Рэвалюцыя вуліц

12 жніўня жанчыны з кветкамі сталі ў шэраг каля ГЦ „Спэктар“ ва Ўруччы ў Менску. Такія шэрагі па ўсёй краіне людзі назвалі „ланцугамі салідарнасьці“.

„Людзей у чорным кветкі ня спыняць, на жаль“

— Мы хочам, каб спыніўся гвалт. Каб былі сумленныя выбары. Каб былі перагледжаныя вынікі. Мы хочам свабоды людзям, якія затрыманыя. Белыя кветкі — гэта знак свабоды людзям, якія цяпер пакутуюць у турмах. Людзей у чорнай форме яны ня спыняць, на жаль, але думаю, што нас можа ня будуць тут біць сёньня.

„Кветкі — знак таго, што я мірны чалавек“

— Цяпер я хачу быць салідарнай з тым, што адбываецца наогул у Беларусі. І ёсьць такая магчымасьць выйсьці мірна і паказаць, што мы супраць таго, што адбываецца, падтрымаць іншых беларусаў, якія цяпер сядзяць там, дзе яны не павінны знаходзіцца. Кветкі для мяне — знак таго, што я мірны чалавек і не хачу нікому рабіць ніякай крыўды.

Больш за 200 мэдычных супрацоўнікаў выйшлі 12 жніўня на акцыю „Мэдыкі з народам“ у Менску.

„Ня мусіць на «хуткіх» гойсаць амон“

— Гэта не пратэст. Гэта акцыя за мір, за тое, каб мэдыкам далі магчымасьць дапамагаць параненым. Ня мусіць на „хуткіх“ гойсаць амон. Нам, вядома, страшна. Цяпер кожнаму з нас страшна. Але калі мы будзем усе баяцца, што мы тады зьменім?

„Ганебны максымальна крок“

— Адчайны крок дзяржавы дастаўляць сваіх вайскоўцаў на месцы пратэстаў на „хуткай дапамозе“. Гэта проста агідны крок. Проста крывадушны нейкі і ганебны максымальна, таму што заўсёды да службы мэдычнай дапамогі была павага, і ўсе, нават жорсткія акупанты, прапускалі мэдыкаў на месцы. І калі пратэстоўцы прапускалі „хуткія дапамогі“, а ў іх аказваліся ўзброеныя хлопчыкі…

„Пакуль не памру“

— Мне 75 гадоў. Я патолягаанатам. Я не магу глядзець на гэтае вар’яцтва, таму і прыйшоў. І буду прыходзіць, пакуль не памру.

„Рана ці позна забяруць“

— Насамрэч мне вельмі страшна. Але… Сыходзіць? А навошта? Калі я зьбіраюся кожны дзень выходзіць, рана ці позна мяне ўсё адно забяруць.

„Пазьбегнуць крыві“

— Мы выйшлі паказаць аднаму небезьвядомаму чалавеку, які сказаў, што пратэстуюць толькі тыя, каму няма чым заняцца і каму хочацца крыві. Нам якраз такі хочацца пазьбегнуць крыві. І нам ёсьць чым заняцца, апроч таго, як адстойваць незалежнасьць сваёй краіны.

„Не чапайце дзяцей“

Аляксей, 33 гады, праграміст, Горадня:

— 12 жніўня я выйшаў з фотаздымкам дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Калі я прачытаў пра тую аварыю, зразумеў, што мушу нешта зрабіць. Я ўзяў фота дзяўчынкі і плякат з надпісам „Трэба кроў — бярыце маю. Не чапайце дзяцей“, выйшаў на плошчу Леніна і стаў на калені. Міліцыянт у цывільным папрасіў прайсьці ў гарвыканкам і вывеў праз чорны ўваход разам зь яшчэ адным затрыманым.

Туды пад’ехаў сіні бус. За стырном сядзеў мужчына ў чорнай масцы і чорнай майцы, побач мужчына з банданай на шыі і барадой. Адчыніліся бакавыя дзьверы. Там сядзелі трое ці чацьвёра ў чорным зь пісталетам на рамяні. Спачатку кінулі таго мужчыну і пачалі біць. Мяне таксама кінулі на падлогу, пачалі біць кулакамі па нырках, лаяліся, абражалі.

Дзьверы зачыніліся. Адзін зь іх узяў дручок і пачаў малаціць мяне па ягадзіцах і левым сьцягне. Безупынна мяне білі, пакуль мы не даехалі. Куды мы ехалі, я ня ведаў. Думаў, што едуць закопваць, бо так, як нас білі, я думаў, што наўрад ці адпусьцяць.

Той, які сядзеў, біў мяне рукой па галаве, па корпусе, па нырках. Той, які стаяў, біў дручком. Казалі: „Мы вас усіх, вырадкаў, перастраляем“. Запыталіся, кім працую. Сказаў, што праграміст. Гэта прывяло іх у яшчэ большае шаленства. Сказалі: „Што табе, х...ва тут жывецца? Вольнасьці захацеў“. Гэта ўсё суправаджалася ўдарамі. Потым пачалі пытацца, колькі мне заплацілі. Я сказаў, што ніколькі. За гэта сталі біць яшчэ мацней. Той, хто біў дручком, сказаў, што ня спыніцца, пакуль я не назаву суму. Было жудасна балюча. Я сказаў, што мне заплацілі тысячу даляраў. Тады ён спыніўся.

Пасьля я ўбачыў будынак Ленінскага РАУС. Падумаў, што хіба забіваць ня будуць.

Потым мне размалявалі галаву, твар, рукі чорным маркерам, туга зацягнулі рукі плястыкавай сьцяжкай, завялі ў РАУС. Там мяне яшчэ раз ударылі, завялі ў пакой, пасадзілі на лаву. Вокны былі адчыненыя. Я ўбачыў, як зноў пад’ехаў гэты бус, я пазнаў, што там мае калегі. Я чуў, як іх заводзілі і білі. Чуў гукі моцных удараў і крыкі ад болю.

Мне дзіка пачаў балець бок, у мяне праблемы з ныркамі. Я папрасіў таблетку або выклікаць лекара. Потым прыйшоў супрацоўнік, сказаў мне ісьці ў спартовую залю. Я паспрабаваў устаць і ўпаў. Ён мяне хацеў падняць і пацягнуць, я зноў упаў. Тады яны вырашылі выклікаць „хуткую“. Накідалі пратакол, далі расьпісацца. Лекары паклалі мяне на насілкі і завезьлі ў шпіталь.

Калі мне давядзецца ехаць у будынак Ленінскага РАУС, то я ня ведаю, як, бо мне страшна дагэтуль. Яшчэ большы страх таму, што гэта міліцыя.

Уладзімер, 32 гады, праграміст, Горадня:

— Мы яшчэ з трыма паплечнікамі 12 жніўня прыйшлі на плошчу Леніна з партрэтам дзяўчынкі, якая пацярпела ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Перад намі на гэтым жа месцы затрымалі калегу Аляксея з падобным плякатам. Сталі на калені, паднялі плякаты з фатаздымкам дзяўчынкі. Падышоў супрацоўнік ДАІ, сказаў, што ён вымушаны далажыць.

Прыехаў сіні бус Ford. Вылезьлі гопнікі ў масках, нас пагрузілі ў мікрааўтобус — і стала адбывацца самае страшнае, што са мной было за ўсё маё жыцьцё. Нам надзелі плястыкавыя кайданкі, паставілі на калені ў праход аднаго за адным. Білі па шыі, задавалі пытаньні „Колькі заплацілі?“, абражалі. Калі даведаліся, што мы праграмісты і колькі зарабляем (у сярэднім 1700 даляраў), зразумелі, што за тысячу даляраў рызыкаваць сваёй дупай вельмі сьмешна.

Калі нас прывезьлі і выгрузілі з буса, добра пабілі дручком. Пацэлілі ў калена, потым каленам кінулі аб бэтон. У Ленінскім РАУС нас выводзілі па адным. Я быў другім. Я пачуў дзікі крык свайго паплечніка, яго аддубасілі дручкамі, 5-7 разоў дакладна. Потым выгрузілі мяне, пабілі. Нас павялі ў спартовую залю. Сказалі: „Любіце на каленях стаяць — і тут будзеце стаяць, толькі мордай у падлогу“. Так мы ў кайданках на каленях і стаялі. Калі паварушысься, адразу б’юць. На той момант я разумеў, што страшна, але болю не адчувалася.

Мае калегі-праграмісты пыталіся культурна і ветліва, ці можна памяняць позу, бо зацяклі ногі. Ніхто не хаміў, не грубіяніў, нікога не абражаў. На што чулі: „Не“.

Пляснулі нам да сьпіны нашыя плякаты. Сказалі, калі спадуць — атрымаем дручкамі.

Праз гадзіну-паўтары павялі на допыт. Калі мяне паднялі, я зразумеў, што з нагой нешта зусім ня тое. Я яе выпрастаць нармальна ня мог, бо дзіка балела. Так я дачыкільгаў на трэці паверх, рука заламаная, „мордай у падлогу“. Лава там была, але шпурнулі на падлогу да шафы. Пачалі складаць паперы, высьвятляць асобу. Тут мне пачало прылятаць за Tiguan, а машыну забралі за тое, што сыгналіў падчас акцыі салідарнасьці, за ўсе патрабаваньні. Зачытвалі кожнае і білі. Абяцалі, што запішуць відэа і выкладуць у сеціва, што я супрацоўнічаю са спэцслужбамі.

Прымушалі адказваць, за каго я галасаваў. Мне таіць няма чаго. Я галасаваў за Ціханоўскую. Што ні адказвай, гэта бескарысна. Асабліва ніхто ня слухае. Прыйшоў амонавец ува ўсім рыштунку з мылам і збаночкам. Пырснуў ёду на лоб і сказаў умывацца. Я зразумеў, да чаго ідзе, паглядзеў, што гэта ня мыла, сказаў: „Самі ўмывайцеся“.

Мне зрэзалі кайданкі і павялі падпісваць пратакол. Ударылі ў жывот, калі я папрасіў адваката. Я культурна сябе паводзіў. Я стаяў нахіліўшыся, падпісваў дакумэнты. Мне прылятае збоку. Я падумаў, што ўсё. Білі да таго моманту, пакуль я не дадумаўся сказаць: „Зразумеў, зразумеў“. Сем разоў ён мне прабіў у жывот. У вачах дваілася. Дыхаць было капітальна цяжка. Балеў увесь правы бок. Нагі я зусім не адчуваў.

У роўнай бойцы ты мог бы, прынамсі, адказаць. Тут што б ты ні зрабіў, будуць біць. Ты на гэта ня можаш зусім ніяк адказаць. Прычым перад табой чалавек, у якога вісіць табэльная зброя.

Мяне прывялі, паклалі асобна, бо, відаць, зразумелі, што перастараліся. Недзе гадзіну я так ляжаў, пакуль не прыйшоў хіба начальнік. Запытаўся, ці выклікаць „хуткую“. Прыехала „хуткая“, і мяне забралі з падазрэньнем на разрыў. Лекар казаў расслабіць жывот — а я ня мог, і нагу выпрастаць ня мог. На шчасьце, нічога не пацьвердзілася, толькі ўдары па рэбрах, па жываце, нага ў гіпсе. На азадку сядзець балюча.

„Ня веру, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам“

Алена, жонка Мікіты Крыўцова, Маладэчна:

— 23 жніўня я падала ў Сьледчы камітэт заяву на завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці мужа: ня веру, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.

Ён быў вельмі жывы, любіў жыцьцё і па-чалавечы ня быў такім дужым, каб сябе забіць. Яшчэ ён меў вялікі пляны на далейшае жыцьцё, не зьбіраўся яго заканчваць. Гэта зусім на яго не падобна, што ён засіліўся.

Гады два ў нас ужо праблемы ў шлюбе, мы сапраўды абмяркоўвалі будучы развод, але гэта не было для яго стрэсам, мы спакойна пра гэта гаварылі. Мы думалі, што недзе пасьля верасьня падамо заяву, але пэўнай даты не прызначалі. Мікіта працаваў, працягваў захапляцца футболам — жыў паўнавартасным жыцьцём. Пра такі канец ён дакладна ня думаў і мне не казаў.

Да нядаўняга часу я ня ведала, ці ўдзельнічаў ён у акцыях пратэсту. А калі сёньня пабачыла відэа, дзе ён стаіць перад шэрагам амону зь бел-чырвона-белым сьцягам, думаю, што такое бывала і раней.

Ён актыўны, баявы, не баіцца паказаць свае погляды. Гэта так.

Ня ведаю, ці знайду сілы на апазнаньне. Будзе бацька ягоны, гэта дакладна. Нам сказалі, што яшчэ ідзе анатамаваньне, таму нельга пабачыць цела. У выніку пакуль яго ніхто ня бачыў. Ані я, ані бацькі — не паказалі. Мяне апыталі. Магчыма, паведамяць заўтра, дзе і калі будзе апазнаньне.

Адвакат Віктар:

— Апазнаньня ня будзе. 25 жніўня бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасьці незалежнага судова-мэдычнага экспэрта і маёй агледзеў цела сына ў моргу. Паводле нашага экспэрта, трэба дачакацца вынікаў дасьледаваньняў, найперш гісталягічных. Цела за гэты час моцна зьмянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець. Экспэрт сказаў, што адбыліся выразныя гніласныя зьмены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці.

28-гадовы фанат футбольнай каманды „Маладэчна“ Мікіта Крыўцоў зьнік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў задушыўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было.

Загрузка...