Восень надышла нечакана, дрэвы i заўважыць яе як след не паспелі, a ўжо абляцела першае лісце.
Развітаўся са сваёй летняй радасцю i стары клен. Кожны год здаралася з ім такая навала, i ніяк ён не мог з гэтым звыкнуцца. Вось палова лісця абляцела, вось аголена ўсё дрэва, i толькі дзе-нідзе віднеюцца апошнія лісцікі.
Калі пайшоў снег, ix на дрэве засталося толькi два.
— Ах,— здрыгануўся першы лісток,— мне халодна. Відаць, сапраўды прыйшла зіма, калі нават з неба лісце пасыпалася. Яно нават збялела ад холаду, але як яго многа!
— Цяпер зямля будзе не жоўтая, а белая. Цікава, a ці ападзе лісце з сонца? I якога яно будзе колеру? — падтрымаў гутарку другі.
Такімі гутаркамі толькі i саграваліся сябры ў пякучыя маразы, толькі імі i бавілі душу ў нудныя зімовыя дні. Ну сапраўды, што ім было яшчэ рабіць?
Марыць пра лета, размаўляць ды зайздросціць хлапчукам, якія коўзаліся на лыжах паблізу ад клёна.
— А ты памятаеш, як летам ішоў дождж? Ён быў цёплы, i мы ўсе яго вельмі чакалі. Увосень таксама ішоў дождж, але ён быў ужо не такі добры,— пачынаў адзін лісток, запрашаючы сябра на размову.
Той адразу ж адгукаўся:
— A птушкі?!
— Птушкі... Гэта самае лепшае з усяго, што існуе на свеце пасля сонца i дрэў. Як прыгожа яны спявалі, як будавалі гнёзды, як клапатліва даглядалі птушанят. I яшчэ абіралі з нас вусеняў i жукоў. А зараз птушак няма, яны ўсе паляцелі да сонца, бо там цёпла i не падае лісце.
— Вось скончыцца зіма, вясна прыйдзе, будзе цёпла i ў нас, птушкі вернуцца, мы ix сустрэнем. Ім вельмі прыемна будзе, калі ix сустрэнуць сапраўдныя лісточкі.
Зусім недалёка ад сяброў сядзела варона. Яна пакрыўдзілася, што яе не лічаць за птушку, i прасіпела:
— Дурні старыя! Ды каму вы патрэбны вясной, сухоцце бязмозглае! Вясной на дрэвах з'явіцца новае лісце, зялёнае i маладое. А вы толькі перашкаджаць усяму будзеце.
I паляцела.
А сябры з гэтага часу страцілі спакой i раўнавагу. I на размовы ix не цягнула, усё маўчаць i маўчаць, трывожныя думкі спакою не даюць. Няўжо варона праўду сказала?
Канчалася зіма. Ноччу апошняя завіруха сарвала ўсё-ткі адзін лісток. Прачнуўся яго сябар i ўбачыў, што застаўся зусім адзін. I яшчэ больш пастарэў.
Прыйшла вясна, i ўся прырода напоўнілася яе жывымі сокамі. Набрынялі пупышкі, а потым з'явілася i маладое лісце. Якімі прыгожымі, якімі свежымі былі гэтыя лісточкі! Як ганарыўся імі стары клён! Як радавалі яны чалавечае вока! А наш знаёмы?
Дачакаўся ён маладых лісточкаў i распавядаў пра ўсё, што бачыў на сваім доўгім вяку. А потым пажадаў шчаслівага сонца i ўпаў сам па сабе на зямлю.
«Вясна ідзе, i ўсё павінна быць маладое»,— падумаў мінулагодні лісток.