І адзін і другі бок маюць у сэрцы затоеную памяць
пра нядаўнія войны ды ўзаемныя крыўды.
Катастрофа - інакш не назавеш стан, у які была ўвергнутая Беларусь трынаццацігадовай вайной. І самыя страшныя страты - гэта страты людзкія. У Беларусі ў межах прыкладна яе сучаснай тэрыторыі колькасць насельніцтва зменшылася больш чым напалову: калі перад вайной яно дасягала 2 мільёнаў 900 тысячаў чалавек, дык на 1667 г. засталося блізу 1 мільёна 350 тысячаў [48, с.99]. Гэта прыкладна 47 адсоткаў. Гарадскога жыхарства ацалела яшчэ менш: толькі 45 адсоткаў. Ці ведала хоць адна блізкая да Беларусі краіна такія страты, ці губляў хоць адзін эўрапейскі народ 53 адсоткі сваіх жыхароў? Страты ўсяго Вялікага Княства Літоўскага за тую вайну склалі 46, а Жамойці і астатняй часткі сучаснай Летувы адпаведна 31 і 37 адсоткаў [94, s.157]. На тэрыторыі Польшчы таксама менш: у Вялікапольшчы - да 42, а ў Малапольшчы - каля 27 адсоткаў; хіба што ў Мазовіі - каля паловы [99, s.428]. Нават у Нямеччыне самая знішчальная Трыццацігадовая вайна не прывяла да такой дэмаграфічнай трагедыі. Там толькі ў некаторых зонах, якія не складалі і чвэрці ахопленай ваеннымі дзеяннямі 1618-1648 гг. тэрыторыі, людскія страты пераўзышлі 66 адсоткаў [84, мапа]. Але ж у Беларусі ў шэрагу паветаў, асабліва на ўсходзе і поўначы краіны, гэтыя лічбы яшчэ большыя: так, у Полацкім - амаль 75, Амсціслаўскім - 71,4, Варшанскім - 69,3 адсоткаў (гл. табліцу). Полацкае, Віцебскае ды Амсціслаўскае ваяводствы былі наагул самыя пацярпелыя: тут засталася менш чым траціна ад колькасці даваеннага насельніцтва.
Некаторыя гарады, здавалася, абязлюдзелі назаўжды, бо хіба можна ажыць, калі страты жыхароў, мяркуючы па знішчэннях забудовы, перавысілі, напрыклад, 93 адсоткі ў Полацку, 94 - у Віцебску, 92 - у Ляхавічах, 98 - у Вяжышчах або склалі больш як дзве траціны, як у Пінску, Тураве, Магілеве, Чашніках? Асабліва калі ўлічыць, што на іх аднаўленне не было адкуль узяць ні сілаў, ні сродкаў, бо цэлы край стаў адным суцэльным папялішчам.
Яшчэ ў 1661 г., калі асноўную частку Беларусі ўжо вызвалілі і варшаўскі сойм, разглядаючы стан гаспадаркі ўсіх паветаў і ваяводстваў, вызначаў падаткі, прынятыя дакументы лаканічна сведчылі: Ашмянскі павет - «цалкам знішчаны непрыяцелем», Браслаўскі - «дашчэнту зруйнаваны варожым войскам, дзеля чаго аніякіх падаткаў Рэчы Паспалітай сплочваць не можа», Гарадзенскі - «непрыяцелем у нішто ператвораны і ў большай частцы спалены», Ваўкавыскі - «непрыяцелем столькі разоў руйнаваны і ў шматлікіх месцах выпалены», а ў дадатак пацярпеў і ад бясконцых пераходаў свайго войска, Слонімскі - «непрыяцелем амаль дашчэнту спалены і зрабаваны», а таксама цярпеў ад харугваў Рэчы Паспалітай [30, s.386-388]. Берасцейскае ваяводства было «варожай рукой на большай частцы ў попел ператворана і ўсё зруйнавана», Менскае - таксама «ўсё вынішчана». Што было казаць пра Ўсходнюю Беларусь ці Полаччыну, якія зведалі вайну першымі і найдаўжэй знаходзіліся пад акупацыяй. Прыкладам, Варшаншчына ўжо ў 1655 г. была «непрыяцелем праз меч і агонь цалкам зруйнавана» [30, s.237]. Піншчына, як сведчаць тыя ж соймавыя дакументы, таксама на пачатку вайны была «моравым паветрам, агнём і бясконцым гарцаваннем бандытаў (казакаў. - Г.С.) моцна вынішчана». А паўднёва-ўсходняя Беларусь пацярпела, відаць, яшчэ больш, бо тут жа з віны казакаў і царскіх ратнікаў вайна не перапынялася нават на часы замірэння. У дэкларацыі сойма 1659 г. пра Мазырскі павет было запісана, што ён «знесены цалкам, ані падаткаў даваць, ані паспалітым рушаннем служыць не можа...» [30, s.322].
Бадай, не засталося ў Беларусі і аніводнага больш-менш цэлага горада. Усе яны ляжалі ў попеле ды руінах. Для параўнання можна адзначыць, што ў Мазовіі доля знішчаных ці спаленых за вайну гарадоў сягала прыкладна адной траціны [72, s.330]. Каб хоць неяк паспрыяць аднаўленню зруйнаваных местаў, сойм Рэчы Паспалітай мусіў 20 з іх вызваліць ад падаткаў. Менск, напрыклад, «зважаючы на знішчэнне мяшчанаў і самога горада», пазбавілі абавязку выдаваць хлеб, прымаць войска на пастой, вызвалілі ад жаўнерскіх пераходаў і ад усіх дзяржаўных падаткаў. Калі аўстрыйскі дыпламат Аўгусцін Маерберг па дарозе да Вільні заехаў у Менск, руіны моцна ўразілі яго (cярод іншага ў горадзе тады загінулі старыя арыгіналы прывілеяў і шмат розных каштоўных дакументаў). «Сумным вокам аглядалі мы разбурэнні, учыненыя гэтаму гораду масквіцянамі», - занатаваў ён у дзённіку [15, с.206]. Тады, у 1662 г., мясцовыя базыльяне, дамініканцы і бернардынцы, дзякуючы ахвяраванням людзей, пачыналі ўжо адбудоўваць свае паўразваленыя касцёлы і кляштары, аднак іншы падарожнік яшчэ і ў 1678 г. адзначыў, што Менск моцна «пацярпеў ад масквіцянаў, якія ператварылі яго амаль у разваліны» [21, с.24]. Нясвіж таксама быў «частымі непрыяцельскімі нападамі знесены, а пад час апошняй аблогі маскоўскім войскам цалкам зруйнаваны». Ляхавічы за гады вайны цярпелі ажно тройчы, а чацверты раз Хаванскі зусім выпаліў горад, так што тут засталося толькі 17 дамоў. Ворша была таксама «бясконцымі маскоўскімі нападамі не раз спаленая і цалкам зруйнаваная» [30, s.385]. Яна ляжала «пустой» яшчэ і пры канцы ХVІІ стагоддзя. Падобны лёс напаткаў Горадню, «з фальваркамі і прадмесцямі да грунту зруйнаваную маскоўскім войскам» (і праз дзесяць гадоў пасля вайны ад яе заставалася, па словах Бернгарда Танэра, які праязджаў праз Беларусь, «толькі гарадское смецце»), Дуброўню, рэшта жыхароў якой з плачам паказвала Стэфану Мядэкшу разрытыя валы ды апавядала пра бязлітасную помсту царскіх ратнікаў за іхную ўпартасць пры абароне, Амсціслаў, Высоцак, Пінск, Столін, Давыд-Гарадок, Тураў, якія знішчаліся па некалькі разоў, ды іншыя гарады і мястэчкі. Вільня ўяўляла з сябе толькі сумныя сляды дзікага шаленства ў разбурэннях, попеле і руіне, пісаў у 1662 г. пасол аўстрыйскага імператара Маерберг. Што мелася драўлянага - выпалена, а мураваныя будынкі стаялі з чорнымі ад дыму сценамі, без дахаў. Вуніяцкія ды каталіцкія храмы, сцены якіх былі дзе пабураныя, дзе наскрозь прабітыя молатам, засталіся зусім без званоў. Іх за час акупацыі вывезлі, а што не паспелі - расплавілі [15, с.208]. Так што набажэнствы праходзілі ў журботнай цішыні.
Гаспадарка ўсёй краіны апынулася ў катастрафічным стане, а для яе аднаўлення не ставала людзей, асабліва рамеснікаў, і амаль зусім не засталося рабочай жывёлы. Пасля вайны не апрацоўвалася і паловы ад ранейшых плошчаў ворыўнай зямлі. У найбольш пацярпелых раёнах пусткаю ляжала ледзь не ўсё поле. Так, у Віцебскай эканоміі на 1667 г. заставаліся некранутымі 74 адсоткі зямлі, у межах усяго Амсціслаўскага ваяводства - блізу 70 адсоткаў, у Шклоўскім графстве яшчэ раней не апрацоўвалася і чвэрці даваенных плошчаў. І праз пяць-дзесяць паваенных гадоў становішча практычна не палепшылася. У Дубровенскім графстве, Прапойскім і Крычаўскім стараствах у запусценні ляжала адпаведна 73, 72 і 60 адсоткаў усіх сялянскіх гаспадарак [57, с.18-19]. У Барысаўскім павеце на 19 вёсак было толькі 14 заселеных двароў, а на 11 пасяленняў Зубравіцкага войтаўства - усяго 4 гаспадаркі. У мястэчку Паставы і трох бліжэйшых вёсках у 1672 г. жыло толькі 5 сем'яў. Буйное і калісьці багатае ўладанне Смаргоні, напрыклад, у 1689 г. мела ўсяго 6 кароў, 11 авечак і 4 свінні, а зямля ў трох фальварках з чатырох была зусім закінутая [40, с.329]. Бязлюдныя вёскі ды сялянскія палі зарасталі лесам і хмызамі. Каб неяк выжыць, людзі нярэдка пакідалі свае мясціны нават пасля сканчэння ваенных дзеянняў ды кіраваліся ў іншы край. Як паведамляў пінскі вуніяцкі біскуп Марцін Белазор, сяляне ў ягоным біскупстве «з голаду паўміралі, а іншыя з хатаў сваіх, не маючы чым пажывіцца, прэч пайшлі».
Даследуючы беларускую мінуўшчыну, беларускую культуру, трэба абавязкова ўлічваць, што на гэтай зямлі цэлае стагоддзе ніяк не магло аднавіцца насельніцтва. Да 1700 г., калі Беларусь стала новым пабаявішчам, колькасць яго дасягнула 2 мільёнаў 247 тысячаў, аднак вайна зноў зменшыла яго ледзь не да лічбы 1667 г. - 1 мільёна 457 тысячаў [48, с.99]. Загінуў амаль кожны трэці... Нават праз два вякі дэмаграфічны патэнцыял Беларусі мала адрозніваўся ад таго, які яна мела ў сярэдзіне ХVІІ ст.: у 1835 г. колькасць яе жыхароў ледзь-ледзь перавысіла 3 мільёны, у 1858 г. у Беларусі жыло толькі 3 мільёны 300 тысячаў чалавек...
Чым абярнулася гэтая бяда для гістарычнага лёсу беларусаў? Татальная дэструкцыя змяніла ўсё - ад матэрыяльных умоваў жыцця да сацыяльнай структуры насельніцтва, ад моўна-культурнай і канфесійнай сітуацыі да этнапсіхікі і нацыянальнага генафонду наагул. На жаль, гэта яшчэ ніколі не было прадметам спецыяльнага даследавання айчыннай навукі. Хоць зразумела, што без уліку наступстваў той ваеннай катастрофы шмат якія з'явы нашай гісторыі проста нельга растлумачыць. Прыкладам, не выклікае сумневу тое, што пазбаўленыя сваёй эліты, вышэйшага стану, мяшчанства (а менавіта гэты пласт пацярпеў найбольш), беларусы сталі народам з непаўнавартай, няпоўнай сацыяльнай структурай грамадства. Мы ўжо тады былі ператвораны ў народ сялянскі. А разбурэнне натуральнага механізму перадачы інфармацыі наступным пакаленням азначала падрыў асновы нацыянальнай кансалідацыі беларусаў...
Вайна канчаткова і незваротна адкінула ў мінулае часы былой рэлігійнай талерантнасці, спрычыніўшыся да з'яўлення прынцыпова іншых умоваў існавання праваслаўнай царквы на абшарах Рэчы Паспалітай. Калі раней, пры першых Вазах, становішча праваслаўных у Вялікім Княстве Літоўскім было адносна нармальным і нават пры Яну Казіміру яны мелі хоць нейкія гарантыі свабодаў, дык пасля вайны стаўленне ўладаў да іх пачало крута мяняцца. І не дзіўна. За гады акупацыі бальшыня насельніцтва Беларусі была пераведзена з вуніяцтва і каталіцтва ў праваслаўе - адзінае веравызнанне, якое прызнавалася царскай уладай. Святары ж дыскрэдытавалі гэтую царкву калабарацыянізмам*. Таму ўрад Рэчы Паспалітай па вайне, пільнуючыся сваіх інтарэсаў, праводзіў палітыку, скіраваную на абмежаванне і нейтралізацыю праваслаўя ў краіне. Ці магло быць інакш, калі гэтая вера ўсё больш атаясамлялася з «маскоўскімі думкамі»? Масква настойліва дамагалася таго, чаго не здолела зрабіць за гады вайны, - падпарадкавання свайму патрыярхату праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай. У 1685-1686 гг. гэты план урэшце быў ажыццёўлены. Дзевяты артыкул «Вечнага міру», якім Масква брала пад сваю апеку праваслаўных жыхароў Вялікага Княства і Кароны, фактычна падрываў суверэнітэт Рэчы Паспалітай. Так, канфесійная палітыка Маскоўскай дзяржавы абумовіла прынцыпова іншае стаўленне да праваслаўя ў Беларусі: дайшло да адкрытага пераследу.
* Трэба адзначыць, што не ўсё праваслаўнае духавенства стала на бок акупантаў. Прыкладам, слуцкі архімандрыт Феадосі Васілевіч і ў 1655 г. не пакідаў Януша Радзівіла. Сам мітрапаліт Сільвестар Косаў да смерці (1657 г.) упарта не жадаў пераходзіць пад маскоўскую юрысдыкцыю. Гэтакую паставу да Масквы мела і нямала іншых уладыкаў.
З'явіліся пастановы, якія абмяжоўвалі правы «дэзунітаў»: у 1673 г. - пазбаўленне права ўваходзіць у шляхецкі стан, у 1676 г. - пазбаўленне прывілеяў праваслаўных брацтваў і забарона жыхарам праваслаўнага веравызнання выязджаць за мяжу, у 1699 г. праваслаўныя страцілі права займаць выбарныя магістрацкія пасады. Мясцовыя ўлады ставіліся да праваслаўных часам з адкрытай варожасцю, шмат дзе сілай адбіралі ў іх храмы, праваслаўных святароў пазбаўлялі парафіяў, а вернікаў гвалтам перахрышчвалі. Поруч з каталіцтвам шпарка крочыла паланізацыя, поспехі якой заканадаўча замацавала пастанова сойма 1697 г., якая надала польскай мове статус дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім.
Вайна быццам перайначыла ўсю Беларусь. Край добра развітай гаспадаркі, рамеснай вытворчасці, далёка вядомы вырабамі сваіх майстроў, зусім запусцеў і стаў непрыкметнай ускраінай. Сотні кавалёў, кафляроў, разбяроў, тысячы іншых рамеснікаў, гвалтам адарваных ад сваей зямлі, працавалі цяпер у Маскоўшчыне. У адной толькі Збройнай палаце Крамля ў 1660 г. было 68 высокакваліфікаваных майстроў «сярэбранага і броннага і ствольнага і замочнага вінтавальных пішчаляў... і замочнай справы да святліцаў» з Полацка і Віцебска. Затое ў самім Віцебску пад канец вайны заставалася не больш за 70 усіх рамеснікаў. Наагул, развіццё рамеснай вытворчасці, яе маштабы ў спустошанай Беларусі і за стагоддзе не дасягнулі даваеннага ўзроўню. Шэраг беларускіх гарадоў у агульна-эканамічным развіцці і пры канцы ХVІІІ ст. не дасягнуў таго ўзроўню, які меў да маскоўскага нашэсця. Прыкладам, калі на пачатку ХVІІ ст. у Магілеве было за 2 тысячы рамеснікаў, дык у 1745 г. - толькі 95 [44, с.13].
Цяжка сказаць, калі ж Беларусь канчаткова акрыяла ад тае катастрофы. І ці акрыяла наагул. Вельмі ж доўга давялося пераадольваць рэгрэс - дэмаграфічны, гаспадарчы, культурны, прычынены перш за ўсё трынаццацігадовай вайной Аляксея Міхайлавіча - таго самага «добрейшего человека, славной русской души» (В.В.Ключэўскі). Думаю, менавіта да тых падзеяў сягаюць сваімі вытокамі прычыны крызісу, у які на доўгі-доўгі час трапіла беларуская культура ў цэлым. Гэта была перадусім трагедыя нацыянальная. Беларускія гарады, што паступова аднаўляліся, былі ўжо іншыя, пласт прадпрымальнікаў, мяшчанаў і гандляроў - таксама, арыстакратыя канчаткова выраклася свайго грунту - запусцелага краю, адкінутага вайной на стагоддзе назад...
А ў Маскве, сталіцы тады ўжо магутнай дзяржавы, у 1686 г. царскі ўрад, замацаваўшы поспехі мінулай вайны з Рэччу Паспалітай «Вечным мірам», спустошыўшы ды зруйнаваўшы багаты край, выбіўшы яго насельнікаў і назаўсёды пакінуўшы сабе палон ды вывезеныя каштоўнасці, спяшаўся адкінуць усю гэтую гісторыю ў нябыт: «Впредь тому всему быти забвенну и непамятну» [20, с.508].