Паляванне Каа

Усё, пра што тут расказана, адбылося задоўга да таго, як Маўглі быў прагнаны з Сіянійскай Чарады і адпомсціў за сябе тыгру Шэр-Хану. Гэта здарылася ў той час, калі мядзведзь Балу навучаў яго Закону Джунгляў. Вялікі і важны буры мядзведзь радаваўся здольнасцям вучня, бо ваўчаняты звычайна вывучаюць з Закону Джунгляў толькі тое, што патрэбна іх Чарадзе і племені, і ўцякаюць ад настаўніка пасля таго, як запомняць паляўнічы верш: «Ногі ступаюць без шуму, вочы бачаць у цемры, вушы чуюць, як варушыцца вецер у сваім берлагу, зубы вострыя і белыя — вось прыкметы нашых братоў, апрача шакала Табакі і гіены, якіх мы ненавідзім». Але Маўглі, як дзіцяняці чалавека, трэба было ведаць куды больш.

Іншы раз чорная пантэра Багіра, гуляючы па джунглях, заходзіла паглядзець, якія поспехі ў яе любімца. Муркаючы, яна ўкладвалася на адпачынак пад дрэвам і слухала, як Маўглі адказвае мядзведзю свой урок. Хлопчык лазіў па дрэвах гэтак жа добра, як плаваў, а плаваў гэтак жа добра, як бегаў, і Балу, настаўнік Закону, навучаў яго ўсім законам лесу і вады: як адрозніць гнілы сук ад моцнага; як ветліва загаварыць з дзікімі пчоламі, калі сустрэнеш рой на дрэве; што сказаць кажану Мангу, калі патрывожыш яго сон апоўдні сярод галін; і як супакоіць вадзяных змеяў, перш чым акунуцца ў затоку. Народ Джунгляў не любіць, каб яго непакоілі, і кожны гатовы кінуцца на няпрошанага госця. Маўглі вывучыў і Паляўнічы Покліч Чужынца, які трэба паўтараць шмат разоў, пакуль на яго не адкажуць, калі палюеш у чужых мясцінах. Гэты покліч у перакладзе азначае: «Дазвольце мне папаляваць тут, бо я галодны», і на яго адказваюць: «Палюй дзеля пражытку, але не дзеля пацехі».

З гэтага відаць, колькі Маўглі даводзілася вывучваць на памяць, і ён вельмі стамляўся паўтараць па сто разоў адно і тое ж. Але Балу правільна сказаў аднойчы Багіры, пасля таго як Маўглі, атрымаўшы плескача, раззлаваўся і ўцёк:

— Дзіцяня чалавека ёсць дзіцяня чалавека, і яму трэба ведаць усе Законы Джунгляў.

— Але падумай, які ён маленькі, — запярэчыла Багіра, якая распесціла б Маўглі, калі б даць ёй волю. — Хіба можа такая маленькая галоўка змясціць усе твае павучанні?

— А хіба ў джунглях дастаткова быць маленькім, каб цябе не забілі? Не! Таму я і вучу яго ўсім законам; таму і б'ю яго, зусім злёгку, калі ён забывае ўрок.

— «Злёгку»! Што ты разумееш у гэтым, Жалезная Лапа? — прабурчала Багіра. — Сёння ў яго ўвесь твар у сіняках ад твайго «злёгку»! Ух!

— Лепей яму быць у сіняках з ног да галавы, чым загінуць ад свайго невуцтва, — вельмі сур'ёзна адказаў ёй Балу. — Я цяпер вучу яго Запаветным Словам Джунгляў, якія будуць для яго абаронай супраць птушак і змей і супраць усіх, хто бегае на чатырох лапах, апрача яго роднай Чарады. Калі ён запомніць гэтыя словы, ён зможа папрасіць абароны ў любога ў джунглях. Хіба за гэта не варта атрымаць кухталёў?

— Добра, толькі глядзі не забі дзіцяня. Яно не лясны пень, каб ты вастрыў аб яго свае тупыя кіпцюры. А якія ж гэта Запаветныя Словы? Я лепей памагу сама, чым буду прасіць дапамогі, але мне ўсё ж хацелася б ведаць. — І Багіра выставіла лапу, залюбавалася сваімі кіпцюрамі, сінімі, як сталь, і вострымі, як разцы.

— Я паклічу Маўглі, і ён скажа табе… калі захоча. Хадзі сюды, Маленькі Брат!

— Галава ў мяне гудзе, як пчалінае дупло, — пачуўся незадаволены дзіцячы голас над іх галовамі, і Маўглі саслізнуў з дрэва і дадаў сярдзіта і абурана: — Я прыйшоў дзеля Багіры, а не дзеля цябе, тлусты стары Балу!

— А мне гэта ўсё роўна, — адказаў Балу, хоць быў вельмі засмучаны і пакрыўджаны. — Дык скажы Багіры Запаветныя Словы Джунгляў, якім я вучыў цябе сёння.

— Запаветныя Словы якога народа? — спытаў Маўглі, вельмі задаволены, што можа пахваліцца. — У джунглях шмат гаворак. Я ведаю іх усе.

— Сёе-тое ты ведаеш, але вельмі мала. Палюбуйся, о Багіра, вось іх удзячнасць настаўніку. Ніводнае сама апошняе ваўчаня ні разу не прыйшло падзякаваць старому Балу за навуку. Ну дык скажы Словы Паляўнічага Народа, ты, вялікі вучоны.

— «Мы з вамі адной крыві, вы і я», — сказаў Маўглі, вымаўляючы па-мядзведжы тыя словы, якія звычайна гаварыў у патрэбным выпадку ўвесь Паляўнічы Народ.

— Добра! Цяпер Слова Птушак.

Маўглі паўтарыў тыя ж словы, свіснуўшы, як каршун.

— Цяпер Слова Змяінага Народа, — сказала Багіра.

У адказ пачулася сыканне, якога нельга перадаць ніякімі словамі, і Маўглі задрыгаў нагамі і запляскаў у ладкі, потым ускочыў на спіну Багіры і сеў бокам, барабанячы пяткамі па бліскучай чорнай шкуры, пры гэтым ён усяляк перакрыўліваў і дражніў мядзведзя.

— Вось-вось! За гэта варта атрымаць нейкі там сіняк, — ласкава сказаў буры мядзведзь. — Калі-небудзь ты ўспомніш мяне.

І, павярнуўшыся да Багіры, ён расказаў ёй, як упрошваў дзікага слана Хатхі, які ведае ўсё на свеце, сказаць яму Запаветныя Словы Змяінага Народа, як Хатхі вадзіў Маўглі да сажалкі, каб даведацца Змяіныя Словы ад вадзяной змяі, бо сам Балу не мог іх вымавіць, і цяпер Маўглі не пагражае ніякая небяспека ў джунглях: ні змяя, ні птушка, ні звер не будуць шкодзіць яму.

— І, значыцца, яму няма каго баяцца! — Балу выцягнуўся на ўвесь рост і з гордасцю паляпваў сябе па тоўстым калматым жываце.

— Апрача свайго племені, — шапнула Багіра, а потым гучна сказала Маўглі: — Пашкадуй мае рэбры, Маленькі Брат! Што ты ўсё скачаш то ўніз, то ўгору?

Маўглі хацеў, каб яго выслухалі, і даўно ўжо тузаў Багіру за мяккую поўсць на плячы і штурхаў яе пяткамі. Абое прыслухаліся і разабралі, што ён крычыць на ўвесь голас:

— Цяпер у мяне будзе сваё ўласнае племя, і я цэлы дзень буду вадзіць яго па дрэвах!

— Што за новая дурасць, маленькі выдумшчык? — спытала Багіра.

— Ага, і кідаць галінкамі і граззю ў старога Балу буду, — не пераставаў Маўглі. — Яны мне гэта абяцалі… Ай!

— Ву! — Вялізная лапа Балу змахнула Маўглі са спіны пантэры, і, лежачы паміж пярэднімі лапамі мядзведзя, Маўглі зразумеў, што той злуецца. — Маўглі, — сказаў Балу, — ты гаварыў з Бандар-Логамі, Малпіным Народам?

Маўглі зірнуў на Багіру — ці не злуецца і яна таксама — і ўбачыў, што вочы пантэры зрабіліся калючыя.

— Ты водзішся з Малпіным Народам — з шэрымі малпамі, з народам, які не ведае Закону, з народам, які есць усё без разбору? Як табе не сорамна!

— Балу стукнуў мяне па галаве, — сказаў Маўглі (ён усё яшчэ ляжаў на спіне), — і я ўцёк, а шэрыя малпы спусціліся з дрэва і пашкадавалі мяне. А ўсім астатнім было ўсё роўна. — Ён трошкі ўсхліпнуў.

— Спагада Малпінага Народа! — чмыхнуў Балу. — Спакой горнага патоку! Халадок летняй спякоты! А што было потым, дзіцяня чалавека?

— А потым… потым яны далі мне арэхаў і ўсялякай смачнай ежы, а потым узялі мяне на рукі і занеслі на верхавіны дрэў і гаварылі, што я іх кроўны брат, адно што бясхвосты, і калі-небудзь стану іх важаком.

— У іх не бывае важака, — сказала Багіра. — Яны хлусяць. І заўсёды хлусілі.

— Яны былі вельмі ласкавыя са мною і прасілі прыходзіць яшчэ. Чаму вы мяне ніколі не вадзілі да Малпінага Народа? Яны ходзяць на дзвюх нагах, як і я. Яны не б'юцца цвёрдымі лапамі. Яны гуляюць цэлы дзень… Пусці мяне, брыдкі Балу, пусці мяне! Я зноў пайду гуляць з імі.

— Паслухай, дзіцяня! — сказаў мядзведзь, і голас яго прагрымеў, як гром у навальнічную ноч. — Я навучыў цябе Закону Джунгляў — аднаму для ўсіх Народаў Джунгляў, апрача Малпінага Народа, які жыве на дрэвах. Яны не маюць Закону. У іх няма свае мовы, адны толькі ўкрадзеныя словы, якія яны пераймаюць у іншых, калі падслухоўваюць, і падглядваюць, і падпільноўваюць, седзячы на дрэвах. Іх звычаі — не нашы звычаі. Яны жывуць без важака. Яны нічога не памятаюць. Яны балбочуць і выхваляюцца, нібыта яны вялікі народ і задумалі вялікія справы ў джунглях, але вось упадзе арэх, і яны ўжо смяюцца і пра ўсё забыліся. Ніхто ў джунглях не водзіцца з імі. Мы не п'ём там, дзе п'юць малпы, не ходзім туды, куды ходзяць малпы, не палюем там, дзе яны палююць, не паміраем там, дзе яны паміраюць. Хіба ты чуў ад мяне хоць бы слова пра Бандар-Логаў?

— Не, — адказаў Маўглі шэптам, бо лес прыціх, пасля таго як Балу скончыў сваю прамову.

— Народ Джунгляў не хоча іх ведаць і ніколі пра іх не гаворыць. Іх вельмі многа, яны злосныя, брудныя, бессаромныя і хочуць толькі таго, каб Народ Джунгляў звярнуў на іх увагу. Але мы не заўважаем іх, нават калі яны кідаюць арэхі і сыплюць бруд нам на галаву.

Не паспеў ён дагаварыць, як цэлы дождж арэхаў і сукоў пасыпаўся на іх з дрэў; пачуліся кашаль, віск і сярдзітыя скачкі высока над імі, сярод тонкіх галін.

— З Малпіным Народам забаронена вадзіцца, — сказаў Балу, — забаронена Законам. Не забывайся пра гэта!

— Ыгы, забаронена, — сказала Багіра. — Але я ўсё-такі думаю, што Балу павінен быў папярэдзіць цябе.

— Я?.. Я? Як мне магло прыйсці ў галаву, што ён будзе вадзіцца з такою дрэнню? Малпін Народ! Тфу!

Зноў арэхі дажджом пасыпаліся ім на галовы, і мядзведзь з пантэрай уцяклі, прыхапіўшы з сабою Маўглі. Балу гаварыў пра малпаў шчырую праўду. Яны жылі на верхавінах дрэў, а паколькі звяры рэдка глядзяць угору, дык Малпам і Народу Джунгляў не даводзілася сустракацца. Але калі малпам трапляў у рукі хворы воўк, або паранены тыгр, або мядзведзь, яны мучылі слабых і дзеля пацехі кідалі ў звяроў палкамі і арэхамі, спадзеючыся, што іх заўважаць. Яны пачыналі выць, выкрыквалі недарэчныя песні, клікалі Народ Джунгляў да сябе на дрэвы біцца, усчыналі за дробязі сваркі між сабой і кідалі мёртвых малпаў абы-дзе, напаказ усяму Народу Джунгляў. Яны ўвесь час збіраліся завесці і свайго важака, і свае законы і звычаі, але так і не завялі, бо памяць у іх была кароткая, не далей учарашняга дня. Урэшце яны памірыліся на тым, што прыдумалі прымаўку: «Усе джунглі будуць думаць заўтра так, як малпы думаюць сёння», і вельмі гэтым суцяшаліся. Ніхто са звяроў не мог да іх дабрацца, і ніхто не звяртаў на іх увагі — вось чаму яны так узрадаваліся, калі Маўглі пачаў гуляць з імі, а Балу на яго раззлаваўся.

Ніякай іншай мэты ў іх не было — у малпаў ніколі не бывае мэты, — але адна з іх прыдумала, як ёй здалося, пацешную штуку і аб'явіла ўсім астатнім, што Маўглі можа быць карысны для ўсяго іхняга племені, бо ўмее сплятаць галіны, каб бараніцца ад ветру, і калі яго злавіць, дык ён навучыць гэтаму і малпаў. Зразумела, Маўглі, як сын дрывасека, шмат што ведаў, сам не памятаючы адкуль, і ўмеў будаваць буданы з галля, сам не знаючы, як гэта ў яго выходзіць. А Малпін Народ падглядваў за ім з дрэў і парашыў, што гэта цікавая гульня. На гэты раз, гаварылі малпы, у іх і сапраўды будзе важак, і яны стануць сама мудрым народам у джунглях, такім мудрым, што ўсе іх заўважаць і пазайздросцяць ім. І таму яны ціхенька краліся за Балу і Багірай, пакуль не надышоў час адпачынку апоўдні і Маўглі, якому было вельмі сорамна, не лёг спаць паміж пантэрай і мядзведзем; ён парашыў, што больш не будзе важдацца з Малпіным Народам.

І тут праз сон ён адчуў нечыя рукі на сваіх плячах і нагах — цвёрдыя, дужыя маленькія рукі, — потым па твары захвасталі галіны, а потым ён здзіўлена ўбачыў між разгайданых верхавін зямлю ўнізе і Балу, які глуха роў, абуджаючы джунглі, а Багіра скачкамі падымалася ўверх па ствале дрэва, ашчэрыўшы белыя зубы. Малпы радасна завылі і пераскочылі ўгору на тонкія галіны, куды Багіра пабаялася лезці за імі.

— Яна нас заўважыла! Багіра нас заўважыла! Усе джунглі ў захапленні ад нашага спрыту і нашага розуму! — крычалі малпы.

Потым яны прыпусцілі бягом, а бег малпаў па верхавінах дрэў — эта штосьці такое, што немагчыма апісаць. У іх ёсць там свае дарогі і скрыжаванні, свае пад'ёмы і спускі, пракладзеныя на вышыні пяцідзесяці, сямідзесяці, а то і ста футаў ад зямлі, і па гэтых дарогах яны падарожнічаюць, калі трэба, нават уночы. Дзве сама дужыя малпы падхапілі Маўглі пад пахі і памчаліся разам з ім па верхавінах дрэў скачкамі даўжынёй дваццаць футаў. Без яго яны маглі б рухацца ў два разы хутчэй, але хлопчык сваім цяжарам затрымліваў іх. Як ні кружылася ў Маўглі галава, ён усё ж меў асалоду ад шалёных скачкоў, хоць зямля, што мільгала далёка ўнізе, палохала яго і сэрца замірала ад кожнага страшнага рыўка і штуршка пры пералёце над правалам з аднаго дрэва на другое. Два вартавыя ўзляталі разам з ім на верхавіну дрэва так высока, што тонкія галіны трашчалі і гнуліся пад імі, а потым з кашлем і вухканнем кідаліся ў паветра, уперад і ўніз, і павісалі на суседнім дрэве, чапляючыся за ніжнія сукі рукамі і нагамі. Іншы раз Маўглі бачыў перад сабой цэлае мора зялёных джунгляў, як чалавек на мачце бачыць перад сабой акіянскі прастор, потым галіны і лісце зноў пачыналі хвастаць яго па твары, і ён са сваімі двума вартавымі спускаўся амаль да самай зямлі. Так, скачкамі, з трэскам і вухканнем, усё малпінае племя імчалася па дрэвавых дарогах разам са сваім палоннікам Маўглі.

Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багіры і Балу. Малпы рухаліся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглі іх дагнаць і вельмі адставалі. Уніз не варта было і глядзець — яму відаць былі толькі верхнія бакі сукоў, — таму ён пачаў глядзець угору і ўбачыў высока ў сіні неба каршуна Чыля, які лунаў над джунглямі, апісваў кругі, чакаючы чыёй-небудзь смерці. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, і спусціўся ніжэй, каб разведаць, ці не прыдатна іх ноша для яды. Ён свіснуў ад здзіўлення, калі ўбачыў, што малпы валакуць па верхавінках дрэў Маўглі, і пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: «Мы з табой адной крыві, ты і я!» Разгайданыя вяршаліны закрылі ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слізгануць да бліжняга дрэва, і перад ім зноў вынырнуў маленькі смуглы твар.

— Прыкмячай маю дарогу! — крыкнуў Маўглі. — Паведамі Балу з Сіянійскай Чарады і Багіры са Скалы Рады!

— Пра каго, Брат? — Чыль яшчэ ні разу дагэтуль не бачыў Маўглі, хоць, вядома, чуў пра яго.

— Пра Жабянятка Маўглі. Мяне завуць Чалавечае Дзіцяня! Прыкмячай маю даро-огу-у!

Апошнія словы ён выгукнуў, летучы ў паветры, але Чыль кіўнуў яму і ўзняўся так высока, што здаваўся не большым за пылінку, і, лунаючы ў вышыні, сачыў сваімі зоркімі вачамі за разгайданымі верхавінкамі дрэў, па якіх, нібы віхор, імчаліся вартавыя Маўглі.

— Яны не забяруцца далёка, — сказаў ён пасміхаючыся. — Малпы ніколі не робяць да канца тое, што задумалі. Заўсёды яны хапаюцца за што-небудзь новае, гэтыя Бандар-Логі. На гэты раз, калі я не сляпы, яны нажывуць сабе бяду: Балу ж не птушаня, ды і Багіра, наколькі мне вядома, умее забіваць не толькі коз.

І, лунаючы ў паветры, ён пагойдваўся на крылах, падкурчыўшы ногі, і чакаў.

А ў гэты час Балу і Багіра былі самі не свае ад раз'юшанасці і гора. Багіра залезла на дрэва гэтак высока, як не залазіла ніколі, але тонкія галіны ламаліся пад яе цяжарам, і яна саслізнула ўніз з поўнымі кіпцюрамі кары.

— Чаму ты не папярэдзіў Маўглі? — забурчала яна на небараку Балу, які прыпусціў нязграбнай рыссю, спадзеючыся дагнаць малпаў. — Якая карысць біць дзіця ледзь не да смерці, калі ты не папярэдзіў яго?

— Хутчэй! О, хутчэй! Мы… мы яшчэ дагонім іх, можа! — задыхаўся Балу.

— Гэткаю хадою? Ад яе не стамілася б нават параненая карова. Настаўнік Закону, мучыцель дзяцей, калі ты будзеш гэтак перавальвацца з боку на бок, дык лопнеш, не прайшоўшы і мілі. Сядзь спакойна і падумай! Трэба нешта вырашыць. Зараз не час для пагоні. Яны могуць кінуць Маўглі, калі мы падыдзем занадта блізка.

— Арала! Ву! Яны, можа, ужо кінулі хлопчыка, калі ім абрыдла яго несці! Хіба можна верыць Бандар-Логам! Кажан мне на галаву! Карміце мяне аднымі гнілымі косткамі! Спусціце мяне ў дупло да дзікіх пчол, каб яны закусалі мяне да смерці, і пахавайце мяне разам з гіенай! Я сама няшчасны сярод звяроў! Ара-лала! Ва-у-у! О Маўглі, Маўглі, чаму я не папярэдзіў цябе пра Малпін Народ, чаму я цябе біў па галаве? Я, можа, выбіў сённяшні ўрок з яго галавы, і хлопчык цяпер адзін у джунглях і забыўся Запаветныя Словы!

Балу абхапіў галаву лапамі і са стогнам заківаўся ўзад і ўперад.

— Не так даўно ён сказаў мне правільна ўсе словы, — сярдзіта прамовіла Багіра. — Балу, ты нічога не памятаеш і не паважаеш сябе. Што падумалі б джунглі, калі б я, чорная пантэра, качалася і выла, скруціўшыся ў клубок, як дзікабраз Сахі?

— Які мне клопат да таго, што падумаюць джунглі! Хлопчык, можа, памёр ужо!

— Калі толькі яны не кінуць яго з дрэва дзеля пацехі і не заб'юць ад няма чаго рабіць, я не баюся за дзіцяня. Яно разумнае і ўсяму навучанае, а галоўнае, мае такія вочы, якіх баяцца ўсе джунглі. Але ўсё ж (і гэта вельмі кепска) яно ў палоне ў Бандар-Логаў, а яны не баяцца нікога ў джунглях, бо жывуць высока на дрэвах. — Багіра ў задуменні аблізала пярэднюю лапу.

— Ну і дурань жа я! О тоўсты буры дурань, паядальнік карэння! — прастагнаў Балу раптам, выпрастаўся і сцепануўся. — Праўду кажа дзікі слон Хатхі: «У кожнага свой страх», а яны, Бандар-Логі, баяцца Каа, горнага ўдава. Ён умее лазіць па дрэвах не горш за малпаў. Уночы ён крадзе ў іх дзіцянят. Ад аднаго гуку яго імені дрыжаць іх агідныя хвасты. Хадзем да яго!

— Чым можа Каа дапамагчы нам? Ён не нашага племені, бо бязногі, і вочы ў яго вельмі злосныя, — сказала Багіра.

— Ён вельмі стары і вельмі хітры. Апрача. таго, ён заўсёды галодны, — з надзеяй сказаў Балу. — Паабяцаем яму многа коз.

— Ён спіць цэлы месяц, пасля таго як наесца. Можа, спіць і цяпер, а калі не спіць, дык, можа, і не захоча ўзяць ад нас коз у падарунак.

Багіра кепска ведала Каа і таму ставілася да яго недаверліва.

— Тады мы з табой разам маглі б угаварыць яго, старая паляўнічая.

Тут Балу пачухаўся аб Багіру выцвілым бурым плячом, і яны ўдваіх рушылі на пошукі горнага ўдава Каа.

Удаў ляжаў, расцягнуўшыся на ўсю даўжыню на выступе скалы, нагрэтым сонцам, і любаваўся сваёй прыгожай новай скурай: апошнія дзесяць дзён ён правёў на адзіноце — мяняў скуру, і цяпер быў ва ўсёй сваёй прыгажосці. Яго вялікая тупаносая галава совалася па зямлі, трыццаціфутавае цела звівалася ў дзівосныя вузлы і фігуры, язык аблізваў губы, смакуючы абед, што чакаў яго наперадзе.

— Ён яшчэ нічога не еў, — з палёгкай уздыхнуў Балу, як толькі ўбачыў прыгожы стракаты ўзор на яго спіне, карычневы з жоўтым. — Асцярожна, Багіра! Ён кепска бачыць, пасля таго як зменіць скуру, і кідаецца адразу.

Каа не меў ядавітых зубоў — ён нават пагарджаў ядавітымі змеямі за іх баязлівасць, — уся яго сіла была ў хватцы, і калі ён абвіваў каго-небудзь сваімі колцамі, дык гэта ўжо быў канец.

— Добрага палявання! — крыкнуў Балу і прысеў на заднія лапы.

Як усе змеі яго пароды, Каа быў глухаваты і не адразу пачуў, што яму крыкнулі. Ён згарнуўся ў кальцо і прыгнуў галаву, на ўсякі выпадак падрыхтаваўся накінуцца.

— Добрага палявання ўсім нам! — адказаў ён. — Ого, Балу! Што ты тут робіш? Добрага палявання, Багіра. Аднаму з нас не пашкодзіла б паабедаць. Ці няма паблізу спуджанай дзічыны? Лані або хоць казляняці? У мяне ўнутры пуста, ях у перасохлай студні.

— Мы зараз на паляванні, — абыякава зазначыў Балу, бо ведаў, што Каа не варта прыспешваць: ён занадта грузны.

— А можна мне пайсці з вамі? — спытаў Каа. — Для вас, Багіра і Балу, зрабіць на адзін удар больш ці менш нічога не значыць, а я… мне даводзіцца цэлымі днямі падпільноўваць на лясных сцежках або паўночы лазіць па дрэвах, чакаць, ці не трапіцца маладая малпа. Пс-с-шоў! Лес цяпер ужо не той, што ў часы маёй маладосці. Адно гніллё ды сухія сукі!

— Можа, гэта таму, што ты стаў вельмі цяжкі? — сказаў Балу.

— Так, я і праўда даволі-такі вялікі… даволі вялікі, — не без гонару адказаў Каа. — Але ўсё ж, маладыя дрэвы нікуды не варты. Мінулы раз на паляванні я ледзь-ледзь не зваліўся! — нашумеў, саслізнуўшы з дрэва, бо кепска зачапіўся хвастом. Гэты шум пабудзіў Бандар-Логаў, і яны абзывалі мяне сама брыдкімі словамі.

— Бязногі жоўты земляны чарвяк! — нібыта прыпамінаючы, шапнула Багіра сабе ў вусы.

— Ссссс! Хіба яны так мяне называюць? — спытаў Каа.

— Штосьці накшталт гэтага яны крычалі нам мінулы раз. Але ж мы ніколі не звяртаем на іх увагі. Чаго толькі яны не гавораць! Нібыта ў цябе выпалі ўсе зубы і нібыта ты ніколі не нападаеш на дзічыну, большую за казляня, бо нібыта (такія бессаромныя хлусы гэтыя малпы!) баішся казліных рагоў, — лісліва закончыла Багіра.

Змяя, асабліва хітры стары ўдаў, такі, як Каа, ніколі не пакажа, што злуецца, але Балу і Багіра прыкмецілі, як надзімаюцца і перакочваюцца вялізныя мускулы пад сківіцай Каа.

— Бандар-Логі змянілі месца палявання, — сказаў ён спакойна. — Я грэўся сёння на сонцы і чуў, як яны гарланілі ў верхавінах дрэў.

— Мы… мы гонімся зараз за Бандар-Логамі, — сказаў Балу і папярхнуўся, бо ўпершыню, як ён сябе помніў, жыхару джунгляў даводзілася прызнавацца, што ён мае нейкі інтэрас да малпаў.

— І, вядома, не якая-небудзь дробязь прымусіла дваіх такіх паляўнічых — важакоў у сябе ў джунглях — ісці па слядах Бандар-Логаў, — пачціва адказаў Каа, хоць яго распірала ад цікаўнасці.

— Дапраўды, — пачаў Балу, — я ўсяго толькі стары і падчас неразумны настаўнік Закону ў Сіянійскіх Ваўчанят, а Багіра…

— …ёсць Багіра, — сказала чорная пантэра і закрыла пашчу, ляснуўшы зубамі: яна не прызнавала пакоры. — Вось у чым бяда, Каа: гэтыя зладзеі, што крадуць арэхі і знішчаюць лісце на пальмах, выкралі ў нас чалавечае дзіцяня, пра якое ты, магчыма, чуў.

— Я чуў штосьці ад Сахі (іголкі надаюць яму нахабства) пра дзіцяня, якое прынялі ў Воўчую Чараду, але не паверыў. Сахі слухае адным вухам, а потым перакручвае ўсё, што чуў.

— Не, гэта праўда. Такога дзіцяняці яшчэ не было на свеце, — сказаў Балу. — Сама лепшае, сама разумнае і сама смелае чалавечае дзіцяня, мой вучань, які праславіць імя Балу на ўсе джунглі, з канца ў канец. Ды, апрача таго, я… мы… любім яго, Каа!

— Тс! Тс! — адказаў Каа, варочаючы галавой направа і налева. — Я таксама зведаў, што такое любоў. Я мог бы расказаць вам не адну гісторыю.

— Гэта лепш пасля, як-небудзь яснай ночкай, калі мы ўсе будзем сытыя і здолеем ацаніць расказ па заслугах, — хуценька адказала Багіра. — Наша дзіцяня цяпер у руках у Бандар-Логаў, а мы ведаем, што з усяго Народа Джунгляў яны баяцца аднаго Каа.

— Яны баяцца аднаго мяне! І нездарма, — сказаў Каа. — Балбатухі і дурныя выхвалякі, дурныя выхвалякі і балбатухі — вось хто гэтыя малпы. Але ваша дзіцяня не можа чакаць ад іх дабра. Яны рвуць арэхі, а калі надакучыць, шпурляюць іх уніз. Цэлы дзень яны гойсаюць з галінай, быццам абысціся без яе не могуць, а потым ломяць яе папалам і кідаюць. Вашаму дзіцяняці не пазайздросціш… Апрача таго, яны абзывалі мяне… жоўтай рыбінай, здаецца?

— Чарвяком, чарвяком. Земляным чарвяком, — сказала Багіра, — і яшчэ рознымі мянушкамі. Мне сорамна нават паўтараць.

— Трэба іх правучыць, каб не забываліся, калі гавораць пра свайго ўладара! Ааа-ссп! Каб як след памяталі! Дык куды ж яны пабеглі з дзіцянём?

— Адны толькі джунглі ведаюць. На захад, я думаю, — сказаў Балу. — А мы ж лічылі, што табе гэта вядома, Каа.

— Мне? Адкуль гэта? Я хапаю іх, калі яны трапляюцца мне на дарозе, але не палюю ні на малпаў, ні на жаб, ні на зялёнае багавінне ў сажалцы. Хссс!

— Угору, угору! Угору, угору! Хіла! Іла! Іла, паглядзі ўгору, Балу з Сіянійскай Чарады!

Балу зірнуў угору, каб даведацца, адкуль чуецца голас, і ўбачыў каршуна Чыля, які плаўна спускаўся ўніз, і сонца свяціла на прыўзнятыя краі яго крылаў. Чылю даўно пара было спаць, але ён усё яшчэ кружыў над джунглямі, шукаў мядзведзя і ніякне мог разгледзець яго скрозь густую лістоту.

— Што здарылася? — спытаў Балу.

— Я бачыў Маўглі ў Бандар-Логаў. Ён прасіў перадаць гэта табе. Я прасачыў за імі. Яны панеслі яго за раку, у малпін горад — у Халодныя Бярлогі. Магчыма, яны застануцца там на ноч, магчыма — на дзесяць начэй, а магчыма — на гадзіну. Я загадаў кажанам пасачыць за імі ўночы. Вось што мне было даручана. Добрага палявання ўсім вам унізе!

— Поўнага валляка і моцнага сну табе, Чыль! — крыкнула Багіра. — Я не забуду пра цябе, як выйду на паляванне, і пакіну цэлую галаву табе аднаму, о найлепшы з каршуноў!

— Дробязі! Дробязі! Хлопчык сказаў Запаветнае Слова. Нельга было не памагчы яму! — Чыль зрабіў круг над лесам і паляцеў на начлег.

— Ён не забыў, што трэба сказаць! — радаваўся Балу. — Падумаць толькі: гэтакі маленькі, а ўспомніў Запаветнае Слова Птушак, ды яшчэ калі малпы валаклі яго па дрэвах!

— Яно было моцна ўбіта яму ў галаву, гэтае слова! — сказала Багіра. — Я таксама ганаруся дзіцянём, але цяпер нам трэба спяшацца да Халодных Бярлогаў.

Усе ў джунглях ведалі, дзе знаходзіцца гэтая мясціна, але рэдка хто бываў там, бо Халоднымі Бярлогамі называлі стары, закінуты і мёртвы горад, што згубіўся ў гушчары лесу; а звяры не будуць сяліцца там, дзе раней жылі людзі. Хіба толькі вепр паселіцца ў такой мясціне, але не паляўнічае племя. Ды і малпы бывалі там не часцей, чым у любым іншым месцы. Ніводзін звер, які паважае сябе, не падыходзіў блізка да горада, хіба толькі ў час засухі, калі ў напаўразбураных вадаёмах і басейнах заставалася яшчэ вада.

— Дабірацца туды палову ночы поўным ходам, — сказала Багіра.

І Балу адразу затужыў.

— Я з усяе сілы буду спяшацца, — сказаў ён з трывогай.

— Мы не можам цябе чакаць. Бяжы за намі, Балу. Нам трэба спяшацца — мне і Каа.

— Хоць ты і на чатырох лапах, а я ад цябе не адстану, — коратка сказаў Каа.

Балу намагаўся бегчы за імі, але вымушаны быў спачатку сесці і перадыхнуць, так што яны пакінулі мядзведзя, каб ён потым даганяў іх, і Багіра памчалася ўперад імклівымі скачкамі. Каа маўчаў, але як ні спяшалася Багіра, вялізны ўдаў не адставаў ад яе. Калі яны дабраліся да горнай рэчкі, Багіра апынулася наперадзе, бо пераскочыла паток, а Каа пераплыў яго, трымаючы галаву і шыю над вадой. Але на роўнай зямлі ўдаў зноў дагнаў Багіру.

— Клянуся зламаным замком, што вызваліў мяне, ты някепскі хадок! — сказала Багіра, калі апусціўся змрок.

— Я прагаладаўся, — адказаў Каа. — Апрач таго, яны абзывалі мяне плямістай жабай.

— Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!

— Усё роўна. Давай уперад, — І Каа нібы ліўся па зямлі, пільным вокам знаходзіў сама кароткую дарогу і рухаўся па ёй.


Малпін Народ у Халодных Бярлогах зусім не думаў пра сяброў Маўглі. Малпы прывалаклі хлопчыка ў закінуты горад і цяпер былі вельмі задаволены сабой. Маўглі яшчэ ніколі не бачыў індыйскага горада, і хоць гэты горад ляжаў увесь у руінах, ён здаўся хлопчыку вялікапышным і поўным цудаў. Адзін багаты князь пабудаваў яго даўным-даўно на невысокім узгорку. Яшчэ відаць былі рэшткі брукаваных дарог, што вялі да разбураных варотаў, дзе апошнія абломкі гнілых дошак яшчэ віселі на заржавелых завесах. Дрэвы ўраслі каранямі ў сцены і ўзвышаліся над імі; зубцы на сценах абваліліся і рассыпаліся ў пыл; паўзучыя расліны выбіліся з байніц і звісалі са сценаў вежаў, быццам касматыя бізуны.

Вялікі палац без даху стаяў на вяршыні ўзгорка. Мармур яго фантанаў і двароў быў увесь пакрыты расколінамі і бурымі плямамі лішайнікаў, самі пліты двара, дзе калісьці стаялі князевы сланы, былі прыўзняты і рассунуты травой і маладымі дрэвамі. За палацам былі відаць рад за радам дамы без стрэх і ўвесь горад, падобны на пустыя соты, запоўненыя толькі цемрай; бясформенная каменная калода, якая была раней ідалам, валялася цяпер на плошчы, дзе скрыжоўваліся чатыры дарогі; толькі ямы і выбоіны засталіся на рагах вуліц, дзе калісьці стаялі студні, ды струхлелыя купалы храмаў, па баках якіх прараслі дзікія смакоўніцы. Малпы называлі гэтае месца сваім горадам і рабілі выгляд, нібыта пагарджаюць Народам Джунгляў за тое, што ён жыве ў лесе. І ўсё ж яны не ведалі, для чаго ўзведзены гэтыя будынкі і як імі карыстацца. Яны садзіліся ў кружок на памосце ў княжацкай зале рады, шукалі адна ў адной блох і гулялі ў людзей: забягалі ў дамы і зноў выбягалі з іх, сцягвалі кавалкі тынку і рознай старызны ў кут і забывалі, куды яны ўсё гэта схавалі; біліся і крычалі, нападаючы адна на адну, потым разбягаліся гуляць па тэрасах княжацкага саду, трэслі там апельсінавыя дрэвы і кусты руж для таго толькі, каб паглядзець, як будуць сыпацца пялёсткі і плады. Яны абабягалі ўсе пераходы і цёмныя калідоры ў палацы і сотні невялікіх цёмных пакояў, але не маглі запомніць, што яны ўжо бачылі і чаго яшчэ не бачылі, і сноўдаліся ўсюды па адной, парамі або купкамі, выхваляючыся адна перад адной, што паводзяць сябе зусім як людзі. Яны пілі з вадаёмаў і каламуцілі ў іх ваду, потым біліся за ваду, потым збіраліся ў натоўп і бегалі па ўсім горадзе з крыкам:

— Няма ў джунглях народа мудрэйшага, дабрэйшага, спрытнейшага, дужэйшага і цішэйшага, чым Бандар-Логі!

Потым усё пачыналася нанава, да таго часу, пакуль ім не надакучваў горад, і тады яны ўцякалі на верхавіны дрэў, усё яшчэ не трацячы надзеі, што калі-небудзь Народ Джунгляў заўважыць іх.

Маўглі, выхаваны паводле Закону Джунгляў, не разумеў такога жыцця, і яно не падабалася яму. Малпы прывалаклі яго ў Халодныя Бярлогі ўжо надвячоркам, і замест таго каб легчы спаць, як зрабіў бы сам Маўглі пасля доўгай дарогі, яны ўхапіліся за рукі і пачалі скакаць і спяваць свае недарэчныя песні. Адна малпа выступіла з прамовай перад астатнімі і сказала ім, што захоп Маўглі ў палон азначае пачатак змен у гісторыі Бандар-Логаў, бо цяпер Маўглі пакажа ім, як сплятаць галіны і трыснёг, каб абараніцца ад холаду і дажджу.

Маўглі набраў ліян і пачаў іх сплятаць, а малпы паспрабавалі рабіць гэтак жа, як ён, але праз некалькі хвілін ім гэта абрыдла, і яны пачалі тузаць адна адну за хвасты і, кашляючы, скакаць на карачках.

— Мне хочацца есці, — сказаў Маўглі. — Я чужы ў гэтых мясцінах — прынясіце мне паесці або дазвольце схадзіць тут на паляванне.

Дваццаць ці трыццаць малпаў кінуліся па арэхі і дзікія плады для Маўглі, але па дарозе яны пабіліся між сабой, а вяртацца з тым, што ў іх засталося, не мела сэнсу. Маўглі пакрыўдзіўся і раззлаваўся, ужо не кажучы пра тое, што ён быў галодны, і доўга блукаў па пустэльных вуліцах, час ад часу падаючы Паляўнічы Покліч Чужынца, але ніхто яму не адказаў, і Маўглі зразумеў, што ён трапіў у вельмі кепскае месца.

«Праўда ўсё тое, што Балу гаварыў пра Бандар-Логаў, — падумаў ён сам сабе. — У іх няма ні Закону, ні Паляўнічага Поклічу, ні важакоў, нічога, апрача дурных слоў і ўчэпістых зладзейскіх лапаў. Так што калі мяне тут заб'юць або я памру галоднай смерцю, дык буду сам вінаваты. Але трэба што-небудзь прыдумаць і вярнуцца ў мае родныя джунглі. Балу, вядома, мяне адлупцуе, але гэта лепш, чым лавіць нікчэмныя пялёсткі руж разам з Бандар-Логамі».

Як толькі ён падышоў да гарадской сцяны, малпы адразу адцягнулі яго назад, гаворачы пры гэтым, што ён сам не разумее, як яму пашанцавала, і пачалі шчыпаць яго, каб ён адчуў да іх падзяку. Ён сцяў зубы і змоўчаў, але ўсё ж пайшоў разам з малпамі, якія моцна гарланілі, на тэрасу, дзе былі вадаёмы з чырвонага пясчаніку, да палавіны запоўненыя дажджавой вадой. Там пасярэдзіне тэрасы стаяла разбураная альтанка з белага мармуру, пабудаваная для князевых жонак, якіх даўно ўжо не было на свеце. Купал альтанкі абваліўся і засыпаў падземны ход з палаца, па якім жанчыны прыходзілі сюды, але сцены з мармуру ажурнай работы засталіся цэлыя. Цудоўную разьбу малочнай белізны, лёгкую, як карункі, аздаблялі агаты, сердалікі, яшма і лазурыт, а калі над узгоркам узышоў месяц, яго промні праніклі праз разьбу, і густыя цені леглі на зямлю ўзорам чорнага аксаміту. Пакрыўджаны, сонны і галодны Маўглі ўсё ж не мог не смяяцца, калі малпы пачыналі на дваццаць галасоў паўтараць яму, якія яны мудрыя, дужыя і добрыя і які ён неразумны, што хоча з імі расстацца.

— Мы вялікія! Мы вольныя! Мы заслужылі, каб намі захапляліся! Заслужылі, як ніводзін народ у джунглях, каб намі захапляліся! Мы ўсе так гаворым — значыцца, гэта праўда! — крычалі яны. — Зараз мы табе раскажам пра сябе, якія мы цудоўныя, калі ты нас слухаеш і можаш перадаць нашы словы Народу Джунгляў, каб у будучым ён звяртаў на нас увагу.

Маўглі з імі не спрачаўся, і сотні малпаў сабраліся на тэрасе паслухаць, як іхнія гаваруны будуць спяваць хвалу Бандар-Логам, і калі балбатухі малпы спыняліся, каб перадыхнуць, астатнія падхоплівалі хорам:

— Гэта праўда, мы ўсе так гаворым!

Маўглі ківаў галавою, міргаў вачамі і падтакваў, калі ў яго пыталіся пра што-небудзь, і галава ў яго кружылася ад шуму.

«Шакал Табакі, мусіць, перакусаў іх усіх, — думаў ён сам сабе, — і яны цяпер пашалелі. Гэта ў іх шаленства, „дзівані“. Няўжо яны ніколі не спяць? Вось зараз гэтае воблачка закрые месяц. Калі яно вялікае, я паспеў бы ўцячы ў цемры. Але я стаміўся».

За гэтым самым воблакам сачылі двое верных сяброў у напаўзасыпаным рове пад гарадской сцяною. Багіра і Каа ведалі, якія небяспечныя малпы, калі іх многа, і чакалі, каб не рызыкаваць дарэмна. Малпы нізашто на свеце не будуць біцца, калі іх менш за сотню супраць аднаго, а ў джунглях мала каму даспадобы такая перавага.

— Я папаўзу да заходняй сцяны, — шапнуў Каа, — і шпарка скачуся па схіле ўніз, там мне будзе лягчэй. Яны, вядома, не кінуцца мне на спіну ўсім гуртам, але ўсё ж…

— Я ведаю, — сказала Багіра. — Калі б Балу быў тут! Але ўсё-такі мы зробім што можам. Як толькі гэтае воблака закрые месяц, я выйду на тэрасу. Яны там аб нечым раяцца між сабой.

— Добрага палявання, — змрочна сказаў Каа і слізгануў да заходняй сцяны.

Яна, як выявілася, была разбурана менш, чым іншыя, і вялізны ўдаў забавіўся, пакуль прабіраўся паміж камянёў. Воблака закрыла месяц і якраз у тую хвіліну, калі Маўглі думаў, што будзе далей, ён пачуў лёгкія крокі Багіры на тэрасе. Чорная пантэра ўзбегла па схіле амаль бе шуму і, не трацячы часу на тое, каб кусацца, раздавала ўдары направа і налева малпам, што сядзелі вакол Маўглі ў пяцьдзесят — шэсцьдзесят радоў. Пачуўся агульны енк перапуду і лютасці, у той час як Багіра крочыла па целах малпаў, што качаліся і валтузіліся пад ёю, адна малпа крыкнула:

— Яна тут адна! Заб'ём яе! Заб'ём!

Клубок малпаў, кусаючы, драпаючы, тузаючы і рвучы Багіру, сплёўся над ёю, а пяць ці шэсць малпаў моцна схапілі Маўглі, падцягнулі яго да сцяны альтанкі і ўпіхнулі ў пралом купала. Хлопчык, выхаваны людзьмі, быў бы ўвесь у сіняках, бо падаць яму давялося з вышыні добрых пятнаццаці футаў, але Маўглі ўпаў так, як вучыў яго падаць Балу, і адразу стаў на ногі.

— Пасядзі тут, — крычалі малпы, — пакуль мы не заб'ём тваіх сяброў! А пасля мы пагуляем з табою, калі Ядавіты Народ пакіне цябе жывым!

— Мы з вамі адной крыві, я і вы! — хуценька шапнуў Маўглі Змяінае Слова.

Ён пачуў шоргат і сыканне наўкол у кучах друзу і для надзейнасці яшчэ раз паўтарыў Змяінае Слова.

— Ссссстой ссспакойна, Маленькі Брат, інакш ты падушыш нассс! Мы цябе чуем. Расссссуньцессся! — сказала некалькі ціхіх галасоў (усе руіны ў Індыі рана ці позна становяцца прытулкам змей, і старая альтанка кішма кішэла кобрамі).

Маўглі стаяў спакойна, глядзеў праз ажурную разьбу і прыслухоўваўся да шуму бойкі чорнай пантэры з малпамі, да крыкаў, мармытання, плескачоў і густога, хрыплага кашлю Багіры, якая рвалася і кідалася ўзад і ўперад, задыхаючыся пад кучай малпаў, што наваліліся на яе.

Упершыню за ўсё жыццё Багіра білася не на жыццё, а на смерць.

«Балу павінен быць блізка: Багіра не прыйшла б адна», — падумаў Маўглі і гучна крыкнуў:

— Да вадаёма, Багіра! Скаціся да вадаёма! Скаціся і нырні! Кідайся ў ваду!

Багіра пачула яго; гэты крык сказаў ёй, што Маўглі жывы, і надаў сілы. Яна білася раз'юшана, крок за крокам пракладваючы сабе дарогу да вадаёма. І тут каля падножжа разбуранай сцяны, бліжэй да джунгляў, пачуўся, як гром, баявы покліч Балу. Як ні спяшаўся стары мядзведзь, ён не мог паспець раней.

— Багіра, — крычаў ён, — я тут! Я лезу наверх! Я спяшаюся! Камяні выслізгваюць у мяне з-пад ног! Дайце толькі да вас дабрацца, о вы, подлыя Бандар-Логі!

Мядзведзь, сапучы, ускараскаўся на тэрасу і знік пад хваляй малпаў, што рынуліся на яго, але тут жа прысеў на кукішкі, расставіў пярэднія лапы і згроб імі столькі малпаў, колькі мог утрымаць. Потым пасыпаліся раўнамерныя ўдары — плясь-плясь-плясь! — з цмоканнем, быццам пліцы білі па вадзе. Шум падзення і ўсплёск сказалі Маўглі, што Багіра прабілася да вадаёма, куды малпы не маглі палезці за ёю. Пантэра ляжала ў вадзе, выставіўшы толькі галаву, і прагна хапала ротам паветра, а малпы стаялі ў тры рады на чырвоных прыступках і падскаквалі ад злосці на месцы, гатовыя накінуцца на яе з усіх бакоў разам, калі яна выйдзе з вады на дапамогу Балу.

Вось менавіта тады Багіра ўзняла мокры падбародак і ў роспачы крыкнула, заклікаючы на дапамогу Змяіны Народ:

— Мы з вамі адной крыві, я і вы!

Яна думала, што ў апошнюю хвіліну Каа збаяўся. Нават Балу на краі тэрасы, ледзь дыхаючы пад малпамі, што наваліліся на яго, не мог стрымаць усмешкі, калі пачуў, што чорная пантэра просіць дапамогі.

Каа толькі што пераваліўся цераз заходнюю сцяну і так моцна грымнуўся аб зямлю, што вялізны камень зваліўся ў роў. Каа і не збіраўся адступаць. Ён два разы скруціўся і раскруціўся, каб праверыць, наколькі кожны фут яго доўгага цела падрыхтаваны да бою. Тым часам Балу не пераставаў біцца, і малпы верашчалі над вадаёмам вакол Багіры, і кажан Манг, лятаючы ўзад і ўперад, разносіў па джунглях весткі пра вялікую бітву, так што затрубіў нават дзікі слон Хатхі. Далёка ў лесе прачнуліся паасобныя чародкі малпаў і памчаліся па верхавінах дрэў да Халодных Бярлогаў, на дапамогу сваякам, і шум бою пабудзіў дзённых птушак на шмат міль навакол. Тады Каа рушыў шпарка, напрасткі, ахоплены прагай забіваць. Уся сіла ўдава — у цяжкім удары галавой, падвоеным сілай і цяжарам усяго цела. Калі вы можаце ўявіць сабе кап'ё, або таран, або молат вагою амаль паўтоны, кіруемы спакойным, разважлівым розумам, што жыве ў яго ручцы, вы можаце сабе ўявіць, які быў Каа ў баі. Удаў даўжынёю чатыры ці пяць футаў можа збіць з ног чалавека, калі ўдарыць яго галавою ў грудзі, а Каа, як вам вядома, меў ажно трыццаць футаў. Першы ўдар, нацэлены прама ў гушчу малпаў, што акружылі Балу, быў нанесены моўчкі, з закрытым ротам, а другога ўдару не спатрэбілася. Малпы кінуліся ўроссып з крыкам:

— Каа! Гэта Каа! Уцякайце! Уцякайце!

Не адно пакаленне малпаў выхоўвалася ў страху перад удавам і паводзіла сябе як след, бо наслухалася ад старэйшых расказаў пра Каа, начнога злодзея, які ўмеў праслізнуць сярод галін гэтак жа бясшумна, як расце мох, і выкрасці сама дужую малпу; пра старога Каа, які ўмеў прыкідвацца сухім суком або гнілым пнём, так што сама мудрыя ні аб чым не здагадваліся да таго часу, пакуль гэты сук не хапаў іх. Малпы баяліся Каа больш за ўсё на свеце, бо ніводная з іх не ведала межаў яго сілы, ніводная не асмельвалася зірнуць яму ў вочы і ніводная не выйшла жывою з яго абдымкаў. І таму, калоцячыся ад жаху, малпы кінуліся на сцены і на дахі дамоў, а Балу з палёгкай глыбока ўздыхнуў. Поўсць у яго была куды гусцейшая, чым у Багіры, але і ён даволі-такі нацярпеўся ў баі. І тут Каа ўпершыню разявіў пашчу, сыкнуў адно доўгае свістлівае слова, і малпы, што далёка ў лесе спяшаліся на дапамогу да Халодных Бярлогаў, замерлі на месцы і задрыжалі так моцна, што галіны пад іх цяжарам сагнуліся і затрашчалі. Малпы на сценах і на дахах дамоў перасталі крычаць, у горадзе зрабілася ціха, і Маўглі пачуў, як Багіра ацепвае мокрыя бакі, пасля таго як выйшла з вадаёма. Потым зноў узняўся шум. Малпы палезлі вышэй на сцены, учапіліся за шыі вялізных каменных ідалаў і вішчалі, скачучы па зубчастых сценах, а Маўглі прытанцоўваў на месцы, прыпаў вокам да ажурнай разьбы і пачаў вухкаць, як сава, выказваючы гэтым сваю пагарду і насмешку.

— Дастанем дзіцяня з пасткі, я больш не магу! — цяжка дыхаючы, сказала Багіра. — Возьмем дзіцяня і ўцякайма. Хаця б яны зноў не напалі!

— Яны не крануцца з месца, пакуль я не загадаю ім. Ссстойце на мессцы! — сыкнуў Каа, і навокал зноў зрабілася ціха. — Я не мог прыйсці раней, Сясстра, але мне здалосся, што я чую твой покліч, — сказаў ён Багіры.

— Я… я, можа, і клікала цябе ў разгар бою, — адказала Багіра. — Балу, ты паранены?

— Не ведаю, як гэта яны не разарвалі мяне на сотню маленькіх мядзведзяў, — сказаў Балу, спаважна атрасаючы адну лапу за другой. — Ооу! Мне баліць! Каа, мы абавязаны табе жыццём, мы з Багірай…

— Гэта дробязь. А дзе ж чалавечак?

— Тут, у пастцы! Я не магу вылезці! — крыкнуў Маўглі.

Над яго галавой закругляўся купал, які абваліўся якраз пасярэдзіне.

— Забярыце яго адсюль! Ён танцуе, як паўлін Мор! Ён перадушыць нагамі нашых дзяцей! — сказалі знізу кобры.

— Ха! — засмяяўся Каа. — У яго ўсюды сябры, у гэтага чалавечка. Адыдзіся падалей, чалавечак, а вы схавайцеся, о Ядавіты Народ! Зараз я праб'ю сцяну.

Каа як след прыгледзеўся і знайшоў пачарнелую расколіну ў мармуровай разьбе, там, дзе сцяна была найбольш разбурана, разы два-тры злёгку адпіхнуўся галавой, прымерваючыся, потым прыўзняўся на шэсць футаў над зямлёй і стукнуў з усяе сілы дзесяць разоў запар. Мармуровыя карункі трэснулі і рассыпаліся воблакам пылу і смецця. Маўглі выскачыў у пралом, кінуўся на зямлю паміж Багірай і Балу і абняў абаіх за шыю.

— Ты не паранены? — спытаў Балу, ласкава абдымаючы Маўглі.

— Мяне пакрыўдзілі, я галодны і ўвесь у сіняках. Але як моцна яны вас пашкуматалі, сябры мае! Вы ўсе ў крыві!

— Не адны мы, — сказала Багіра, аблізваючыся і пазіраючы на трупы малпаў на тэрасе і вакол вадаёма.

— Гэта дробязі, усё дробязі, калі ты жывы і здаровы, о мая гордасць, найлепшае з жабянятак! — прахныкаў Балу.

— Пра гэта мы пагаворым пасля, — сказала Багіра суха, што зусім не спадабалася Маўглі. — Аднак тут Каа, якому мы з Балу абавязаны перамогай, а ты — жыццём. Падзякуй яму, як належыць паводле нашых звычаяў, Маўглі.

Маўглі павярнуўся і ўбачыў, што над ім пагойдваецца галава вялізнага ўдава.

— Дык гэта і ёсць чалавечак? — сказаў Каа. — Скура ў яго вельмі гладкая, і ён падобны на Бандар-Логаў. Глядзі, каб я не палічыў цябе за малпу як-небудзь у цемры, пасля таго як я змяню сваю скуру.

— Мы з табой адной крыві, ты і я, — адказаў Маўглі. — Сёння ты вярнуў мне жыццё. Мая здабыча будзе тваёй здабычай, калі ты прагаладаешся, о Каа!

— Дзякуй, Маленькі Брат, — сказаў Каа, хоць вочы яго смяяліся. — А што можа забіць такі храбры паляўнічы? Я прашу дазволу паўзці за ім, калі ён выправіцца на паляванне.

— Сам я не забіваю, я яшчэ малы, але я заганяю коз для тых, каму яны патрэбны. Калі захочаш есці, прыходзь да мяне і пабачыш, праўда гэта ці не. У мяне спрытныя рукі, — ён выставіў іх уперад, — і калі ты трапіш у пастку, я змагу сплаціць доўг і табе, і Багіры, і Балу. Добрага палявання вам усім, настаўнікі мае!

— Цудоўна сказана! — прабурчаў Балу, бо Маўглі дзякаваў як належыць.

Удаў паклаў на хвіліну сваю галаву на плячо Маўглі.

— Храбрае сэрца і пачцівая гаворка, — сказаў ён. — З імі ты далёка пойдзеш у джунглях. А цяпер выпраўляйся адсюль хутчэй разам са сваімі сябрамі. Ідзі спаць, бо неўзабаве зойдзе месяц, а табе не трэба бачыць тое, што тут будзе.

Месяц заходзіў за ўзгоркамі, і рады малпаў, што, калоцячыся ад страху, туліліся на сценах і вежах, нагадвалі рваныя хістка-зменлівыя махры. Балу спусціўся да вадаёма напіцца, а Багіра пачала вылізваць сваё футра. І тут Каа выпаўз на сярэдзіну тэрасы, гучна ляснуў сківіцамі, закрываючы пашчу, і ўсе малпы ўтаропіліся на яго.

— Месяц заходзіць, — сказаў ён. — Ці дастаткова святла, ці добра вам відаць?

Па сценах пранёсся стогн, быццам вецер уздыхнуў у вяршалінах дрэў:

— Нам відаць, о Каа!

— Цудоўна! Пачнём жа танец Каа — Танец Голаду. Сядзіце спакойна і глядзіце!

Ён двойчы ці тройчы скруціўся ў вялікае двайное і трайное кальцо, пагойдваючы галавой справа налева. Потым пачаў вырабляць петлі, і васьмёркі, і мяккія, расплывістыя трохвугольнікі, якія пераходзілі ў квадраты і пяцівугольнікі, не спыняючыся, не спяшаючыся і не перастаючы ні на хвіліну ціха гусці. Рабілася ўсё цямней і цямней, і напаследак ужо не відаць было, як раскручваецца і скручваецца Каа, чуваць было толькі, як шапаціць яго лускавінне.

Балу і Багіра быццам скамянелі, натапырылі поўсць і глуха бурчалі, а Маўглі глядзеў і дзівіўся.

— Бандар-Логі, — пачуўся нарэшце голас Каа, — можаце вы варухнуць рукой або нагой без майго загаду? Адказвайце.

— Без твайго слова мы не можам варухнуць ні рукой, ні нагой, о Каа!

— Цудоўна! Падыдзіце на адзін крок бліжэй да мяне!

Рады малпаў бездапаможна хіснуліся ўперад, і Балу з Багірай міжвольна зрабілі крок уперад разам з імі.

— Бліжэй! — сыкнуў Каа.

І малпы зрабілі яшчэ адзін крок.

Маўглі паклаў рукі на плечы Багіры і Балу, каб павесці іх прэч адсюль, і абодва звяры ўздрыгнулі, быццам прачнуліся.

— Не здымай рукі з майго пляча, — шапнула Багіра, — не здымай, інакш я пайду… пайду да Каа. А-ах!

— Гэта ўсяго толькі стары Каа вырабляе свае кругі ў пыле, — сказаў Маўглі. — Хадзем адсюль.

І ўсе трое выслізнулі ў пралом сцяны і пайшлі ў джунглі.

— Уу-х! — уздыхнуў Балу, зноў апынуўшыся сярод нерухомых дрэў. — Ніколі больш не буду прасіць дапамогі ў Каа! — І ён увесь скалануўся з галавы да ног.

— Каа ведае больш за нас, — уся калоцячыся, сказала Багіра. — Яшчэ крышку, і я падалася б проста да яго ў пашчу.

— Шмат хто пойдзе туды, перш чым месяц узыдзе яшчэ раз, — адказаў Балу. — Ён добра папалюе — на свой лад.

— Але што ўсё гэта азначае? — спытаў Маўглі, які нічога не ведаў пра гіпнатычную сілу змяі. — Я толькі бачыў вялікую змяю, якая выпісвала для чагосьці кругі па зямлі, пакуль не сцямнела. І нос у Каа быў увесь разбіты. Ха-ха!

— Маўглі, — сярдзіта сказала Багіра, — нос ён разбіў, ратуючы цябе, гэтак жа як мае вушы, бакі і лапы, плечы і шыя Балу былі пакусаны, калі мы ратавалі цябе. Балу і Багіры цяжка будзе хадзіць на паляванне.

— Гэта дробязі, — сказаў Балу. — Затое дзіцяня зноў з намі!

— Праўда, але гэта нам дорага каштавала: праз яго мы былі зранены, патрацілі столькі часу, не схадзілі на паляванне, заплацілі ўласнай скурай — у мяне выскублена ўся спіна — і нават нашым гонарам. Бо, не забывай пра гэта, мне, чорнай пантэры, давялося прасіць дапамогі ў Каа, і мы з Балу страцілі розум, як малыя птушаняты, калі ўбачылі Танец Голаду. А ўсё таму, што ты гуляў з Бандар-Логамі!

— Праўда, усё гэта праўда, — сказаў Маўглі засмучана. — Я кепскае дзіцяня, і ў жываце ў мяне горка.

— Мф! Што гаворыць Закон Джунгляў, Балу?

Балу зусім не хацеў новых непрыемнасцей для Маўглі, але з Законам не жартуюць, і таму ён прабурчаў:

— Гора не вызваляе ад пакарання. Толькі не забудзь, Багіра, што ён яшчэ малы!

— Не забуду. Але ён нарабіў бяды, і цяпер трэба яго набіць. Маўглі, што ты на гэта скажаш?

— Нічога! Я вінаваты. А вы абое паранены. Гэта толькі справядліва.

Багіра дала яму з дзесятак плескачоў, лёгенькіх, на думку пантэры (яны нават не разбудзілі б яе ўласнае дзіцяня), але для сямігадовага хлопчыка гэта была суровая лупцоўка, ад якой кожны рад быў бы пазбавіцца. Калі ўсё скончылася, Маўглі чхнуў і моўчкі падняўся на ногі.

— А цяпер, — сказала Багіра, — залазь мне на спіну, Маленькі Брат, і мы рушым дадому.

Адным з прывабных бакоў Закону Джунгляў з'яўляецца тое, што пасля пакарання заканчваюцца ўсе разлікі. Пасля яго не бывае ніякіх прыдзірак.

Маўглі апусціў галаву на спіну Багіры і заснуў так моцна, што нават не прачнуўся, калі яго паклалі на зямлю ў роднай бярлозе.

Загрузка...