Нашэсце джунгляў

Вы, вядома, памятаеце, што Маўглі прыбіў шкуру Шэр-Хана да Скалы Рады і сказаў усім ваўкам, колькі іх засталося ад Сіянійскай Чарады, што з гэтага часу будзе хадзіць на паляванне ў джунглях адзін, а чацвёра ваўчанят Маці Ваўчыхі паабяцалі паляваць разам з ім. Але не так гэта лёгка адразу змяніць сваё жыццё, асабліва ў джунглях. Пасля таго як Чарада разбеглася хто куды, Маўглі перш за ўсё падаўся ў роднае логава і залёг спаць на ўвесь дзень і на ўсю ноч. Прачнуўшыся, ён расказаў Бацьку Ваўку і Маці Ваўчысе пра свае прыгоды сярод людзей роўна столькі, колькі яны маглі зразумець. Калі Маўглі пачаў забаўляцца перад імі са сваім паляўнічым нажом так, што ранішняе сонца пералівалася і паблісквала на яго лязе — гэта быў той самы нож, якім ён злупіў шкуру з Шэр-Хана, — ваўкі сказалі, што ён сяму-таму навучыўся. Пасля таго Акелу і Шэраму Брату давялося расказаць, як яны памагалі Маўглі гнаць буйвалаў па яры, і Балу ўскараскаўся на пагорак, каб паслухаць іх, а Багіра ажно чухалася ад асалоды пры думцы аб тым, як умела Маўглі ваяваў з тыграм.

Сонца даўно ўжо ўзышло, але ніхто і не думаў лажыцца спаць, а Маці Ваўчыха час ад часу задзірала галаву ўгору і радасна ўдыхала пах шкуры Шэр-Хана, які даносіўся ветрам са Скалы Рады.

— Калі б не Акела з Шэрым Братам, — сказаў пад канец Маўглі, — я нічога не змог бы зрабіць. О Маці Ваўчыха, каб ты толькі бачыла, як шэрыя буйвалы імчаліся па яры і як яны ламаліся ў вясковыя вароты, калі чалавечая чарада кідала ў мяне камянямі!

— Я рада, што не бачыла гэтага, — сурова сказала Маці Ваўчыха. — Не магу цярпець, каб маіх ваўчанят ганялі, як шакалаў! Я прымусіла б чалавечую чараду паплаціцца за гэта, але пашкадавала б жанчыну, якая карміла цябе малаком. Так, я пакінула б жыццё толькі ёй адной!

— Спакойна, спакойна, Ракша! — ляніва сказаў Бацька Воўк. — Наша Жабянятка зноў вярнулася да нас і так паразумнела, што родны бацька павінен лізаць яму пяткі. А хіба не ўсё роўна — адным шрамам на галаве больш ці менш? Дай чалавеку спакой.

І Балу з Багірай адгукнуліся, як рэха:

— Дай чалавеку спакой!

Маўглі паклаў галаву на бок Маці Ваўчыхі, задаволена ўсміхнуўся і сказаў, што і ён таксама не хоча больш ні бачыць, ні чуць ні голасу, ні паху чалавека.

— А што, калі людзі не дадуць табе спакою, Маленькі Брат? — сказаў Акела і прыўзняў адно вуха.

— Нас пяцёра, — сказаў Шэры Брат, азірнуўся на ўсіх, хто сядзеў побач, і ляснуў зубамі.

— Мы таксама маглі б прыняць удзел у паляванні, — сказала Багіра, варушачы хвастом і пазіраючы на Балу. — Але дзеля чаго нам думаць цяпер пра чалавека, Акела?

— А вось дзеля чаго, — адказаў воўк-адзінец. — Пасля таго як шкуру гэтага жоўтага злодзея павесілі на Скале Рады, я пайшоў назад да вёскі па нашых слядах; каб заблытаць іх на той выпадак, калі за намі хто-небудзь пагоніцца, я ступаў у свае сляды, а часам зварочваў убок і лажыўся. Але калі я заблытаў след так, што і сам не мог бы ў ім разабрацца, прыляцеў кажан Манг і пачаў кружыць нада мною. Ён сказаў: «Вёска чалавечай чарады, адкуль прагналі Маўглі, гудзе, як асінае гняздо».

— Гэта таму, што я кінуў туды вялікі камень, — пасміхаючыся, сказаў Маўглі, які часта забаўляўся тым, што шпурляў спелыя папавы ў асінае гняздо, а пасля кідаўся бягом да бліжэйшай затокі, каб восы, чаго добрага, яго не дагналі.

— Я запытаўся ў кажана, што ён бачыў. Ён сказаў, што перад вясковымі варотамі цвіце Чырвоная Кветка і людзі сядзяць вакол яе са стрэльбамі. Я кажу нездарма: я ж ведаю з вопыту, — тут Акела зірнуў на старыя шрамы на сваіх баках, — што людзі носяць стрэльбы не для пацехі. Хутка, Маленькі Брат, чалавек са стрэльбай пойдзе па нашым следзе.

— Але навошта? Людзі прагналі мяне. Што ім яшчэ трэба? — сярдзіта спытаў Маўглі.

— Ты чалавек, Маленькі Брат, — запярэчыў Акела. — Не нам, Вольным Паляўнічым, гаварыць табе, што і навошта робяць твае браты.

Ён ледзь паспеў адхапіць лапу, як паляўнічы нож глыбока ўпіўся ў зямлю на тым месцы, дзе яна ляжала. Маўглі кінуў нож так шпарка, што за ім не ўсачыла б вока чалавека, але Акела быў воўк, а нават сабака, якому далёка да дзікага ваўка, яго прапрадзеда, можа прачнуцца ў час моцнага сну, калі кола калёсаў злёгку дакранецца да яго, і адскочыць убок, перш чым кола наедзе на яго.

— Другі раз, — спакойна сказаў Маўглі, засоўваючы нож у ножны, — не гавары пра чалавечую чараду, калі гаворыш з Маўглі.

— Пфф! Зуб востры, — сказаў Акела, абнюхваючы ямку, што пакінуў нож у зямлі, — ды толькі жыццё ў чалавечай чарадзе пашкодзіла твайму воку, Маленькі Брат. Я паспеў бы забіць аленя, пакуль ты замахваўся.

Багіра раптам падхапілася, выцягнула шыю ўперад, панюхала паветра і ўся напружылася. Шэры Брат тут жа паўтарыў усе яе рухі, павярнуўшыся крыху ўлева, каб улавіць вецер, які дзьмуў справа. Акела ж адскочыў крокаў на пяцьдзесят у бок ветру, прысеў і таксама ўвесь напружыўся. Маўглі глядзеў на іх з зайздрасцю. Нюх у яго быў такі, які рэдка сустракаецца ў людзей, але гэтаму нюху не хапала той надзвычайнай тонкасці, якая ўласціва кожнаму носу ў джунглях, а за тры месяцы жыцця ў дымнай вёсцы нюх яго моцна прытупіўся. Тады ён намачыў палец, пацёр ім нос і выпрастаўся, каб улавіць вецер верхнім нюхам, які сама дакладны.

— Чалавек! — прабурчаў Акела, сядаючы на заднія лапы.

— Балдзео! — сказаў Маўглі і сеў. — Ён ідзе па нашым следзе. А вунь і сонца блішчыць на яго стрэльбе. Глядзіце!

Сонца толькі бліснула на долю секунды на медных дужках старога мушкета, але нішто ў джунглях не дае такой успышкі святла, хіба толькі калі воблакі бягуць па небе. Тады лускавінка слюды, маленькая лужынка і нават бліскучы ліст зіхацяць, як геліёграф. Але дзень быў бязвоблачны і ціхі.

— Я ведаў, што людзі пагоняцца за намі, — урачыста сказаў Акела. — Нездарма я быў Важаком Чарады.

Чацвёра ваўкоў Маўглі, не сказаўшы нічога, апусціліся на зямлю, папаўзлі ўніз з узгорка і раптам зніклі, быццам расталі сярод цярноўніку і зялёнага зарасніку.

— Скажыце спачатку, куды вы ідзяце? — аклікнуў іх Маўглі.

— Ш-ш! Мы прыкоцім сюды яго чэрап яшчэ да поўдня! — абазваўся Шэры Брат.

— Назад! Назад! Стойце! Чалавек не есць чалавека! — крыкнуў Маўглі.

— А хто быў толькі што ваўком? Хто кінуў у мяне нажом за тое, што яго назвалі чалавекам? — сказаў Акела.

Але ўся чацвёрка паслухалася і панура павярнула назад.

— Няўжо я павінен тлумачыць вам, чаму я раблю тое ці іншае? — раззлавана спытаў Маўглі.

— Вось вам чалавек! Гэта гаворыць чалавек! — прабурчала Багіра сабе ў вусы. — Вось гэтак жа гаварылі людзі вакол княжацкага звярынца ва Ўдайпуры. Нам у джунглях даўно вядома, што чалавек разумнейшы за ўсіх. А калі б мы верылі сваім вушам, дык ведалі б, што ён дурнейшы за ўсіх на свеце. — І, узвысіўшы голас, яна дадала: — На гэты раз дзіцяня кажа правільна: людзі выйшлі на паляванне чарадой. Кепскае гэта паляванне — забіваць аднаго, калі мы не ведаем, што збіраюцца рабіць астатнія. Пойдзем паглядзім, чаго хоча ад нас гэты чалавек.

— Мы не пойдзем, — забурчаў Шэры Брат. — Ідзі на паляванне адзін, Маленькі Брат! Хто-хто, а мы ведаем, чаго хочам! Мы б даўно прынеслі сюды чэрап.

Маўглі абвёў позіркам усіх сваіх сяброў. Грудзі яго цяжка ўзнімаліся, а вочы былі поўныя слёз. Ён зрабіў крок уперад, упаў на адно калена і сказаў:

— Хіба я не ведаю, чаго хачу? Зірніце на мяне!

Яны неахвотна зірнулі на Маўглі, потым адвялі вочы ўбок, але ён зноў прымусіў іх глядзець сабе ў вочы, пакуль поўсць не паднялася на іх дыбам і яны не задрыжалі ўсім целам, а Маўглі ўсё глядзеў ды глядзеў.

— Ну, дык хто ж важак з нас пяці? — сказаў ён.

— Ты важак, Маленькі Брат, — адказаў Шэры Брат і лізнуў Маўглі нагу.

— Тады ідзіце за мной, — сказаў Маўглі.

І ўся чацвёрка, падцяўшы хвасты, паплялася за ім па пятах.

— Вось што бывае ад жыцця ў чалавечай чарадзе, — сказала Багіра, нячутна спускаючыся па ўзгорку ўслед за імі. — Цяпер у джунглях не адзін Закон, Балу.

Стары мядзведзь не адказаў нічога, але падумаў шмат аб чым.

Маўглі бясшумна прабіраўся па лесе, перасякаў яго пад прамым вуглом да той дарогі, якою ішоў Балдзео. Нарэшце, рассунуўшы кусты, ён убачыў старога з мушкетам на плячы: ён па-сабачы трухаў па старым двухдзённым следзе.

Вы памятаеце, што Маўглі пайшоў ад вёскі з цяжкай шкурай Шэр-Хана на плячах, а за ім беглі Акела і Шэры Брат, так што след быў вельмі выразны. Неўзабаве Балдзео падышоў да таго месца, дзе Акела павярнуў назад і заблытаў след. Тут Балдзео сеў на зямлю, доўга кашляў і бурчаў, потым пачаў гойсаць наўкол, стараючыся зноў натрапіць на след, а ў гэты час тыя, што назіралі за ім, былі гэтак блізка, што ён мог бы пацэліць у іх каменем. Ніводзін звер не можа рухацца гэтак ціха, як воўк, калі ён не хоча, каб яго чулі, а Маўглі, хоць ваўкі лічылі яго вельмі нязграбным, таксама ўмеў з'яўляцца і знікаць, нібы цень. Яны акружылі старога паляўнічага кальцом, як чарада дэльфінаў акружае параход, калі той плыве поўным ходам, і размаўлялі смела, бо іхняя мова пачынаецца ніжэй сама нізкай ноты, якую можа ўлавіць нязвыклае вуха чалавека. На другім канцы рада знаходзіцца найтанчэйшы піск кажана, якога многія людзі не чуюць зусім. З гэтай ноты пачынаецца гаворка ўсіх птушак, кажаноў і насякомых.

— Гэта лепш за ўсякае іншае паляванне, — сказаў Шэры Брат, калі Балдзео нагнуўся, сапучы і штосьці разглядаючы. — Ён падобны на свінню, якая заблудзілася ў джунглях каля ракі. Што ён гаворыць?

Балдзео штосьці сярдзіта мармытаў.

Маўглі растлумачыў:

— Ён кажа, што навокал мяне, мусіць, скакала цэлая гайня ваўкоў. Кажа, што ніколі ў жыцці не бачыў гэткага следу. Кажа, што вельмі стаміўся.

— Ён адпачне, перш чым зноў знойдзе след, — абыякава сказала Багіра, не перастаючы гуляць у хованкі і падкрадвацца з-за ствалоў дрэў.

— А цяпер што робіць гэты бядак?

— Збіраецца есці або пускаць дым з рота. Людзі ўвесь час што-небудзь робяць ротам, — сказаў Маўглі.

Маўклівыя следапыты ўбачылі, як стары натаптаў тытуню ў люльку, прыпаліў і пачаў паліць. Яны пастараліся як след запомніць пах тытуню, каб потым пазнаць Балдзео нават у сама цёмную ноч.

Затым па сцежцы прайшлі вугальшчыкі і, вядома, спыніліся пагаманіць з Балдзео, які лічыўся найпершым паляўнічым у гэтых мясцінах. Усе яны паселі ў кружок і запалілі, а Багіра і астатнія падышлі бліжэй і глядзелі на іх, пакуль Балдзео расказваў ад пачатку да канца, з дадаткамі і выдумкамі, усю гісторыю Маўглі, хлопчыка-пярэваратня. Як ён, Балдзео, забіў Шэр-Хана і як Маўглі перакінуўся ў ваўка і біўся з ім цэлы дзень, а пасля зноў зрабіўся хлопчыкам і зачараваў стрэльбу Балдзео, так што, калі ён прыцэліўся ў Маўглі, куля павярнула ўбок і забіла аднаго з буйвалаў Балдзео; і як вёска паслала Балдзео, сама смелага паляўнічага ў Сіянійскіх гарах, забіць ваўка-пярэваратня. А Месуа з мужам, бацькі пярэваратня, сядзяць пад замком у сваёй хаціне, і хутка іх пачнуць катаваць, каб яны прызналіся ў вядзьмарстве, а потым спаляць на вогнішчы.

— Калі? — спыталі вугальшчыкі, якім таксама вельмі хацелася паглядзець на гэтую цырымонію.

Балдзео сказаў, што, пакуль ён не вернецца, нічога рабіць не будуць: у вёсцы хочуць, каб ён спачатку забіў ляснога хлопчыка. Пасля гэтага яны расправяцца з Месуяй і з яе мужам і падзеляць паміж сабою іх зямлю і буйвалаў.

А буйвалы ў мужа Месуі, дарэчы кажучы, вельмі добрыя. Ведзьмаў і чараўнікоў лепш за ўсё забіваць, гаварыў Балдзео, а такія людзі, якія бяруць прыёмышамі ваўкоў-пярэваратняў з лесу, і ёсць сама ліхія ведзьмары.

Вугальшчыкі баязліва азіраліся па баках, удзячныя лёсу за тое, што ім не давялося бачыць пярэваратня; аднак яны не сумняваліся, што гэтакі храбрэц, як Балдзео, знойдзе пярэваратня хутчэй за любога іншага.

Сонца апусцілася ўжо даволі нізка, і вугальшчыкі парашылі ісці ў тую вёску, дзе жыў Балдзео, паглядзець на ведзьму і чараўніка. Балдзео сказаў, што, вядома, ён павінен застрэліць хлопчыка-пярэваратня, але ён і думаць не хоча пра тое, каб няўзброеныя людзі ішлі адны праз джунглі, дзе воўк-пярэварацень можа сустрэцца ім у любую хвіліну. Ён сам іх праводзіць, і калі сын вядзьмаркі сустрэнецца ім, яны пабачаць, як найпершы тутэйшы паляўнічы з ім расправіцца. Жрэц даў яму такі амулет супраць пярэваратня, што баяцца няма чаго.

— Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? — раз-пораз пыталіся ваўкі.

А Маўглі тлумачыў, пакуль не дайшло да ведзьмароў, што было для яго не зусім зразумела, і тады ён сказаў, што мужчына і жанчына, якія былі такія добрыя да яго, злоўлены ў пастку.

— Хіба людзі ловяць людзей? — спытаў Шэры Брат.

— Так ён кажа. Я штосьці не разумею. Усе яны, мусіць, проста пашалелі. Навошта спатрэбілася садзіць у пастку Месую з мужам і што ў іх агульнага са мною? І дзеля чаго ўся гэтая гаворка пра Чырвоную Кветку? Трэба падумаць. Што б яны ні збіраліся рабіць з Месуяй, яны нічога не пачнуць, пакуль не вернецца Балдзео. Так, значыцца… — І Маўглі глыбока задумаўся, пры гэтым ён пастукваў пальцамі па тронках нажа.

А Балдзео і вугальшчыкі храбра рушылі ў дарогу, хаваючыся адзін за аднаго.

— Я зараз жа іду да чалавечай чарады, — сказаў нарэшце Маўглі.

— А гэтыя? — спытаў Шэры Брат, прагна пазіраючы на смуглыя спіны вугальшчыкаў.

— Правядзіце іх з песняю, — сказаў Маўглі з ухмылкай. — Я не хачу, каб яны былі каля вясковых варотаў раней, чым сцямнее. Можаце вы затрымаць іх?

Шэры Брат з пагардай ашчэрыў белыя зубы:

— Мы можам без канца вадзіць іх кругам, усё кругам, як коз на прывязі!

— Гэтага мне не трэба. Паспявайце ім крыху, каб яны не сумавалі ў дарозе. Няхай сабе песня будзе і не надта вясёлая, Шэры Брат. Ты таксама ідзі з імі, Багіра, і падпявай ім. А як настане ноч, сустракайце мяне каля вёскі — Шэры Брат ведае месца.

— Нялёгкая гэта работа — быць загоншчыкам для дзіцяняці. Калі ж я высплюся? — сказала Багіра пазяхаючы, хоць па вачах было відаць, як яна рада гэтак пацешыцца. — Я павінна спяваць для нейкіх безвалосых! Што ж, паспрабуем!

Пантэра нагнула галаву, каб яе голас разлёгся па ўсім лесе, і пачулася працяглае-працяглае «Добрага палявання!» — начны кліч сярод белага дня, даволі страшны для пачатку. Маўглі паслухаў, як гэты кліч пракаціўся па джунглях, то ўзмацняючыся, то заціхаючы, і замёр дзесьці ў яго за спіной на сама тужлівай ноце, і ўсміхнуўся, бегучы лесам. Ён бачыў, як вугальшчыкі збіліся ў гурт, як задрыжала стрэльба старога Балдзео, нібы бананавы ліст на ветры. Потым Шэры Брат правыў: «Йа-ла-хі! Йа-ла-хі!» — паляўнічы покліч, які гучыць, калі Чарада гоніць перад сабою нільгау — вялікую шэрую антылопу.

Гэты покліч, здавалася, ішоў з усіх канцоў лесу адразу і чуўся ўсё бліжэй і бліжэй, пакуль нарэшце не абарваўся побач, зусім блізка, на сама пранізлівай ноце. Астатнія тры ваўкі падхапілі яго, так што нават Маўглі мог бы прысягнуць, што ўся Чарада гоніць дзічыну па гарачым следзе. А потым усе чацвёра заспявалі цудоўную ранішнюю Песню Джунгляў, з усімі трэлямі, пералівамі і пераходамі, якія ўмее выводзіць магутнае воўчае горла.

Ніякі пераказ не можа перадаць ні ўражання ад гэтай песні, ні насмешку, якую надалі ваўкі кожнай ноце, пачуўшы, як затрашчалі сукі, калі вугальшчыкі ад страху палезлі на дрэвы, а Балдзео пачаў мармытаць замовы і заклінанні. Потым ваўкі палеглі і заснулі, бо вялі правільны распарадак жыцця, як і ўсе, хто жыве са свае працы: не выспішся — не папрацуеш як след.

Тым часам Маўглі пакідаў за сабой мілю за міляй, прабягаючы па дзевяць міляў за гадзіну, і радаваўся, што ані не аслабеў пасля столькіх месяцаў жыцця сярод людзей. У яго галаве засела адна толькі думка: выручыць Месую з мужам з пасткі, якая б яна ні была, — ён асцерагаўся любых пастак. Пасля гэтага, абяцаў сабе Маўглі, ён расквітаецца і з усёй вёскай.

Ужо апусціўся змрок, калі ён убачыў знаёмую пашу і дрэва дхак, пад якім чакаў яго Шэры Брат у тую раніцу, як Маўглі забіў Шэр-Хана. Які ні злосны быў ён на ўсіх людзей, усё ж пры першым позірку на вясковыя стрэхі ў яго заняло дух. Ён прыкмеціў, што ўсе вярнуліся з поля раней часу і, замест таго каб узяцца за прыгатаванне вячэры, сабраліся натоўпам пад вясковай смакоўніцай, адкуль чуліся гоман і крык.

— Людзям абавязкова трэба ставіць пасткі для іншых людзей, а без гэтага яны ўсё будуць незадаволены, — сказаў Маўглі. — Дзве ночы назад яны лавілі Маўглі, а зараз мне здаецца, што гэтая ноч была многа дажджоў назад. Сёння чарга Месуі з мужам. А заўтра, і паслязаўтра, і на шмат начэй пасля таго зноў надыдзе чарга Маўглі.

Ён прапоўз пад агароджай і, дабраўшыся да хаціны Месуі, зазірнуў у акно. У пакоі ляжала Месуа, звязаная па руках і нагах, і стагнала, цяжка дыхаючы; яе муж быў прывязаны рамянямі да страката размаляванага ложка. Дзверы хаціны, што выходзілі на вуліцу, былі моцна падпёрты, і тры ці чатыры чалавекі сядзелі, прыхіліўшыся да іх спіной.

Маўглі вельмі добра ведаў норавы і звычаі вёскі. Ён сцяміў, што, пакуль людзі ядуць, кураць і размаўляюць, нічога іншага яны рабіць не будуць; але пасля таго, як яны паядуць, іх трэба асцерагацца. Хутка вернецца і Балдзео, і калі яго павадыры добра саслужылі сваю службу, яму будзе пра што расказаць. Хлопчык залез у акно, нагнуўся над мужчынам і жанчынай і разрэзаў рамяні, што звязвалі іх, дастаў затычкі з рота і пашукаў, ці няма ў хаціне малака.

— Я ведала, я ведала, што ён прыйдзе! — заплакала Месуа. — Цяпер я ведаю пэўна, што ён мой сын. — І яна прытуліла Маўглі да грудзей.

Да гэтай хвіліны Маўглі быў зусім спакойны, але тут ён увесь задрыжаў і сам невыказна здзівіўся гэтаму.

— Для чаго гэтыя рамяні? За што яны звязалі цябе? — спытаў ён, памаўчаўшы.

— Каб пакараць за тое, што мы ўзялі цябе сынам, за што ж яшчэ? — сказаў муж сярдзіта. — Паглядзі — я ўвесь у крыві.

Месуа нічога не сказала, але Маўглі зірнуў на яе раны, і муж з жонкай пачулі, як ён скрыгатнуў зубамі.

— Чыя гэта работа? — спытаў ён. — За гэта яны паплацяцца!

— Гэта работа ўсёй вёскі. Мяне лічылі багацеем. У мяне было шмат жывёлы. Мы з ёю ведзьмакі, таму што далі табе прытулак.

— Я не разумею! Няхай раскажа Месуа.

— Я карміла цябе малаком, Натху, ты памятаеш? — нясмела спытала Месуа. — Таму што ты мой сын, якога схапіў тыгр, і таму што я моцна цябе люблю. Яны кажуць, што я твая маці, маці пярэваратня, і за гэта павінна памерці.

— А што такое пярэварацень? — спытаў Маўглі. — Смерць я ўжо бачыў.

Муж панура зірнуў на яго спадылба, але Месуа засмяялася.

— Бачыш? — сказала яна мужу. — Я ведала, я табе гаварыла, што ён не вядзьмар. Ён мой сын, мой сын!

— Сын ці вядзьмар — якая нам з гэтага карысць? — адказаў муж. — Цяпер мы з табою ўсё роўна што памерлі.

— Вунь там ідзе дарога праз джунглі, — паказаў Маўглі ў акно. — Рукі і ногі ў вас развязаны. Ідзіце адсюль.

— Мы не ведаем джунгляў, сын мой, так, як… як ты іх ведаеш, — пачала Месуа. — Мне не адысціся далёка.

— А людзі пагоняцца за намі і зноў прывядуць нас сюды, — сказаў яе муж.

— Гм! — сказаў Маўглі, водзячы кончыкам паляўнічага нажа па сваёй далоні. — Пакуль што я не хачу ліха нікому ў гэтай вёсцы. Не думаю, аднак, што цябе запыняць. Міне яшчэ крышку часу — і ў іх знойдзецца пра што падумаць. Ага! — ён узняў галаву і прыслухаўся да крыкаў і беганіны за дзвярамі. — Нарэшце яны адпусцілі Балдзео дадому!

— Яго паслалі раніцай забіць цябе, — сказала Месуа. — Хіба ты яго не сустрэў?

— Ага, Мы… я сустрэў яго. Яму ёсць пра што расказаць. А пакуль ён гаворыць, можна шмат што зрабіць. Але спачатку трэба даведацца, чаго яны хочуць. Падумайце, куды вам лепш пайсці адгэтуль, і скажыце мне, як я вярнуся.

Ён выскачыў праз акно і зноў пабег, хаваючыся пад вясковай сцяной, пакуль яму не стаў чуваць гоман натоўпу, што сабраўся пад смакоўніцай.

Балдзео кашляў і стагнаў, лежачы на зямлі, а ўсе астатнія абступілі яго і распытвалі. Валасы ў яго раскудлаціліся, рукі і ногі ён паабдзіраў, залазячы на дрэва, і ледзь мог гаварыць, але затое вельмі добра разумеў усю значнасць свайго становішча.

Час ад часу ён пачынаў гаварыць штосьці пра пявучых чарцей, пярэваратняў і вядзьмарства толькі для таго, каб распаліць цікаўнасць і намякнуць натоўпу, пра што ён будзе расказваць. Потым папрасіў вады.

— Так! — сказаў Маўглі. — Словы і словы! Адна балбатня! Людзі — крэўныя браты малпаў. Спачатку ён будзе паласкаць рот вадой, потым паліць, а зрабіўшы ўсё гэта, пачне расказваць. Ну і дурні гэтыя людзі! Яны не паставяць нікога пільнаваць Месую, пакуль Балдзео тлуміць ім галовы сваімі байкамі. І я раблюся гэткім жа гультаём!

Ён страпянуўся і праслізнуў назад да хаціны. Ён ужо быў пад акном, калі адчуў, што нехта лізнуў яму нагу.

— Маці, — сказаў ён, пазнаўшы Ваўчыху, — што тут робіш ты?

— Я пачула, як мае дзеці спяваюць у лесе, і пайшла за тым, каго люблю больш за ўсіх. Жабянятка, я хачу бачыць жанчыну, якая карміла цябе малаком, — сказала Маці Ваўчыха, уся мокрая ад расы.

— Яе звязалі і хочуць забіць. Я разрэзаў рамяні, і яна з мужам пойдзе адсюль праз джунглі.

— Я таксама правяду іх. Я старая, але яшчэ не зусім бяззубая. — Маці Ваўчыха стала на заднія лапы і заглянула праз акно ў цёмную хаціну.

Потым яна бясшумна апусцілася на ўсе чатыры лапы і сказала толькі:

— Я першая карміла цябе малаком, але Багіра кажа праўду: чалавек у рэшце рэшт ідзе да чалавека.

— Магчыма, — сказаў Маўглі вельмі панура, — толькі я зараз далёкі ад гэтай дарогі. Пачакай тут, але не паказвайся ёй.

— Ты ніколі мяне не баялася, Жабянятка, — сказала Маці Ваўчыха.

Яна адступіла на крок назад і знікла ў высокай траве — гэта яна ўмела рабіць вельмі добра.

— А цяпер, — весела сказаў Маўглі, зноў скокнуўшы ў акно, — усе сабраліся вакол Балдзео, і ён расказвае тое, чаго не было. А калі ён скончыць, яны абавязкова прыйдуць сюды з Чырвонай… з агнём і спаляць вас абаіх. Што ж рабіць?

— Мы пагаварылі з мужам, — сказала Месуа. — Да Канхівары адсюль трыццаць міляў. Калі мы дабяромся туды сёння, мы будзем жыць. Калі не — памром.

— Вы будзеце жыць. Ніводзін чалавек не выйдзе сёння за вароты. Але што гэта ён робіць?

Муж Месуі, стоячы на карачках, гроб зямлю ў кутку хаціны.

— Там у яго грошы, — сказала Месуа. — Больш мы нічога не можам узяць з сабою.

— Ах, так! Гэта тое, што пераходзіць з рук у рукі і не становіцца цяплейшым. Хіба яно бывае патрэбна і ў іншых месцах?

Муж сярдзіта азірнуўся.

— Які ён пярэварацень? Ён проста дурань! — прабурчаў ён. — За гэтыя грошы я магу купіць каня. Нас так збілі, што мы не зойдзем далёка, а вёска пагоніцца за намі.

— Кажу вам, што не пагоніцца, я гэтага не дазволю, але конь — гэта добра, бо Месуа знясілена.

Яе муж устаў, завязваючы ў пояс апошнюю рупію. Маўглі дапамог Месуі вылезці праз акно, і халаднаватае начное паветра ажывіла яе. Але джунглі пры святле зорак здаліся ёй вельмі цёмнымі і страшнымі.

— Вы ведаеце дарогу ў Канхівару? — прашаптаў Маўглі.

Яны кіўнулі.

— Добра. Помніце ж, што баяцца няма чаго. І спяшацца таксама не трэба. Толькі… толькі ў джунглях ззаду вас і наперадзе вас вы, магчыма, пачуеце спевы.

— Няўжо ты думаеш, што мы асмеліліся б пайсці ноччу ў джунглі, калі б не баяліся, што нас спаляць? Лепш няхай нас разарвуць звяры, чым заб'юць людзі, — сказаў муж Месуі.

Але сама Месуа паглядзела на Маўглі і ўсміхнулася.

— Кажу вам, — гаварыў далей Маўглі, быццам ён быў мядзведзь Балу і соты раз паўтараў няўважліваму ваўчаняці старажытны Закон Джунгляў, — кажу вам, што ні адзін зуб у джунглях не ашчэрыцца супраць вас, ні адна лапа ў джунглях не падымецца на вас. Ні чалавек, ні звер не запыняць вас, пакуль вы не ўбачыце Канхівару. Вас будуць ахоўваць. — Ён шпарка павярнуўся да Месуі са словамі: — Муж твой не верыць мне, але ты паверыш?

— Так, вядома, сын мой. Чалавек ты ці воўк з джунгляў, але я табе веру.

— Ён спалохаецца, калі пачуе спевы майго народа. А ты пазнаеш і ўсё зразумееш. Ідзіце ж і не спяшайцеся, бо спяшацца няма патрэбы: вароты зачынены.

Месуа кінулася з плачам да ног Маўглі, але ён хуценька падняў яе, сам увесь калоцячыся. Тады яна павісла ў яго на шыі і называла ўсімі ласкавымі імёнамі, якія толькі прыйшлі ёй на памяць. Яны пайшлі ў бок джунгляў, і Маці Ваўчыха выскачыла са сваёй засады.

— Правядзі іх! — сказаў Маўглі. — І глядзі, каб усе джунглі ведалі, што іх няможна чапаць. Падай голас, а я паклічу Багіру.

Глухое, працяглае выццё пачулася і замерла, і Маўглі ўбачыў, як муж Месуі ўздрыгнуў і павярнуўся, гатовы ўцякаць назад да хаціны.

— Ідзі, ідзі! — падбадзёрыў яго Маўглі. — Я ж сказаў, што вы пачуеце песню. Яна вас будзе праводзіць да самай Канхівары. Гэта — Ласка Джунгляў.

Месуа падштурхнула свайго мужа ўперад, і цемра спусцілася над імі і Ваўчыхай, як раптам Багіра выскачыла ледзь не з-пад ног Маўглі.

— Мне сорамна за тваіх братоў! — сказала яна муркаючы.

— Як гэта? Хіба яны кепска спявалі для Балдзео? — спытаў Маўглі.

— Занадта хораша! Занадта! Яны нават мяне змусілі забыцца на ўсякі гонар, і, клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне, я бегала па джунглях і спявала, нібыта ўвесну. Хіба ты нас не чуў?

— У мяне быў іншы клопат. Спытай лепш у Балдзео, ці спадабалася яму песня. Але дзе ж уся чацвёрка? Я хачу, каб ніводзін з чалавечай чарады не выйшаў сёння за вароты.

— Дык навошта табе чацвёрка? — сказала Багіра. Пазіраючы на яго палаючымі вачамі, яна пераступала з нагі на нагу і мурлыкала ўсё мацней. — Я магу затрымаць іх, Маленькі Брат. Гэтыя спевы і людзі, што караскаліся на дрэвы, распалілі мяне. Я гналася за імі цэлы дзень — пры святле сонца, у самы поўдзень. Я пільнавала іх, як ваўкі пільнуюць аленяў. Я Багіра, Багіра, Багіра! Я скакала з імі, як скачу са сваім ценем. Глядзі!

І вялікая пантэра падскочыла, як кацяня, і пагналася за лістком, што падаў з дрэва; яна біла па паветры лапамі то ўправа, то ўлева, і паветра свістала пад яе ўдарамі, потым бясшумна стала на ўсе чатыры лапы, зноў падскочыла ўгору, і зноў, і зноў, і яе вуркатанне і бурчанне рабіліся ўсё мацнейшымі і мацнейшымі, як спяванне пары ў катле, што закіпае на агні.

— Я Багіра — сярод джунгляў, сярод ночы! — і мая сіла ўся са мною! Хто вытрымае мой націск? Дзіцяня, адным ударам лапы я магла б размажджэрыць табе галаву, і яна стала б пляскатай, як дохлая жаба ў летнюю спёку!

— Што ж, бі! — сказаў Маўглі на мове вёскі, а не на мове джунгляў.

І чалавечыя словы адразу спынілі Багіру. Яна адскочыла назад і, уся калоцячыся, прысела на заднія лапы, так што яе галава апынулася на адным узроўні з галавою Маўглі. І зноў Маўглі пачаў глядзець, як глядзеў на непакорных ваўчанят, проста ў зялёныя, як смарагд, вочы, пакуль у глыбіні зялёных зрэнкаў не пагас чырвоны агонь, як гасне агонь на маяку, пакуль пантэра не адвяла позірку. Яе галава апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, і нарэшце чырвоная тарка языка драпнула нагу Маўглі.

— Багіра, Багіра, Багіра! — шаптаў хлопчык, настойліва і лёгка пагладжваючы шыю і дрыготкую спіну. — Супакойся, супакойся! Гэта ноч вінаватая, а зусім не ты!

— Гэта ўсё начныя пахі, — сказала Багіра. Яна апамяталася. — Паветра быццам кліча мяне. Але адкуль ты гэта ведаеш?

Паветра вакол індыйскай вёскі напоена ўсякімі пахамі, а для звера, які прывык чуць і думаць носам, пахі азначаюць тое самае, што музыка або віно для чалавека.

Маўглі яшчэ некалькі хвілін супакойваў пантэру, і нарэшце яна легла, як кошка перад агнём, склаўшы лапы пад грудзьмі і прыжмурыўшы вочы.

— Ты наш і не наш, з джунгляў і не з джунгляў, — сказала яна нарэшце. — А я толькі чорная пантэра. Але я люблю цябе, Маленькі Брат.

— Яны штосьці доўга гамоняць пад дрэвам, — сказаў Маўглі, не зважаючы на яе апошнія словы. — Балдзео, мабыць, расказаў ім не адну гісторыю. Яны хутка прыйдуць для таго, каб выцягнуць гэтую жанчыну з мужам з пасткі і кінуць іх у Чырвоную Кветку. І ўбачаць, што пастка апусцела. Хо-хо!

— Не, паслухай, — сказала Багіра. — Няхай яны знойдуць там мяне! Мала хто асмеліцца выйсці з дому, пасля таго як пабачыць мяне. Не ўпершыню мне сядзець у клетцы, і наўрад каб ім удалося звязаць мяне вяроўкамі.

— Ну, дык будзь разумніцай! — сказаў Маўглі смеючыся.

А пантэра ўжо пракралася ў хаціну.

— Брр! — прынюхалася Багіра. — Тут пахне чалавекам, але ложак якраз гэткі ж, на якім я ляжала ў княжацкім звярынцы ва Ўдайпуры. А цяпер я лягу!

Маўглі пачуў, як зарыпела вяровачная сетка пад цяжарам вялікага звера.

— Клянуся зламаным замком, які вызваліў мяне, яны падумаюць, што злавілі важную птушку! Ідзі сядзь побач са мною, Маленькі Брат, і мы разам пажадаем ім добрага палявання!

— Не, у мяне іншае ў галаве. Чалавечая чарада не павінна ведаць, што я таксама ўдзельнічаю ў гэтай гульні. Палюй адна. Я не хачу іх бачыць.

— Хай будзе так, — сказала Багіра. — Вось яны ідуць!

Гамонка пад смакоўніцай на тым краі вёскі станавілася ўсё больш шумнай. Пад канец узняўся крык, і натоўп паваліў па вуліцы, размахваючы дубінкамі, бамбукавымі кіямі, сярпамі і нажамі. Наперадзе ўсіх бег Балдзео, але і астатнія не адставалі ад яго, яны крычалі:

— Ведзьмара і вядзьмарку сюды! Падпаліце страху над іх галавой! Мы ім пакажам, як няньчыцца з пярэваратнямі! Не, спачатку аддубасім іх! Факелаў! Болей факелаў.

Тут выйшла невялікая затрымка з дзвярной засаўкай. Дзверы былі замкнуты вельмі моцна, але натоўп вырваў засаўку, і святло факелаў заліло пакой, дзе, расцягнуўшыся на ўвесь рост на ложку, скрыжаваўшы лапы і злёгку звесіўшы іх з аднаго краю, чорная і страшная, ляжала Багіра. Хвіліну ўсе маўчалі, ахопленыя жахам; пярэднія рады з усяе сілы пачалі прадзірацца назад на вуліцу. І ў гэты момант Багіра пазяхнула, старанна і ўсім напаказ, як пазяхнула б, хочучы зняважыць роўнага сабе. Вусатыя губы прыўзняліся і рассунуліся, чырвоны язык загарнуўся, ніжняя сківіца абвісала ўсё ніжэй і ніжэй, так што відаць было гарачае горла; вялізныя іклы бялелі ў чорным правале рота, пакуль не ляснулі, быццам стальныя затворы. У наступную хвіліну вуліца апусцела.

Багіра выскачыла праз акно і стала побач з Маўглі. А людзі, ашалелыя ад страху, ірваліся ў хаціны, спатыкаючыся і штурхаючы адзін аднаго.

— Яны не крануцца з месца да світання, — спакойна сказала Багіра. — А цяпер што?

Здавалася, нямая цішыня, што пануе апоўдні ў час сну, навісла над вёскай, але, калі прыслухацца, было чуваць, як перасоўваюць па земляной падлозе цяжкія скрыні са збожжам, падпіраюць імі дзверы. Багіра казала праўду: да самай раніцы ў вёсцы ніхто не пашавеліцца.

Маўглі сядзеў нерухома і думаў, і яго твар станавіўся ўсё больш змрочным.

— Што я такое зрабіла? — сказала нарэшце Багіра і прылашчылася да яго.

— Нічога, апрача добрага. Папільнуй іх цяпер да світанку, а я засну. — І Маўглі пабег у лес, паваліўся на камень і заснуў — і праспаў увесь дзень і ўсю ноч.

Калі ён прачнуўся, побач з ім сядзела Багіра і каля яго ног ляжаў толькі што забіты алень.

Багіра з цікаўнасцю пазірала, як Маўглі працаваў паляўнічым нажом, як ён еў і піў, а потым зноў лёг, абапёршыся падбародкам на руку.

— Жанчына з мужчынам дабраліся да Канхівары жывыя і здаровыя, — сказала Багіра. — Твая маці прыслала вестачку з каршуном Чылем. Яны знайшлі каня яшчэ да поўначы, у той жа вечар, і паехалі вельмі хутка. Хіба гэта не добра?

— Гэта добра, — сказаў Маўглі.

— А твая чалавечая чарада не зварухнулася, пакуль сонца не ўзнялося высока сёння раніцай. Яны прыгатавалі сабе паесці, а потым зноў замкнуліся ў сваіх дамах.

— Яны, можа, убачылі цябе?

— Можа. На досвітку я качалася ў пыле перад варотамі і, здаецца, нават спявала. Ну, Маленькі Брат, больш тут няма чаго рабіць. Хадзем на паляванне са мною і з Балу. Ён знайшоў новыя вулеі і збіраецца паказаць іх табе, і мы ўсе хочам, каб ты, як і раней, быў з намі… Не глядзі гэтак, я баюся цябе! Мужчыну з жанчынай не кінуць у Чырвоную Кветку, і ўсё ў джунглях застаецца па-ранейшаму. Хіба гэта не праўда? Забудземся пра чалавечую чараду!

— Пра яе забудуцца, і вельмі хутка. Дзе пасецца Хатхі сёння ўночы?

— Дзе ён надумае. Хто можа ведаць, дзе цяпер Маўклівы? А навошта ён табе? Што гэткае можа зрабіць Хатхі, чаго не маглі б зрабіць мы?

— Скажы, каб ён прыйшоў сюды да мяне разам са сваімі трыма сынамі.

— Але, дапраўды ж, Маленькі Брат, няможна загадваць Хатхі, каб ён «прыйшоў сюды» або «пайшоў адсюль». Не забывайся, што ён Гаспадар Джунгляў і што ён навучыў цябе Запаветным Словам Джунгляў да таго, як чалавечая чарада змяніла твой твар.

— Гэта нічога. У мяне таксама ёсць для яго Запаветнае Слова. Скажы, каб ён прыйшоў да Жабяняці Маўглі, а калі ён не адразу пачуе, скажы яму, каб прыйшоў дзеля вытаптаных палеткаў Бхаратпура.

— «Дзеля вытаптаных палеткаў Бхараптура», — паўтарыла Багіра двойчы ці тройчы, каб не забыцца. — Іду! Хатхі толькі раззлуецца, і больш нічога, а я з радасцю аддала б здабычу цэлага месяца, каб пачуць, якое Запаветнае Слова мае ўладу над Маўклівым.

Яна пайшла, а Маўглі застаўся і раз'юшана дзёўб зямлю паляўнічым нажом. Маўглі ні разу ў жыцці не бачыў чалавечай крыві і — што азначала для яго куды больш — ні разу не чуў яе паху да таго часу, пакуль не пачуў пах крыві на рамянях, што звязвалі Месую. А Месуа была добрая да яго, і ён яе любіў. Але як ні былі ненавісныя для яго жорсткасць, баязлівасць і балбатлівасць людзей, ён бы нізавошта не згадзіўся пазбавіць чалавека жыцця і зноў пачуць гэты страшны пах, чым бы ні ўзнагародзілі яго за гэта джунглі. Яго план быў куды больш просты і надзейны, і ён засмяяўся сам сабе, успомніўшы, што яго падказаў яму адзін з расказаў старога Балдзео пад смакоўніцай.

— Праўда, гэта было Запаветнае Слова, — вярнуўшыся, шапнула Багіра яму на вуха. — Яны пасвіліся каля ракі і паслухаліся мяне, як буйвалы. Глядзі, вунь яны ідуць!

Хатхі і яго тры сыны з'явіліся, як заўсёды, без адзінага гуку. Рачны мул яшчэ не высах на іхніх баках, і Хатхі ў задуменні дажоўваў зялёнае бананавае дрэўца, якое вырваў біўнямі. Але кожны рух яго велізарнага цела гаварыў Багіры, якая разумела ўсё з першага позірку, што не Гаспадар Джунгляў прыйшоў да хлопчыка-ваўчаняці, а прыйшоў той, хто баіцца, да таго, хто не баіцца нічога. Тры сыны Хатхі пагойдваліся плячо ў плячо ззаду бацькі.

Маўглі толькі крыху прыўзняў галаву, калі Хатхі пажадаў яму добрага палявання. Перш чым сказаць хоць слова, ён прымусіў Хатхі доўга пераступаць з нагі на нагу, пагойдвацца і ўстрэсвацца, а калі загаварыў, дык з Багірай, а не са сланамі.

— Я хачу расказаць вам адну гісторыю, а чуў я яе ад паляўнічага, на якога вы палявалі сёння, — пачаў Маўглі. — Гэта гісторыя пра тое, як стары і разумны слон трапіў у пастку і востры кол на дне ямы разарваў яму скуру ад пяткі да пляча, так што застаўся белы шрам.

Маўглі працягнуў руку, і калі Хатхі павярнуўся, пры святле месяца стаў відаць доўгі белы шрам на шэрым, як грыфель, баку, быццам яго сцебанулі распаленым бічом.

— Людзі выцягнулі слана з ямы, — гаварыў далей Маўглі, — але ён быў дужы, разарваў путы і ўцёк, і хаваўся, пакуль рана не загаілася. Тады ён вярнуўся ўночы на палеткі паляўнічых. Цяпер я прыпамінаю, што ў яго было тры сыны. Усё гэта адбылося многа-многа дажджоў таму назад і вельмі далёка адгэтуль — на палетках Бхаратпура. Што здарылася з гэтымі палеткамі ў наступнае жніво, Хатхі?

— Жніво сабраў я з маімі трыма сынамі, — сказаў Хатхі.

— А што было з пасевам, які ідзе за жнівом? — спытаў Маўглі.

— Пасеву не было, — сказаў Хатхі.

— А з людзьмі, якія жылі на палях побач з пасевамі? — спытаў Маўглі.

— Яны сышлі.

— А з хацінамі, у якіх спалі людзі? — спытаў Маўглі.

— Мы раскідалі стрэхі дамоў, а джунглі паглынулі сцены.

— А што ж было потым? — спытаў Маўглі.

— Мы напусцілі джунглі на пяць вёсак; і ў гэтых вёсках, і на іх землях, і на пашах, і на мяккіх, узараных палетках не засталося цяпер ніводнага чалавека, які атрымліваў бы ежу ад зямлі. Вось як былі вытаптаны бхаратпурскія палеткі, і гэта зрабіў я з маімі трыма сынамі. А цяпер скажы мне, Маўглі, як ты даведаўся пра гэта? — спытаў Хатхі.

— Мне сказаў адзін чалавек, і цяпер я пераканаўся, што нават Балдзео не заўсёды хлусіць. Гэта было добра зроблена, Хатхі з белым шрамам, а другі раз выйдзе яшчэ лепш, бо распараджацца будзе чалавек. Ты ведаеш вёску чалавечай чарады, што выгнала мяне? Не варта, каб яны жылі там і надалей. Я іх ненавіджу!

— А забіваць нікога не трэба? Мае біўні пачырванелі ад крыві, калі мы тапталі палеткі ў Бхаратпуры, і мне не хацелася б зноў абуджаць гэты пах.

— Мне таксама. Я не хачу нават, каб іх косці ляжалі на нашай чыстай зямлі. Няхай шукаюць сабе іншае логава. Тут ім няможна заставацца. Я чуў, як пахне кроў жанчыны, якая мяне карміла — жанчыны, якую яны забілі б, каб не я. Толькі пах свежай травы на парогах дамоў можа заглушыць пах крыві. Ад яго ў мяне смыліць у роце. Напусцім на іх джунглі, Хатхі!

— А! — сказаў Хатхі. — Вось гэтак жа смылеў і шрам на маёй скуры, пакуль мы не ўбачылі, як загінулі вёскі пад веснавым параснікам. Цяпер я зразумеў: твая вайна стане нашай вайной. Мы напусцім на іх джунглі.

Маўглі ледзь паспеў перавесці дух — ён увесь калаціўся ад нянавісці і злосці, — як тое месца, дзе стаялі сланы, апусцела, і толькі Багіра глядзела на Маўглі з жахам.

А Хатхі і яго тры сыны павярнулі кожны ў свой бок і моўчкі пакрочылі па далінах. Яны ішлі ўсё далей і далей праз джунглі і зрабілі шэсцьдзесят міляў — гэта значыць цэлы двухдзённы пераход. І кожны іх крок, і кожнае пагойдванне хобата былі прыкмечаны і вытлумачаны Мангам, Чылем, Малпіным Народам і ўсімі птушкамі. Потым сланы пачалі карміцца і мірна пасвіліся не менш тыдня. Хатхі і яго сыны падобны на горнага ўдава Каа: яны не будуць спяшацца, калі ў гэтым няма патрэбы.

Праз тыдзень — і ніхто не ведае, адкуль гэта пайшло, — па джунглях пранеслася чутка, што ў такой і такой вось даліне корм і вада сама лепшыя. Дзікі, якія гатовы ісці на край свету дзеля сытнага харчу, рушылі першыя, атрад за атрадам перавальваў цераз каменне; за імі падаліся алені, а за аленямі — маленькія лісіцы, якія харчуюцца падлай. Побач з аленямі ішлі непаваротлівыя антылопы нільгау, а за нільгау рухаліся дзікія буйвалы з балотаў. Спачатку лёгка было б павярнуць назад адзіночныя і разрозненыя статкі, якія скублі траву, ішлі далей, пілі і зноў скублі траву, але як толькі сярод іх узнімалася трывога, з'яўляўся хто-небудзь і супакойваў іх. То гэта быў дзікабраз Сахі з весткай аб тым, што добры харч пачынаецца трошкі далей; то кажан Манг, трапечучы крыламі, з радасным піскам праносіўся па прагаліне, каб паказаць, што там нікога няма; то Балу з поўным ротам карэння, валюхаючыся, падыходзіў да статка і жартам або ўсур'ёз палохаў яго, выкіроўваючы на патрэбную дарогу. Шмат хто павярнуў назад, разбегся або не захацеў ісці далей, але астатнія заставаліся і па-ранейшаму ішлі ўперад.

Мінула дзён дзесяць, і к гэтаму часу ўсё выглядала так: алені, дзікі і нільгау тапталіся, рухаючыся па крузе радыусам восем ці дзесяць міляў, а драпежнікі нападалі на іх з краёў. А ў цэнтры круга была вёска, а навакол вёскі даспявала збажына на палетках, а на палетках сядзелі людзі на вышках, падобных на галубятні і пабудаваных для таго, каб адпуджваць птушак і іншых зладзейчыкаў.

Была цёмная ноч, калі Хатхі і яго тры сыны без шуму выйшлі з джунгляў, зламалі хобатамі жэрдкі, і вышкі ўпалі, як падае зламаная сцябліна амежніку, а людзі, што зваліліся з іх, пачулі глухое бурчанне сланоў. Потым авангард напуджанай арміі аленяў прымчаўся і вытаптаў вясковую пашу і ўзараныя палеткі; а за імі прыйшлі тупарылыя дзікі з вострымі капытамі, і што засталося пасля аленяў, тое знішчылі свінні. Час ад часу ваўкі трывожылі статкі, і тыя, ашалелыя, кідаліся з боку ў бок, тапталі зялёны ячмень і раўнялі з зямлёй берагі арашальных каналаў. Перад світаннем у адным месцы на краі круга драпежнікі адступілі, пакінуўшы адкрытай дарогу на поўдзень, і алені рынуліся па ёй, статак за статкам. Астатнія, смялейшыя, залеглі ў гушчары, каб пакарміцца наступнай ноччу.

Ды ўсё ўжо было зроблена. Раніцай сяляне глянулі на свае палеткі і ўбачылі, што ўсе пасевы загінулі. Гэта пагражала смерцю, калі людзі не сыдуць адсюль у іншыя мясціны, бо голад быў заўсёды гэтак жа блізка ад іх, як і джунглі. Калі буйвалаў выгналі на пашу, галодны статак убачыў, што алені падчыстую з'елі ўсю траву, і разышоўся па джунглях услед за сваімі дзікімі таварышамі. А калі надышоў вечар, выявілася, што тры ці чатыры вясковыя кані ляжаць у стойлах з праламанымі галовамі. Толькі Багіра ўмела наносіць такія ўдары, і толькі ёй магла прыйсці ў галаву дзёрзкая думка вывалачы апошні труп на сярэдзіну вуліцы.

У гэтую ноч сяляне не асмеліліся раскласці вогнішчы на палетках, і Хатхі з сынамі выйшаў падбіраць тое, што засталося; а там, дзе пройдзе Хатхі, ужо няма чаго больш падбіраць. Людзі парашылі харчавацца збожжам, прызапашаным для пасеву, пакуль не пройдуць дажджы, а потым наняцца парабкамі, каб неяк пакрыць страты гэтага года. Але пакуль гандляр хлебам думаў пра свае кашы, поўныя збожжа, і пра цану, якую ён будзе браць з пакупнікоў, вострыя біўні Хатхі ламалі вугал яго глінабітнага свірна і руйнавалі вялікі плецены засек, дзе захоўвалася збожжа.

Пасля таго як стала вядома гэтая страта, надышла чарга жраца сказаць сваё слова. Багам ён ужо маліўся, але дарэмна. Магчыма, казаў ён, што вёска, сама таго не ведаючы, зняважыла якога-небудзь бога джунгляў: па ўсім відаць, што джунглі супраць іх. Тады паслалі па верхавода суседняга племені вандроўных гондаў, маленькіх, разумных, чорных як вугаль паляўнічых, што жывуць у глыбіні джунгляў і чые продкі паходзяць ад найстаражытнейшых народнасцей Індыі — ад першых гаспадароў зямлі. Гонда пачаставалі, чым знайшлося, а ён стаяў на адной назе, з лукам у руках і дзвюма-трыма атручанымі стрэламі, уваткнутымі ў валасы, і пазіраў не то спалохана, не то пагардліва на ўстрывожаных людзей і на іх спустошаныя палеткі. Людзі хацелі даведацца, ці не злуюцца на іх яго багі, старыя багі, і якія ахвяры ім патрэбны. Гонд нічога не адказаў, але сарваў доўгую сцябліну паўзучага дзікага гарбуза, які дае горкія плады, і заплёў ёю дзверы храма на вачах у здзіўленага бажка. Потым ён некалькі разоў махнуў рукою па паветры ў той бок, дзе была дарога ў Канхівару, і пайшоў назад да сябе ў джунглі глядзець, як статкі жывёлы блукаюць па іх. Ён ведаў, што, калі джунглі наступаюць, толькі белыя людзі могуць спыніць іхні рух.

Не было патрэбы пытацца, што ён хацеў гэтым сказаць. Дзікі гарбуз вырастае там, дзе людзі маліліся свайму богу, і чым хутчэй яны пойдуць адсюль, тым лепш.

Але нялёгка вёсцы зняцца з наседжанага месца. Людзі заставаліся да таго часу, пакуль у іх былі летнія запасы. Яны спрабавалі збіраць арэхі ў джунглях, але цені з палаючымі вачамі сачылі за імі нават сярод дня, а калі людзі спалохана павярнулі назад, дык убачылі, што са ствалоў дрэў, паўз якія яны праходзілі ўсяго пяць хвілін назад, чыёйсьці вялізнай кіпцюрастай лапай садрана кара. Чым больш людзі туліліся да вёскі, тым смялейшыя станавіліся дзікія звяры, што з рыкам і тупатам гулялі па пашах каля Вайнгангі. Сяляне не асмельваліся рамантаваць і латаць заднія сцены апусцелых хлявоў, якія выходзілі ў бок лесу. Дзікі тапталі руіны, і вузлаватыя карані ліян спяшаліся захапіць толькі што адваяваную зямлю і закідвалі цераз сцены хацін учэпістыя парасткі, а ўслед за ліянамі шчацінілася калючая трава. Халасцякі збеглі першыя і разнеслі скрозь і ўсюды вестку, што вёска асуджана на пагібель. Ды і хто мог змагацца з джунглямі, калі нават вясковая кобра пакінула сваю нару пад смакоўніцай!

Людзі ўсё менш і менш мелі зносін са знешнім светам, а пратаптаныя цераз раўніну сцежкі станавіліся ўсё вузейшымі і вузейшымі. І трубны кліч Хатхі і яго трох сыноў болей не трывожыў вёску ўночы: ім больш не было чаго прыходзіць. Палеткі за ваколіцай зарасталі травой, зліваліся з джунглямі, і для вёскі надышла пара ісці ў Канхівару.

Людзі адкладвалі адыход з дня на дзень, пакуль першыя дажджы не захапілі іх знянацку. Неадрамантаваныя стрэхі пачалі працякаць, выган заліло вадою па шчыкалатку, і ўсё, што зелянела, пайшло адразу ў рост пасля летняй засухі. Тады людзі папляліся ўброд — мужчыны, жанчыны і дзеці — пад сляпучым і цёплым ранішнім дажджом і, вядома, азірнуліся, каб глянуць апошні раз на свае дамы.

І якраз калі апошняя сям'я, нагружаная клункамі, праходзіла праз вароты, з грукатам абваліліся бэлькі і дах за вясковай агароджай. Людзі ўбачылі, як мільгнуў на момант бліскучы, чорны, як змяя, хобат, раскідваючы мокрую салому страхі. Ён знік, і зноў пачуўся грукат, а за грукатам — віск. Хатхі зрываў стрэхі з дамоў, як мы зрываем вадзяныя гарлачыкі, і адарваная бэлька выцяла яго. Толькі гэтага і не хапала яму, каб раз'юшыцца, бо з дзікіх звяроў, што жывуць у джунглях, ашалелы дзікі слон буяніць і разбурае больш за ўсіх. Ён убрыкнуў задняй нагой глінабітную сцяну, і сцяна развалілася ад удару, а патокі дажджу ператварылі яе ў жоўтую гразь. Хатхі кружыўся, і трубіў, і кідаўся па вузкіх вулках, навальваўся на хаціны справа і злева, ломячы хісткія дзверы, крышачы кроквы; а тры яго сыны шалелі ззаду, як шалелі яны пры разгроме палеткаў Бхаратпура.

— Джунглі паглынуць гэтыя шкарлупінкі, — сказаў спакойны голас сярод руінаў. — Спачатку трэба зваліць агароджу.

І Маўглі, пабліскваючы мокрымі ад дажджу плячамі, адскочыў ад сцяны, якая асела на зямлю, як стомлены буйвал.

— Усё ў свой час, — прахрыпеў Хатхі. — О праўда, у Бхаратпуры мае біўні пачырванелі ад крыві! Да агароджы, дзеці мае! Галавою! Усе разам! Ну!

Стаўшы адзін каля аднаго, усе чацвёра налеглі разам. Агароджа пахіснулася, трэснула і ўпала, і людзі, анямелыя ад жаху, убачылі ў няроўным праломе выпацканыя глінай галовы разбуральнікаў. Людзі кінуліся ўцякаць уніз па даліне, застаўшыся без прытулку і без ежы, а іхняя вёска быццам раставала ззаду, растаптаная, разбураная і разнесеная на шматкі.

Праз месяц ад вёскі застаўся рыхлы пагорак, зарослы кволай маладой зелянінай, а калі прайшлі дажджы, джунглі забуялі на тым самым месцы, дзе ўсяго паўгода назад былі ўзараныя палеткі.

Загрузка...