Iнушка

21.11.18


Сёння прама падчас урока ў мяне зазваніў тэлефон. Я ператэлефанавала на перапынку і аказалася, што гэта следчы.

— Можаце зайсці да мяне хвілінак на пятнаццаць? — спытаў ён.

— А ў чым справа? — пацікавілася я.

— Ну… даведаецеся, — унікліва адказаў следчы.

Я доўга настойвала і нарэшце ён прызнаўся, што ў яго да мяне пытанні наконт помніка.

— Якога помніка? — не зразумела я.

— Таго самага, — дзіўна адказаў следчы.

— Што? Якога таго самага?

— Помнiк гарадавому, — неахвотна ўдакладніў следчы.

— Вы што звар'яцелі зусiм? Якія гарадавыя? Мне шэсцьдзесят сачыненняў яшчэ правяраць… У мяне няма часу хадзіць да вас. Вы ўвогуле разумееце, што людзі тут працуюць. Працуюць!!! Разумееце, не?

— Мы таксама працуем, — кажа ён мне.

— Ну вось і працуйце, — адказваю.

— І ўсё ж такі мы вас чакаем. І я павінен нагадаць вам, што яўка ў такіх абставінах абавязковая. У адваротным выпадку вы можаце быць падвергнуты прымусоваму прываду. Майце на ўвазе, што гэта вельмі сур'ёзна.

— Ды што такога сур'ёзнага магло здарыцца? Вы ж кажаце: тут нейкая справа з помнікам. Можа чалавек знік, або кагосьці абакралі, ці дзяўчыну згвалтавалі? А вось і не. Тут проста нешта такое з помнікам здарылася. І што з-за гэтага мне да вас з працы зрывацца? — пракрычала я яму ў трубку.

— Гэта сур'ёзная справа. Прыходзьце заўтра ў дванаццаць. Будзем чакаць. Наступствы няяўкі я вам патлумачыў.

Я прыйшла дадому і ўсё распавяла Лёшы, але ён успрыняў спакойна. Амаль…

— Не хвалюйся, мілая. Гэта нейкае іх чарговае трызненне. Ну што ж рабіць… Ты ж ні ў чым не вінаватая! — сказаў муж.

— Ну зразумела, — адказала я.

Настрой цалкам сапсаваны. Паспрабую праверыць хоць частку сачыненняў. І трэба неяк адпрасіцца на заўтра.


23.11.18


Пішу ўвечары, пасля вяртання ад следчага. Следчы яшчэ малады, цыбаты, даволі сімпатычны. Гэты Ігар Водкін (так яго клічуць) пратрымаў мяне цэлых чатыры гадзіны. Вось табе і «пятнаццаць хвілінак». Пачалося з таго, што я ўвайшла, павіталася. Ну, ён прапанаваў мне сесці, вядома.

— Камельчык Іна Уладзіміраўна, дзевяноста першага года нараджэння? — пытаецца ў мяне.

— Я самая, — кажу.

— Працуеце настаўніцай літаратуры ў ліцэі нумар два?

— Правільна — працую.

— Чым яшчэ займаецеся? — пытаецца.

— Пішу раман у стылi Кафкі, у вольны ад працы час, — адказваю. — Гэта ж можна, так? Вы ж не супраць?

— У стылi каго? — пытаецца гэты Ігар.

— Добра, не важна, — кажу.

Ну і так слова шчэ слова, і ён мне фатаграфію паказвае. Нейкая сволач прыфаташопiла мяне на фотку з гэтай статуяй гарадавога. Усё б нічога, але я там ў купальніку. Стаю паўголая і абдымаю бронзавага мужыка. Гэты Ігар пытаецца ці сапраўды я ў купальніку фатаграфавалася з гарадавым. Я толькі моўчкі гляджу на яго, пакуль ён не збянтэжыўся трохі, а потым і пытаюся: «Вы што лічыце, што я вар'ятка?», а ён адказвае, што маўляў не, вядома ж, не лічыць, але ўсё-ткі вымушаны прасіць адказаць на пытанне. Я маўчала і думала, і тут успомніла, што фотка ў купальніку на адпачынку зроблена, ну і кажу яму: «Маю выяву ўзялі з фатаграфіі, дзе я на моры», а ён пытаецца на якім гэта я моры. Хм… Як быццам гэта мае значэнне. Я сказала, што мы былі з мужам у Турцыі і ён мяне фоткнуў на пляжы.

— Гэта ж яшчэ не забаронена?

А ён не адказаў і пытаецца: «А дзе тая фатаграфія з мора?», а я секунду падумала і тут мяне азарыла: «Дык яна ж на маёй старонцы ў ВК выкладзеная! Сапраўды! Хтосьці ўзяў адтуль».

Ну і так па крузе ён мяне столькі часоў мурыжыў. Прыйшла дадому. Правяраць сачыненні сіл няма. Лёша, само сабой, супакойваў. Але як жа тут супакоішся.


24.11.18


Я доўга думала хто ж гэта мяне падставіў так. Ёсць адна кандыдатура — Вiцёк! Фізрук наш. Ён мяне ўжо даўно схіляў. Слова «не» такія Віцькі не разумеюць наогул зусім. Ён мне нават прамым тэкстам абяцаў помсту жудасную. Ну і вось… Але галоўнае іншае. Сёння гэтыя *.»? & # наляцелі з ператрусам! Прыйшлі нечакана да нас дадому і сталі ўсюды лазіць. Яны ледзь да ўнітазу з ліхтаром не палезлі. Куды толькі не завядзе пачуццё абавязку. А Лёшка быў у шоку і мне шапнуў: «Гэта што за ўцекачы з кунсткамеры?», а я яму: «Адказныя супрацоўнікі, хіба ж не бачыш?» А тут адзін падышоў і ветліва пытаецца:

— Ці можна паглядзець кампутар?

Я падумала: «Добра хоць ветліва просяць…»

— Глядзiце, што ж рабіць, раз трэба так, — кажу ім.

Яны ўсе фатаграфіі на кампе перакапалi. Знайшлі нават сёе-тое з інтымных. І тую самую з адпачынку, у купальніку.

— Гэта ўвогуле нармальна, што вы ў гэтым лазiце? — пытаюся.

— Нармальна, — кажуць.

Супер — думаю! А потым яны палезлі ў маю шафу з бялізнай. Я ўстала і закрыла шафу сабою. Можна сказаць, грудзьмі.

— Вось ужо не, — кажу ім, — вы ў маёй бялізне капацца не будзеце.

— Не маеце права перашкаджаць, — адказаў Ігар.

— Так точна, не маеце, — пацвердзіў яшчэ адзін.

Канешне, я яшчэ нейкі час упіралася, але Лёша мяне ўгаварыў не перашкаджаць, каб яшчэ большых праблем не было. Я ледзь не заплакала, але ўсё-ткі супакоілася і кажу гэтым #?: #), спакойным голасам:

— Дык навошта вам у майтках капацца? Што шукайце?

— Той ваш купальнік з фатаграфіі, — кажа гэты Ігар.

Тут я так засмяялася, што яны нават асалапелі.

— Дык ён на мне зараз, — кажу ім. — Я як раз у сауну збіралася схадзіць.

Гэтыя памаўчалі, пераглянуліся, а Ігар кажа:

— Вымушаны прасіць вас паказаць купальнік.

— Што, прабачце? — кажу, а ў самой унутры такая злосць, што здаецца зараз кінуся на іх.

— Распраніцеся, калі ласка. Мы павінны сфатаграфаваць вас у тым жа купальніку, што на фатаграфіі. Гэта для следчай неабходнасці…

— Ды вы што зусім, — перапыняе яго Лёша. — Зусім з глузду з'ехалі? Гэтага не будзе. Я супраць катэгарычна!

— Не маеце права перашкаджаць, — кажа Ігар.

— Ды мне напляваць! — крычыць Лёша.

А я стаю і ўсё ўнутры кіпіць. І тут я рэзка неяк сама супакоілася і кажу ім:

— Добра!

Сказала Лёшы, каб не гарачыўся, а сама хутка зняла швэдар, расшпіліла шырынку і сцягнула з сябе джынсы. І вось ужо стаю ў купальніку. Свой трэці нумар ім наперад выставіла. Доўгія ногі, талія… усё такое. Яны, вядома, ачмурэлі трохі, а я кажу:

— Што далей, хлопчыкі?

Гляджу гэты Ігар, то чырванее, то бляднее. Нарэшце прамямліў неяк:

— Устаньце ў такую позу, як на фатаграфіі з гарадавым.

— Я ўстану ў любую позу, — кажу яму і проста ў вочы гляджу, — але з вашым гарадавым я зроду не фатаграфавалася. Няма мне больш чаго рабіць. Вы хочаце сказаць, каб я ўстала, як на маёй фатаграфіі з Турцыі?

— Так, калі ласка, — кажуць.

Я ўстала, а яны пачалі фоткаць. Лёша глядзеў, сашчаміўшы зубы. А мне ўжо амаль спадабалася. «Я вас @ ## * не баюся» — такія думкі ў галаве ў мяне былі. Ну, а калі яны скончылі я кажу:

— Ужо ўсё, хлопчыкі? Можа быць мне зусім распрануцца? А? — і шлейку станіка злёгку ўверх адцягнула. Што тут з імі з усімі зрабілася. Міліцыянты вочы павытрашчылі, а Лёша ў лоб сябе стукнуў. Але тут Ігар гэты ачуняў і кажа:

— Вы можаце апранацца, грамадзянка Камельчык. Дакладней, схадзіце куды-небудзь у асобнае памяшканне і зніміце купальнік. Мы яго павінны забраць. Гэта неабходнасць… следчая.

Тут я твар рукамі закрыла і моўчкі стаяла, але потым паглядзела на іх зноў і ўсміхаючыся так сабе спакойненька, пытаюся:

— А можа вы і іншую бялізна прыхопіце? Там вунь ёсць бледна ружовая, карункавая? Як вам? Беленькая з чырвонымі клубнічкамi? Спадабалася?

Гэты Ігар закашляўся.

— Кхм… Нам бы толькі купальнік.

— Вунь там мая любімая — чырвоная, — кажу.

— Не, нам бы купальнiчак толькі. — адказваюць.

— Можаце яшчэ і маю брудную бялізну забраць. Яна там у ваннай, у кошыку. Заадно і папраць, толькі з добрым парашком, калі ласка, — кажу ім, а сама смяюся істэрычна.

— Не. Нам толькі купальнік.

Ну я пайшла ў ванную, сарвала з сябе купальнік гэты (дарэчы, мой любімы) накінула халат і вярнулася.

— Вось вам, — і шпурнула ім свае анучы.

Ну і яны хутка ўцяклі… І тут я ткі загаласіла. Добра Лёшка быў побач.


26.11.18


Зноў гэты Ігар мяне выклікаў, # & * ^ ## такая. Дзве гадзіны пра тое самае пытаўся, хадзіў вакол. А потым і кажа:

— Трэба нам, па патрабаванню экспертаў, само сабой… кхм… як бы гэта сказаць… ну, увогуле, зняць вас у купальніку побач са статуяй. Таго здымка з вашай хаты аказалася недастаткова для следчых дзеянняў. З гарадавым трэба вас разам… Разумееце, так? Вось вам купальнiчак. Схадзіце ў прыбіральню і пераапранiцеся. А потым мы хуценька на вуліцу збегаем і здымачак хуценька пстрыкнiм…

Я яго слухала і вушам не верыла.

— Дык давайце я тут у вас у кабінеце пераапрануся. Вы гляніце, парадуйцеся. І калег сваіх можаце паклікаць. Хай і яны парадуюцца. А потым вы мяне ў негліжэ на вуліцу… да статуі гэтай вашай. Падумаеш якія справы. Лістапад месяц жешь — спякота! Самы час па горадзе ў купальніку бегаць і цыцачкамі на вятру ледзяным махаць.

Памаўчала, а потым як заару:

— Вы што зусім вар'яты тут усе, так? У лістападзе месяцы хочаце здымаць мяне голай ля помніка? Вы ж бачылі, што гэта нехта з фатаграфіі маёй прыфаташопiў да гарадавога вашага. Я буду скардзіцца, майце на ўвазе.

А гэты спакойненька так кажа:

— Скардзіцца, грамадзянка, маеце права. Але сфатаграфавацца прыйдзецца. А каб не замерзнуць накінецца куртачку. Скінеце толькі перад здымкамi. А потым мы вам і чаю гарачага зробім, з малінавым варэннем, каб вы сагрэліся і не захварэлі. Вы так не хвалюйцеся. Служба… кхм… ведаеце…

Гадзіну яшчэ ён мяне ўломваў. Намякаў, што калі не пагаджуся, дык затрымаюць мяне і ў ізалятар пасадзяць. Ну што рабіць… Прыйшлося пагадзіцца. Пераапранулася ў іх сарціры. Ну і на вуліцу. Накінула куртку, але попа мёрзла жудасна. Вось жа было свята ў мінакоў. Такога дык яны нябось шчэ не бачылі.

А потым яшчэ павезлі мяне на экспертызу ў дурку. Там я доўга гаварыла з псіхіятрам. Псіхіятрам! Жесць нейкая. Гэта называецца агляд або цiп таго. Цэлую гадзіну нейкі стары хмыр і яго калегі мяне катавалі. А можа мне падабаецца выпадкова агаляцца на вуліцы? А можа быць я заўсёды адчувала хваляванне пры поглядзе на помнік? А адзін нават не саромеючыся спытаў ці былі ў мяне сэксуальныя кантакты ў людных месцах. Я сказала, што былі і не раз. Пад кожным кустом у горадзе. А ад погляду на помнік у мяне аргазм можа сам сабою здарыцца і без усялякіх кустоў нават. Памаўчала, а потым як стала гарлапаніць на іх гучна мацюкамі. Мяне так яшчэ ў жыцці не прыніжалі. Нічога, цяпер дык я сапраўды буду кудысьці скардзіцца. Ведаць бы яшчэ куды.


17.12.18


Ура!!! Сёння паведамілі нам, што справу закрылі. Бывай Ігар! Каб цябе лiха! Я такая шчаслівая, а Лёшка быў такі загадкавы, і ўвесь свяціўся ад задавальнення. Прыйшлося мне яго папытаць…

— Ты нешта хаваеш, — кажу яму.

— Не, што ты, — адказвае, а ў самога рожа хітрая, як у нашага ката.

Ну і я яго раскалола, канешне. Аказваецца, ён свайго сябра фатографа папрасіў прыфаташопiць фотку гэтага Ігара да гарадавога. Ігара яны ў нейкай сацыяльнай сетцы знайшлі, і ягоныя фоткі з курортаў перабралі. Ну і вось адну фотку, дзе ён у майтках, да гарадавога прыбацалi. Аха-ха-ах. Ну і Лёшка гэтую карцінку адправіў яму ананімным лістом з подпісам «гэта можа быць у вашага начальства». Я па падлозе каталася ад смеху, калі даведалася… Добра, зараз хоць можна спакойна сачыненні праверыць. Вечна ж трэба нешта правяраць у маіх арлянят.

Але спачатку селі мы з мужам за стол, чайку выпіць (без усялякага варэння, дарэчы).

— Добра я ўсё павырашаў? — спытаў Лёша.

— Добра, — кажу.

— А з Віцьком вашым я сур'ёзна і грунтоўна пагаварыў, і данёс да яго сваё разуменне пытання вашых з ім адносін. Я апошні раз так добра данёс у дзесятым класе, у секцыі па боксе, калі ў пары з Мішкай стаяў.

— А дык вось чаму Віцька ў школе не было, — кажу. — Дык можа гэта і не ён маг фотарэдактуры.

— Усё роўна трэба было з ім даўно пагутарыць пра каштоўнасць шлюбнай вернасці, — сказаў мне Лёшка.

Я пацалавала яго, а сама падумала: «Што гэта быў за сюр з гэтым помнікам? Можа быць я сплю і гэта нерэальна?». Што яшчэ ў такой сітуацыі думаць? А Лёшка як бы мае думкі прачытаў і кажа:

— Калі б Кафкі не было, то яго варта было б выдумаць, — а потым дадаў. — А купальнік твой так і не вярнулі.

— # * ($ ## *, — сказала я.

Загрузка...