Дзікія сабакі

Сама прыемны час жыцця пачаўся для Маўглі пасля таго, як ён напусціў на вёску джунглі. Сумленне ў яго было спакойнае, як і належыць пасля выплаты справядлівага доўгу, і ўсе джунглі сябравалі з ім, бо ўсе джунглі баяліся яго. З таго, што ён бачыў, чуў і рабіў, вандруючы ад аднаго народа да другога са сваімі чатырма спадарожнікамі або без іх, атрымалася б вялікае мноства апавяданняў, і кожнае апавяданне было б не карацейшае за гэтае. Так што вам не давядзецца пачуць пра тое, як ён уратаваўся ад шалёнага слана з Мандлы, які забіў дваццаць два буйвалы, што цягнулі ў казначэйства адзінаццаць вазоў серабра, і параскідаў па пыльнай дарозе бліскучыя рупіі; як ён біўся доўгай ноччу з кракадзілам Джакалам у балотах на поўначы і зламаў паляўнічы нож аб яго спінныя шчыткі; як ён знайшоў сабе новы нож, яшчэ даўжэйшы за стары, на шыі ў чалавека, якога забіў дзік; як ён пагнаўся за гэтым дзіком і забіў яго, бо нож быў варты гэтага; як у час Вялікага Голаду ён трапіў у статак аленяў, які ўцякаў з гэтых мясцін, і як яго ледзь не задушылі насмерць разгарачаныя алені; як ён выратаваў Маўкліўца Хатхі з лоўчай ямы з калом на дне; як на другі дзень ён сам трапіў у хітрую пастку для леапардаў і як Хатхі вызваліў яго, разламаўшы тоўстыя драўляныя брусы; як ён даіў дзікіх буйваліц на балоце; як…

Аднак трэба расказваць пра што-небудзь адно.

Бацька і Маці Ваўкі памерлі, і Маўглі, заваліўшы ўваход у пячору вялікім каменем, праспяваў над імі Песню Смерці. Балу зусім састарыўся і ледзь рухаўся, і нават Багіра, у якой нервы былі стальныя, а мускулы жалезныя, ужо не так хутка забівала здабычу.

Акела з сівага зрабіўся малочна-белы, пахудзеў ад старасці так, што відаць былі рэбры, і ледзьве хадзіў, быццам драўляны; для яго на паляванне выходзіў Маўглі. Затое маладыя ваўкі, дзеці рассеянай па наваколлі Сіянійскай Чарады, мелі вялікія поспехі і памнажаліся. Калі іх набралася галоў сорак, свавольных, гладканогіх пяцігадовых ваўкоў, якія не ведалі важака, Акела параіў ім трымацца разам, захоўваць Закон і слухацца аднаго важака, як і належыць Вольнаму Народу.

У гэтым Маўглі не пажадаў быць дарадцам: ён ужо набіў сабе аскому і ведаў, на якім дрэве растуць кіслыя плады. Але калі Пхао, сын Пхаоны (яго бацькам быў Шэры Следапыт, калі Акела вадзіў Чараду), заваяваў месца Важака Чарады, як таго патрабуе Закон Джунгляў, і зноў загучалі пад зоркамі старыя песні і старыя поклічы, Маўглі пачаў хадзіць на Скалу Рады ў памяць аб мінулым і садзіўся побач з Акелам. Гэта быў час удалага палявання і моцнага сну. Ніводзін чужынец не асмельваўся ўварвацца ва ўладанні Народа Маўглі, як называлася цяпер Чарада; маладыя ваўкі сыцелі і набіраліся сілы, і на кожны агляд ваўчыцы прыводзілі шмат ваўчанят.

Маўглі заўсёды прыходзіў на агляд: ён не забыў яшчэ тую ноч, калі чорная пантэра ўвяла ў Чараду голае смуглае дзіцяня і ад працяглага поклічу: «Глядзіце, глядзіце, о ваўкі!» — яго сэрца білася дзіўна і трывожна. Калі б не гэта, ён сышоў бы ў глыбіню джунгляў, каб зведаць і паспытаць, убачыць і пачуць новае.

Аднойчы прыцемкам, калі ён бег не спяшаючыся цераз горы і нёс Акелу палавіну забітага ім аленя, а чацвёра ваўкоў беглі трушком за ім і жартам біліся і куляліся адзін цераз аднаго, радуючыся жыццю, ён пачуў выццё, якога яму не даводзілася чуць з часоў Шэр-Хана. Гэта было тое, што ў джунглях называецца «пхіял», — так вые шакал, калі выходзіць на паляванне разам з тыграм, або калі пачынаецца вялікае паляванне. Уявіце сабе нянавісць, змяшаную з радасцю, страхам і роспаччу і працятую чымсьці накшталт насмешкі, і вы будзеце мець уяўленне аб пхіяле, які разлягаўся над Вайнгангай, узнімаючыся і ападаючы, дрыжучы і заміраючы. Чацвёрка ваўкоў натапырылася і забурчала. Маўглі схапіўся за нож і замёр на месцы, быццам скамянеў.

— Ніводзін Паласаты не смее выходзіць на паляванне тут, — сказаў ён нарэшце.

— Гэта не крык Прадвесніка, — сказаў Шэры Брат. — Гэта нейкае вялікае паляванне. Слухай!

Зноў пачулася выццё, напалову рыданне, напалову смех, як быццам у шакала былі мяккія чалавечыя губы. Тут Маўглі перавёў дух і кінуўся да Скалы Рады, апярэджваючы па дарозе ваўкоў, што спяшаліся туды.

Пхао і Акела ляжалі разам на скале, а ніжэй, напружыўшы кожны нерв, сядзелі астатнія ваўкі. Маткі з ваўчанятамі прыпусцілі бягом да пячораў: калі чуецца пхіял, слабыя павінны сядзець дома.

Спачатку не чуваць было нічога, апрача цурчання Вайнгангі ў цемры і начнога ветру ў вяршалінах дрэў, як раптам за гарою завыў воўк. Гэта быў воўк не з Чарады, бо ўся Чарада сабралася на Скале Рады. Выццё перайшло ў працяглы, поўны роспачы брэх.

— Сабакі! — брахаў важак. — Дзікія Сабакі! Дзікія Сабакі!

Праз некалькі хвілін пачуліся стомленыя крокі па камянях, і хударлявы воўк, увесь спацелы, з плямамі крыві на баках і белай пенай каля рота, уварваўся ў круг і, падкурчваючы пярэднюю лапу і цяжка дыхаючы, кінуўся да ног Маўглі.

— Добрага палявання! З чыёй ты чарады? — . паважна спытаў Пхао.

— Добрага палявання! Я Вантала, — быў адказ.

Гэта азначала, што ён воўк-адзінец, які сам здабывае ежу для сябе, сваёй сяброўкі і ваўчанят, жывучы ў адасобленай пячоры. «Вантала» і азначае «адзінец» — той, хто жыве не ў чарадзе. Пры кожным уздыху відаць было, як ад штуршкоў сэрца яго кідае то ўперад, то назад.

— Хто ідзе? — спытаў Пхао (пра гэта заўсёды пытаюцца ў джунглях пасля пхіяла).

— Дзікія Сабакі з Дэкана — рудыя сабакі, забойцы! Яны прыйшлі на поўнач з поўдня; кажуць, што ў Дэкане голад, і забіваюць усіх па дарозе. Калі нарадзіўся маладзік, у мяне было чацвёра — мая сяброўка і трое ваўчанят. Маці вучыла дзяцей паляваць у чыстым полі, вучыла хавацца, заганяючы аленя, як робім мы, ваўкі раўнін. Апоўначы я яшчэ чуў, як мае ваўчаняты вылі на поўны голас, ідучы па следзе. А калі ўзняўся перадсвітальны вецер, я знайшоў усіх чацвярых у траве, і яны ўжо адубелі — а ўсе чацвёра былі жывыя, калі нарадзіўся маладзік, о Вольны Народ! Тады я пачаў шукаць, каму адпомсціць, і знайшоў рудых сабак.

— Колькі іх? — спытаў Маўглі, а ўся чарада глуха забурчала.

— Не ведаю. Трое з іх ужо не заб'юць больш нікога, але пад канец яны гналі мяне, як аленя, гналі, і я ўцёк на трох нагах. Глядзі, Вольны Народ!

Ён выставіў уперад скалечаную лапу, цёмную ад засохлай крыві. Увесь бок знізу быў у яго моцна пакусаны, а горла разадрана і пашматана.

— Еш! — сказаў Акела і адышоўся ад мяса, якое прынёс яму Маўглі.

Воўк-адзінец з прагнасцю накінуўся на яду.

— Гэта не прападзе, — сказаў ён ціха, прагнаўшы першы голад. — Дайце мне набрацца сілы, і я таксама здолею забіваць! Апусцела мая бярлога, якая была поўная, калі нарадзіўся месяц, і Доўг Крыві яшчэ не ўвесь сплачаны.

Пхао, пачуўшы, як захрабусцела костка сцягна аленя на зубах Ванталы, з ухвалой забурчаў.

— Нам спатрэбяцца гэтыя сківіцы, — сказаў ён. — З сабакамі былі іх шчаняты?

— Не, не, адны рудыя паляўнічыя: толькі дарослыя псы з іх чарады, моцныя і дужыя.

Гэта азначала, што рудыя сабакі з Дэкана ідуць вайной, а ваўкі ведаюць вельмі добра, што нават тыгр уступае гэтым сабакам сваю здабычу. Яны бягуць напрасткі праз джунглі і ўсё, што трапляецца ім насустрач, збіваюць з ног і разрываюць на шматкі. Хоць Дзікія Сабакі не такія вялікія і не такія спрытныя, як ваўкі, яны вельмі дужыя, і іх бывае вельмі шмат. Дзікія Сабакі толькі тады называюць сябе Чарадой, калі іх набіраецца да сотні, а між тым сорак ваўкоў — гэта ўжо сапраўдная Чарада.

У час сваіх вандровак Маўглі пабываў на мяжы травяністых нагор'яў Дэкана і бачыў, як гэтыя лютыя сабакі спалі, гулялі і капаліся сярод купін і ямін, што служылі ім замест логава. Ён пагарджаў Дзікімі Сабакамі і ненавідзеў іх за тое, што ад іх пахла не так, як ад ваўкоў, і за тое, што яны жылі ў пячорах, а галоўнае, за тое, што ў іх паміж пальцамі расце поўсць, тады як у Маўглі і ў яго сяброў ногі гладкія. Аднак ён ведаў, бо Хатхі расказаў яму пра гэта, якую страшную сілу мае паляўнічая зграя Дзікіх Сабак. Хатхі і сам збочваў з іх дарогі, і пакуль усіх сабак не пераб'юць або дзічыны не стане мала, яны бягуць уперад, а па дарозе забіваюць.

Акела таксама ведаў сёе-тое пра Дзікіх Сабак. Ён спакойна сказаў Маўглі:

— Лепш памерці ў Чарадзе, чым без важака і аднаму. Гэта будзе слаўнае паляванне, а для мяне — апошняе. Але ты — чалавек, і ў цябе яшчэ шмат начэй і дзён наперадзе, Маленькі Брат. Ідзі на поўнач, заляж там, і калі хто з ваўкоў застанецца жывы пасля таго, як пойдуць адсюль сабакі, ён прынясе табе вестку пра бітву.

— Ага, не ведаю толькі, — сказаў Маўглі без усмешкі, — ці пайсці мне ў балота лавіць там дробную рыбу і спаць на дрэве, ці прасіць дапамогі ў малпаў і грызці арэхі, пакуль Чарада будзе біцца ўнізе.

— Гэта не на жыццё, а на смерць, — сказаў Акела. — Ты яшчэ не ведаеш гэтых рудых забойцаў. Нават Паласаты…

— Аова! Аова! — пакрыўджана крыкнуў Маўглі. — Адну паласатую малпу я забіў. Цяпер паслухай: жылі-былі Воўк, мой бацька, і Ваўчыха, мая маці, а яшчэ жыў-быў стары шэры Воўк (не надта мудры: ён цяпер пасівеў), які быў для мяне бацькам і маці. І таму, — ён узвысіў голас, — я кажу: як прыйдуць сабакі, калі толькі яны прыйдуць, Маўглі і Вольны Народ будуць заадно ў гэтым паляванні. Я кажу — клянуся буйвалам, што выкупіў мяне, буйвалам, што аддала за мяне Багіра ў тыя дні, пра якія вы ў Чарадзе забылі, — я кажу, і няхай чуюць мае словы рака і дрэвы і запомняць іх, калі я забудуся, — я кажу, што вось гэты мой нож будзе зубам Чарады. Па-мойму, ён яшчэ не прытупіўся. Вось маё Слова, і я яго сказаў!

— Ты не ведаеш сабак, чалавек з воўчай мовай! — крыкнуў Вантала. — Я хачу толькі заплаціць ім Доўг Крыві, перш чым яны разарвуць мяне. Яны рухаюцца павольна і знішчаюць усё на сваім шляху, але праз два дні ў мяне прыбавіцца сілы, і я пачну плаціць ім Доўг Крыві. А вам, Вольны Народ, раю ўцякаць на поўнач і жыць галаднавата да таго часу, пакуль не пойдуць адсюль рудыя сабакі.

— Паслухайце Адзінца! — усклікнуў Маўглі са смехам. — Вольны Народ, мы павінны ўцякаць на поўнач, харчавацца яшчаркамі і пацукамі з водмеляў, каб як-небудзь не сустрэцца з сабакамі. Яны спустошаць усе нашы лясы, а мы будзем хавацца на поўначы да таго часу, пакуль яны не надумаюцца аддаць нам наша дабро! Яны сабакі, і сабачыя дзеці — рудыя, жаўтапузыя, бяздомныя, у іх поўсць расце паміж пальцамі. Так, вядома, мы, Вольны Народ, павінны ўцякаць адсюль і выпрошваць у народаў поўначы аб'едкі і розную падлу. Выбірайце ж, выбірайце. Слаўнае будзе паляванне! За Чараду, за ўсю Чараду, за ваўчыц і ваўчанят у логаве і на волі, за сяброўку, якая гоніць лань, за сама маленькае ваўчаня ў пячоры мы прымаем бой!

Чарада адказала кароткім аглушальным брэхам, які прагрымеў у цемры, нібы трэск падаючага дрэва.

— Мы прымаем бой! — прабрахалі ваўкі.

— Заставайцеся тут, — сказаў Маўглі сваёй чацвёрцы. — Нам спатрэбіцца кожны зуб. А Пхао з Акелам няхай рыхтуюцца да бою. Я іду лічыць сабак.

— Гэта смерць! — крыкнуў Вантала і прыўзняўся. — Што можа зрабіць гэткае галышаня супраць рудых сабак? Нават Паласаты і той…

— Ты і праўда чужынец, — адгукнуўся Маўглі. — Але мы яшчэ пагаворым, калі сабакі будуць перабіты. Добрага палявання ўсім вам!

Ён памчаўся ў цемру, увесь ахоплены шалёнай весялосцю, амаль не гледзячы, куды ступае, і, як і трэба было чакаць, расцягнуўся на ўвесь рост, спатыкнуўшыся аб Каа, які пільнаваў аленевую сцежку пабліз ракі.

— Кш-ша! — сярдзіта сказаў Каа. — Хіба можна так тупацець і пляскаць у джунглях, зводзячы на нішто паляванне ўсёй ночы, ды яшчэ калі дзічына гэтак хутка бегае?

— Віна мая, — сказаў Маўглі, падымаючыся на ногі. — Праўда, я шукаў цябе, Пляскатагаловы, але кожны раз, як я цябе бачу, ты становішся жаўжэйшы і таўсцейшы на даўжыню маёй рукі. Няма другога такога, як ты, ва ўсіх джунглях, о мудры, дужы і прыгожы Каа!

— А куды ж вядзе гэты след? — Голас Каа палагаднеў. — Не мінула і месяца з таго часу, як адзін чалавек з нажом кідаў у мяне камянямі і шыпеў на мяне, як злосны лясны кот, за тое, што я заснуў на адкрытым месцы.

— Ага, і распудзіў аленяў на ўсе чатыры бакі, а Маўглі быў на паляванні, а Пляскатагаловы зусім аглух і не чуў, як яму свісталі, каб ён аслабаніў аленеву сцежку, — спакойна адказаў Маўглі, сядаючы сярод стракатых кольцаў.

— А цяпер гэты чалавек прыходзіць з ласкавымі, ліслівымі словамі да гэтага ж Пляскатагаловага і кажа яму, што ён мудры, і дужы, і прыгожы, і Пляскатагаловы верыць яму і скручваецца ў кальцо, каб зрабіць зручнае сядзенне для таго, хто кідаў у яго камянямі… Цяпер табе добра? Хіба Багіра можа гэтак выгодна скруціцца?

Каа, як звычайна, выгнуўся, нібы мяккі гамак, пад цяжарам Маўглі. Хлопчык працягнуў у цемры руку, абняў гібкую, падобную на трос шыю Каа і прыгнуў яго галаву да сябе на плячо, а потым расказаў яму ўсё, што адбылося ў джунглях гэтай ноччу. — Я, можа, і мудры, — сказаў Каа пасля таго, як выслухаў расказ, — а што глухі, дык гэта праўда. Інакш я пачуў бы пхіял. Не дзіва, што траваеды гэтак занепакоіліся. Колькі ж усяго сабак?

— Я яшчэ не бачыў. Я прыйшоў адразу да цябе. Ты старэйшы за Хатхі. Затое, о Каа, — тут Маўглі закруціўся ад радасці, — гэта будзе слаўнае паляванне! Мала хто з нас убачыць новы маладзік.

— І ты таксама сюды ўмяшаўся? Не забывайся, што ты чалавек. Не забывайся таксама, якая чарада цябе выгнала. Няхай ваўкі ганяюць сабак. Ты чалавек.

— Леташнія арэхі сталі сёлета чорнай зямлёю, — адказаў Маўглі. — Гэта праўда, што я чалавек, але сёння ноччу я сказаў, што я воўк. Гэта ў мяне ў крыві. Я заклікаў раку і дрэвы, каб яны запомнілі мае словы. Я паляўнічы Вольнага Народа, Каа, і застануся ім, пакуль не сыдуць адсюль сабакі…

— Вольны Народ! — прабурчаў Каа. — Вольныя зладзеі! А ты звязаў сябе смяротным вузлом на ўспамін аб ваўках, якія памерлі! Кепскае гэта паляванне!

— Гэта маё Слова, і я ўжо сказаў яго. Дрэвы ведаюць, і ведае рака. Пакуль не сыдуць адсюль сабакі, маё Слова не вернецца да мяне.

— Сшшш! Ад гэтага змяняюцца ўсе сляды. Я думаў узяць цябе з сабою на паўночныя балоты, але Слова — хай сабе нават Слова маленькага голага, безвалосага чалавечка — ёсць Слова. Цяпер і я, Каа, кажу…

— Падумай як след, Пляскатагаловы, каб і табе не звязаць сябе смяротным вузлом. Мне не трэба ад цябе Слова, я і так ведаю…

— Няхай будзе гэтак, — сказаў Каа. — Я не буду даваць Слова. Але што ты думаеш рабіць, калі прыйдуць рудыя сабакі?

— Яны павінны пераплысці Вайнгангу. Я хачу сустрэць іх на водмелях, а за мною была б Чарада. Нажом і зубамі мы прымусілі б іх адступіць уніз па цячэнні ракі і крыху астудзілі б ім глоткі.

— Гэтыя сабакі не адступаюць, і глоткі ім не астудзіш, — сказаў Каа. — Пасля гэтага палявання не будзе больш ні чалавечка, ні ваўчаняці, застануцца адны голыя косці.

— Алала! Паміраць дык паміраць! Паляванне будзе сама слаўнае! Але я яшчэ малады і бачыў мала дажджоў! У мяне няма ні мудрасці, ні сілы. Ты прыдумаў што-небудзь лепшае, Каа?

— Мне давялося бачыць сотні і сотні дажджоў. Перш чым у Хатхі выпалі малочныя біўні, я пакідаў ужо ў пыле доўгі след. Клянуся Першым Яйкам, я старэйшы за многія дрэвы і бачыў усё, што рабілася ў джунглях.

— Але такога палявання яшчэ ніколі не было, — сказаў Маўглі. — Ніколі яшчэ рудыя сабакі не станавіліся нам упоперак дарогі.

— Што ёсць, тое ўжо было. Тое, што будзе, — гэта толькі забыты год, які вярнуўся назад. Пасядзі спакойна, пакуль я пералічу мае гады.

Цэлую доўгую гадзіну Маўглі адпачываў сярод кольцаў Каа і забаўляўся з нажом, а Каа, уткнуўшыся нерухомай галавой у зямлю, успамінаў пра ўсё, што бачыў і даведаўся з таго дня, як вылупіўся з яйка. Вочы яго, здавалася, пагаслі і зрабіліся падобныя на цьмяныя апалы, і час ад часу ён рэзка торгаў галавой то ўправа, то ўлева, быццам яму снілася паляванне. Маўглі спакойна драмаў; ён ведаў, што няма нічога лепшага, чым выспацца перад паляваннем, і прызвычаіўся засынаць у любы час дня і ночы.

Раптам ён адчуў, што цела Каа становіцца таўсцейшым і шырэйшым пад ім, таму што вялізны ўдаў надзьмуўся, сыкаючы, нібы меч, калі яго выхопліваюць са стальных ножнаў.

— Я пабачыў усе мёртвыя часіны, — сказаў урэшце Каа, — і вялікія дрэвы, і старых сланоў, і скалы, якія былі голыя і спічастыя, перш чым абраслі мохам. Ты яшчэ жывы, чалавечак?

— Месяц толькі што ўзышоў, — сказаў Маўглі. — Я не разумею…

— Кшш! Я зноў Каа. Я ведаю, што часу мінула няшмат. Зараз мы пойдзем да ракі, і я пакажу табе, што трэба рабіць з сабакамі.

Прамы, як страла, ён павярнуў да галоўнага рэчышча Вайнгангі і кінуўся ў ваду крыху вышэй плёса, за якім віднелася Скала Міру, а разам з ім кінуўся ў ваду і Маўглі.

— Не, не плыві сам — я рухаюся хутчэй. На спіну да мяне, Маленькі Брат!

Левай рукой Маўглі абняў Каа за шыю, правую руку моцна прыціснуў да цела і выцягнуў ногі ў даўжыню. І Каа паплыў супраць цячэння, як умеў плаваць толькі ён адзін, і струмені бурлівай вады запеніліся вакол шыі Маўглі, а яго ногі загайдаліся на хвалі, узнятай слізготнымі бакамі ўдава. Крыху вышэй Скалы Міру Вайнганга звужваецца ў цясніне паміж мармуровых скалаў ад васьмідзесяці да ста футаў у вышыню, і вада там шалёна імчыцца між скаламі па вялікіх і малых камянях. Але Маўглі не думаў пра гэта; не было такой вады на свеце, якой ён спалохаўся б хоць на хвіліну. Ён глядзеў на скалы па берагах ракі і трывожна нюхаў паветра, у якім стаяў саладкавата-кіслы пах, вельмі падобны на пах мурашніку ў спякотны дзень. Ён міжвольна спусціўся ніжэй у ваду, выстаўляючы галаву толькі для таго, каб уздыхнуць. Каа стаў на якар, двойчы абкруціўшы хвост вакол падводнай скалы, і падтрымліваў Маўглі, а вада імчалася паўз іх.

— Гэта Месца Смерці, — сказаў хлопчык. — Чаго мы тут?

— Яны спяць, — сказаў Каа, — Хатхі не саступае з дарогі Паласатаму, але і Хатхі і Паласаты саступаюць з дарогі рудым сабакам. Сабакі ж кажуць, што нікому не саступяць з дарогі. А каму саступае з дарогі Маленькі Народ Скалаў? Скажы мне, Гаспадар Джунгляў, хто ж у нас сама галоўны?

— Вось гэтыя, — прашаптаў Маўглі. — Тут Месца Смерці. Хадзем адсюль.

— Не, глядзі як след, таму што яны спяць… Тут усё гэтак жа, як было, калі я быў не даўжэйшы за тваю руку.

Патрэсканыя ад часу і непагадзі скалы ў цясніне Вайнгангі ад самага пачатку джунгляў былі жыллём Маленькага Народа Скалаў — клапатлівых, сярдзітых чорных дзікіх пчол Індыі, і, як добра ведаў Маўглі, усе сцяжынкі зварочвалі ўбок за паўмілі ад іх уладанняў. Шмат стагоддзяў Маленькі Народ меў тут прытулак і раіўся тут, перасяляўся з расколіны ў расколіну і зноў раіўся, пакідаючы на белым мармуры плямы ад старога мёду, лепячы свае чорныя соты ўсё вышэй і глыбей у цемры пячор. Ні чалавек, ні звер, ні вада, ні агонь ні разу не асмеліліся іх закрануць. Абапал ракі цясніна на ўсю даўжыню была нібы завешана мігатлівым чорным аксамітам, і Маўглі скалануўся, калі ўзняў вочы, бо над ім віселі, счапіўшыся, мільёны пчол, якія цяпер спалі. Там былі яшча глыбы і гірлянды і нешта падобнае на гнілыя пні, што ляпіліся да скалаў. Гэта былі старыя соты мінулых гадоў або новыя гарады, пабудаваныя ў зацішку схаванай ад ветру цясніны. Цэлыя горы губкавых гнілых адкідаў скаціліся ўніз і заселі паміж дрэвамі і ліянамі, якімі зараслі скалы. Прыслухаўшыся, Маўглі не раз лавіў вухам шоргат і гук падзення поўных мёду сотаў, што зрываліся ўніз дзе-небудзь у цёмнай галерэі, потым — сярдзітае гудзенне крыльцаў і змрочнае «кап-кап-кап» мёду, што пераліваўся цераз край і густымі кроплямі павольна падаў на галіны.

На адным беразе ракі была маленькая пясчаная водмель не шырэй за пяць футаў, і на ёй грувасціліся горы смецця, што назбіралася за сотні гадоў. Там ляжалі мёртвыя пчолы, адкіды, старыя соты, крыльцы матылькоў і жукоў, што паквапіліся красці мёд. Усё гэта зляжалася ў роўныя груды найтанчэйшага чорнага пылу. Аднаго вострага паху было дастаткова, каб адпудзіць кожнага, хто не мог лятаць і ведаў, што такое Маленькі Народ.

Каа плыў уверх па рацэ, пакуль не дабраўся да пясчанай водмелі каля ўвахода ў цясніну.

— Вось здабыча гэтага года, — сказаў ён. — Глядзі!

На пяску ляжалі шкілеты двух маладых аленяў і буйвала.

Маўглі бачыў, што ні воўк, ні шакал не кранулі касцей, якія агаліліся самі сабою, ад часу.

— Яны перайшлі мяжу, яны не ведалі, — прашаптаў Маўглі, — і Маленькі Народ забіў іх. Хадзем адсюль, пакуль пчолы не прачнуліся!

— Яны не прачнуцца да світанку, — сказаў Каа. — Цяпер я табе раскажу. Многа-многа дажджоў назад загнаны алень забег сюды з поўдня. Ён не ведаў джунгляў, а за ім па пятах гналася Чарада. Нічога не бачачы ад страху, алень скокнуў з вышыні. Сонца стаяла высока, і пчол было вельмі многа, і вельмі злосных. І ў Чарадзе таксама было шмат такіх, якія скочылі ў Вайнгангу, але ўсе яны памерлі, яшчэ не даляцеўшы да вады. Тыя, што не скочылі, таксама памерлі ў скалах наверсе. Але алень застаўся жывы.

— Чаму?

— Таму што ён бег наперадзе, скокнуў раней, чым Маленькі Народ пачуў яго, і быў ужо ў рацэ, калі яны сабраліся джаліць. А Чараду, што гналася за ім, усю чыста абляпілі пчолы, якіх спудзіў тупат аленя.

— Той алень застаўся жывы? — у роздуме паўтарыў Маўглі.

— Прынамсі, ён не памёр тады, хоць ніхто не чакаў яго ўнізе, гатовы падтрымаць на вадзе, як будзе чакаць чалавечка адзін стары тоўсты, глухі, жоўты пляскатагаловы ўдаў — так-так, хоць бы за ім гналіся сабакі ўсяго Дэкана! Што ты на гэта скажаш?

Галава Каа ляжала на мокрым плячы хлопчыка, а яго язык трымцеў каля вуха Маўглі. Маўчанне цягнулася доўга, потым Маўглі прашаптаў:

— Гэта называецца тузаць Смерць за вусы, але… Каа, ты і праўда сама мудры ў джунглях.

— Так гаварыў шмат хто. Глядзі ж, калі сабакі пагоняцца за табою…

— А яны, вядома, пагоняцца! Хо-хо! У мяне пад языком назбіралася шмат калючак, знойдзецца што ўваткнуць ім у шкуру!

— Калі сабакі пагоняцца за табою, ні на што не зважаючы, гледзячы толькі на твае плечы, яны кінуцца ў ваду або тут, або ніжэй, бо Маленькі Народ прачнецца і пагоніцца за імі. А Вайнганга прагная рака, і ў іх не будзе Каа, каб утрымаць іх на вадзе, таму тых, хто застанецца жывы, панясе ўніз, да водмеляў каля Сіянійскіх Пячораў, і там твая Чарада можа схапіць іх за горла.

— О-о! Лепей і быць не можа, хіба толькі калі дажджы выпадаюць у сухмень. Цяпер застаюцца адны дробязі: прабег і скачок. Я зраблю так, што сабакі мяне пазнаюць і пабягуць за мною па пятах.

— А ты агледзеў скалы наверсе, з боку берага?

— І праўда, не агледзеў. Пра гэта я забыўся.

— Ідзі паглядзі. Там кепская зямля, уся няроўная, на ямах. Ступіш хоць раз сваёй нязграбнай нагой не гледзячы — і канец паляванню. Бачыш, я пакідаю цябе тут і толькі дзеля цябе перадам вестачку тваёй Чарадзе, каб ведалі, дзе шукаць сабак. Мне твае ваўкі не радня.

Калі Каа не падабаўся хто-небудзь, ён бываў няветлівы, як ніхто ў джунглях, за выключэннем, можа, Багіры. Ён паплыў уніз па рацэ і насупраць Скалы Рады ўбачыў Пхао і Акелу, якія ўслухоўваліся ў начныя гукі.

— Кшш, ваўкі! — весела аклікнуў ён іх. — Рудыя сабакі паплывуць уніз па рацэ. Калі не баіцеся, можаце забіваць іх па водмелях.

— Калі яны паплывуць? — спытаў Пхао.

— А дзе маё дзіцяня? — спытаў Акела.

— Паплывуць, калі надумаюцца, — сказаў Каа. — Пачакайце і ўбачыце. А тваё дзіцяня, з якога ты ўзяў Слова і тым самым асудзіў яго на Смерць, тваё дзіцяня са мною, і калі яно яшчэ жывое, дык ты ў гэтым не вінаваты, сівы сабака! Чакай сваіх ворагаў тут і радуйся, што мы з дзіцянём на тваім баку!

Каа зноў памчаўся стралой па рацэ і спыніўся на сярэдзіне цясніны, пазіраючы ўгору на лінію скал. Неўзабаве ён убачыў, як на зорным небе паказалася галава Маўглі; потым у паветры штосьці прашумела, і, падаючы нагамі ўперад, Маўглі шуснуў у ваду. Праз імгненне ён ужо адпачываў у зручнай пятлі, падстаўленай Каа.

— Які гэта скачок уночы! — абыякава сказаў Маўглі. — Я скакаў у два разы далей дзеля пацехі. Толькі вось наверсе кепскае месца: нізкія кусты і глыбокія яры, і ўсё гэта бітком набіта Маленькім Народам. Я нагрувасціў вялікія камяні адзін на другі па краях трох яроў. Я спіхну іх нагою ўніз, як буду бегчы, і Маленькі Народ, узлаваўшыся, узнімецца ззаду ў мяне.

— Гэта чалавечая хітрасць, — сказаў Каа. — Ты мудры, але Маленькі Народ і так заўсёды злуецца.

— Не, на змярканні ўсё крылатае засынае ненадоўга і тут і ўсюды. Я распачну гульню з сабакамі на змярканні, бо ўдзень яны лепей бегаюць. Зараз яны гоняцца па крывавым следзе за Ванталам.

— Каршун Чыль не пакіне здохлага буйвала, а Дзікі Сабака — крывавага следу, — сказаў Каа.

— Дык я павяду іх па новым следзе, — па іхняй жа крыві, калі ўдасца, і прымушу іх наесціся гразі. Ты застанешся тут, Каа, пакуль я не вярнуся з маімі сабакамі.

— Так, але што, калі яны заб'юць цябе ў джунглях або Маленькі Народ заб'е цябе раней, чым ты скочыш у раку?

— Калі я памру, — адказаў Маўглі, — тады і прыйдзе час спяваць Песню Смерці. Добрага палявання, Каа!

Ён адпусціў шыю ўдава і паплыў уніз па цясніне, як плыве бервяно ў паводку, падграбаючы да далёкай водмелі і рагочучы ад радасці. Больш за ўсё на свеце Маўглі любіў «тузаць Смерць за вусы», як гаварыў ён сам, і даваць джунглям адчуць, што ён тут гаспадар. З дапамогай Балу ён часта апаражняў пчаліныя дуплы і ведаў, што Маленькі Народ не любіць паху дзікага часнаку. І таму ён нарваў невялікі пучок часнаку, звязаў яго палоскай кары і пабег па крывавым следзе Ванталы, што вёў на поўдзень ад логава. Час ад часу ён пазіраў на дрэвы, схіліўшы галаву набок, і пры гэтым пасмейваўся.

«Жабяняткам Маўглі я быў, — сказаў ён сам сабе, — Ваўчанём Маўглі я назваў сябе сам. Цяпер я павінен зрабіцца Малпай Маўглі, перш чым стану Маўглі Аленем. А ўрэшце я стану Чалавекам Маўглі. Хо!» — І ён правёў вялікім пальцам па доўгім лязе свайго нажа.

След Ванталы, вельмі прыкметны па цёмных плямах крыві, ішоў па лесе сярод тоўстых дрэў, якія раслі тут блізка адно ад аднаго, але на паўночны ўсход радзелі ўсё больш і больш. За дзве мілі ад Пчаліных Скалаў лес канчаўся. Ад апошняга дрэва да нізкіх кустоў каля Пчалінай Цясніны знаходзілася адкрытае месца, дзе цяжка было б схавацца нават ваўку. Маўглі бег пад дрэвамі, прыкідваючы на вока адлегласць ад галіны да галіны, іншы раз залазіў уверх па ствале і для пробы пераскокваў з аднаго дрэва на другое, пакуль не дабег да адкрытага месца, на агляд якога ён патраціў цэлую гадзіну. Потым ён вярнуўся на след Ванталы, у тым жа месцы, дзе пакінуў яго, залез на дрэва, адна з галін якога далёка вытыркалася ўперад на вышыні футаў восем ад зямлі, павесіў пучок часнаку на развіліну, спакойна ўсеўся і пачаў вастрыць нож аб босую падэшву.

Незадоўга да поўдня, калі сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглі пачуў тупат ног і ўнюхаў агідны пах сабачай чарады, якая ўпарта і бязлітасна гналася за Ванталам.

Калі глядзець зверху, Дзікі Сабака з Дэкана здаецца ў два разы меншы за ваўка, але Маўглі ведаў, якія дужыя ў яго лапы і моцныя сківіцы.

Разглядаючы вострую рудую пысу важака, які абнюхваў след, ён крыкнуў яму:

— Добрага палявання!

Важак задзёр галаву, а яго спадарожнікі стоўпіліся ззаду, дзесяткі і сотні рудых жывёлін з падкурчанымі хвастамі, шырокімі грудзьмі і худым азадкам. Дзікія сабакі звычайна вельмі маўклівыя і няветлівыя нават у сваім родным Дэкане.

Пад дрэвам сабралася не менш дзвюх сотняў сабак, але Маўглі бачыў, што важакі прагна абнюхваюць след і стараюцца павесці ўсю чараду ўперад. Гэтага нельга было дапусціць, бо яны прыбеглі б да логаваў сярод дня, а Маўглі меў намер пратрымаць іх пад сваім дрэвам да змяркання.

— З чыйго дазволу вы з'явіліся сюды? — спытаў Маўглі.

— Усе джунглі — нашы джунглі, — быў адказ, і той, хто гэта сказаў, ашчэрыў белыя зубы.

Маўглі з усмешкай паглядзеў уніз, дасканала пераймаючы рэзкую траскатню Чыкаі, пацука-скакуна са стэпаў Дэкана: гэтым самым ён даваў сабакам зразумець, што лічыць іх такімі ж пацукамі. Чарада стоўпілася вакол дрэва, і важак раз'юшана забрахаў, абазваўшы Маўглі малпай. Замест адказу Маўглі выставіў уніз голую нагу і паварушыў гладкімі пальцамі якраз над галавой важака. Гэтага было дастаткова, і нават больш чым дастаткова, каб абудзіць тупую лютасць сабак. Тыя, у каго растуць валасы паміж пальцамі, не любяць, каб ім пра гэта напаміналі. Маўглі адхапіў нагу, калі важак падскочыў угору, і сказаў ласкава:

— Сабака, руды сабака! Вымятайся назад да сябе ў Дэкан есці яшчарак. Ідзі да свайго брата Чыкаі, сабака, сабака, руды сабака! У цябе поўсць паміж пальцамі! — І ён яшчэ раз паварушыў нагою.

— Спусціся ўніз, пакуль мы не замарылі цябе голадам, безвалосая малпа! — завыла чарада, а гэтага якраз і дамагаўся Маўглі.

Ён лёг, выцягнуўся ўздоўж сука і прытуліўся шчакою да кары, аслабаніў правую руку і хвілін пяць выдаваў сабакам усё, што ён пра іх ведае і думае: пра іх саміх, пра іхнія норавы і звычаі, пра іх сябровак і шчанят.

Няма на свеце мовы больш ядавітай і калючай, чым тая, на якой гаворыць Народ Джунгляў, калі хоча зняважыць і выказаць пагарду. Падумаўшы крыху, вы і самі зразумееце, чаму гэта так. Маўглі і сам гаварыў Каа, што ў яго назбіралася шмат калючак пад языком, і паступова, павольна, але дакладна ён давёў маўклівых сабак да таго, што яны забурчалі, потым забрахалі, потым хрыпла завылі, ажно захліпаючыся. Яны спрабавалі адказваць на яго кпіны, але гэта было ўсё адно, як калі б ваўчаня адказвала раз'юшанаму Каа. Увесь гэты час Маўглі трымаў правую руку сагнутай у локці, гатовы да дзеяння, а ногі моцна сціскалі сук. Вялікі цёмна-руды важак шмат разоў падскакваў у паветра, але Маўглі не спяшаўся, бо баяўся прамахнуцца. Нарэшце, ад лютасці перасягнуўшы самога сябе, важак падскочыў футаў на сем, на восем угору ад зямлі. Тады рука Маўглі ўскінулася, як галава змяі, што жыве на дрэвах, схапіла рудога сабаку за каршэнь, і сук затросся і сагнуўся пад яго цяжарам так, што Маўглі ледзь не зваліўся на зямлю. Але ён не разняў рукі і памаленьку ўсцягнуў рудога сабаку, які павіс, нібы дохлы шакал, да сябе на сук. Левай рукою Маўглі дастаў нож і, адсекшы руды калматы хвост, шпурнуў важака назад на зямлю.

Толькі гэтага і хацеў Маўглі. Цяпер сабакі не пабягуць па следзе Ванталы, пакуль не прыкончаць Маўглі або пакуль Маўглі не прыкончыць іх. Ён бачыў, як сабакі паселі ў кружок, дрыгаючы сцёгнамі, што азначала намер помсціць да смерці, і таму забраўся на развіліну, што знаходзілася трохі вышэй, прыхіліўся зручней спіной да дрэва і заснуў.

Гадзіны праз тры ці чатыры ён прачнуўся і палічыў сабак. Усе яны былі тут, маўклівыя, лютыя, бязлітасныя, з раз'юшанымі вачамі. Сонца ўжо заходзіла. Праз паўгадзіны Маленькі Народ Скалаў павінен быў закончыць дзённыя турботы, а, як вам вядома, Дзікія Сабакі кепска б'юцца ў змроку.

— Мне не патрэбны такія верныя вартаўнікі, — сказаў Маўглі, становячыся на суку, — але я гэтага не забуду. Вы сапраўдныя сабакі, толькі, як мне здаецца, занадта ж падобныя адзін на аднаго. Вось таму я і не аддам пажыральніку яшчарак яго хваста. Хіба ты не задаволены, руды сабака?

— Я сам выпушчу табе кішкі! — прахрыпеў важак, кусаючы ад злосці камель дрэва.

— Не, ты падумай, мудры пацук Дэкана: цяпер народзіцца многа куртатых рудых шчанят з чырвоным абрубкам замест хваста. Ідзі дадому, рыжы сабака, і крычы ўсюды, што гэта зрабіла малпа. Не хочаш? Тады хадзем са мною, і я навучу цябе розуму!

Ён пераскочыў, як малпа, на суседняе дрэва, і потым зноў на суседняе, і зноў, і зноў, а чарада бегла за ім, задзёршы прагныя пысы. Час ад часу ён рабіў выгляд, нібыта падае, і сабакі натыкаліся адзін на аднаго, спяшаючыся прыкончыць яго. Гэта было дзіўнае відовішча — хлопчык з нажом, які пабліскваў у промнях захаду, што пранікалі між верхніх галін, а ўнізе — маўклівая чарада рудых, нібы ахопленых агнём, сабак. Перабраўшыся на апошняе дрэва, Маўглі ўзяў часнок і як след нацёрся ім з галавы да пят, а сабакі пагардліва загарланілі:

— Малпа з воўчай моваю, ці не думаеш ты ўжо замесці свой след? Усё адно мы будзем гнаць цябе да смерці!

— Вазьмі свой хвост, — сказаў Маўглі і шпурнуў абрубак у бок, процілеглы таму, куды ён збіраўся бегчы.

Чарада адскочыла, пачуўшы пах крыві.

— А цяпер бяжыце за мною — да смерці!

Ён саслізнуў з дрэва і як віхор памчаўся да Пчаліных Скалаў, перш чым сабакі зразумелі, што ён збіраецца рабіць.

Яны глуха завылі і кінуліся бегчы нязграбнай, размашыстай рыссю, якая можа ўрэшце даканаць каго хочаш. Маўглі ведаў, што чарада сабак бяжыць куды больш павольна, чым воўчая чарада, інакш ён ніколі б не адважыўся на двухмільны прабег на вачах у сабак. Яны былі ўпэўнены, што хлопчык урэшце дастанецца ім, а ён быў упэўнены, што можа забаўляцца з імі, як хоча. Уся задача заключалася ў тым, каб трымаць чараду дастаткова блізка ззаду сябе і не даць ёй звярнуць убок раней часу. Ён бег спрытна, роўна і пругка, а за ім, менш чым за пяць крокаў, — куртаты важак. Уся ж чарада расцягнулася больш як на чвэрць мілі, страціўшы розум і аслепшы ад прагі крыві. Маўглі правяраў адлегласць на слых і зберагаў сілы напаследак, каб прамчацца па Пчаліных Скалах.

Маленькі Народ заснуў на самым змярканні, бо начныя кветкі ўжо не цвілі, але як толькі першыя крокі Маўглі затупацелі па гулкім грунце, ён пачуў такі шум, быццам пад ім загула ўся зямля. Тады ён пабег, як ніколі ў жыцці не бегаў, па дарозе спіхнуўшы нагой адну, другую, трэцюю кучкі камянёў у цёмныя, з салодкім пахам цясніны, пачуў гул, падобны на гул мора пад скляпеннем пячоры, убачыў краем вока, што паветра за ім пачарнела, убачыў плынь Вайнгангі далёка ўнізе і пляскатую трохвугольную галаву ў вадзе, скочыў уперад з усяе сілы і ўпаў у ваду-ратаўніцу, задыхаючыся і святкуючы перамогу. Ніводнага пчалінага ўкусу не было на яго целе, бо часнок адпудзіў Маленькі Народ на тыя некалькі секунд, калі Маўглі імчаўся па скалах.

Калі Маўглі вынырнуў, яго падтрымліваў Каа, а з выступу скалы падалі ў раку, як гіры, вялікія глыбы, аблепленыя пчоламі, і як толькі глыба дакраналася да вады, пчолы ўзляталі ўгору, а труп сабакі, кружачыся, плыў уніз па цячэнні. Над скаламі раз-пораз чуўся раз'юшаны брэх, які патанаў у гуле, падобным на гром, у гудзе крыльцаў Маленькага Народа Скалаў. Некаторыя сабакі зваліліся ў яры, якія злучаліся з падземнымі пячорамі, і там задыхаліся, біліся, ляскалі зубамі сярод абваленых сотаў і, нарэшце, ледзь жывыя, аблепленыя раямі пчол, выбягалі з якога-небудзь ходу да ракі, каб скаціцца ўніз, на чорныя груды смецця. Некаторыя ўпалі на дрэвы, што раслі на скалах, і пчолы абляпілі іх усіх чыста; але большасць, ашалеўшы ад пчаліных укусаў, кідаліся ў ваду, а Вайнганга, як сказаў Каа, была прагная рака.

Каа моцна трымаў Маўглі, пакуль хлопчык не аддыхаўся.

— Нам нельга заставацца тут, — сказаў Каа. — Маленькі Народ разваяваўся не на жарты. Паплывём!

Трымаючыся глыбока ў вадзе і ныраючы як мага часцей, Маўглі паплыў уніз па цячэнні з нажом у руцэ.

Амаль палова чарады ўбачыла пастку, у якую трапілі іх браты, крута павярнула ўбок і кінулася ў ваду там, дзе цясніна станавілася шырэйшаю і пераходзіла ў крутыя берагі. Іхні шалёны брэх і пагрозы «лясной малпе», якая давяла іх да такой ганьбы, змешваліся з выццём і гырканнем сабак, якіх караў Маленькі Народ. Заставацца на беразе пагражала смерцю, і ўсе сабакі зразумелі гэта. Чараду зносіла па цячэнні ўсё далей і далей, да Затокі Міру, але нават і туды сярдзіты Маленькі Народ ляцеў за сабакамі і заганяў іх у ваду.

Маўглі чуў голас бясхвостага важака, які загадваў сваім не адступаць і знішчыць усіх сіянійскіх ваўкоў.

— Хтосьці забівае ў цемры ззаду нас! — забрахаў адзін з сабак. — Вада тут памутнела!

Маўглі нырнуў, кінуўшыся ўперад, як выдра, зацягнуў сабаку пад ваду раней, чым той паспеў разявіць зяпу, і цёмныя, масляністыя плямы паплылі па Затоцы Міру, калі цела сабакі, перавярнуўшыся на бок, выплыла з вады. Сабакі хацелі павярнуць назад, але плынь зносіла іх уніз. Маленькі Народ джаліў у галовы і вушы, а покліч Сіянійскай Чарады гучаў усё мацней і мацней у надыходзячай цемры. Маўглі зноў нырнуў, і зноў адзін сабака пайшоў пад ваду і выплыў мёртвы, і зноў узняўся шум у тыле чарады — адны гарланілі, што лепш выйсці на бераг, другія патрабавалі, каб важак вёў іх назад у Дэкан, астатнія крычалі, каб Маўглі паказаўся ім і даў сябе забіць.

— Калі яны выходзяць біцца, дык становяцца ў два разы больш злосныя і крыклівыя, — сказаў Каа. — Астатняе зробяць твае браты там, унізе. Маленькі Народ паляцеў на начлег, і я таксама пайду адсюль. Я не памагаю ваўкам.

Па беразе прабег воўк на трох нагах; ён то прытанцоўваў, то прыпадаў бокам да зямлі, то выгінаў спіну і падскокваў футы на два ўгору, быццам забаўляўся са сваімі ваўчанятамі. Гэта быў чужынец Вантала. Ён ні разу не вымавіў ні слова, але не спыняў свае страшныя скокі на вачах у сабак.

Сабакі доўга прабылі ў вадзе і ледзьве плылі: іхнія шкуры намоклі і пацяжэлі, калматыя хвасты набрынялі, як губкі, а самі яны так стаміліся і аслабелі, што моўчкі пазіралі на два палаючыя вокі, што неадступна праводзілі іх.

— Кепскае гэта паляванне, — сказаў нарэшце адзін з сабак.

— Добрага палявання! — сказаў Маўглі. Ён смела выскачыў з вады побач з ім і ўсадзіў доўгі нож яму пад лапатку, ды так, што сабака нават не аскірзнуўся.

— Гэта ты, чалавек-воўк? — спытаў Вантала з берага.

— Запытайся ў мёртвых, Чужынец, — адказаў Маўглі. — Хіба яны не плывуць уніз па рацэ? Я ўволю накарміў гэтых сабак граззю, я ашукаў іх сярод белага дня, а іхні важак застаўся без хваста, але ўсё ж і на тваю долю яшчэ хопіць. Куды іх гнаць?

— Я пачакаю, — сказаў Вантала. — Уся доўгая ноч перада мною, там паглядзім.

Усё бліжэй і бліжэй чуўся брэх сіянійскіх ваўкоў:

— За Чараду, за ўсю Чараду мы прымаем бой!

І нарэшце лукавіна Вайнгангі вынесла рудых сабак на пяскі і водмелі насупраць Сіянійскіх Пячор.

Тут яны зразумелі сваю памылку. Ім трэба было выбрацца з вады раней і напасці на ваўкоў на беразе. Цяпер было занадта позна. Па ўсёй водмелі свяціліся палаючыя вочы, і, апрача страшнага пхіялу, што не сціхаў ад самага захаду сонца, у джунглях не чуваць было ні гуку. Збоку здавалася, быццам Вантала ўпрошвае сабак выйсці на бераг. І важак сабак крыкнуў ім:

— Павярніцеся і нападайце!

Уся чарада кінулася да берага, расплюхваючы і распырскваючы мелкую ваду, так што паверхня Вайнгангі закіпела пенаю і вялікія хвалі пайшлі па рацэ, быццам узнятыя параходам. Маўглі рынуўся ў бойку, калоў і рэзаў сабак, што, збіўшыся ў кучу, нібы хваля, павалілі на ўзбярэжны пясок.

І пачалася доўгая бітва.

Ваўкі біліся на мокрым чырвоным пяску, паміж пераблытанымі каранямі дрэў, у кустах, у гушчары травы, бо нават і цяпер сабак было двое на аднаго ваўка. Але ворагі-ваўкі біліся не на жыццё, а на смерць, і біліся не адны толькі шыракагрудыя, ікластыя паляўнічыя, але і ваўчыцы з дзікімі вачамі біліся за сваіх ваўчанят, а сям-там побач з імі і аднагадовае ваўчаня, яшчэ не пералінялае і ўсё кудлатае, таксама хапала зубамі і тузала ворага. Трэба вам сказаць, што воўк звычайна хапае за горла або за бок, а сабакі больш кусаюць за ногі, таму, пакуль сабакі валтузіліся ў вадзе і вымушаны былі высока трымаць галаву, перавага была на баку ваўкоў; на сушы ваўкам даводзілася туга, але і ў вадзе і на сушы нож Маўглі падымаўся і біў аднолькава.

Чацвёрка прабілася да Маўглі на дапамогу. Шэры Брат, прыпаўшы да каленяў хлопчыка, бараніў яго жывот, астатнія трое ахоўвалі яго спіну і бакі або стаялі над ім, калі раз'юшаны сабака, з выццём кідаючыся проста на нож, скачком збіваў Маўглі з ног. А далей усё змяшалася, збілася ў кучу, якая кідалася справа налева і злева направа па беразе. Адзін раз Маўглі мелькам бачыў Акелу: на яго з двух бакоў населі сабакі, а сам ён учапіўся бяззубымі сківіцамі ў сцягно трэцяга.

Ноч мінала, і шпаркі, галавакружны бег на месцы ўсё паскараўся. Сабакі прытаміліся і ўжо баяліся нападаць на дужэйшых ваўкоў, хоць яшчэ і не асмельваліся ратавацца ўцёкамі; але Маўглі адчуваў, што набліжаецца канец, і задавольваўся тым, што выводзіў сабак са строю. Аднагадовыя ваўкі цяпер нападалі смялей, можна было ўздыхнуць вальней, і ўжо адзін бляск нажа прымушаў сабак кідацца наўцёкі.

— Мяса абгрызена амаль да касцей! — прахрыпеў Шэры Брат.

— Але косці яшчэ трэба разгрызці, — адказаў яму Маўглі. — Вось як робіцца ў нас у джунглях! — Чырвонае лязо нажа слізганула, як полымя, па баку сабакі, сцёгны якога зніклі пад ваўком, што наваліўся на яго.

— Мая здабыча! — агрызнуўся воўк і зморшчыў нос. — Пакінь яе мне!

— Няўжо табе ўсё яшчэ мала, Чужынец? — сказаў Маўглі.

Вантала быў страшэнна пашматаны, але трымаў сабаку, нібы ў цісках, і той не мог паварушыцца.

— Клянуся буйвалам, што выкупіў мяне, — зларадна смеючыся, крыкнуў Маўглі, — гэта Куртаты!

І сапраўды, гэта быў вялікі цёмна-руды важак.

Адзін з сабак падскочыў на дапамогу важаку, але, перш чым яго зубы ўпіліся ў бок Ванталы, нож Маўглі ўжо тырчаў у яго грудзях, а Шэры Брат дакончыў астатняе.

— Вось як робіцца ў нас у джунглях! — сказаў Маўглі.

Вантала не адказаў ні слова, толькі сківіцы старога адзінца сціскаліся ўсё мацней і мацней, па меры таго як жыццё пакідала яго. Сабака ўздрыгнуў, апусціў галаву і замёр. Вантала замёр над ім.

— Цішэй! Доўг Крыві сплачаны! — сказаў Маўглі. — Праспявай сваю песню, Вантала!

— Ён больш не выйдзе на паляванне, — сказаў Шэры Брат. — І Акела таксама маўчыць, ужо даўно.

— Мы разгрызлі косці! — прагрымеў Пхао, сын Пхаоны. — Яны ўцякаюць! Забівайце, забівайце іх, Паляўнічыя Вольнага Народа!

Сабакі адзін за другім крадком разбягаліся з пацямнелых ад крыві водмеляў да ракі, у густыя джунглі, уверх па цячэнні або ўніз па цячэнні — туды, дзе дарога была свабодная.

— Доўг! Доўг! — крыкнуў Маўглі. — Плаціце Доўг! Яны забілі Акелу! Няхай ніводзін з іх не выйдзе адсюль жывы!

Ён памчаўся да берага з нажом у руцэ, каб не даць уцячы ніводнаму сабаку, які адважыўся б кінуцца ў раку. Але тут з-пад гары мёртвых целаў паказалася галава і пярэднія лапы Акелы, і Маўглі апусціўся перад ім на калені.

— Хіба я не казаў, што гэта будзе мой апошні бой? — прашаптаў Акела. — Слаўнае было паляванне. А як ты, Маленькі Брат?

— Я жывы, Акела…

— Хай будзе так. Я паміраю, і я хацеў бы… хацеў бы памерці бліжэй да цябе, Маленькі Брат.

Маўглі палажыў страшную, усю ў ранах, галаву Акелы сабе на калені і абхапіў рукамі яго скусаную шыю.

— Даўно мінулі часы, калі жывы быў Шэр-Хан, а чалавечае дзіцяня качалася голае ў пыле, — кашляючы, сказаў Акела.

— Не, не, я воўк! Я адной крыві з Вольным Народам! — усклікнуў Маўглі. — Не па сваёй волі я стаў чалавекам!

— Ты чалавек, Маленькі Брат, ваўчаня, узгадаванае мною. Ты чалавек, інакш Чарада ўцякала б ад Дзікіх Сабак. Табе я абавязаны жыццём, а сёння ты выратаваў усю Чараду, як я калісьці выратаваў цябе. Хіба ты не памятаеш? Цяпер сплачаны ўсе даўгі. Ідзі да свайго народа. Кажу табе яшчэ раз, зрэнка майго вока, паляванне скончана. Ідзі да свайго народа.

— Я не пайду. Я пачну хадзіць на паляванне ў джунглях адзін. Я ўжо казаў.

— Пасля лета прыходзяць дажджы, а пасля дажджоў — вясна. Ідзі, пакуль цябе не прымусяць пайсці. Ідзі да свайго народа. Ідзі да чалавека. Больш мне няма чаго табе сказаць. Цяпер буду гаварыць са сваімі. Маленькі Брат, можаш ты падняць мяне на ногі? Я ж таксама Важак Вольнага Народа.

Вельмі асцярожна і ласкава Маўглі аберуч абхапіў Акелу і падняў яго на ногі, а воўк глыбока ўздыхнуў і пачаў Песню Смерці, якую павінен спяваць кожны важак паміраючы. Песня станавілася ўсё больш і больш гучнай, гучала ўсё мацней і мацней, прагрымела далёка за ракой, а калі замоўкла апошняе «Добрага палявання!», Акела выслабаніўся на момант з рук Маўглі, падскочыў у паветра і ўпаў мёртвы на сваю апошнюю, страшную здабычу.

Маўглі сядзеў, звесіўшы галаву на калені, забыўшы пра ўсё, а тым часам апошняга з параненых сабак дагналі і прыкончылі бязлітасныя ваўчыцы. Паступова крыкі заціхлі, і ваўкі, кульгаючы, вярнуліся лічыць мёртвых. Пятнаццаць ваўкоў з Чарады, а з імі шэсць ваўчыц ляжалі мёртвыя каля ракі, і з усіх астатніх не было ніводнага, які б ні быў не паранены. Маўглі праседзеў усю ноч, да халоднага світанку. Вільготная ад крыві пыса Пхао легла яму на руку, і Маўглі адсунуўся, каб той мог бачыць распасцёртае цела Акелы.

— Добрага палявання! — сказаў Пхао, быццам Акела быў яшчэ жывы, а потым павярнуўся і кінуў цераз пакусанае плячо астатнім: — Выйце, сабакі! Сёння памёр Воўк!

Затое з усёй чарады рудых сабак, з двухсот паляўнічых Дэкана, якія выхваляліся тым, што нішто жывое ў джунглях не можа ім супраціўляцца, ніводзін не вярнуўся ў Дэкан з гэтай весткай.

Загрузка...