Пры затрыманьні
„Адзін у балаклаве зірнуў такімі шклянымі вачыма, што я скамянела“
„Гранаты кідалі проста ў натоўп“
„Засталася толькі пятка“
„Далі ў калена берцам — нага сагнулася ў адваротны бок“
„Мне да галавы прыставілі пісталет“
„Самы запамінальны ўдар — нагой у вока“
„Душылі сьцягам і называлі яго пракладкай“
„Ня ведаю, як іх назваць, гэта не міліцыя ўжо“
„Лятуць чорныя лебедзі“
— 9 жніўня мы да васьмі гадзін пайшлі на выбарчы ўчастак. За гадзіну сабралася, напэўна, больш за сотню людзей. Усё мірна, спакойна. І хтосьці сказаў, што зь іншых участкаў старшыні ўцякаюць праз запасныя выхады. Сапраўды, ужо машына стаіць заведзеная. Тут выходзіць старшыня з тэчкамі і ў досыць агрэсіўнай манеры пачынае адмаўляцца: яму паступіла ўказаньне з раённай камісіі нічога нікуды не вывешваць, а ехаць адразу туды. Разьвярнуўся і пайшоў назад у школу. Выйшла тры ці чатыры міліцыянты, кажуць нам: „Разыходзьцеся“. На што мы адказалі: „На вашых вачах парушэньне закону адбываецца, калі ласка, рэагуйце“. Старшыня зноў выйшаў, сеў у машыну. Людзі, натуральна, не даюць машыне праехаць. Пад’ехалі два экіпажы ДАІ: „Вызваліце праезную частку“. Прабачце, якая праезная частка? Гэта дваровая тэрыторыя. І літаральна хвілін праз пяць — „Ляжаць! Мордай у зямлю!“ Паварочваюся — ужо лятуць… чорныя лебедзі.
„Папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір“
— У нейкі момант я выйшаў да гэтых шчытоў абсалютна адзін, падняўшы рукі ўгору, паказваючы, што ня маю ніякай агрэсіі. І кажу: „Вы проста паглядзіце, што адбываецца перад вамі. Вашы дзеці, бацькі, сёстры, браты… Вы нявечыце мірны народ, такі, як і вы“. І папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір. Пасьля гэтага недзе праз хвіліну шчыты расступіліся і група захопу з чатырох чалавек мяне схапіла і зацягнула да сябе туды ў тыл. Пасьля пяць ці восем амонаўцаў павалілі мяне на дол і пачалі біць. Недзе на працягу пяці хвілін зьбівалі дубінкамі, ботамі па галаве, па целе. Далей закінулі ў аўтазак, дзе два амонаўцы дубінкамі сваю справу давяршылі.
„Гэта была найвялікшая дурасьць“
— Мы ехалі ў машыне разам з мэдыкамі-добраахвотнікамі, якія пагадзіліся падвезьці нас дадому. Бліжэй да ўнівэрсаму „Рыга“ ўбачылі вялікую колькасьць міліцыі і людзей, якія ляжаць на зямлі. Кіроўца нашай машыны прыпыніўся, і мы — гэта была найвялікшая дурасьць — запыталіся ў супрацоўнікаў амону, ці не патрэбна мэдычная дапамога? Амонавец нешта рэкнуў у наш бок. У гэты момант іншы амонавец падбег да аўтамабіля, кінуў у бок машыны сьвятлашумавую гранату, наставіў на нас вінтоўку, загадаў выйсьці з машыны і легчы на дол. Я пачуў выбух пад коламі, потым убачыў рулю вінтоўкі перад сваім тварам, і ў наступную сэкунду ўжо даваў нырца рукамі наперад у асфальт: гэта не такая простая задача — выскачыць зь мінівэна і хутка легчы на зямлю.
„Як у фільмах пра рыцараў“
— Людзі сталі хаатычна разьбягацца. Я зразумеў, што зараз пачнуць хапаць усіх запар. Тут воляй-няволяй пабяжыш. Спыніўся на пагорку. Павярнуўся назад і ўбачыў, што на зямлі ляжыць жанчына гадоў пяцідзесяці і два чалавекі ў чорным б’юць яе рукамі і нагамі. І мне сарвала „стоп-кран“. Я закрычаў: „Людзі, на помач!“ І пабег туды. Я разумеў, які можа быць вынік, але ў той момант рашэньне было адно — дапамагчы жанчыне. Убачыў бакавым зрокам, як усьлед за мной кінуліся яшчэ пару хлопцаў. Пакуль мы беглі, я вельмі моцна крычаў, проста як у фільмах пра рыцараў. Гэтая псыхічная атака падзейнічала. Сілавікі пачалі ўцякаць.
„Адчыніла пад’езд, дзе мы хаваліся, і паклікала іх“
— Пасьля нашага затрыманьня я часьцей успамінаю не сілавікоў, РУУС, наглядчыкаў і камэру. Успамінаю чамусьці тую пажылую жыхарку дому №62 на вуліцы Арлоўскай, якая здала нас, прыкладна 25 чалавек, людзям у чорным. Спусьцілася, адчыніла пад’езд, дзе мы хаваліся, і паклікала іх. І, мяркуючы па тым, як яна нас называла, зь якой нянавісьцю казала нам вымятацца, спала яна потым ня тое што спакойна, але і з пачуцьцём глыбокага задавальненьня ад свайго „подзьвігу“.
„Далі адпор“
— Калёна спынілася. У нейкі момант кардон „супрацоўнікаў“ пачаў грукаць у шчыты, рушыў у бок людзей і нас паспрабавалі выцесьніць. Мы ўзяліся ў счэпку і далі адпор. Байцы разгубіліся і сталі адступаць. Па меры адступленьня яны распылялі сьлезацечны газ: кожны раз, калі мы набліжаліся да іх, мы апыналіся ў газавым воблаку. Я адчуў непрыемны смак у роце і смыленьне ў вачах. Людзі пачалі разьбягацца, я пабачыў, як уцякае мой сын, і пабег за ім.
„І прыцэльна стрэліў у мяне“
— 10 жніўня на Кальварыйскай зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду „Алмаз“. Адзін зь іх спыніўся прыкладна за 10 мэтраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках з надпісам „Прэса“ і прыцэльна стрэліў у мяне. Цяпер я другі месяц у шпіталі.
„Прапанаваў згуляць у шахматы“
— Калі я ехаў на чарговы пратэст, у тралейбус уварваўся амон. Мяне выцягнулі з салёну і завалаклі ў мікрааўтобус. Рукі заламалі сьпераду і скулі іх плястмасавай сьцяжкай. Трое міліцыянтаў білі мяне нагамі і рукамі па рэбрах, нырках, галаве. Аднаго зь іх раззлавала, што гляджу яму ў вочы. Ён зароў: „Давай выйдзем сам-насам“. На гэта я яму прапанаваў згуляць у шахматы. Вочы ў міліцыянта наліліся чырваньню, але больш мяне ня білі.
„Мы проста ідзём па вуліцы“
— Калі сілавікі пачалі затрыманьне, мы нават не ўцякалі. Я зыходзіў з таго, што мы ж проста ідзём па вуліцы. У выніку атрымалася так — уцяклі тыя, хто ўдзельнічаў у пратэсьце, а затрымалі тых, хто ў краму ішоў. Вядома, я супраць таго, каб затрымлівалі і білі мірных удзельнікаў акцый, але калі такое адбываецца, калі ты проста ідзеш зь дзяўчынай каля крамы...
„І распылілі газ“
— Я спакойна стаяла сярод іншых людзей, як раптам на нас нечакана наляцелі амонаўцы. У нейкі момант яны падышлі да нашай групы амаль ушчыльную і распылілі газ. Я якраз у гэты момант удыхнула, каб крыкнуць: „Што вы робіце?“ І газ трапіў мне ў вочы, нос і рот... Раніцай я выклікала „хуткую“. У выніку правяла тыдзень у лякарні з апёкам рагавіцы і дыхальных шляхоў.
„Зьняў іх на відэа. І паехаў далей“
— Пасьля дзесяці вечара я рухаўся на сваім аўтамабілі па вуліцы Прытыцкага. Праяжджаючы чарговую калёну амонаўцаў, якія стаялі на прыпынку, я зьняў іх на відэа. І паехаў далей. Уся вуліца рухалася з хуткасьцю 30 км у гадзіну. Празь нейкі час яны мяне абагналі, падрэзалі, выскачылі дзесяць чалавек з дубінамі ў чорных строях. Разьбілі шыбу мне ў машыне, выцягнулі, пачалі біць. Празь пяць хвілін я страціў прытомнасьць.
„Схапіў мяне за руку і шпурнуў на зямлю“
— Амон пачаў затрымліваць людзей. Да іх жанчыны падышлі, крычалі ім, каб адпусьцілі. Я таксама падышла. Амонавец схапіў мяне за руку і шпурнуў на зямлю. Па адчуваньнях, ён так схапіў, што адразу ж і зламаў. Рука імгненна абвісла. Шпурнуў мяне, як кацяня. Я паднялася; думала спачатку, што вывіх. Але прыехала „хуткая“, мяне забралі ў лякарню. Зрабілі здымак, дыягназ: пералом са зьмяшчэньнем і аскепкамі. Доктар сказаў: гэта крымінальная справа, да вас прыйдзе міліцыя. Калі пакараюць — ну што ж зробіш. Я нарадзілася ў вайну, таму магу нават пагаладаць, калі прыйдзецца выплачваць нейкія штрафы. Пасяджу на хлебе і вадзе, хай толькі жыве Беларусь.
„Адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка“
— Мяне затрымалі ў парку імя Янкі Купалы. Не спадабалася сілавіку, як я на яго гляджу. Мне залілі пярцовікам з балёнчыка спачатку ў твар, пастаялі, паглядзелі, што я не супраціўляюся, адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка яшчэ ў раёне хвастца. Таму ў бусіку я ехаў з „разагрэтым“ адчуваньнем, пярцовік сьцякаў па нагах, потым ногі гарэлі яшчэ двое сутак.
„Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць“
— У турме я пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзьмітрыем, якому пасьля затрыманьня амонаўцы зламалі два рабры. Яго зь сябрам схапілі каля маршу, калі яны выходзілі з крамы, на ім быў наш сьцяг. А тут амон. Нешта запыталі, а Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць. За мову іх гэтак у бусе аддубасілі, што зламалі яму два рабры. Нават праз колькі дзён ён гаварыў ціха-ціха, доўга набіраючы паветра, бо дыхаць нармальна было балюча.
„Несьлі ў руках букеты кветак“
— У Маскоўскім РУУСе апынулася каля дзясятка жанчын. Іх затрымалі, бо яны несьлі ў руках букеты кветак. Гэта ў Беларусі-2020 стала правапарушэньнем. Адна з жанчын толькі-толькі пасьпела купіць букет у бабкі на Камароўцы, а яшчэ піражкі, каб завезьці старой маці. Яшчэ адна несла кляновае лісьце. У іншай затрыманай у руках не было нічога. Але куртка — чырвоная. Колер з катэгорыі падазрона-забароненых.
„Мы пасунемся“
— Малады амонавец, які затрымаў мяне, відавочна хацеў мяне адпусьціць. Ён вёў мяне ад буса да буса, а яны былі поўныя, і ён сказаў: „Калі і апошні будзе заняты, вы ціха сыходзьце“. Але ў апошнім бусе былі галянтныя амонаўцы і яны сказалі: „Мы пасунемся“.
„Амонавец убачыў у мяне на руцэ белую стужку“
— Я спыніўся на скрыжаваньні на сьвятлафоры. І адзін амонавец убачыў у мяне на руцэ белую стужку. Я заўважыў, як па ланцужку гэтая інфармацыя праз два-тры чалавекі дайшла да ДАІшніка, які стаяў у цэнтры скрыжаваньня. Ён страпянуўся, адразу паказаў на маю машыну, каб я зьяжджаў на ўзбочыну. І я ўбачыў, што з боку амону да мяне ідуць шэсьць чалавек.
„Біў мяне дзьвярыма маёй жа машыны“
— Разам гэта ўжо восем чалавек білі мяне каля аўтамабіля. Зь іх двое былі ў форме ДАІ, але ў бронекамізэльках. Нос мне паламалі проста ў машыне. Адзін сілавік стаяў каля дзьвярэй кіроўцы і біў мяне дзьвярыма маёй жа машыны. Яны разьбілі ўсе шыбы, усе фары, пракалолі ўсе колы. І ў мяне ў капоце яшчэ застаўся сьлед ад нажа, якім яны прабівалі шыны.
„На чыстай расейскай мове“
— У амонаўцаў паміж сабой была нейкая дзіўная мова. Памятаю, мяне вельмі зьдзівіла, што яны размаўлялі на чыстай расейскай мове. Не было ніякага акцэнту беларускага ні ў кога.
„Падлеткі «на пабягушках»“
— Мяне прывезьлі ў РУУС першай, а потым туды сталі падвозіць затрыманых у „ланцугах салідарнасьці“. Я даведалася, што ў міліцыянтаў ёсьць падлеткі „на пабягушках“ — хлопцы, якія бегаюць і дакладаюць, дзе што адбываецца.
„Ах, ты мэдык!“
— Недалёка ад таго месца, дзе пачынаўся мітынг і адбываліся вельмі жорсткія затрыманьні, я проста на дарозе ўбачыў чалавека ў сутаргавым стане. Я падыходжу бліжэй, а да мяне падыходзяць два чалавекі ў цывільным. У кепках і ў масках. Я кажу, што я мэдык, магу аказаць дапамогу пацыенту. „Ах, ты мэдык!“ — і адразу ўдар у твар. І нас з тым чалавекам адразу пагрузілі ў машыну.
„Тыповае хуліганства“
— А ў той вечар я ў кампаніі суседзяў стаяў пад пад’ездам, за намі вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Раптам да нас падышлі два чалавекі ў цывільным (яшчэ чацьвёра стаялі непадалёку). Пачалі прэтэнзіі нам кідаць: „Задзяўблі, што вы гэтыя сьцягі вешаеце!“ Мы спыталі: „А вы хто?“ — „Міліцыя“. — „Пасьведчаньне пакажыце“, — кажу ім. У адказ я атрымаў некалькі разоў па галаве, левую руку сталі заломваць. Пасьля адцягнулі да рэчкі, там яшчэ дабавілі. Даставілі ў Маскоўскае РУУС. Больш ня білі. Суд вырашыў, што, знаходзячыся каля дому, я павесіў бел-чырвона-белы сьцяг — тыповае хуліганства.
„Ішоў у аўтазак заняць чыёсьці месца“
Аляксандар, 50 гадоў, інжынэр:
— Калі я пачуў пра жорсткія затрыманьні раварыстаў у Менску, як хлопцам і дзяўчатам заломвалі рукі, доўга думаў, што ж я магу зрабіць.
Сабраў у заплечнік цыгарэты, бінты, марлю, ёд, надзеў абутак без матузкоў і скіраваўся ў аўтазак. Маё рашэньне было — заняць чыёсьці месца, замест такой дзяўчынкі, як мая дачка. Бо гэта фактычна рэвалюцыя маладых, якія ня ведалі іншага прэзыдэнта, а яны заслугоўваюць жыць па-іншаму.
І я пайшоў: на адной руцэ меў белую стужку (галасаваў за Ціханоўскую), у другой — сьцяг. Ён у мяне з гісторыяй: калісьці, у 1993 годзе вісеў у горадзе Ветцы на выканкаме. Калі прыйшоў да ўлады „лорд Валдэморт“, сьцяг зьнялі і аддалі на анучы ў музычную школу, а дырэктарка папрала і падарыла мне. З тых часоў сьцяг заўжды са мной. Езьдзіў на ўсе рок-фэстывалі і аб’ядноўваў беларусаў. Мне было шкада, калі б яго аднялі, але калі б сьцяг застаўся ў хаце, то яго гісторыя скончылася б.
Я са сьцягам у раёне кандытарскай фабрыкі „Камунарка“ далучыўся да калёны, якая ішла зь Серабранкі Партызанскім праспэктам. Ехалі машыны, усе сыгналілі, махалі стужкамі. І раптам я пачуў, як людзі на ўзгорку крычаць: „Бяжы да нас!“.
З-пад мосту вынырнуў сіні бусік без нумароў, і адтуль куляй вылецелі людзі ў чорным. Я не зьбіраўся ні ўцякаць, ні супраціўляцца, бо ішоў з канкрэтнай мэтай.
Мяне пагрузілі ў мікрааўтобус. Чалавек у чорнай масцы, на выгляд яму было гадоў 20-25, накрыў маю галаву сьцягам, крычаў шмат брыдкіх словаў, пытаўся: „Ну і дзе твая Ціханоўская? Колькі табе заплацілі?! Ты дзе жывеш, у Рэспубліцы Беларусь?“ Я адказаў: „А ты дзе жывеш?“ Ён пачаў біць мяне па галаве: „Ты ў мяне зараз зьясі гэты сьцяг!“ І пачаў пхаць сьцяг мне ў рот. Я сьціснуў зубы і маўчаў. Бачыў шалёныя вочы і разумеў, што размаўляць няма сэнсу.
Пада мной ляжалі іншыя людзі, а я на іх зьверху. Хлопец, які быў пада мной, цішком паціснуў мне руку. Увесь час, пакуль мы ехалі да аўтазака, чалавек у чорным спрабаваў скарміць мне сьцяг, біў кулакамі па галаве — у мяне быў разьбіты нос, сінякі пад вачыма.
Калі нас выгрузілі з бусіка, ён сказаў: „Гэты быў у іх галоўным“. Вырваў сьцяг і паспрабаваў ім мяне задушыць каля аўтазака. Я пасьпеў падставіць кулак да горла, каб не пераціснулі коўцік. Ён злаваўся, спрабаваў прыняць маю руку, працягваў душыць. Мяне выратавала тое, што па рацыі іхную групу зноў выклікалі на затрыманьне. Яны тады працавалі ў рэжыме нон-стоп. Ён надарваў сьцяг і адчапіўся ад мяне.
Затрыманых, чалавек 25, закінулі ў аўтазак. Разарваны сьцяг я паклаў у кішэню. Нас у адным „пакойчыку“ было шэсьць чалавек, але гэта яшчэ казка. Калі нас потым павезьлі ў Жодзіна, то ў катушок, дзе было цяжка ўпяцёх, запіхвалі па 10 чалавек. Мы спрабавалі неяк зьмясьціцца: я сеў на падлогу, мне на калені — яшчэ чалавек, і да яго на калені — яшчэ адзін.
Прыехалі ў дастаткова новы будынак, было чуваць, як хадзілі трамваі, і я зразумеў, што гэта Цэнтральнае РУУС. Каля аўтазака быў „калідор сьмерці“: адзін сілавік выкідваў нас з катушкоў, а астатнія стаялі па 5-6 чалавек з кожнага боку і білі нас, пакуль мы беглі. Галоўнае было ня ўпасьці, бо будуць біць нагамі. А ўдары дубінкамі пасьля таго, як мяне перасталі душыць, былі ўжо ня страшныя. Проста, калі прылятае ўдар, трэба расслабляцца, і тады ён расьцякаецца па ўсім целе. А трываць боль я прывык.
Каля ўсіх сьценаў пастарунка ўжо былі людзі. Нас увесь час ссоўвалі, каб зьмясьціць усіх. Потым расклалі тварам роўна ў асфальт, рукі ў счэпцы на патыліцы, гэта жахліва нязручна, але за кожны паварот галавы білі. За тое, што мы дрыжэлі ад холаду, таксама білі. І ўвесь час правакавалі. Побач са мной ляжаў хлопец. У яго былі разьбітыя акуляры. Да яго падыходзілі і пыталіся „са спачуваньнем“: „Што, акуляры мянты разьбілі?“ — „Так“. — „Ах, мянты?! Ну атрымай тады“.
Людзі ў чорным крычалі мацюкамі. Але нада мной стаяў адзін ахоўнік, які сам хоць і выглядаў, як „касманаўт“, казаў: „Господа, держите голову прямо, чтобы не получить“.
Ён нікога ня біў, і калі сыходзілі гэтыя зьвяры ў чорным, дазволіў нам трохі расслабіцца, апусьціць рукі, якія моцна дранцьвелі. У туалет нам хадзіць не давалі, казалі мачыццца пад сябе. Многія і хадзілі пад сябе. Так я ляжаў з 9 вечара да 11 раніцы. Мяне пачало трэсьці. Ахоўнік спытаў: „Чаго трасесься?“ — „У мяне остэахандроз. Сьпіна не вытрымлівае“. — „У туалет хочаш?“ — „Хачу“. — „Ну ідзі, толькі павольна“.
Ён павёў мяне па калідоры, і я ўбачыў хлопца. Левая нага ў яго была сіняя, а правая ненатуральна выкручаная, паламаная. Ён таксама хацеў у туалет. Я папрасіў ахоўніка: „Дазволь мне занесьці яго ў туалет“. Я падняў хлопца і пацягнуў яго, ахоўнік нас цярпліва чакаў.
Калі я цягнуў хлопца, у калідоры стаяла жанчына гадоў 60 у халаце, са швабрай і пагардліва глядзела на нас, як на нелюдзяў: „Пасьля гэтых дэманстрантаў я прыбіраць ня буду!“ Было вельмі крыўдна.
Гэты хлопец ня мог ні стаяць, ні ляжаць, толькі сядзець. Яму было кепска, але ён прабыў з намі да 11 раніцы, мы занесьлі яго ў аўтазак, „хуткую“ яму так і ня выклікалі.
Ужо сьцямнела, а людзей усё завозілі і завозілі. Выйшаў мужчына, відаць, нейкі начальнік, сказаў, што ў цемры дрэнна відаць, і знайшоў рашэньне: „Буду біць вас, а вы называйце свае імёны“.
Падлятаў і біў у жывот. Трэба было пры гэтым хутка выкрыкнуць сваё прозьвішча.
Потым мяне завялі ў пастарунак, склалі вопіс рэчаў, сфатаграфавалі. На сталах у вялікай залі ляжала гара разьбітых тэлефонаў. Мне пашанцавала, што я свой адключыў і пасьпеў пакласьці ў заплечнік.
Усе сілавікі пастаянна задавалі адно пытаньне: „Колькі вам заплацілі?“ Ім жа ўсім сказалі, што нам нехта за нешта плаціць. Я думаў: „Няўжо вы такія прамытыя, што верыце ў гэта?“
Побач са мной стаяў інжынэр, гадоў 28. Ён увесь час пытаўся спакойным голасам: „А чаму вы мяне б’яце? Растлумачце, за што?“ Яны абазвалі яго „зоркай сэзону“, і па ім прайшліся ўсе, падляталі і білі.
Чалавек сто ляжалі ў двары. Месца не хапала. Нас часам ставілі да сьценкі тварам, ногі на шырыні плеч. Я засынаў ад стомы і напругі, але ногі пачыналі падгінацца — рэзка прачынаўся. Супрацоўнікі пастарунка жартавалі: „Вучыцеся ў яго спаць стоячы“.
Раніцай мы пачулі МАЗаўскі рухавік. Прыехаў аўтазак. Ахоўнікі зьдзівіліся: „А што, у нас толькі адзін аўтазак?“ І самы заўзяты адказаў: „Ды я іх зараз загружу ўсіх у адзін аўтазак“.
І нас пачалі засоўваць, як шпроты ў бляшанку — напхалі 36-38 чалавек, плюс у калідоры — хлопец са зламанай нагой — у машыну, разьлічаную на 15 чалавек.
У турме ў Жодзіне, калі мяне абшуквалі, сяржант знайшоў у кішэні сьцяг. Спытаўся, куды дзяваць гэтую анучку. „Гэта не анучка, а сьцяг, пакладзіце ў асабістыя рэчы, я яго дома сшыю“. Сяржант засьмяяўся: „І зноў да нас прыедзеш“. А лейтэнант, які стаяў побач, сказаў яму: „Закрый рот. Гэта ягонае права“.
У камэры сядзелі 9 чалавек, вельмі інтэлігентныя хлопцы, айцішнікі, да іх яшчэ 10 увапхнулі, праз гадзіну яшчэ 10. У выніку на 10 ложкаў было 29 чалавек. Спалі на падлозе, на стале, лаўках, чаргаваліся, саступалі адзін аднаму. Была ўзаемавыручка, вельмі добрая атмасфэра. Мы прыдумлялі гульні, расказвалі анэкдоты. Але настала бясчасьсе. Не хапала інфармацыі, што там звонку робіцца. Поўная невядомасьць.
Ахоўнікі ў турме да нас ставіліся нармальна. Калі мы штосьці прасілі, адказвалі „так-так“, але нічога не прыносілі. Акрамя аднаго выпадку, калі была пагроза жыцьцю. Аднаму хлопцу са штучнай ныркай трэба было кожны дзень прымаць лекі. Мы ў камэры самі ўвесь час мералі яму пульс. Хлопец быў увесь сіні, яго ўсяго спаласавалі. Але ён трымаўся, не хацеў нікому сінякі паказваць, каб лішняга жаху ня выклікаць.
Тры дні мы грукаліся ахоўнікам, каб з заплечніка прынесьлі лекі. Напісалі заяву на імя начальніка турмы, і тады ўсё ж прынесьлі заплечнік. Потым, нарэшце, прыйшоў доктар і, здаецца, адправіў хлопца адразу ў лякарню.
Мяне выклікалі ў суд, паставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Судзьдзя спытаў: „Што вы там рабілі?“ — „Ішоў у аўтазак“.— „Навошта?“ — „Разумееце, я маю дачку. Калісьці маё пакаленьне не змагло, і цяпер мы ў адказе за гэта. Я ішоў заняць чыёсьці месца“. — „І навошта вам гэта трэба?“ — „Ну, калі вы не разумееце, я не змагу патлумачыць“. — „Калі вы ішлі ў аўтазак, значыць, бралі ўдзел у мітынгу. Вам сем сутак“.
Я адседзеў пяць. Увечары мяне раптоўна вышмаргнулі з камэры. Далі падпісаць паперу, што, калі яшчэ раз пападуся, будзе ўжо крымінальны артыкул.
Нас выпускалі групамі па шэсьць чалавек. Два хлопцы ішлі ў адных шкарпэтках, абутак яшчэ пры затрыманьні згубілі.
Выйшаў, пабачыў столькі людзей: валянтэры, псыхолягі, мэдыкі, кіроўцы, сябры, сваякі. Нам рабілі перавязкі, апрацоўвалі раны, паілі гарачай гарбатай, кармілі бутэрбродамі. Мы не маглі нават дапусьціць, што лёд настолькі крануўся!
Я ўключыў тэлефон, каб пазваніць, і раптам пасыпаліся паведамленьні — больш за 200: „Вы герой, мы ганарымся вамі“. Высьветлілася, дачка напісала пра мяне пост у сацсетках.
Я проста зрабіў тое, што павінен быў зрабіць раней. А цяпер нашы дзеці адказваюць за тое, што мы калісьці прапусьцілі, калісьці не змаглі. За наша маўчаньне расплачваецца гэтая моладзь, нашы дзеці.
Самым страшным для мяне быў момант, калі 16-гадовага хлопца ў пастарунку білі нагамі ў жывот, а ён крычаў, курчыўся. Я ляжаў на асфальце, і мяне душыла злосьць, бясьсільная лютасьць. Я ж ішоў з тым разьлікам, каб такія вось хлопцы не траплялі ў такія месцы, каб сваёй паўтушкай на 66 кг заняць чыёсьці месца, а тут бачу, што побач малога месяць нагамі.
А потым мне хтосьці гаворыць, што гэта фэйк, што дзяўчаты расфарбоўвалі сабе сіняй фарбай ягадзіцы… Я ж усё гэта бачыў, і хачу, каб усе гэта ведалі. Наколькі гэта было па-зьверску.
Страшна нам заўсёды. Страшна было перад тым, як узялі. А потым я зразумеў, што магу змагацца са страхам. Многія пазналі сваіх суседзяў, усьвядомілі сябе як нацыю — і гэта ўжо перамога.
„Усе ўцякаюць, а ў мяне нейкі ступар у галаве“
Арцём:
— Гэта было 9 жніўня на Нямізе. Я як ведаў, што ўсё дрэнна скончыцца, — узяў з сабой чамусьці два пачкі цыгарэт замест аднаго.
Мы ішлі ўтрох ад Першамайскай да стэлы, вуліцы былі падазрона пустымі, і я левым вокам пачаў вылоўліваць нейкіх мужыкоў у арках дамоў. Гэта потым іх „ціхарамі“ назавуць, а тады гэта былі проста нейкія хлопцы з аднолькава напружанымі тварамі.
Калі ўбачыў шэраг вайскоўцаў, усё стала на свае месцы. Дамовіліся зь сябрамі, што, калі яны рушаць, бяжым уроссып. Ідзе каманда: „Наперад!“ — шэраг праходзіць мэтраў 50 і спыняецца. Усе ўцякаюць, а ў мяне нейкі ступар у галаве. Я проста запальваю цыгарэту і стаю. Паняцьця ня маю, што на мяне найшло.
Нейкі хлопец сьвядомы, гадоў дваццаці, схапіў мяне за локаць і паспрабаваў пацягнуць, але я застаўся. Зноў каманда „Наперад!“ — яшчэ 50 мэтраў. Калі ад мяне да шэрагу засталося мэтраў сем, я зразумеў, што ўцякаць ужо позна ў прынцыпе. Хтосьці, напэўна камандзір, крыкнуў мне: „Валі нах… адсюль!“
Былі б мы ў кіно, я, мабыць, павінен быў прамовіць у адказ якую-небудзь патасную фразу і памерці як герой. Я паглядзеў, што ні ў кога з вайскоўцаў няма ні пагонаў, ні нейкіх апазнавальных знакаў у прынцыпе, і чамусьці спытаў: „Камандзір, а вы ў якім званьні? Я таксама служыў і таксама даваў прысягу“. — „Так, гэты, па ходу, у аўтазак хоча!“
Двое мяне заламалі, і яшчэ сем чалавек скінуліся па ўдары. Калі білі, было не балюча: відаць, ад адрэналіну. Прасіў, каб ня скручвалі рукі: маўляў, усё нармальна, я і так пайду. Скруцілі і ўвалілі яшчэ мацней. Па нагах, па азадку, пад дых.
Закінулі ў нейкі аўтобус. Наколькі я зразумеў, гэта быў іх службовы транспарт з амуніцыяй. Убачыў там нейкую штуку, падобную да гранатамёта. Як потым патлумачылі, гэтай фігнёй стралялі ў натоўп — гэта былі несьмяротныя гранаты з гумавым шротам унутры.
Нейкі хлопец закрычаў: „Што ж вы з намі, як з быдлам нейкім?“ Яму адразу ж прыляцела дубінкай у твар. З нашага аўтобуса яго білі больш за ўсіх.
Потым нас закінулі ў аўтазак, дзе людзей ужо было шмат, даводзілася літаральна сядзець адно на адным. Я ўпаў на нейкага хлопца. Кажу яму: „Прабач, братка, па-іншаму ніяк…“ — „Ды нармальна — усе ў адной лодцы. Затое па табе дубінкай больш пападаць будуць“. Нармальны, з гумарам такі чувак трапіўся.
Сядзелі мы так доўга, і пэрыядычна нас трохі білі, каб не расслабляліся. Выслухоўвалі ўсе гэтыя: „Што ж вам, сукі, не жылося нармальна! Пераменаў яны захацелі — вось вам перамены!“ Пераконвалі, што ў нас ёсьць нейкія каардынатары, якія самі сядзяць зь півам дома, а нас праплацілі і пад кулі пусьцілі. Адзін зь мянтоў — самы, дарэчы, адэкватны — сказаў наступнае: „Хлопцы, мы яшчэ з вамі адсоткаў на 10 працуем ад таго, што мы можам зрабіць. Мы яшчэ вас абараняем, так што можаце «дзякуй» сказаць. Амон бы з вамі не цырымоніўся“.
І сапраўды, як я потым зразумеў, мне пашанцавала, што гэта былі ўнутраныя войскі — яны не такія азьвярэлыя. Калі нас пачалі пераганяць у іншы, амонаўскі, аўтазак, мы адчулі гэтую розьніцу. Тыя ўжо білі ўсіх: і дзяўчат, і ляжачых. І атрымлівалі, здаецца, ад гэтага задавальненьне. Як быццам іх вельмі моцна раззлавалі і надоўга зафіксавалі гэты стан.
У новай машыне нас зачынілі, і мы проста сядзелі ўсярэдзіне. Нам трапіўся вельмі добры кіроўца. Ён прынёс нам папіць і ня выдаў, калі ў аднаго з затрыманых зазваніў тэлефон і на званку зайграла „Перамен“. Мы аж у падлогу ўціснуліся — думалі, ну ўсё, зараз нас заб’юць. Не, ніхто не прыбег. Хтосьці дастаў пляшку, дзе было 200 грамаў каньяку. Забілі на каранавірус і раскацілі на чацьвярых, каб ня так страшна было.
У пастарунак нас не павезьлі — адразу на Акрэсьціна. Там у камэру на чатырох набілі 24 чалавекі. Накармілі толькі ў канцы другога дня. Біць білі, але рэдка і, хутчэй, для галачкі. Мацней за ўсё даставалася хлопцам, якіх злавілі ў ноч з 10 на 11. Я тады ня спаў наогул — стогны затрыманых было чуваць да раніцы. Так чалавек крычаць можа толькі ў агоніі. Словамі гэта не перадаць.
У наша акно можна было ўбачыць кавалак унутранага двара і месца, дзе заяжджаюць аўтазакі. У гэтую ноч мы налічылі іх штук 20, а потым ужо перасталі лічыць. На вуліцы выбухі, крык, у калідоры размовы амонаўцаў у стылі: „Так, у гэтага галава прабітая, а ў гэтага — адкрыты пералом нагі. Што рабіць будзем?“
Вішанькай на торце, якая дадала адчуваньне нейкага наркатычнага трызьненьня ад таго, што адбываецца, сталі дзьве жанчыны, работніцы ЦІП, якія выйшлі за вароты, каб пакурыць цыгарэтку, пасьмяяцца і абмеркаваць свае надзённыя пытаньні. За 10 мэтраў ад іх за мурам забіваюць людзей, а яны абмяркоўваюць адпачынак у Турэччыне.
З намі ў камэры сядзеў бывалы мужычок, увесь такі ў наколках. Ён увесь час паўтараў, маўляў, усё нармальна, пацаны, пасьля заканчэньня 72 гадзін яны павінны нас адпусьціць. І, калі трэція суткі ўжо падыходзілі да канца, мы рэальна падняліся ўсёй камэрай, пачалі грукаць у дзьверы і патрабаваць, каб нас выпусьцілі. Адкрылася кармушка, і „смотрящий“ сказаў нам геніяльную рэч: „Вас жа незаконна ўсіх затрымалі, так?“ — „Ну, так…“ — „Значыць, і седзіце вы тут незаконна, зразумела?“
Кармушка зачыніліся. Наступны раз, калі мы пачалі шумець, у гэтае акенца проста пырснулі пярцовым балёнчыкам. Прычым трымалі дзесьці сэкунду-паўтары.
Дыхаць было немагчыма. Я здагадаўся намачыць футболку ў ракавіне і наматаць на твар — стала крышку лягчэй. Гаварыць я ня мог, але паказаў хлопцам жэстамі, і яны зрабілі тое самае. Горш за ўсё прыйшлося нашаму „сядзеламу“ мужычку — ладная частка зьмесьціва балёнчыка трапіла яму проста ў твар. Ён скурчыўся, пачырванеў, пачаў задыхацца. У камэры і так было, як у лазьні, а цяпер дыхаць стала яшчэ і фізычна балюча. Я думаў, што мы капыты адкінем усёй камэрай.
На судзе сядзелі дзяўчаты гадоў па 20, толькі пасьля юрфаку, хутчэй за ўсё. Ім быццам і шкада нас, але пішуць, што сказалі. Каму 15 сутак, каму 10. Мы ўжо былі гатовыя да таго, што раней за тэрмін ня выйдзем. Тое, што нас раптам пачалі вызваляць, было поўнай нечаканасьцю.
Больш за тое, я ўвогуле не чакаў, што народ выйшаў на мірныя пратэсты і ў горадзе нейкі пазытыўны варушняк адбываецца. Мы бачылі толькі выбухі і аўтазакі ў шчылінку ў вакне, таму былі ўжо ўпэўненыя, што ўсіх пабілі, запалохалі і пратэст згарнуўся.
Калі я выйшаў за вароты і ўбачыў столькі людзей, пачаў усьміхацца ва ўсю пашчу. Да гэтага часу з гэтых фота ўсе рагочуць: вакол усе бітыя, спалоханыя, а я як з курорту вярнуўся. Папраўдзе ў мяне заўсёды такая рэакцыя, калі сяброў бачу, а тут я пагатоў быў нерэальна шчасьлівы.
Зьяжджаць пакуль нікуды не пляную. У нядзелю быў на маршы, нягледзячы на забарону, — гэта было проста сьвята нейкае. Рады ўжо хаця б таму, што больш нічога не выбухае і нікога не затрымліваюць. Спадзяюся, што далей будзе толькі лепш.
„Выклікі «хуткай» у тым раёне перахоплівала міліцыя“
Дзіма, 37 гадоў, Менск:
— 9 жніўня мы стаялі даволі далёка ад стэлы — на горцы праз дарогу. Потым людзі пачалі ўцякаць — амон пайшоў на іх. Спачатку мы ўцякалі ў адзін бок, потым у другі. Калі я бег, вельмі моцна падвярнуў нагу. Сланец парваўся, я зьняў і выкінуў абутак.
Потым пачалася страляніна, паляцелі сьвятлашумавыя гранаты, пусьцілі газ. Вакол дым, выбухі, крыкі, амон хапаў усіх запар, ужо нічога нельга было разабраць. Усе кінуліся ўроссып. У той момант я згубіў з вачэй жонку. Зваліўся ў нейкія кусты, прыціснуўся да зямлі. Побач ляжалі яшчэ людзі. Зусім блізка стаялі амонаўцы, але яны нас не заўважылі — было ўжо цёмна, мы паводзілі сябе вельмі ціха.
Калі ўсё больш-менш сьціхла, я выйшаў і зразумеў, што жонку ўжо не знайду. У яе застаўся мой тэлефон. У мяне ў кішэні былі толькі цыгарэты і трохі грошай. Я пайшоў у суседнюю краму. Ледзь дашкандыбаў — нага жудасна балела, моцна распухла. Там папрасіў ахоўніка выклікаць мне „хуткую“ і стаў чакаць.
Праз 15 хвілін ахоўнік назваў мае імя і прозьвішча, сказаў, што прыехалі да мяне. Я выходжу, стаіць аўтазак, амонавец кажа: „Заходзь“. Я яму: „Я «хуткую» чакаю, нагу перабіў моцна“. Ён: „Мы ў курсе, заходзь“. Я разумею, што ўжо нікуды не падзенуся. Уцячы я не магу — я ледзьве хаджу. Кажу: „Ну вы хоць папярэдзьце «хуткую», каб ня ехалі па мяне“. Ён спакойна адказаў: „Усе ўжо ў курсе“. Ня ведаю, як так выйшла. Потым мне расказвалі, што выклікі „хуткай“ у тым раёне перахоплівала міліцыя.
Мяне пасадзілі, амонавец сеў насупраць, стаў распранацца. Я кажу: „Будзеш мяне біць?“ Ён сказаў, што пальцам не кране. І праўда, проста ехалі. Потым мяне перасадзілі ў іншы аўтазак са словамі: „Акуратна зь ім, у яго нага баліць“. Потым з другога мяне перасадзілі ў трэці аўтазак. Там таксама было нармальна, толькі вельмі цесна: ён разьлічаны на 10 чалавек, а нас там было чалавек 40. Я заходзіў апошнім.
Нас прывезьлі на месца. Кожнага хапалі, галаву ўніз, рукі за плечы, бягом да сьцяны. Усе гэтыя людзі былі ў масках, у іх ува ўсіх былі перавернутыя пагоны. Я кажу, нага баліць — яны б’юць па гэтай назе дубінкамі. Білі і іншых, абыходзіліся, як з жывёламі. Сэрца калацілася шалёна.
У двары чакалі чатыры гадзіны. Увесь гэты час стаялі на каленях, галава ў зямлю, рукі ззаду. Варушыцца, глядзець у бок, гаварыць нельга — адразу б’юць. Білі і без нагоды.
У мяне была белая стужка на руцэ. Як толькі яе ўбачыў адзін зь іх, стаў біць. Потым мне ўдалося яе сарваць і выкінуць, інакш ня ведаю, у якім стане я быў бы цяпер.
Адзін зь іх, як толькі ўбачыў, што ў мяне апухлая нага, адразу даў па ёй берцам. Боль пякельны. Але крычаць нельга, інакш будуць біць мацней. Хаця ўсё роўна білі па назе: дубінкамі, берцамі, нагамі, ім бяз розьніцы. Мне было вельмі балюча стаяць так доўга на каленях, я паспрабаваў нагу паставіць крыху па-іншаму. Адзін зь іх гэта заўважыў, схапіў мяне, паставіў на расьцяжку. Гэта калі ногі максымальна шырока, рукі ўгору. Так стала нашмат больш балюча. Ня ведаю, як, але я стаяў. Там ператрываеш усё, абы ня білі.
Потым нас сталі выклікаць у памяшканьне. Зноў галава долу, рукі за сьпіну, бегма. Я кажу: „Я не магу бегчы“. Яны: „Хутчэй, жывёлы, кончаныя, поскудзь“ — і лупцуюць. Я кажу, не магу. Яны мяне ўдвох хапаюць, я падаю, яны мяне бʼюць, падымаюць, запіхваюць у памяшканьне, з нагі бʼюць.
Першыя суткі ў камэры амаль усе маўчалі. Я спрабаваў зразумець, што наогул здарылася. Вось я быў у рэстаране, гуляў з жонкай і сябрамі, а потым нейкія выбухі, мяне схапілі, кудысьці прывезьлі, бʼюць, нага баліць пякельна, распухла. Што такое? Хіба вайна пачалася? Дзе я? Я тут буду сядзець гады? Дзе мая жонка? Што зь ёй?
Дзень памаўчалі, потым паволі сталі размаўляць. У камэры былі нармальныя хлопцы, розныя. Хто ў бары працуе, хто айцішнік, хто вагоны рамантуе. Усіх па-рознаму забралі, шмат каго наогул выпадкова: з машыны выцягнулі, з крамы, з матацыкла зьнялі. Адзін хлопец прыехаў у ЛПП забраць сваяка, а яго дасталі з машыны і забралі. Быў з намі зусім хлопчык, 2000 году нараджэньня. Мне 37 гадоў, я жыцьцё ўжо бачыў, і то складана было, а гэты хлопчык — яму як?
Стан мяняўся. Рэжым „выжыць“ зьмяніў страх, каб ня білі. Наша камэра была на першым паверсе, міма яе ўсіх вялі. Стагналі і крычалі мужчыны, у асноўным па начах. І гэтыя ўсе — мацюкамі. Усё праз мацюкі, адны маты. Адкуль у іх столькі нянавісьці, не разумею. Дзе яны яе ўзялі? Калі чуеш жаночыя крыкі, наогул немагчыма. І яны на жанчын: „Ты, шлюха, алкашка, кончаная, поскудзь“.
Нам пашанцавала, нас ня білі больш. Хаця мы і падстаў не давалі. Там ёсьць званок. Сказалі званіць, толькі калі пажар альбо хтосьці памёр. Ня стукаць, не чапаць нікога. Інакш — усё. Мы не чапалі. Потым мне расказвалі: хтосьці прасіў ежы, пабілі ўсіх. Хтосьці прасіў „хуткую“, яго таксама зьбілі на горкі яблык.
Мая апухлая нага балела страшна, але я трываў. Калі станавілася наогул невыносна, ішоў да ўмывальніка, яе пад халодную ваду падстаўляў, станавілася лягчэй. Быў у камэры „сябар па няшчасьці“, яму яшчэ менш пашанцавала — у яго абедзьве нагі былі пашкоджаныя, апухлі, балелі. У нейкі момант ён стаў крычаць, што траціць прытомнасьць. Мы пачалі грукаць, прасіць лекара. Нам адказалі: „Пастукаеш яшчэ раз, вылечым тут усіх“. Больш ня грукалі: узялі ягоную байку, мачылі халоднай вадой, ставілі такія кампрэсы. Мы зь ім падтрымлівалі адзін аднаго да канца. Спадзяюся, ён запомніў, як мяне завуць, і знойдзе мяне. Таму што я ня памятаю ніводнага імя, ня кажучы ўжо аб прозьвішчах.
Нас не кармілі ўвогуле тры дні. Я не асабліва хацеў есьці, піў ваду, хоць яна была страшна сьмярдзючая. Былі хлопцы, якія казалі, што галодныя. На другі дзень мы спыталіся пра ежу. Яны сталі зьдзекавацца: „Заказвайце. Вам піцу ці гамбургеры? Зараз пазваню Ціханоўскай, прывязе“. На трэці дзень нам далі шэсьць боханаў хлеба, кашы і халоднай гарбаты. Гэты хлеб — цаглінамі, бяз смаку — здаўся мне найлепшай ежай у сьвеце. Чатыры боханы мы зьелі, а два пакінулі на „чорны дзень“.
І нездарма пакінулі. На наступны дзень да нас прывялі яшчэ 10 чалавек. Яны расказалі, што двое сутак правялі ў „загоне“ пад адкрытым небам, іх там было 90. Абсалютна голыя. Наша камэра, дзе ёсьць вада і туалет, для іх здалася раем. У іх гэтага не было, а калі прасілі вады, іх проста аблівалі халоднай вадой. Па начах ім было холадна, яны абдымалі адзін аднаго, каб ня зьмерзнуць. Потым пайшоў дождж, іх разьмеркавалі па камэрах. Мы далі ім той хлеб, які адклалі.
Але для мяне самым цяжкім было чаканьне. Увесь час глядзіш на шчыліну пад дзьвярыма: як толькі бачыш там цень, думаеш, што гэта ідуць цябе выпускаць. Але не. Мы не разумелі, чаму нас трымаюць.
На чацьверты дзень быў суд. Зноў бягом, рукі за сьпіну, галава долу. Прыходзіш, там сядзіць судзьдзя. Падыходзіш да стала, за табой стаяць двое. Нельга нікуды глядзець, у зямлю глядзі. Справа ўжо на кожнага ёсьць. Птушачкамі пазначана, дзе расьпісацца. Былі людзі, якія прасілі азнаёміцца з тым, што там напісана, — іх білі. Тых, хто прасіў адваката, таксама білі. Судзьдзя мне: „Вы згодныя?“. Кажу: „Куды я падзенуся, вядома, згодны“.
Я паняцьця ня меў, з чым я згодны. Пасьпеў прачытаць, дзе і ў колькі мяне затрымалі. Наогул не супадала з праўдай. Былі там два сьведкі, якія нібыта прысутнічалі пры маім затрыманьні — яны былі сьведкамі ва ўсіх, каго судзілі разам са мной. Далі ручку, расьпісаўся хутка ў некалькіх месцах, куды мне паказалі. Усё, зноў бяжыш да сьцяны.
Судзьдзя паглядзела на маю нагу і дала мне 15 сутак. Можа, з разьлікам, што праз 15 сутак нага пройдзе.
Зноў у камэру, зноў сядзім. 15 сутак. Усё. Тут ужо ўсё. За што? З чаго яна бярэ гэтыя суткі? Як можна вытрываць тут 15 сутак? Настрой тады быў ніякі.
Пяць сутак я правёў на Акрэсьціна. На шосты дзень нас усіх вывелі з камэры. Зноў бягом у аўтазак. Мы з маім таварышам па няшчасьці — зь пераламанымі нагамі — удвух апошнія ішлі: я кульгаў, ён кульгаў. У мяне пару разоў спыталі, чаму басанож, што з нагой. Я казаў, што вывернуў нагу, абутак згубіў. Маўляў, сам вінаваты. Абавязкова толькі так. Пра тое, што па назе білі, нельга было гаварыць. Наогул нельга было казаць, што цябе тут білі. Ніхто нічога тут не рабіў. Інакш будуць яшчэ мацней біць.
Потым нас загрузілі ў аўтазак, надзелі кайданкі. Я змог у акенца ўбачыць, што адбываецца каля Акрэсьціна. Гэтыя пяць дзён мы чулі крыкі „Дзякуй“; чулі, як выкрыквалі час. Гэта падтрымлівала. Але я думаў, што там чалавек 10-15. А калі ўбачыў сотні людзей, дрыжыкі па целе пайшлі. Гэта была такая магутная падтрымка. Я ўпершыню адчуў радасьць. Я ж думаў, што ўсё ўжо заціхла. Або што ўсіх пасадзілі, наогул усіх. А тут — столькі людзей.
Сярод крыкаў каля Акрэсьціна я пачуў: „Дзіма!“ Мне здалося, што гэта голас маёй жонкі. Радасьць такая была, што яна тут. Але нас там ехалі тры Дзімы, майму цёзку таксама здалося, што гэта ягоная жонка крычыць. Потым мне мая Аня сказала, што яна была там, яна крычала.
У аўтазаку з намі абыходзіліся добра. Мы спыталі: „Што з намі будуць рабіць? Нас зноў будуць біць?“. Сказалі, што ніхто нас не кране. Спыталі, хто кім працуе, хто дзе служыў. Калі выходзілі, гэтыя хлопцы, што нас везьлі, сказалі: „Трымайцеся, хлопцы. Прабачце“.
У Слуцкім ЛПП нас завялі ў вялікае памяшканьне, там стаяла 250 ложкаў. У кожнага быў свой ложак! Сказалі, што спаць можна пасьля 22:00, але, калі хто хоча, кладзіцеся. Наогул там было афігенна. Мы памыліся, была гарачая вада. На наступны дзень нам далі пасьцельную бялізну, кармілі тры разы, ня білі! Так было радасна.
Потым прывезьлі нейкую вопратку. Я ўзяў сабе кашулю — так цяплей. Увесь гэты час я праходзіў у лёгкай майцы і спартовых шортах. Адзін з маіх сукамэрнікаў увесь гэты час быў проста ў трусах, яшчэ адзін — з голым торсам. У апошні дзень мне прынесьлі шлёпкі. Сшылі іх проста там, адмыслова для мяне.
Потым нас ізноў усіх пашыхавалі, сталі зачытваць прозьвішчы, доўга-доўга гэта доўжылася. Зноў сказалі нешта падпісаць са словамі: „Падпісвайце, мне трэба вас выпусьціць“. Я ня ведаю, што я падпісаў. Мы кажам: „Растлумачце, што гэта за артыкул“. Ён кажа: „Я ня памятаю. У інтэрнэце пачытаеце. Тут інтэрнэт дрэнна ловіць“.
А потым адчынілі вялікія вароты — і выпусьцілі. Я зноў убачыў шмат-шмат людзей, якія чакалі нас каля выхаду. Прапаноўвалi гарбату, ваду, бутэрброды, цыгарэты, падвезьці. Зноў адчуў такі неімаверны ўздым, падтрымку людзей. Мая Аня была там, адразу мяне знайшла, падбегла да мяне, мы абняліся. І паехалі дадому.
На наступны дзень я пайшоў у паліклініку. Мне зрабілі рэнтген — нага зламаная, наклалі гіпс. Кажуць: „Як вы ходзіце?“ Я адказаў, што я ня толькі хадзіў, але і бегаў. Потым валянтэры дапамаглі скласьці скаргу на тых людзей, хто мяне біў. Пабоі не здымаў — іх не відаць. Калі нешта і было, то за тыдзень, які я правёў там, усё ўжо сышло. З працай усё нармальна. Я гандлюю на рынку, мяне замянялі калегі. Таму ўсё нармальна, на назе — гіпс, я дома.
Але адчуваў, што нешта ня тое. Я баяўся. Баяўся выходзіць на вуліцу. Толькі выйду, азіраюся, торгаюся. Я не разумею, за што я расьпісаўся. Там магло быць што заўгодна напісана. Можа, якая крымінальная справа. Можа, за мной яшчэ прыйдуць. Я ня ведаю, чаго чакаць. Я зразумеў: псыхалягічна мяне забілі адразу, а потым на Акрэсьціна дабілі.
Спаць ня мог. Хадзіў, хадзіў, каб неяк расслабіцца. Каб заснуць, піў крыху сьпіртнога. На трэцюю ноч ішоў дождж. Мне здавалася, што тысячы людзей стаяць пад акном і крычаць нешта. Што гэта не маланкі за акном, а хтосьці кідае сьвятлашумавыя гранаты; што гэта ня гром, а выбухі. Я рэальна чуў крыкі людзей, я бачыў гэтыя выбухі. Хоць галавой разумеў, што гэта проста навальніца.
Празь дзень я прыйшоў у паліклініку і даведаўся, што маю картку згубілі. Я напружыўся. Пару дзён таму я быў тут, а цяпер раптам згубілі картку. У паліклініку больш не пайшоў.
Праз пару гадзін мне патэлефанавалі валянтэры, запісалі да доктара ў „Ладэ“, накіравалі да псыхоляга. Усё зрабілі, сказалі, куды і ў колькі прыходзіць. У „Ладэ“ гіпс перарабілі, сказалі, што ў паліклініцы мне яго дрэнна наклалі. Яшчэ шэсьць тыдняў буду хадзіць, потым рэабілітацыя.
Добра, што нас ня кінулі людзі. Я хвалююся, што далей будзе, але падтрымка дапамагае.
„Проста ў грудзі прыляцела граната“
Аліна, жонка 30-гадовага Рамана:
— 9 жніўня ён пайшоў на мітынг са сваімі сябрамі, а раніцай апынуўся ў рэанімацыі. Проста ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната, а яе аскепак працяў скуру і моцна зачапіў лёгкае. На шчасьце, цяпер Раман ужо ачуўся і настроены на папраўку.
Усе папярэднія дні я была побач з мужам у Менску. Цяпер прыйшлося на некалькі дзён зьехаць дадому, у Горкі. Тое, што Раман прыйшоў у прытомнасьць, лекары называюць цудам.
Са словаў мэдыкаў, яго стан здавальняючы. Рома ўжо можа есьці, крыху гаворыць і сядзіць. Нам давалі мінімальны шанец на ацаленьне.
Мы жывем у Горках, але ў сталіцы Рома зарэгістраваны як ІП, тут ён працуе. Таму цалкам лягічна, што ён мог апынуцца на вячэрнім мітынгу ў Менску. Разам зь сябрамі ён вырашыў выйсьці на мірны пратэст і паглядзець, што адбываецца на вуліцах.
Ён быў далёка ў натоўпе — дакладна не наперадзе ўсіх. Калі да людзей пачалі падвозіць вадамёты, ён зразумеў, што пара сыходзіць. Рушыў наперад, каб забраць сваіх таварышаў. У гэты момант яму ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната.
Рому экстрана шпіталізавалі, зрабілі апэрацыю і паклалі на ШВЛ. Да таго ж аказалася, што яму разарвала фалангі двух пальцаў на руцэ, а сам ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму другой ступені.
Ірваныя раны яму ўжо зашылі, апёкі загояцца — ёсьць магчымасьць усё гэта выправіць хірургічна. Самае балючае пытаньне датычыць лёгкага: яго вельмі моцна закранула. Цяпер на грудзях у Ромы дзіркі, яны не зарастуць, яму давядзецца рабіць перасадку скуры.
Пра тое, што ён паранены і знаходзіцца ў вайсковым шпіталі, я даведалася ад сястры з Чэхіі. Інтэрнэт у Беларусі не працаваў, і мне расказалі па тэлефоне. Сястра ўбачыла фатаздымак Ромы ў сацсетках. Яна да канца не была ўпэўненая, што гэта ён, — спадзявалася, што на здымку нехта іншы. Спытала ў мяне, дзе Рома. Я сказала, што ён плянаваў быць дома. Яна ж дадала, што ў камэнтарах ужо пачалі пісаць: на фота — Раман Зайцаў. Пад фота былі згаданыя кантакты лякарні. Я набрала нумар — і мне пацьвердзілі: муж знаходзіцца на апэрацыі.
Пакуль Раман быў у рэанімацыі, нікога са сваякоў да яго не пускалі. У мяне быў абсалютны шок і нявера ў тое, што адбылося.
Разумееце, у нас двое дзяцей: сыну пяць, а дачцэ няма і годзіка, і ў мяне нават не было сіл імі займацца. Я ня бачыла ўсе гэтыя фатаздымкі і не магла паверыць, што гэта адбылося з намі. Незнаёмыя людзі адразу сталі прапаноўваць нам збор грошай, а я проста хацела, каб нас не чапалі, пакуль ня высьветліцца сытуацыя. Мне здавалася, што сьвет паваліўся і сэнсу існаваць ужо няма. Так, нават нягледзячы на тое, што ў мяне двое дзяцей.
Калі Раману стала лепш і ён змог расплюшчыць вочы, яго перавялі ў хірургію. На наступны дзень ён папрасіў тэлефон і сам патэлефанаваў мне. Ён вельмі ціха і слаба казаў. Сказаў: „Здароў, гэта я“. Вельмі перажывае за нас, паўтарае, што вельмі нас любіць. Ну ён жа не вінаваты, што ўсё так атрымалася... Рома пайшоў, як і іншыя людзі, на мірны мітынг — пасьвяціць ліхтарыкам і выказаць сваю пазыцыю. Ніхто ня ведаў, што гэтая акалічнасьць пераверне ўсё наша жыцьцё.
Сёньня я стэлефанавалася з доктарам, які яго лечыць, але мне нічога выразнага не паведамілі. Людзі працягваюць зьбіраць нам грошы на рэабілітацыю. Зразумела, што пад гэтым словам маюцца на ўвазе ня простыя фізпрацэдуры. У нас будзе вельмі доўгі шлях аднаўленьня — хлопец малады, яму трэба жыць і ўтрымліваць сям’ю. Разумееце, я сем гадоў проста жыла „за мужам“ — нават самыя элемэнтарныя пытаньні вырашаў ён.
Дагэтуль не разумею, чаму супраць натоўпу было вырашана ўжыць сьвятлашумавыя гранаты. Так робяць толькі ў вайну: „Ну падумаеш, пару чалавек пацярпелі“. А як далей будзе жыць гэты чалавек і яго сям’я, нікога не хвалюе. Але ж так быць не павінна! Калі я вяртаюся дадому з палаты Рамана, мяне вельмі моцна накрывае. Я плачу, зьбіраю волю ў кулак і іду далей. А што яшчэ мне застаецца рабіць?
„Я стопрацэнтна сьцьвярджаю, што ўся гэтая жорсткасьць плянавалася“
Аляксей, праграміст, Менск:
— 9 жніўня ў раёне 6-7 вечара я выехаў з Уручча, дзе жыву, на адрас, дзе я зарэгістраваны, у раёне Інстытуту культуры, каб прагаласаваць. Я прыехаў на ўчастак №54 на вуліцы Артылерыстаў, гэта інтэрнат пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Прагаласаваў і чакаў выніковага пратаколу. Недзе каля 9 вечара яго вывесілі і я сфатаграфаваў. Там была перамога дзейнага прэзыдэнта зь вялікай перавагай. Хоць на маім участку я бачыў, што ўся шкляная тумба была проста засыпаная бюлетэнямі, складзенымі гармонікам. Мяне гэта моцна ўразіла: як так можа быць?
У пачатку 10-й я рушыў дадому. Выйшаў на плошчу Мясьнікова, там дзе Дом фота. На вуліцы Савецкай стаяла вайсковая тэхніка, грузавікі, у якіх сядзелі салдаты. Калі я выйшаў на Гарадзкі Вал, Раманаўскую Слабаду, я там убачыў нешта накшталт ваенных дзеяньняў. Уяўлялася, што ідзе нейкі захоп, спэцапэрацыя дзеля захопу, я ня ведаю, бандфармаваньняў ці нечага такога.
А на самым скрыжаваньні стаяў амон са шчытамі. І, калі шчыты рассоўваліся пасярэдзіне, адтуль выбягалі іншыя амонаўцы, ужо ня так моцна экіпаваныя, і за тры мэтры ад сваёй шчытавой загароды раскладвалі свае ці то гранаты, ці то фаервэркі. Тыя шумелі, круціліся, сьвяціліся і потым выбухалі. І была такая дымавуха. Дыму рабілася ўсё больш і больш. Людзі скандавалі, і я ня бачыў, каб нехта там кідаўся камянямі, выкочваў сьметніцы. То бок ніякіх барыкад з боку мітынгоўцаў не было.
Празь нейкі час амон стаў ужо не выкладваць гэтыя гранаты, а кідаць у натоўп. Яны сталі ўзрывацца проста пасярод мітынгоўцаў. Было вельмі шмат дыму, таму мой кругагляд складаў 20-40 мэтраў. І я ўбачыў людзей, якія ляжаць на траве. Адзін мужчына гадоў 45-50 ляжаў на траве, і ў яго была цалкам разарваная майка ці кашуля, і рваныя раны былі на грудзях, яны крывавілі. І людзі зьбегліся, рвалі зь сябе майкі, каб накрыць гэтыя раны.
А за тры мэтры ляжала яшчэ дзяўчына, яна не падавала ніякіх прыкметаў жыцьця. Можа быць, яна страціла прытомнасьць ад гэтага шуму. У яе былі разарваныя джынсы, штаніна, і відаць былі рваныя раны, кроў. Твары ў людзей былі разьбітыя, мабыць, траплялі аскепкі ад гэтага ўсяго. І я толькі сёньня, празь нейкі час, стаў усьведамляць, што мне, відаць, вельмі пашанцавала, бо мяне нішто не закранула.
Далей вайскоўцы станавіліся на адно калена, бралі вінтоўкі, прыкладвалі іх да пляча і пачалі страляць у людзей. Людзі пабеглі ў сквэр Адама Міцкевіча хавацца. І было відаць, што вось трапляе куля ў чалавека, яна яго зьбівае з ног. Чалавек падае і спрабуе далей адпаўзаць.
Пазьней я даведаўся, што ўжываць гумовыя кулі дазволена толькі па нагах, руках. Але яны мэтанакіравана… Ужо на Акрэсьціна я бачыў кулі ў сьпінах, у жыватах, і я разумеў, што гэта рабілася сьвядома.
Ад сполаху я зразумеў, што ісьці назад на плошчу Мясьнікова я не магу, бо спыніліся гэтыя бусы, мікрааўтобусы. І атрымліваецца, што за мной таксама — гэты сквэр Адама Міцкевіча. І я забег, а там сьцены, вельмі высокія, Валадарка. Я бачыў, як людзі ад моцнага страху спрабавалі залезьці на сьцяну, бо ня ведалі, як схавацца.
А чаму я стаў хавацца — бо запусьцілі пярцовы газ і я адчуў, што пачынаю задыхацца і траціць прытомнасьць. Я проста ўпаў у траву, адпоўз у бэзавы куст, скруціўся абаранкам. Я разумеў, што тут два варыянты: знойдуць ці ня знойдуць.
Празь нейкі час тыя вайскоўцы ўзялі ліхтарыкі. Гэта нагадвала нешта зь фільмаў пра Другую сусьветную вайну, як працавала гестапа, СС і падобныя. Яны пайшлі ўсярэдзіну сквэру. Гэта была жудасная карціна, бо яны зь ліхтарыкамі выгледжвалі і вылоўлівалі людзей, якія там схаваліся.
Я ляжаў у траве і чуў, як білі чалавека, вельмі моцна білі. І пасьля, я так разумею, ён ужо ня мог ісьці і яны яго валаклі. Берцы, я ляжу ў траве, і берцы за паўтара мэтра ідуць міма мяне, і ногі чалавека проста цягнуцца. Яны крычалі: „Мы вас пераб’ём, усіх змагароў!“
Мінуў нейкі час, і наступіла цішыня. І я стаў бачыць, што нейкія цені мільгаюць. Значыць, апроч мяне, былі яшчэ людзі, якія змаглі неяк схавацца. Бо гэта жудасная карціна была. Недзе ламіліся ў дзьверы кавярні, недзе званілі ў дамафон — усё, каб неяк схавацца.
Я вырашыў, што буду заставацца да самай раніцы. Але людзі сказалі, што тыя вернуцца і будуць рабіць зачысткі. Таму трэба сыходзіць. Я набраўся сьмеласьці, устаў, абтрос вопратку.
Крыкі мітынгоўцаў былі чуваць з боку Нямігі. Таму я не адважыўся туды ісьці і вырашыў ісьці вуліцаю Валадарскага наверх, да праспэкту. Якое было маё зьдзіўленьне, калі я выйшаў да галоўпаштамту, а там яшчэ разоў у дзесяць болей амону. Я ад страху палез у заплечнік, дастаў нейкія дакумэнты, паперы свае і зрабіў выгляд, што я іх разглядаю. Зьняў зь сябе байку, каб не даваць ніякага сыгналу, што ў мяне прыкрыты твар ці нешта яшчэ. Я, наадварот, пастараўся цалкам разьняволіцца. Я нават наўмысна падышоў да міліцэйскага патруля і спытаўся, як мне быць у гэтай сытуацыі, ці магу я неяк выехаць у бок Уручча. Ён мне сказаў: рухайцеся ўздоўж праспэкту і там зможаце недзе ўзяць таксі.
І я спакойна рухаўся ад галоўпаштамта да самага цырка. Я іду ўздоўж праспэкту, вельмі шмат аўтазакаў туды-сюды езьдзіць. Увесь праспэкт быў разрэзаны на такія кавалкі — праз кожныя 200 мэтраў стаяў амон, ад аднаго боку пераразаў праспэкт да другога. І я праходзіў празь іх. Яны расступаліся, і я ішоў далей. І вось ужо калі я спусьціўся да скрыжаваньня Янкі Купалы і Незалежнасьці, там стаяў жоўты грамадзкі аўтобус і таксама была амонаўская загарода, я падышоў да міліцыянта і сказаў, што мне трэба ехаць у бок Уручча, не магу злавіць таксі, інтэрнэту няма. На што ён мне сказаў, што табе далей ужо нікуды ехаць ня трэба. І ўсё. Мяне пасадзілі ў жоўты аўтобус.
Там былі яшчэ іншыя людзі, у іх былі зьвязаныя рукі. Мне рук ня зьвязвалі. Яны пыталіся, ці ёсьць іншаземцы? І я асабіста чуў, што быў грамадзянін Турэччыны, грамадзянін Швайцарыі і яшчэ адзін Расейскай Фэдэрацыі.
Быў я там усяго пяць хвілін, бо да жоўтага аўтобуса пад’ехаў аўтазак. І яны сказалі: перабягайце ў аўтазак, прычым хутка. Бо кожная замінка — і адразу пачыналася дубіна. Я зразумеў, што ўжо ніхто ня будзе тлумачыць, пры якіх абставінах затрымалі. Размаўляць ня варта ўвогуле. Я зразумеў, што трэба выконваць тое, што табе кажуць. Таму я хутка забег у аўтазак. Яны спрабавалі мяне закінуць, але я пастараўся самастойна забегчы. Аўтазак уяўляў зь сябе, як многія ведаюць, вось гэтыя „стаканы“. Мяне кінулі ў адзін са „стаканаў“, нас было чатыры чалавекі, два нашы хлопцы і грамадзянін Турцыі. Сесьці там усім немагчыма, таму адзін сядзеў, а трое стаялі.
Аўтазак пачаў рухацца празь пяць-дзесяць хвілін. У праходзе ляжала дзяўчына, бо я чуў жаночыя галасы. Яны яе білі нагамі і казалі такія рэчы, што „мы цябе пусьцім па кругу“. Пасьля яны сказалі, што мы цяпер будзем забаўляцца, гэта было чуваць. Яны самі надзелі адгазьнікі, я так разумею, і пусьцілі газ.
Аўтазак паехаў, мы пачалі задыхацца. А са мной у гэтым „стакане“ ехаў хлопец, у яго былі зламаныя рукі. Таму ён ня мог ні стаяць, ні неяк трымацца. Таму мы яго бралі за плечы, каб неяк зафіксаваць, бо аўтазак машына вялікая і, калі там на дарозе „ляжачы паліцэйскі“, яна моцна трасецца.
Мы пачалі шукаць нейкія шчылінкі, дзірачкі, бо машына едзе і вецер, мы яго хапалі, каб хоць неяк дыхаць.
На Акрэсьціна адчыніўся аўтазак і пражэктары такія яркія-яркія былі. І яны зрабілі „калідор“ з амонаўцаў і сабак ад аўтазака да сьцяны. Сабакі брахалі вельмі моцна і станавіліся на заднія лапы. Нам трэба было нахіліцца, рукі за сьпінай, і бегчы да гэтай сьцяны.
Прыблізна гэта 20-30 мэтраў. І вось калі ты бяжыш, бачыш гэтае лясканьне зубоў, і праз аднаго ляцяць дубінкі, цябе б’юць у гэты момант. Да сьцяны трэба было вельмі хутка ўстаць на калені. Зь мяне зьдзерлі байку. Байку кінулі ў такі вазок, як у крамах, туды згружалі ўсе рэчы.
Мы сталі на калені, рукі трэба было падняць угору. Яны адразу спыталі, ці ёсьць іншаземцы? І вось гэтага турка, ён стаяў справа ад мяне, яны яго за каршэнь і адцягнулі.
Кожныя 10-15 хвілін прыяжджалі машыны, выгружалі людзей. Таму нам трэба было рухацца ўздоўж сьцяны вельмі хутка. У мужчыны зьлева ад мяне пачалася гістэрыка, ён плакаў, ня мог супакоіцца, і за гэта яго білі. Многія гублялі сланцы, і відаць было, што людзі там хто без абутку, хто бяз майкі, хто ў адных трусах стаялі. І калі мы рухаліся ўздоўж гэтай сьцяны, на сьцяне відаць былі плямы крыві. У людзей былі расьсечаныя галовы, насы.
Я стопрацэнтна сьцьвярджаю, што ўся гэтая жорсткасьць, якая была, яна плянавалася. Бо калі мы стаялі каля сьцяны, нам крычалі, што Ціханоўская зьехала, Цапкала зьехала. „Наглядзеліся сваіх тэлеграмаў? Мала свабоды? Мы вам гэтую свабоду пакажам“. А я шчыра кажу, што тэлеграм-канал „Нехта“ я ня ведаў. Даведаўся, толькі ўжо выйшаўшы з Жодзіна.
Я сам заканчваў юрыдычны факультэт БДУ, магістратуру і сам пісаў дысэртацыю на юрфаку і прадбачыў сваю добрую будучыню. Дысэртацыю пісаў пры навукова-дасьледчым цэнтры пракуратуры і хацеў далей ісьці ў пракуратуру, працаваць. Але заўсёды задаваўся пытаньнем, чаму на першым курсе ў першы сэмэстар паставілі канстытуцыйнае права. Мы яшчэ такія, ну разумееце — 11 кляса і першы курс адразу, яшчэ і не студэнты, так скажам. Ужо ў магістратуры я зразумеў, што самыя такія пытаньні, як аб’яўленьне імпічмэнту, перавыбраньне, перагляд, як уладкаваная судовая сыстэма, заканадаўчая, выканаўчая — гэта трэба „праехаць“ вельмі хутка, каб не запаміналася, не высьпявала і гэтак далей. І з 2005 году ў мяне пазыцыя: я ня веру дзейнай уладзе, праваахоўныя органы так дзейнічаюць і дзейнічалі заўсёды.
З майго курсу, з майго патоку я ня ведаю ніводнага, хто працуе ў праваахоўных органах. Сваякі ёсьць. Але лёс аднаго сваяка закончыўся тым, што спачатку яму павесілі мэдаль у Палацы Незалежнасьці, а пасьля пасадзілі на два гады хатняга арышту. Ён у сьледчых працаваў.
Праведзена вялікая праца начальствам праваахоўных органаў. Бо ад амону было толькі адно пытаньне: „Колькі вам заплацілі, на каго вы працуеце?“ Адзін сказаў: „Нам яшчэ трэба вылавіць тры тысячы ўкраінцаў, якія бегаюць недзе там „па лясах, па балотах“. Гэта значыць, праваахоўныя органы і дзейная ўлада былі гатовыя, што выбары ідуць не паводле іх сцэнару. Улада разумела, што яна прайграе на гэтых выбарах, і таму рыхтаваліся ад самага пачатку да жорсткага задушэньня гэтых мітынгаў. Гэта цяпер у інфармацыйных крыніцах мы чытаем, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў расказваюць, што яшчэ ў чэрвені іх рыхтавалі, расказвалі, што „прыйдуць новыя — і вас усіх павесяць на дрэвах“. Вывозілі ў палі, падпальвалі пакрышкі, дзялілі на сваіх і на „мітынгоўцаў“ і адпрацоўвалі гэта ўсё. Адпаведна, да 9–11 жніўня яны былі гатовыя.
Ці гатовы я дараваць? Павінны ўва мне быць нейкія трыгеры, каб я мог дараваць. Але я не знаходжу гэтага ў сабе. І калі я скажу, што гатовы дараваць, то я падману самога сябе. Я за тое, каб быў справядлівы суд; каб гэта не было масава, каб гэта было вельмі дыфэрэнцавана і тонка. Чаму? Бо калі нас перавозілі зь ЦІП на Акрэсьціна ў Жодзіна, адзін з амонаўцаў заступіўся за мяне. Таму што калі іншы амонавец даведаўся, што я праграміст (я, шчыра кажучы, не разумею, чаму яны ад гэтага зьвярэюць), ён мяне схапіў за шыю, пачаў біць у жывот, па вушах, па галаве. І другі амонавец яго адцягнуў.
„Дабіваць параненага — апошняя стадыя нізасьці“
Юры, доктар-рэаніматоляг шпіталя хуткай дапамогі:
— Я дзяжурыў 9 жніўня, быў адказным доктарам па шпіталі. Брыгады хуткай дапамогі пачалі прывозіць увечары траўмаваных сьвятлашумавымі гранатамі. Мы чакалі большай колькасьці пацыентаў, але асноўны ўдар прыняў на сябе вайсковы шпіталь. І гэта правільна, бо мінна-выбуховая траўма, агнястрэлы — гэта іхны профіль. Адзінае, мы разумелі: калі будзе вельмі вялікая колькасьць пацярпелых, вайсковы шпіталь ня зможа ўсіх прыняць. Наш шпіталь усе гэтыя дні адпрацаваў з запасам, з рэзэрвам.
Усю інфармацыю атрымлівалі праз „вуснае радыё“, бо афіцыйнай інфармацыі не было — інтэрнэт вырубаўся, БТ верыць нельга. Асноўная інфармацыя, якая да нас прыходзіла, — менавіта ад брыгадаў хуткай дапамогі. Прыяжджалі „хуткія“, казалі: цяпер узрываюцца сьвятлашумавыя гранаты, нам трэба рыхтавацца да таго і таго; пусьцілі сьлезацечны газ — да іншага. Я хачу падзякаваць усім сваім калегам. 9-га ўсё аддзяленьне выйшла на працу, у наступныя дні таксама людзі тут начавалі, выходзілі не ў свае зьмены.
Здаецца, 11 жніўня „хуткім“ забаранілі прыяжджаць туды. Брыгады маглі выехаць на месца, у асяродкі супраціву, толькі на выклік міліцыі — 102. Іх туды не пускалі! Гэта нас вельмі моцна засмуціла, бо гэта баявая траўма: чым раней ты акажаш дапамогу, тым больш шанцаў пацярпеламу выжыць.
Але адчаю не было. Я ведаю прыклады, як мае калегі-валянтэры проста надзявалі будаўнічыя каскі, матацыклетныя шлемы, бралі выявы чырвоных крыжоў і ішлі „на перадавую“. Пакавалі аптэчкі, бралі ўсё з сабой і ішлі дапамагаць проста на поле бою.
Але наступны этап — калі іх таксама ўзялі. Мой знаёмы казаў: „Прабач, але ў мяне людзей не засталося, нашых таксама забралі і адправілі на Акрэсьціна“. Дактароў-рэаніматолягаў, мэдсёстраў. У выніку аказалася, што людзі, якія знаходзяцца ў асяродках паражэньня, засталіся без мэдычнай дапамогі.
Паводле сусьветнай практыкі, у такой сытуацыі на дапамогу прыходзіць чырвоны крыж. Людзі падымаюць чырвоны крыж, і іх ніхто не чапае. Яны дапамагаюць абодвум процілеглым бакам. Так, могуць быць канфлікты, але людзей з чырвоным крыжам ніхто ня мае права кранаць. Параненых ніхто ня мае права дабіваць. Афіцыйны Чырвоны Крыж у нас — гэта крыху іншая гісторыя. Але валянтэры стараліся. Яны мне скідвалі здымкі, як проста пакідалі на месцах перакіс вадароду, перавязачны матэрыял, каб людзі маглі дапамагчы сабе ці перавязаць параненага.
Валянтэры яшчэ расказвалі, што іх білі амонаўцы. Валянтэраў з чырвоным крыжам! „«Я аказваю дапамогу» — удар дручком мне ў сьпіну і ўдар па тым чалавеку, якому я дапамагаю“, — казаў валянтэр. Дабіваць параненага — гэта ўжо апошняя стадыя нізасьці. Гэта сапраўды сьведчаньні зь першых вуснаў.
Нават вайскоўцы нашы рэдка з гэтым сутыкаюцца. Гэта няшчасныя выпадкі падчас вучэньняў. Ці пэтарды. Мы, шчыра кажучы, ведаем пра гэта тэарэтычна, але амаль не сутыкаліся на практыцы. Бо, як у гімне пяецца, „Мы, беларусы, мірныя людзі“. Калі Расея заўсёды з кімсьці ваюе — то Каўказ, то Крым, то Сырыя — то для нас гэта адзінкавыя выпадкі.
Калі спыніліся сутычкі на вуліцах, тысячы людзей кінулі за краты. І пачалі везьці людзей з Акрэсьціна, з пастарункаў. На іх было страшна глядзець — людзей тупа „адпрацоўвалі“. Калі прывозілі людзей са спалучанымі траўмамі — жывога месца на іх не было, падымаеш майку — а там месіва, усё сіняе, фарш. Спрабуеш хлопца перакласьці з насілак на каталку, а ён раве ад болю.
Мала таго, іх яшчэ пазначалі незмывальнай фарбай — лоб і руку. Навошта, я ня ведаю. Прычым гэта ніякія не бандыты, не наркаманы, не крымінальнікі. Гэта нармальныя маладыя хлопцы. Не было п’яных, забулдыг, алькаголікаў, асацыяльных людзей.
Вось гэта і прымусіла нас падняцца. Гэта ўжо па-за межамі.
У Беларусі акцыі заўсёды былі мірнымі. Скажыце, што перашкаджала дазволіць правесьці 6 жніўня акцыю ў парку Дружбы народаў? Я быў на папярэдняй акцыі на Бангалоры 31 ліпеня, там не было ніводнага хулігана, бандыта. Там былі нармальныя людзі, Я, палітычна нэўтральны чалавек, прыйшоў зь сям’ёй. Там былі прыгожыя людзі. Гэта быў драйв, сіла. Гэта быў момант, калі нараджаецца нацыя. Нам забаранілі зьбірацца мірна, і калі людзі выйшлі на пратэст, улада пачала выкарыстоўваць баявую зброю. Гвалт нараджае гвалт — па-іншаму быць ня можа.
Я не хадзіў на барыкады не таму, што я баюся. Я проста ўсьведамляў, што ў клініцы буду больш карысным.
А на пратэсты мы таксама выходзім. 12 жніўня выходзілі да мэдычнага ўнівэрсытэту на мірную акцыю. Гэта было так узьнёсла! Апошняй кропляй стала затрыманьне нашага калегі, доктара-рэаніматоляга Багдана Шыльнікоўскага, і народ зразумеў, што далей ужо трываць нельга. Бо калі затрымліваюць суседа, знаёмага — гэта адно. Калі сваяка ці калегу — іншае. Як сказаў мне іншы калега, аднакурсьнік і сябра Багдана, „за што затрымліваць гэтага «пяльменя», ён жа найдабрэйшы чалавек!“
Мы зьвярнуліся да галоўнага доктара: трэба тэрмінова яго вызваляць. Галоўны доктар нас зьбіраў, зьвязваўся з намесьнікам міністра і езьдзіў на Акрэсьціна яго шукаць. Але інфармацыя пра тое, што лекар зьбіты, пайшла ўжо па ўсёй сыстэме, і брыгада хуткай дапамогі яго вывезла з Акрэсьціна. У яго ёсьць праблемы са здароўем, не зьвязаныя з траўмай (цукровы дыябэт), і ўдалося яго вывезьці нават раней, чым на Акрэсьціна прыехаў галоўны доктар. Цяпер Багдан знаходзіцца ў нас у стацыянары. Ён ужо бадзёры, нават жартуе.
Але я супраць таго, каб змагацца паводле прафэсійнай, этнічнай ці яшчэ якой прыкметы. Трэба змагацца за ўсіх. Там яшчэ застаюцца людзі, і многія ў цяжкім стане. Мы павінны патрабаваць вызваліць усіх. Мы не павінны пагаджацца на саступкі: вось вашага калегу выпусьцім, а іншага пакінем. Гэта антыгуманна.
Наступствы застануцца. Любая стрэсавая сытуацыя так проста не праходзіць. Байцоў амону, СОБРу, міліцыянтаў адмыслова трэнуюць, яны прывычныя, гэта іх прафэсія, а мы звычайныя людзі. Бясьсьледна гэта ня пройдзе. Тут, у шпіталі, мусяць працаваць прафэсійныя псыхолягі. А да нас прыходзяць толькі псыхолягі-валянтэры.
Мы не павінны нічога ўтойваць, нічога не павінна замоўчвацца — гэта нашы грамадзяне. Павінны быць сьпісы ўсіх затрыманых і месцы, дзе яны знаходзяцца. А ня так, што валянтэры шукаюць людзей па ўсіх пастарунках і шпіталях. Павінен быць даведачны цэнтар для сваякоў, каб яны маглі апэратыўна атрымаць інфармацыю.
Тыя хлопцы, якія да нас трапілі, першыя суткі-двое проста спалі. Зойдзеш у палату, павітаесься, а яны сьпяць. Пад вечар апрытомнеюць, прачнуцца: „Вітаю, доктар!“ А я ўжо разоў 10 туды заходзіў.
Аднаго хлопца прывезьлі з Акрэсьціна на „хуткай“. Там яго трое сутак тупа білі. І ён, калі перагружалі ў машыну хуткай дапамогі, пытаўся: „А мяне ня будуць больш біць?“ А хлопцу 20 гадоў! За што?
„Проста спатыкнуўся і ўпаў“
Аляксандар, 27 гадоў, рабочы, Барысаў:
— Увечары 9 жніўня я ішоў каля цэнтральнай плошчы Барысава — там сабралася шмат людзей, якія пасьля галасаваньня чакалі абвяшчэньня вынікаў выбараў. Мы думалі, што з райвыканкаму выйдуць члены выбарчай камісіі. Але так і не дачакаліся — бюлетэні вывезьлі тайна.
Людзям жа сказалі, што гэта несанкцыянаваны мітынг, і супрацоўнікі ў чорнай форме выціснулі іх з плошчы. Потым падключылася і мясцовая міліцыя. Людзі сталі разьбягацца, але іх даганялі, білі дубінкамі, калі падалі — нагамі па галаве. Затрымлівалі вельмі жорстка. Там былі і пэнсіянэры, і цяжарныя жанчыны, і дзеці гадоў па 10-12, якія плакалі, калі на іх вачах бацькам заломвалі рукі. Гэта было вельмі страшна!
Мы з суседкай пакінулі плошчу і пайшлі дадому, за намі пабеглі двое супрацоўнікаў, выхапілі мяне, паклалі на асфальт і сталі біць дубінкамі: па галаве, сьпіне, руках, нагах. Потым утрох схапілі за рукі-ногі і пацягнулі ў аўтазак.
Мяне запхнулі ў вузкую адзіночную камэру, потым „падсялілі“ другога чалавека. Мы крычалі, што няма чым дыхаць, прасілі адчыніць люк. Ніхто не рэагаваў. Каля 20 хвілін мы сядзелі, задыхаючыся, пакуль сілавікі лавілі іншых людзей, і потым паехалі ў Барысаўскі РУУС.
Там нас — чалавек 40 — паставілі да сьценкі на заднім дворыку, дзе знаходзяцца гаражы для спэцтранспарту. Каля дзьвюх гадзін мы стаялі на расьцяжцы. Калі супрацоўнікам нешта не падабалася, білі па нагах.
Вядома ж, ніхто не прадстаўляўся, пасьведчаньня не паказваў, правы нам не тлумачыў. Супрацоўнікі мясцовай міліцыі былі бяз масак, але пераварочвалі свае пагоны, каб мы не вызначалі званьні.
Потым сталі складаць пратаколы. Я запомніў час затрыманьня — каля 23-й гадзіны. У пратаколе ж стаяла 00:10, і месца таксама не супадала. Усе пратаколы былі, як пад капірку: знаходзіўся там і там, выкрыкваў лёзунгі. Я напісаў на пратаколе: „Ня згодны“.
Усе былі ў глыбокім псыхалягічным стрэсе, у кагосьці была зламаная рука, але на просьбы пра дапамогу не рэагавалі. Прасілі вады — піць не давалі. Аформілі дакумэнты і перавялі людзей у ІЧУ — у будынку пастарунку.
Хлопца са зламанай рукой павезьлі ў лякарню, а нас адправілі на дактыляскапію. Потым пачаўся суд, я зьвярнуў увагу на нестыкоўкі зь месцам і часам. Судзьдзя сказала, што няма падставы не давяраць супрацоўнікам, якія складалі пратакол, і вынесла прысуд — 15 сутак.
Бліжэй да ночы павезьлі ў Жодзіна, толькі цяпер ужо нас у камэры было трое — усяго ў аўтазаку знаходзілася каля 50-60 чалавек. Паветра не хапала. Трэба было вызваліць месца ў пастарунку, таму што былі новыя затрыманьні. Калі мы выяжджалі, на асфальце ляжала шмат людзей. Супрацоўнікі РУУС сказалі: „Вы галасавалі не за таго, каго трэба. Той, хто трэба, будзе да канца“.
У камэры мы проста ляжалі, немагчыма было рухацца ад недахопу кіслароду. Сярод нас былі незалежныя назіральнікі, выбарнікі, назіральнікі ад ініцыятывы „Честные люди“, праграмісты, рабочыя з „Кераміну“, з МТЗ, з жодзінскага кавальскага заводу. Былі іншаземцы: літовец, украінцы, расейцы — іх потым забралі з камэры.
З Акрэсьціна прывозілі людзей, у якіх не было на руках ні дакумэнтаў, ні пратаколу. І праз трое сутак іх выпускалі безь нічога.
Людзі з Акрэсьціна паступалі моцна пабітыя: велізарныя сінякі, гематомы — у туалет хадзілі крывёю, не маглі ні сядзець, ні ляжаць. Такое адчуваньне, быццам па іх рота прайшлася. Прасілі паклікаць лекара, аказаць дапамогу... Было страшна.
Праз шэсьць сутак мяне вывелі з камэры, сказалі — амністыя. Быццам бы жодзінскі пракурор адмяніў прысуд. За знаходжаньне ў СІЗА спагналі 54 рублі.
Я прыехаў дадому, ачуўся і зьвярнуўся ў суд для азнаямленьня са справай. Убачыў тыя ж 15 сутак, а пра амністыю — нічога. Дагэтуль не магу зразумець, за што я адбываў пакараньне. І чаму так усё адбываецца.
Да затрыманьня я працаваў апэратарам па дамове падраду ў Жодзіне, потым адпрацаваў яшчэ тыдзень, і мне сказалі, што нібыта ходзяць чуткі, што занадта шмат гавару супраць дзейнай улады, што магу быць завадатарам якога-небудзь мітынгу на прадпрыемстве. Паведамілі, што я не прайшоў выпрабавальны тэрмін і са мной скасоўваюць дамову. Я кажу: „Ок, давайце расьпішуся, дзе трэба“. Мне адказалі: „Нічога ня трэба, проста здай вопратку“.
Пасьля таго, як я вярнуўся з Жодзіна, зьвярнуўся ў мэдычны цэнтар, прайшоў абсьледаваньне, зафіксаваў пабоі. Вярнуўся дадому — каля пад’езда мяне ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі. З цэнтру ім паведамілі, што зьвяртаўся такі і такі грамадзянін, які паведаміў, што падчас мірнага мітынгу супрацоўнікі міліцыі ўжылі фізычную сілу. І ім трэба было, каб я даў тлумачэньне.
Мне сказалі, што я альбо „тлумачу“ так, як мне скажуць, альбо паедзем у пастарунак для далейшага разбору. Я падумаў, што калі раптам зьнікну, то ніхто пра гэта нават не даведаецца, і даў тлумачэньне: калі бег падчас мітынгу, проста спатыкнуўся і ўпаў.
Удары, гематомы сышлі, застаўся боль у сьпіне, ды пасьля таго, як білі па галаве, пагоршыўся зрок. Але зьявілася трывога, страхі па начах, неспакой, што зноў могуць прыйсьці, лішні раз баісься нешта па тэлефоне сказаць. Ад усяго гэтага вельмі цяжка адысьці. Часам як нахлыне, гэтыя карцінкі ўсплываюць у галаве, хочацца нават плакаць. Я хачу перамагчы свае страхі.
Калі выходзіў з Жодзіна, у калідоры праводзілі прафіляктычную размову: не даваць ніякіх інтэрвію, нічога не расказваць журналістам, праваабаронцам. Сказалі, што ў іх усюды ёсьць свае людзі, усё гэта выплыве і нам мала ня здасца: зробяць так, што мы ня шэсьць сутак адбывалі, а аж да крымінальнай адказнасьці. І я ведаю, многія сыходзілі і цяпер маўчаць. А людзі ў форме адчуваюць сваю беспакаранасьць.
Мне ж губляць няма чаго, у мяне няма ні мамы (я страціў яе тры гады таму), ні таты, ні сям’і. Трэба нешта мяняць. Я разумею, што адзін нічога не зраблю. Але пасьля таго, як выйшаў з турмы ў Жодзіне і мяне сустрэлі незнаёмыя людзі — накармілі, абагрэлі, аказалі мэдычную дапамогу — зразумеў, што я не адзін, народ згуртаваўся. Нельга пакідаць усё, як ёсьць, інакш усё сыдзе з рук, сыдзе на нішто. Такое не павінна працягвацца. Мы самі маем права выбіраць свой лёс.
„Валаклі з такой сілай, што ў сабакі сарвалі шворку“
Леанід, 53 гады:
— Увечары, у дзень выбараў, я пайшоў гуляць з сабакам. Гадзін у дзесяць мы падышлі да школы, дзе павінны былі вывесіць пратакол пра вынікі галасаваньня. Там стаяла шмат людзей. Чакалі-чакалі, але вынікаў так і не аб’явілі. Прыехаў амон і вывез са школы выбарчую камісію. Людзі пачалі абурацца і вырашылі пайсьці ў цэнтар гораду.
Мы з Ф’ю стаялі каля дарогі на вуліцы Кальварыйскай. Пад’ехаў аўтазак. Людзі сталі скандаваць: „Міліцыя з народам!“ З машыны выскачылі тры чалавекі ў чорным, схапілі мяне і пацягнулі, мацюкаючыся, б’ючы дубінкамі, кулакамі. Валаклі за рукі, за ногі, з такой сілай, што сарвалі шворку з галавы Ф’ю. Закінулі ў аўтазак. На мяне селі двое сілавікоў і працягвалі біць: па нагах, руках, грудзях, галаве. Я ўбачыў іх нечалавечыя вочы і спытаў: „За што?“ І раптам усё згасла...
Потым сьведка з аўтазака расказаў, што мяне білі каля 15-20 хвілін, а калі ўдарылі дубінкай па твары, я адключыўся. У хлопца, які ляжаў побач, пайшла пена з рота, але лекары вынесьлі на насілках мяне — бо ўжо не намацваўся пульс.
Ачуўся ў „хуткай“. Побач ляжаў малады хлопец з прастрэленым жыватом, зь якога вываліліся кішкі.
Я ўскочыў і закрычаў: „У мяне ж там сабака застаўся! Я павінен яго знайсьці!“ І басанож выскачыў на вуліцу.
Наш Філ — звычайны дварняк, але нам вельмі дарагі. Жонка неяк заўважыла, што на прыпынку круціцца сабака, падбягае да аўтобусаў, чакае кагосьці. Празь некалькі дзён сабака зьлёг, і мы вырашылі яго забраць. Вэтэрынар сказаў, што вельмі своечасова: яшчэ б дзень, і ўжо ня выратавалі б.
У сабакі быў піраплязмоз, быў увесь згрызены кляшчамі. Потым яшчэ апэрацыю перанёс: раздробнены таз (цяпер стаяць жалезныя імплянты), 8 пераломаў на адной назе, 4 — на другой. Выхадзілі. Ф’ю вельмі добры, таварыскі, любіць гуляць зь дзецьмі. Але калі мяне цягнулі ў аўтазак, брахаў з усіх сіл, ледзь ня кідаўся на крыўднікаў.
Калі мяне цягнулі, зьляцелі чаравікі, прапалі ключы ад кватэры, тэлефон. Пасьля таго, як я выбег з „хуткай“, адна дзяўчына прынесла мне чаравік, а другая — Ф’ю, без аброжка і шворкі.
Жонка была на лецішчы, і мы з Ф’ю пераначавалі ў прыяцеля ў суседнім доме. Назаўтра ўсё балела, мне стала кепска. „Хуткая“ забрала ў лякарню. Там спыталі, ці перанёс я нядаўна інфаркт. Высьветлілася, што ў мяне была блякада сэрца, пералом чатырох рабрын і мезенца на руцэ, удары сківіцы, рук, ног, рана на галаве, страсеньне мозгу, ЧМТ. Цяпер я на бальнічным, але картку ў паліклініцы згубілі.
Ключы мы потым знайшлі на Акрэсьціна, а тэлефон назад так і не вярнуўся, хоць нехта заходзіў зь яго ў „ВКонтакте“.
Было крыўдна, што пабілі з такой жорсткасьцю ні за што. Але страшней, калі такое ў нашай краіне стане нормай...
„Ты разумееш, што там ня ты?“
Вольга, мэдык, 32 гады:
— Я загадзя рыхтавалася да таго, каб падчас пратэстаў быць гатовай аказаць першую дапамогу пацярпелым. Увечары 9 жніўня даведалася, што ў раёне стэлы гучаць выбухі, і паехала туды. Каля 23:00 дайшла да царквы на праспэкце Пераможцаў, спусьцілася з узгорку і апынулася ў буфэрнай зоне паміж сілавікамі і мірнымі дэманстрантамі. Амон страляў гумавымі кулямі і закідваў людзей сьвятлашумавымі гранатамі, пратэстоўцы разьбягаліся. Пасьля такой „артпадрыхтоўкі“ сілавікі перайшлі ў наступ: амон пабег на пратэстоўцаў і пачаліся затрыманьні.
Я на той момант ужо атрымала раненьне: аскепкі гранаты пашкодзілі нагу. Калі пачалася атака, адзін з амонаўцаў штурхануў мяне так, што я ўпала і расьсекла руку, а яшчэ некалькі сілавікоў пацягнулі мяне ў аўтазак. Там кінулі ў „стакан“. Пры гэтым сумку, дзе былі мэдыкамэнты, у мяне адабралі.
У выніку раненьня ад выбуху гранаты ў мяне пачаўся крывацёк. Я прасіла аказаць мне першую мэдычную дапамогу або проста перадаць з торбы перакіс вадароду. Але ніхто на гэтыя просьбы не рэагаваў.
Празь некаторы час затрыманым сказалі выходзіць на вуліцу, прагналі нас праз „калідор“ сілавікоў і зацягнулі ў бусік. На просьбы патлумачыць прычыны затрыманьня была адна рэакцыя: „Заткні рот, шалава!“
Нас прывезьлі на Акрэсьціна і паставілі ўздоўж калідора на першым паверсе. На адным баку знаходзіліся жанчыны, на другім — мужчыны. Найбольш агрэсіўна паводзілі сябе міліцыянт з густымі чорнымі бровамі і доўгавалосая бляндынка.Яны былі галоўнымі агрэсарамі, якія кіравалі зьбіваньнем людзей. Бляндынка біла мужчын у асноўным паміж ног — ёй гэта вельмі падабалася…. Я спрабавала сказаць, што яны парушаюць мае канстытуцыйныя правы, у адказ на што чарнабровы падышоў і некалькі разоў ударыў мяне галавой аб сьцяну. „Што ты, б..., самая разумная, выдатніца? Няма ў цябе ніякіх канстытуцыйных правоў, сука!“ — закрычаў ён. І яшчэ раз ударыў мяне галавой аб сьцяну.
Увесь гэты час білі мужчын. Зьбівалі да хрыпаты. Прымушалі крычаць: „Я люблю амон“. Аднаму мужчыну адбілі ныркі, і ён ужо мачыўся крывёю. Тады амонаўцы пачалі крычаць на яго: „Прыбяры за сабой!“ Чалавек казаў: „Хлопцы, я ж голы, у мяне нічога няма“. І яму сказалі, каб ён выціраў сваім целам.
Жанчын парасьпіхвалі па камэрах. Наша была прадугледжаная на чатырох чалавек, але туды ўціснулі 19 затрыманых. Пасьля гэтага адкрылася „кармушка“ і адна з супрацоўніц пачала перапісваць асабістыя зьвесткі затрыманых, а таксама пытала пра месца і час затрыманьня. У мяне гэтыя пытаньні выклікалі падазрэньне: я вырашыла, што сілавікі будуць фабрыкаваць пратаколы, якраз зыходзячы з маіх словаў. Таму акрамя прозьвішча і імя я адмовілася нешта называць, пакуль міліцыянты самі не прадставяцца і не патлумачаць прычыну затрыманьня.
За адмову адказваць на пытаньні мяне вывелі ў калідор, дзе знаходзіліся некалькі сілавікоў. Жанчына-бляндынка пачала біць мяне аб сьцяну галавой, выкручваць рукі, спрабавалі ламаць пальцы. Мяне паставілі на калені, прыціснулі нагой галаву да зямлі і крычалі: „Кажы, сука, свае дадзеныя!“ Пагражалі, што на мяне распачнуць крымінальную справу за непадпарадкаваньне міліцыі. Я сказала гэтай бляндынцы, што я мэдык і магу афіцыйна паставіць ёй дыягназ: яна сацыяльна адаптаваная псыхапатка. Пасьля гэтага яна адскочыла і мяне пакінулі ў такой позе на паўгадзіны, каб я падумала. Я стаяла на каленях і чытала ўголас верш Ёвана Змая пра гонар. Іх надоўга не хапіла: яны адчынілі дзьверы ў камэру са словамі „Запаўзай, пачвара“.
У камэры было вельмі-вельмі горача. Вакно было адчынена літаральна на два пальцы. Нас было шмат, і мы крычалі, каб адчынілі хаця б „кармушку“, каб было чым дыхаць. У адказ на нас вылілі вядро вады. І потым яшчэ прывялі затрыманых. У выніку нас стала 36 чалавек.
Потым надышла ноч і пачалося самае жахлівае: дыхаць стала зусім няма чым. Я разумела, што мы трацім прытомнасьць ад браку кіслароду. Людзі ўжо нават баяліся прасіць аб дапамозе. Але я разумела, што горш ужо ня можа быць, і пачала біць у дзьверы. Прыйшоў дзяжурны, які толькі заступіў на зьмену. Я сказала, каб ён перадаў начальству, што я дам усе дадзеныя і ўсё падпішу. Я яму пачала тлумачыць, што гэта сапраўдная газавая камэра, што мы задыхаемся, што раніцай проста ня ўсе здолеюць прачнуцца, а адказнасьць будзе на ім.
Праз 15 хвілін дзяжурны сапраўды адчыніў камэру і загадаў выйсьці ў калідор да сьцяны. Ад рэзкага паступленьня кіслароду дзяўчына, якая мела інваліднасьць, страціла прытомнасьць і ўпала.
Гэта вельмі напалохала дзяжурнага. Ён пагадзіўся праветрыць камэру, пакінуў адчыненую „кармушку“ і мы дамовіліся, што праз гадзіну ён нас выведзе падыхаць яшчэ. Так і адбылося. Перад сканчэньнем сваёй зьмены ён папрасіў прабачэньня і сказаў, што больш ня можа нам нічым дапамагчы.
На наступны дзень на Акрэсьціна пачаліся суды. Жанчын выводзілі з камэры па адной. Некаторыя дзяўчаты потым вярталіся ў сьлязах: амонаўцы, прымушаючы падпісваць пратаколы, абяцалі, што іх толькі аштрафуюць, але гэта быў падман — суды каралі затрыманых адміністрацыйным арыштам.
Маю справу разглядала судзьдзя Маскоўскага раённага суду Тацяна Матыль. У пакоі — яна, сакратарка і ўключаны дыктафон. У судзьдзі на стале ляжаў штодзёньнік, куды яна ўпісвала зьвесткі. Яна папрасіла мяне прадставіцца і назваць дату нараджэньня. І калі я назвала дату, яна скаланулася.
Справа ў тым, што ў дакумэнтах, паводле якіх зьбіраліся судзіць мяне, былі зьвесткі іншага чалавека. Але пра гэта я даведалася ўжо потым.
Атрымалася, што паколькі ў міліцыі не было поўных маіх зьвестак (толькі імя і прозьвішча), то яны знайшлі ў базе МУС маю поўную цёзку, але зь іншым годам нараджэньня і іншай прапіскай. Там і фота было іншае — мы нават не падобныя. І тут судзьдзя зразумела, што ў яе дэталізацыя на аднаго чалавека, а перад ёй стаіць зусім іншы.
З дакумэнтаў, паводле якіх мяне зьбіраліся судзіць, вынікала, што мяне затрымалі на праспэкце Незалежнасьці ў 21:00. Але гэта была няпраўда: у гэты час я была ў іншым месцы гораду і мела сьведак. Судзьдзя адмовілася выклікаць сьведак, аднак і рашэньня выносіць ня стала, а загадала вярнуць мяне ў камэру.
Больш да судзьдзі не выклікалі. Пазьней у камэру зайшоў супрацоўнік РУУС са сьпісам пакараньняў для затрыманых: ён паведаміў, што я атрымала 15 сутак арышту.
Ночы на Акрэсьціна праходзілі пад крыкі затрыманых мужчынаў, якіх моцна білі сілавікі. Я чула, як мужчын вывелі ў двор, пабілі, потым аблілі вадой пад напорам, потым зноў пабілі. Бандыты пры гэтым сьмяяліся, ім было весела. Яны прыдумалі такую гульню для пабітых мужчынаў: мы, маўляў, зараз адчынім браму і ў вас будзе паўхвіліны на тое, каб вы ўцяклі. А праз паўхвіліны мы выедзем за вамі на машынах. І хто не пасьпее — тых будзем раздушваць. Ім вельмі сьмешным здаваўся гэты плян.
Удзень затрыманых жанчын вывелі ва ўнутраны дворык ЦІП, дзе стаяла шмат амонаўцаў з аўтаматамі. Яны абражалі жанчын, казалі, што яны праплачаныя і што яны прадалі Радзіму за адзін даляр. Я спытала: „А цяпер падумай: як лічыш, за 2 рублі тут нехта б стаяў?“ Чамусьці гэтыя словы паўплывалі на міліцыянта: ён дазволіў нам папіць і прысесьці на зямлю тым, хто ўжо ня мог стаяць. Пасьля гэтага нас пагрузілі ў аўтазак і павезьлі ў Жодзіна.
Менавіта ад супрацоўніцы жодзінскай турмы, якая праводзіла агляд затрыманых і перапісвала зьвесткі, я даведалася, што справа была складзеная не на мяне, а на зусім на іншага чалавека.
Яна мяне паклікала да стала і паказала маю справу. Кажа: „Ты разумееш, што там ня ты?“ І ў гэты момант я нарэшце зразумела, чаму так псыхавала Матыль. Таму што там сапраўды была дэталізацыя на іншага чалавека. Нават пратаколу не было: было проста два лісткі, на адным зь якіх хтосьці асадкай напісаў: „15 сутак“.
Я спрабавала патлумачыць гэта іншаму супрацоўніку ізалятара, і той зьвярнуўся да свайго начальніка. Але безвынікова. „Пох…, пасадзі да ўсіх астатніх“, — сказаў начальнік.
Наступныя два дні я скардзілася дзяжурным на тое, што мяне фактычна выкралі. Нагадвала, што яны робяць крымінальнае злачынства і кожны зь іх цяпер будзе фігурантам гэтай справы. Спачатку мае скаргі ігнаравалі, але 14 жніўня я ўсё ж дагрукалася да чарговага дзяжурнага. Ён схадзіў па справу, пераканаўся, што я сапраўды тут знаходжуся незаконна і, відаць, спалохаўся. Мяне павялі да начальніка, які нарэшце загадаў адпусьціць мяне, а справу парваць.
Маіх рэчаў не знайшлі — сказалі, што, напэўна, засталіся на Акрэсьціна. Без даведак, безь якіх-небудзь дакумэнтаў мяне проста вывелі з ізалятару і сказалі — усё, давай, ідзі.
Да Менску мяне давёз адзін з тых валянтэраў, што дзяжурылі пад сьценамі ізалятара. Тыдзень пасьля гэтага я правяла за горадам — спрабавала апамятацца пасьля ўсяго, што адбылося.
Такім чынам, я правяла 5 дзён за кратамі нават без фармальных юрыдычных падставаў. У ЦІП на Акрэсьціна далі даведку, што мяне выпусьцілі 12 жніўня „ў сувязі з завяршэньнем адміністрацыйнага затрыманьня“. У жодзінскім ізалятары выдалі даведку, што я там знаходзілася з 12 па 14 жніўня, бо адбывала адміністрацыйнае пакараньне. Аднак не існуе ніводнага дакумэнту, дзе б тлумачылася, чаму я трапіла за краты.
З суду Маскоўскага раёну прыйшоў адказ, што супраць мяне ніякага адміністрацыйнага працэсу не вялося. Аднак пакараньне я адбывала! За ўвесь гэты час я ніводнага разу не пачула прычыну затрыманьня, нават ад судзьдзі! Фактычна мяне проста выкралі нейкія бандыты, пратрымалі 5 сутак, а потым сказалі: усё, ідзі.