Каа, вялікі горны ўдаў, змяніў скуру — пэўна, двухсоты раз з дня нараджэння, — і Маўглі, які ніколі не забываў, што аднойчы ноччу ў Халодных Бярлогах Каа выратаваў яму жыццё, пра што, магчыма, памятаеце і вы, прыйшоў яго павіншаваць. Мяняючы скуру, змяя бывае панурая і зласлівая да таго часу, пакуль новая скура не зробіцца бліскучай і прыгожай. Каа больш не пасмейваўся з Маўглі. Як і ўсе ў джунглях, ён лічыў яго Гаспадаром Джунгляў і расказваў яму ўсе навіны, якія, само сабою, даводзіцца чуць удаву яго велічыні. Тое, чаго Каа не ведаў пра сярэднія джунглі, як іх называюць, пра жыццё, якое ідзе каля самай зямлі або пад зямлёй, пра жыццё каля валуноў, купін і лясных пнёў, змясцілася б на сама маленькай яго лускавінцы.
У той дзень Маўглі сядзеў паміж вялікіх кольцаў Каа і перабіраў пальцамі лускавіністую старую скуру, якую ўдаў скінуў сярод камянёў. Каа ласкава падставіў сваё цела пад шырокія голыя плечы Маўглі, і хлопчык сядзеў, нібы ў жывым крэсле.
— Яна ўся цэлая, нават і лускавінкі на вачах цэлыя, — нягучна сказаў Маўглі, забаўляючыся скінутай скурай. — Як дзіўна бачыць каля сваіх ног тое, што закрывала галаву!
— Так, але ног у мяне няма, — адказаў Каа, — і я не бачу тут нічога дзіўнага, гэта звычай майго народа. Хіба ты ніколі не адчуваеш, што скура ў цябе сухая і цвёрдая?
— Тады я іду купацца, Пляскатагаловы, хоць, праўда, у вялікую гарачыню мне хочацца скінуць скуру зусім і бегаць без скуры.
— Я і купаюся і мяняю скуру. Ну, як табе падабаецца маё новае адзенне?
Маўглі правёў рукой па косых клетках вялізнай спіны.
— У чарапахі спіна цвярдзейшая, але не такая стракатая, — сказаў ён у задуменні. — У жабы, маёй цёзкі, яна больш стракатая, але не такая цвёрдая. З выгляду вельмі прыгожа, нібы стракаты ўзор у чашачцы жоўтага гарлачыка.
— Новай скуры патрэбна вада. Да першага купання колер усё яшчэ не той. Хадзем купацца!
— Я панясу цябе, — сказаў Маўглі і, смеючыся, нагнуўся, каб прыўзняць вялізнае цела Каа там, дзе яно здавалася сама тоўстым.
Гэта было ўсё роўна што падняць водаправодную трубу двухфутавай таўшчыні, і Каа ляжаў нерухома, ціха пыхкаючы ад асалоды. Потым у іх пачалася звычайная вячэрняя гульня — хлопчык у росквіце сілы і ўдаў у цудоўнай новай скуры пачалі барукацца адзін з адным, выпрабоўваючы зоркасць і сілу. Вядома, Каа мог раздушыць сотню такіх, як Маўглі, калі б даў сабе волю, але ён гуляў асцярожна, ніколі не выкарыстоўваў і дзесятай долі сваёй магутнасці.
Як толькі Маўглі стаў дастаткова дужы, каб з ім можна было барукацца, Каа навучыў хлопчыка гэтай гульні, і яго цела зрабілася пасля такіх практыкаванняў надзвычай гнуткім. Іншы раз Маўглі стаяў, абкручаны амаль да горла гібкімі кольцамі Каа, намагаючыся вызваліць адну руку і ўхапіць яго за шыю. Тады Каа, увесь абмякшы, паслабляў хватку, а Маўглі сваімі шпаркімі нагамі не даваў знайсці пункт апоры вялізнаму хвасту, які выцягваўся назад, намацваючы камень або пень. Яны пагойдваліся ўзад і ўперад, галава каля галавы, кожны выбіраючы момант для нападу, і нарэшце прыгожая, як статуя, група ператваралася ў віхор чорных з жоўтым кольцаў і мільгаючых ног і рук, каб зноў і зноў падняцца.
— Ну-ну-ну! — гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якіх не магла адбіць нават шпаркая рука Маўглі. — Глядзі! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькі Брат! Вось і вось! Рукі ў цябе анямелі, ці што? Вось зноў!
Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, імклівым ударам галавы Каа заўсёды збіваў хлопчыка з ног. Маўглі так і не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; і, як казаў Каа, на гэта не варта было траціць часу.
— Добрага палявання! — прабурчаў нарэшце Каа.
І Маўглі, як заўсёды, адляцеў крокаў на дзесяць убок, задыхаючыся і рагочучы.
Ён падняўся з поўнымі жменямі травы і пайшоў за Каа да любімага месца купання мудрай змяі — глыбокай, чорнай як смоль затокі, акружанай скаламі і асабліва прывабнай таму, што на дне яе ляжалі ствалы затанулых дрэў. Як заведзена ў джунглях, хлопчык бязгучна кінуўся ў ваду і нырнуў; потым вынырнуў, таксама без ніводнага гуку, лёг на спіну, заклаўшы рукі пад галаву, і, пазіраючы на месяц, што ўзышоў над скаламі, пачаў разбіваць пальцамі ног яго адлюстраванне ў вадзе. Трохвугольная галава Каа разразала ваду, як брытва, і, падняўшыся з вады, легла на плячо Маўглі. Яны ляжалі нерухома, цешачыся прахалодай, што ахінала іх.
— Як цудоўна! — сонна сказаў Маўглі. — А ў чалавечай чарадзе ў гэты час, памятаю, лажыліся на цвёрдае дрэва ўнутры земляных пастак і, закрыўшыся як мага з усіх бакоў ад свежага ветру, захутваліся з галавой затхлымі анучамі і заводзілі носам нудныя песні. У джунглях лепш!
Таропкая кобра праслізнула паўз іх па скале, напілася, пажадала ім добрага палявання і знікла.
— О-о-ш! — сказаў Каа, быццам успомніў штосьці. — Дык, значыцца, джунглі даюць табе ўсё, чаго табе толькі хочацца, Маленькі Брат?
— Не ўсё, — сказаў Маўглі і засмяяўся, — а то можна было б кожны месяц забіваць новага Шэр-Хана. Цяпер я мог бы забіць яго сваімі рукамі і не прасіць дапамогі ў буйвалаў. Яшчэ мне хочацца іншы раз, каб сонца свяціла ў час дажджоў або каб дажджы закрылі сонца ў разгар лета. А калі я галодны, мне заўсёды хочацца забіць казу, а калі заб'ю казу, хочацца, каб гэта быў алень, а калі гэта алень, хочацца, каб гэта быў нільгау. Але ж так бывае з усімі.
— І больш табе нічога не хочацца? — спытаў Каа.
— А чаго мне больш хацець? У мяне ёсць джунглі і Ласка Джунгляў! Хіба ёсць яшчэ што-небудзь на свеце паміж усходам і захадам?
— А кобра казала… — пачаў Каа.
— Якая кобра? Тая, што прапаўзла зараз, нічога не казала: яна выправілася на паляванне.
— Не гэтая, а другая.
— І шмат у цябе спраў з Ядавітым Народам? Я іх не чапаю, няхай ідуць сваёй дарогай. Яны носяць смерць у пярэдніх зубах, і гэта нядобра — яны такія маленькія. Але з якой жа гэта кобрай ты размаўляў?
Каа павольна пагойдваўся на вадзе, як параход на бакавой хвалі.
— Тры ці чатыры месяцы назад, — сказаў ён, — я быў на паляванні ў Халодных Бярлогах — ты, можа, яшчэ не забыўся пра іх, — і стварэнне, за якім я гнаўся, з віскам кінулася паўз вадаёмы да таго дома, які я калісьці праламаў дзеля цябе, і ўцякло пад зямлю.
— Але ў Халодных Бярлогах ніхто не жыве пад зямлёй. — Маўглі сцяміў, што Каа гаворыць пра Малпін Народ.
— Гэтае стварэнне не жыло, а ратавала сваё жыццё, — адказаў Каа, высоўваючы трапяткі язык. — Яно запаўзло ў нару, якая ішла вельмі далёка. Я папоўз за ім, забіў яго, а потым заснуў. А калі прачнуўся, дык папоўз уперад.
— Пад зямлёю?
— Ага. І нарэшце натрапіў на Белы Клабук — белую кобру, якая гаварыла са мною пра незразумелыя рэчы і паказала мне шмат такога, чаго я ніколі яшчэ не бачыў.
— Новую дзічыну? І добрае было ў цябе паляванне? — Маўглі шпарка перавярнуўся на бок.
— Гэта была не дзічына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзі — а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду, — што людзі аддалі б усё да апошняга дыхання, каб толькі зірнуць на гэтыя рэчы.
— Паглядзім! — сказаў Маўглі. — Цяпер я ўспамінаю, што калісьці быў чалавекам.
— Ціха, ціха! Паспешлівасць загубіла Жоўтую Змяю, якая з'ела сонца. Мы пагаварылі пад зямлёй, і я расказаў пра цябе, называў цябе чалавекам. Белая кобра сказала (а яна сапраўды старая, як джунглі): «Даўно ўжо не бачыла я чалавека. Няхай прыйдзе, тады і пабачыць усе гэтыя рэчы. За сама малую з іх шмат хто з людзей не пашкадаваў бы жыцця».
— Значыцца, гэта новая дзічына. А Ядавіты Народ ніколі ж не кажа нам, дзе ёсць няпуджаная дзічына. Яны нядобразычлівыя.
— Гэта не дзічына. Гэта… гэта… я не магу сказаць, што гэта такое.
— Мы пойдзем туды. Я ніколі яшчэ не бачыў белай кобры, ды і на ўсё астатняе мне таксама хочацца паглядзець. Гэта яна іх забіла?
— Яны ўсе нежывыя. Кобра сказала, што пільнуе іх.
— А! Як воўк пільнуе здабычу, калі прывалачэ яе ў логава. Хадзем!
Маўглі падплыў да берага, пакачаўся па траве, каб абсохнуць, і яны ўдвух рушылі да Халодных Бярлогаў — закінутага горада, пра які вы, магчыма, чыталі.
Маўглі цяпер ані не баяўся малпаў, затое малпы дрыжалі ад страху перад Маўглі. Але Малпіна племя гойсала цяпер па джунглях, і Халодныя Бярлогі стаялі ў святле месяца пустыя і маўклівыя.
Каа падпоўз да руінаў княжацкай альтанкі пасярэдзіне тэрасы, перабраўся цераз кучы шчэбню і слізгануў уніз па засыпанай абломкамі лесвіцы, якая вяла ў падзямелле. Маўглі падаў Змяіны Покліч: «Мы з вамі адной крыві, вы і я!» — і папоўз за ім на карачках. Абодва яны доўга паўзлі па нахіленым калідоры, які некалькі разоў паварочваў убок, і нарэшце дабраліся да такога месца, дзе корань старога дрэва, што ўзнімалася над зямлёй футаў на трыццаць, выціснуў са сцяны вялікі камень. Яны пралезлі ў дзірку і апынуліся ў прасторным падзямеллі, скляпенне якога, рассунутае каранямі дрэў, таксама было ўсё ў расколінах, так што зверху ў цемру падалі тонкія праменьчыкі святла.
— Надзейны прытулак! — сказаў Маўглі і выпрастаўся на ўвесь рост. — Толькі ён занадта далёка, каб кожны дзень у ім бываць. Ну, а што ж мы тут убачым?
— Хіба я нішто? — сказаў чыйсьці голас у глыбіні падзямелля.
Перад Маўглі мільгнула штосьці белае, і паступова ён разгледзеў такую вялізную кобру, якіх ён дагэтуль не сустракаў, — амаль восем футаў даўжынёй, вылінялую ад жыцця ў цемры да жаўцізны старой слановай косці. Нават акуляры на раздзьмутым клабуку зрабіліся ў яе бледна-жоўтымі. Вочы ў кобры былі чырвоныя, як рубіны, і ўся яна была такая дзіўная з выгляду.
— Добрага палявання! — сказаў Маўглі, у якога ветлівыя словы, як і паляўнічы нож, былі заўсёды напагатове.
— Што новага ў горадзе? — спытала белая кобра, не адказваючы на прывітанне. — Што новага ў вялікім горадзе, абгароджаным сцяною, у горадзе сотні сланоў, дваццаці тысяч коней і незлічоных статкаў, — у горадзе князя над дваццаццю князямі? Я станаўлюся тугаватай на вуха і даўно ўжо не чула баявых гонгаў.
— Над намі джунглі, — сказаў Маўглі. — Са сланоў я ведаю толькі Хатхі і яго сыноў. А што такое «князь»?
— Я гаварыў табе, — лагодна сказаў Каа, — я гаварыў табе чатыры месяцы назад, што твайго горада ўжо няма.
— Горад, вялікі горад у лесе, чые вароты ахоўваюцца княжацкімі вежамі, не можа знікнуць. Яго пабудавалі яшчэ да таго, як дзед майго дзеда вылупіўся з яйка, і ён будзе стаяць і тады, калі сыны маіх сыноў пабялеюць, як я. Саладхі, сын Чандрабіджы, сына Війеджы, сына Ягасары, пабудаваў яго ў даўнія часы. А хто ваш валадар?
— След згубіўся, — сказаў Маўглі, звяртаючыся да Каа. — Я не разумею, што яна гаворыць.
— Я таксама. Яна вельмі старая… Прамаці Кобраў, тут навокал адны толькі джунглі, як і было заўсёды, ад самага пачатку.
— Тады хто ж ён, — спытала белая кобра, — той, што сядзіць перада мною і не баіцца? Той, што не ведае імені князя і размаўляе на нашай мове вуснамі чалавека? Хто ён, з нажом паляўнічага і мовай змяі?
— Мяне завуць Маўглі, — быў адказ. — Я з джунгляў. Ваўкі — мой народ, а гэта Каа, мой брат. А ты хто, Маці Кобраў?
— Я вартавы княжацкага скарбу. Каран Раджа палажыў нада мною камяні яшчэ тады, калі ў мяне была цёмная скура, каб я забівала тых, што прыйдуць сюды красці. Потым скарбы апусцілі пад камень, і я пачула спевы жрацоў, маіх настаўнікаў.
«Гм! — сказаў сам сабе Маўглі. — З адным жрацом я ўжо меў справу ў чалавечай чарадзе, і я ведаю, што ведаю. Хутка сюды прыйдзе бяда».
— Пяць разоў падымалі камень з таго часу, як я пільную скарб, але заўсёды для таго, каб дабавіць яшчэ, а не панесці адсюль. Нідзе няма такіх багаццяў, як гэтыя — скарбы ста князёў. Але даўным-даўно ўжо не падымалі камень, і мне здаецца, што пра мой горад забыліся.
— Горада няма. Паглядзі навокал — вунь карані вялікіх дрэў рассунулі камяні. Дрэвы і людзі не растуць разам, — угаворваў яе Каа.
— Двойчы і тройчы людзі знаходзілі сюды дарогу, — злосна адказала кобра, — але яны нічога не гаварылі, пакуль я не знаходзіла іх вобмацкам у цемры, а тады крычалі, толькі зусім нядоўга. А вы абое прыйшлі да мяне з хлуснёй, і чалавек і змяя, і хочаце, каб я вам паверыла, нібыта майго горада больш няма і прыйшоў канец маёй службе. Людзі мала змяняюцца з гадамі. А я не змяняюся! Пакуль не падымуць камень і не прыйдуць жрацы са спевам знаёмых мне песняў, і не напояць мяне цёплым малаком, і не вынесуць адсюль на святло, я, я, я — і ніхто іншы! — буду Вартавым Княжацкага Скарбу! Горад памёр, кажаце вы, і сюды праніклі карані дрэў? Дык нагніцеся ж і вазьміце што хочаце! Няма нідзе на зямлі такіх скарбаў! Чалавек са змяінай мовай, калі ты зможаш выйсці адсюль жывы тою дарогаю, якою прыйшоў, князі будуць табе слугамі!
— След зноў згубіўся, — спакойна сказаў Маўглі. — Няўжо які-небудзь шакал прагробся гэтак глыбока і ўкусіў вялікі белы Клабук? Яна, мусіць, ашалела… Маці Кобраў, я не бачу, што можна адсюль вынесці.
— Клянуся багамі Сонца і Месяца, хлопчык страціў розум! — сыкнула кобра. — Перш чым заплюшчацца твае вочы, я зраблю табе адну вялікую ласку. Глядзі — і ўбачыш тое, чаго не бачыў яшчэ ніхто з людзей!
— Кепска бывае таму, хто гаворыць Маўглі пра ласку, — адказаў хлопчык скрозь зубы, — але ў цемры ўсё змяняецца, я ведаю. Я пагляджу, калі табе гэтак хочацца.
Прыжмурыўшы вочы, ён абвёў пільным позіркам падзямелле, потым падняў з-пад ног жменьку чагосьці бліскучага.
— Ого! — сказаў ён. — Гэта падобна на тыя штучкі, якімі забаўляюцца ў чалавечай чарадзе. Толькі гэтыя жоўтыя, а тыя былі карычневыя.
Ён выпусціў золата долу і зрабіў крок уперад. Усё падзямелле было выслана слоем залатых і сярэбраных манет таўшчынёй пяць-шэсць футаў; манет, што высыпаліся з мяхоў, дзе яны раней захоўваліся. За доўгія гады метал зляжаўся і выраўняўся, як пясок у час адліву. На манетах і пад імі, закапаўшыся ў іх, як абломкі крушэння ў пяску, былі чаканнага серабра сёдлы для сланоў з бляхамі каванага золата, аздобленыя рубінамі і бірузой. Там былі паланкіны і насілкі для княгіняў, акаваныя і ўпрыгожаныя серабром і эмаллю, з нефрытавымі ручкамі і бурштынавымі кольцамі для фіранак; там былі залатыя свяцільні са смарагдавымі падвескамі, што калыхаліся на іх; там былі пяціфутавыя статуі даўно забытых багоў, сярэбраныя, са смарагдавымі вачамі; былі кальчугі, стальныя, з залатою насечкаю і з махрамі з пачарнелага дробнага жэмчугу; там былі шлемы з грабянямі, усыпанымі рубінамі колеру галубінай крыві; там былі лакіраваныя шчыты з панцыра чарапахі і скуры насарога, акутыя чыстым золатам са смарагдамі па краях; бярэмы шабляў, кінжалаў і паляўнічых нажоў з алмазнымі тронкамі; залатыя чашы і каўшы і пераносныя алтары, што ніколі не бачылі дзённага святла; нефрытавыя келіхі і бранзалеты; кадзілы, грабяні, пасудзіны для духоў, хны і сурмы, усё з чыстага золата; мноства кольцаў для носа, абручоў, пярсцёнкаў і паясоў; паясы на сем пальцаў шырынёю з гранёных алмазаў і рубінаў і драўляныя шкатулкі, тройчы акутыя жалезам, дрэва якіх рассыпалася ў пыл, і засталіся груды апалаў, кацінага вока, сапфіраў, рубінаў, брыльянтаў, смарагдаў і гранатаў.
Белая кобра гаварыла праўду: ніякімі грашыма нельга было ацаніць гэткі скарб — здабыткі многіх і стагоддзяў вайны, рабункаў, гандлю і пабораў. Адным толькі манетам не было цаны, ужо не кажучы пра каштоўныя камяні; золата і серабра тут было не менш за дзвесце ці трыста тон чыстай вагі.
Ды Маўглі, вядома, не зразумеў, што значаць гэтыя рэчы. Нажы зацікавілі яго трошкі, але яны не былі такія зручныя, як яго нож, і таму ён іх кінуў. Нарэшце ён знайшоў нешта сапраўды прывабнае; яно ляжала перад слановым сядлом, напалову засыпаным манетамі. Гэта быў анкус — кароткі жалезны крук, якім паганяюць сланоў. Яго дзяржальна ўпрыгожваў круглы зіхатлівы рубін, а васьміцалёвай даўжыні ручка была спрэс аздоблена нешліфаванай бірузой, так што трымаць яе ў руцэ было вельмі зручна. Ніжэй быў нефрытавй абадок, а вакол яго ішоў узор з кветак, толькі лісце было смарагдавае, а кветкі — рубіны, устаўленыя ў халаднаваты зялёны камень. Астатняя частка ручкі была з чыстай слановай косці, а самы канец — вастрыё і крук — быў стальны з залатой насечкай, малюнак якой паказваў паляванне на сланоў. Малюнкі і зачаравалі Маўглі: ён убачыў, што на іх паказаны яго сябар Хатхі.
Белая кобра паўзла за ім па пятах.
— Хіба не варта аддаць жыццё за тое, каб гэта пабачыць? — сказала яна. — Праўда, я зрабіла табе вялікую ласку?
— Я не разумею, — адказаў Маўглі. — Яны ўсе цвёрдыя і халодныя і зусім не прыдатныя для яды. Алё вось гэта, — ён падняў анкус, — я хацеў бы забраць з сабою, каб разгледзець на сонцы. Ты кажаш, што гэта ўсё тваё. Дык падары гэта мне, а я прынясу табе жаб для яды.
Белая кобра ўся затрэслася ад злоснай радасці.
— Вядома, я падару табе гэта, — сказала яна. — Усё, што тут ёсць, я дару табе — да таго часу, пакуль ты не пойдзеш.
— Але я пайду зараз. Тут цёмна і холадна, а я хачу ўзяць гэтую калючую штуку з сабою ў джунглі.
— Зірні сабе пад ногі! Што там ляжыць?
Маўглі падняў штосьці белае і гладкае.
— Гэта чалавечы чэрап, — сказаў ён абыякава. — А вось і яшчэ два.
— Шмат гадоў назад гэтыя людзі прыйшлі, каб забраць скарб. Я пагаварыла з імі ў цемры, і яны супакоіліся.
— Але хіба мне трэба што-небудзь з таго, што ты называеш скарбам? Калі ты дазволіш мне ўзяць з сабою анкус, гэта будзе добрае паляванне. Калі не, усё роўна гэта будзе добрае паляванне. Я не варагую з Ядавітым Народам, ды, апрача таго, я ведаю Запаветнае Слова твайго племені.
— Тут толькі адно Запаветнае Слова, і гэтае Слова — маё!
Бліснуўшы вачамі, Каа рынуўся ўперад:
— Хто прасіў мяне прывесці чалавека?
— Я, вядома, — зашапацела старая кобра. — Даўно ўжо не бачыла я чалавека, а гэты чалавек гаворыць па-нашаму.
— Але мы не дамаўляліся пра тое, каб забіваць. Як жа я вярнуся ў джунглі і раскажу, што завёў яго на смерць?
— Я і не заб'ю яго раней часу. А калі табе трэба ісці, вунь дзірка ў сцяне. І памаўчы цяпер, тлусты забойца малпаў! Варта мне дакрануцца да тваёй шыі, і джунглі цябе больш не ўбачаць. Ніколі яшчэ чалавек не выходзіў адсюль жывым. Я Вартавы Скарбаў у Княжацкім горадзе!
— Ды кажуць жа табе, ты, белы начны чарвяк, што няма больш ні князя, ні горада! Навокал нас адны толькі джунглі! — усклікнуў Каа.
— А скарб ёсць. Але вось што можна зрабіць. Не ідзі яшчэ, затрымайся, Каа, — паглядзіш, як будзе бегаць хлопчык. Тут ёсць дзе папаляваць. Жыццё цудоўнае, хлопчык! Пабегай узад і ўперад, павесяліся!
Маўглі спакойна паклаў руку на галаву Каа.
— Гэтая белая пачвара дагэтуль бачыла толькі людзей з чалавечай чарады. Мяне яна не ведае, — прашаптаў ён. — Яна сама напрасілася на паляванне. Няхай мае паляванне!
Маўглі стаяў, трымаючы ў руках анкус вастрыём уніз. Ён шпурнуў анкус, і той упаў наўкос, якраз за клабуком вялікай змяі, прыціснуўшы яе да зямлі. Як згледзець вокам удаў наваліўся ўсім сваім цяжарам на звівістае цела кобры ад клабука да хваста. Чырвоныя вочы кобры палалі, і галава шалёна выкручвалася ўправа і ўлева.
— Забі яе! — сказаў Каа, убачыўшы, што Маўглі бярэцца за нож.
— Не, — сказаў Маўглі, дастаючы нож, — больш я не хачу забіваць, хіба толькі для ежы. Паглядзі сам, Каа!
Ён схапіў кобру ніжэй клабука, расшчапіў ёй рот лязом нажа і паказаў, што страшныя ядавітыя зубы ў верхняй сківіцы пачарнелі і выкрышыліся. Белая кобра перажыла свой яд, як гэта бывае са змеямі.
— Тхунтх (Гнілая Калода), — сказаў Маўглі і, зрабіўшы Каа знак, каб той адхіліўся, выцягнуў анкус з зямлі і вызваліў белую кобру.
— Княжацкаму скарбу патрэбен новы вартаўнік, — сказаў ён сурова. — Тхунтх, ты дала маху. Пабегай узад і ўперад, павесяліся, Гнілая Калода!
— Мне сорамна! Забі мяне! — сыкнула белая кобра.
— Занадта многа было размоў пра забойства. Цяпер мы пойдзем адсюль. Я вазьму гэтую калючую штуку, Тхунтх, таму што я біўся і перамог цябе.
— Глядзі, каб яна ўрэшце не забіла цябе. Гэта смерць! Памятай, гэта смерць! У гэтай штуцы хопіць сілы, каб забіць усіх людзей у маім горадзе. Нядоўга ты ўтрымаеш яе, Чалавек з Джунгляў, або той, хто забярэ яе ў цябе. Дзеля яе будуць забіваць, забіваць і забіваць! Мая сіла скончылася, затое калючка зробіць маю работу. Гэта смерць! Гэта смерць! Гэта смерць!
Маўглі выбраўся праз дзірку ў падземны калідор і, азірнуўшыся, убачыў, як белая кобра раз'юшана кусае бяссільнымі ўжо зубамі нерухомыя твары залатых ідалаў, што ляжаць на падлозе, і сыкае:
— Гэта смерць!
Маўглі і Каа былі рады, што зноў выбраліся на белы свет.
Як толькі яны апынуліся ў родных джунглях і анкус у руках хлопчыка зазіхацеў на ранішнім сонцы, Маўглі адчуў амаль такую ж радасць, як калі б знайшоў пучок новых кветак, для таго каб уваткнуць іх сабе ў валасы.
— Ён ярчэйшы за вочы Багіры, — з захапленнем сказаў Маўглі, паварочваючы рубін. — Я пакажу ёй гэтую штуку. Але што хацела сказаць Гнілая Калода сваімі словамі пра смерць?
— Не ведаю. Мне да кончыка хваста крыўдна, што яна не паспытала твайго нажа. Заўсёды ў Халодных Бярлогах тоіцца якая-небудзь бяда — і на зямлі і пад зямлёй… А цяпер я хачу есці. Ты пойдзеш разам са мною на паляванне сёння на досвітку? — сказаў Каа.
— Не, трэба паказаць гэтую штуку Багіры. Добрага палявання!
Маўглі прытанцоўваў на бягу, размахваючы вялікім анкусам, і спыняўся час ад часу, каб палюбавацца на яго. Дабраўшыся нарэшце да тых мясцін у джунглях, дзе адпачывала звычайна Багіра, ён знайшоў яе каля вадапою, пасля палявання на вялікага звера. Маўглі пачаў расказваць ёй пра ўсе свае прыгоды, а Багіра слухала і час ад часу абнюхвала анкус. Калі Маўглі дайшоў да апошніх слоў белай кобры, Багіра з ухвалой завуркатала.
— Значыцца, Белы Клабук гаварыў праўду? — жвава спытаў Маўглі.
— Я нарадзілася ў княжацкім звярынцы ва Ўдайпуры і, здаецца, ведаю сёе-тое пра чалавека. Шмат хто з людзей пайшоў бы тройчы за ноч на забойства за адзін гэты чырвоны камень.
— Але ад каменя ручку толькі цяжэй трымаць. Мой бліскучы ножык куды лепшы, і — паслухай! — чырвоны камень не прыдатны для яды. Дык для чаго ж забіваць?
— Маўглі, ідзі спаць. Ты жыў сярод людзей і…
— Я памятаю. Людзі забіваюць, бо не ходзяць на паляванне, — ад няма чаго рабіць і дзеля пацехі. Прачніся ж, Багіра! Для чаго зроблена гэтая калючая штука?
Багіра прыадплюшчыла сонныя вочы, і ў іх бліснула хітрая іскрынка.
— Яе зрабілі людзі для таго, каб калоць у галовы сынам Хатхі. Мне даводзілася бачыць такія на вуліцах Удайпура перад звярынцам. Гэтая рэч пакаштавала крыві многіх такіх, як Хатхі.
— Але для чаго ж калоць ёю ў галовы сланоў?
— Для таго, каб навучыць іх Закону Чалавека. У людзей няма ні кіпцюроў, ні зубоў, таму яны і робяць вось такія штукі і нават горшыя.
— Каб я гэта ведаў, дык не ўзяў бы яго. Я не хачу яго больш. Глядзі!
Анкус паляцеў, пабліскваючы, і зарыўся ў зямлю за пяцьдзесят крокаў ад іх, сярод дрэў.
— Цяпер я ачысціў мае рукі ад смерці, — сказаў Маўглі, выціраючы рукі аб свежую вільготную зямлю. — Белая кобра гаварыла, што смерць будзе хадзіць за мною па пятах. Яна састарылася, пабялела і выжыла з розуму.
— Смерць ці жыццё, пачарнела ці пабялела, а я пайду спаць, Маленькі Брат. Я не магу быць на паляванні ўсю ноч і выць увесь дзень, як іншыя.
Багіра ведала выгоднае логава за дзве мілі ад вадапою і падалася туды адпачываць. Маўглі, доўга не думаючы, залез на дрэва, звязаў разам дзве-тры ліяны, і куды хутчэй, чым можна пра гэта расказаць, пагойдваўся ў гамаку на вышыні пяцідзесяці футаў ад зямлі. Хоць Маўглі не баяўся яркага дзённага святла, ён усё ж прытрымліваўся звычаю сваіх сяброў і стараўся як мага менш бываць на сонцы. Калі яго разбудзілі гучныя галасы жыхароў дрэў, зноў змяркалася, і ў сне яму сніліся тыя прыгожыя каменьчыкі, што ён выкінуў.
— Хоць пагляджу на іх яшчэ раз, — сказаў ён і спусціўся па ліяне на зямлю.
Але Багіра апярэдзіла яго: Маўглі было чуваць, як яна абнюхвае зямлю ў паўзмроку.
— А дзе ж калючая штука? — усклікнуў Маўглі.
— Яе ўзяў чалавек. Вось і след.
— Цяпер мы пабачым, ці праўду гаварыла белая кобра. Калі калючая пачвара і сапраўды смерць, гэты чалавек памрэ. Хадзем па следзе.
— Спачатку сходзім на паляванне, — сказала Багіра, — на пусты страўнік вочы кепска бачаць. Людзі рухаюцца вельмі павольна, а ў джунглях так сыра, што сама лёгкі след пратрымаецца доўга.
Яны пастараліся закончыць паляванне як мага хутчэй, і ўсё ж мінула амаль тры гадзіны, перш чым яны наеліся, напіліся і пайшлі па следзе. Народ Джунгляў ведае, што спяшацца ў час яды не трэба, бо тое, што прапусціш, не вернеш.
— Як ты думаеш, калючая пачвара перавернецца ў руках чалавека і заб'е яго? — спытаў Маўглі. — Белая кобра казала, што гэта смерць.
— Пабачым, як дагонім, — сказала Багіра. Яна бегла рыссю, угнуўшы галаву. — След адзіночны (яна хацела сказаць, што чалавек быў адзін), і ад цяжкай ношы пятка ўціскалася глыбока ў зямлю.
— Гм! Гэта ясна, як летняя маланка, — адказаў Маўглі.
І яны памчаліся па слядах дзвюх босых ног шпаркай рыссю, трапляючы то ў цемру, то ў палосы святла месяца.
— Цяпер ён бяжыць хутка, — сказаў Маўглі, — пальцы растапыраны. — Яны беглі далей па сырой лагчыне. — А чаму тут ён звярнуў убок?
— Пачакай! — сказала Багіра і адным цудоўным скачком перамахнула цераз лужок.
Першае, што трэба зрабіць, калі след становіцца незразумелым, гэта скочыць уперад, каб не пакідаць заблытаных слядоў на зямлі. Пасля скачка Багіра павярнулася да Маўглі і крыкнула:
— Тут другі след ідзе яму насустрач. На гэтым другім следзе нага меншая і пальцы падкурчаны.
Маўглі падбег і паглядзеў.
— Гэта нага паляўнічага-гонда, — сказаў ён. — Зірні! Тут ён правалок свой лук па траве. Вось чаму першы след звярнуў убок. Вялікая Нага хавалася ад Маленькай Нагі.
— Ага, правільна, — сказала Багіра. — Цяпер, каб не наступаць адно аднаму на сляды і не блытацца, возьмем кожны па адным следзе. Я буду Вялікая Нага, Маленькі Брат, а ты — Маленькая Нага.
Багіра пераскочыла на першы след, а Маўглі нагнуўся, разглядаючы дзіўныя сляды ног з падкурчанымі пальцамі.
— Вось, — сказала Багіра, крок за крокам рухаючыся наперад па ланцужку слядоў, — я, Вялікая Нага, паварочваю тут убок. Вось я хаваюся за скалу і стаю ціха, не асмельваюся нават пераступіць з нагі на нагу. Гавары, што ў цябе, Маленькі Брат.
— Вось я, Маленькая Нага, падыходжу да скалы, — гаварыў Маўглі, ідучы па следзе. — Вось я саджуся пад скалой, апіраюся на правую руку і стаўлю свой лук паміж вялікімі пальцамі ног. Я чакаю доўга, і таму мае ногі пакідаюць тут глыбокі адбітак.
— Я таксама, — сказала Багіра, схаваўшыся за скалой. — Я чакаю, паставіўшы калючку вострым канцом на камень. Яна слізгае: на камені засталася драпіна. Скажы, што ў цябе, Маленькі Брат.
— Адна-дзве галінкі і вялікі сучок зламаны тут, — сказаў Маўглі шэптам. — А як расказаць вось гэта? А! Цяпер зразумеў. Я, Маленькая Нага, адыходжу з шумам і тупатам, каб Вялікая Нага чула мяне.
Маўглі крок за крокам адыходзіў ад скалы, хаваючыся паміж дрэў і павышаючы голас, па меры таго як набліжаўся да маленькага вадаспада.
— Я — адыходжу — далёка — туды — дзе — шум — вадаспада — заглушае — мае — крокі —і тут — я — чакаю. Гавары, што ў цябе, Багіра, Вялікая Нага!
Пантэра кідалася ва ўсе бакі, разглядаючы, куды вядзе адбітак вялікай нагі з-за скалы. Потым сказала:
— Я паўзу з-за скалы на карачках і валаку за сабой калючую пачвару. Не бачу нікога і кідаюся бегчы. Я, Вялікая Нага, бягу хутка. Дарога добра відаць. Ідзём кожны па сваім следзе. Я пабегла!
Багіра памчалася па добра бачным следзе, а Маўглі пабег па следзе паляўнічага. На нейкі час у джунглях запанавала маўчанне.
— Дзе ты, Маленькая Нага? — аклікнула Багіра.
Голас Маўглі адгукнуўся за пяцьдзесят крокаў справа.
— Гм! — буркнула Багіра, глуха кашляючы. — Абодва яны бягуць бок у бок і сыходзяцца ўсё бліжэй!
Яны прабеглі яшчэ з паўмілі, застаючыся на той жа адлегласці, пакуль Маўглі, які не прыгінаўся гэтак нізка да зямлі, не крыкнуў:
— Яны сышліся! Добрага палявання! Глядзі-тка! Тут стаяла Маленькая Нага, апіраючыся каленам на камень, а там — Вялікая Нага!
Менш чым за дзесяць крокаў ад іх, выцягнуўшыся на грудзе камянёў, ляжала цела селяніна тутэйшых мясцін. Тонкая апераная страла паляўнічага-гонда пранізала яму наскрозь спіну і грудзі.
— Ці так ужо састарылася і выжыла з розуму белая кобра? — лагодна спытала Багіра. — Вось, прынамсі, адна смерць.
— Хадзем далей. А дзе ж тая, што п'е слановую кроў, дзе чырванавокая калючка?
— Магчыма, у Маленькай Нагі. Цяпер след зноў адзіночны.
Адзінокі след легканогага чалавека, што хутка бег з ношкай на левым плячы, ішоў па доўгім спадзістым адхоне, парослым сухой травой, дзе кожны крок быў нібы выпалены гарачым жалезам.
Абое маўчалі, пакуль след не прывёў іх да попела ад вогнішча на дне яра.
— Зноў! — сказала Багіра і спынілася, быццам скамянела.
Цела маленькага скурчанага паляўнічага ляжала пяткамі ў попеле, і Багіра запытальна паглядзела на Маўглі.
— Гэта зроблена бамбукавым кіем, — сказаў Маўглі, зірнуўшы на цела. — У мяне таксама быў гэткі, калі я служыў у чалавечай чарадзе і пасвіў буйвалаў. Маці Кобраў — мне шкада, што я смяяўся з яе, — ведае гэтую пароду, і я мог бы пра гэта здагадацца. Хіба я не гаварыў, што людзі забіваюць ад няма чаго рабіць?
— Дапраўды, яго забілі за чырвоныя і блакітныя камяні, — адказала Багіра. — Не забывай, што я была ў княжацкім звярынцы ва Ўдайпуры.
— Адзін, два, тры, чатыры сляды, — сказаў Маўглі, нагінаючыся над попелам ад вогнішча. — Чатыры сляды абутых людзей. Яны ходзяць не так хутка, як паляўнічыя-гонды. Ну што кепскае зрабіў ім маленькі лясны чалавек? Глядзі, яны размаўлялі ўсе ўпяцёх, стоячы вакол вогнішча, перш чым забілі яго. Багіра, хадзем назад. Страўнік у мяне поўны, і, аднак, ён скача то ўгору, то ўніз, як гняздо івалгі на канцы галінкі.
— Кепскае паляванне — выпускаць здабычу. Хадзем за імі! — сказала пантэра. — Гэтыя восем абутых ног недалёка адышліся.
Яны беглі цэлую гадзіну моўчкі па шырокай сцежцы, пратаптанай чатырма абутымі людзьмі.
Ужо настаў ясны, гарачы дзень, і Багіра сказала:
— Я чую дым.
— Людзі заўсёды ахвотней ядуць, чым бегаюць, — адказаў Маўглі, то хаваючыся, то паказваючыся сярод невысокіх хмызнякоў, дзе яны цяпер гойсалі, абмінаючы незнаёмыя джунглі. Багіра, злева ад Маўглі, падала нейкі дзіўны гук горлам.
— Вось гэты ўжо разлічыўся з ядою! — сказала яна.
Скамечаная груда стракатага адзення ляжала пад кустом, а вакол была рассыпана мука.
— Таксама зроблена бамбукавым кіем! Глядзі! Белы парашок — гэта тое, што ядуць людзі. Яны забралі здабычу ў гэтага — ён нёс іхнюю ежу — і аддалі яго на здабычу каршуну Чылю.
— Гэта ўжо трэці, — сказала Багіра.
«Я занясу свежых, вялікіх жаб Маці Кобраў, і накармлю яе ўдосталь, — сказаў сам сабе Маўглі. — Гэты крывапівец — сама Смерць, і ўсё ж я нічога не разумею!»
— Хадзем па следзе! — сказала Багіра.
Яны не прайшлі і паўмілі, як пачулі гругана Кауа, які спяваў Песню Смерці на верхавіне тамарыску, у засені якога ляжала трое людзей. Амаль патухлае вогнішча дымілася пасярод круга, пад чыгуннай патэльняй з пачарнелым і абгарэлым праснаком. Каля вогнішча, пабліскваючы на сонцы, ляжаў бірузова-рубінавы анкус.
— Гэтая пачвара працуе хутка: усё канчаецца тут, — сказала Багіра. — Чаму яны памерлі, Маўглі? Ні на адным з іх няма ні ранкі, ні сіняка…
Жыхар джунгляў з вопыту ведае пра атрутныя расліны і ягады не менш, чым многія ўрачы. Маўглі панюхаў дым над вогнішчам, адламаў кавалачак пачарнелага праснака, паспытаў яго і выплюнуў.
— Яблык Смерці, — закашляўся ён. — Першы з іх, мусіць, паклаў яго ў ежу для тых, што забілі яго, забіўшы спачатку паляўнічага.
— Добрае паляванне, дапраўды! Адна здабыча ідзе следам за другой! — сказала Багіра.
«Яблык Смерці» — так называецца ў джунглях дурнап'ян, сама моцны яд ва ўсёй Індыі.
— Што ж будзе далей? — сказала пантэра. — Няўжо і мы з табою заб'ём адно аднаго за гэтага чырванавокага забойцу?
— Хіба гэтая пачвара ўмее гаварыць? — спытаў Маўглі шэптам. — Што кепскае я ёй зрабіў, калі выкінуў? Нам дваім яна не пашкодзіць, бо мы не ганяемся за ёю. Калі яе пакінуць тут, яна, вядома, пачне забіваць людзей аднаго за другім гэтак жа хутка, як падаюць арэхі ў буру. Я не хачу, каб людзі паміралі па шасцёра за ноч.
— Што нам за бяда? Гэта ж усяго толькі людзі. Яны самі забівалі адзін аднаго — і былі вельмі задаволены, хіба не так? — сказала Багіра.
— Але ўсё-такі яны яшчэ шчаняты, а шчаня гатова ўтапіцца, абы толькі ўкусіць месяц у вадзе. Я вінаваты, — сказаў Маўглі, — калі гаварыў так, нібыта ведаю ўсё на свеце. Ніколі больш не прынясу ў джунглі тое, чаго не ведаю, хоць бы яно было прыгожае, як кветка. Гэта, — ён шпаркім рухам схапіў анкус, — вернецца назад да Прамаці Кобраў. Але спачатку нам трэба выспацца, а мы не можам легчы побач з гэтымі, што заснулі назаўсёды. Апрача таго, нам трэба закапаць гэтую пачвару, каб яна не ўцякла і не забіла яшчэ шасцёра. Выграбі яму вунь пад тым дрэвам.
— Але, Маленькі Брат, — сказала Багіра, падыходзячы да дрэва, — кажу табе, што крывапіўца не вінаваты. Гэта ўсё людзі.
— Усё адно, — сказаў Маўглі. — Выграбі яму чым глыбей. Калі мы выспімся, я вазьму яго і занясу назад.
На трэцюю ноч, калі белая кобра сядзела, бядуючы, у цемры падзямелля, зняслаўленая, абрабаваная і адзінокая, бірузовы анкус уляцеў у пралом сцяны і зазвінеў, стукнуўшыся аб залатыя манеты, якімі была засыпана падлога.
— Маці Кобраў, — сказаў Маўглі (з асцярогі ён заставаўся з таго боку сцяны), — расстарайся знайсці сабе маладую, поўную яду змяю твайго племені, каб яна памагала табе пільнаваць княжацкія скарбы і каб ні адзін чалавек больш не выйшаў адсюль жывы.
— Ах-ха! Значыцца, ён вярнуўся. Я казала, што гэта смерць! Як жа выйшла, што ты яшчэ жывы? — прашапацела старая кобра і любоўна абвілася вакол ручкі анкуса.
— Клянуся буйвалам, які выкупіў мяне, я і сам не ведаю! Гэтая пачвара забіла шасцёх за адну ноч. Не выпускай яе больш.