«Тыгр, тыгр!»

Пасля бойкі на Скале Рады Маўглі пайшоў з воўчага логава і спусціўся ўніз, да палеткаў, дзе жылі людзі, але не застаўся там — джунглі былі занадта блізка, а ён ведаў, што на Радзе нажыў сабе не аднаго лютага ворага. І таму ён пабег далей, трымаючыся дарогі па дне даліны, і адмахаў каля дваццаці міляў роўнай рыссю, пакуль не дабраўся да мясцін, якіх яшчэ не ведаў. Тут пачыналася шырокая раўніна, усыпаная скаламі і зрэзаная ярамі. На адным краі раўніны стаяла маленькая вёсачка, з другога канца густыя джунглі дугой падыходзілі да самага выгану і адразу абрываліся, быццам зрэзаныя матыкай. Па ўсёй раўніне пасвіліся каровы і буйвалы, і хлопчыкі, што пільнавалі статак, убачыўшы Маўглі, уцяклі з крыкам, а бяздомныя рудыя сабакі, якіх заўсёды многа каля кожнай індыйскай вёскі, узнялі брэх. Маўглі пайшоў далей, бо быў галодны, і калі дайшоў да вясковай аколіцы, дык убачыў, што вялікі цярновы куст, якім на змярканні загароджваюць вароты, адсунуты ўбок.

— Гм! — сказаў Маўглі (ён не ўпершыню натыкаўся на такія загароды ў час сваіх начных вылазак у пошуках ежы). — Значыцца, людзі і тут баяцца Народа Джунгляў!

Ён сеў каля варотаў, і як толькі за вароты выйшаў чалавек, усхапіўся на ногі, разявіў рот і паказаў на яго пальцам, паказаў, што хоча есці. Чалавек паглядзеў на яго, пабег назад па адзінай вясковай вуліцы і паклікаў жраца — высокага і тоўстага чалавека, апранутага ва ўсё белае, з чырвоным і жоўтым знакам на лбе. Жрэц падышоў да варотаў, а за ім прыбегла не менш сотні жыхароў вёскі: яны вылуплівалі вочы, балбаталі, крычалі і паказвалі на Маўглі пальцамі.

«Якія яны няветлівыя, гэтыя людзі! — сказаў сам сабе Маўглі. — Толькі шэрыя малпы гэтак сябе паводзяць». І, адкінуўшы назад свае доўгія валасы, ён панура зірнуў на натоўп.

— А чаго тут баяцца? — сказаў жрэц. — Бачыце знакі ў яго на руках і нагах? Гэта воўчыя ўкусы. Ён воўчы прыёмыш і прыбег да нас з джунгляў.

Гуляючы з Маўглі, ваўчаняты даволі часта кусалі яго мацней, чым хацелі, і рукі і ногі хлопчыка былі спрэс усыпаны белымі шрамамі. Але Маўглі ніколі ў жыцці не назваў бы гэтыя шрамы ўкусамі: ён добра ведаў, якія бываюць сапраўдныя ўкусы.

— Вой! Вой! — сказалі ў адзін голас дзве-тры кабеты. — Увесь пакусаны ваўкамі, бедненькі! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкі. Дапраўды, Месуа, ён вельмі падобны на твайго сына, якога схапіў тыгр.

— Дайце мне зірнуць, — сказала жанчына з цяжкімі медзянымі бранзалетамі на запясцях і шчыкалатках і, пазіраючы з-пад далоні, паглядзела на Маўглі. — Ага, вельмі падобны! Ён худзейшы, затое з твару выліты мой сын.

Жрэц быў чалавек хітры і ведаў, што муж Месуі — адзін з найпершых вясковых багацеяў. І таму ён узняў вочы да неба і ўрачыста прамовіў:

— Што джунглі ўзялі, тое джунглі і аддалі. Вазьмі хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, і не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якім адкрыта ўся будучыня чалавека.

«Клянуся буйвалам, які выкупіў мяне, — падумаў Маўглі, — усё гэта вельмі нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калі я чалавек, дык буду чалавекам».

Натоўп расступіўся, і жанчына зрабіла Маўглі знак, каб ён ішоў за ёю ў хаціну, дзе стаяў чырвоны лакіраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялікая гліняная пасудзіна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузін медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нішы і на сцяне — сапраўднае люстэрка, якое можна купіць на вясковым кірмашы за восем цэнтаў.

Жанчына дала Маўглі ўволю малака і кавалачак хлеба, потым паклала руку яму на галаву і зазірнула ў вочы; ёй усё-такі думалася, што, магчыма, гэта і сапраўды яе родны сын вярнуўся з джунгляў, куды яго знёс тыгр. І яна паклікала:

— Натху! О Натху!

Маўглі нічым не паказаў, што гэтае імя ямў знаёма.

— Хіба ты забыўся пра той дзень, калі я падарыла табе новыя чаравікі? — Яна дакранулася да яго ступні, цвёрдай, амаль як рог. — Не, — сказала яна засмучана, — гэтыя ногі ніколі не ведалі чаравікаў. Але ты вельмі падобны на майго Натху і будзеш маім сынам.

Маўглі зрабілася нядобра, бо ён дагэтуль ніколі не бываў у чалавечым доме. Але, паглядзеўшы на саламяную страху, хлопчык убачыў, што зможа яе разабраць, калі захоча выбрацца на волю, і што акно не замыкаецца.

«Якая карысць быць чалавекам, калі не разумееш чалавечай гаворкі? — сказаў ён сам сабе. — Тут я гэтакі ж дурны і нямы, як чалавек у нас у джунглях. Трэба навучыцца іхняй мове».

Нездарма, жывучы з ваўкамі, ён навучыўся пераймаць баявы покліч аленяў у джунглях і рохканне дзікоў. Як толькі Месуа гаварыла якое-небудзь слова, Маўглі вельмі падобна паўтараў яго за ёю і яшчэ да змяркання завучыў назвы шмат якіх рэчаў у хаціне.

Надышоў час спаць, але Маўглі нізашто не хацеў лажыцца ў хаціне, падобнай на пастку для пантэры, і калі зачынілі дзверы, ён выскачыў у акно.

— Не чапай яго, — сказаў муж Месуі. — Не забывайся, што ён яшчэ ніколі не спаў на ложку. Калі ён і праўда пасланы нам замест сына, ён нікуды не ўцячэ.

І Маўглі расцягнуўся сярод высокай чыстай травы на краі поля. Але не паспеў ён заплюшчыць вочы, як нечы мяккі шэры нос штурхнуў яго ў шыю.

— Фу! — сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з дзіцянят Маці Ваўчыхі). — Варта было дзеля гэтага бегчы за табою дваццаць міляў! Ад цябе пахне дымам і хлявом — зусім як ад чалавека. Прачніся, Маленькі Брат, я прынёс табе навіны.

— Ці ўсе здаровы ў джунглях? — спытаў Маўглі, абдымаючы яго.

— Усе, апрача ваўкоў, якіх абсмаліла Чырвоная Кветка. Цяпер слухай. Шэр-Хан пайшоў на паляванне ў далёкія лясы, пакуль не загоіцца яго шкура, — ён увесь у апёках. Ён пакляўся, што кіне твае косці ў раку, як вернецца.

— Ну, гэта мы яшчэ пабачым. Я таксама ў сім-тым пакляўся. Аднак навіны заўсёды прыемна пачуць. Я стаміўся сёння, вельмі стаміўся ад усяго новага, Шэры Брат, але ты мне заўсёды расказвай, што ведаеш новага.

— Ты не забудзешся, што ты воўк? Людзі не прымусяць цябе забыцца пра нас? — трывожна спытаў Шэры Брат.

— Ніколі! Я ніколі не забуду, што люблю цябе і ўсіх у нашай пячоры. Але не забуду і таго, што мяне прагналі з Чарады…

— …і што цябе могуць прагнаць з другой чарады, Маленькі Брат. Людзі ёсць людзі, і гаворка іх падобная на гаворку жаб у сажалцы. Калі я прыйду сюды зноў, буду чакаць цябе ў бамбуку на краі выгану.

На працягу трох месяцаў пасля гэтай ночы Маўглі амаль не выходзіў за вясковыя вароты, гэтак ён быў заняты вывучэннем характару і звычак людзей. Перш за ўсё яму давялося надзець павязку вакол бёдраў, што вельмі яму замінала, потым, незразумела навошта, навучыцца лічыць грошы, потым араць зямлю, у чым ён не бачыў карысці. Вясковыя дзеці ўвесь час дражнілі яго. На шчасце, Закон Джунгляў навучыў Маўглі стрымлівацца, бо ў джунглях ад гэтага залежыць жыццё. Але калі дзеці дражнілі яго за тое, што ён не хацеў гуляць з імі або запускаць змея, або за тое, што ён не так вымаўляў якое-небудзь слова, адна толькі думка, што ганебна для паляўнічага забіваць маленькіх, бездапаможных дзіцянят, не дазваляла яму схапіць і разарваць іх напалам.

Маўглі сам не ведаў сваёй сілы. У джунглях ён адчуваў сябе куды слабейшым за звяроў, а ў вёсцы людзі казалі, што ён дужы, як бугай. Ён не разумеў, што такое страх, і калі вясковы жрэц сказаў яму, што бог у храме разгневаецца на Маўглі, калі ён будзе красці ў жраца салодкія плады манга, Маўглі схапіў статую бажка, прывалок яе да жраца ў дом і папрасіў зрабіць так, каб бог разгневаўся і Маўглі можна было б пабіцца з ім. Спакуса была вялікая, але жрэц не даў ходу гаворцы, а мужу Месуі давялося заплаціць нямала серабра, каб супакоіць бога.

Апрача таго, Маўглі зусім не разбіраўся ў той розніцы паміж людзьмі, якую стварае каста. Калі асёл ганчара зваліўся ў яму, Маўглі выцягнуў яго за хвост і дапамог скласці гаршкі для адпраўкі на рынак у Канхівару. Гэта было ўжо зусім кепска, бо ганчар належаў да ніжэйшай касты, а пра асла і гаварыць няма чаго. Калі жрэц пачаў сварыцца на Маўглі, той прыгразіў, што пасадзіць і яго на асла, і жрэц сказаў мужу Месуі, што сама лепш — як найхутчэй знайсці Маўглі які-небудзь занятак. Пасля гэтага вясковы стараста загадаў Маўглі ісці заўтра раніцай на пашу пільнаваць буйвалаў. Больш за ўсіх быў задаволены гэтым Маўглі. У той жа вечар, лічачы сябе ўжо на службе ў вёскі, ён далучыўся да гурту, што збіраўся кожны вечар на каменнай пляцоўцы пад вялікай смакоўніцай. Гэта быў вясковы клуб, куды сыходзіліся папаліць і стараста, і цырульнік, і вартаўнік, якія ведалі ўсе да адной вясковыя плёткі, і стары Балдзео, вясковы паляўнічы, што меў ангельскі мушкет. Малпы сядзелі і гаманілі на верхніх галінах смакоўніцы, а ў нары пад пляцоўкай жыла кобра, якой кожны вечар ставілі сподачак малака, бо яна лічылася свяшчэннай. Старыя садзіліся вакол дрэва, гаманілі да позняй ночы і палілі тытунь з вялікіх кальянаў. Яны расказвалі дзівосныя гісторыі пра людзей, багоў і здані, а Балдзео расказваў яшчэ больш дзівосныя гісторыі пра звычкі звяроў у джунглях, так што ў хлопчыкаў, што сядзелі за кругам, дух займала. Больш за ўсё расказвалі пра звяроў, бо джунглі падыходзілі да самай вёскі. Алені і дзікі травілі пасевы, і час ад часу ў змроку тыгр хапаў чалавека на вачах ва ўсіх, ледзь не каля саменькіх вясковых варотаў.

Маўглі, які, вядома, добра ведаў тое, пра што тут расказвалі, закрываў твар рукамі, каб ніхто не бачыў, як ён смяецца. Балдзео, паклаўшы мушкет на калені, пераходзіў ад адной дзівоснай гісторыі да другой, а ў Маўглі трэсліся плечы ад смеху.

Балдзео расказваў пра тое, што тыгр, які схапіў сына Месуі, быў пярэварацень і што ў яго ўсялілася душа злоснага старога ліхвяра, які памёр некалькі гадоў назад…

— І гэта праўда, я ведаю, — казаў ён, — бо Пуран Дас заўсёды кульгаў. Яму выцялі нагу ў час бунту, калі спалілі ўсе яго рахункавыя кнігі, а той тыгр, пра якога я гавару, таксама кульгае: яго лапы пакідаюць няроўныя сляды.

— Праўда, праўда, так яно і ёсць! — пацвердзілі сівабародыя, дружна ківаючы галовамі.

— Няўжо ўсе вашы байкі — такая старая парахня? — сказаў Маўглі. — Гэты тыгр кульгае таму, што нарадзіўся кульгавы, як усе ведаюць. Балбатаць, нібыта душа ліхвяра жыве ў зверы, які заўсёды быў баязлівейшы за шакала, могуць толькі малыя дзеці.

Балдзео на хвіліну знямеў ад здзіўлення, а стараста вылупіў вочы.

— Ого! Гэта ж хлапчук з джунгляў! — сказаў Балдзео. — Калі ўжо ты такі разумны, тады лепей занясі шкуру гэтага тыгра ў Канхівару — урад прызначыў сто рупій за яго галаву. А яшчэ лепей памаўчы, калі гавораць старэйшыя.

Маўглі ўстаў, збіраючыся пайсці.

— Увесь вечар я ляжаў тут і слухаў, — абазваўся ён, азірнуўшыся цераз плячо, — і за ўвесь час, апрача аднаго ці двух разоў, Балдзео не сказаў ні слова праўды пра джунглі, а яны ж у яго за парогам. Як жа я магу паверыць казкам пра багоў, здані і нядобрых духаў, якіх ён нібыта бачыў?

— Гэтаму хлопчыку даўно пара ісці да статка, — сказаў стараста.

А Балдзео пыхкаў і чмыхаў, абураны грубіянствам Маўглі.

У шмат якіх індыйскіх вёсках хлопчыкі з раніцы выганяюць кароў і буйвалаў на пашу, а ўвечары прыганяюць іх назад, і тыя самыя буйвалы, якія затапталі б белага чалавека насмерць, дазваляюць біць і паганяць сябе дзецям, якія ледзь дастаюць ім да мысы. Пакуль хлопчыкі трымаюцца каля буйвалаў, ім не пагражае ніякая небяспека — нават тыгр не асмеліцца напасці на цэлы статак. Але калі яны адыдуцца збіраць кветкі або лавіць яшчарак, іх можа схапіць тыгр.

На досвітку Маўглі праехаў па вясковай вуліцы, седзячы на спіне Рамы, сама вялікага буйвала ў статку. Сіне-шэрыя буйвалы з доўгімі, загнутымі назад рагамі і дзікаватым позіркам адзін за другім выбіраліся з хлявоў і ішлі за важаком Рамам, і Маўглі даў зразумець астатнім хлопчыкам, што гаспадар тут ён. Ён малаціў буйвалаў доўгай адшліфаванай бамбукавай палкай і сказаў аднаму з хлопчыкаў, якога звалі Камія, што праедзе далей з буйваламі, а хлопчыкі няхай пасуць кароў без яго і ні ў якім разе не адлучаюцца ад статка.

Індыйская паша — гэта адны камяні, кусты, пучкі калючай травы і неглыбокія яры, па якіх разыходзіцца і хаваецца статак. Буйвалы звычайна трымаюцца паблізу балотаў, дзе шмат мулу, і цэлымі гадзінамі ляжаць і грэюцца ў гарачай ад сонца гразі. Маўглі прыгнаў статак на той край раўніны, дзе Вайнганга выходзіць з джунгляў, саскочыў з шыі Рамы, падбег да бамбукавага гаёчка і знайшоў там Шэрага Брата.

— Ага, — сказаў Шэры Брат, — я ўжо шмат дзён чакаю цябе тут. Навошта табе гэтая ваджаніна са статкам?

— Так мне загадалі, — сказаў Маўглі. — Пакуль што я вясковы пастух. А дзе Шэр-Хан?

— Ён вярнуўся ў гэтыя мясціны і доўга падпільноўваў цябе тут. Цяпер ён зноў пайшоў адсюль, бо дзічыны мала. Ён хоча забіць цябе.

— Цудоўна! — сказаў Маўглі. — Пакуль яго тут няма, ты або хто-небудзь з чатырох братоў павінен сядзець на гэтай скале, каб я цябе бачыў, калі выходжу з вёскі. Калі ён вернецца, чакайце мяне ў яры пасярод раўніны, пад дрэвам дхак. Няма чаго лезці ў самую пашчу Шэр-Хану.

Пасля гэтага Маўглі выбраў цяністую мясцінку і заснуў, а буйвалы пасвіліся вакол яго. Пасвіць жывёлу ў Індыі — занятак для гультаёў. Каровы пераходзяць з месца на месца і жуюць, потым кладуцца, потым зноў ідуць далей і нават не рыкаюць. Яны толькі чмыхаюць, а буйвалы вельмі рэдка гавораць што-небудзь. Яны заходзяць у мулістыя затокі адзін за другім і залазяць у гразь па самую мысу, так што відаць толькі нос ды сінія, нібы фарфоравыя, вочы, і ляжаць там, як калоды. Нагрэтыя сонцам скалы быццам бруяцца ад спёкі, і пастушкі чуюць, як каршун (заўсёды ўсяго адзін) нябачна пасвіствае ў іх над галавой, і ведаюць, што, калі хто-небудзь з іх памрэ або здохне карова, гэты каршун зляціць уніз, і суседні каршун за шмат міляў адсюль убачыць, як той спусціўся і таксама паляціць за ім, а потым яшчэ адзін і яшчэ, так што ледзь толькі паспее хто-небудзь памерці, як дваццаць галодных каршуноў з'яўляюцца невядома адкуль. Хлопчыкі дрэмлюць, прачынаюцца і зноў засынаюць, плятуць маленькія кошыкі з сухой травы і саджаюць у іх конікаў; а то зловяць двух багамолаў і прымушаюць іх біцца, а то нанізваюць пацеркі з чырвоных і чорных лясных арэхаў, або глядзяць, як яшчарка грэецца на сонцы, або як змяя каля лужыны палюе на жабу. Потым яны спяваюць доўгія, працяжныя песні з дзіўнымі пералівамі ў канцы, і дзень здаецца ім даўжэйшым, чым усё жыццё іншым людзям. А другі раз вылепяць палац або храм з гліны з фігуркамі людзей, коней і буйвалаў, уставяць трысцінкі людзям у рукі, нібыта гэта ўладарныя князі, а астатнія фігуркі — іхняе войска, або нібыта гэта багі, а астатнія ім моляцца. Потым надыходзіць вечар, дзеці склікаюць статак, і буйвалы адзін за другім падымаюцца з густой гразі з шумам гарматнага стрэлу, і ўвесь статак цягнецца гужам цераз шэрую раўніну назад, да мігатлівых агеньчыкаў вёскі.

Дзень за днём вадзіў Маўглі буйвалаў да мулістых затокаў, дзень за днём бачыў Шэрага Брата на раўніне (і таму ведаў, што Шэр-Хан яшчэ не вярнуўся), дзень за днём ён ляжаў у траве, прыслухоўваўся да гукаў вакол сябе і думаў пра ранейшае жыццё ў джунглях. Калі б Шэр-Хан спатыкнуўся сваёй кульгавай лапай дзе-небудзь у зарасніку на беразе Вайнгангі, Маўглі пачуў бы яго гэтымі доўгімі ціхімі ранкамі.

Надышоў нарэшце дзень, калі Маўглі не ўбачыў Шэрага Брата на дамоўленым месцы, і, засмяяўшыся, ён пагнаў буйвалаў да яра пад дрэвам дхак, якое было ўсё ўсыпана залаціста-чырвонымі кветкамі. Там сядзеў Шэры Брат, і кожны валасок на яго спіне тырчаў дыбам.

— Ён хаваўся цэлы месяц, каб збіць цябе са следу. Учора ўночы ён перайшоў горы разам з Табакі і цяпер ідзе па гарачых слядах за табою, — сказаў воўк, цяжка дыхаючы.

Маўглі нахмурыўся:

— Я не баюся Шэр-Хана, але Табакі вельмі хітры.

— Не бойся, — сказаў Шэры Брат і злёгку аблізнуў губы. — Я сустрэў Табакі на досвітку. Цяпер ён расказвае ўсе свае хітрыкі каршунам. Але, перш чым я зламаў яму хрыбет, ён усё расказаў мне. Шэр-Хан мае намер чакаць цябе сёння ўвечары каля вясковых варотаў, толькі цябе і нікога іншага. А цяпер ён залёг у вялікім перасохлым яры каля ракі.

— Еў ён сёння ці выйшаў на паляванне з пустым страўнікам? — спытаў Маўглі, таму што ад адказу залежала яго жыццё або смерць.

— Ён зарэзаў свінню на досвітку, а цяпер яшчэ і напіўся ўдосталь. Не забудзь, што Шэр-Хан не можа прабыць і аднаго дня без яды нават дзеля помсты.

— О ёлупень, ёлупень! Дурань з дурняў! Наеўся ды яшчэ і напіўся і думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспіцца! Дык дзе ж ён залёг? Калі б нас было хоць дзесяцера, мы збілі б з яго пыху. Гэтыя буйвалы не захочуць нападаць, калі не ўчуюць тыгра, а я не ўмею гаварыць на іхняй мове. Ці нельга нам пайсці па яго следзе, каб буйвалы яго ўчулі?

— Ён праплыў далёка ўніз па Вайнганзе, каб след згубіўся, — адказаў Шэры Брат.

— Гэта Табакі яго навучыў, я ведаю. Сам ён ніколі не здагадаўся б. — Маўглі стаяў, паклаўшы палец у рот, і думаў. — Вялікі яр каля Вайнгангі — ён выходзіць на раўніну амаль за паўмілі адсюль. Я магу павесці статак кругаля, праз джунглі, да пачатку яра, а потым спусціцца ўніз, але тады ён уцячэ ад нас па дне яра. Трэба загарадзіць той канец. Шэры Брат, можаш ты падзяліць статак напалам?

— Не ведаю, можа, і не здолею, але я прывёў табе разумнага памочніка.

Шэры Брат адбегся ўбок і саскочыў у яму. Адтуль паказалася вялікая шэрая галава, добра знаёмая Маўглі, і спякотнае паветра запоўнілася сама тужлівым выццём, якое толькі можна пачуць у джунглях, — гэта быў паляўнічы покліч ваўка ў паўдзённы час.

— Акела! Акела! — крыкнуў Маўглі і запляскаў у ладкі. — Я так і ведаў, што ты мяне не забудзеш! Нас чакае вялікая работа. Падзялі статак напалам, Акела. Збяры кароў з цялятамі, а быкоў і рабочых буйвалаў — асобна.

Абодва ваўкі, робячы петлі, загойсалі ў статку сярод буйвалаў і кароў, якія чмыхалі і задзіралі ўгору галовы, і падзялілі яго на дзве групы. У адной стаялі каровы, акружыўшы цялят кальцом, і, злосна пазіраючы, грэблі капытамі зямлю, гатовыя кінуцца на ваўка і растаптаць яго насмерць, як толькі ён спыніцца. У другой групе чмыхалі і грэблі зямлю быкі і маладыя бычкі; яны здаваліся страшнейшымі, але былі далёка не так небяспечныя, бо не баранілі сваіх цялят. Людзі і ўшасцёх не справіліся б падзяліць статак гэтак спрытна.

— Што загадаеш яшчэ? — спытаў Акела, засопвшыся. — Яны хочуць зноў сысціся разам.

Маўглі ўскочыў на спіну Рамы:

— Адгані быкоў падалей налева, Акела. Шэры Брат, калі мы пойдзем адсюль, не давай каровам разбягацца і заганяй іх у вусце яра.

— А ці далёка? — спытаў Шэры Брат, цяжка дыхаючы і ляскаючы зубамі.

— Да таго месца, дзе схілы сама крутыя, каб Шэр-Хан не мог выскачыць! — крыкнуў Маўглі. — Затрымай іх там, пакуль не падыдзем мы.

Быкі рвануліся ўперад, пачуўшы голас Акелы, а Шэры Брат выйшаў і стаў перад каровамі. Тыя рынуліся на яго, і ён пабег перад самым статкам да вусця яра, а ў гэты час Акела адагнаў быкоў далёка ўлева.

— Добра зроблена! Яшчэ раз — і яны дружна рушаць уперад. Асцярожней цяпер, асцярожней, Акела! Варта толькі клацнуць зубамі, і яны кінуцца на цябе! Ого! Шалёная работа, горш чым ганяць чорных аленяў! Ці думаў ты, што гэтыя жывёліны могуць так хутка бегаць? — спытаў Маўглі.

— Я… я паляваў і на іх у свой час, — задыхаючыся ад пылу, адгукнуўся Акела. — Павярнуць іх у джунглі?

— Ага, павярні. Павярні іх хутчэй! Рама шалее ад злосці. О, каб я мог сказаць яму, што мне ад яго трэба!

Быкі павярнулі, на гэты раз направа, і з шумам рынуліся ў гушчар. Хлопчыкі-пастухі, што пільнавалі статак за паўмілі далей, з усіх ног прыпусцілі ў вёску з крыкам, што буйвалы пашалелі і ўцяклі.

План Маўглі быў даволі просты. Ён хацеў зрабіць вялікі круг па ўзгорках і дайсці да пачатку яра, а потым сагнаць быкоў уніз, каб Шэр-Хан апынуўся паміж быкамі і каровамі. Ён ведаў, што, наеўшыся і напіўшыся ўдосталь, Шэр-Хан не здолее біцца і не ўскараскаецца па схілах яра. Цяпер Маўглі супакойваў буйвалаў голасам, а Акела бег ззаду, падвываючы зрэдку, каб падагнаць тых, што адставалі. Давялося зрабіць вялікі-вялікі круг, таму што яны не хацелі падыходзіць занадта блізка да яра, каб не спудзіць Шэр-Хана. Нарэшце Маўглі павярнуў статак на зарослы травой абрыў, які крута спускаўся да яра. З абрыву з-за вяршалін дрэў была відаць раўніна ўнізе, але Маўглі глядзеў толькі на схілы яра і з радасцю бачыў, што яны вельмі крутыя, амаль стромкія, і што плюшч і ліяны, якія іх аплялі, не ўтрымаюць тыгра, калі ён захоча выбрацца наверх.

— Дай ім уздыхнуць, Акела, — сказаў ён, падымаючы руку. — Яны яшчэ не ўчулі тыгра. Дай ім уздыхнуць. Трэба ж сказаць Шэр-Хану, хто ідзе. Мы злавілі яго ў пастку.

Ён прыклаў рукі да рота і крыкнуў у яр — гэта было ўсё роўна, што крычаць у тунель, — і рэха пакацілася ад скалы да скалы.

Не вельмі хутка ў адказ пачулася працяглае соннае бурчанне сытага тыгра, які толькі што прачнуўся.

— Хто заве? — раўнуў Шэр-Хан, і прыгожы паўлін з рэзкім крыкам выпырхнуў з яра.

— Я, Маўглі! Пара табе з'явіцца на Скалу Рады, каровін злодзей! Уніз! Гані іх уніз, Акела! Уніз, Рама, уніз!

На момант статак замёр на краі абрыву, але Акела правыў на ўвесь голас паляўнічы покліч, і буйвалы адзін за адным нырнулі ў яр, як параходы ныраюць цераз парогі. Пясок і камяні паляцелі фантанам на ўсе бакі.

Раз рушыўшы, статак ужо не мог спыніцца, і не паспеў ён спусціцца на дно яра, як Рама зарыкаў, учуўшы Шэр-Хана.

— Ага! — сказаў Маўглі, седзячы на яго спіне. — Цяпер ты зразумеў!

І паток чорных рагоў, мысаў, пакрытых пенай, і вылупленых вачэй пакаціўся па яры, якраз так, як коцяцца валуны ў паводку: слабейшых буйвалаў адціснулі на бакі яра, дзе яны ледзь прадзіраліся праз ліяны. Буйвалы зразумелі, што іх чакае наперадзе: напасці ўсім статкам і з усяе сілы, чаго не вытрымае ніводзін тыгр. Шэр-Хан, пачуўшы тупат капытоў, падхапіўся і нязграбна затрухаў уніз па яры, азіраючыся па баках у пошуках выйсця. Але адхоны ўзнімаліся амаль строма, і ён бег далей і далей, ацяжэлы ад яды і вады, гатовы на ўсё, абы не біцца. Статак ужо расплюхваў лужыну, па якой ён толькі што прайшоў, і рыкаў так, што стогн стаяў у вузкім праходзе. Маўглі пачуў рыканне ў адказ у канцы яра і ўбачыў, як павярнуў Шэр-Хан (тыгр разумеў, што лепш сустрэцца з быкамі, чым з каровамі і цялятамі). Потым Рама спатыкнуўся і прайшоў па нечым мяккім і, падганяемы астатнімі быкамі, на ўсім хаду ўрэзаўся ў другую палову статка. Слабейшых буйвалаў гэтае сутыкненне проста збіла з ног.

Абодва статкі вылецелі на раўніну, боручыся, чмыхаючы і тупочучы капытамі.

Маўглі счакаў колькі трэба і саслізнуў са спіны Рамы, малоцячы направа і налева сваім кіем.

— Хутчэй, Акела, разводзь статак! Разганяй іх, а то яны пачнуць бароць адно аднаго! Адганяй іх падалей, Акела. Гэй, Рама! Гэй, гэй, гэй, дзеці мае! Ціхенька цяпер, ціхенька! Усё ўжо скончана.

Акела і Шэры Брат бегалі ўзад і ўперад, кусаючы буйвалаў за ногі, і хоць статак зноў падаўся быў у яр, Маўглі здолеў павярнуць Раму, а астатнія буйвалы папляліся за ім на балота.

Шэр-Хана не трэба было больш таптаць. Ён быў мёртвы, і каршуны ўжо зляталіся да яго.

— Браты, от гэта была сабачая смерць! — сказаў Маўглі, намацваючы нож, які заўсёды насіў у ножнах на шыі з таго часу як пачаў жыць з людзьмі. — Але ён усё роўна быў баязлівец і не захацеў бы біцца. Праўда! Яго шкура будзе вельмі дарэчы на Скале Рады. Трэба хутчэй брацца за работу.

Хлопчыку, які вырас сярод людзей, ніколі не прыйшло б у галаву аднаму аблупіць дзесяціфутавага тыгра, але Маўглі лепш за любога іншага ведаў, як трэба лупіць жывёлу.

Аднак работа была цяжкая, і Маўглі завіхаўся цэлую гадзіну, аддзіраючы і паласуючы шкуру нажом, а ваўкі глядзелі, высалапіўшы язык, або падыходзілі і цягнулі шкуру, калі ён загадваў ім.

Раптам нечая рука легла на плячо Маўглі, і, узняўшы вочы, хлопчык убачыў Балдзео з ангельскім мушкетам. Пастухі расказалі ў вёсцы пра тое, што буйвалы пашалелі і ўцяклі, і Балдзео выйшаў сярдзіты, загадзя гатовы пакараць Маўглі за тое, што ён кепска глядзеў за статкам. Ваўкі зніклі з вачэй, як толькі заўважылі чалавека.

— Што гэта яшчэ за дурасць? — сярдзіта спытаў Балдзео. — Ды хіба ты аблупіш тыгра? Дзе буйвалы яго забілі? Да таго ж гэта кульгавы тыгр, і за яго галаву прызначана сто рупій. Ну-ну, мы не будзем цябе караць за тое, што не ўпільнаваў статак, і магчыма, я дам табе адну рупію, пасля таго як завязу шкуру ў Канхівару.

Ён намацаў за поясам крэмень і крэсіва і прыгнуўся, каб асмаліць Шэр-Хану вусы. Амаль усе паляўнічыя ў Індыі падсмальваюць тыгру вусы, каб яго прывід не трывожыў іх.

— Гм! — ціха сказаў Маўглі, здымаючы шкуру з пярэдняй лапы. — Дык ты завязеш шкуру ў Канхівару, атрымаеш узнагароду і, магчыма, дасі мне адну рупію? А я дык думаю, што шкура спатрэбіцца мне самому. Гэй, стары, выбірайся з агнём падалей!

— Як ты смееш так размаўляць з найлепшым паляўнічым вёскі? Тваё шчасце і дурнота буйвалаў памаглі табе займець такую здабычу. Тыгр толькі што наеўся, інакш ён быў бы зараз за дваццаць міляў адгэтуль. Ты нават аблупіць яго не зможаш як след, убогі хлапчук, ды яшчэ асмельваешся гаварыць мне, Балдзео, каб я не падсмальваў тыгру вусоў! Не, Маўглі, я не дам табе з узнагароды ніводнага медзяка, затое адлупцую як мае быць. Адыдзі ад тушы!

— Клянуся буйвалам, які выкупіў мяне, — сказаў Маўглі, здымаючы шкуру з лапаткі, — няўжо я патрачу ўвесь поўдзень на балбатню з гэтай старой малпай? Сюды, Акела, гэты чалавек абрыдзеў мне!

Балдзео, які ўсё яшчэ стаяў, прыгнуўшыся над галавой Шэр-Хана, раптам расцягнуўся на траве, а калі апамятаўся, дык убачыў, што над ім стаіць шэры воўк, а Маўглі па-ранейшаму лупіць шкуру, як быццам ён адзін ва ўсёй Індыі.

— Та-ак, — сказаў Маўглі скрозь зубы, — ты кажаш праўду, Балдзео: ты не дасі мне ніводнага медзяка з узнагароды. Я даўно ваюю з гэтым кульгавым тыграм, вельмі даўно, і верх цяпер мой!

Трэба сказаць шчырую праўду пра Балдзео — калі б ён быў гадоў на дзесяць маладзейшы, ён бы не пабаяўся схапіцца з Акелам, сустрэўшы яго ў лесе, але воўк, які слухаецца слова хлопчыка, у якога ёсць асабістыя рахункі з тыграм-людаедам, — не звычайны звер. Тут вядзьмарства, сама небяспечныя чары, думаў Балдзео і ўжо не спадзяваўся, што амулет на шыі ўратуе яго. Ён ляжаў ледзь дыхаючы і чакаў, што Маўглі вось-вось зробіцца тыграм.

— Махараджа! Валадар! — прамовіў ён нарэшце хрыплым шэптам.

— Праўда? — адказаў Маўглі, не паварочваючы галавы і ціхенька пасміхаючыся.

— Я ўжо стары. Адкуль я ведаў, што ты не звычайны пастушок? Можна мне ўстаць і пайсці адсюль ці твой слуга разарве мяне на шматкі?

— Ідзі і жыві спакойна. Толькі другі раз не ўмешвайся ў мае справы. Пусці яго, Акела!

Балдзео зачыкільгаў у вёску, спяшаючыся і ўвесь час азіраючыся цераз плячо, ці не ператварыўся Маўглі ў што-небудзь страшнае. Дабраўшыся да вёскі, ён расказаў такую гісторыю пра напушчаныя на яго чары, чарадзейства і вядзьмарства, што жрэц не на жарт перапалохаўся.

Маўглі працаваў без спачыну, але насоўваўся ўжо змрок, калі ён разам з ваўкамі злупіў з тушы вялікую паласатую шкуру.

— Цяпер трэба схаваць шкуру і гнаць буйвалаў дахаты. Памажы мне сабраць іх, Акела!

Статак сабралі на сутонні, і, калі ён набліжаўся да вёскі, Маўглі ўбачыў агні і пачуў, як у храме б'юць званы і трубяць у ракавіны. Здавалася, палова вёскі сабралася каля варотаў сустракаць Маўглі.

«Гэта таму, што я забіў Шэр-Хана», — падумаў ён.

Але цэлы дождж камянёў прасвістаў паўз яго, і людзі закрычалі:

— Вядзьмар! Пярэварацень! Воўчы выкармак! Ідзі прэч! Ды хутчэй, а то жрэц зноў зробіць цябе ваўком! Страляй, Балдзео, страляй!

Стары ангельскі мушкет гучна бухнуў, і ў адказ зарыкаў ад болю паранены буйвал.

— Зноў вядзьмарства! — закрычалі людзі. — Ён умее адводзіць кулі! Балдзео, гэта ж твой буйвал!

— Гэта што ж такое? — спытаў разгублена Маўглі, калі камяні паляцелі яшчэ гусцей.

— А яны ж падобны на Чараду, гэтыя твае браты, — сказаў Акела і спакойна сеў на зямлю. — Калі кулі што-небудзь азначаюць, яны як быццам збіраюцца прагнаць цябе.

— Воўк! Воўчы выкармак! Ідзі прэч! — крычаў жрэц, размахваючы галінкай свяшчэннай расліны тулсі.

— Зноў? Мінулы раз мяне гналі за тое, што я чалавек. На гэты раз за тое, што я воўк. Хадзем, Акела!

Жанчына — гэта была Месуа — перабегла цераз дарогу да статка і крыкнула:

— О сын мой, сын мой! Яны кажуць, што ты вядзьмар і можаш, калі захочаш, зрабіцца ваўком! Я ім не веру, але ўсё-такі ідзі адсюль, а то яны заб'юць цябе. Балдзео кажа, што ты чарадзей, але я ведаю, што ты адпомсціў за смерць майго Натху.

— Вярніся, Месуа! — крычаў натоўп. — Вярніся, а то мы паб'ём цябе камянямі!

Маўглі засмяяўся кароткім злосным смехам, — камень выцяў яго па губах.

— Бяжы назад, Месуа. Гэта дурная казка з тых, якія расказваюць пад вялікім дрэвам вечарамі. Я ўсё ж адпомсціў за твайго сына. Бывай і бяжы хутчэй, бо зараз я пашлю на іх статак, а ён рухаецца хутчэй, чым ляцяць камяні. Я не вядзьмар, Месуа. Бывай!.. Ну, яшчэ раз, Акела! — крыкнуў ён. — Гані статак у вароты!

Буйвалы і самі рваліся ў вёску. Ім не трэба было, каб іх падганяла выццё Акелы, яны, як віхор, уляцелі ў вароты, расшпурляўшы натоўп направа і налева.

— Лічыце! — з пагардай крыкнуў Маўглі. — Можа, я ўкраў у вас буйвала? Лічыце, таму што больш я не буду пасвіць для вас статак. Бывайце, людзі, і скажыце дзякуй Месуі, што я не паклікаў сваіх ваўкоў і не ўзяўся ганяць вас узад і ўперад па вясковай вуліцы.

Ён павярнуўся і пайшоў прэч разам з ваўком-адзінцом і, пазіраючы ўгору на зоркі, адчуваў сябе шчаслівым.

— Больш я ўжо не буду спаць у пастках, Акела. Давай возьмем шкуру Шэр-Хана і пойдзем адсюль. Не, вёску мы не зачэпім, бо Месуа была добрая да мяне.

Калі месяц узышоў над раўнінай і заліў яе нібы малаком, напалоханыя сяляне ўбачылі, як Маўглі з двума ваўкамі ззаду і з клункам на галаве бег да лесу ваўчынай рыссю, пакідаючы за сабой мілю за міляй. Тады яны пачалі біць у званы і затрубілі ў ракавіны яшчэ мацней, чым дагэтуль. Месуа плакала, Балдзео ўсё больш хлусіў, расказваючы пра свае прыгоды ў джунглях, і закончыў тым, што расказаў, нібыта Акела стаяў на задніх лапах і размаўляў, як чалавек.

Месяц ужо заходзіў, калі Маўглі і абодва ваўкі падышлі да ўзгорка, дзе была Скала Рады, і спыніліся перад логавам Маці Ваўчыхі.

— Яны прагналі мяне з чалавечай чарады, маці! — крыкнуў ёй Маўглі. — Але я стрымаў сваё слова і вярнуўся са шкурай Шэр-Хана.

Маці Ваўчыха не спяшаючыся выйшла з пячоры са сваімі ваўчанятамі, і вочы яе загарэліся, калі яна ўбачыла шкуру.

— У той дзень, калі ён уціснуў галаву і плечы ў наша логава, гонячыся за табой, Жабянятка, я сказала яму, што з паляўнічага ён стане здабычай. Ты зрабіў як трэба.

— Добра зрабіў, Маленькі Брат, — пачуўся нечы нізкі голас у зарасніку. — Мы сумавалі ў джунглях без цябе. — Багіра падбегла і пацерлася аб босыя ногі Маўглі.

Яны разам падняліся на Скалу Рады, і на тым пляскатым камені, дзе сядзеў раней Акела, Маўглі разаслаў тыгравую шкуру і прымацаваў яе чатырма бамбукавымі калкамі. Акела лёг на шкуру і па-даўнейшаму пачаў склікаць ваўкоў на Раду: «Глядзіце, глядзіце, о ваўкі!» — якраз як у тую ноч, калі Маўглі ўпершыню прывялі сюды.

З таго часу як змясцілі Акелу, Чарада заставалася без важака і ваўкі хадзілі на паляванне або біліся як хто надумаецца. Аднак ваўкі па звычцы прыйшлі на покліч. Адны з іх закульгавелі, трапіўшы ў пастку, другія ледзь чыкільгалі, параненыя шротам, трэція запаршывелі, бо харчаваліся рознай дрэнню, шмат каго недалічваліся зусім. Але ўсе, хто застаўся жывы, прыйшлі на Скалу Рады і ўбачылі паласатую шкуру Шэр-Хана на скале і вялізныя кіпцюры, што матляліся на канцах пустых лапаў.

— Глядзіце як след, о ваўкі! Хіба я не стрымаў слова? — сказаў Маўглі.

І ваўкі прадзяўкалі: «Стрымаў!», а адзін, сама заняпалы, завыў:

— Будзь зноў нашым важаком, о Акела! Будзь нашым важаком, о дзіцяня! Нам апрыкрала беззаконне, і мы хочам зноў стаць Вольным Народам!

— Не, — правуркатала Багіра, — гэта немагчыма. Калі вы будзеце сытыя, вы можаце зноў ашалець. Нездарма вы называецеся Вольным Народам. Вы біліся за Волю, і яна ваша. Ешце яе, о ваўкі!

— Чалавечая чарада і воўчая чарада прагналі мяне, — сказаў Маўглі. — Цяпер я буду хадзіць на паляванне ў джунглях адзін.

— І мы будзем хадзіць на паляванне разам з табой, — сказалі чацвёра ваўчанят.

І Маўглі пайшоў і з гэтага дня займаўся паляваннем у джунглях разам з чатырма ваўчанятамі.

Але ён не заўсёды заставаўся адзін: праз многа гадоў ён стаў дарослы і ажаніўся.

Але гэта ўжо — гаворка для вялікіх!

Загрузка...