Паэза верхняга мелу
I
Наша справа — еш ды какай,
Дыназаўрык, дыназаўрык.
Нам усё жыцьцё за ранак,
Нам паўсюль хваёнак смачных,
Кветак-папарацяў хопiць,
Каб напружыць свой жывоцiк.
Нi садоў, нi агародаў
Нам ня трэба агародзiць.
Як ты вылупiўся з яйка,
Трэба дзеiць: еш ды какай.
Хiтрасьцi яно нiякай
Ад цябе не вымагае.
Гэта выгадуе сiлу,
Каб нага цябе насiла;
Гэта выгадуе шыю,
Каб дастала да галiнак.
Быў маленькi дыназаўрык —
Пройдзе заўтра i пазаўтра,
Станеш мажны i цыбаты,
Будзеш думаць i пра самак.
Каб адну хаця паймецi,
Трэба нам хвастом грымецi
I страсаць усё паветра,
Прабiваючы бар'еры.
А для гэтага — парада,
Маё мiлае дзiцятка:
Еш ды какай, еш ды какай,
Не турбуйся пра парадак.
II
Усяго па калена, а нiчога няма.
Усяго па пояс, а нiчога няма.
Усяго па шыйку, а нiчога няма.
Па са-ме-нькую шыйку!
Чагосьцi не
стае.
Дыназаўрык падляцеў
На 4 ножкi сеў
I пабёг, i пабёг
У малюткi закуток.
— Мама, а былi тыраназаўры?
— Не былi, даўно ўжо не былi.
Iх нiхто ня помнiць на Зямлi.
Смачна еш i какай патаўсцей.
— Мама, а чаго з намi будзе?
— Усё з намi будзе.
Будзем i есцi, будзем i какаць.
Не хвалюйся.
— Мама, а чаго вымерлi тыраназаўры?
— Есьцi не хацелi,
Какаць не хацелi,
Маму не
-эслу
-ха
-лiся.
III
Еш ды какай, дыназаўрык.
Вас няма на кантынэнце.
На адной вялiкай выспе
Вы пакуль яшчэ жывеце,
Што плыве ў глыбокiм моры,
Што вандруе ў дзiкiм моры.
Мэзазойскай засталося
Эры 100 тысячагодзьдзяў.