У турме
„Прымушаюць маліцца і малоцяць дубінкамі“
„Мужчыну-мэдыку машынкай выстрыглі на галаве крыж“
„Па зламанай назе білі дубінкамі, берцамі, нагамі…“
„Я травы з-пад ног напхаў сабе ў нос, каб хоць неяк спыніць кроў“
„Зэкі з нараў падскочылі ад жаху“
„Я асабіста бачыла ў яе на грудзях апёкі ад цыгарэт“
„Пасадзілі на 15 дзён, каб раны пасьпелі загаіцца“
„Да канца тэрміну на вірус перахварэла паўкамэры“
„Такая дзяржава ня вартая мяне“
— Пакуль мы там стаялі, я думаў: як так адбываецца, што людзі з адукацыяй і інтэлектам ніжэй сярэдняга б’юць і зьдзекуюцца зь мяне, чалавека з вышэйшай адукацыяй, з 11-гадовым досьведам працы юрыста і на кіроўных пасадах, які гаворыць на чатырох мовах? Такая дзяржава проста ня вартая мяне. Як так атрымалася? Да мяне прыйшла думка, і я выказаў яе хлопцам уголас, што цяпер для ўлады мы горшыя за бандытаў, забойцаў і самых заўзятых ліхадзеяў. Таму лепш не абурацца, а годна моўчкі прымаць свой лёс.
„І тут мне пашанцавала…“
— У такім становішчы мы правялі каля пяці гадзін. Ногі пачалі ацякаць ужо праз паўгадзіны, а праз гадзіну сядзець было ўжо вельмі складана. Я стараўся перамяшчаць вагу з нагі на нагу. Калі заўважалі, што рухаесься, білі дубінкай, але прасьцей было адхапіць удар, чым зусім не варушыцца. Варта заўважыць, што і тут мне пашанцавала. За намі назіраў нехта з адпраўленых на Акрэсьціна супрацоўнікаў міліцыі, праз гадзіны дзьве з паловай ён пачаў дазваляць пачаргова выпростваць ногі, камусьці легчы на бок ці на жывот, папярэджваў, калі падыходзяць амонаўцы, каб селі назад на пяткі.
„Было адчуваньне, што б’юць па каністры“
— Дзесьці ў глыбіні двара людзей білі бесчалавечна, іх білі так часта і так разьюшана, што я ніколі ня чуў ні такіх стогнаў і крыкаў, ні такіх гукаў ад удараў па целе. Было адчуваньне, што б’юць па нейкай напоўненай плястмасавай бочцы або каністры. Хлопцы, якіх малацілі, прасілі ня біць больш, зьвярталіся да амонаўцаў: „братцы“, „мужыкі“, „таварыш камандзір“. Але тыя не сунімаліся, больш за тое — разьюшваліся і білі зь вялікім азьвярэньнем, укладваючы ва ўдары ўсю вагу свайго цела, наносілі ўдары з крыкамі і крэкчучы на выдыху. Адзін хлопец ад адчаю пачаў крычаць „Ганьба“, і тыя яго проста забівалі, як парася. Другі сказаў: „Лепш застрэльце мяне. Я больш не магу!“.
„Праекцыя пекла на зямлі“
— Я задумаўся над тым, што гэта ўсё ж не турма, не канцлягер, — гэта праекцыя пекла на зямлі. Як быццам нетры зямлі адчыніліся і кавалачак пекла вылез вонкі. І мы ўсе тут павінны прайсьці 9 колаў пекла паводле тых „грахоў“, якія ўчынілі. У кагосьці быў нож, хтосьці быў у камуфляжных штанах, нехта ў берцах; у кагосьці пры сабе былі рацыі, адгазьнік; у кагосьці нібыта выявілі выбуховы пакет; хтосьці, ня дай Бог, аказваў супраціў; хтосьці стаяў у счэпцы; хтосьці быў мэдык; у кагосьці на руцэ была белая стужка, у кагосьці бел-чырвона-белы сьцяг; хтосьці быў апрануты ў белае. У мяне нічога не было, нейкім чынам, відаць, удалося пераканаць іх, што мы ня мэдыкі, таму мяне ня білі вельмі моцна.
„Білет на свабоду“
— Недалёка ад мяне ляжаў чалавек, ён быў у лужыне крыві і пэрыядычна стагнаў. Чалавек, які быў бліжэй за ўсіх да яго, прасіў для яго дапамогі, казаў: „Выклічце яму «хуткую», ён жа памірае“. На што яму сказалі: „Гэта твой білет на свабоду — бяры яго, цягні за тэрыторыю, і вы абодва тады вольныя“. Ён узяў яго і пацягнуў за тэрыторыю, гэтае цела, што стагнала і было без прытомнасьці…
„Павернутая на садызьме“
— Адной з тых, хто катаваў, была дзяўчына. Я бачыў яе толькі на сэкунду, у масцы і з „кармушкі“. Гэта бляндынка да 30 гадоў, невысокага росту. Яна вылучалася асаблівай жорсткасьцю і была павернутая на садызьме сэксуальнага характару. Біла мужчын па яйцах, пастаянна пагражала, што ўсіх згвалціць. Многія там міжвольна спаражняліся пад сябе, хто ад страху, хто ад біцьця. І яна скардзілася, што ад усіх гэтых людзей дрэнна пахне, што „яны ўсё ў гаўне, ім варта было б паводзіць сябе, як мужчыны, а ня плакаць, як маленькія дзяўчаткі“.
„Тихарь“
— Сьведкам на судзе выступаў супрацоўнік міліцыі, які дадаў пра сябе важнае і абсурднае: „В простонародье я известен как тихарь“.
„Пайшла па чырвонай палосцы“
— Прыблізна а трэцяй гадзіне ночы нас загрузілі ў аўтобус і павезьлі ў турму ў Жодзіна. Нас сустрэў той самы злосны амонавец, які замахваўся на мяне ў аўтазаку. На прыступках зноў быў сьцяг, ён загадаў ісьці па ім. Вольга збочыла, ён моцна ўдарыў яе ў грудзі. Я пайшла па чырвонай палосцы, каб не запэцкаць белыя.
„Дамовіліся маўчаць“
— Паветра ў камэры не хапала. Мы дамовіліся маўчаць, каб усім хапала паветра. Калі адчынялі „кармушку“, станавілася крыху лягчэй.
„У камэры з намі была вар’ятка“
— У камэры разам з намі была вар’ятка, жанчына зь белай гарачкай. Яна не давала спаць. Хадзіла кругамі ў гэтай вузкай прасторы, усіх расьпіхваючы локцямі. Яна крычала, кідалася на нас і драпалася. Выглядала, што яна спрабуе выйсьці з кватэры пакурыць або ў краму, патрабавала, каб ёй адчынілі дзьверы, лічыла, што мы нейкія мужавы сваякі, якія яе трымаюць пад замком. Калі яна занадта парушала асабістую прастору, хтосьці зрываўся і адштурхоўваў яе ад сябе. Хтосьці спрабаваў зь ёй дамаўляцца. Да таго ж яна вельмі дрэнна пахла. Пасьля яна абгадзілася і стала яшчэ горш. Адна са старэйшых нявольніц дапамагла ёй памыцца. Прыйшла санітарка. Вывела гэтую жанчыну на калідор і спытала, дзе тая знаходзіцца. Жанчына адказала, што яна ў лесе, пасьля чаго яе са словамі „Ну і ідзі ў свой лес“ засунулі назад у камэру. На нашы просьбы яе ўціхамірыць адказвалі: „Я адзін, а вас трыццаць. Вось і ўтаймуйце. Мы ня будзем супраць, калі ў яе зьявіцца парачка фінгалаў“. Для мяне прысутнасьць гэтай жанчыны была адным з самых сур’ёзных выпрабаваньняў. У нейкі момант я прылегла. І яна паспрабавала сесьці мне на твар, бо ня бачыла мяне. Я была ў акулярах. Ускочыла, схапіла яе за рукі і трымала... Гэта складана.
„Гарачая вада зьнікла толькі ў нас“
— Цягам трынаццаці дзён на Акрэсьціна мы спалі без матрацаў і пасьцельнай бялізны, якую ў нас забралі. У камэры зьнікла гарачая вада і перастаў змывацца туалет. Першая рэакцыя была такая: можа быць, мы чагосьці ня ведаем, нешта адбылося ці мы дзесьці завінаваціліся? Ці вада прапала толькі ў нас ці ўва ўсіх? Калі ў камэру прыносілі сьняданак, абед ці вячэру, то адчынялі спэцыяльнае вакенца, якое часам не да канца зачынялася. Я ўзяла кніжку, напісала на вокладцы: „Ці ёсьць у вас гарачая вада?“, прасунула яе ў шчыліну і пастаралася зрабіць так, каб хлопцы насупраць убачылі і адказалі нам. Урэшце яны прачыталі і кіўнулі: „Так, у нас ёсьць“. Тады мы ўжо пачалі разумець, што ніякае гэта не зьнікненьне гарачай вады ці адключэньне ўва ўсім ЦІП, а нешта ня тое канкрэтна ў нашай камэры.
„Бяздомнікаў мянялі“
— На Акрэсьціна нас трымалі ў адзіночным карцары памерам 1,5 на 3 м — чатыры асобы. Я трапіў туды прамоклы. Хтосьці быў у шортах і майцы. Гэтак давялося сядзець 10 дзён. У карцары ўвесь час гарэла яркае сьвятло. Вады ў кране і ўнітазе не было, змыць экскрэмэнты далі толькі празь дзень — прынесьлі вядро вады. Прышпілены да сьцяны ложак не апускалі цягам усяго побыту, ад чаго даводзілася спаць на голым бэтоне. Усе моцна празябіліся, хтосьці застудзіў ныркі, нават высмаркацца не было ўва што, бо не было нават туалетнай паперы. Бяздомнікаў мянялі: адзін абгадзіўся, яго выводзілі мыцца, прыводзілі новага. У камэру залівалі вядро хлёркі, паўдня было балота. Яны самі да нас баяліся заходзіць, бо смурод стаяў.
„Праверка са сталіцы“
— Першы дзень у Баранавічах умовы былі прымальныя: дазволілі пайсьці памыцца, у камэры можна было курыць, перадачы — штодня. Давалі паперу, асадкі, крыжаванкі, выводзілі на прагулку. Аднак на наступны дзень прыехала праверка са сталіцы. Нам толькі сказалі, што сур’ёзная праверка зь Менску, трэба прызначыць дзяжурнага па камэры. І ўсё, на наступны дзень усё памянялася. Забралі асадкі, забаранілі курыць, ляжаць і сядзець на матрацах. Перасталі сьвятло выключаць. Перадачы толькі па чацьвяргах.
„Каранавірусны п’е апошнім“
— У Жодзіне адзін мужчына сказаў, што ён кантакт першага ўзроўню — хварэе яго мама, якая зь ім жыве. Нам выдалі маскі. Спыталі, ці патрэбна вада. Далі адну бутэльку на ўсіх. Меры засьцярогі былі такія — каранавірусны п’е апошнім.
„Там быў «Рамштайн»?“
— Пакуль мы разьдзяваліся, нашы рэчы абшуквалі. Ззаду нас я бачыў два пакеты: адзін вялікі з тканіны, другі маленькі цэляфанавы. Я падумаў, няўжо нас тут заб’юць, а пакеты — для трупаў? У мяне ва ўнутранай кішэні джынсавай курткі знайшлі бранзалет з фэстывалю Lolapolooza ў Бэрліне. Адразу спыталі: „Гэта што?“ Адказаў. Далей рэпліка: „Крута. Там быў «Рамштайн»?“. Я сказаў, не было, а былі Imagine Dragons. „Клас!“ — чую ў адказ. Ад хоць якога чалавечага стаўленьня і размоваў там сэрца радуецца і напаўняецца надзеяй, што ня ўсё страчана, калі там могуць быць нармальныя хлопцы. Пасьля гэтай размовы я адагнаў думкі пра гібель.
„Пацук Джэры“
— Праз шчыліну ў камэры атрымліваецца перагаворвацца з хлопцамі з суседняй. У нейкі момант яны агаломшваюць тым, што да іх заходзіў у госьці пацук. Назвалі Джэры. Што ж, мы так ужо сумуем па жывых істотах, што і самі былі б радыя Джэры.
„Расьпісаліся ў СІЗА“
— Гэта была мая ідэя. Для гэтага спачатку бярэш дазвол у сьледчага. Калі ён дазваляе, то ідзеш у ЗАГС, паказваеш гэтую паперу. Там адзін блянк запаўняеш сама, другі вязеш у СІЗА. Плаціш мыта — і пасьля „выязная рэгістрацыя“ празь некалькі дзён. У дзень шлюбу я заехала ў ЗАГС па работніцу, прыехалі ў СІЗА. Там у невялікім пакоі ўсё і адбылося. Жанчына зачытала свае цырыманіяльныя словы, мы з Ромам паставілі подпісы — і ўсё. Сьведак не было. Прысутнічалі толькі мы, тая жанчына з ЗАГСу і двое канвойных. Нельга было зрабіць нават фота — тэлефон жа ў СІЗА не пранясеш. Таксама не дазволілі адзець Раману шлюбны пярсьцёнак, нават хаця б на пару сэкундаў. Мы абняліся — і Рому павялі. Спатканьня ніякага не далі. Цяпер будзем чакаць суду. Атрымліваецца, буду жонкай палітвязьня.
„Котка памрэ ад голаду“
— Уначы я раптам успомніў пра нашу котку Клепу, яна засталася дома адна, бязь ежы. Калі мы з жонкай апынуліся тут, я разнэрваваўся, што нам дадуць па 15 сутак, а котка памрэ ад голаду. Спытаў у хлопцаў, колькі котка можа пражыць бязь ежы. Яны адказалі, што 10 дзён, яна будзе есьці шпалеры, кветкі… На сэрцы трохі адлягло. Я ляжаў на „пальме“ (на фені так завецца верхняе ляжачае месца на нарах) і глядзеў у вакно. Раптам праз краты я ўбачыў, што на вуліцы насупраць вакна сядзіць дзяўчына з русымі валасамі ў джынсавай куртцы і сьвеціць нейкімі ліхтарыкамі. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што яна трымае нейкага зьвярка пад курткай, падобна, котку. Каля гадзіны я глядзеў у вакно, але твару дзяўчыны разгледзець ня мог. Увогуле, мне ўдалося пераканаць сябе, што з 90% імавернасьцю гэта была Насьця з нашай любімай коткай. Атрымалася адагнаць благія думкі, і стала лягчэй. Забягаючы наперад, скажу, што памыліўся.
„Сінякі з контурамі Беларусі“
— У камэры мы шмат размаўлялі, жартавалі. Са сьмешнага запомнілася дэманстрацыя адзін аднаму сінякоў і гематом ад дубінак на сьпіне, плячах і азадках. Мы глядзелі на форму сінякоў і адгадвалі ў іх абрысы розных рэчаў, контуры межаў Беларусі і іншых краін. Таксама падбадзёрвалі сябе тым, што Ленін сядзеў, Сталін сядзеў, Якуб Колас сядзеў, Пушкін быў у ссылцы — кожны нармальны мужык павінен адседзець хаця б раз.
„Ён дыхаў так, нібы ў грудзях была дзірка“
— З суседняй камэры вывелі людзей. Я чуў, як адзін зьняволены сказаў, што ня можа ўстаць, бо яму зламалі хрыбетнік. Супрацоўнік амону крыкнуў яму: „Устаць!“. Людзі пабеглі некуды ўправа, праз „кармушку“ ў дзьвярах камэры я бачыў, што бягуць „касманаўты“, потым празь некаторы час чуў, як зьняволеныя беглі з правага боку налева. Далей я пачуў, як кагосьці цягнуць па падлозе. Мабыць, цягнулі таго чалавека, які ня мог устаць. Потым цягнуць перасталі. Мабыць ён сеў, абапіраючыся на сьцяну паміж дзьвярыма дзьвюх суседніх камэр. Я чуў ягонае дыханьне. Ён дыхаў так, нібы ў грудзях была дзірка, як быццам праз трубку. Мароз па скуры быў ад гэтых гукаў.
„З нуля вывучала італьянскую мову“
— Я люблю адукацыю, сама выкладаю курсы дызайну. У камэры ў нас былі ўрокі сьпеваў (дзяўчына, якая ў філярмоніі працуе, вучыла правільна сьпяваць „Пагоню“), ангельскай мовы, мы займаліся фэйсфітнэсам, спортам, чыталі шмат кніг, гулялі ў мафію. Самы круты досьвед — тое, што я сядзела з Натальляй Дулінай, найлепшай выкладчыцай італьянскай мовы ў краіне. Я з нуля вучыла мову. Зубрыла на нарах канспэкт, бо разумела: са мной дацэнт займаецца, я ж не магу несур’ёзна паставіцца да пытаньня.
„Няхай гэтыя грамадзяне матам размаўляюць“
— Нас у чатырохмясцовую камэру за гадзіну ўтрамбавалі 25 чалавек. І потым ужо толькі дадаваліся. Пазнаёміліся. Вядома, усе на нэрвах, цераз слова мацюкі. Я прапанаваў: „Няхай вось гэтыя грамадзяне матам размаўляюць, а мы нармальныя людзі, усё ж у нас слоўнікавы запас большы будзе“. Усе з гэтым пагадзіліся, але ўсё адно праскоквала.
„Калідорны сказаў, што звальняецца“
— Быў у нас супрацоўнік такі, і ў ІЧУ, і ў СІЗА, які нам цыгарэты прыносіў. За свае грошы купляў і прыносіў. Быў час, што нам цыгарэты нават забаранялі перадаваць. Расказваў, дзе што адбываецца. Але такіх мала было, адзін-два чалавекі з усіх. Ім таксама забаранялі з намі размаўляць, усюды камэры. Гэты калідорны 15-га сказаў, што звальняецца. І мы больш яго ня бачылі.
„Асьвенцім новы будуем“
— Тады нам сказалі, што мы ў Слуцку. Было відаць, што ўсё гэта рабілася похапкам: сьвежазрубленыя вышкі, плот. Пры нас рабацягі забівалі дадатковыя палі, абгортвалі іх калючым дротам. Жартавалі, таксама ня моцна задаволеныя: „Асьвенцім новы будуем“.
„Забіў таракана“
— Быў забаўны момант: у Лукашэнкі 30 жніўня быў дзень нараджэньня, а ў камэры на Акрэсьціна ў ноч на 30 жніўня я забіў таракана.
„У вачах людзей у чорным чытаўся страх“
Максім, 43 гады, уладальнік мэблевай кампаніі:
— 13 жніўня са мной не адбылося нічога звышнатуральнага. Ішоў па працоўных справах у раёне Нацыянальнай бібліятэкі. Паварочваю галаву і бачу чорны бус з танаванымі шыбамі. А ў мяне на ўсё гэта чуйка. Разумею, што ўсе, зараз мяне будуць прымаць. Так яно і выйшла.
З машыны выбеглі мужыкі ў чорных масках, як бандзюкі ў 90-я, дагналі, схапілі мяне і дзяўчыну з хлопцам, якія праходзілі міма, і ўсіх разам заштурхалі ў машыну. Я асабліва не супраціўляўся. Усяго нас у бусе апынулася дванаццаць затрыманых. Плюс шэсьць людзей у чорным разам з кіроўцам. Як потым я зразумеў, нас узялі за сымболіку. Адразу мне сарвалі з рукі белую стужачку.
Я не маўчаў, пытаўся, што кепскага ім зрабіў. Спачатку яны нават уступалі ў дыялёг, казалі: „Ды вы нам усім надакучылі, нам усё гэта ўжо надакучыла“. На што я хутка зрэагаваў і адказаў, маўляў, ехалі б вы дадому да жонкі і дзяцей, дык не, са мной тут катаецеся. Пасьля чаго я і атрымаў першы ўдар у калена.
А потым мяне панесла. Выказаў усё, што пра іх думаю. Што ўсё, што яны робяць — гэта незаконна, і што ўсіх іх чакае трыбунал. І што вы думаеце? За ўсё гэта яны мяне крышку паштурхалі, больш каб закрыў рот, але ў іх у вачах чытаўся страх. Яны ўсе нас баяцца. Самі б’юць і пераглядваюцца паміж сабой, разумеюць, што сам-насам бы ня справіліся.
З усіх дванаццаці чалавек мне дасталася больш за ўсё, бо я ўвесь час бурчаў. Людзі ў чорным прасілі мяне памаўчаць, а я ім адказваў, што мне сумна і што я сам па сабе люблю пагаварыць. Не, вы ня думайце, што я бясстрашны. Многія мае сябры да гэтага часу ляжаць пакалечаныя ў лякарні пасьля ўсяго гэтага. Напэўна, мяне проста так загартаваў жыцьцёвы досьвед.
Яшчэ ў дзяцінстве мама пакінула мяне ў дзіцячым доме. Мяне выхоўвала вуліца. А потым служыў у Чачэніі, прайшоў вайну ў 1995 годзе, ведаю, што такое сьмерць. З бою нас вярнулася двое з шаснаццаці — я з раненьнямі і яшчэ адзін таварыш на інвалідным вазку. І мне зусім ня хочацца, каб цяпер, у мірны час, адбывалася нешта падобнае. Я сам вайсковец, ведаю псыхалёгію сілавікоў, мяне так проста не напалохаць, не зламаць.
За ўвесь час, пакуль нас вазілі па горадзе, паўгадзіны патрацілі на мяне. На ўсе мае словы адказвалі кулакамі. Відаць, што людзі падрыхтаваныя, б’юць у самыя болевыя месцы — рэбры, калені, рукі, цягліцы. Па твары ня білі, стараліся не пакідаць сінякоў. Два разы ўдарылі ў калена так, што да гэтага часу калю абязбольвальныя і кульгаю.
Калі мяне забралі, першая думка была пра тое, што дадому не вярнуся. Быў гатовы да таго, што павязуць невядома куды. І ніхто ня будзе ведаць, дзе я і што са мной, а потым знойдзе ў лесе які-небудзь грыбнік. А яшчэ баяўся, што залезуць мне ў тэлефон — і ўсё, прывітаньне, Акрэсьціна. Быў страх за таварышаў, зь якімі перапісваліся і стэлефаноўваліся, каб іх таксама не забралі. Але, як ні дзіўна, тэлефону ніхто не запатрабаваў.
Я сваю пазыцыю ўтойваць ня буду. Ужо пачынаючы з 9 жніўня я актыўна ўдзельнічаю ўва ўсіх акцыях пратэсту і працягну рабіць гэта далей. Нягледзячы на тое, што я грамадзянін Расеі, з 2004 году жыву ў Менску. Так, мне прапаноўвалі беларускае грамадзянства, але пры дзейнай уладзе мне гэта нецікава. Маю дачку-беларуску, ёй 9 гадоў. І ўсё гэта я раблю дзеля яе, каб яна жыла ў спакойнай і цудоўнай краіне.
Цяпер кожную раніцу прачынаюся, гляджу ў люстэрка і кажу: „Хто малайчына? Максім малайчына. На Акрэсьціна сёньня паедзем? Не, не паедзем“. Усё роўна ёсьць адчуваньне, што міма мяне гэтыя падзеі ня пройдуць. Нельга ва ўсім гэтым варыцца і застацца ўбаку.
У выніку сілавікі павазілі нас гадзіны тры ў машыне і выкінулі за горадам у раёне Ўручча. Напрыканцы ўдарылі мяне нагой у сьпіну, і я ўпаў на калені. Разьвітаўся зь імі словамі: „Дзякуй, закон бумэрангу яшчэ ніхто не адмяняў“.
Калі машына зьехала, некаторыя, хто быў са мной там поплеч, выказвалі свае прэтэнзіі: маўляў, навошта ты балбатаў, скажы дзякуй, што наогул выпусьцілі. Я нават трохі пакрыўдзіўся на людзей. Мы быццам бы ўсе з аднолькавымі стужкамі, за адну ідэю, а калі сутнасьць даходзіць да справы — усе адразу ў кусты. У мяне крыху іншы характар.
Заявы ў міліцыю я не пісаў. На каго, людзей у чорным? Гэта сьмешна. Магу пайсьці з заявай і не вярнуцца. У лякарню таксама не зьвяртаўся. Уколы ў калена калю сам. Яно ў мяне да гэтага часу як каменнае. Але гэта мяне не спыняе схадзіць з усімі на плошчу па нядзелях. Аднойчы нават выступіў у вольны мікрафон, расказаў, што са мной адбылося, і падзякаваў беларусам за тое, што вы крутая нацыя. На беларусаў цяпер глядзіць увесь сьвет і ганарыцца вамі. І таму назад шляху ўжо няма.
„Пакажам мазырскую гасьціннасьць“
Уладзімер, 33 гады, Каленкавічы:
— 13 жніўня гадзін каля 18, яшчэ сьвяціла сонца, я выйшаў на бульвар Юнацтва ў Мазыры, каб ісьці на аўтобусны прыпынак.
У мяне ціўкнуў тэлефон, я стаў чытаць паведамленьне. У гэты момант міма мяне марудна праехала цывільная „лада-прыёра“ на расейскіх нумарах. Я зірнуў на яе і зноў апусьціў вочы ў тэлефон. І раптам на мяне накінуліся чатыры чалавекі ў чорнай форме безь ніякіх значкоў, зорачак ці лычак, у кепках і чорных масках, як ад каранавірусу. Яны выскачылі з тае „лады“. Паклалі мяне тварам у асфальт і заламалі рукі, а потым пацягнулі ў машыну. Пасадзілі паміж сабой на задняе сядзеньне. Ужо калі ехалі, яны шукалі ў сябе кайданкі і, знайшоўшы, надзелі іх мне на рукі за сьпінай.
Прывезьлі ў Мазырскі РАУС. Правялі праз турнікет, павярнулі на лесьвіцу і тут жа, на пляцоўцы перад прыступкамі, павалілі на падлогу тварам уніз, нацягнулі на галаву куртку і пачалі біць. Пры гэтым я ня мог нават прыкрывацца, бо мае рукі былі скаваныя за сьпінай. Я ня бачыў, чым мяне білі, але некаторыя ўдары былі як высьпяткі, а некаторыя зьверху па сьпіне, ягадзіцах, нагах, відаць, міліцэйскім гумавым дручком.
Потым мяне паднялі і пацягнулі на трэці паверх. Зацягнулі ў нейкі вялікі кабінэт. Відаць, нейкага начальніка, бо я пасьпеў убачыць вялікі стол і шэрагі крэслаў уздоўж сьценаў. Тут зноў паклалі на падлогу тварам уніз і нацягнулі на галаву куртку. Спачатку пагражалі, што, маўляў, я ўжо „накрычаў на 3 гады“, а зараз яны аформяць і на „дзясятачку“.
Пачалі абшукваць, спыталі, дзе тэлефон. Але яго ў мяне выхапілі яшчэ пры затрыманьні. Я ня бачыў твараў, спачатку бачыў толькі ногі, бо галава была прыгнутая долу і прыціснутая да падлогі чыёйсьці нагой, а потым увогуле нічога ня бачыў, бо на галаве была куртка. Толькі чуў, што тыя, хто мяне біў, зьвяраталіся да кагосьці „таварыш палкоўнік“. Калі прынесьлі мой тэлефон, ад мяне пачалі патрабаваць пароль. А мой тэлефон можна было разблякаваць сканэрам пальца альбо сканэрам твару, альбо паролем. Яны спачатку паднесьлі да пальца, але тэлефон не разблякаваўся, потым да твару, але, відаць, пасьля таго, што адбылося, мой твар мала быў падобны да таго, які „памятаў“ тэлефон.
Тады апарат запатрабаваў увесьці лічбавы пароль. Я адмаўляўся казаць. Мяне зноў пачалі біць дубінкамі і нагамі. У выніку я мусіў сказаць пароль. Міліцыянты разблякавалі тэлефон і са словамі „Так, зараз пачытаем, што ты тут пішаш!“ пачалі адкрываць у тэлефоне розныя праграмы.
І раптам — моцны ўдар па галаве. Я зьнепрытомнеў. Што было далей, ня памятаю. Відаць, потым на мяне плюхнулі вады, бо я, калі ачуўся, адчуў, што мокры. Мне пачалі казаць, што зараз панапісваюць ад майго імя, што я паеду на 10 гадоў. Корпаліся ў маёй тэлефоннай кнізе, пытаючы, хто ў мяне як падпісаны. Шмат разоў казалі: „Здасі вашага каардынатара, і мы цябе адпусьцім“. Але я казаў, што ня ведаю ніякіх каардынатараў, я прыехаў з Каленкавічаў да сябра і ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Потым я пачуў, што яны згадалі прэзэрватыў і адзін зь іх сказаў: „Зараз зробім зь цябе дзяўчынку“. Але нехта сказаў ім, што ня трэба. Мяне зноў паднялі і некуды пацягнулі. Вывелі на вуліцу. Ужо было зусім цёмна.
Мяне перавялі праз вуліцу ў будынак насупраць райаддзелу міліцыі. Завёўшы ў нейкі пакой у тым будынку, мяне зноў кінулі на падлогу тварам уніз. Я пасьпеў заўважыць толькі нейкую даволі маладую жанчыну ў званьні маёра, і побач са мной на падлозе ляжаў яшчэ адзін чалавек. Калі на падлогу ўпаў я, таго чалавека паднялі і павялі.
Я пачуў голас жанчыны-маёра: „А! Калінкавіцкі! Зараз мы табе пакажам мазырскую гасьціннасьць! Цяпер вядзіце сабак!“
Я падумаў, сапраўдных сабак, зараз разарвуць. Але прыйшлі людзі. Мяркуючы па тупаце і галасах — шмат людзей. І пачалі вельмі моцна мяне біць. Нехта, відаць, малаціў дручком, нехта проста нагамі. Потым я адчуў, што па мне прайшліся абцасамі. Я думаю, што гэта тая жанчына, бо абцасы адчуваліся танчэйшыя, але даўжэйшыя за абцасы берцаў. Яна ж, відаць, трапіла мне мыском абутку ў скронь, бо мысок быў востры, не як у берца. Я некалькі разоў траціў прытомнасьць. Ачухваўся, калі мяне аблівалі вадой.
З носу проста ручаём бегла кроў, твар ляжаў у крыві. Тая жанчына казала: „Ты пашкадуеш, што сюды прыехаў!“ Потым зноў шмат удараў адразу ад некалькіх чалавек. Я моцна закрычаў і зноў зьнепрытомнеў. Потым паступова вярнуўся ў прытомнасьць. Адчуў, што мне ў сьпіну і ніжэй штурхаюць нечым, мабыць, дручком. Было вельмі балюча, магчыма, ад болю я і ачуўся. Потым яны ўзялі маю галаву і трэсьлі яе. Я расплюшчыў вочы. Зноў пачуў жаночы голас: „Хопіць, сыходзьце!“. Пасьля нейкі мужчына ў цывільным мяне падняў. Сурвэткай працерлі твар ад крыві. Зь мяне бегла вада, і яны ёю размазвалі кроў.
Затым мяне вывелі ў двор гэтага будынку. Там зьнялі кайданкі, з шыі зьнялі ланцужок і крыжык і павялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, які знаходзіцца крыху правей ад РАУС. Я ня мог стаць на левую нагу, каб пераступіць нейкі невысокі парканчык, празь які мы пераходзілі, дык міліцыянты перакінулі маю нагу.
У ІЧУ на мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Загадалі падпісаць. Пры гэтым прыгразілі, што, калі не падпішу, працягнуць зьбіваць.
Потым мяне завялі ў 12-ю камэру. Там ужо былі тры хлопцы маладыя. Усе таксама пабітыя. Адзін крыху меней. Ён сказаў, што ня варта было трываць, трэба было адразу моцна крычаць. Ён крычаў, і таму яго меней білі.
На раніцу, ня даўшы ні паесьці, ні папіць, мяне завезьлі ў суд. Прозьвішча судзьдзі ня памятаю, гэта была поўная такая жанчына. Ніякіх ні папераў пра вынікі суду, ні копіяў пратаколаў мне не далі.
Суд доўжыўся мо якія хвіліны дзьве. Мне далі 15 сутак. Прывезьлі назад у камэру. Там хлопцы паказалі, што ў мяне ўся шыя ў крыві. А праз тры дні мяне вызвалілі. Я выйшаў з ІЧУ і зьдзівіўся. Там было шмат людзей. Былі валянтэры, якія прапанавалі адвезьці, куды мне трэба; былі псыхолягі; прапаноўвалі ежу і пітво. Нас сустракалі як герояў.
Мэдыкі дыягнаставалі ў мяне закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсеньне мазгоў, шматлікія кровападцёкі і гематомы. Дагэтуль адчуваю галавакружэньне і млосьць. Баліць хрыбетнік. Мне прызначылі МРТ усяго цела.
Да мяне ў ІЧУ прыходзіў сьледчы, апытваў наконт зьбіваньня. Я расказаў яму, як было. Цяпер ён мне тэлефануе, просіць прыехаць у Мазыр, каб зноў даць нейкія паказаньні. Але я баюся. Ходзяць размовы, што тых, хто зноў трапляе ў гэтыя ўстановы, затрымліваюць і выпраўляюць у міліцыю. А што там будзе адбывацца, можна толькі здагадвацца. Яны пастараюцца зрабіць усё, каб схаваць свае злачынствы і каб пра іх ня стала вядома.
„Калі няма ў сьпісах, хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці“
Сьвятлана, маці катаванага на Акрэсьціна:
— Увечары 13 жніўня ў тэлеграм-каналах пачалі цыркуляваць чуткі пра тое, што затрыманых выпускаюць. Да 23-й гадзіны едзем з мужам на Акрэсьціна — чакаць сына.
Гэта найгоршая ноч у маім жыцьці. Інфармацыя вельмі бедная, яе дазавана перадаюць нейкія міліцэйскія асобы праз валянтэраў. Валянтэры наводзяць парадак сярод натоўпу ўсхваляваных людзей, просяць не шумець і ня пляскаць, бо гэта злуе турэмнікаў і яны адыгрываюцца на арыштантах. Прыяжджаюць журналісты. Быццам бы павінны выпускаць. Шыхтуемся калідорам уздоўж турэмнай сьцяны, цягнем шыі, каб першымі ўбачыць сваіх родных, калі іх выпусьцяць.
Да Акрэсьціна прыяжджае намесьнік міністра Барсукоў. Абяцае, што да 6 раніцы выпусьцяць усіх затрыманых. Надзея ўбачыць сына становіцца рэальнасьцю!
Усю тую ноч — то з брамкі, то з варот — выпускаюць групкі затрыманых. Невядома, хто зараз выйдзе. Натоўп велізарны, баюся прапусьціць сына. Калі не магу разгледзець праз натоўп, крычу ягонае імя, спадзеючыся, што пазнае голас.
Хлопцы выходзяць на сваіх нагах; многія кульгаюць, кідаюцца ад натоўпу, закрываюць твары капюшонамі. Валянтэры спыняюць іх, запісваюць, адводзяць да мэдыкаў. Мэдыкі выклікаюць „хуткія“, аднаго хлопца вязе рэанімацыя. Гадаю, у якім выглядзе будзе мой хлопчык.
Выходзіць новая групка затрыманых (ледзь не сказала „пацярпелых“). Некаторыя выходзяць з брамкі і тут жа нагінаюцца і адводзяць рукі за сьпіну. За два-тры дні іх надрэсавалі так сябе паводзіць.
Усю ноч назіраю чараду скалечаных, пабітых, дэмаралізаваных людзей. Хтосьці ня можа ўспомніць свайго імя. У кагосьці няма вока. З разьбітай галавой, са зьбітым тварам, ледзь клыпаюць, крывяцца ад болю. Хлопец з аблітымі нейкай белай дрэньню валасамі трымаецца мужна, дае інтэрвію журналістам. Зусім маладзенькі хлапчук зь сінімі рукамі і заплылым вокам, яму выклікаюць „хуткую“ валянтэры. Кожны раз кідаюся да групы выпушчаных, шукаю свайго сына і гадаю, якія калецтвы ў яго будуць, у думках малюся невядома каму, каб калецтвы былі ня вельмі страшнымі.
Да сямі гадзін раніцы валянтэры перадаюць зьвесткі ад невядомых супрацоўнікаў турмы, што больш сёньня нікога ня будуць выпускаць. Пасьля бяссоннай ночы ў поўным ступары еду дадому пісаць, тэлефанаваць, высьвятляць, балазе, ёсьць інтэрнэт.
14 жніўня працягваю высьвятляць, дзе мой сын. Зьяўляецца інфармацыя, што многіх з Акрэсьціна адправілі ў Жодзіна, у Слуцак. Адганяючы самыя страшныя думкі, спрабую датэлефанавацца ў РУУС Савецкага раёну, у суды, праваабаронцам, пішу па ўсіх адрасах, якія ёсьць на праваабарончых сайтах, дзе могуць дапамагчы з інфармацыяй. На „Фэйсбуку“ вывешваем фатаздымак сына з просьбай дапамагчы вызначыць месцазнаходжаньне.
Тэлефаную знаёмаму супрацоўніку міліцыі. Праз паўгадзіны ён мне паведамляе, што ўчора быў суд, сыну далі 11 сутак, пакуль ён на Акрэсьціна, але 99%, што яго павязуць у Жодзіна. Сьмяротны страх за сына крыху адпускае, нешта канкрэтна становіцца вядома, ды і пра Жодзіна ёсьць станоўчыя водгукі, цягне на 10 балаў сярод турмаў. Там ня б’юць і нават кормяць.
Зноў пачынаю непакоіцца: а ці дакладныя гэтыя зьвесткі? І як быць з абяцаньнем Барсукова выпусьціць усіх? Абзвоньваю суды. У Савецкім няма зьвестак пра майго хлопчыка, раяць тэлефанаваць у Вярхоўны, усе зьвесткі там. Дазвоньваюся да Вярхоўнага. Нахабная цётка адказвае: „Глядзіце на сайце“. Я ёй тлумачу, што на сайце суды за 11-га, а мой асуджаны, па чутках, 13-га. У адказ: „Чакайце, не пасьпяваем напісаць сьпісы“. Тут ужо я выбухаю (дарма, трэба заўсёды быць зь імі стрыманым): вы столькі пасьпелі асудзіць, што за паўдня не пасьпелі ўсе імёны ўбіць у эксэлеўскі файл? Колькі ж кожны суд доўжыўся? У адказ пакрыўджанае сапеньне, завяршаю званок.
У Фрунзэнскім судзе ветлівая дама нарэшце дае першыя афіцыйныя зьвесткі: так, асуджаны на 11 сутак, як мяркуецца, на Акрэсьціна, удакладняйце. „Дзе???“ — „У РУУС“. Дазваніцца немагчыма. Высьвятляецца, што адкрываецца гарачая лінія, дзе будуць даваць апэратыўныя зьвесткі пра месцазнаходжаньне арыштантаў. Праз 15 хвілін упартых спробаў датэлефаноўваюся. Мэгаветлівая дзяўчына адказвае, што майго сына няма ў ніводным са сьпісаў. Так, быў на Акрэсьціна, але яго цяпер ужо, мяркуючы па ўсім, адпусьцілі.
Ляцім з мужам на Акрэсьціна. Пытаемся ў валянтэраў, ці выпушчаны такі. Адказваюць, што запісваюць усіх, але нашага не выпускалі. На дзьвярах каля ЦІПа вісіць сьпіс. Ура!!!! У ім ёсьць наш хлопчык. Ніколі ня думала, што так парадуюся імю свайго дзіцяці ў турэмным сьпісе. Зьяўляецца пэўнасьць. Чакаць. З брамкі выпускаюць малымі групкамі хлопцаў. Іх стан горшы, чым у тых, каго выпускалі ноччу. Валянтэры аказваюць ім усялякую дапамогу. Некаторыя палохаюцца, спрабуюць уцякаць ад валянтэраў, хоць тыя спакойныя і ветлівыя. У тых, хто прабыў у засьценках некалькі дзён, часта неадэкватная рэакцыя.
З варот выяжджаюць тры аўтазакі. Турэмнікі перадаюць сьпісы з тымі, хто ў іх. Наш хлопчык у сьпісах ня значыцца. Валянтэры папярэджваюць, што ў сьпісах можа быць недакладная інфармацыя праз блытаніну, якая робіцца ў турме. Дакладна нічога невядома.
Валянтэры на машынах накіроўваюцца за аўтазакамі. Вядома, што зьняволеных з аўтазакаў выпускаюць па два-тры чалавекі ў самых розных частках гораду. Валянтэры іх прывозяць назад да Акрэсьціна, каб аказаць дапамогу і адзначыць у сьпісах вызваленых. Пабітыя брудныя людзі ў ірванай скрываўленай вопратцы, бяз грошай і дакумэнтаў, — выдатныя кандыдаты на новы арышт. Таму вельмі важна ўсіх выявіць.
Пастаянна правяраю ўсе сьпісы: адпушчаных, якія засталіся, у лякарнях. Адзіны сьпіс, у якім ён ёсьць — на дзьвярах турмы. Сьпіс абнаўляюць. У ім няма нашага дзіцяці! І сярод адпушчаных няма! У мяне цёмна ў вачах — увесь дзень блыталі сьляды, яго імя то зьяўлялася, то зьнікала. Хутчэй за ўсё, яго забілі да сьмерці, раз яго няма нідзе, я пра яго нічога не магу даведацца. Я рыдаю так, што здаецца, цяпер ужо для мяне ўсё скончыцца. Ад гэтага болю выратаваньне адно — разьбіць галаву аб суседняе дрэва, толькі няма сіл устаць. Мяне суцяшаюць псыхолягі, пояць чымсьці супакаяльным. Я стараюся ўзяць сябе ў рукі, атрымліваецца дрэнна, мая бурная фантазія малюе такія страшныя карціны зь міксу таго, што я бачыла за ўсю ноч і ўвесь дзень, што сьлёзы ручаём цякуць. Я люта матаю галавой, каб адагнаць гэтыя страшныя карцінкі. Усё жыцьцё майго хлопчыка праходзіць у мяне перад вачыма. Я яго нараджала, любіла, вучыла, клапацілася, сябравала зь ім, слухала яго музыку, чытала яго артыкулы і ганарылася — а цяпер нелюдзі забілі яго палкамі? Гэта немагчыма, гэта не са мной адбываецца.
У гэты час з варот выяжджае яшчэ адзін аўтазак. Я рвуся ехаць за ім. Мяне ўтрымліваюць: „Куды? Толькі ў ДТЗ трапіце ў такім стане“. Суцяшаюць мяне, кажуць, за аўтазакам імчацца машыны з валянтэрамі. Спрабую дакладна гаварыць зь юрыстамі, высьвятляю, што я магу зрабіць далей. Зьбіраю шаблёны нейкіх заяваў, дакумэнтаў. Трэба змагацца далей.
Званок на тэлефон. Гэта мой сын!!! Ён быў у апошнім аўтазаку, валянтэры яго прывезьлі назад на Акрэсьціна!!! Абодва вокі ў яго падбітыя, на твары рваная рана, брудныя валасы вісяць нейкімі жмуткамі (амонавец стрыг у аўтазаку нажом), астатніх калецтваў пад адзеньнем не відаць. Але ён жывы, са мной і вельмі радасна ўсьміхаецца.
Дзякуй маім цудоўным сябрам, маім дарагім калегам, майму стойкаму мужу, які ўвесь час быў побач са мной. Дзякуй усім знаёмым і незнаёмым, хто падтрымліваў словам, парадай, спачуваньнем. І асобны нізкі паклон валянтэрам. Колькі змагу, буду ім дапамагаць.