Шымонка

3 студзеня 2016 года


Маё імя Шымон Лявінскі. Гэта мой дзённік пра вяртанне на радзіму продкаў — Беларусь. Я буду пісаць яго на беларускай мове, якую мне ўдалося вывучыць за дзевяць месяцаў. Гэта, мабыць, сімвалічна. За гэты тэрмін ува мне нарадзіўся беларускі габрэй. А можа быць ён ніколі і ня паміраў, бо памяць той зямлі, на якой мае продкі жылі стагоддзямі, не магла проста так сысці з душы маёй. Вучыць было не так цяжка, бо ў мяне з дзяцінства велізарныя здольнасці да моў. Акрамя таго, я ўжо ніштавата ведаў рускую, якая даволі-такі падобная да беларускай, як, зрэшты, і іншыя славянскія, з якіх я ведаю польскую і сербскую. Дастаць падручнікі беларускай, тут у Тэль-Авіве, было неверагодна цяжка. Але ў нас добрая і развітая краіна і тут можна дастаць сапраўды шмат усяго. Я вельмі люблю Ізраіль, але нешта ў глыбіні сэрца кажа мне, што далёкая і загадкавая Беларусь можа стаць маёй сапраўднай радзімай.


Цяпер мне семнаццаць гадоў. У мяне няма ніякай вядомай мне радні ў Беларусі. Я еду туды і нават сам не ведаю, чым мяне сустрэне гэтая халодная краіна, пра якую ніхто толкам нічога не можа сказаць. Я стараўся шмат чытаць у інтэрнэце, але на англійскай пра Беларусь амаль не пішуць. Трохі больш мне ўдалося даведацца, калі я вывучыў беларускую. Але, як я зразумеў, гэтая мова не вельмі папулярная ў Беларусі. Гэта здаецца мне дзіўным. Быць можа я здолею зразумець чаму так адбываецца, калі апынуся на беларускіх землях.

Мае продкі жылі на захадзе беларускіх земляў. Тады гэта была Расійская Імперыя. Родным горадам быў для iх Гродна. Вось і ўсё, што я ведаю з расказаў старэйшых. Яшчэ бацька крыху ўспамінаў аб цэлым габрэйскім квартале ў Гродне, пра тую неверагодную атмасферу, што там панавала. Але ён ведаў гэта па расказах дзеда, якія слухаў не вельмі ўважліва. Таму сувязь з той зямлёй зараз у нас амаль страчана ў памяці нашай. Але не ў сэрцы.

Сям'я падтрымала мяне ў рашэнні ехаць. Вядома, яны былі вельмі здзіўлены маёй цікавасцю да Беларусі і яшчэ больш маім рашэннем туды паехаць. Але яны добрыя і разумныя людзі. Яны сказалі, што, мабыць, гэта мой шлях, прайшоўшы па якому я змагу больш даведацца пра сябе.

Раней я працаваў у фірме бацькі. Гэта вялікая і цікавая праца. І яна прыносіла немалы прыбытак. Так што грошы на паездку ў мяне ёсць.

Такім чынам, усё гатова. Я крыху хвалююся перад сустрэчай з Беларусю. З Гродна — горадам продкаў. У наступны раз я напішу ў гэты дзённік ужо пасля прыбыцця туды.

26 студзеня 2016 года

Я ў Гродне. Спачатку аб менш важным: пра тое, як я тут уладкаваўся. Я арандую маленькую кватэрку, у мініятурным доме з жоўтай цэглы. Ён здаецца даволі старым. Ён стаіць на вуліцы Рэйманта. Дзеля цікавасці я зазірнуў у інтэрнэт, каб даведацца хто такі Раймант. Аказалася, што гэта польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Мне сорамна, але я нават ніколі не чуў пра яго, а ён жа атрымаў такі ганаровы трафей. Я плачу вельмі маленькія грошы за гэтую кватэру. Вакол шмат дрэў, і калі стане цёпла, яны напэўна заквітнеюць.

Цяпер пра надвор'е. Тут не так холадна, як я думаў. Маёй цёплай курткі больш чым дастаткова для таго, каб сагрэць мяне. Але я б хацеў пабачыць лета ў гэтай краіне.

Зараз аб больш важных рэчах. Пра сам горад. Я бачыў яго на малюнках, але ўсё-ткі ён перасягнуў мае чаканні. Увесь ён ляжыць на земляных пагорках. На гэтых пагорках стаяць замкі і вялікія каталіцкія храмы. Па мерках Еўропы усё тое, што пабудавана на пагорках — даволі старое. Падзяляе горад даволі вялікая рака. Яна называецца Нёман. Непадалёк ад самага цэнтра горада ёсць густы хвойны лес. Такім я ўяўляў сабе Шервудскi лес, калі чытаў пра Робін Гуда. Толькі гэты лес мае добраўпарадкаваныя сцяжынкі. Завецца ён Пышкі. Мне яшчэ шмат трэба будзе ўбачыць у горадзе маіх продкаў. Я адчуваю ў ім нейкую асаблівую… я нават не ведаю, як перадаць гэта словамі. Гэта сапраўды асаблівае месца. Але ўсё ж такі мне здаецца, што Гродна — не зімовы горад. Тут шмат паркаў, пагоркаў і далін. І яны маюць патрэбу ў цяпле, каб заквітнець і радаваць чалавека.

Аказваецца, што беларуская мова не проста не вельмі папулярная тут. На ёй наогул ніхто не размаўляе. Мне так і не ўдалося пачуць яе на вуліцах. Яна ёсць толькі на шыльдах (трохі), і на мясцовым тэлебачаннi (таксама трохі). Але гэта не ўсё. Мясцовыя нават не маглі мяне нармальна разумець, калі я звяртаўся да іх на беларускай. Спачатку я думаў, што з-за майго вымаўлення. Але калі я паспрабаваў гаварыць з імі па-руску яны выдатна мяне разумелі, хоць маё рускае вымаўленне таксама, відавочна, не ідэальнае. Акрамя таго, мне падалося, што іх раздражняя і насцярожвая мая беларуская мова. Усё гэта здалося мне дзіўным. Цяпер я кажу на рускай. Не хачу бянтэжыць гараджан. Мне трохі шкада, што яны не хочуць гаварыць на мове сваіх продкаў, якую павінны былі ведаць і мае продкі габрэі. Некаторыя словы беларускай мовы гучаць вельмі звонка і прыгожа. Таму я хачу працягваць пісаць гэты дзённік на беларускай. Гэта крыху сумна і смешна, тое што мова гэтага народа не патрэбная яму самому, але патрэбная такому замежнiку як я.


8 лютага 2016 года


Я наведаў два гарадзенскіх замка, што стаяць на высокіх пагорках, якія тут называюць гарамі. Яны не здаліся мне падобнымі на сапраўдныя замкі, такія як бываюць у казках і гістарычных фільмах. Не-не! Адзін з іх — гэта не вельмі прыгожы палац з калонамі. Ён завецца Новы замак і ўпрыгожаны вялікім савецкім гербам і шпілем з чырвонай зоркай. Я б падумаў, што яго будавалі ў савецкія часы. Але пахадзіўшы па музеі, і паглядзеўшы экспанаты, я зразумеў, што яго проста перабудавалі і раней ён быў падобны на еўрапейскі палац. Ад таго часу засталіся вароты з прыгожымі скульптурамі сфінксаў. Мне здаецца, што дакладна такія ж я бачыў у Вене. Першапачатковы выгляд гэтага замка мне спадабаўся значна больш. Хоць вялікі савецкі герб таксама па-свойму цікавы. Другі называецца Стары замак. Гэта проста нейкі брыдкі будынак і рэшткі старых каменных сцен. Здаецца, гэты замак будуць аднаўляць і зробяць такім, якім ён быў раней. У абодвух замках музеі, у якіх няма амаль нічога сапраўды цікавага. Трохі старой зброі рыцараў, нейкія карціны і нават нешта савецкае. Хоць мне спадабаліся некаторыя залы Старога замка. У іх адчуваецца, што гэта ўсё ж такі нейкі стары будынак, дзякуючы тоўстым сценам і цяжкім скляпеннях. Са двара гэтага замка адкрываецца цудоўны від на раку і лес удалечыні. А яшчэ на незвычайную царкву, напалову драўляную і напалову каменную. Яе каменная частка выглядае па-сапраўднаму старажытнай. Гэта царква — Каложа. Яна мне вельмі спадабалася, сваёй незвычайнасцю. Такога я яшчэ не бачыў нідзе.


Недалёка ад замкаў ёсць Харальная сінагога. Вялікая і пышна ўпрыгожаная. Асабліва прыгожа яна выглядае з боку парка, які аддзяляе ад сінагогі вялікі абрыў. Круты будынак!

Мясцовая габрэйская грамада прыняла мяне радасна. Хоць яны і былі здзіўлены маім рашэннем пераехаць з Ізраіля ў Беларусь. Некаторыя з іх мараць пра Ізраіль, ім складана зразумець навошта мне гэтая краіна, гэтая халодная Беларусь. Мясцовая абшчына вельмі маленькая. Але гэта добрыя людзі. Яны пасмяяліся над тым, што я спрабаваў размаўляць з беларусамі па-беларуску. Адзін малады хлопец — Натан, патлумачыў мне, што беларусы амаль грэбуюць сваёй уласнай мовай, хоць і ёсць тыя, хто яе вельмі любiць і нават выкарыстоўвае у паўсядзённым жыцці. Але такіх мала.


Напішу трохі аб больш простых рэчах. Цэны ў крамах тут прыкладна як у Еўропе. Але Натан патлумачыў мне, што заробкі беларусаў значна менш еўрапейскіх. Самі беларусы ў асноўным вельмі спакойныя і звычайна ветлівыя, хоць і не вельмi ўсмешлівыя. Я бачыў тут і велізарную колькасць цемнаскурых прыезджых. Раней я думаў, што ў Беларусі не будзе наогул ніякіх замежнікаў. Але аказалася, што тут шмат студэнтаў з Афрыкі. Яшчэ я думаў, што тут значна больш п'юць гарэлку. Але сапраўды п'яных людзей тут не так і шмат. Тут яшчэ вельмі чыстыя вуліцы. У параўнанні з Парыжам гэта проста нейкая стэрыльная лабараторыя. Тут даволі шмат паліцыі, якая называецца міліцыя. Натан сказаў, што тут амаль няма сур'ёзных злачынстваў.


29 лютага 2016 года


Натан паказаў мне габрэйскую спадчыну горада. Аказваецца, за ракой была драўляная сінагога. Дзіўны будынак. Ніколі не бачыў падобны. Але цяпер ён існуе толькі на фотаздымках. За Харальнай сінагогай, быў цэлы яўрэйскі квартал. У горадзе яшчэ шмат сінагог. Яны значна меншыя, чым Харальная і не такія цікавыя. Аказваецца, у горадзе нарадзілася шмат вядомых габрэяў: паэт Найдус, Пол Бэран, які быў адным са стваральнікаў інтэрнэту, гангстэр Меер Ланскі, мастак Бакст. За ракой да гэтага часу захоўваюцца старыя габрэйскія могілкі, усе зарослыя лесам. Але самыя моцныя пачуцці ў мяне былі, калі мы ўвайшлі на тэрыторыю былога гета. Там нельга ўбачыць нешта асаблівае, акрамя помніка ў гонар габрэяў на самай браме, але я адчуваў фізічна частку болю майго народа, калісьці сабраную тут у адну вялікую раку, па якой душы іх прымушалі плыць бязлітасныя каты. Гэта былі дзіўныя, страшныя і незабыўныя хвіліны. Я не мог доўга знаходзіцца ў тым месцы.


3 сакавіка 2016 года


Тут усё яшчэ даволі холадна. Вельмі змрочна. Але я ўжо прызвычаіўся. Распавяду пра свае пачуцці. Я ўжо даволі доўга ў Беларусі. Самыя дзіўныя мае надзеі апраўдаліся. Гэты горад — Гродна, мне сапраўды спадабаўся. Хоць я працягваю думаць, што ён стане значна прыгажэйшы, калі сюды прыйдзе цяпло. Тут вельмі шмат габрэйскага. Гэта проста трэба ўмець заўважыць пад пластамі іншых культур. Гэта сапраўды прарадзіма майго народа, і тут ён жыў стагоддзямі, уцёкшы ад жорсткіх людзей, што прыгняталі вандруючы Ізраіль.

У Беларусі савецкі сцяг і мне кажуць тут, што Беларусь вельмі савецкая. Я ніколі не жыў у Савецкім Саюзе, і мне няма з чым параўнаць. Але я ўяўляў сабе камуністычныя краіны прыкладна такімі. Я не так дрэнна стаўлюся да камунізму, бо Карл Маркс быў такім жа габрэем як і я, але ўсё-такі не магу зразумець навошта камунізм патрэбен Беларусі цяпер, калі ў яе ёсць магчымасць зрабіць усё, як у Еўропе. Або Ізраілі.

Аднак узнікае пытанне: што мне рабіць тут? Грошай маёй сям'і хопіць з запасам на жыццё ў гэтай небагатай краіне, але я не хачу заўсёды сядзець на шыі ў бацькоў. Знайсці працу тут не могуць нават мясцовыя, таму і мне, відавочна, будзе няпроста гэта зрабіць. Акрамя таго, мне растлумачылі ў суполцы, што знаходзячыся тут я павінен яшчэ і плаціць нейкі дзіўны падатак, які мясцовыя называюць «падатак на дармаедства». Гэта невялікая для мяне (і вялікая для мясцовых) сума. Але я не разумею чаму я наогул павінен плаціць за нешта паветранае. Гэта нейкі збор з сярэднявечнай Еўропы, нешта накшталт даніны сялян для феадала, якую яны выплачвалі зайцамі. Такое я бачыў у адным галівудскім кіно.

У гэтай краіне няма дэмакратыі і працы, а жыхары не любяць уласную мову. Тут шмат дзіўных падаткаў і даволі холадна. І ўсё ж такі я ўжо трохі палюбiў яе.


7 красавіка 2016 года.

Сёння дзіўны і даволі цёплы дзень. Я гуляў на поле за Харальнай сінагогай, дзе калісьці быў габрэйскі квартал, і раптам заўважыў дзяўчыну мастачку, якая сядзела на невялікім зэдліку і малявала саму сінагогу. У яе былі залацістыя валасы. Я бачыў толькі яе профіль. Яна была такая засяроджаная на сваёй працы, а сонца залівала яе з ног да галавы сваім святлом. Ніколі яшчэ я не адчуваў столькі пяшчоты да якога-небудзь чалавека. Вось так проста. Убачыў і адразу зразумеў, што гэта мая дзяўчына. Я хацеў загаварыць з ёй. На шчасце, у мяне быў час падумаць і сабрацца, бо яна нікуды не сыходзіла, а проста сядзела і малявала. І я падышоў. Не ведаю, як я наважыўся. Але я наважыўся. Насуперак маім страхам, дзяўчына прыняла мяне добра, мы лёгка разгаварыліся, таму што яна была вельмі ветлівая. Яе клічуць Марыя. Гэта дзіўна, але яна таксама габрэйка. Дакладней габрэйка толькі па маме. Іх сям'я ўжо даўно жыве ў Гродне. Падчас Другой сусветнай яе продкі жылі непадалёк ад Гродна і змаглі выратавацца ад немцаў. Я… як гэта напісаць… Ах так! Я зачараваны ёю. Вось добрыя словы.


9 красавіка 2016 года


Мая новая сяброўка ведае Гродна і яго гісторыю вельмі добра. Гэта цудоўна. Сёння разам з Машай мы заходзілі ў Фарны касцёл. Гэта велізарны каталіцкі храм. Хай ён і не частка нашай культуры, але ён сапраўды выдатны. Асабліва мяне ўразіў галоўны алтар гэтага храма. Ён проста грандыёзны! Не памятаю, каб я бачыў яшчэ дзесцi ў Еўропе нешта падобнае. Надвор'е было не вельмі добрае, але мы гулялі з Машай і не адчувалі нічога іншага, акрамя радасці. Гэта штосцi… што я не магу апісаць словамі.


15 красавіка 2016 года

Я закаханы. Як гэта сказаць… Вельмі моцна. Як кажуць на рускай: «по ушы». Я так мала ведаю Машу… Дакладней я ведаю яе на вельмі доўга. Але адчуваю, што ведаю яе ўсё жыццё. Вось менавіта так і кажуць закаханыя дурні, у рамантычных фільмах — і я мог бы быць адным з іх. Хоць я і не герой фільма. Але галоўнае, што адбылося сёння: мы стаялі на высокім беразе ля Нёмана і трымаліся за рукі, а вецер шкуматаў нашыя валасы. І я пацалаваў яе… Не, гэта не быў наш першы пацалунак. Першы раз мы пацалаваліся два дні таму, калі я праводзіў яе. Але менавіта гэты пацалунак на абрыве я хацеў бы запомніць, як наш першы. Здавалася, што мы з ёй сам на сам у гэтым горадзе. Вецер шумеў у лістоце над нашымі галовамі. І я ведаў, што рашэнне прыехаць сюды было лепшым у маім жыцці.


20 красавіка 2016 года

Маша гасцюе ў мяне. І я прапанаваў ёй пагуляць у шахматы, якія прывёз з сабою з Ізраіля. Маша, вядома, умее гуляць у шахматы, бо яна габрэйка. Так я сказаў ёй смеючыся, і яна таксама засмяялася. Люблю яе смех. Ён пяшчотны і звонкі адначасова. Яе залатыя валасы і неверагоднага адцення блакітныя вочы… Гэта як сон, у якім хочацца быць. Я пішу столькі глупстваў. Я закаханы дурань. Любоў, як габрэйская мама — хоча цябе кантраляваць і ў яе гэта атрымліваецца.


4 мая 2016 года

Мы каталіся з Машай на тралейбусах. Гэта жудасна дзікі тып грамадскага транспарту, тут у Гродне. З канцовай на канцовую. І калі мы вярталіся на ім апошні раз, было ўжо позна і ў салоне не было нікога акрамя нас і нейкай бабулькі з дзіцём. І мы цалаваліся з Машай, пакуль міма за акном праплываў гэты спакойны, вячэрні горад, вузкія вулачкі ягонага цэнтра. Гэтыя дні — дажджлівыя. І мы часта з Машай проста слухаем, як кроплі падаюць на падаконнік маёй кватэркі на Рэйманта. Кап-кап-кап. Здаецца, так перадаецца гук дажджу на беларускай.


5 мая 2016 года

Сёння я купіў гітару. Добрых і дарагіх гітар мне тут выявіць не ўдалося, але і гэтая гучыць не так дрэнна. Цяпер я магу граць Машы. Ёй вельмі падабаецца, як я граю на гітары, і толькі тут я зразумеў для чаго бацька прымушаў мяне вучыцца граць. Гэтыя струны звіняць, як мая душа. Гэта каханне! Каханне, як гітарныя струны — радуе і дапамагае спяваць, але часам рвецца. Ну вось! Я зноў нясу нейкую лухту.


6 жніўня 2016 года

Я даволі доўга не пісаў у гэты дзённік. Калі чалавек так моцна закаханы, яму хочацца не апісваць свае дні, а проста перажываць іх і спадзявацца, што яны не скончацца. Я меў рацыю. Горад сапраўды стаў выдатным з надыходам цёплых дзён. Заквітнелі паркі, у далінах цячэ вада. А пагоркі пакрытыя зялёнай травой. І пасярод гэтага ўсяго мы гуляем з Машай. І сёння яна сказала мне, што я стану бацькам. Няма такіх слоў, якія дапамаглі б мне выказаць тое, што я адчуў. Мы яшчэ такiя маладыя, але я вельмі рады і зусім не шкадую.

Мы марым ажаніцца тут. Але спачатку я хачу адвезці Машу ў Ізраіль. Спадзяюся тата і мама ўзрадуюцца знаёмству з ёй. Я гэтага вельмі хачу.


19 жніўня 2016 года

Маша бачыла дзіўны і страшны сон. Як быццам я загінуў у тэракце. Гэта яна бачыла вельмі выразна. Выбухнуў аўтобус, у якім ехаў я. Яна прачнулася і доўга плакала, а я не мог яе супакоіць. «Ну што ты, гэта ж проста сон», — казаў я ёй. Шчыра кажучы, я зусім не веру ў такія сны. І я зусім не рэлігійны. Унутрана я толькі пасмяяўся над гэтай сітуацыяй, хоць Маша, мне падалося, вельмі сур'ёзна гэта ўсё ўспрыняла. Гэта даравальна, бо яна мастачка і вельмі ўражлівая. Дарэчы, яна даволі моцна змянілася пасля нашай сустрэчы. Раней яна жыла адна, калі не лічыць чатырох котак, і была феміністкай. Цяжка зусім не быць феміністкай, калі ты жывеш адна і ў цябе чатыры коткі. Так мне казала адна весёлая сяброўка Машы. Калі пазнаеш беларусаў бліжэй яны ўжо не здаюцца такімі моцна панурымі.


26 верасня 2016 года

Вось і прыйшоў час развітвацца, Гродна! Але развітвацца не назаўжды. Хутка мы з Машай вернемся да цябе, выдатны зялёны горад, горад пагоркаў і прыгожых сінагог, у якім я сустрэў сваю жонку… Будучую жонку. Мы вернемся і пажэнімся ў гэтым горадзе. Абяцаю. Калі, вядома, я не падарвусь у аўтобусе, х-аха-ах. Часам я ўспамінаю гэты Машын сон і смяюся над ім. Але яна гэтага не любіць. Я таксама працягну пісаць гэты дзённік на беларускай мове. Абяцаю! Маё маўчанне будзе азначаць толькі адно — я сапраўды выбухнуўся. :)

Загрузка...