«ГОСУДАРЕВ ПОХОД» 1655


Устань, устань, Радзівіла,

А ўжо Вільня ня наша,

А ўжо Вільня ня наша,

А ўжо белага цара...

З беларускай народнай песні


Згодна з планам наступальнае аперацыі, прызначанай на лета 1655 г., галоўныя сілы царскага войска зноў канцэнтраваліся на Беларусі (на Ўкраіну тае вясны былі высланы зусім нязначныя часткі на чале з баярынам Васілём Бутурліным - на дапамогу Багдану Хмяльніцкаму для кампаніі супраць палякаў). Яны па-ранейшаму мусілі дзейнічаць трыма групоўкамі - паўночнай, цэнтральнай і паўднёва-заходняй - пры падтрымцы казакаў Івана Залатарэнкі. Апорнымі базамі гэтых арміяў з'яўляліся адпаведна Вялікія Лукі, Смаленск і Бранск.

Сама адказныя задачы кампаніі даручаліся цэнтральнай арміі Якава Чаркаскага. Планавалася, што яна рушыць са Смаленска ўжо ў другой палове траўня і, авалодаўшы Барысавам ды Менскам, разам з казакамі выйдзе на Вільню. Адначасова з ёй да сталіцы Княства павінна была наблізіцца і паўночная групоўка Васіля Шарамецева. Пасля захопу Вільні гэтыя войскі мусілі б пакінуць заслону ад шведаў ды ісці на Коўню-Горадню-Берасце. Армія ж князя Трубяцкога мела загад выйсці з Бранска ў Магілеў, затым авалодаць Старым Быхавам і праз Слуцак ды Наваградак таксама кіравацца на Берасце. Асобна на паўночным захадзе дзейнічала групоўка Апанаса Ардзін-Нашчокіна. А ў раёны Палесся па Дняпры ды Прыпяці былі гатовыя рушыць вайсковыя аддзелы з Кіева. Гэтак магутным колам ахаплялася ўся тэрыторыя Беларусі. На мэце кампаніі быў захоп астатніх земляў Вялікага Княства Літоўскага і зліквідаванне яго як дзяржавы.

Паход пачаўся ў сакавіку. Цар прыехаў у Вязьму, пасля адтуль са сваім палком - у Смаленск, а там яго ўжо чакалі напагатове ўсе астатнія палкі цэнтральнае арміі ды артылерыя.

У траўні з Бранска на Магілеў вырушыла армія Трубяцкога. Казакі ж, як і частка войска Шарамецева, ужо былі ў Беларусі - спрабавалі здабыць старабыхаўскую фартэцыю. Абаронцам хапала духу не толькі адбівацца, але і рабіць частыя вылазкі, браць у палон казакаў. Іх непахіснасць здавалася незвычайнай. Захопленыя казакамі «языкі» на допытах казалі, што ў горадзе сядзяць «шляхты 50 человек, конных желдаков 400 человек, венгров 50 человек, жидов 1000 человек, мещан 800 человек» [6, т.14, с.715-716] - зусім невялікая сіла, прычым большая частка абаронцаў - цывільныя людзі. Гарматаў яны мелі ўсяго 4 вялікіх і 26 палкавых, порах выраблялі самі. У адказ на прапановы Залатарэнкі здаць горад ды на царскую грамату, у якой абяцалася свабоды за капітуляцыю і смерць за супраціў («всех предадут мечю»), быхаўцы казалі: «Пакуль будзе хлеба і ўсялякіх прыпасаў, датуль і будзем сядзець, а здацца чаркасам гасударавым людзям ня хочам».

Вораг ужо наступаў, а ў Варшаве ўсё яшчэ цягнуўся сойм. Зацвярджалася ўхвала аб паспалітым рушанні. Апошні раз трыумфаваў вялікі гетман Радзівіл, кінуўшы пад погі каралю 54 здабытыя маскоўскія штандарты, падвёўшы мноства палонных [81, s.281].

24 траўня са Смаленска на захад вырушыла цэнтральная маскоўская армія. Праз якія два тыдні цар ужо размясціў сваю стаўку пад Шкловам. На поўначы Беларусі актывізавалася войска Васіля Шарамецева. Ваяводы найперш імкнуліся захапіць не заняты яшчэ Вяліж. У чэрвені Мацвей Шарамецеў «пришол под Велиж, Велиж осадил накрепко», і вяліжскі стараста Ян Дамашэўскі неўзабаве здаў горад.

Рыхтуючыся да галоўных дзеянняў, ваяводы заняліся ачышчэннем плацдарма. На Барысаў быў высланы Юры Барацінскі з палком салдатаў і драгунаў, які ў бітве пад горадам разбіў аддзел Паклонскага, але захапіць Барысаў, колькі ні штурмаваў, не змог. Тады цар выслаў на Барысаў ваяводу Багдана Хітраво з войскам у 5400 чалавек. На гэты раз горад быў захоплены і 19 чэрвеня спалены. Згарэў і мост цераз Бярэзіну, за якую адышло войска, што абараняла Барысаў. Аднак яго аднаўленне не заняло ў пераможцаў шмат часу. Шлях на Менск быў адкрыты.

Чым тады дыспанавала Вялікае Княства Літоўскае? Пасля малаплённай кампаніі, якая толькі-толькі скончылася, войска было фізічна стомленае і здэмаралізаванае. Колькасна яно, вядома ж, не павялічылася, а, наадварот, паменшала, раздрабілася. Князь Багуслаў Радзівіл па адыходзе ад Магілева адразу ж паспяшаўся да Слуцка - сталіцы сваіх уладанняў - з тым, каб паспець падрыхтаваць яго да варожага нашэсця. Рамантаваліся гарадскія валы, замкавыя сцены і вежы, збіраліся боезапасы, зброя і харчаванне на шмат гадоў. Да абароны горада рыхтавалася некалькі палкоў жаўнераў палкоўніка Вільгельма Пэтэрсана ды мяшчане. Случчакі былі так вывучаныя ў вайсковых муштрах, што, паводле заўвагі Багуслава Радзівіла, «і найлепшаму жаўнеру ў гэтым зусім не саступалі» [32, s.119]. Але гэта быў радзівілаўскі Слуцак. Хіба толькі ён і мог спакойна чакаць з'яўлення ворага пры гатовых да адпору байніцах.

Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 г. замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысячаў. Якое найманае войска (а менавіта яно вызначала зыход бітваў) можна ўтрымліваць на такія сродкі? Вялікія грошы патрабаваліся, прыкладам, на перавозку гарматаў, бо артылерыя не мела ўласных коняў, таму пры кожнай патрэбе даводзілася наймаць за плату фурманоў. Такі парадак ствараў нямала дадатковых цяжкасцяў у арганізацыі абароны краіны.

Паспалітае рушанне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэнне. Як было шляхце ехаць на доўгі час да вялікага гетмана, калі бязлітасны непрыяцель, спальваючы ды высякаючы ўсё на сваім шляху, ужо стаяў каля іх сядзібаў? Соймікі прынялі пастановы пра тое, каб сабраныя ў паветах і ваяводствах грошы ішлі на харугвы для іх жа абароны. А маскоўскім ваяводам толькі гэтага і трэба было!

Атрымаўшы вестку пра захоп Барысава, цар больш не марудзіў і загадаў галоўным сілам наступаць на Менск. Казакі Залатарэнкі перайшлі Бярэзіну і 2 ліпеня ўжо былі ў Смілавічах. Наказны гетман адсюль напісаў Аляксею Міхайлавічу, што стаіць за 9 міляў ад Менска і чакае палкі ваяводы Хітраво, якія павінны з ім злучыцца. Са Смілавічаў у той жа дзень былі высланыя казацкія загоны пад Менск і на гарадок Свіслач, які казакі захапілі «через мечь и немало... неприятелей будучих всех под мечь пустили, а самое место и замок огнем без остатку сожгли» [68, с.61].

На Менск рухаліся таксама перадавы, вялікі і старажавы палкі цэнтральнае арміі. Наперад былі высланыя авангардныя часткі дзеля злучэння з войскам Хітраво і казакамі.

У Менску значных сілаў не было. З сабраных звестак маскоўскія ваяводы гэта ведалі. «В Менску людей нет», - дакладалі яны цару. Аднак нейкае войска для ягонай абароны ўсё ж сабралася ды 3 ліпеня сустрэла непрыяцеля за 5 вёрстаў ад горада (відаць, стан менскіх умацаванняў не пакідаў надзеі вытрымаць аблогу, абараняючыся за валамі). Даўшы бой, яно хутка мусіла адступаць назад у горад, а царскія ратнікі «многих побили и языков взяли 15 человек». На плячах адступаўшых яны ўварваліся ў Менск. «Литовские люди» выбягалі з горада, а ваявода Хітраво аднавіў раскіданы імі мост, перайшоў Свіслач і паставіў перад брамай замка пяхоту, затым з астатнімі сіламі выйшаў у поле, дзе адбыўся вялікі бой з менскім войскам. Праўдападобна, самастойна адбіваліся мяшчане ў замку ды некаторых храмах. Але жыхароў у горадзе на той час было ўжо няшмат. Яны паспелі выйсці з Менска на захад. Тут засталіся толькі «войт Ивашко Жыдович с товарищи полтараста человек» [68, с.61].

Пасля захопу Менска адкрыўся просты шлях да сталіцы Княства. Але цар не спяшаўся распачынаць наступ. Ледзь не два тыдні спатрэбілася на тое, каб ачысціць тылы ад непрыяцеля, пазнішчаць гарадкі ў Менскай акрузе. Аляксей Міхайлавіч загадваў ваяводам пасылаць з Менска «в полские городы и в уезды» (гэта пісалася аб цэнтральнай Беларусі!) сваіх людзей для пошуку «языкоў», збору інфармацыі. 11 ліпеня Залатарэнка накіраваў «посылку» (казацкае войска) на чале з сотнікам Хведарам Мрынсковым на Койданаў, і казакі «местечко Койданов взяли, и которыя... были в том местечке полския и литовския люди, и тех всех людей мечю предали и то местечко и посады все выжгли» [6, т.14, с.753-754]. За Койданавам гэты ж загон напаткаў і пабіў конную роту Паклонскага.

Аб паходзе «к Вилно и к Оршаве» Аляксей Міхайлавіч афіцыйна абвясціў 12 ліпеня з царскае стаўкі ў Барысаве. Усе асноўныя сілы, зграмаджаныя ў Менску, - вялікі, перадавы, старажавы, ертавульны палкі цэнтральнай арміі, а таксама казакі наказнога гетмана Залатарэнкі - атрымалі загад адначасова рушыць на захад. Даўжэзнымі калонамі расцягнуліся яны па некалькіх дарогах. З паўночнага боку да сталіцы маглі ў кожны момант пайсці палкі арміі Васіля Шарамецева.

На што магла спадзявацца Вільня, калі ў абодвух гетманаў усяго войска не налічвалася і 7-8 тысячаў? Царскія ваяводы ўжо рухаліся на сталіцу, а тут толькі-толькі скончыўся сойм, які прыняў ухвалу пра мабілізацыю паспалітага рушання. Ды цяпер і яно не магло істотна змяніць становішча. У тыя дні Януш Радзівіл з жалем пісаў, што на рушанне амаль не спадзяецца, бо шляхта замест таго, каб сабрацца ды ісці да гетмана, адно разбягалася [106, s.105]. 13 ліпеня ён выдаў спецыяльны ўніверсал жыхарам Пінскага павета, у якім тлумачыў, што з-за вялікага недахопу наёмнага войска ён мусіў зняць усе харугвы, якія дагэтуль прыкрывалі Палескі тракт, таму загадвае, каб «панове самі як найхутчэй купіліся і сваімі ўласнымі грудзьмі баранілі свае хаты» ды бралі пад абарону Палескі тракт [3, с.42].

На дапамогу Кароны не засталося аніякай надзеі. Хоць афіцыйна лічылася, што на вясну ад караля прыйшло ў Вялікае Княства 5 тысячаў жаўнераў, у сапраўднасці іх было намнога меней. Ды ў тыя крытычныя ліпеньскія дні і яны пакінулі межы Княства. Можа, гэта было і лепей, бо пра іх настрой і сапраўдны занятак казалі шмат нягожага. Сам вялікі гетман, напрыклад, у лісце ад 11 ліпеня пісаў, што каронныя рэйтары, «выходзячы з Менску, бунт узьняць хацелі. Шляхецкія дамы, двары, нават касьцёлы абрабавалі... і голасна пагражаюць, што перакінуцца да непрыяцеля» [106, s.104].

Тым часам у Маскве канчаліся распачатыя яшчэ ў траўні перамовы Швецыі з царскім урадам. Швецкія паслы прапаноўвалі падзяліць тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага паміж Маскоўскай дзяржавай і сваёй краінай. Гандлюючыся, бакі чатыры разы вызначалі лінію падзелу нанова. Мяжа мела прайсці то праз Слуцак, то праз Нясвіж і Менск [108, s.89]. Але Масква хутка наагул не пажадала дзяліцца. Калі ў 1654 г. яна прапаноўвала Швецыі разам пачаць вайну супраць Рэчы Паспалітае, тая не выступіла. Дык цяпер цар і сам лёгка мог давесці вайну да пераможнага канца.

Шведскі кароль Карл Х Густаў пасля тонкіх разлікаў яшчэ ў сакавіку 1655 г. прыняў канчатковае рашэнне пачаць вайну супраць Рэчы Паспалітае. Настаў зручны момант лёгка разграміць даўняга суперніка, інкарпараваць ягоныя землі, а пасля - і Маскву спыніць. Вайна пачалася ў чэрвені паходам палявога маршалка Густава Адольфа Левенгаўпта на Дынабург. Праз месяц на Вялікае Княства рушыў Магнус Дэлягардзі і заняў Біржы. А галоўныя сілы шведаў пайшлі на Польшчу - 14 тысячаў з палявым маршалкам Вітэнбергам, 12700 жаўнераў - з каралём, артылерыю ж вёў Густаў Стэнбок. Вітэнберг высадзіўся 14 ліпеня ў Памор'і, пад Усцем, дзе стаяла польскае рушанне, - і назаўтра ж яно здалося! Далей супраціву амаль не было...

Што ў тых абставінах магло рабіць Вялікае Княства Літоўскае? Чакаць другога фронту, каб весці вайну адначасна і супраць незлічонай царскае арды, і супраць вымуштраваных шведаў? Гэтага ніяк нельга было дапускаць. Вялікі гетман мусіў выбраць нешта адно. І, выбраўшы з дзвюх бедаў меншую, Януш Радзівіл, паводле словаў Багуслава, «аддаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй» [32, s.124]. Гэта быў сведамы і паслядоўны крок вялікага гетмана. «Іначай ратавацца не было спосабу», - напісаў ён неўзабаве стрыечнаму брату, а 29 ліпеня яны разам, Януш і Багуслаў Радзівілы, упершыню афіцыйна выявілі гатоўнасць прыняць пратэктарат Швецыі ды прызнаць шведскага караля Карла Х Густава вялікім князем літоўскім.

А да Вільні з кожным днём няўхільна набліжаліся царскія палкі. Пасля таго як пад Ашмянаю казакі Залатарэнкі разбілі войска ротмістра Глябовіча, што рухалася з-за Нёмана, сталіца была зусім адкрытая. Сярод здабытых на месцы бітвы трафеяў знайшлося нямала лістоў, якія пасля перакладу Залатарэнка пераслаў цару. У адным з іх невядомы шляхціч пісаў, што каля Ашмяны ўжо «няма нікога», людзі паразбягаліся. Наракаючы на дзіўную бяздзейнасць шляхты, якая, маючы пад бокам ворага, зусім не рыхтавалася да адпору, і цяпер невядома, ці паспее сабрацца паспалітае рушанне, ён адзначаў, што і сам бяжыць «дзеля вестак дахаты, каб ведаць, ці ёсць яшчэ вёска, ці ўжо папялішча» [6, т.14, с.758].

У 20-х днях ліпеня на галоўны віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардавыя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэнне Івана Залатарэнкі. 22 ліпеня цар быў у Маладэчне, а 24-га перанёс сваю стаўку яшчэ бліжэй да Вільні - у Смаргоні. Патрыярх Нікан падбадзёрваў манарха ды пісаў з Масквы, каб той не спыняўся на Вільні, а здабываў Варшаву, Кракаў і ўсю Польшчу [64, т.10, с.623].

Вільня, векавечная суперніца Масквы, гэтакая жаданая й ненавідная, цяпер была перад Аляксеям Міхайлавічам і бездапаможна чакала свайго чорнага дня.

Сапраўды, Вільня, якая не памятала ля сваіх муроў ворага ад канца ХІV ст., цяпер апынулася ў становішчы асуджанай. Умацаванні яе не аднаўляліся трэцяе дзесяцігоддзе і былі зусім занядбаныя. Хіба ж думаў хто пра пагрозу сталіцы? Ганарлівая шляхта папросту пагарджала небяспекай. Вільня, адзначалі сучаснікі, была падобная да Спарты: яна больш спадзявалася на мужнасць сваіх грамадзянаў, чымся на моц муроў [59, с.50].

Пад канец ліпепя - на пачатку жніўня так-сяк сабралася паспалітае рушанне - 2825 чалавек. Войска прыслалі далёка не з усёй тэрыторыі краіны. Вялікія абшары з прычыны акупацыі былі, натуральна ж, вызваленыя ад земскай службы - Полацкае, Віцебскае і Амсціслаўскае ваяводствы, Варшанскі, Старадубскі, Мазырскі і Рэчыцкі паветы цалкам ды частка Браслаўскага. Ад Лідскага павета прыйшла харугва гусараў і харугва казакаў - па сто вершнікаў у кожнай, ад Ашмянскага - па 200 гусараў і казакаў, Наваградскі павет даў казацкую харугву з 200 шабляў, Слонімскі і Ваўкавыскі прыслалі па сотні казакаў. Рушанне Берасцейшчыны мусіла застацца ў межах свайго ваяводства. Шляхту Браслаўскага павета, а таксама жамойцкае і вількамірскае рушанне Радзівіл выслаў пад Браслаў, а лідчукоў і ашмянцаў накіраваў да Смаргоняў.

Ані Радзівіл, ані Гасеўскі не верылі ў магчымасць абараніць Вільню. На тое яны проста не мелі сілы. Ды нават і наяўныя войскі не маглі дзейнічаць зладжана, бо гетманы ж па-ранейшаму варагавалі паміж сабою. Калі дайшло да абмеркавання хоць якога плана абароны, Гасеўскі не прыняў праекта Радзівіла, і ягоная дывізія засталася на іншых пазіцыях.

Вялікі гетман адмовіўся ад спробы абараняцца ў старых віленскіх мурах і размясціў войска перад горадам. Ён збіраўся, стрымаўшы царскіх ваяводаў, перайсці за Вяллю ды, знішчыўшы Зялёны Мост, адарвацца ад ворага і адвесці свас харугвы на Жамойць, дзе можна было б чакаць падмогі шведаў. Гасеўскі ж хацеў - пасля спробы абараніць сталіцу хоць сімвалічна - адступіць на захад і праз Трокі, Горадню выйсці на тэрыторыю Польшчы.

6 жніўня, калі зграмаджаныя пад Вільняй царскія войскі ўжо адпачывалі і рыхтаваліся да штурму, абодва гетманы паспрабавалі ўнікнуць трагічнае развязкі ды перадалі ліст Аляксею Міхайлавічу, у якім прапаноўвалася неадкладна пачаць перамовы аб міры. Яшчэ раней ліст з такой прапановай віленскі біскуп Юры Тышкевіч выслаў на імя Чаркаскага ды Залатарэнкі. Аднак, як і меркаваў Радзівіл, гэтыя захады сышлі намарна. Цар загадаў адказаць, каб больш да яго не звярталіся з такімі прапановамі, бо, маўляў, калі Вялікае Княства хоча міру - няхай адразу паддаецца «под царскую руку»...

8 жніўня войскі Чаркаскага ды Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні. Аддзелы Радзівіла, што стаялі перад горадам, не прынялі бою ды пасля кароткай сутычкі пачалі адступаць па віленскіх вуліцах да ракі Вяллі, а на іх плячах у горад лаваю ўрываліся царскія ратнікі, украінскія казакі, татары, што складалі значную частку маскоўскіх палкоў. Войска Радзівіла паспела перайсці на другі бераг Вяллі і дало жорсткі бой непрыяцелю перад Зялёным Мостам і на ім. Урэшце гэты мост быў спалены. У адноснай бяспецы за Вяллёй апынуўся і Гасеўскі са сваёй дывізіяй, хоць ён меў зусім іншыя планы. Цяпер яны разам, спыніўшыся за пяць вёрстаў ад горада, маглі назіраць, як гіне старая Вільня... Вільня, на якую ў той дзень ад рання ішоў спорны дождж...

Першымі на вулках горада з'явіліся казакі, якія мелі да Вільні свае даўнія рахункі. Маленькі гарнізон віленскага стольніка Казіміра Хвалібога Жаромскага, што яшчэ працягваў абараняцца ў замку, толькі раздражняў раз'юшаных заваёўнікаў. Адразу ж на вулічным бруку сталі чыніцца масавыя забойствы, а на рынку дайшло да сапраўднае бітвы з мяшчанамі. Натоўпы віленчукоў кінуліся ўцякаць да ракі, але там мноства людзей было ці пабіта, ці патоплена [59, с.50]. Як пасля прыгадваў віленскі біскуп Тышкевіч, «не было літасці ані ўзросту, ані полу; усе месцы былі запоўненыя крывёю забітых і трупамі, асабліва Бернардынскі кляштар, куды, шукаючы схову, людзі збегліся ў асабліва вялікай колькасці». Пра тое самае пісаў і Самуэль Венслаўскі, каралеўскі пісар, адзначаючы, як лютыя ваяўнікі «ўзброеных і бяззбройных, мужчын і жанчын забівалі без адрознення». Тагачасныя нямецкія газеты, інфармуючы Эўропу пра трагедыю Вільні, паведамлялі, што жанчын захопнікі адсылаюць у Маскву, а старых кабет і дзяцей кідаюць у агонь [103, s.181]. Асаблівай прынадай для казакаў і царскіх ратнікаў былі віленскія храмы, а дакладней - іхняе начынне, званы, упрыгажэнні. Яны абдзіралі арганы, аўтары, разбуралі надмагіллі... У касцёле Святога Міхала забралі ці знішчылі ўсё, што было магчыма, а пахаванні фундатара храма, славутага беларускага канцлера Лева Сапегі, ды ягонай сям'і - парушылі і абрабавалі. Мерцвякоў выкідвалі з дамавінаў, у кляштарах забівалі чарніц. Моцна пацярпеў і езуіцкі касцёл Святога Казіміра, што на рынку, у якім былі пазрываныя пліты з надмагілляў роду Гасеўскіх. За Вострай Брамай на Росах захопнікі спалілі і праваслаўную царкву.

Уначы ўвесь горад зырка палаў, а новыя гаспадары шнырылі ў пошуку спажывы. Сама каштоўныя рэчы віленскага катэдральнага сабора вінны быў за пэўную плату вывезці ў Каралявец наваградскі кашталян Мікалай Юдзіцкі, але казакі дагналі яго ды ўсё чыста адабралі. Сярод захопленага знайшлі нямала рэліквіяў, такіх, як аўтарны крыж вялікага князя Вітаўта, кубак Ягайлы. Толькі частка каштоўнасцяў з катэдры было ўратаваная пробашчам капліцы святога Казіміра Юры Белазорам, які здолеў вывезці іх да Радзівіла.

Вільня гарэла 17 дзён. Што магло застацца ад горада пасля такога «гаспадарання»? Раней колькасць забітых у Вільні гісторыкі вызначалі на 10-25 тысячаў [86, s.71-72]. Болей праўдападобна, што загінула 7-8 тысячаў жыхароў - блізу паловы насельніцтва сталіцы. Брандэнбургскі пасол Лазарус Кітэльман, які ў тыя жнівеньскія дні быў накіраваны да маскоўскага цара ў Вільню, пабачыў жахлівае відовішча. «Усе гарады і вёскі былі спаленыя; кучамі ляжалі трупы пабітага мірнага ліцьвінскага насельніцтва, таксама жанчын і дзяцей, непахаваныя і загнілыя...; жывога наагул нідзе не было відаць», - пісаў ён [75а, s.11-12].

Мноства шляхты і мяшчанаў тады паразбягалася па лясах і глухіх вёсках, уцякло на Жамойць пад ахову шведаў, іншыя кінуліся ў Інфлянты, Прусію... Тысячы і тысячы жыхароў Вялікага Княства апынуліся ў Караляўцы, Тыльзіце, Рагніце. Як сведчаць матэрыялы Сакрэтнага Дзяржаўнага архіва Прускае культурнае спадчыны ў Берліне, сярод тых, хто знайшоў паратунак у Караляўцы, было вельмі шмат беларусаў, - як вуніятаў, гэтак і праваслаўных. Асобную групу ўтваралі вуніяцкія беларускія святары на чале з архімандрытам Паўлам Корсакам з Амсціслава. Яны склалі асобную прысягу на вернасць шведскаму каралю. Сярод праваслаўных, што таксама прысягалі Швецыі, прозвішчы манахаў Тараса Пракаповіча, Мітрафана Пашынскага, Іларыёна Бакіеўскага ды іншых.

«Гэтак быў захоплены літоўскі Карфаген, супернік Кракава», - напіша, апавядаючы пра віленскую трагедыю, гісторык Ян Рудаўскі, а Растоўскі падкрэсліць, што аніколі не бачылі больш лютай жорсткасці, чым пры захопе Вільні...

Аляксей Міхайлавіч уязджаў у распнутую Вільню 9 жніўня ў шыкоўнай, абабітай вішнёвым аксамітам французскай карэце. На ягоных фурманах былі высокія каўпакі і вішнёва-жоўтыя каптаны. Дарогу перад манархам выслалі ярка-чырвонай тканінай. У горадзе стаяла грымота - пераможцы палілі з гарматаў...

Вялікі гетман Радзівіл адводзіў сваё войска (яно цяпер не налічвала і 5 тысячаў) на Жамойць, да Кейданаў. Палкі цэнтральнае маскоўскае арміі нейкі час спрабавалі дагнаць яго, але неўзабаве спыніліся: з Рыгі ў бок Вільні і Біржаў ужо рухаліся шведы. Януш Радзівіл адыходзіў, каб яшчэ вярнуцца і «помсціць за попел Вільні»...

У тыя дні цар напісаў сваёй жонцы і сёстрам у Маскву: «...Постояв под Вильною неделю для запасов, прося у Бога милости... пойдем к Оршаве» - ды аптымістычна супакоіў сямейства: «А обо мне не покручиньтеся. Ей, Бог даст добрый путь и победу» [17, с.42]. Аднак да паходу на Варшаву не дайшло. Сітуацыя мянялася літаральна па днях...

Яшчэ ў канцы ліпеня, пакінуўшы Вільню, пасол Вялікага Княства Габрыэль Любянецкі паімчаўся да Рыгі, каб як найхутчэй падпісаць пагадненне са шведамі. Але ў Рызе ён, на жаль, з'явіўся толькі 10 жніўня, калі ратаваць Вільню было ўжо позна. Разам з генералам Магнусам Дэлягардзі яны таго ж дня склалі праект дамовы з дзвюх частак: у першай быў адказ шведскага боку на просьбу біскупа Тышкевіча і абодвух Радзівілаў аб дапамозе, у другой - канкрэтныя ўмовы шведскай пратэкцыі над Вялікім Княствам Літоўскім. Наступнага дня маскоўскім ваяводам Якаву Чаркаскаму ды Апанасу Нашчокіну ўжо было даведзена, што Княства перайшло пад апеку караля Карла Х Густава, а таму цар павінен стрымаць свае войскі. Аднак гаспадаром сталіцы ўжо быў цар... Каб уберагчы ад захопу ваяводамі яшчэ вольныя гарады і паветы Княства, інфлянцкі губернатар Дэлягардзі ды генерал Левенгаўпт праз тыдзень сталі выдаваць ім свае ахоўныя граматы.

Праект пагаднення, прывезены паслом Габрыэлем Любянецкім у радзівілаўскі абоз пад Кейданы, быў падпісаны тут 17 жніўня [108, s.93). Пад ім паставілі свае подпісы 436 чалавек, сярод якіх - гетманы Януш Радзівіл і Вінцэнт Гасеўскі, жамойцкі біскуп Пётра Парчэўскі, віленскі біскуп Юры Тышкевіч, віленскі канонік Юры Белазор, харужы Гальяш Камароўскі ды іншыя. «Няма іншага спосабу ацаліць нашу дзяржаву, як толькі далучыць яе да аднаго з бакоў, што цяпер супраць нас ваююць, і даверыць яму свае правы і фартуны», - адзначалася ў прынятым акце. На якіх жа ўмовах Вялікае Княства Літоўскае паддавалася Швецыі? Войскі абодвух бакоў прадугледжвалася злучыць супраць агульнага непрыяцеля (якім, дарэчы, не магла быць Польшча). Страчаныя землі, гарады і замкі Княства шведскі кароль абавязваўся адваяваць і вярнуць іх уласнікам, а маскоўскае войска - выгнаць з межаў дзяржавы і ўстрымаць ад далейшай агрэсіі. Асобным пунктам было падкрэслена, што гэта не інкарпарацыя Княства, а далучэнне яго на роўных правах да Швецыі (як было злучана з Каронай у Рэчы Паспалітай), калі народ - народу, сенат - сенату, рыцарства - рыцарству «з кожнага бачання маюць быць роўныя». Дэкляраваліся таксама свабода рэлігіі, свабода голасу на соймах. У дачыненні ж да тых, хто не падпіша гэтага пагаднення, актам прадугледжвалася канфіскацыя іх маёмасці [79, s.206-211].

Аднак як сярод вышэйшых станаў, так і ў войску да акта паставіліся па-рознаму. Прыкладам, калі браслаўская шляхта ды шляхцічы, што прыйшлі з Полацкага ваяводства і Ашмянскага павета, сабраныя пад Браславам, падпісалі пагадненне, дык шляхта, размешчаная абозам пад Горадняй, адмовілася ад гэтага і заняла бок Яна Казіміра. Не падпісалі пагаднення таксама жамойцкі стараста Глябовіч, Юдзіцкі, палявы пісар Станкевіч ды шмат хто іншы.

Тым часам шведы накіравалі сваё войска з Рыгі за Дзвіну, занялі Жамойць, Біржы ды сталі прасоўвацца бліжэй да тэрыторыі, акупаванай царом. Маскоўскія ваяводы трывожыліся. Іх ратнікаў у Падзвінні на той час засталося параўнальна мала. Праўда, і шведскага войска ў інфлянцкага губернатара генерала Магнуса Дэлягардзі было не так шмат - тысячаў сем.

Яшчэ ў ліпені пяхота фельдмаршала Густава Левенгаўпта заняла Дынабург. Прычым фартэцыя адкрыла сваю браму шведам на вачах у царскіх ваяўнікоў пасля таго, як ваявода Ардзін-Нашчокін доўга высільваўся ў спробах авалодаць горадам. Затым шведы занялі Браслаў, Друю, Іказнь, хоць гарнізонаў там не пакінулі. Значныя шведскія сілы знаходзіліся паблізу Вільні і Коўні. Князь Януш Радзівіл цяпер называў сябе гетманам караля Швецыі і пры гэтым па-ранейшаму лічыў сябе ваяводам віленскім. Наспяваў канфлікт дзяржаваў-пераможцаў, вайна Масквы са Стакгольм.

Ці патрэбна гэта было Маскве? Як супернік Швецыя выглядала сур'ёзна. Не маючы і двух мільёнаў насельніцтва, яна магла выставіць колькаснае і надзвычай баяздольнае войска. Прыкладам, у часе Трыццацігадовае вайны яно налічвала 50 тысячаў. Пачынаючы вайну з Польшчай, Карл Х Густаў дыспанаваў яшчэ большай арміяй. Так што супрацьборства было б цяжкім. А Маскоўская дзяржава ўжо фактычна завалодала Вялікім Княствам Літоўскім, ды і на Ўкраіне справы для яе ішлі пакуль паспяхова...

У такім становішчы маскоўцы палічылі за лепшае ўстрымацца ад новай вайны з моцным непрыяцелем і ўзяліся дзейнічаць дыпламатычна. З Вільні ў радзівілаўскі абоз пад Кейданы 24 жніўня быў накіраваны царскі пасол Ліхароў, які прапанаваў гетманам перайсці на службу да Аляксея Міхайлавіча, а таксама акрэсліў умовы, на якіх Вялікае Княства Літоўскае магло б існаваць пад уладаю цара (абяцалася захаванне свабоды веравызнанняў, прывілеяў і маёнткаў шляхты). Адмаўляючы маскоўскаму паслу, Радзівіл падкрэсліў, што «ў павеце каля Вільні ратныя царскія людзі сялян, кабет і малых дзяцей сякуць усіх ды хаты паляць»*. А вось Гасеўскі ў часе асабістых размоў з Ліхаровым паставіўся да прапаноў апошняга зусім інакш ды сам выказаўся за антышведскую лігу з Рэчы Паспалітай і Маскоўшчыны. Царскі ўрад тым часам слаў лісты да шведскага караля і ягонага намесніка ў Інфлянтах Магнуса Дэлягардзі з тым, каб Швецыя цалкам адмовілася ад прэтэнзій на Вялікае Княства Літоўскае. Аляксей Міхайлавіч за гэта абяцаў не атакаваць Курляндыі і Прусіі.

* Паводле паведамлення царскага ваяводы Міхайлы Шахоўскага, ужо ў 1655 г. на 30 вёрстаў Вільні былі «села и деревни разорены и вызжены».

Разам з Ліхаровым да маскоўскіх абозаў паехалі Орда і Мядэкша: першы - як афіцыйны пасланец абодвух гетманаў, другі ж - асабіста ад Гасеўскага. Калі пра размовы з Ордам невядома нічога, дык Мядэкшу прымалі зычліва (ён меў з сабою праект нейкай дамовы) і назад з ім выправілі царскага пасла Хведара Рцішчава [108, s.95].

Занепакоеныя гэткім ходам справы, шведы ўзяліся хутчэй даводзіць да ладу пагадненне з Вялікім Княствам Літоўскім. На пачатку верасня ў радзівілаўскі абоз прыехаў губернатар Эстоніі Скітэ, а па якім часе - і генерал Густаў Левенгаўпт. У прысутнасці сенатараў, шляхты, магнатаў у Кейданах пачаліся новыя, надзвычай доўгія і складаныя перамовы. Калі Радзівіл намагаўся захаваць умовы акта ад 17 жніўня, перадусім - адасобленасць Княства, дык супраць гэтага былі нават свае - жамойцкі біскуп Парчэўскі, жамойцкая шляхта, якія схіляліся да ўступак шведам, каб толькі не залежаць ад Радзівіла. Праз колькі тыдняў у Кейданы прыехаў Дэлягардзі, а перамовы ўсё працягваліся.

Толькі 20 кастрычніка, праз месяц пасля пачатку сустрэчы, удалося прыняць тэкст новага пагаднення. Яго падпісала 1142 чалавекі - шляхта і каталіцкае духавенства. Паводле новага акта, Вялікае Княства Літоўскае заключала вунію са Швецыяй і прызнавала шведскага караля (як і яго наступнікаў) вялікім князем літоўскім. Войскі абедзвюх дзяржаваў злучаліся ў адно для дзеянняў супраць агульнага непрыяцеля. Пагадненне абяцала захаваць ранейшыя прававыя дачыненні, прывілеі і вольнасці шляхты (за выключэннем вольнае элекцыі манарха ды неабходнасці атрымаць згоду шляхты дзеля абвяшчэння вайны і заключэння міру), а таксама свабоду каталіцкага, вуніяцкага і праваслаўнага веравызнанняў [108, s.98].

На той час рэшта войска Вялікага Княства была па-ранейшаму расколатая і здэмаралізаваная. Частка яго яшчэ 12 жніўня выйшла з-пад гетманскай улады. Паводле кантракта, гэтыя жаўнеры служылі да 9 жніўня і цяпер, адарваўшыся ад непрыяцеля, не жадалі працягваць службу. А праз два тыдні ў Вербалове частка войска сканфедэравалася ды заняла адкрыта антышведскія і антырадзівілаўскія пазіцыі. Задакляраваўшы сваю вернасць Яну Казіміру, яна адышла на Падляшша. Кіруючыся быццам на злучэнне з каралеўскай арміяй, гэтае войска ў сапраўднасці занялося рабаваннем маёнткаў Януша Радзівіла. Узначальвалі канфедэратаў (а іх было пад 2 тысячы) віцебскі ваявода Павел Сапега ды галоўны падбухторшчык расколу Вінцэнт Гасеўскі, які далучыўся да Сапегі. У верасні пакінуў Януша Радзівіла ды пайшоў на Падляшша і полк драгунаў. Так у калісьці магутнага гетмана засталося 2 тысячы вершнікаў...

У сярэдзіне кастрычніка 1655 г. Магнус Дэлягардзі са сваім корпусам пакінуў Жамойць і, пераправіўшыся цераз Нёман, дзе да яго далучыўся князь Багуслаў Радзівіл з 2-тысячным аддзелам конніцы, пайшоў у Прусію да караля Карла Х Густава. За імі на Падляшша неўзабаве накіраваўся і Януш Радзівіл. На падкантрольнай шведам тэрыторыі Княства, што, паводле Кейданскай дамовы, мела шведскую пратэкцыю, засталіся нейкія тры тысячы жаўнераў Карла Х Густава.

Пад восень актыўнасць царскага войска затухала. Мэта паходу была дасягнутая, і цяпер заставалася адводзіць палкі назад. Аднак казакі Залатарэнкі ды аддзелы цэнтральнае арміі яшчэ амаль месяц пасля захопу Вільні не мелі спачыну: ратнікі ваяводы Чаркаскага за жнівень здабылі Трокі, слаба ўмацаваную Коўню, а пасля і Горадню, а ўкраінскія казакі, пасланыя ў Панямонне для сумесных дзеянняў з войскам Трубяцкога, пайшлі ўніз па Нёмане ды захапілі Мерач, Ліду, Іўе, Ліпнішкі, Алькенікі, Любчу, пасля пусцілі пад шаблю Мір, Карэлічы, Ярэмічы, Рубяжэвічы, Свержань, Стоўпцы...

Атрымаўшы ад патрыярха Нікана блаславенне называцца «вялікім князем літоўскім», 3 верасня цар загадаў пісаць у ягоным тытуле «наше царское величество великим князем Литовским и Белые России и Волынским и Подольским», а 11 верасня ўжо пакінуў Вільню. Вядома ж, папярэдне забраўшы адтуль усё, што вабіла вока. Толькі з палаца Радзівіла было вывезена 7 пазалочаных купалоў, мармуровыя калоны, садраная падлога, сталы і шмат іншай мэблі.

Праз Радашкавічы, Барысаў, Магілеў цар вяртаўся ў Маскву на зіму. Палкі цэнтральнае арміі таксама павярнулі на ўсход. У Менску 17 верасня зграмадзіліся ўсе сілы ваяводы Чаркаскага. Пасля агляду войска, праведзенага ў Барысаве, ён меўся адпусціць ратнікаў дадому. Казакі Залатарэнкі, скончыўшы за верасень усе аперацыі ў Панямонні, атрымалі згоду цара на вяртанне пад Стары Быхаў, каб працягваць аблогу цвердзі.

Старабыхаўская фартэцыя даўно была пад асаблівай увагай Аляксея Міхайлавіча. Як толькі ваяводы і Залатарэнка захапілі Вільню, ён адразу ж паслаў у далёкі дняпроўскі гарадок грамату, у якой спяшаўся паведаміць абаронцам, што ім «помощи... ниоткуда не чаять, гетманы со всем войском побиты и столица Великого Княжества Литовского город Вилна за нами [6, т.14, с.773].

Старабыхаўскаму падстарасту Канстанціну Багушэвічу ды ўсім абаронцам цар ізноў прапанаваў «государские милости к себе поискати и город Старый Быхов... сдати». У тым часе пад Старым Быхавам стаялі запарожскія казакі палкоўніка Івана Касінскага і пяхотны полк Якуба Ронарта. Неўзабаве адтуль прыйшлі весткі, што «быховские осадные люди дороги все отняли и многих... государевых людей в дороге побивают и в полон емлют» ды што сам палкоўнік Курбацкі, якому цар даручыў перадачу граматы, «от Быхова отступил и стоит неведомо где» [6, т.14, с.792]. Палкоўнік Іван Касінскі таксама скардзіўся на быхаўцаў, што тыя робяць частыя вылазкі, нападаюць нават на іх умацаваныя абозы і здабываюць «языкоў», ад якіх даведваюцца пра ўсе апошнія падзеі вайны. Што да царскае граматы, дык абаронцы ўзялі яе пачытаць, - дзеля гэтага выязджалі шляхціч Мікіта Рагоза з двума нямецкімі афіцэрамі, а на другі дзень далі адказ: каб цар больш аніколі не прысылаў ім сваіх граматаў, бо ўзяць Стары Быхаў ён можа толькі праз меч...

Вось тады да гэтага горада зноў панесліся запарожскія казакі. Колькі ўжо разоў Залатарэнка падступаўся да старабыхаўскіх муроў! Увесну, спрабуючы зламаць дух абаронцаў, ён абяцаў ім: «Коли вас достанем през меч, и малого дитяти живити не будем!» [70, с.83]. Цяпер, натхнёны перамогамі, наказны гетман спадзяваўся адным разам здабыць непакорную фартэцыю ды нарэшце расквітацца за ранейшыя няўдачы. Але адбылося сама нечаканае. Ніхто і думаць не думаў, што праслаўленага казацкага правадыра пасля вялікіх паходаў тут падсцерагаў далёка не гераічны канец: у першыя ж дні аблогі, 7 кастрычніка, пад час адной сутычкі з абаронцамі Івана Залатарэнку «на герцу пострелено у ногу з мушкета, от которой ноги и помер под Быховом» [10, с.138]. Цела наказнога гетмана павезлі хаваць у Корсунь.

Армія Аляксея Трубяцкога ўсё лета 1655 г. была адарваная ад іншых груповак, дзейнічала аўтаномна, далёка ад галоўнага тэатра вайны. Пад канец ліпеня пасля месячнай аблогі Старога Быхава яна рушыла на Слуцак, а для падтрымкі казакаў пакінула салдацкі полк Якуба Ронарта. За Бярэзінай у лясах і балотах на калоны маскоўскага войска нападалі партызаны. Асабліва цярпелі тыя, хто аставаўся ад абозу ці адлучаўся рыхтаваць фураж. Князь Трубяцкой спецыяльна адзначаў гэта ў грамаце цару. Нарэшце 2 верасня амаль 20-тысячная армія падступіла да Слуцка і аблажыла яго. На прапанову капітуляваць камендант горада годна адмовіў. Уначы з 2 на 3 верасня маскоўскія ратнікі з крыкам «Царев город!» кінуліся на штурм места, але былі лёгка адбітыя. Пры гэтым сярод абаронцаў загінуў толькі адзін чалавек - Ігнат Астаповіч [92, s.55]. Слуцак быў непрыступны. Нездарма над яго ўмацаваннямі гэтак шчыраваў князь Багуслаў Радзівіл. За мурамі сядзела нямала наймітаў на чале з палкоўнікам Волахам, маёрам Гросам ды іншымі спрактыкаванымі майстрамі вайсковай справы. Таму ўжо 6 верасня, папярэдне папаліўшы вёскі і фальваркі ў ваколіцах Слуцка, Трубяцкой зняў аблогу і павёў войска на Клецак. Мясціны, па якіх праходзілі ягоныя ратнікі, ператвараліся ў папялішчы і бязлюдзелі. «А идучи дорогою, села и деревни, и хлеб, и сено, и всякие конские кормы мы по обе стороны жгли, и людей побивали, и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, и по сторонам потому ж жечь и разорять посылали», - паведамляў Трубяцкой пра гэты паход [5, т.2, с.437].

Праз колькі дзён ваяводы захапілі Цімкавічы. Злоўленыя тут «языкі» сказалі, што ў Клецку шмат мяшчанаў і шляхты. Каб не выпусціць гэтай здабычы, Трубяцкой адразу ж накіраваў туды буйныя сілы на чале са стольнікам Ізмайлавым, якіх перад горадам сустрэлі актыўным агнём клецкія мяшчане. Аднак бой быў нядоўгі. Захопнікі зламалі гэтую кволую абарону ды ўварваліся ў горад. Трубяцкой пісаў, што «государевы люди в Клецку в городе и на посаде литовских людей побили всех». Хто ўратаваўся - уцякаў за мост на Ляхавічы, але за імі паслалі пагоню, «и тех клецких литовских людей побили многих и в языцех поимали».

Таго ж дня, калі да Клецка з Цімкавічаў выйшлі астатнія сілы арміі Трубяцкога, на хвост іх расцягнутай калоны, які яшчэ не паспеў пакінуць Цімкавічы, наляцела тысяча вершнікаў, высланая з Новай Мышы наваградскім ваяводам Пятром Вяжэвічам. На бітву з імі паспяшаліся і тыя маскоўцы, што былі наперадзе. Пабітая конніца навамышаўцаў мусіла ўцякаць, а пераможцы захапілі больш за сотню палонных. Цяпер Трубяцкой кінуў войска на Новую Мыш, але Вяжэвіч яшчэ за суткі да з'яўлення ратнікаў ваяводы Ізмайлава пакінуў гарадок ды пайшоў на Берасце. Царскія ваяўнікі пабілі ці забралі ў палон усіх, каго заспелі, а сам «городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку».

Вяртаючыся з Новай Мышы, маскоўскае войска наляцела на Стваловічы, размешчаныя побач. Справаздача суха інфармавала цара: «Побили и поимали... высекли и выжгли...» З захопленых у палон 32 чалавек шляхты і мяшчанаў адабралі толькі лепшых, астатніх - «велели посечь».

Аляксей Міхайлавіч аддаў загад арміі князя Трубяцкога «от Клецка идти войною до Слонима живыми и невоеванными месты розными дороги», каб ахапляць як найшырэйшыя абшары, спусташаць гарады, забіваць і паланіць людзей, паліць вёскі, хлеб, сена, знішчаць гаспадарку, а пасля ад Слоніма вяртацца да Клецка зусім іншым шляхам, «жилыми и невоеванными месты розными ж дороги», ды чыніць тое ж самае [5, т.2, с.438-439]. Войска зрабіла ўсё «по государеву указу». Рухаючыся да Слоніма, ваяводы ўздымалі хмары чорнага дыму, пакідаючы пасля сябе толькі попел ды вуголле. Так яны знішчылі Мір ды шмат іншых гарадкоў і вёсак, а дасягнуўшы Слоніма - пасеклі і там каго засталі, спаліўшы горад і яго слабоды, спустошылі Жыровіцкі вуніяцкі кляштар, папалілі іншыя вуніяцкія кляштары і бажніцы, а людзей - пазабівалі ці пахапалі ў няволю. «И многие места, и села, и деревни, и за Слоним верст по двадцать и больше, выжгли и разорили», - пісаў Аляксей Трубяцкой у справаздачы аб гэтым паходзе, а цар за стараннае выкананне ягонага загаду пахваліў ды ўзнагародзіў баяраў, ваяводаў і ратнікаў.

Планавалася, што гэтая армія пойдзе на Берасце, аднак у апошні момант Трубяцкому загадалі вяртацца на ўсход, да Старога Быхава. Злучыўшыся з 5-тысячным казацкім войскам Васіля Залатарэнкі, які ішоў з Горадні, яны разам наляцелі на Нясвіж, спалілі там усё, што маглі (выстаяў толькі замак, у якім абараняўся князь Міхал Радзівіл), пасля знішчылі Капыль і 27 верасня ізноў падышлі да Слуцка. Аднак штурмаваць яго больш не браліся. Трубяцкой спрабаваў здабыць места дыпламатычна: у Слуцак начальнікам наймітаў засылаліся лісты ад іхных калегаў, якія служылі ў маскоўскіх палках, а слуцкім мяшчанам пісалі казакі. За капітуляцыю і пераход на службу да цара шчодра абяцалі высокія чыны, багацці. Але ўсе ўгаворы ды агітацыі не далі аніякага плёну. Тады армія Трубяцкога з казакамі кінула Слуцак ды рушыла на Стары Быхаў.

Для беларускага Палесся, быццам заслоненага ад нашэсцяў зараснікамі ды балотамі, таксама насталі трагічныя дні. Тураўшчына зведала спусташэнні яшчэ на пачатку вайны, як і Ўсходняя Беларусь, калі ў ліпені 1654 г. казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі, «сялян мучылі, насмерць забівалі, маёмасць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі...» [3, с.32]. Пазней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Чаркасы з'яўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасні 1654 г. на Тураўскую і Смядынскую (ніжэй па Прыпяці) воласці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстарасты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі...» 24 верасня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасніца, Букча, Глінная, Храпіна, Колкі, спустошылі дзесяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцах і Смядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай святога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразбягаліся, ды ўсёй воласці сказалі вяртацца ў горад, запэўніўшы, што чапаць іх не будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш - «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны на Ўкраіну...

Тае ж восені моцна пацярпеў ад наезнікаў увесь Пінскі павет. Тураўскі і пінскі вуніяцкі біскуп Пахом Война-Аранскі жаліўся, што мала надзеі вярнуць некага да недапаленых халупаў. А праз год на Палессе ўварвалася вялікае войска маскоўскіх стральцоў і салдатаў*. У верасні яно паднялося на чаўнах з Кіева і спачатку заняло Тураў. Далей стольнік Дзмітры Валконскі павёў ратнікаў на Давыд-Гарадок, які пасля бою з маленькай залогаю таксама быў захоплены. Па Гарыні, Прыпяці, Вятліцы, а пасля сухазем'ем выйшлі да Століна, які, напаўшы, «у нішто абярнулі». Адтуль рушылі на Пінск. Ужо 3 кастрычніка 1655 г. з'явіліся ў вёсцы Церабні Пінскага павета, дзе прастаялі два дні, і 5 кастрычніка, высадзіўшыся на бераг каля Пінкавічаў, абрынуліся на Пінск. Невялікая пінская залога была разбітая за горадам і цяпер пераможцы на час зрабіліся яго поўнымі гаспадарамі. Паводле скаргі ацалелых пінчукоў, складзенай праз 10 дзён пасля гэтай падзеі, захопнікі «па-тыранску, па-разбойніцку як мужчын, так і самых кабет, і дзетак немалую колькасць рознымі нечуванымі мукамі мучылі і на смерць пазабівалі... усе скарбы, гатовыя сумы, розныя тавары, золата, срэбра, волава, медзь, званы касцёльныя і царкоўныя, рознае збожжа і ўсе хатнія набыткі дашчэнту выбраўшы, да байдаў і чаўноў панасілі і павазілі». Наезнікі прастаялі ў Пінску два дні, а 7 кастрычніка, адплываючы, запалілі горад [3, с.67]. Замак, будынкі, касцёлы і цэрквы, рынкавыя крамы - усё пагарэла. Як засведчыў генерал Ян Анкудоўскі ў акце ад 15 кастрычніка, у Пінску «толькі каміны ды печышчы стаяць».

* Як вынікае з заявы жыхароў Пінска ад 15 кастрычніка 1655 г., у гэтым войску разам з маскоўскімі ратнікамі былі ўкраінскія казакі, і налічвала яно не 700 (што сцвярджае А.Мальцаў), а некалькі тысячаў чалавек.

Вяртаючыся, войска Валконскага спустошыла вёску Церабень, дзе царскія ратнікі нават царкву абадралі, пахапалі званы, абразы і кнігі, затым - Крывічы, Плашчова і Стахава таксама рабавалі як маглі, хаты палілі, а кароў рэзалі, складвалі ў чаўны і адплывалі да Кіева.

Апошняя на той год значная аперацыя маскоўскага войска ў межах Беларусі была праведзеная позна ўвосень на Берасцейшчыне. Яшчэ ў жніўні, пасля захопу Вільні, цар загадаў ваяводу Шарамецеву прывесці туды на зіму сваю армію - больш за 7 тысячаў ратнікаў. Пакідаючы Вільню, ён перадаў агульнае камандаванне палкамі і гарнізонамі ваяводу Сямёну Ўрусаву [54, с.105]. І вось на пачатку лістапада корпус з некалькіх тысячаў чалавек на чале з Урусавым і Барацінскім выйшаў з Коўні на поўдзень з мэтай авалодаць Берасцем. Па дарозе пад Белымі Пяскамі яны разбілі частку палка Жыгімонта Слушкі. Далей пайшлі падзяліўшыся: меншыя сілы - праз Адэльск, Крынкі - да Заблудава, а галоўныя рушылі праз Нараў і Орлю, мінулі Высокае і 23 лістапада з'явіліся каля ракі Лясной за некалькі кіламетраў ад Берасця [89, s.72]. Тут іх сустрэлі жаўнеры Паўла Сапегі, якія спрабавалі абараніць мост і грэблі цераз Лясную, але не вытрымалі і адступілі. Калі ж маскоўскае войска пераправілася на другі бераг ракі, дык было моцна пабітае недалёка ад Берасця і, уцёкшы назад за Лясную, пачало адступаць. Тады Сапега абышоў непрыяцеля ды перакрыў яму дарогу. Апошнімі днямі лістапада адбылася бітва, якая, паводле звестак маскоўскіх ваяводаў, скончылася іхнай перамогай. Тым не менш левае крыло войска Ўрусава было разбітае, а сам ён са штандарам ратаваўся ўцёкамі. Пасля гэтай бітвы Ўрусаў і Барацінскі адступалі па цяжкой дарозе праз Белавежскую пушчу. Каля Новага Двара пры выхадзе з пушчы нейкую частку іх войска яшчэ разбіла лідская, ваўкавыская і гарадзенская шляхта на чале з Янам Кунцэвічам, берасцейскім ваяводам. Пабітыя царскія палкі пайшлі на Слонім і адтуль вярнуліся ў Вільню.

Гэтым скончыліся ў Беларусі ваенныя дзеянні першага этапу вайны. Нібыта ўжо падпісаўшы прымальныя ўмовы замірэння, абодва бакі надалей устрымліваліся ад мілітарных акцыяў. Адзін - амаль што перамогшы, другі - амаль канчаткова зможаны. З вялікіх гарадоў Беларусі вольнымі заставаліся Берасце, Слуцак ды спустошаныя Пінск, Мазыр...

Загрузка...