Сустрэча
Самы канец кайназойскае эры.
Гомель. Зiма. Плейстацэн.
Сьнегу паўсюль навалiла бяз меры.
Ўсюды суладнасьць i сэнс.
Думаю думу пра ўчора i заўтра,
Думу пра норы мае.
Раптам з кустоў малады пiтэкантрап
Наперарэз паўстае.
Ў новае шкуры, з вялiкай сякерай,
Шнар паляўнiчы на лбе.
Дружа! ня трэба! другiм павячэрай!
Я не патрэбен табе.
Вершаў маiх у маленькай галоўцы
Не ператравiш, нi-нi!
Не перакажаш на вашае моўцы
Песьню пра доўгiя днi.
Што ж ты, нябога, ўзьнiкаеш пад носам,
Шкодзiш натхненьню майму?
Мы ж з табой тут у лагчыне сам-насам —
Ну а калi абдыму?
Сьцiсну ў абдымках — i пырснуць вантробы,
Пырснуць на сьнег i гальлё,
I ад тваёй застанецца асобы
Толькi згаданьне маё.
...Далей ступаю па роднаму краю,
Цела гаю i душу.
Мiлыя далi мае аглядаю,
Хобатам вершы пiшу.