Рамонка

панядзелак


Добры дзень, Малыш. Я хачу расказаць табе сёе-тое цікавае, але спачатку давай з табою пазнаёмімся. Мяне клічуць Рамонка. Так-так, Рамонка. Так мяне звалі ў дзяцінстве і хоць я ўжо дарослая цётка, мяне па-ранейшаму так завуць. Табе, можа быць, цікава чаму? Проста ў мяне доўгія і кучаравыя валасы, светлыя, як пялёсткі рамонка. І клічуць мяне на самой справе Рамала. Маё імя падобна на слова рамонак, праўда? Мабыць, таму мяне ўсе называлі рамонкам з самага дзяцінства. Рамала — гэта незвычайнае і рэдкае імя. Ты, напэўна, ніколі не чуў такое. Рамала. Па праўдзе сказаць, я не ведаю чаму бацькі вырашылі назваць мяне так. Яны ў мяне былі фантазёры. А твае бацькі таксама такiя? Калі так, то табе напэўна не сумна з імі.

Распавяду яшчэ крыху пра сябе. Я страціла свой дом, то бок мне цяпер няма дзе жыць. Гэта вельмі сумна, Малыш, але так ужо здарылася. Ты калі-небудзь бачыў на вулiцы кацяня або шчанючка? Ты хацеў ім дапамагчы: накарміць іх, аднесці дадому, ці хаця б проста пагладзіць? Вось і я цяпер як бяздомнае кацянё. Толькі мяне няма каму пашкадаваць і пагладзіць. Але я не плачу з-за гэтага, Малыш, а наадварот смяюся.

У людзей бываюць непрыемнасці, ты, напэўна, ужо ведаеш пра гэта. Але сустракаць іх трэба з усмешкай. Тады і справіцца з імі лягчэй. Чалавек павінен быць моцным і ўмець змагацца з усімі непрыемнасцямі, і нават самымі непрыемнымі непрыемнасцямі. І ты абавязкова навучышся так рабіць, Малыш. Навучышся быць моцным і адважным і нічога НЕ баяцца. Навучышся НЕ плакаць, ці плакаць цiхенька — так, каб гэтага ніхто не чуў.

Дык вось, Малыш, я ўжо казала, што страціла свой дом. Таму мне давялося знайсці сабе новы. У нашым горадзе ёсць адзін стары закінуты дамок. Ён вельмі-вельмі стары. Калісьці там, як кажуць, жыла нейкая ці то князёўна, ці то графіня. А яшчэ ў гэтага дома ёсць вельмі прыгожы, каваны казырок і пад ім можна схавацца ад дажджу.

А ты любіш дождж, Малыш? А? Многія не любяць дожджык, а мне заўсёды падабалася гуляць пад ім і нават тупаць па лужынах. Толькі вось потым можна захварэць. Так што ты, можа быць, лепш так не рабі.

У гэтага старога дома ёсць прыгожыя драўляныя рамы, хоць шыбы ў іх ужо пабіліся. А акенцы на першым паверсе забітыя. Але я ўсё роўна знайшла маленькую шчыліну і прабралася ўнутр.

Ты бываў калі-небудзь у закінутым доме, Малыш? Гэта вельмі таямнічае месца. Тут шмат цёмных пакояў. А ты ўжо не баішся цемры? Калі баішся, то ведай, што цемра зусім не страшная. Шчыра кажу, на самай справе. Калі апынешся ў цемры і станеш баяцца, то проста зачыні вочы і ўяві, што ты на сонечным востраве, а вакол цябе блакітны акіян і высокія зялёныя пальмы. Гэта павінна дапамагчы табе не баяцца. Ну, а калі ўсё ж такі не дапаможа, то проста ўключы святло. Усё проста, Малыш. Шчолк! І ў тваім пакоі стане светла. Ведаеш, нават некаторыя дарослыя баяцца цемры, але яны ніколі не прызнаюцца табе ў гэтым. Звычайна дарослыя НЕ хочуць паказваць дзецям свае страхі. І я таксама не хочу.

аўторак

Я пішу для цябе гэты маленькі дзённік. Сёння, да прыкладу, аўторак, таму я і напісала: аўторак. Калі ты кожны дзень пішаш нешта ў сшытак гэта і называецца дзённік. Можа быць ты ўжо ходзіш да школы? Ці яшчэ не? У школе таксама ёсць дзённікі. І ў цябе будзе дзённік, Малыш, калі ты пойдзеш вучыцца ў першы клас.


Я ўжо казала табе, што ў мяне няма дома. Я бяздомная Рамонка. І мне самой чамусьці смешна ад гэтага. У цёткі Рамонкі няма ні толькі дома, але і грошай. Ты ж ведаеш, што ў тваіх бацькоў ёсць такія манеткі і паперкі — грошы. Ты не ведаеш навошта дарослыя гуляюць з імі? Ці ты ўжо досыць вялікі, каб разумець для чаго патрэбныя грошы? Шчыра казаць, дык я нават сама не вельмі разумею для чаго яны патрэбныя і чаму ў адных іх шмат, а ў іншых мала. Мне здаецца, так не сумленна. А ты як думаеш, Малыш? Добра калі б ва ўсіх людзей грошай было пароўну.

Зараз я табе распавяду, што я знайшла ў гэтым старым таямнічым доме. Табе ж цікава, праўда? Я ішла доўгімі цёмнымі калідорамі, а вакол было шмат пакояў, закрытых старымі дзвярыма. На столі вісела павуцінне, такое вялізнае, што я б, напэўна, магла iм накрыцца, як коўдрай. Я доўга ішла. Ішла і ішла, ішла і ішла. Гэта быў вельмі доўгі і таямнічы калідор. І, нарэшце, я ўбачыла дзверы. Яны былi самыя вялікiя і прыгожыя. Каб адкрыць гэтые дзверы трэба было пацягнуць за вялікае металічнае кальцо… Ты памятаеш я казала табе, што гэты дом належаў нейкай графіні або князёўне? Я падумала, што за дзвярыма былi яе пакоi. У графінь напэўна былі вельмі прыгожыя пакоi. Я доўга цягнула за металічнае калечка і нарэшце дзверы са скрыпам адкрылiся. Кры-і-і-і-і — так яны прарыпелі, адкрываючыся. Ведаеш, мне было страшна туды ўваходзіць. Бачыш, я табе шчыра прызнаюся ў гэтым. Каб сумленна прызнацца ў тым, што баішся чаго-небудзь, людзям вельмі трэба быць адважнымі. Мне было страшна, але я ўсё ж такі ўвайшла туды. І тады аказалася, што баяцца зусім і няма чаго. Калі ты будзеш вялiкi, дык заўважыш, што мы часта баімся таго, што насамрэч не страшна і наадварот: не баімся чаго-небудзь ад чаго лепш трымацца наводдаль.


Дык вось, Малыш, я ўвайшла ў гэты пакой.


«Раптам тут будзе прывід графіні…» — думала я.

Ух… Як мне было страшна, пакуль я не зразумела, што ў пакоі нічога няма, акрамя маленькага століка. Маленькі столік — гэта зусім не страшна, праўда, Малыш? І ведаеш, што стаяла на гэтым століку? Ну адгадай! Ха-ха, ты не адгадаеш. Там стаяў маленькі крыштальны шар на падстаўцы. І ён свяціўся ўсімі колерамі вясёлкі, хоць у пакоі было цёмна. Я хутка схапіла яго і выбегла з пакоя, прабегла назад па калідоры ў залу, у якой я жыла, і паглядзела ў шарык. Ох! Гэты шарык зіхацеў, як чароўны дыямент, уяўляеш, Малыш. І я ведала, што гэты шар — гэта маё шчасце, бо калі я глядзела ў яго я бачыла ўсе самыя шчаслівыя моманты свайго жыцця.


серада


Сёння серада, Малыш, і зноўку я пішу табе. У старым доме вельмі холадна, хоць і цяплей, чым на вуліцы. Здаецца, я не сказала, што ў нас у горадзе стаіць вельмі-вельмі халодная зіма. Мне вельмі хочацца спаць, але я пішу для цябе ў гэты дзённік.


Табе, напэўна, цікава, што я рабіла са сваім крыштальным шарам, у якім бачыла ўсе шчаслівыя моманты свайго жыцця? Я глядзела ў яго зноў і зноў, глядзела ўвесь час і не магла адарвацца.

І тут да мяне прыйшоў ён… Усахвацень. Ты ніколі не чуў пра яго? І я таксама ніколі пра такое не чула. Але вось ён прыйшоў і стаяў прама пасярод пакоя. Хочаш распавяду, як выглядае Усахвацень? Набярыся адвагі, Малыш, бо Усахвацень — даволі страшная істота. У яго лысая галава, а валасы смешныя і зачэсаныя прама на лысіну. У яго велізарныя вусы. І ён можа варушыць імі і нават хапаць вусамі нешта не вельмі вялікае. Напрыклад, ён можа ўзяць вусамі кружку і піць з яе, паднясучы яе да рота. Рот у яго, дарэчы, вялікі, і зубы моцныя і вострыя. Сам ён увесь пакрыты чырвона-зялёнай поўсцю, але на шыі як быццам чорны гальштук. Ён, мабыць, нагадвае бочку з вялікімі рукамі і нажышчамi. Ён быў нашмат вышэйшы за мяне ростам, хоць я даволі высокая. Вось так выглядаў Усахвацень. Уяўляеш, Малыш, як я спалохалася, калі яго ўбачыла?

— Ты хто такі? Чаго табе трэба? — крычу яму, а ён і адказвае:

— Добры дзень, Рамонка. Я Усахвацень, — а сам з вялікай чорнай кубэчкі нешта п'е, і вусамі яе трымае. — Аддай мне свой шар са шчасцем. А наўзамен я табе сёе-тое лепшае.

— Што ж можа быць лепшае за шчасце? — пытаюся я яго, а сама моцна так учапілася ў свой шар і да грудзей яго прыціснула.

— Поўны супакой, — кажа ён мне. — Станеш ты, Рамонка, спакойнай як ніколі. А далей і іншае шчасце знойдзеш, якога тут і ўявіць не можаш.

— Не веру я табе, — адказала я, а сама думаю:

«А можа і правы гэты Усахвацень! Стамілася я нешта ад турбот і трывог, а ён мяне супакоіць…»


І тут Усахвацень гэты і дастае нейкую бутэльку. Прама з воўны сваёй выграб яе.

— Выпі адсюль, — сказаў мне Усахвацень, — і будзе табе добра, як ніколі яшчэ не было, толькі аддай мне шар свой. Павер мне! Мы ж з табой адной крыві!


І тут у мяне, Малыш, рука як быццам сама сабой працягнулася і аддала я яму свой шар, з усімі сваімі шчаслівымі ўспамінамі. А наўзамен Усахвацень аддаў мне сваю бутэльку. Бутэлька гэтая, Малыш, зялёнага колеру і ўся ў павуціне была. А Усахвацень той схапіў мой шар і ў паветры растаў.


Як толькі ён знік я адразу ж і зразумела, што не трэба было аддаваць яму свой шар з самымі шчаслівымі момантамі ў жыцці. Ашукаў мяне подлы Усахвацень. Горка плакала я, але не ведала, як можна ўсё выправіць. Напэўна, ужо ніяк i нельга.


Паслухай мяне, Малыш. Паслухай, уважліва. Вось табе мая парада: ніколі не аддавай свайго шчасця і не губляй надзеі. Ты яшчэ вельмі маленькі і зможаш шмат зрабіць, калі станеш старэйшы. Не мяняй шчаслівы шар на зялёную бутэльку. Не вер Усахватню.


Ідзі наперад смела і не бойся прыгод, а потым, калі будзешь вялiкi, успомні пра гэты дзённік, які напісала для цябе цётка Рамонка. Ты зможаш па-новаму прачытаць яго. Ну а пакуль расці вялікі і моцны і шырэй адчыняй вочы на свет. Запомніў, Малыш, маю параду? Глядзі не забудзься на яе. Кахаю цябе. Твая Рамонка.

Загрузка...