты, але вельмі жыцьцярадасны чалавек. Рэальна стараўся жыць, спрабуючы забыць сваё мінулае. Зрабіў рамонт у кватэры. Выплаціў бацькавы даўгі за кватэру і з чыстым сумленьнем пайшоў з жыцьця, змагаючыся за шчасьлівую будучыню беларускага народа.
Вы раскажыце пра яго. Ён мусіў жыць. Ён мусіў падняць малую дачку.
На відэа, дзе зафіксаваны момант сьмерці чалавека, той вельмі падобны да Аляксандра. Але пра выбуховую прыладу — што за трызьненьне?! Ён працуе ў тым раёне. У яго бацька за 150 мэтраў адтуль жыве.
„Listening to wind of change“
Джэ Мэнг, 20 гадоў, кітаец:
— У Менск я прыехаў у пачатку лета. Гэтыя месяцы я зь цікавасьцю назіраў за сытуацыяй у Беларусі. Я проста ня мог прапусьціць пратэст 9-га жніўня — гэта было самай цікавай і гарачай падзеяй для мяне за ўвесь час знаходжаньня ў гэтай краіне. Так што я быў на стэле 9-га жніўня. Але маштаб пратэсту і жорсткасьць міліцыі пераўзышлі ўсе мае чаканьні — такога ўявіць сабе ня мог. 9-га я вярнуўся дадому цэлы і здаровы.
10-га я зноў быў на акцыі пратэсту, быў у натоўпе і назіраў за тым, што адбываецца. Вяртаўся дадому ўначы на ровары. Было прыкладна 1.30. Праспэкт у раёне гандлёвага цэнтру „Галерэя“ быў перакрыты людзьмі ў форме: каля 300 чалавек стаяла недалёка ад гандлёвага цэнтру, яшчэ прыкладна 40 — на скрыжаваньні побач з БДУ. Я падумаў, што ў іх няма прычыны мяне затрымліваць.
Я не размаўляю па-расейску, падышоў бліжэй да іх і спытаў на ангельскай: „Ці можна мяне прапусьціць?“. У гэты момант да мяне падбеглі 6 міліцыянтаў і затрымалі мяне. Я не супраціўляўся, так што мяне ня білі, толькі скруцілі рукі. Але я не маўчаў — спрабаваў растлумачыць ім, што проста ехаў дадому. Праўда, яны не далі мне гаварыць шмат. У нейкі момант яны зьбіраліся мяне адпусьціць, але ўрэшце сказалі прысесьці на кукішкі на дарозе і трымаць рукі за галавой. Я думаў, што хутка ім усё растлумачу і мяне ўсё ж адпусьцяць. Разьлічваў, што гэтае непаразуменьне скончыцца цягам гадзіны. Але выйшла ўсё ня так, як я думаў.
Нас пагрузілі ў аўтазакі, якія былі паўсюль. Закінулі туды і мой ровар. Калі мяне пасадзілі ў машыну, я быў крыху шакаваны тым, што міліцыя мяне не адпусьціла. Тады я зразумеў, што сытуацыя сур’ёзная. Але не скажу, што моцна засмуціўся: хутчэй гэта была сумесь смутку і радасьці. Я чалавек авантурны, мне было цікава паглядзець, што будзе адбывацца ў турме.
Мяне зьмясьцілі ў малюсенькую замкнутую прастору ўнутры грузавіка з двума беларусамі. Мы нічога ня бачылі і ня ведалі, куды нас вязуць. Праз хвілін 20 нас прывезьлі на Акрэсьціна (назву я даведаўся пасьля таго, як мяне адпусьцілі).
Гвалт там мяне шакаваў. Каля пяцідзесяці чалавек з аголенымі торсамі стаялі на каленях каля сьцяны, некалькі турэмнікаў білі іх дубінкамі. Я таксама быў каля гэтай сьцяны, на ёй насупраць ад мяне былі сьляды сьвежай крыві. Побач са мной быў італьянскі рэпартэр. Можна сказаць, што мы карысталіся „льготамі“ — нас ня білі.
Думаю, яны не зусім разумелі, што рабіць з затрыманымі іншаземцамі. Нядоўга нешта абмяркоўвалі, а потым нас адправілі ў адну з „клетак“ пад адкрытым небам — прагулачны бэтонны дворык. Нас там было 12 замежнікаў. У турме наўрад ці выканаюць хоць якую нашу просьбу, ня варта гэтага чакаць, там дзейнічаюць свае працэдуры. Калі зьняволеныя пра нешта прасілі, міліцыя іх проста ігнаравала. Я спрабаваў нешта пытаць, вынік быў той самы. Ды і гаварыў я на ангельскай.
На падлозе нашай клеткі быў вадасьцёк, каб мы маглі памачыцца. Вады мы не прасілі — думалі, што нас выпусьцяць да сьвітаньня.
Арыштаваныя іншаземцы былі ў параўнальна стабільным настроі. Пад крыкі турэмнікаў і зьняволеных мы абмяркоўвалі на ангельскай сытуацыю той ночы, апавядалі адзін аднаму, як нас арыштавалі. Я падумаў пра песьню „Wind of change“, успомніліся словы: „An August summer night, soliders passing by, listening to wind of change“. Я быў больш злы, чым напалоханы. І быў абсалютна ўпэўнены, што мяне хутка выпусьцяць — я ж не зрабіў нічога дрэннага.
Удзень у нас канфіскавалі ўсе рэчы і перавялі ў маленькую камэру ў памяшканьні. Я пабываў і жыў у многіх месцах, але гэта найгоршае з таго, што я бачыў. Чатырохдзённы досьвед там — незабыўны кашмар. Плошча пакоя — каля дзесяці квадратных мэтраў, у ім 4 ложкі, там жа туалет і ракавіна. Спачатку нас там было каля 10 чалавек і гэта яшчэ можна было трываць, але потым колькасьць дасягнула 23 чалавек. Легчы не было дзе, сьвежага паветра не было. Заўсёды гарэла сьвятло, было цяжка спаць. Тры дні нас не кармілі, нам не давалі пітной вады — усе маглі піць ваду з-пад крана толькі побач з прыбіральняй. На чацьверты дзень раніцай далі хлеба і трохі кашы (калі не памыляюся, гэта быў рыс).
У нашай камэры мужчын-іншаземцаў была адна беларуска. Я так і не зразумеў, чаму яе сунулі да нас. Я спрабаваў пагутарыць зь ёй, але яна не гаварыла па-ангельску, а я не разумею расейскай. Але наогул ва ўсіх зьняволеных у камэры былі вельмі гарманічныя адносіны — мы шмат размаўлялі, разам сьпявалі: часам на ангельскай, часам на расейскай. Мы добра пазнаёміліся — рабіць жа не было чаго; усё, што мы маглі, — гэта размаўляць. Мы ўсе вельмі хацелі хутчэй адтуль выйсьці. Але праз два-тры дні сытуацыя крыху зьмянілася: мы сталі больш трывожнымі, ды і ўвесь час размаўляць бязь ежы не было сіл — часьцей за ўсё хацелася проста знайсьці больш камфортнае месца для сну.
Калі нас судзілі, трохдзённы тэрмін адміністрацыйнага затрыманьня ўжо мінуў, так што гэта быў незаконны працэс. На судзе ў мяне не было адваката, а перакладчык быў кепскі (скажу больш: ён быў дурны). Судзьдзя запытаў нейкую лухту, я не памятаю ўжо, што. Я падпісаў нейкі дакумэнт, які не да канца зразумеў. Я так разумею, усіх нас абвінавачвалі ва ўдзеле ў недазволенай акцыі пратэсту. Я спадзяваўся, што судзьдзя рассудзіць справядліва — я ж нічога не разумею ў беларускіх законах. Мне здалося, што ўсе павінны былі падпісаць гэты пратакол. І я падпісаў, каб выйсьці — я проста ня мог больш там знаходзіцца. Большасьць іншаземцаў вызвалілі пасьля абеду 14 жніўня — дапамаглі амбасады. Мяне таксама выпусьцілі ў той дзень. Усяго я правёў у турме чатыры з паловай дні.
Нягледзячы на тое, што я лічу сябе вельмі моцным, гэты досьвед на Акрэсьціна — адно з самых шокавых перажываньняў, якія калі-небудзь у мяне былі. Мне дапамагала думка, што ўсяму прыходзіць канец і, незалежна ад таго, як доўга гэта будзе працягвацца, калі-небудзь гэта стане толькі ўспамінам.
Адразу пасьля майго выхаду валянтэры далі мне шмат ежы, якая мне была так патрэбна. Я хачу падзякаваць ім за гэта. А потым я забраў свой ровар, сеў на яго і паехаў у гостэл. Празь некалькі дзён да мяне прыйшлі два чалавекі зь міграцыйнай службы, забралі мой пашпарт. А потым мяне дэпартавалі. Калі я вярнуўся па пашпарт празь некалькі дзён, мне проста сказалі, што я павінен цягам пяці дзён пакінуць краіну. Вяртацца сюды наступныя 3-5 гадоў мне нельга.
Але мае асабістыя пляны гэта ня моцна зьмяніла. Я і так плянаваў зьехаць у сярэдзіне жніўня. Мне 20 гадоў, апошнія гады я большую частку часу вучыўся і жыў у Канадзе, а ў Беларусь прыехаў падарожнічаць. Эпідэмія каранавірусу засьпела мяне ў Вялікай Брытаніі, потым адкрылася ня так шмат эўрапейскіх краін, Беларусь — адна зь іх. Я пражыў тут амаль тры месяцы. Мне тут падабалася. Беларусь вельмі чыстая, малалюдная краіна зь нізкімі цэнамі. Людзі тут сумленныя, прыстойныя, высокаадукаваныя, але амаль ніхто не размаўляе па-ангельску. У мяне ня так шмат сяброў у Беларусі, але з тымі, каго я ведаў, мы часта сустракаліся, добра бавілі час разам.
Пасьля затрыманьня і дэпартацыі спачатку я паехаў ва Ўкраіну, потым — у Турэччыну, затым пляную вярнуцца ў Канаду, а налета — у Кітай. Першыя дні нэрваваўся, цяпер магу спакойна глядзець на тое, што адбылося, але не хачу часта ўспамінаць пра гэты досьвед.
„Я бачыла, што ён страляе праз прыцэл“
Вольга, Берасьце:
— Увечары 10 жніўня я была дома з сынам. Калі пад вокнамі мы пачулі крыкі, мы адчынілі балькон вызірнуць, што там. Мы жывем на набярэжнай, было каля 23.30. Пад вокнамі нашага дому стаялі машыны, і людзі ў шлемах са шчыткамі і ў чорнай форме зьбівалі хлопца, „пакавалі“ ў машыну. Крыху далей я ўбачыла дзьвюх дзяўчат. Адна зь іх атрымала моцны ўдар. Я не змагла вытрымаць і стала крычаць: „Што ж вы робіце! Спыніцеся!“. Былі чуваць і іншыя галасы нашых суседзяў. Чалавек у чорным нешта крыкнуў зь нецэнзурнымі словамі, маўляў, ану ўсе схаваліся! А далей быў стрэл. Ён біў проста ў мяне. Я бачыла, што ён страляе праз прыцэл.
Калі я ўбачыла, што на мяне ўскінулі зброю, я інстынктыўна павярнулася і, магчыма, таму наступствы не такія жахлівыя, як маглі б быць. Куля прайшла наўскос, выхапіўшы зь мяне кавалак мяса. Я зрабіла пару крокаў у пакой і апусьцілася на калені, боль быў жахлівы. Спачатку падумала: „Нічога сабе гематома! Як жа балюча!“ Я лічыла, што ад гумавай кулі застаюцца сінякі. Але потым пабачыла, што кроў бяжыць паміж пальцаў. Адсунула шорты, а там ірваная рана і булькоча кроў. Я пачала страчваць прытомнасьць, але зразумела, што мне трэба трымацца з усіх сіл, бо калі буду сьцякаць крывёю, сын мяне ня выратуе, а „хуткая“ можа ехаць доўга. Сын крычаў на ўсю кватэру: ён вырашыў, што мяне застрэлілі. Ён патэлефанаваў у „хуткую“ і пабег па нашатыр да бабулі.
„Хуткая“ прыехала прыблізна праз гадзіну, але ў тым няма віны мэдыкаў — вуліцы былі перакрытыя, а выклікаў, відаць, было шмат. Лекары адразу праверылі, ці не закранутыя ўнутраныя органы, перабінтавалі рану, паставілі кропельніцу і адвезьлі мяне ў лякарню. Аднак і там мне давялося чакаць апэрацыі: я была не адна, хто пацярпеў ад куль.
Цяпер наперадзе доўгае лекаваньне і рэабілітацыя, якая можа зацягнуцца на паўгода.
Лекары кажуць, што вайна даўно закончылася, і яны ведаюць, як лекаваць такія раны ў тэорыі, дый то пасьля звычайнай кулі. А ў мяне рана рваная, якую проста так не зашыць. Кажуць, калі пачне зажываць (месяцы праз два), можна будзе рабіць плястыку, каб яе закрыць.
Мне і страшна, і балюча, але маўчаць нельга. Я напісала заяву ў Сьледчы камітэт і раю гэта зрабіць усім, хто пацярпеў ад гэтых бясчынстваў. Ня можа здарыцца ні ў якой краіне сьвету ў 2020 годзе такі гвалт над народам.
Я насамрэч ні разу не рэвалюцыянэр і вельмі мірны чалавек, мне вельмі складана ўсё гэта перажыць. Але ўсе гэтыя ахвяры павінны ня быць дарэмнымі, а паслужыць чамусьці сьветламу і добраму. Гвалт трэба спыніць! Нельга дапусьціць, каб з табой так абыходзіліся. Мы ж людзі! Я проста плачу паўсутак ад болю і паўсутак ад гонару за тое, што ў нас такі адважны народ, і што я — беларуска.
„Стралялі ня ў тых, хто нападаў, а ў тых, хтоспрабаваў уцячы“
Алена, судмэдэкспэрт:
— Сыгналы пра чаканы пасьлявыбарны гвалт паступалі задоўга да асноўнага дня галасаваньня. Мэдыкі рыхтавалі свае кансультацыйныя мэдычныя блёкі, каб ратаваць людзей, бо ведалі, што будзе беспакараная бойня з боку ўладаў. Мы выдатна ведалі і былі папярэджаныя, што быў дадзены загад страляць на паражэньне, загад біць, хапаць.
Мы з калегамі аказвалі валянтэрскую дапамогу пацярпелым у палявых умовах, каб яны ня мусілi зьвяртацца па дапамогу афіцыйна і не траплялі такім чынам у поле зроку сілавікоў.
Многія лекары выйшлі інкогніта, ня кажучы ўжо пра гэтых чулых мэдсястрычак і фэльчараў. Яны зачыняліся ў сваіх машынах хуткай дапамогі ды рабілі цуды. Фактычна хірургію на месцы. Каб выратаваць рукі, ногі, апечаныя вочы.
Асноўны ўдар прыняла на сябе лякарня хуткай дапамогі. Прычым самыя цяжкія пацыенты былі ня зь мірных акцыяў пратэстаў, дзе пацярпелі ад гумавых куляў ды сьвятлашумавых гранатаў, — а людзі, якіх білі і катавалі ў міліцэйскіх пастарунках ды ізалятарах часовага ўтрыманьня.
Кацярына, рэаніматоляг:
— Вельмі шмат пацярпелых баяліся зьвяртацца ў дзяржаўныя клінікі. Бо калі чалавек зьвернецца з гумавай куляй у нейкім месцы, дык ясна, што ён не на арматуру напароўся, а гэта крымінальная траўма. А пра ўсе крымінальныя траўмы мы вымушаныя паведамляць у адпаведныя органы. Многія пра гэта ведаюць: адна справа схапіць кулю, а зусім іншая — атрымаць яшчэ болей.
Характар траўмаў менавіта крымінальны. Большая частка куляў была ў вобласьці сьпіны, задняй паверхні ног і ягадзіц. Ня трэба быць Шэрлакам Холмсам, каб зразумець, што стралялі ня ў тых, хто нападаў, а ў тых, хто спрабаваў уцячы.
Многія, з кім я размаўляла, казалі, што калі б зь імі зараз здарылася такое, яны нізавошта ў жыцьці б не зьвярнуліся па дапамогу, бо ўжо сутыкнуліся з такімі несумленнымі дзеяньнямі ўладаў. Усе мы памятаем, як на машынах „хуткай“ езьдзіў амон. Давер быў вельмі моцна падарваны. Быў выпадак, калі я езьдзіла да чалавека з нагоды ягонай траўмы, і, калі я выходзіла з машыны, чалавек сустрэў мяне з дубінкай у руцэ, бо баяўся, што прыедуць не да яго, а па яго.
Усе цудоўна разумелі, чым скончыцца 9 жніўня, ні для каго гэта ня стала сюрпрызам, і рэакцыя, якая за гэтым ішла, таксама нікога не зьдзівіла. Усім было зразумела, што будуць пацярпелыя, што будуць траўмы, але ня думалі, што настолькі. Нават у шмат якія клінікі афіцыйна далі распараджэньні аб узмацненьні гатоўнасьці ў ноч з 9 на 10 жніўня, былі выкліканыя на дзяжурства галоўныя дактары, загадчыкі, апэрацыйныя былі ў поўнай гатоўнасьці. Але да таго, што давялося пабачыць, да гэтага, я думаю, многія ўсё ж не былі гатовыя. Да таго, што будуць біць з асаблівай жорсткасьцю, што пачнуць ужываць газ… Асабліва калі ўлічыць, што Беларусь — гэта такая краіна, дзе праз генэтычныя парушэньні ў выніку наступстваў Чарнобылю вельмі шмат людзей пакутуе ад алергіі, бранхіяльнай астмы. Пры ўжываньні газу гэта можа вельмі лёгка прывесьці да сьмерці.
„Адзін супрацоўнік пазнаў мяне зь фільму“
Павал Харланчук, актор:
— Я апынуўся на Акрэсьціна… ну вось проста. Калі б я выходзіў на мірную акцыю, але гэтым разам я ішоў дадому. А ўсё вакол сталі ачэпліваць. Мне трэба на Дзяржынскага туды ўніз — мэтро не працуе, інтэрнэту няма. Я іду на Дзяржынскага — перакрыта, я іду ў бок Нямігі — перакрыта. Там пачынаецца нейкае дзеяньне, каля ГЦ „Галерэя“. Я іду ў бок Макдональдса — перакрыта. Спускаюся, іду праз вакзал, Бабруйская, там зноў перакрыта. Іду ў бок Кальварыйскай. Там таксама перакрываюць. Я іду міма, у бок Пушкінскай. Тэлефаную жонцы, кажу: „Ганна, калі я знайду таксі, я прыеду; калі не знайду, ты мяне тады сустрэнеш“. — „Добра“.
Потым я бачу, як прарываецца машына БМВ на Пушкінскай, яе абстрэльваюць, спыняюць пасярод скрыжаваньня. Дым нейкі. Я гэта сфатаграфаваў. Людзі стаяць. Вэвэшнікі (гэта салдаты ўнутраных войскаў) нешта робяць. І недзе там далёка нешта пачало страляць.
Я спускаюся да гатэля „Арбіта“, мне вайскоўцы кажуць: „Куды вы ідзяце? Ідзіце туды“. Я кажу: „Куды?“ — „Вунь там каля Макдональдса пераходзьце“. Я пераходжу на другі бок, спускаюся ў пераход. І тут — сьвятло ў вочы, руля ў твар: „Стаяць! Хто такі?“ — „Іду дадому“. Ну і пачынаецца, нібы я сапраўды нейкі бандыт: „Што ў цябе там? Давай дакумэнты!“ Я сунуў руку ў сваю сумку. „Не, выварочвай!“ Я выварочваю. „Вось пашпарт“. — „Дзе жывеш?!“ — „Багатырова“. — „Дзе гэта?“ Я паказваю: „Там“. Ён гартае пашпарт, кажа: „Што ты хлусіш? Ты жывеш не ў Багатырове, ты жывеш у Юхнаўцы“. Я кажу: „Пачакайце, якая Юхнаўка?“ А ў мяне на пячатцы пра шлюб прозьвішча маёй жонкі — Южакова. А вось, кажу, мая прапіска — Багатырова. „Што ты тут робіш?“ — „Я іду з працы. Я працую ў цэнтры“.
„Тэлефон паказвай!“ Я паказваю. „А, усё ясна!“ А ў мяне фотка гэтага дыму. Ну ўсё. Двое пад пахі. Насустрач выбягаюць ужо такія напружаныя. Гэты, што мяне вядзе, кажа: „Спакойна, ён спакойны“. І я апынаюся ў аўтазаку. Сумку кідаюць у адзін бок, з тэлефонам, пашпартам, партманэтам, ключамі. А я ў клетцы, сем чалавек, у тым ліку і кіроўца гэтага БМВ няшчаснага. Мы пад’ехалі, адчыняюць дзьверы і адтуль адразу: „БМВ, у каго БМВ?“ Туды ўжо паведамілі, што вязём кіроўцу БМВ, і яго там жорстка прынялі.
Мы пайшлі з аўтазакаў. Рукі за сьпіну, галаву ніжэй, ніжэй, ніжэй. Ты прабягаеш „калідор“, кудысьці б’юць, мне канкрэтна — па сьпіне, локці, назе. Самае балючае — па локці папалі, там нейкая нэрва. Потым на каленях стаіш, рукі ўгору. І хто задае пытаньне, адразу атрымліваюць удары. „Скажыце, можна спытаць?“ — ту-дух. „Дык я толькі спы…“ — ту-дух. „Рот закрой, животное“. Перасоўваемся на каленях. Потым было апытаньне, недзе каля гадзіны на каленях — хто, адкуль.
Потым зноў „калідор“ ужо ў будынку, таксама на каленях. Здымаць усё зь сябе — гадзіньнік, акуляры, папругу, матузкі. І ўсё, павялі… Гэта ня камэра, а дворык для прагулак, мэтраў 50 квадратных, і там шчыльна стаялі сто чалавек. І мы так стаялі з трох раніцы да васьмі вечара.
Былі там сьмешныя хлопцы з Гомлю, дарэчы, зь Сяльмашу. Адзін з вухам разьбітым, другі з такім во фінгалам. Яны стаяць такія: „Ды ну яго на фіг, гэты БРСМ!“ Я кажу: „У якім сэнсе БРСМ?“ — „Ды нас запрасіла БРСМ на экскурсію ў «Атлант». Мы схадзілі, і потым дзяўчына нас запрасіла прагуляцца да Камсамольскага возера. Ну мы ішлі… А аўтазакі стаялі паўсюль. Міма іх немагчыма было прайсьці, там паўсюль было ачэплена. Мы ішлі, чалавек восем амонаўцаў прамінулі, ідзём далей. І тут нам насустрач з карабінам: «Суки, на пол!» Мы пераглянуліся, думалі, сьмяецца. А ён: «На пол!». Ну мы леглі, і яны давай прасаваць. Потым яшчэ і гэтыя восем далучыліся“. Я яшчэ кажу: „Дзяўчына хоць прыгожая была?“ Ён кажа: „Ды максымальна страшная“. А адзін такі здаровы стаіць, кажа: „Я б адзін на адзін з гэтым амонаўцам выйшаў. А так я ляжу, а яны кажуць: «Глядзі, які здаровы». І гэта як бы галоўная прычына мясіць“.
Потым нас вядуць у камэру, я быў 60-м у камэры. Калі заходзіў, мне сказалі: „О, шасьцідзясяты!“ У мяне там гісторыя была, што адзін супрацоўнік у масцы пазнаў мяне зь фільму „Участак лейтэнанта Качуры“. І ён хацеў неяк аблегчыць маю долю. І дапамог. Калі нас раніцай выводзілі, зноў жа галавою ўніз, чалавек 15 з розных камэр, ён мне сказаў на двары ўжо: „Пасядзі“ ці „Пастой“, я ўжо ня памятаю. А іншым загадалі ісьці „на размову“. Размова гэтая была, як мне пасьля сказаў адзін сукамэрнік, што іх паклалі тварам у падлогу і мясілі. Білі так, што шорты парвалі. І так ён мяне вызваліў ад гэтай размовы.
Потым ён адчыніў дзьверы: „Дойдзеш?“ — „Дайду“. Без матузкоў, без дакумэнтаў, без пратаколу, без абвінавачаньня я кудысьці пайшоў… Я толькі потым зразумеў, што я быў на Акрэсьціна. У сьпіну ён сказаў мне: „Не трымай зла“.
А па вуліцы ўжо ідзеш, глядзіш: гэты без матузкоў, гэты без папругі. На прыпынку дзяўчына стаіць: „А вы з Акрэсьціна“. Я кажу: „Так“. Яна кажа, што выклікала таксі. Я пытаюся: „А вас за што?“ — „Я пайшла паглядзець вынікі выбараў. З амонам забралі“.