Колюшка

456 макробара 3456 фара


Ягоны дзённік даты ў якім ён прастаўляе паводле летазлічэння планеты Буркун.

Сёння ён збег з гэтага гнязда. Гнязда, дзе жывуць пеўні ў белых халатах. Яны думалі ўтрымаць яго, але нічога ў іх не атрымалася. Таму што ніхто не можа стрымаць Лапкалоiда 25 з планеты Буркун. Яны хацелі вярнуць яму ягонае старое імя. Яны называлі яго Колюшка. Бандыты. Напэўна яны крадуць у дзяцей цукеркі, хоць і ведаюць, што дзецям трэба есцi салодкае, каб быць маленькімі. Яны добра пільнавалі яго, але ён усё роўна збег. Ён даў па мордзе адной доктарцы. Гэта яму вельмі спадабалася.


Калісьці Лапкалоiд 25 быў нашмат меншы, чым зараз. Яго клікалі Мікалай Л. І тады ён быў у партыі, якую ён сам і стварыў. «Змагары за тры палоскі, чырвоную і дзве пунсовых, з вуліцы Ленінскага Камсомола» так яна называлася. І ў гэтай партыі было яшчэ два чалавекі. Мы шмат казалі пра тое, як дрэнна ў гэтай краіне і што трэба зрабіць, каб было добра. Але не было з намі таго, хто навучыў бы нас здароваму харчаванню і правільнай яўгеніцы. Ён не адразу зразумеў, хто гэтаму можа навучыць. А потым ён зразумеў. Навучыць гэтаму можа Ленін. Тады ён і стаў не Колям, а Лапкалоiдам 25. Ён павялічыўся ў памерах у 897 тысяч разоў, і здагадаўся, што насамрэч родам з планеты Буркун. Адтуль жа родам вялікі правадыр Ленін.


Лапкалоiд 25 рады! Ён збег ад пеўняў у белых халатах і будзе цяпер шукаць свайго сябручка. Ён ведае, дзе яго шукаць. Ягоны сябар стаіць на цэнтральнай плошчы. Якое шчасце, што ніхто не быў настолькі ненармальным, каб прыбраць з плошчаў вялікага Леніна. Ура, ура, ура, таварышы.

457 макробара 3456 фара

Ягоны сябар яго чакае, чакае, чакае. Лапкалоiд 25 ведае, што яго шукаюць. Але ён апрануўся ў маскіровачнае адзенне. У яго незвычайны халат, а на галаве парык. Ён прыкідваецца жанчынай. Яму падабаецца прыкідвацца жанчынай, бо кожная жанчына з'яўляецца Багіняй. Цяпер Лапкалоiд непазнавальны. І ён прыйшоў да свайго сябра на плошчу. Тут, у Салігорску, ягоны сябар Ленін не вельмі вялікі. Побач высокі дом, з перадатчыкам прамянёў на даху. Але ў Лапкалоiда 25 ёсць шапачка з фальгі пад парыком. І вось ён побач са сваім сябрам і той кажа яму:


«Добры дзень, баценька! Вось вы і прыйшлі! Я — Ленін! Вялікі правадыр з планеты Буркун. Калі мае продкі прыляцелі з гэтай планеты яны сталі габрэямі. Габрэямі з Мінска. Гэта ведаюць нават мінскія гісторыкі, хоць усе мiнскія гісторыкі — класава несвядомыя. Яны, гэтыя мае габрэі, баценька, шмат пісалі на бланках і таму іх назвалі Бланк. Далейшыя ўказаннi вы атрымаеце на наступнай станцыі сувязі. Адпраўляйцеся, дарагі мой, у Рэчыцу. Там усталяваны яшчэ адзін перадатчык. Там вы выйдзеце на новы кантакт. І памятайце, што гэта архіважна!»


Вось так казаў вялікі правадыр. Лапкалоiд 25 уцёк з плошчы, бо да яго ішлі аднекуль два міліцэйскія. Яны — вартаўнікi парадку, таму і мятуць парушальнікаў. І яны хацелі яго схапіць нягледзячы на маскіроўку. Трэба будзе маскіравацца яшчэ лепш. Але галоўнае, што Лапкалоiд добра бегае.

460 макробара 3456 фара

Лапкалоiд 25 ужо ў Рэчыцы. Так так так. Сама назва горада — сімвалічна. Рэч і цэ. Гэта значыць Рэч Паспалітая і Цэнтрвыбаркам. У іх было шмат дэпутатаў. Калісьці і Ленін быў дэпутатам на планеце Буркун. У Рэчыцы помнік Леніну стаіць побач з елкамі. Лапкалоiду 25 лёгка было падкрасціся незаўважаным да свайго сябра і вялікага правадыра. І ён падкраўся. І вось, што сказаў яму Ленін:


«Вось і вы, баценька! Імём рэвалюцыі, я зараз вам распавяду, што мы стварылі вялікую імперыю. Разумееце, дарагі мой, я — Ленін і я стварыў імперыю! Кожнаму чалавеку ў нашай імперыі знайшлося месца, але не ва ўсіх яно было над паверхняй зямлі. Лепш за ўсё сябе праявіў НЭП і многае іншае. Хоць і былі асобныя перагібы на месцах, у таварыша Сталіна. Але мільёны перагібаў — гэта яшчэ і не вельмі шмат… Мдя, баценька, нам трэба было канчаткова зламаць белы рух. І нам такі архіважна было прыбраць цара. Цар быў несвядомы, а таварыш Сталін быў свядомы. Свядома перагібаў у асобных выпадках на месцах, але галоўнае памятаеце, што толькі масавыя расстрэлы маглі выратаваць Радзіму. У нашым новым свеце роўнасці, братэрства і справядлівасці не было месца царам і падобным асобам, галубок. Мы самі сумленна вырашалі хто роўны і братэрскі, а хто не. Справядліва, баценька, як жа інакш. Далейшыя ўказаннi можна атрымаць у г. Віцебску. Паслухайце правадыра сусветнага пралетарыяту, дарагі мой. Ура Чырвонаму Сцягу, таварыш, і ідзіце шустрэй, бо вунь ужо вамі пачалі цікавіцца».


Лапкалоiд быў рады правадыру і зноў уцёк ад міліцэйскіх. Яны вельмі хітрыя і небяспечныя, і ўвесь час разгадваюць яго маскіроўку. Але на гэты раз Лапкалоiд замаскіраваўся вельмі добра. Ён стаў Нябачнікам. Ён зняў усю сваю вопратку, а цела Лапкалоiда 25 з планеты Буркун могуць бачыць толькі іншыя жыхары планеты Буркун. Таму зямляне не могуць бачыць ягонае цела. Але, напэўна, міліцэйскія не зямляне… І яны бачылі… Але ён зноўку збег. Хуткія-хуткія-хуткія ногі ва ўсіх на планеце Буркун. Цяпер у Віцебск.


466 макробара 3456 фара


Віцебск! Горад працы, міру і свята. Але і цемрашалаў тут шмат, таму што яны адбудоўваюць храмы, а гэта вельмі строга забаронена і няправільна, і ў духу контррэвалюцыі, прама скажа тут Лапкалоiд 25. Ён вельмі замёрз пакуль дабіраўся ў гэты горад. Лапкалоiда падвёз адзін чалавек, хутчэй за ўсё таксама з планеты Буркун. Але ў канцы паездкі чалавек сапсаваўся. Ён хацеў выгнаць Лапкалоiда за ягоныя палымяныя рэвалюцыйныя песні. «Узвейцеся і развейцеся тысячы сцягоў над палямі бульбы» — так спяваў Лапкалоiд 25. Але чалавек яго не выгнаў. Лапкалоiд меў вялікі нож. І чалавек не выгнаў. І вось ён хутчэй, хутчэй, хутчэй, пабег да таварыша Леніна. І сказаў яму так сябар і правадыр:

«Усё б прапала, баценька, кажу я вам! Усё б яно знікла. Але ж такі знайшоўся адказны таварыш, які змог выратаваць хоць бы Беларусь ад улады капіталу. Улада рабаўнікоў і памешчыкаў не можа вырашаць лёс усяго згуртаванага і, палымяна вернага ідэалам рэвалюцыі, народа гэтай краіны. Пакінутыя на плошчах помнікі лідэру будаўнікоў камунізму, то бок мне, таварышу Леніну. Святкуецца пачатак вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, пад кіраўніцтвам таварыша Троцкага і іншых адказных таварышаў. Рэвалюцыя завяршылася рашучым і пэўным поспехам пралетарыяту на ўсіх франтах і паклала ж такі канец панаванню капіталізму на землях старой, патрыярхальнай Русі. Адбываецца барацьба з дармаедствам і контррэвалюцыянерамi, якія ведаюць, што асуджаныя адысці ў мінулае ў працэсе будаўніцтва новага свету, свету чыстай, самай бескарыслівай і добраахвотнай працы. Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з кітайскімі таварышамі, што выглядае вельмі лагічным у святле варушэння капіталістычнай гідры за акіянам і з'яўлення новых белякоў унутры квітнеючай радзімы. Кастрычнік не забыты! Не, таварыш, не забыты! Але каб канчаткова скончыць з капіталам зроблена яшчэ далёка не ўсё, баценька. І я скажу вам, дарагі мой, што ж яшчэ трэба для канчатковай перамогі камуністычнай ідэі ў вашым краі. Здымаю перад вамі кепку, галубок. Вы сапраўды ўстойлівы сукін сын, малады чалавек. Адпраўляйцеся ж у горад Гродна для атрымання канчатковых указанняў. І памятайце, што гэта архіважна!»

Вялікі Правадыр! Я Лапкалоiд 25 не падвяду цябе. Еду ў Гродна!


480 макробара 3456 фара

Ён доўга-доўга-доўга дабіраўся ў Гродна з Віцебска. Па дарозе ён браў ежу ў добрых людзей, а ў ліхіх таксама браў і паказваў ім ножык. «Ён Лапкалоiд з планеты Буркун» — казаў ён ім — «Вы складаецеся з бялку, які даволі смачны. Таму аддайце яму іншы бялок, інакш ён вас паясi».

У Гродне яго схапілі і даставілі ў мясцовае гняздо. Лапкалоiд 25 не выканаў волю вялікага правадыра! Ён не здаецца і абавязкова вырвецца ад пеўняў у белых халатах.

Калі Лапкалоiд 25 прыйшоў да правадыра ў Гродне ён доўга глядзеў на правадыра, але той маўчаў. Ніколі такога не здаралася з ім. Ён заўсёды чуў свайго вялікага правадыра з планеты Буркун. Ён азірнуўся вакол і стаў шукаць перадатчыкі, якія глушаць сігнал правадыра, але іх не было. Лапкалоiд 25 быў там яшчэ гадзіну, але яго правадыр усё маўчаў. Што гэта, што гэта, што?

І ён сышоў.

І ён начаваў у лесе, а потым убачыў у адной вёсцы, якая ў іх знаходзіцца як бы ў горадзе, драўляную лесвіцу. Убачыўшы драўляную лесвіцу, Лапкалоiд 25 забраў яе з сабой і прынёс да Леніна на плошчу. Дарэчы, ён быў у касцюме Небачнiка. І ён змог залезці па гэтай лесвіцы да Леніна. І ён чакаў пакуль той загаворыць, а потым Лапкалоiд 25 стаў крычаць: «Чаму ж ты маўчыш, о вялікі-вялікі-вялікі правадыр з планеты Буркун, калі ты можаш узяць і адказаць Лапкалоiду? Ты абяцаў расказаць, як канчаткова перамагчы капітал, памятаеш?»

І ён крычаў і тузаў правадыра за нагу, але яна не варушылася і Лапкалоiд не мог яе зрушыць. А потым з усіх бакоў хутка прыбеглі міліцэйскія і акружылі пастамент правадыра. Гэта натуральна, бо пастамент азначае: міліцэйскі на пасце. І яны здымалі Лапкалоiда зверху. Але доўга не маглі яго адарваць. Пакуль не выклікалі машыну з адмысловым кранікам, на якім да Лапкалоiда 25 з планеты Буркун паднялі міліцэйскіх. І яны вельмі моцна абдымалі яго, прыціскаліся да яго нябачнага цела. Мабыць, яны яго палюбілі. Ён таксама іх трохi палюбіў хоць і плюнуў ім усім прама ў вочы. І яны яго ўсё-ткі знеслі ўніз і адразу панеслі ў машыну, усю зробленую з брані. «Бранявічок! Бранявічок!» — крычаў Лапкалоiд 25 — «Дайце мне выступіць на ім!»

І потым ён апынуўся ў гняздзе. Але гэты дзённік яму пакінулі. Галоўны певень дазволіў.

Адзін брат тут… Ён таксама з планеты Буркун. Яго таксама схапілі пеўні ў белых халатах. І ён сказаў, што вялікі правадыр Ленін не стаў размаўляць з Лапкалоiдом з-за таго, што ў гэтым горадзе Гродне, калісьці жыло шмат каралёў і правадыр не мае тут сілы. Навошта ж ён тады сам паслаў яго сюды? Можа быць вялікі правадыр Ленін хацеў пазмагацца з каралямі, але не змог перамагчы іх? Лапкалоiд плача-плача-плача. Але яго суцяшае тое, што на планеце Буркун правадыр непераможны. Аднойчы я пабачуся з ім там.

А можа быць планета Буркун проста ўвядзе войскі.

Загрузка...