Раздзел трэці

Перш чым пералезці праз агароджу, я ўзяў манекен ад фальшывай варонкі і падцягнуў яго бліжэй да сеткі. Абвестку пра міны кінуў побач. Хай усе бачаць, як менавіта бярогся ад “дзікіх” усёведны і найразумнейшы Аракул.

Стаў прадзірацца праз калючы гушчар. Зараз, ведаючы, што лес муціраваў не праз чорную магію, але ад электрамагнітнага выпраменьвання ваенных лакатараў, ніякай злавеснай аўры ў дрэвах ужо не адчувалася. Лес як лес. Пасохлы, прыдатны да хуткага збору сухога ламачча. Выйшаўшы на невялічкую палянку, наабдзіраў яловых лапак ды склаў аснову пад вогнішча. Выкрасіў іскру, раздзьмуў агеньчык. Дастаў не даедзеную Гердай бляшанку кацінага ласунку, паставіў яе ў полымя падагрэцца. Не тое, каб цёплым харч быў менш гідкі. Але так я меней пачуваўся катом: яны ежу не кіпяцяць. Калупнуў нажом, з’еў некалькі кавалкаў і, сплюнуўшы, адкінуў банку прэч: пакуль я недастаткова скаціўся.

Дастаў мапу і шчоўкнуў аракулавым ліхтарыкам. О, як жа Яго Найсвяцейшаства шкадуе пра свой падарунак! Як жа ён трасецца, ідучы па цёмных палях з непрацоўным налобнікам! Адшукаўшы вежу Аракула, я зразумеў, што прарабіў ладны шлях ад некалі вольнай муніцыпаліі. Яшчэ якіх дзесяць сантыметраў уніз — і мапа Беларусі скончыцца. Давядзецца перасоўвацца, абапіраючыся толькі на дарожныя пазнакі і расповеды мінакоў. Але да Горада Святла было яшчэ два ці, можа, нават тры сненні. З улікам таго, што маршрут наперадзе не ўпрыгожваў россып населеных пунктаў, што абяцалі магчымасць зарабіць на ежу, зноўку варухнулася думка пра вяртанне дадому. Але хутка прыгадаліся навіны, прачытаныя з воднага манітора, і жаданне знікла. Неўзабаве ва ўсіх мінскіх дзяржавах будуць уладарыць камісары-рабаўладальнікі з Кальварыі. Прага моцнай рукі падпарадкавала ім значную частку земляў у межах старой кальцавой. Я прыглядзеўся да дзвюх гарызантальных рысачак, перакрэсленых вертыкальнымі штрыхамі: частакол пачынаўся амаль адразу за Аракулам і цягнуўся ажно да Горада Святла, але не было ніякай магчымасці зразумець, што гэта такое. Як я ні ламаў галаву, уцяміць значэнне гэтай пазнакі я не здолеў.

Закідаўшы вогнішча, я пайшоў да сцяжыны, мабыць, ствараючы шмат хрусту ды тлуму — хай сабе мне і падавалася, што я праслізгваю між дрэваў, бы маўклівы цень. Я паспеў толькі высунуцца з гушчару, калі мне ў хрыбеціну ўтыкнулася штосьці цвёрдае, а сталёвы голас загадаў:

— Стой, раз, два!

Я замёр, аўтаматычна ўздымаючы рукі. Азірнуўся, ды не пабачыў нікога. Нават бялкоў вачэй, якія зазвычай цяжка схаваць.

— На калены! — скамандаваў той жа голас, здымаючы з майго пляча зброю.

Я падпарадкаваўся, скручваючы шыю ў спробах зразумець, што за нябачная істота мяне затрымала. Жвавыя пальцы тым часам пазбаўлялі мяне ад заплечніка. Дзівак чалавек! Думае, мяне можна абрабаваць! Думае, я магу пераносіць нейкія каштоўнасці! Захопнік пстрыкнуў святлом і сцягнуў з твару нейкую прыладу. У светлавых бліках я пазнаў ваенны цеплавізар. Начное бачанне. Такая цацка здавалася ў арэнду на рынку ў Грушаўцы і цынку, выглядае, жэрла не менш, чым Герда кацінага корму. Пяць хвілін каштавалі два поўныя зарады. Але забаўка вартая, я не пашкадаваў чатыры цынкі, каб пабадзяцца дзесяць хвілінак вакол возера, дзівячыся, як выглядаюць чалавечыя постаці ў розных спектрах. Чалавек, што спыніў мяне, мусіў быць вельмі заможным.

Ён абмацаў мае кішэні, знайшоў нож і дастаў яго, расшпіліў заплечнік, стаў вельмі прафесійна яго патрашыць. Гэты быў не падобны да тых дурняў, што служылі Цару Гары. Ліхтарык, замацаваны пад руляй караткаствольнага аўтамата з глушыльнікам, высвечваў кожнае шво ў маім плецаку. Заўважыў бутэльку, у якой пляскалася рэшта фірмовага віскі, але не стаў яе канфіскоўваць, кінуў назад у маю торбу на лямках. Значыць, адабраць каштоўнасці не было мэтай. Агледзеўшы заплечнік, ён зашпіліў яго і вярнуў.

— Так. Устаць. Ідзі наўпрост, — даў каманду сталёвы голас. Пакуль я падымаўся, паспеў разглядзець апранутую ў чорнае постаць. Рухаўся чалавек абсалютна бязгучна, і ўвесь час, пакуль я ішоў да асфальту — а менавіта туды кіраваў мяне захопнік, — у мяне было адчуванне, што за спінай нікога няма, што я прыдумаў сабе дзівака з цеплавізарам. — Стой, раз, два! — нагадаў пра сябе голас, як толькі мы дайшлі да гасцінца. — Рукі за спіну! Сеў на кукішкі!

Я асцярожна апусціўся на асфальт. Сядзець у гэтай позе з рукамі за спінай было нязручна. Цела перакульвала назад, я нахіліўся наперад і прыўзняўся на дыбачкі. Але праз тузін уздыхаў пальцы ног забалелі, давялося адкінуцца і абаперціся грудзямі на калені. Праз тры хвіліны пакутлівага балансавання ўсё, што было ніжэй за калені, так безнадзейна зацякло, што, калі б я нават вырашыў ускочыць і пабегчы, не здолеў бы зрабіць і два крокі.

І, выглядае, мой выдатна трэніраваны захопнік пра гэты расклад добра ведаў, нездарма ж не парупіўся мяне звязаць. Хутчэй за ўсё ён дзейнічаў паводле інструкцыі, прыдуманай для такіх сітуацый задоўга да таго, як цеплавізары зрабіліся прыладай, карыснай поўныя суткі.

Неўзабаве з напрамку дарогі ад Элеватараў ды запраўкі пачуўся конскі тупат. Коні не беглі, а няспешна ішлі, і было іх нямала. Там мітусілася шмат агеньчыкаў, здалёк усё нагадвала дыскатэку. Маўклівая постаць побач са мной папераджальна тройчы міргнула ліхтарыкам. Яму адказалі адным бліскам.

— Устаць. Пяць крокаў да ўзбочыны! — было загадана мне.

Я ўзняўся на нетрывалых нагах, цалкам прадказальна адразу ж бухнуўся назад на калены і толькі вось гэтак, амаль паўзком, выканаў загад. Пакуль я коўзаўся, у цягліцы пайшла кроў, а разам з ёй у ікры, шчыкалаткі ды ступакі ўтыркнуліся маленечкія голачкі. Паязд я сустрэў са святочным выразам на твары: так мяне ў жыцці не крывіла.

Спачатку з цемры выйшла шэсць фігур, па тры з кожнага боку. Яны абмацвалі ліхтарыкамі асфальт і ўзбочыны, відаць, шукаючы выбухоўкі ці іншыя пагрозы каравану. У іх былі “Калашнікавы” з падствольнікамі, пераносныя кулямёты і нават антыкварны супрацьпяхотны гранатамёт М79. Парад стралковай зброі прамінуў маўкліва, толькі метал бразгаў на кожным кроку. За імі цягнуліся тры вазы асноўнага абозу. Запрэжаныя чатырма коньмі кожны, фургоны былі пастаўленыя на капітальныя шасі з беспаветранай гумы. Па баках яны былі ўзмоцненыя лістамі брані. Усталяваныя на рухомыя карзіны хуткастрэльныя пушкі, знятыя з БМП, надавалі вазам нават паэтычны выгляд. Апошні фургон, таксама аточаны ўзводам, прыпыніўся каля нас.

— Вой, а хто гэта ў цябе такі красівы? — спытаў майго захопніка кплівы голас. Успыхнуў пражэктар, які скіраваўся проста на маю перакрыўленую фізію. — Захапіў выведніка свінажопых. Хаваўся ў лесе ля Аракула, — слова “рыскун” гэтым людзям таксама было не блізкае. — А вы ці не ведаеце, чаму гэта Аракул не блішчыць? — пацікавіўся іншы, уладарны, голас з воза. Ён увесь час прамаўляў з крышачку пытальнай інтанацыяй — нават калі ні пра што не пытаў. — Што ў гэтага з тварам? Ты што, яму апендыцыт выразаў? — то быў другі, больш нахрапісты. — Мяне жабай паставілі. Ногі зацяклі, — прамармытаў я, але ніхто мяне не слухаў. — Гэты селянін падобны да выведніка, як я падобны да Мошэ Даяна, я вам скажу! — прамовіў уладарны голас зверху. Ён звярнуўся да мяне: — Вы кім такім будзеце? — Трэба ісці, нельга караван расцягваць, — пачаў нервавацца адзін з тых, хто стаяў за возам. — Я — Кнігар. Іду ў Горад Святла. Са свінагаловымі не знаёмы. — Нейкі ён дохлы. Ды ў паліто. З чаго ты ўзяў, што ён выведнік? — запытаўся кплівы. — Свінажопыя, адназначна! Ён цынку пры сабе не мае! — Эй, ты чаго цынку пры сабе не маеш? — пацікавіўся з’едлівы голас. — Скончыўся ўвесь, — змрочна адказаў я. — Што будзем з ім рабіць, таварыш Караваншчык? — з усмешкай звярнуўся кплівы да ўладарнага. Я прапаную стрэльнуць у башку, на ўсялякі выпадак. Каб мінімізаваць рызыкі. А то раптам ён напраўду свінажопы? — мне падалося, што ён жартаваў. Здзеклівы зноў звярнуўся да майго захопніка: — А зброя ў яго была?

Ён моўчкі паказаў мой нож і стрэльбу.

— Ці магу я пацікавіцца, якім будзе імя вось гэтага вашага спецыяліста? — нецярпліва запытаўся ўладарны голас у кагосьці ўнутры фургона. — Я іх увесь час блытаю, яны падобныя, бы селядцы ў бочцы Хацкеля Мардухавіча Шагала, я вам скажу. Трэцяе сненне ідзем без адпачынку, а як звяртацца, не ведаю. — Гэты — радавы ўзвода альфа, франтальнае забеспячэнне. — А імя, дадзенае чалавекам, які яго нараджаў, ці мае? — Якое імя ў цябе? Саша, здаецца? — Сіргей, —няўпэўнена азваўся мой кампаньён. Магчыма, ён і сам паспеў забыцца на чалавечае імя. — Сярожанька, даражэнькі вы мой! Вы бачыце ў сустрэтага вамі селяніна свіны лыч? Не? А капыты вы ў яго бачыце? Таксама не? А ў раёне дупкі вы яму ліхтарыкам свяцілі? Вы знаходзілі там ружовы хвосцік гнуткай спіралькай Не? Дык я вам скажу, Сярожанька, гэты селянін і свінарылыя — гэта дзве бальшыя разніцы! Вы куды ішлі? — запытаўся голас у мяне. — У Горад Святла, — я ўзняў галаву, прымружваючыся ад пражэктара. — Вось, бачыце, Сярожанька, чалавек з галечы, цягнецца да ведаў, да літаратуры! Як Шалом Алейхем! Называе сябе “Кніжнікам”, можа, нават і вершы піша, я вам скажу, Сярожанька, у гэтага селяніна можа быць выдатная будучыня. Я проста вось бачу зараз, як ён выступае са сцэны ў “Метраполі” і яму пляскае публіка ў добрых касцюмах. — Нам трэба рушыць. Стаяць небяспечна, — нагадалі ззаду. — І я вас здзіўлю, Сірожанька, але мы возьмем гэтага селяніна з сабой, каб пагутарыць пра тое, як зараз жывецца моладзі, — заявіў той, да каго звярталіся, як да Караваншчыка. — Вы што! Нельга! Ну ніяк! Гэта парушэнне пратаколаў бяспекі! — адказаў яму нехта ў кібітцы. — Я вас умаляю, не трэба паводзіцца так, як быццам бы я ваш пасажыр! Гэта вы — і ўвесь ваш ЦАХАЛ — мае пасажыры! — адрэзаў Караваншчык. — Лезьце сюды, малады чалавек! — загадаў ён з брычкі.

Я ўзняўся на ногі і, кульгаючы, наблізіўся да фургона, і адтуль запыталі, чаму я кульгаю, і я паўтарыў пра “жабу”, і прагучаў тэрмін “генацыд” (“вы ж паглядзіце, бядак ледзь ходзіць, вашы зайцадавы выламалі маладому паэту нагу з суставаў!”), і скончылася тым, што Сірожа ледзь не ўнёс мяне ў тарантас, атрымаўшы паказальную вымову за калечанне мірнага насельніцтва. Мае стрэльбу і нож ён пры гэтым забраў.

За бранёй хавалася прасторная платформа, застаўленая сталёвымі куфрамі, паверх іх — дзве даўгія скураныя канапы. Над галовамі пасажыраў змыкаліся паўкруглыя рэбры брызентавага даху. Але цяпер тканіна была сцягнутая— відаць, спусцілі для лепшага агляду пасля таго, як мінулі вобласць ападкаў.

На адной з канапаў свяціў на траціну магутнасці садовы дыёднік, таму я пабачыў лысага старога, яго арліны нос і вінаваты выраз твару. А таксама — прылепленую да мочкі левага вуха белую сферу памерам з фасоліну. Яна зіхацела і паблісквала нават тады, калі ў ёй не адлюстроўваўся ліхтар. Я адразу ж адкінуў думку, што гэта — брыльянт, бо, па-першае, хто цяпер носіць дыяменты, а па-другое — такіх буйных папросту не бывае. Арлінаносы трымаўся з годнасцю, хоць і апрануты быў без пыхі: цёмны цёплы функцыянал. Аніякай асаблівай паставы ў яго не было. Адчуванне велічы паходзіла з агульнага раскладу, які не псавала нават манера гаварыць — шматслоўная, з адвечнымі пытальнымі інтанацыямі. Але з першага погляду на сцэну было зразумела, што гэты лысы тут — галоўны.

Насупраць яго на канапе сядзеў барадаты дзядзька ў шапцы а-ля Фідэль. Ён быў падобны да правадыра хунты ў збяднелай лацінаамерыканскай краіне. Добры тварам, багаты жыватом. Белая ўрачыстая кабура была зашпіленая на — гэта важна! — залаты гузік. У Камандантэ былі скураныя пальчаткі, таксама белыя — ён засунуў іх пад пагон свайго ўцепленага фрэнча. Чаравікі мелі колер кавы з малаком. Яго абліччу не хапала толькі чорных квадратных акуляраў. І, канечне ж, сігары. Затое быў тут нечаканы дадатак: вялізны залаты праваслаўны крыж. У сукупнасці з кудлатай барадой і мажнай шыяй, крыж надаваў вобразу Камандантэ яшчэ і выразны папоўскі складнік. Відаць, без духоўнасці працаваць камандзірам наёмнікаў складана.

Ззаду, каля аблепленай бранёй агнявой карзіны з рухомай гарматай, былі тры маладыя салдаты. У той час, калі Камандантэ глядзеў не ў іх бок, яны ўпотай перакідваліся ў карты, але калі іх распінаў цяжкі позірк, яны, не адкладаючы картаў, рабілі выгляд, што збіраюць снарады ў стужку. У сукупнасці з расхлябаным вознікам, які выглядаў так, як быццам сядзеў пры лейцах трое сутак запар, кампанія нагадвала брыгаду Васілія Чапаева, якая едзе ці то адбіваць станіцы ў рабаўнікоў, ці то на патрэбу баяздольнасці чырвонай арміі рабаваць іх самастойна.

— Вітаю вас на вугальным караване! — выбачальна ўсміхнуўся мне лысы. — Вы трапілі да людзей, якія забяспечваюць цяплом і святлом усе мінскія полісы і палову населеных пунктаў пры дарозе! Зараз мы праходзім самы небяспечны адрэзак шляху, то выбачайце нервовасць таго шлімазла. Маіх папярэднікаў тут рэзалі тройчы. Не ведаю, хто такія гэтыя вашы свінагаловыя, але да матэрыяльных каштоўнасцяў нашага з вамі свету яны маюць вельмі нездаровую прывязанасць, я вам скажу! — Я — Кнігар! — паўтарыў я, сядаючы побач з Камандантэ. — Іду здалёк, з Грушаўкі. Свінарылых бачыў ля запраўкі. Сустракацца з імі не хацелася б. — Ой, вы абсалютна не бойцеся гэтых шмэндрыкаў! — развёў далонямі лысы. — Вы ж бачылі, у нас столькі запрошаных спецыялістаў, што мы маглі б уступіць у бойку з ХАМАСам, і я нават не ўзяўся б прадказваць, колькі ў той бойцы пратрымаўся б бедны ХАМАС! Хутка мы з вамі зменім транспарт, і там будзе ўжо зусім бяспечна. То гэтыя вазы і дзве траціны аховы пойдзе есці гефілтэ фіш у карчму “У Ляйбы”. — Свінарылых не бярэ звычайная зброя, — на ўсялякі выпадак паўтарыў я чутае. — Ой, я вас умаляю, малады чалавек! Калі іх не бярэ звычайная зброя, дык што ж яны так любяць звычайны цынк? Вы, галоўнае, не бойцеся. У гэтых скрынях, — ён паляпаў далонню па куфары, — нашая выручка за ўвесь прададзены вугаль. На Мінск мы цягнем вугаль з Горада Святла, на зварот — грошы, каб набыць новы вугаль. Такі, ведаеце, маленечкі гешэфт. І вось я ў вас пытаюся: куды падзеліся гэтыя вашыя казлакапытыя ды свінарылыя, калі побач трыццаціміліметровая гармата? — Я хацеў толькі ўдакладніць, што я паходжу не з сялян і паэзіяй не займаюся, — не ведаю, чаму мой мозг брыкнуў выказацца на гэтую тэму. — У Грушаўцы даваў кніжкі ў арэнду. У мяне там засталася вялікая бібліятэка. Ведаю літаратуру, таму завуся Кнігаром.

Але Караваншчыка было не збіць з думкі, якую ён вёў. Ён быў суразмоўцам інерцыі: пакуль не выкажа ўсяго, што тапталася па ягоным языку з мінулай нагоды, на новую тэму не пераскочыць.

— Вось вы мне скажыце: што ж яны не прыходзяць да нас пагутарыць? — пытаўся лысы. — Мы едзем па гэтым маршруце ўжо, мабыць, соты раз. І ўвесь час — адны! Я б, можа, і хацеў бы сустрэцца з якім-небудзь маладым свінарылым, запытацца пра ягоныя перспектывы ў жыцці. Але ж яны не ідуць! Але што вы кажаце? — гэта да яго дайшла мая рэпліка. — Дык вы ведаеце літаратуру? — Крышачку пачытаў за свой век! Дастаткова, каб здагадацца, што любімым пісьменнікам у вашага ахоўніка быў Мантэйру Лабату. — Што вы кажаце? — здзіўлена выкрыкнуў Караваншчык. — Генерал, вы хіба чыталі кнігі? — Я не ахоўнік, — змрочна адгукнуўся чалавек з белай кабурой. Гэты быў з той пароды людзей, што вельмі любяць смяяцца з іншых, але ім не даспадобы, калі смяюцца з іх. — Дык а што гэта за пісьменнік Лапатун? — Мантэйру Лабату — з Бразіліі. Жыў у дваццатым стагоддзі. Пісаў для дзяцей, — было прыемна аддзячыць за жарт пра апендыцыт і “дохласць”. — Я проста з маленства кніг не чытаў, — апраўдваўся барадач. — “Ордэн жоўтага дзятла” — апошняе, што трымаў у руках. — Ён не ахоўнік, ён найміт, прычым паважаны, — пахваліў Камандантэ лысы. — Але ж які вы разумнік! Ну проста рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вядомы таксама, як Віленскі гаон! Вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман? Ну канечне, вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вы ж такі вучоны чалавек!

Я ўзважваў, ці распавесці стракатай кампаніі гісторыю пра ўзлёт і гранд-фінал кар’еры Сямёна Чаплі, але вырашыў, што ёсць такія апокрыфы, якія лепш расказваюцца самі.

— А я вось раней, калі ў нашы нябёсы залятала сонейка (а здаралася тое праз ніякаваты тутэйшы клімат дужа рэдка), утрымліваў ювелірную краму. У цэнтральным Мінску, ля кінатэатра “Перамога”. Можа, памятаеце? — летуценна ўздыхнуў лысы. — Якія часы былі! І, галоўнае, нават пасля таго як ляснуліся кошты на золата, падавалася, што дыяменты — гэта назаўжды. Бывала, утаропішся ў гэтае ззянне, і яно — як водбліск вечнасці. Як замёрзлае святло, — ён падсвядома дакрануўся да фасоліны ў вуху. Колькі ж там у ёй вагі? Паўтара караты? Як у яго мочка не адарвецца? — Але потым сонца згасла, і ззянне — за ім. Зараз усе барыжаць бурштынам, прыдумалі ж, “рака Эрыдан”. А дыяменты ўсе сышлі на неба…

Ён задраў галаву. Там, праз рэбры спушчанага брызентавага даху, праглядалі рассыпаныя жменямі па чорным аксаміце брыялеты, маркізы ды прынцэсы. Праз усё неба праходзіла шыкоўнае калье, якое патанала ў алмазным пыле меншых зорачак. Меле ды грэйнерамі на нябеснай вітрыне былі выкладзеныя даўгія падвескі самых розных форм. Пасярод нёсся за далягляд зроблены з чысцюткіх ашэраў нябесны пакемон.

— І вось, калі доўга глядзіш туды, бывае, здараецца адчуванне, што зоры — гэта маленькія дзірачкі, праз якія б’е сапраўднае брыльянтавае святло космасу, — прызнаўся ён. — Што цемра — проста пыльная завеса. А зоры — прагалы ў ёй…

Я нічога не адказваў. Трэба быць збанкрутаваным ювелірам, каб мець такі светапогляд.

— А што будзе самай прыгожай кнігай пра зоры, якая прыходзіла ў вашы рукі? — спытаў ён усё з той жа летуценнай інтанацыяй. Успаміны зрабілі лысага гандляра сентыментальным да камізму.

Я задумаўся, бо такія пытанні мне яшчэ не задавалі. Падняў галаву, углядаючыся ў касмічнага пакемона.

— У сярэдзіне мінулага стагоддзя адзін малады пісьменнік адправіўся ў Маскву на літаратурную вучобу. Ён ужо быў шырока вядомы ў вузкіх колах, але яму чагосьці бракавала. Можа, кахання, хаця ён быў вядомы бабнік. Можа, самоты і скрухі па той, што яго не кахае. У Маскве ён сустрэў жанчыну, якой папросту захварэў. Але яна была замужам і не збіралася адмаўляцца ад заможнага ды ўладкаванага лёсу. Хаця і давала яму авансы. Пісьменнік кахаў яе ўсё жыццё — я чытаў згадкі пра гэтую хваробу ў ягоных пазнейшых дзённіках. Праз непадзеленае пачуццё пісьменнік зрабіўся Уладзімірам Караткевічам. Самы трапны ў нашай літаратуры дваццатага стагоддзя. Я ім захапляюся. — Але зоры! Я пытаў пра зоры! — нецярпліва нагадаў Караваншчык. — Караткевіч апісаў гісторыю свайго кахання — проста і шчыра. Раман называўся “Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Леаніды — рэдкі метэорны паток, “зеленаватыя знічкі”, што пакідаюць ў небе “фосфарны след” — так ён іх пабачыў. Адзін з герояў назірае Леаніды ў дзевятнаццатым стагоддзі, зламаўшы сабе жыццё праз дапамогу жанчыне, муж якой быў вырачаны на смерць за ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Пасля гэтага ягоны праўнук сузірае Леаніды ў небе Масквы, кахаючы жанчыну, якую губляе. Раман складаецца з 33 раздзелаў — па колькасці гадоў, якія праходзяць паміж кожным вяртаннем Леанідаў да Зямлі. Захапленне прыгажосцю космасу (ды яго невытлумачальнасцю!) — адзінае, што знітоўвае герояў, разнесеных стагоддзямі. Ды імкненне да чагосьці ідэальнага і вельмі чалавечага. Як быццам бы і звязанага з Леанідамі, але — не наўпрост. Бы тое “зорнае неба” ў Канта, якое згаданае ў адным выразе з “маральным законам унутры нас”. Там ёсць фрагмент, дзе ён апісвае знічкі на зорным небе так: “Быццам пан Бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў”. І людзі ліюць кроў, і будуць яе ліць, хіба што толькі Леаніды зараз сапраўды да Зямлі не вернуцца.

Я змоўк, бо і мне не спадабалася, з якім пафасам прагучала сказанае. Таму я скончыў аповед так:

— Што да рамана, ягоны лёс склаўся пакручаста, як і належыць сапраўднай кнізе. Ужо гатовы да друку набор быў рассыпаны пасля абвінавачанняў у “абстрактным гуманізме”. Даволі абстрактных, як на мяне. Пры жыцці Караткевіча ў аўтарскай назве “Леаніды” так і не выйшлі. Краінай тады кіраваў вечны генсек Леанід Брэжнеў, і сцвярджаць, што “Леаніды” “не вернуцца да Зямлі” азначала для мясцовых элітаў магчымасць выправіцца ў мясціны, адкуль сапраўды не дужа хутка вяртаюцца. То яны змянілі назву на ніякаватае “Нельга забыць”. І шмат гадоў пасля смерці Брэжнева “Леаніды” ішлі ў караткевічавы кнігазборы, абазваныя менавіта “нельгазабыцямі”.

Наперадзе праглянулі агеньчыкі, мой суразмоўца выцягнуў шыю і стаў углядацца ў іх, адразу зрабіўшыся падобным да састарэлага індыка. Ён паспешліва пахваліў маю гісторыю:

— Вельмі хораша! Вы — проста-такі прыроджаны апавядальнік! Я вось як жывога бачу вас Казальнікам у Горадзе Святла! Фантастычная кар’ера! Трыумф! Фрачныя пары ў чарзе па квіткі! Паненкі крычаць “брава” і губляюць прытомнасць! Ну што, механікі там варушацца? Ідзе працэс, альбо ціш ды вусціш? Едзем ці трэба будзе чакаць?

Апошнія два сказы былі скіраваныя фурману і спытаныя з такой дзелавітай інтанацыяй, якая сваёй эмацыйнай спружыністасцю кантраставала з папярэднімі летуценнямі прыкладна так, як ззянне зораў на небе суадносілася з мёртвай фасолінай у вуху лысага. Усе навокал прачнуліся. Моладзь пакідала карты, стралок забраўся ў агнявую карзіну ды ўзвёў гармату, ягоны памочнік прысеў ля паваротнага механізму браніраванай вежы. Нават Камандантэ пасуравеў і паклаў сасісачкі пальцаў на залаты гузік кабуры. Зараз ён больш нагадваў дыктатара, чым папа, хаця хвіліну таму было наадварот.

Наперадзе пачуўся пошчак — нехта двойчы шугануў у спартовы свісток.

— Два сігналы! Усё нармальна. Закіпелі, — незразумела пракаментаваў аматар Мантэйру Лабату. — Ну, то кіруйцеся адразу ў зону загрузкі! — аддаў каманду лысы.

Фурман лупцануў коней, тыя перайшлі на рысь, наш воз апынуўся на чале каравана. Грукочучы безрысорнымі тарантасамі, мы каціліся па асфальце, побач бразгала каванымі берцамі пяхота, наперадзе бязгучна плылі цені рыскуноў забеспячэння. Такімі сіламі мы маглі б узяць палац Аміна ў Афганістане.

Твары сказіліся напружаннем. Караваншчык пасуравеў, ягоныя зубы выскаліліся ў грымасе небяспечнай засяроджанасці, і цяпер рабілася зразумела, чаму балбатлівы і безабаронны на першы погляд чалавек можа выпраўляць такія “гешэфты”. Ніхто нічога не тлумачыў: аперацыя па трансферы вялікага капіталу перайшла ў небяспечную фазу перагрузкі. То ўсім удзельнікам было не да цацкання з падабраным мінаком. Завярнуўшы з дарогі, мы сталі ўшчыльную з драўлянай пуняй.

Цокнуўшы, запаліўся прафесійны дыёдны асвятляльнік на мачце. Ён быў памерам з лабавое шкло аўтамабіля і даваў дастаткова святла, каб я саслеп на хвіліну. А мяне ўжо выпіхвалі з платформы, і, калі зрок вярнуўся, я заўважыў, што барты вазоў адкінутыя, армія Камандантэ спрытна перакідвае куфары з фургонаў у тую драўляную пуню, а ўсе незанятыя байцы пашыхтаваліся паўкругам: адна нага на калене, зброя ад пляча, цэляцца ў падсвечаную пражэктарам цемру.

Лысы нібы забыўся пра мяне — ягоная спіна аддалялася ў кірунку вялізнага даміска, складзенага з металічнай арматуры і лістоў шыферу. Будыніну такога кшталту я бачыў толькі аднойчы — у далёкім тамільскім пасёлку, арганізаваным вакол стайняў для сланоў. Спяшаючыся за Караваншчыкам, я паспеў разгледзець, што побач са сцежкай пры зямлі тут цягнуцца сталёвыя бэлькі, адпаліраваныя да серабрыстага бляску. Чыгунка — гэта называлася так. У памяці зварухнулася згадка, звязаная з гэтымі паралельнымі рысачкамі, перакрэсленымі вертыкальнымі штрыхамі шпалаў: частакол на мапе быў чыгункай. Няўжо ў Горад Святла можна прыехаць, а не прыйсці?

У стайнях тым часам абазначыўся абрыс нейкай празмерна вялікай істоты. Не, яна не была падобная да слана, больш нагадвала чорнага цмока з бліскучай скурай. Падмацоўваючы метафару, наперадзе раздаўся цяжкі выдых, і мне насустрач выбіла велізарнае воблака бялявага пару. Я нагнаў Караваншчыка і, перакрыкваючы сіпенне монстра, запытаў:

— Што там за дзіва? — Я вам не скажу за дакладную маркіроўку. Бо я ні разу не спецыяліст. Я магу вам назваць закупачныя цэны вугалю ў кожным з полісаў да гандлю і пасля яго, і тую мяжу, пасля якой вугаль у мяне ўжо купляць не будуць, а пачнуць купляць яго ў Моні ці Наліка, — Лысы выглядаў занадта занятым, каб тлумачыць мне ўсё як след ці хаця б проста чуць сутнасць пытанняў. Мне трэба было распытваць, на які такі “бяспечны транспарт” мы збіраемся перасесці яшчэ тады, калі наш паязд яшчэ ішоў пад бесклапотнымі зорамі. — Я вам прызнаюся, што як апошні поц думаў, што гэта нешта серыйнае, кшталту Су, ІС, ФД. Бо зорка! Мяне збіла зорка! Але Машыніст растлумачыў, што гэта — трафейная машына, пераробленая Саветамі і пастаўленая на рэйкі на другасным рэгіянальным маршруце. Нямецкая. Ці, хутчэй за ўсё, можа, што і польская.

Мы падышлі бліжэй да чорнай армады, і зрабіліся бачнымі цяжкія, фарбаваныя чырвоным, колы, кулісы ды паўзуны. З-пад завесы пары з’явіўся масіўны прычэп, будка ды неабдымнае цела, пакрытае бародаўкамі клёпак.

— Калі ў Горадзе Святла ўзнавілі распрацоўку радовішча вугалю, Машыніст з хлопцамі прыгадалі пра мясцовы музей чыгункі. Знайшлі гэтае дзіва, сцягнулі з пастамента, прывялі кацёл у працоўны стан ды паставілі на рэйкі, — працягнуў Караваншчык. Я тым часам заўважыў згаданую чырвоную зорку, прывараную да носа паравоза. Яна выглядала цалкам натуральна, як быццам была тут заўсёды.

Кацёл хроп ды адсопваўся, паводзячыся хутчэй як жывая істота, чым нейкі механізм. З кабінкі пабачылі нас, там загарэўся слабы жоўты ліхтар. Праз секунду з прыступкі саскочыў чорны, як быццам вылеплены з вугальнага пылу ды мазуту, чалавечак.

— А вось вам і Машыніст, хуткі, як Абрам на рыбным прывозе! — нервова прадставіў вугальнага чалавечка Караваншчык. — Дык мы ўжо нарэшце паедзем, ці будзем стаяць тут, як Сарачка, што так доўга чакала жаніха на рагу, што да яе пачалі падыходзіць прагныя да прадажнай любові поцы?

Машыніст быў апрануты вельмі лёгка: шорты, саколка ды в’етнамкі. Аголеныя часткі ягонага цела, што мусілі б выглядаць бялявымі, былі змазаныя помессю вугалю, алею ды поту да стану абсалютнай неадрознасці ад бруднай вопраткі. Гэты чалавек выглядаў адлітым з чыгуну. Ці не таму чыгуначнікаў назвалі менавіта так?

— З вамі па стандартнай таксе, — каротка сказаў ён Караваншчыку, і, калі ён гаварыў, у дадатак да белых вачэй на чыгуне абазначыліся бялявыя зубы. — А гэта хто? — Гэта мой вельмі прыстойны знаёмец, я вам скажу. Разумны, як рэбе Эліяху бен Шлома Залман, вядомы таксама, як Віленскі гаон. Вы ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман? Не, я бачу, што вы не ведаеце, хто такі рэбе Эліяху бен Шлома Залман! — З вельмі прыстойнага знаёмца сем цынкаў і дзесяць, калі едзе ў два бакі, — распарадзіўся Машыніст.

Назіраючы за ягонымі рухамі і рэплікамі, я ўпэўніўся, што гэты чалавек быў выхаваны пры ўдзеле прозы Андрэя Платонава. У юнацтве захапляўся Хлебнікавым і Маякоўскім. Незласлівы, але і слова “літасць” ён аднясе да тэрміналогіі паводзін металу пры падагрэве.

— Прабачце, калі ласка, — пакланіўся я. — Але гэтым разам я не маю з сабой грошай. Увесь цынк скончыўся па дарозе пры пасярэдніцтве прыгод, якімі я быў пакараны. — Хто без цынку — ідзе нагамі, — рэзюмаваў Машыніст. — Вы не ўяўляеце сабе, які гэта таленавіты чалавек! — пляснуў у далоні Караваншчык. — Фрачныя пары ў чарзе па квіткі! Паненкі крычаць “брава” і губляюць прытомнасць! Мы хутка паедзем? Стаяць тут небяспечна! — Калі гэта такі таленавіты пасажыр, заплаціце за яго самі, — прапанаваў Машыніст. Сем цынкаў у адзін бок, дзесяць — у два.

Рэпліка чыгуначніка не знайшла водгуку ў сэрцы канцэсіянера. Чалавек, які запраўляў трыма фургонамі цынку, зрабіў выгляд, што не пачуў.

— Давайце ўжо ехаць, — паўтарыў ён без асаблівага напору. — Паслухайце, — звярнуўся я да перапэцканага вугалем чорта. — Я вельмі захапляюся Андрэем Платонавым. Цягнікі. Энергія руху. Кацёл, які падобны “да жывата ўсяго працоўнага чалавецтва”. Топка, да якой можна падысці толькі “спачатку жонку кінуўшы, усе клопаты з галавы прыняўшы, свой хлеб у алеанафт мачаючы — і то, толькі праз дзесяць год цярпення”. Я ўсё жыццё хацеў праехаць на паравозе. Але, праўда, зараз — ну зусім грошай няма.

Ён задумаўся. Нешта варухнулася ў ягоным сэрцы. Літаратура — вялікая сіла.

— Каторыя без грошай — могуць ехаць на тэндары, — ён кіўнуў на прычэп за кабінкай мастадонта.

З клубоў пары па-імпрэсіяністку вымаляваўся Камандантэ. Ён зноўку ўдаваў болей на бацюшку, чым на кіраўніка хунты, з чаго я зрабіў выснову, што казлакапытыя ў чарговы раз праігнаравалі кампанію зацікаўленага ў сустрэчы з імі пастаўшчыка энерганосьбітаў.

— Пагрузка скончаная, — зрабіў ён справаздачу. Гатовыя чапляць вагон ды рушыць. — Можа быць, я магу далучыцца да вас? — спытаўся я асцярожна, бо не ведаў, што гэта значыць – “ехаць на тэндары”. Нічога асабліва камфортнага тое не абяцала.

Камандантэ скасіў на мяне вочы і цэлую хвіліну вагаўся, ці варты я таго, каб ён сам мне хаця б нешта адказваў. Нарэшце, скрывіў рот ды выціснуў:

— У вагон з цынкам дапушчана толькі асабістая ахова Караваншчыка. Едзем без артылерыі, то мушу адмовіць.

Я паспрабаваў зазірнуць у вочы лысаму, але яны ўвесь час скіроўваліся некуды ўбок — мабыць, калі размова заходзіла пра бяспеку грашовага прадпрыемства, ён рабіўся празмерна абярэжлівым і не зважаў на сантыменты ды асабістыя прыхільнасці.

— Можа, вы хаця б вернеце мне маю дубальтоўку і нож, якія забраў з сабой ваш баец? — Я наважыўся запытацца, бо не быў упэўнены ў тым, што, па прыбыцці пра мяне зноў не забудуцца, ды мае сродкі абароны не знікнуць па законах ваеннага часу. — Таксама немагчыма, — нахабна ўсміхнуўся барадаты. Помсціў ён мне за Мантэйру Лабату? Ці шкодзіў проста для ўзняцця настрою? — Нагадайце нам пра канфіскаванае ў Горадзе Святла, — мне падалося, што ён зараз жа зробіць інструкцыі, каб маю стрэльбу ды нож выкінулі праз акно ў полі, каб раптам мне іх сапраўды не вярнулі. — Гэта адзіныя сродкі бяспекі, якія ў мяне ёсць! — сказаў я, звяртаючыся да Караваншчыка. Але ён, здаецца, нешта падлічваў у галаве.

Алігарх з Камандантэ схаваліся ў чарговым паравым выдыху цмока. Калі бялявыя кудлы развеяліся, абодвух ужо не было на платформе. Машыніст дзівіўся на мяне з акенца. Унутры монстра нешта ляснула, ягонае нутро разам з белым клубам выдала моташны віск, папярэджваючы, што неўзабаве сланапатам прыйдзе ў рух. Разумеючы, што лакаматыў рыхтуецца стартануць без мяне, я схапіўся за слізкія ад пакінутых чыгуначнікам масляністых адбіткаў поручні ды паспяшаўся наверх. Платонаўскі тыпаж сустрэў мяне ў прагале з тварам, які меў не самую ветлівую грымасу з бачаных мной у жыцці. Калі паспрабаваць укласці ў два словы ўсю гаму эмоцыяў, што вымаляваныя былі на абліччы пагоншчыка сталёвых сланоў, дык атрымалася б наступнае: “Куды прэш?”

— Прабачце калі ласка! — забляяў я, разумеючы, што мая расхваляваная куртуазнасць моцна канфліктуе з алеанафтным стылем жыцця гэтага чалавека. — Мушу перапрасіць! Бо я проста не сцяміў, як гэта: “ехаць на тэндары”? Дзе ён знаходзіцца, “тэндар”?

Для большай красамоўнасці я паўтарыў ягоны рух, паказаўшы на заднік паравоза. Вагон, які ішоў пасля ўваходу ў кабіну, уяўляў сабой прастрочаны клёпкамі суцэльны паралелепіпед з чорнага металу. У ім не было ні дзвярэй, ні акенцаў.

— Па рэйцы да задніка вадзянога танка, там лесвіца наверх, — ён прасвяціў мяне позіркам, у якім шмат было сумневу, ці можа чалавек, які не ведае, як “ехаць на тэндары”, сапраўды захапляцца Андрэем Платонавым. Ён дадаў, як разумова адсталаму прыхільніку паравозаў: — Тэндар — сховішча вугалю ды вады. Ззаду — уздым на платформу. За вугальным корабам выгін, можна сесці. Там будзеш ехаць.

Па суровым твары я зразумеў, што сам Машыніст шмат разоў ездзіў на тэндары, як ездзілі і нешматлікія людзі, якіх ён паважае. Каб трапіць на паказаную ім “рэйку”, давялося запаліць налобнік. Па сутнасці, праходка была шырынёй з вузкую алешыну — добра што па “тэндары” на ўзроўні рук быў металічны прут, за які можна зачапіцца. Калі я зрабіў дастаткова крокаў, каб ужо не мець магчымасці заскочыць назад на прыступку кабінкі, масіўны кіт, да якога я быў прылеплены, уздрыгнуў усім сваім шматтонным целам. Цягі на колах варухнуліся. Паўзуны, залатнікі, кулісы і тузін іншых дэталяў, што месціліся цяпер проста пад маімі ступакамі, са скрыгатам прыйшлі ў рух.

Я ледзь не зляцеў на рэйкі ды ўскрыкнуў крыху гучней, чым мог сабе дазволіць адданы паслядоўнік Платонава і аматар паравых машын. Магчыма, з боку Машыніста гэта было праверкай: выжыве — паедзе, не выжыве — будзе змазка для колаў. Перабіраючы змоклымі рукамі па чорным слізкім пруце, я даціснуўся да кармы агрэгата — толькі каб пераканацца, што і тут стаяць не было дзе: адразу пад нагамі быў зачэп з тармазной магістраллю, за ім павольна паўзлі рухомыя рэйкі.

Паравоз рухаўся рыўкамі — я адчуваў кожны рух калёснай цягі. Пры ваганні кулісы колы лакаматыва выдавалі характэрнае “чуханне”. “Чух, чух, чух” — як у дзіцячым мультфільме. Гэта было падобна да паездкі ў машыне, якая робіць падскок кожны раз, калі поршні праслізгваюць па цыліндры ўверх. Але я не хацеў завісаць над безданню і стаў караскацца па хісткай лесвіцы, што вяла на гарбіну кіта. “Язда на тэндары” гартавала характар. Наверсе, аточаная з двух бакоў вадазаборнікамі, была пляцоўка, прыкрытая чорным брызентам. Сцягнуўшы тканіну, я зразумеў, што брызент спачатку быў цёмна-зялёным, ды проста прысыпаўся, як і ўсё навокал, чорным пылам, які шчодра выкідвала паравозная труба. Пад накрыўкай хаваўся турыстычны кілім, які нехта клапатліва ўплавіў у жалеза тэндара. Калі схапіцца за ўспенены пластык, не так страшна навісаць над сопкай грамадзінай паравоза.

Праехаўшы тры сотні метраў, монстр выдаў яшчэ адзін паравы выдых і спыніўся. Ззаду з віскатам насунуўся драўляны антыкварны вагон. Ягоныя вокны давалі на чыгуначны адхон утульнае жоўтае святло, і чамусьці падумалася пра Буніна і Агату Крысці. Але не паспеў я замілавацца, як буфер вагона ляснуў у паравозны заднік. У паветры разнеслася донканне ад звону, яго мусілі пачуць нават у Элеватарах. Мяне кінула наперад — я ледзь не высадзіў зубы аб метал вугальнага кораба.

Знізу замітусіліся людзі, замацоўваючы пальцы зачэпаў, прагучаў тужлівы свісток. І вось, адкаціўшыся на паўметра назад, паравоз з натугай пачаў няспешны рух да Горада Святла. Спачатку монстр болей скрыгатаў і рыпеў, чым уласна рухаўся. Мяне падкідвала і матляла з боку ў бок, быццам я сядзеў на раз’юшаным дыназаўры. У рот набілася недаспаленага вугалю, а вопратка і кілім унізе хутка зрабіліся шурпатымі ад чорнага пяску. Але я хутка прыдумаў расцягнуцца і накрыцца тканінай, каб не так засыпала попелам.

Монстр ішоў са спрытнасцю сарамліўца, які апынуўся ў цэнтры незнаёмага горада з пільнай патрэбай адшукаць прыбіральню. Але прамежкі паміж “чуханнямі” пачалі скарачацца, і ў маю галаву ўдарыў ветрык, які наганяла хуткасць. Па разгоне, сутаргавая работа поршняў ды цягаў зрабіліся меней заўважнай, лакаматыў пайшоў амаль роўна, хай сабе і жаданне выпусціць з-пад пазногцяў кілім ды застацца без страхоўкі пакуль не ўзнікала.

Вецер свістаў увушшу, і хутка я змёрз да стадыі, пасля якой перспектыва спікіраваць галавой на рэйкі больш не падавалася дужа трагічнай. Сядзець на адкрытым паветры было нясцерпна, стылую сцюжу было няможна трываць, з носу лілося, галаву абдымаў абруч холаду. Не ўстаючы, я скінуў заплечнік, запіхнуў яго глыбей пад брызент, ды, рухаючыся па-пластунску, далез да лесвіцы. Рухацца ўніз зрабілася яшчэ цяжэй, бо, па-першае, вымерзлі пальцы, па-другое, цягнік набраў хуткасць і, хай сабе яго ўжо не калаціла па вертыкальнай восі, як напачатку, але тэндар кідала з боку ў бок.

Я хацеў паскрэбціся ў бунінскі вагон ці хаця б папрасіцца праехаць у будцы машыніста: халаднеча — самы эфектыўны натхняльнік — запэўніла мяне, што зараз я здолею пераканаць каго трэба ў чым трэба. Я гатовы быў чытаць лекцыю пра карысць спажывання прозы Мантэйру Лабату дарослымі галаварэзамі, я гатовы быў кідаць вугаль, кіпяціць ваду, пець песні і танцаваць стрыптыз.

Але, як толькі я апынуўся ля ўзножжа тэндара, я ўбачыў, што пасажырскі вагон адасоблены ад лакаматыва капітальнымі дзверцамі без ручкі. Усё, што я мог, — заглядаць у хатні камфорт цёплага вагона праз акенца з тоўстага чыгуначнага шкла ды спрабаваць прыцягнуць увагу вартавога. Але ён быў добра габляваным камлём і адразу развярнуўся да мяне спінай. З якой гуляць у глядзелкі было бясплённа.

Ужо замірыўшыся з думкай, што мой лёс за грахі перад чалавецтвам — прамерзнуць на леташні яблык у тэндары антыкварнага паравоза, я праціснуўся па жэрдцы да ўвахода ў будку Машыніста. І трэба сказаць, пасля гэтага шляху, праробленага ледзь не ўсляпую праз вецер, што біў у твар і выціскаў з вачэй слёзы, дык вось, пасля гэтай праходкі над чорным прадоннем, на свеце засталося не так шмат рэчаў, якія маглі б мяне палохаць.

Машыніст прыняў амаль ветліва. Ён сустрэў так, нібы ў ягоную будку мяне прывёў не сабачы холад, а прага пабачыць працоўныя дэталі катла.

— Дайшоў? — спытаў ён каротка. — Ну, малайца!

У ягоным кабінеціку было спякотна. Як у топцы Апальшчыка. З розніцай, што месца тут было, нібы ў мангале, з дапамогай якога сквапны рэстаратар спрабуе засмажыць нагу дарослага лася. На пляцоўцы ў два квадратныя метры, падпёртай распаленымі да ста градусаў металічнымі дэталямі топкі, туліліся тры чалавекі. Адзін, памочнік машыніста, спаў зняможаным сном, стойма ля сценкі. Проста за ягонай спінай быў не прычынены прагал, за якім несліся падсвечаныя Месяцам палеткі. Яго матляла па сценцы, але, выглядала, ён прызвычаіўся спаць па-салдацку і кантраляваў становішча цела, нават праваліўшыся ў сненне. Магчыма, стокер у гэтым антыкварным паравозе не працаваў, і небараку давялося закідваць патрэбны для закіпання катла вугаль уручную, шуфлем. Ля манометраў, рукаяцяў, круцёлак ды подціскаў мітусіўся качагар. Ён быў знешне падобны да Машыніста, толькі выглядаў куды больш няшчасным. Сам Машыніст стаяў у самым казырным месцы — за два крокі ад топкі, на роўнай адлегласці ад бакавых прагалаў. Ён з бачнай асалодай прыкрыкваў на Качагара, робячы выгляд, што кіруе працэсам.

— Моцна замерз там, — растлумачыў я сваё з’яўленне. Маё вока хутка ацаніла расклад: месца, дзе мог бы змясціцца чацвёрты член брыгады, тут не было канструктыўна прадугледжанае. Ля ўваходу я замінаў Качагару даставаць некаторыя рычажкі, да якіх кароткім гаўканнем дасылаў яго Машыніст. — Можа, я магу вам нечым дапамагчы? — прапанаваў я безнадзейна. — Прыбрацца там. Ці, не ведаю, вентыль які падкруціць.

Ілюструючы прапанову, я зрабіў колькі рухаў вентылем, што падаўся навейшым за астатнія прылады дзівоснага агрэгата. Я зразумеў, што прашу пра немагчымае яшчэ да таго, як дагаварыў: напаўцёмная кабінка была пазастаўленая прыстасаваннямі, колбамі, жалязякамі ды шарнірамі з экзатычнымі назвамі, выбітымі паверх польскіх тэрмінаў. Прычым, яшчэ невядома, якая з версіяў найменняў была найменш зразумелая: арыгінальная, выведзеная лацінкай, альбо пераклад, напрыклад, — “Водазаспакаяльная калонка”. Дапамагчы я быў не здольны, бо ні халеры не разумеў. Болей за тое, мая наяўнасць ля топкі азначала, што нехта з адмыслоўцаў мусіць лезці на тэндар.

Тым часам зрушаны вентыль выклікаў няяснае сіпенне, Машыніст адкруціў яго ў папярэдні стан і зароў — прычым, не на мяне, а на Качагара:

— Страўліванне вады — у крайніх выпадках! Сіні вентыль — не кранаць! Ён — на выпадак пазакрытычных пераліваў! Назіраць за ўзроўнем! У цябе манометр на чырвоным, тваю медзь! Трымай тэмпературу! — А што будзе, калі сіні вентыль крутануць? — улез я, проста каб падтрымаць размову. Чым даўжэй я быў тут, тым больш цяпла выкрадаў скурай. — Пры недахопе ўзроўню вады агаляецца столь агнявой каробкі. Над паднябеннем топкі мусіць увесь час быць сто міліметраў вады. Калі менш, спачатку адбываецца перагрэў. Выплаўляюцца кантрольныя пробкі, — усё гэта Машыніст крычаў у спіну Качагару. Я падумаў, што Качагары пры такой працы мусяць змяняцца кожныя два-тры рэйсы, бо абслугоўванне металічнага іхтыязаўра выглядала працэсам больш напружным ды нервовым, чым колішні біржавы гандаль. І кожнага навічка трэба муштраваць нанова, тлумачачы, як варажыць рэактарам на колах. Машыніст працягваў застрашаць: — Праз шэсць хвілін дахавы ліст набярэ 550 градусаў і пачне дэфармавацца. Калі адразу ж не вымкнуць цяпло, перагрэты метал дае разрыў. У катле тэмпература дзвесце, у атмасферы вада кіпіць на ста. Імгненнае закіпанне спараджае дадатковы ціск — і машыне звязда! Кацёл раскрыецца, як банан. У Горадзе Турмаў хлопцы закіпяцілі музейны паравоз, недаглядзелі ваду — рвануў так, што знесла два паверхі вакзала. Шаснаццаць чалавек зварыла. Брыгаду нават і не знайшлі. — Зразумела! — для мяне гэта было апокрыфам з падручніка па фізіцы. Каб меней матляла, я схапіўся за жалязяку ля галавы. Тая паддалася, і наверсе рэзка зашыпела, таму я вярнуў яе ў папярэдні стан. — А колькі ехаць наогул?

Пачуўшы пытанне, што не адносілася да сусвету катлоў, Машыніст зыркнуў на мяне са злосцю.

— Табе што, у хвілінах адказаць? — ён скінуў маю руку з рычага і працягнуў інструктаваць беднага Качагара. Ён кідаўся ад прыбора да прыбора, бы аператар атамнай станцыі, у рэактары якой пачалася некантраляваная ланцужковая рэакцыя. — Водны інжэктар, —Машыніст пастукаў па поручні, на які я спрабаваў абаперціся, — адмыкаць асцярожна, з вачыма на манометры! Пры ўпушчэнні вады запаўненне рабіць паступова! Пільнуючы ціск! Бо выбухне! — Тут ёсць хоць нешта, дотык да чаго не выклікае выбуху? — крыкнуў я, звяртаючыся да абодвух. Але Машыніст не палічыў пытанне вартым адказу. Бо было то пытанне ад чалавека, які не еў праснак, вымачаны ў алеанафце. — Можа, гэтага лепей наверсе пакласці? — я кіўнуў на памочніка Машыніста, які спаў стойма. О, з якой бы асалодай я заняў яго месца! Папярэдне прывязаўшыся да чаго-небудзь. — Ён лежачы ў рэйсе не спіць! — бліснуў вачыма камандзір агнявой брыгады. Прычым, незразумела, ці было тое самастойным рашэннем паснулага, ці распараджэннем прыхільніка Платонава, — Час табе ісці, — завяршыў ён экскурсію. Я, хапаючыся за патрубкі і манометры, скіраваўся да выхаду, але Машыніст перахапіў за плячо: — Можаш лезці па капітанскай лесвіцы, — прапанаваў ён велікадушна.

Адступіўшы, ён паказаў на металічыя драбіны за спінай. Яны дазвалялі падняцца на тэндар проста з кабінкі, абмінаючы віхлястую рэйку, прыстасаваную да боку вугальнага вагона. Я толькі што дасягнуў новага ўзроўню ў адносінах з цеплавозам. Гэтая лесвіца была шырэйшай, караскацца па ёй было не так страшна, бо спіна ўпіралася ў метал кабіны. Адно што наверсе ногі праслізгвалі па накрыўцы вугальнага корабу, а вецер наравіў здзьмуць на рэйкі. Я апусціўся на кукішкі і так дабраўся да ратавальнай ляжанкі. Забраўшыся пад брызент, я выцягнуў з заплечніка арктычны спальнік і два тоўстыя швэдры. Залезшы ў спальнік, я завязаў швэдры паверх шапкі. Так я мог не столькі сагрэцца, але і зберагчы цяпло, скрадзенае каля топкі. Я высунуў нос і назіраў, як плывуць чорныя палі, рассечаныя там-сям шыхтамі таполяў і падціснутыя невялічкімі ляснымі дзялянкамі. Некалькі разоў мы праносіліся ўздоўж знятых з рэек электрычак: перакуленыя, яны нагадвалі паламаны дзіцячы канструктар.

Паравоз соп і адфыркваўся — у ягоным руху было штосьці і не зусім механічнае. Як быццам сама паравая тэхналогія балансавала паміж аўтаматызмам машынаў і сусветам, пабудаваным на сядланні жывёлаў. Кожная з якіх мела ўласны тэмперамент і характар. І рабілася зразумела, адкуль чэрпалі апантанасць рухам італьянскія футурысты, чым сілкаваў сваё захапленне цягнікамі Платонаў: з гэтым зверам трэба было з’яднацца, прыслухацца да рытму ягонага сэрца і ўжыцца ў такт. Тады на пляцоўцы танкера з вадой, што рыўкамі рассякаў ноч, было зусім і не страшна. А яшчэ наведвалі думкі пра тое, што чакае ў Горадзе Святла. Сама назва яго абяцала нешта азоранае, значнае. Нягледзячы на тое, што пад покрыва праціскаўся вецер, спальнік сагрэў мяне. Правальваючыся ў дрымоту, я адчуў гэтае цяпло так, быццам да маіх лытак прыхінулася цёплая спіна разамлелай праз сон Герды.

Загрузка...