Пад шкляным купалам у садзе мастака вырасла дзівосная кветка.
«Гэта сапраўдны цуд!» — захапляліся ёю людзі i кожны дзень прыходзілі любавацца незвычайнай раслінай.
Стары мастак, калі выпраўляў сваіх вучняў маляваць кветку, так i загадваў: «Намалюйце цуд».
Але міналі гады, i людзі забыліся на дзівосную кветку, бо ў кожнага з ix было шмат яе малюнкаў, зробленых вучнямі мастака, бо за гэты час з'явілася мноства іншых кветак, яшчэ прыгажэйшых.
Толькі вучні мастака па-ранейшаму паслухмяна малявалі «цуд» i прыйосілі свае працы на суд настаўніка.
I калі да славутага майстра запісаўся новы вучань — ён таксама атрымаў загад намаляваць цуд.
Вучань пайшоў у сад i намаляваў шкло, пад якім расла кветка.
«Што ты намаляваў?!» — жахнуўся мастак. «Цуд»,— адказаў вучань i даверліва зірнуў у вадкаблакітныя вочы настаўніка.
Калі стары мастак памёр, ён пакінуў сваю майсторню, камяніцу i сад менавіта гэтаму вучню.
А на развітанне сказаў:
«Зараз ніхто не малюе кветкі, але толькі шкло, пад якім яны растуць, толькі ваду, якой ix штораніцы паліваюць. Ты першы пайшоў па такім рызыкоўным шляху i дасягнуў вялікіх поспехаў у тэхніцы выяўлення. Каму, як не табе, заступіць на мае месца i вучыць іншых.
Абяцай мне толькі, што калі адзін з тваіх вучняў намалюе раптам замест шкла кветку,— ты не прагоніш яго i дапаможаш перамагчы цябе...»
Але калісьці кветка вырасце не пад шкляным купалам, а побач з ім.