У лістападзе 1812-га


Пабачыўшы спалучэньне словаў “напалеонаўскі скарб”, усялякі прыстойны абываталь гіранічна пасьміхаецца і дакорліва трасе галавой. “Пішуць розную лухту”, — мармыча абываталь, адарваўшы вочы ад газэты, але нататку пра пошукі скарбу абавязкова дачытвае да канца.

185 гадоў мінула ад часу напалеонаўскай кампаніі, а нашаму брату-журналісту й дагэтуль не даюць спакою прыхаваныя куфры з чырвонцамі, і на газэтных палосах раз-пораз зьяўляюцца скарбашукальніцкія матэрыялы. Памятаю, недзе пры канцы сямідзясятых асьвятляць гэтую няўдзячную тэму ўзяўся адзін надзвычай папулярны футбольны аглядальнік. У адной з сталічных газэт ён зьмясьціў сэрыю рэпартажаў пра пошукі напалеонаўскага скарбу на дне нейкага возера. І хаця вадалазы, што чабохталіся на дне, залатую карэту на бераг ня выкацілі, рэпартажы тыя нарабілі шмат шуму, і цяпер іх аўтар Павал Якубовіч ачольвае “Советскую Белоруссию».

Я прапаную свой аповед, запісаны са словаў Міхайла Васілевіча Коваля, украінца па нацыянальнасьці, вэтэрана вайны, які цяпер жыве ў Наваполацку.

“Нарадзіўся я ў 1921 годзе на Чарнігаўшчыне, ля мястэчка Панорніца. Да 1930 году бацька мой працаваў на зямлі, а потым падаўся на Данбас – ратавацца ад калектывізацыі. Яшчэ падлеткам давялося паспытаць цяжкай шахтарскай працы, а напярэдадні вайны лёс закінуў мяне на Дняпро: колькі месяцаў завіхаўся качагарам на рачным параплаве “Кляра Цэткін”. А наконадні вайны, у красавіку 41-га, мяне забралі ў Чырвоную Армію.

Служыў у Кіеве, у артпалку, што месьціўся непадалёку ад 56-га аптычнага заводу. Дзень пачатку вайны адбіўся ў памяці: ад ранку даглядаў коні на палкавой стайні, і нечакана зямля пад нагамі здрыганулася й паветра напоўнілася гудам. Выбег на падворак і ўбачыў самалёты. Навокал мітусіліся, мацюкаліся, гукаючы: “манэўры” – а калі бомба грымнула на тэрыторыі заводу, усе разам выдыхнулі: “вайна”.

На фронт выбраліся праз чатыры дні – да таго часу шмат людзей з так званага прыпіснога складу разьбегліся па хатах. Ехалі таксама чатыры дні, прычым, у дарозе сена коням кідалі, а чырвонаармейцы сілкаваліся толькі тым, што перахоплівалі на станцыях. Перахапілі, у прыватнасьці, саган з пракіслым гарохам і потым да самага фронту мучыліся жыватамі. Зрэшты, ніякага фронту на той час не было. Гэта мы зразумелі, прыехаўшы на станцыю Валачыск.

Ну, а потым было адступленьне. Прабіваліся на ўсход удзевяцярох – восем чырвонаармейцаў і адзін лейтэнанцік.

Прайшлі Стараканстанцінаў, Віньніцу, Умань, нарэшце, датупалі да мястэчка Новаархангельск Кіраваградзкай вобласьці, леглі ў кустох, заснулі, а раніцай нас абудзіла гучнае гергеканьне: “Эльба!”, “Эльба!”… іхь "Рэйн”… Немцы стаялі на дарозе і перамаўляліся па рацыі.

Да ночы адседзелі ў кустох, пасьля разьбіліся на пары і пайшлі на ўсход. Я пайшоў на пару са Сьцяпанам Шчарбінам – ён быў родам з Днепрапятроўскай вобласьці, і пнуўся патрапіць на радзіму. Наступнага дня ўбачылі гурт вясковых цётак, якія кідалі снапы на лабагрэйку. Падышлі мы са Сьцяпанам, цёткі на нас зірнулі й кажуць: “Скідайце свае мэтлахі, бо немцы ў вёсцы”…

У Днепрапятроўск прыйшлі 25 жніўня. Сьцяпан пераправіўся на другі бераг Дняпра, а я пайшоў адведаць родную цётку, якая жыла на вуліцы Фабрычнай. Адшукаў патрэбную вуліцу, гляджу – хата спаленая, а дзе цётка – ніхто ня ведае. А тут аблава: мадзярскія патрулі спраўджваюць дакумэнты. Так я апынуўся ў гарадзкой вязьніцы. Народу сьвет: камандзіры, палітрукі, савецкія службоўцы. Былі й простыя людзі. Аднаго такога на маіх вачох адпусьцілі: паведаміў, што пацярпеў ад бальшавікоў, паказаў нейкую паперку, і — бывай, вязьніца! Вырашыў і я пусьціцца на хітрыкі. Прабіўся да перакладніка, кажу: за камуністаў сядзеў, цяпер ізноў ні за што ўзялі. Перакладнік кіўнуў ахоўніку, той завёў у камэндатуру. Тлусты немец-камэндант запытаўся – за што сядзеў? За антысавецкія прыпеўкі – адказваю. А ну, прасьпявай… Я і выдаў:

Сидит Сталин на плоту,

Кормит х… бедноту.

— А яшчэ?

Сидит Сталин на лугу –

Грызёт конскую ногу.

Вот какая гадина

Советская говядина.

З маёй дапамогай – я трохі ведаў нямецкую мову – перакладнік, як мог, пераклаў, немцы зарагаталі і выкінулі мяне за браму.

Празь месяц, у кастрычніку, прышкандыбаў на родны Данбас. Шмат чаго пабачыў у дарозе. Непадалёку ад станцыі Ясінаватая дапамог уратавацца двум нашым. Цягнуся па дарозе, бачу, двухколка, запрэжаная мулам, уехала ў калдобіну, два хлопцы яе пхаюць, а побач стаяць два італьянцы з карабінамі і лаюцца па-свойму. Адзін з «макароньнікаў» гукнуў мяне. Я таксама налёг плечуком на двухколку, і хлопец, што стаяў поруч, шапятнуў на вуха: «Завалі з разьбегу аднаго, а мы другога скруцім». Крэкнулі, наляглі, я й рынуў на італьянца. Зьбіў з ног, аглушыў прыкладам. Хлопцы тым часам з другім справіліся. Падзячылі мне, пытаюцца: куды ідзеш? У Дзябальцава, кажу, да бацькоў. Суразмоўнікі ўздыхнулі: у Дзябальцава не патрапіш, там лінія фронту. Ідзі чыгункаю, праваруч будзе вёска Жалезная, знойдзеш там цётку Матруну – яна цябе на пастой возьме.

Так я ўладкаваўся на жытло, а праз пару дзён тыя ж людзі зрабілі мне ксіву зь пячаткай. Тут я і зразумеў, што маю справу з вайсковай выведкай.

Савецкія самалёты часьцяком бамбілі чыгунку і аднойчы бомба гакнула непадалёку ад нашага дому, раструшчыўшы нямецкі легкавік і тых, хто ў ёй сядзеў. Я пайшоў паглядзець і выпадкова знайшоў афіцэрскі пляншэт, у якім ляжалі неадпраўлены ліст з надпісанай капэртай, тры франтавыя фотаздымкі ды розная драбяза.

У лісьце маёр Ганс Грунэвальд пісаў свайму брату Аўгусту пра тое, што кампанія на Ўсходзе наступнага году будзе завершаная, і была прыпіска: «Дарагі Аўгусьце, захавай мапу, якую я табе даў. Адразу ж па вайне паедзем у Беларусь і купім тую дзялянку зямлі…» Прачытаўшы ліста, я адразу зразумеў, што гаворка ідзе пра нейкі закапаны на тэрыторыі Беларусі скарб.

Прызнаюся: на хвіліну мяне апанаваў скарбашукальніцкі сьверб. Наўкол вайна, кроў, галадуха, а я адно і думаю – як патрапіць у Майнц і пабачыцца з Аўгустам. І, уявіце, мае мары неўзабаве спраўдзіліся.

У сакавіку 42-га прыйшлі да мяне мае знаёмцы і кажуць: «Фашысты набіраюць людзей на працу ў Нямеччыне, у Горлаўцы фармуецца эшалён. Партыя прыбывае ў Кёльн, туды трэба перадаць адну рэч». Праз тыдзень я ўжо ехаў у Нямеччыну.

Да Кёльну дабіраліся амаль месяц. На кёльнскай станцыі нас выгрузілі і завезьлі ў перасыльны лягер. Тут я і сустрэўся з патрэбным чалавекам. Перадаў яму «адну рэч» — сьпісаны дробным почыркам кавалак цыраты, і «брат» прамармытаў: «Будуць набіраць у Бад-Кройнцах, на хімічны завод, паспрабуй убіцца ў тую групу». І назваў армянскае прозьвішча – з армянінам я мусіў зьвязацца ў Бад-Кройнцаху.

Хімічны завод уяўляў сабой праўдзівае пекла. Праца была шкодная, немцы ставіліся да нас як да быдла. Цягаючы жалезны чоп з растопленай серай, я кляў свой лёс і тую хвілю, калі пагадзіўся ехаць у Нямеччыну. Калі ж даведаўся, што Майнц знаходзіцца непадалёку ад Бад-Кройнцаху, вырашыў паспытаць шчасьця і напісаць ліста Аўгусту.

Праз колькі часу мы зь ім сустрэліся. Аўгуст аказаўся нізенькім худабзеям, і ў яго, да таго ж, нэрвова тузалася галава. Я адразу выдаў: “Вам прывітаньне ад Ганса!” Немец зьніякавеў, пачаў бубнець па-нямецку, што ад брата чатыры месяца няма вестак, а я, фальшыва ўздыхнуўшы, патлумачыў: “Брат ваш у расейскім палоне, і ўратаваць яго можа толькі мапа, якую ён вам даў на захаваньне”. Пачуўшы пра мапу, Аўгуст адразу ж наструніўся. Я выцягнуў свае апошнія козыры: тры франтавыя фотаздымкі. “Ганс пры разьвітаньні прасіў перадаць”. Пабачыўшы фотаздымкі, немец шморгнуў носам, змахнуў сьлязіну і пайшоў у другі пакой шукаць мапу.

Мапа была надта старая, яшчэ напалеонаўскіх часінаў. На ёй была намаляваная віхлястая рачулка, нейкае паселішча, могілкі і два крыжыкі – на пэўнай адлегласьці адно ад другога. Ніжэй мапы было штосьці цьмяна напісана пяром па-француску. Сярод гэтай пісаніны я разабраў толькі лічбу “400” ды слова “імпэратарскі”. Разабраў і назву рэчкі: Дрыса. Заўважу, што Аўгуст пры разьвітаньні даў мне не арыгінал, а копію, выкананую на празрыстай паперы. Копія была дакладнай, адно ў тлумачальнай запісцы мелася некалькі пропускаў, бо ў арыгінале некаторыя словы сьцерліся.

На заводзе ў нас працаваў адзін француз, да яго я й зьвярнуўся. Напалеонаўскі зямеля доўга ўглядаўся ў тэкст, потым сваімі словамі растлумачыў, што тут апісваецца, як абоз з грашыма імпэрскай казны ішоў да Кёнігсбэргу і 22 лістапада 1812 году вайскоўцы, што суправаджалі абоз, мусілі яго часткова закапаць, а часткова затапіць у Дрысе. “Згадваюцца залатыя і срэбныя грошы, прычым срэбных было 400, а чаго – ня пішуць”. Француз стаў распытваць – адкуль я ўзяў паперу. “Ды так, — кажу, — перамаляваў з адной старой кніжкі”. А неўзабаве, падумаўшы, піхнуў паперу ў піўную бутэльку й закапаў у надзейным месцы: непадалёку ад гарадзкога стадыёну. Закапаў неглыбока, думаў, буду зьяжджаць дахаты – прыхаплю, але абставіны склаліся іначай. У ліпені 42-га выбраліся ўначы зь сябруком Іванам Самойленкам на чыгуначную станцыю – пашукаць якога едзіва, і былі затрыманыя патрулём. За такія прагулянкі можна было патрапіць у канцлягер, а то й атрымаць кулю. Кулю, дзякуй Богу, не атрымалі: адседзелі ноч у падвале, а раніцой былі кінутыя на разгрузку вагонаў. Увечары, хітаючыся ад стомы, вырашылі даць драла. Быў толькі адзін шанец уратавацца – убіцца ў цягнік, які ішоў на ўсход. І нам пашанцавала – на торах стаяў эшалён, вагоны якога ўпрыгожвалі шыльды з надпісам "Smolensk”. Залеглі мы з Іванам у кустох, а калі паравозьнікі далі гудок, Іван першым кінуўся да вагонаў. І ў той жа міг быў злапаны аховай. У мяне аж душа зайшлася – шкада было Йвана. Але сябрук мяне і ўратаваў. Павялі яго немцы ў вартоўню, а я тым часам сігануў у вагон, у якім нейкія драўляныя шчыты ляжалі. Тыдзень пакутваў безь пітва і ежы, ужо і трызьніць стаў з галадухі, і ачомаўся толькі тады, як пачуў расейскую мову. Глянуў праз шчыліну – станцыя Бігосава. Неўзававе і скочыў зь цягніку.

Потым была партызаншчына, і ваяваць давялося якраз у Дрысенскім краі, у складзе 1-й Дрысенскай партызанскай брыгады. Пасьля вайны на радзіму не паехаў – вырашыў асесьці “бліжэй да скарбу”, у вёсцы Дзёрнавічы навачаснага Верхнядзьвінскага раёну. Распытваў старых дзядоў – ці чуў хто зь іх пра напалеонаўскія скарбы – і адначасна вывучаў гісторыю вайны 1812 году. Прачытаўшы ўсё, што мог знайсьці, пабудаваў уласную вэрсію “блуканьня” абозу з грашыма імпэрскай казны. Везьлі французы, відавочна, жолд – жалаваньне наймітам. Дапаўзьлі да якіх Чашнікаў, дачуліся, што справы ў Банапарта дрэнь і атрымалі загад: рухацца пятамі назад у кірунку Кёнігсбэргу. Балазе, дарога была адкрытая: у Полацку, Друі і Дынабургу стаялі французы. На дварэ быў кастрычнік – пачатак лістападу, дарогі разьвезла, і пакуль ішлі да Полацку, Удыно з Сэн-Сірам былі выбітыя зь места, корпус Штэйнгеля заняў пераправы празь Дзьвіну – ад Полацку да Дынабургу, і абозьнікам нічога не заставалася, як прыхаваць каштоўны груз на беразе Дрысы. Тут можа ўзьнікнуць пытаньне: як мог той жа Ўдыно кінуць на волю лёсу такі каштоўны груз? На гэта ёсьць лягічны адказ: груз быў сакрэтны і, магчыма, нават тыя, хто яго суправаджаў, наўрад ці ведалі, чым наладаваныя калёсы.

Асабіста ў мяне няма сумневу, што мапа, пра якую гаворка, аўтэнтычная і не зьяўляецца гістарычнай фальсыфікацыяй. Маючы яе на руках, можна б было распачаць пошукі скарбу. Яе ўладальнік, Аўгуст Грунэвальд, даўно памёр, але, відавочна, засталіся ягоныя сыны ды ўнукі. За добрыя грошы яны б маглі разьвітацца з радзіннай рэліквіяй.

У чытачоў можа ўзьнікнуць яшчэ адно пытаньне: ці магу я, згадаўшы мапу, хаця б прыкладна акрэсьліць межы магчымых пошукаў? Заўважу, што ў 42-м годзе я і ўяўленьня ня меў, дзе знаходзіцца рэчка Дрыса і куды яна цячэ. І ўсё ж магу сказаць дакладна: шукаць трэба на абсягу ад Дзёрнавічаў да Валынцаў. Колькі гадоў таму, калі мне на вочы патрапіла больш-менш дакладная мапа, я доўга глядзеў на сінюю палоску, і ў адным месцы выгін ракі Дрысы падаўся мне рыхтык такім, як на старой францускай мапе. Рука міжволі намалявала крыжыкі, і я таго ж дня напісаў ліста нашаму знакамітаму археолягу Георгію Штыхаву. Паведаміў пра верагоднае месца схову, але спадара Штыхава маё паведамленьне не зацікавіла. Дый ня дзіва. Тут і завалодаўшы мапай “з крыжыкамі”, зморышся шукаць, бо мінула, лічы, два стагодзьдзі, і за гэты час нават рэчышча Дрысы зьмянілася. Не зьмяніліся толькі людзі. Яны па-ранейшаму шукаюць скарбы. І адзін з тых скарбаў – я ўпэўнены – ляжыць у беларускім суглінку на беразе віхлястай ракі і, як тая бомба зь вядомай быкаўскай аповесьці, чакае свайго часу”.

1997 г.


Загрузка...