2006 г.
Я не вяла дзённічак з маіх пятнаццаці гадоў. А цяпер мне (страшна пісаць нават) ужо дваццаць пяць. Хаця… Не варта тут хлусіць хаця б самой сабе. Мне нават крышачку больш, чым… дваццаць пяць… Добра… хопіць пра ўзрост. Што ж мне яшчэ такое тут напісаць? Мабыць, пачну з пачатку. Я хачу трэніраваць гэтую іх мову. Ну беларускую. Размаўляць у мяне атрымліваецца зусім дрэнна, але пісаць магу крышачку лепей… Таму гэты дзённік будзе строга на беларускай. Гэта я сабе абяцаю. Шчырае слова! О! Здаецца, прыйшоў Антошык. Працягну потым.
***
Зрабіла Антошыку абед. Кахаю яго… бубачку. Ну дык вось! Я хачу трэніраваць гэтую іх мову, таму што баюся Гэтых. Іх усё больш мне стала здавацца, што яны могуць узяць і… ну… як бы гэта напісаць та… Кароч, баюся, што яны стануць кіраваць, а не мы. Мой Антошык працуе на пасадзе, ну і я пры ім — дапамагаю. Быць жонкай чыноўніка нялёгка, хоць усе думаюць, што нават вельмі лёгка. Ну я яшчэ далей напішу пра свае цяжкасцi.
***
Я спрабавала ўгаварыць Антошыка таксама вучыць гэтую іх мову. Але ён пакуль упіраецца. Хоць кажа, што і так яе ведае. Я папрасіла яго паразмаўляць. Ён сказаў мне: «Я очань добра владзею мовай майго народа, але счытаю, што патрэбна уважаць правы людзей, якия хочуць гаварыць па рускай, тым больш, што гэт гасударственны язык». Мне здаецца ў яго атрымалася не вельмі добра. Так што буду спрабаваць яго прымусіць вучыцца.
***
Антошык купіў мне Victoria’s Secret!!!! А-а-а-а!!!! Я проста шчаслівая. Сказаў, каб я толькі адчапілася ад яго са сваёй мовай. Ну так і быць, дзеля такога можна і адчапіцца. Пабягу мераць.
***
Я расчараваная. Гэтыя майты так рэжуць мне азадак, што я проста не магу нармальна хадзіць. Ды і станік мне замалы. Але яны такія прыгожыя!!! Што ж рабіць? Як вось вырашыць такія праблемы? Як крыўдна…
***
Я ўсё яшчэ перажываю з-за майтак. Якая дурната. Гэта Антошык вінаваты! Ён жа ведае мой памер. Якая ж ён сволач!!!
***
Я доўга сварылася з Антошыкам і ён сказаў, што памер правільны, а проста я за апошні час рэзка паправілася. Я паглядзела на яго так, што ён хутка ўцёк на кухню. Як мужык наогул можа рабiць такія дзіцячыя памылкі? Ён жа ведае, што цяпер не атрымае чаго хоча мінімум тыдзень.
***
Прайшло толькі тры дні, а я ўжо і сама вельмі хачу. А гэты гад робіць выгляд, што ўсё нармальна і спіць на канапе. Ненавіджу!!! Каб забыць пра тое я стала рабіць карысную справу. Я знайшла ў падвале нашага дома стары чырвоны сцяг, цiпа як савецкі, і выразала з яго палоску. Зараз трэба яшчэ дзве белых (трэба будзе парэзаць прасціну) і з гэтага ўсяго атрымаецца гэты іх БЧБ.
***
Антошык разлютаваўся!!!! Ён крычаў, што чырвоны сцяг яму перайшоў ад дзеда. Нарэшце гэты паразіт перажывае. Аха-ах-ах.
***
Мінулай ноччу мы некалькі разоў з Антошыкам памірыліся. Цяпер у мяне такi добры настрой з раніцы. Я прама як котачка. Мур-мур-мур. Ноччу, адразу пасля сэксу, Антошык сказаў мне: «Власть должна так любить свой народ, как я только что любил тебя!» Мой муж, напэўна, усё-такі вельмі разумны. Я ў захапленнi. Зараз трэба прымусіць Антошыка сфоткацца з гэтым іх БЧБ.
***
Ну і доўга жа ён упіраўся. Але ўсё ж такі пагадзіўся сфоткацца. Я ўстала да яго, мы накрыліся БЧБ, а мой пляменнік нас сфоткаў. Зараз гэтую фотку можна прыхаваць, а калі Гэтыя калі-небудзь усё захопяць мы з Антошыкам пакажам ім фотачку. Якая я разумніца. Ля-ля-ля. Я проста геній!
***
Я хадзіла рабіць інтымную стрыжку, і майстар сказала: «Наталля, у вас самая прыгожая пiсачка, што я бачыла…» Я яшчэ ніколі так не ганарылася сабой.
***
Ну вось, здаецца, пачынаецца. Тут Антошык вырашыў знесці ў горадзе нейкі стары дом. Развалюху, прама скажам, а Гэтыя падаслалі нейкіх цiпа гісторыкаў — херорыкаў і яны Антошыку параць мозг, што вось гэтая вось старызна — гістарычная каштоўнасць. Ну блін… Тут нешта не так. Я доўга глядзела на гэты домік. Як ён можа быць каштоўным, калі ў яго нават сцены пафарбаваны ў страшненькi колер. Проста яны нешта там такое прыдумляюць. Як страшна! А тут яшчэ дом прыбіраць. Ненавіджу ўборку. І як я адна магу спраўляцца ў такім вялікім доме нават без прыслугі — сама не ведаю.
***
Антошык усё-ткі знёс гэтую халупу. На гэтым месцы павінен быць нейкі ГЦ. Гэта ж добрая ідэя. А Гэтыя ўсё гарлапаняць. Яны прам вышчэрыліся на Антошыка. Пайду вып'ю Хэннассi. Мне гэта вельмі патрэбна.
***
Яны працягваюць ганіць Антошыка і плакаць аб сваім доме. Адкуль толькі бяруцца такія дэбілы!!! Ненавіджу!!!
***
Што ж гэта робіцца… Сёння ноччу Антошык разбудзіў мяне і сказаў, што яму прысніўся гэты знесены дом. Ён не мог супакоіцца. Сказаў, што і не памятае, каб яму сніўся такі страшны кашмар. Бедны бубачка.
***
Сёння Антошык доўга стаяў і глядзеў на наш антыкварны гадзіннiк з зязюляй, а потым сказаў, што ён нагадвае яму той дом. Ды што такое з ім адбываецца? Я пачынаю па-сапраўднаму хвалявацца.
***
Жах!!! Жах!!! Жах!!! Антошык кожную ноч бачыць у сне той дом. Ён зараз наогул амаль не спіць. Толькi зможа заснуць, як аказваецца ў мярзотным доме, а потым гэтую халупу пачынае бурыць экскаватар. Антошык крычыць: «Не трэба бурыць! Тут жа чалавек! Патрабую спыніцца!» Але экскаватар усё роўна бурыць і бубачка адчувае, як правальваецца кудысцi пад зямлю, а зверху на яго бам-бам — сыплюцца цаглiны. А потым ён раптам стаіць у пакоі з чорнымі калонамі і вогненным камінам, а перад ім мужык з сівой барадой, які бубніць: «Казалі ж вам, што каштоўнасць. Цяпер будзеце адбудоўваць!» І Антошык раптам на тым месцы аказваецца, дзе дом стаяў, а перад ім куча цэглы, а зверху голас крычыць: «Адбудоўвай, падла такая!» І ён палохаецца, пачынае сцены складваць з цаглінак, сам сваімі ручкамі, а як толькі складзе сценку вышэй метра, так яна і знікае, а побач мужык з барадой сядзіць ды рагоча.
***
Прайшоў месяц, а Антошык ўсё такі ж. Не спіць, не ёсць — згасае. Што ж мне рабіць? Гэтыя ўсё буяняць і крычаць пра свой дом. Здаецца, патрэбны радыкальныя меры.
***
Мой бубачка стаў дзесьці знікаць. Няўжо кагосьці завёў? Як жа быць? Антошык, міленькі. Толькі не кідай мяне. Я не хачу працаваць па спецыяльнасці. Ужо і не магу ўявіць сябе на касе ў гіпермаркеце.
***
Я распачала радыкальныя меры. Ну набіла сабе кой-куды гэтую іх Пагоню. Хадзіла ў самы лепшы тату салон. Майстар прама так моцна здзівіўся, але адгаворваць не стаў. Цяпер калі Гэтыя да нас уварвуцца і пачнуць з мяне адзежку здзіраць, каб згвалціць, то ўбачаць яе… Пагоню гэтую. Можа быць дапаможа. Што ж рабіць мне, а??? Так страшна… Я плачу…
***
Ура!!! Як выдатна!!! Нарэшце Антошык прыйшоў у сябе. Есць, спіць і нават са мной трохі пасваволіў, гарэза. Сказаў, што знайшоў сродак пазбавіцца ад сноў пра гэты дом. Ух, і напалохаў жа мяне бубачка. Вось толькі ён не кажа, што гэта за сродак ад кашмарыкаў. Сказаў, што на выхадных паедзем на наш пяты ўчастак: у нас там будзе пятая дача. І там, на ўчастку, я і даведаюся як ён вылечыўся, бубачка мая.
***
Я тут ахранела. Ахранела я проста! Ён прывёз мяне на ўчастак і аказалася, што ён ужо і пабудаваў дачу. Дачу? Калі б дачу! Ён пабудаваў гэтую самую халупу, якую ў горадзе знёс. Кажа, што сцены сваімі рукамі складаў. Вось ён, аказваецца, дзе знікаў, нягоднік. А галоўнае — домік дакладна як той, які знеслі… Вось такая ў нас зараз задрыпанная пятая дача. Ну Антошык… Псіх! Ладна. Здаецца, я ўжо досыць патрэніравала гэтую мову. Заўтра ляцім на Балі, а калі вярнуся можа быць працягну пісаць. А можа быць і не. З маім манікюрам клацаць вельмі нязручна.