Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”.
З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці.
Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.
Творы падобнага жанру вымагаюць прэамбулы. Вымагаюць нейкай замяшанай на лірыцы мудрагелі, хаця ў наш цэйтнотны час падобныя ўступы глядзяцца як анахранізм (слова вытворнае ад народнага выразу “А на храна?”). Зрэшты, анахранізм пануе сёньня ня толькі ў мэмуарыстыцы: ім працятае ўсё наша жыцьцё («А на храна нам гэтая мова?» — кажуць простыя беларусы; апошняе слова можна замяніць дэмакратыяй, рынкам альбо незалежнай дзяржаваю). Анахранізм стаўся ідэалягічным падмуркам краіны, і незьлічоныя адэпты анахрэні ў розныя часіны сьвідравалі непадатную аўтараву сьвядомасьць.
“Якога хрэна ты, смаркач, лезеш у палітыку? Хутка табою зоймуцца кампэтэнтныя органы”, — казаў аўтару, тады яшчэ вучню дзясятае клясы, родны бацька.
“Навошта табе, маладому чалавеку, расейцу, беларуская мова?” — пытаўся афіцэр КГБ, ушчыльную заняўшыся аўтарам увосень 1974 году.
“На якую халеру табе гэтая беларушчына? Займіся ты лепш сям’ёй”, — казала аўтару ягоная жонка адразу пасьля вясельля.
“Віця, не чапляйся да камуністаў — прыдушаць”, — казала аўтару ягоная цешча.
“Вінцэсю, на якую халеру ты марнуеш час? Беларускія тэксты нечытабельныя. Напішы што-небудзь па-расейску”, — заахвочваў аўтара ягоны падсябрыч — расейскамоўны пісьменьнік.
“Ну на што ты паклаў сваё жыцьцё? Пра які народ ты дбаеш? Народу даўно няма. Ёсьць п’яныя трактарысты, якія скруцяць цябе, плюнуць у твар і здадуць лукашыстам... Твае сябрукі хоць штосьці, ды паймелі, а што займеў ты? Кучу хваробаў? Сапсутыя нэрвы? Ну што ты маўчыш?”
Маўчу, бо ня ведаю — што сказаць у сваё апраўданьне.
У прадоньні маёй расейскай душы часьцяком варочаліся падступныя думкі і сьпела перакананьне, што беларушчына — гэта бясконцая дарога да небасхілу, да таго месца, дзе зьліваюцца ў адно чорная зямля рэальнага і нябесны блакіт прыдуманага сьвету. Да небасхілу нельга дапяць, аднак, угледзеўшы, колькі замардаваных беларусаў ляжыць на ўзьмежку той дарогі, і пабачыўшы, ува што ператвораны рэальны сьвет, я кожнага разу ўглядаюся ў небасхіл, і маю другую, пакрыўджаную беларускую душу, поўніць нязгода.
“Гэта ў цябе ад дзеда. Той таксама не любіў камуністаў”, — паведаміла мне родная цётка, калі я ўпершыню загаварыў зь ёю па-беларуску і падзяліўся — а гэта было ўлетку 1971 году — сваімі жыцьцёвымі плянамі. Цётка Вольга жыла ў Піцеры, была вядомай на ўсю акругу пушкіністкай, а таму ўспрыняла мае пошукі Радзімы як небясьпечную дурноту, выказаўшы меркаваньне, што мяне зьбілі з тропу гэбраі альбо палякі.
Адсутнасьць гістарычнай памяці — адметная рыса беларускага соцыюму. Тая ж вайна ды пакуты бацькоў мала цікавілі маё пакаленьне. Я ў маладосьці наагул не любіў слухаць рэтраспэктыўных аповедаў і з усяго сказанага маці запомніў толькі, што “немец доўга стаяў пад Віцебскам”, і што па вайне таўклі на мязгу ды елі бярозавую кару. І толькі захапіўшыся беларушчынай, стаў цікавіцца сваімі продкамі і тым — чым займаліся мае крэўныя за даўнім часам.
Продкі па матчынай лініі паходзілі з Гарадоцкага павету, жылі ў мястэчку Бычыха і займаліся ганчарствам. Прадзед, нібыта, трымаў цэлую сябрыну і вазіў прадаваць глякі, збаны ды макітры ў сталіцу імпэрыі. Ганчарныя кругі шпарка круціліся, справе, здавалася, ня будзе зводу, але напярэдадні японскай вайны прадзед захварэў на сухоты — гэта была прафэсійная хвароба ганчароў, — сябрына пазбылася спраўнага кіраўніка і неўзабаве разьбеглася. Прадзеду пасьля таго давялося заняцца земляробствам. Ён набыў кавалак зямлі ў вёсцы Шакурова, паставіў крытую гонтам хату-пяцісьценку, у якой і зьявілася на сьвет мая маці.
... Тым летам у Шакурове, як і ў іншых беларускіх вёсках, гарлалі пеўні, рыкалі дагледжаныя каровы, вяскоўцы касілі на загуменьні канюшыну, і ўражаны вясковай ідыліяй камуна-кадук напісаў на скрыжалях жыцьця крывавае слова “калектывізацыя”.
Падчас калектывізацыі палова шакуроўцаў паехала ў Сыбір, на раку Зею, а другую палову камуноіды аблупілі да жывога і сагналі ў калгасы.
“Гаспадарка ў нас была ладная, аднак парабкаў ня бралі, таму і ўратаваліся”, — паведаміла падчас задушэўнай размовы цётка Вольга, і калі я, малады ды гарачы, запытаўся — чаму ж не было супраціву, чаму мужыкі ня ўкінулі якога басяка ў калодзеж, цётка адно ўздыхнула і на твары ейным адбілася ўсё тая ж вінаватая ўсьмешка.
Менавіта тады мяне ўпершыню наведала думка аб калектыўным мазахізьме беларусаў. Калі ж крыху пазьней я прачытаў творы нашых пісьменьнікаў, у якіх з хваравітай асалодаю апісваліся пасьляваенная нястача і пакутніцкі лёс вясковых бабуль, дык канчаткова пераканаўся ў мазахісцкім пачатку беларускай душы.
“Божухна... як жа мы, Віця, страшна жылі... Колькі мы з тваёй мамай зьведалі пакутаў... Бацька наш, твой дзед, памёр ад тыфусу, хату немцы спалілі. Прыехалі ўзімку, акурат перад Новым годам, сагналі баб ды дзяцей у кучу, і шуганулі агню пад стрэхі... А ўсё праз партызан...”
Я слухаў цётку, ноздры мае кранаў пах зьляжалага сьнегу, уваччу мітусіліся вахлачыя постаці партызанаў, з ласкі якіх немцы спалілі матчыну хату, а разам зь ёю і палову краіны, і, за прыкладам У. І. Леніна, думаў пра Беларусь і пра свой народ. Пра народ, які стагодзьдзямі гібеў, патанаў у п’янстве, у брудзе, у вялікай і дробнай хлусьні; голасна пяяў хваласьпевы розным хамулам і выблядкам, што сядзелі на ягоным карку; калі надта прыпякала, стагнаў, расьціраў па твары крывавыя смаркачы, і ані разу не падняўся грамадой на абарону сваёй годнасьці, не засьведчыў свайго памкненьня да людзкага жыцьця. І ёсьць усе падставы меркаваць, што ў ХХІ стагодзьдзі Беларусь напаткае лёс Прусіі, дзе спачатку зьвяліся прусы, а потым і сама назва краю была сьцертая з мапы.
Кажуць, што немаўляты ў першыя дні па нараджэньні бачаць сьвет дагары нагамі. Відаць, такім, дарэшты перакуленым, і ўбачыў я свой Полацак з вокнаў тамтэйшай Краснай больніцы. Надарылася гэта ў верасьні 1953-га.
Пабачыць сьвет у падобным ракурсе было ня толькі цікава, але й павучальна. Немаўля яшчэ не ўсьведамляла сябе жывой істотай, а ўжо мусіла зразумець: у гэтай краіне ўсё дагары нагамі. І сапраўды, калі ў іншых краінах на гары, пры ўладзе, былі самыя разумныя, сумленныя і адукаваныя, дык у Краіне Саветаў да таго часу ўсё разумнае, сумленнае і адукаванае ляжала ў магіле, а наверсе завіхалася ўсё тупое, подлае і неадукаванае. Дарэчы сказаць, акурат у верасьні 53-га ўсе гэтыя хрушчовы, молатавы ды іншыя сталінскія кілеры ладзілі свой пленум і дзялілі ўладу.
Нарадзіцца ў Полацку, можна сказаць, на цьвінтары Сьвятой Сафіі, пабачыць з акна радзільні перакуленую апсыду старажытнага храму і ня стаць, кажучы словамі пісьменьніка Л. Прокшы, бебурнацам, я проста ня мог. Энэргетыка сьвятога места працяла маю недалужную істоту, у мазгох індукаваліся токі, і, паблукаўшы па зьвілінах, заклалі ў іх жыцьцёвую праграму: аднаўленьне Вялікай Крывіі. Спробы рэалізацыі такой праграмы былі небясьпечныя для здароўя, а між тым у справе гадаваньня здаровага цела ўзьніклі складанасьці — у маці пасьля галадоўлі грудзі былі пустыя, і давялося смактаць праз соску разбаўленае казінае малако.
Па маіх народзінах бацька, малодшы лейтэнант Савецкай Арміі, прыйшоў на службу з дзьвюма пляшкамі гарэлкі, афіцэры павіншавалі яго з нараджэньнем першынца, узялі па чарцы і па старой армейскай завядзёнцы сталі падбіраць імя. Дзеля гэтага напісалі на паперках уласныя імёны, кінулі паперкі ў фуражку, і бацька з наструненай усьмешкай на твары выцягнуў Віктара. Пасьля таго майму «хроснаму», пад ухвальныя воклічы прысутных, давялося шыбаваць у краму за «дабаўкай».
Такім чынам, мяне назвалі Віктарам, але імя гэтае мне зь дзяцінства не падабалася. Ужо ў сталым веку, разглядаючы, так бы мовіць, ягоную сэмантыку, яго адпаведнасьць сваёй натуры, я кожнага разу адчуваў, што гэтае імя не маё, бо выпала мне недарэчным чынам. Зрэшты, так яно і было: імя нарадзілася не ў бацькоўскіх галовах, а ў зашмальцаванай вайсковай фуражцы, таму й было адрынута душою.
І вось, працяўшыся ў няпоўныя 18 гадоў беларускім духам, я мусіў паглыбіцца ў нетры анамастыкі, шукаючы яму крыўскі адпаведнік. Калі б на той час пад рукой быў слоўнік Ластоўскага, я б, відаць, ахрысьціў сябе Віктусём, але пра той слоўнік у 1971 годзе не было й почуту, таму давялося перабраць шмат варыянтаў, аж пакуль на вочы не патрапіла назва аповесьці Барыса Мікуліча «Жыцьцяпіс Вінцэся Шастака». Імя Вінцэсь лагодзіла слых сваім мяккім канчаткам, які этнічныя расейцы ня ў стане прамовіць (жонка аднаго майго сябра, кубанская казачка, і дагэтуль кажа: Вінцэс; уральцы, зь якімі працаваў на Поўначы, называлі мяне Вінцэстам; а татарын у цывільным, што прыехаў у наш таёжны пасёлак з двума міліцыянтамі, ад парога пагрозьліва запытаў: «Гражданин Пинцет?»), да таго ж яно захоўвала пачатак першароднага імя і, гэткім чынам, улетку AD MCMLXXI на Беларусі на аднаго Вінцэся стала болей.
Беларусізацыя імёнаў наагул справа ня зь лёгкіх. Памятаю, свойчас шмат пакутаў на гэтай ніве зьведаў Сяржук Сокалаў-Воюш – тады яшчэ проста Сяргей Сокалаў. Сябруку таксама муляла ягонае імя, і ён спрабаваў надаць яму крыўскае гучаньне. «Серы, Сергусь, Сяржант...» – дзень да ночы мармытаў малады паэта, нарэшце, паехаў у Менск, па кансультацыю да Вінцука Вячоркі, але й той ня даў рады зьбеларусіць Сяргея.
Аднойчы пад Новы год ахвяра самабеларусізацыі ўвалілася да мяне ў кампаніі яшчэ аднаго Сяргея — Дубаўца, каб адведаць Анатоля Сідарэвіча, які прыехаў зь Менску ды захварэў і ляжаў на маёй канапе. Мы ўчатырох сталі абмяркоўваць сокалаўскую праблему, нечакана за левым вухам у мяне штосьці шчоўкнула, мазгі прасьвятлелі, і я гучна прамовіў: «Сяржук!» Запанавала няёмкая цішыня, якую парушыў спадар Сідарэвіч: «Ды што вы, бляха… сяр ды яшчэ і жук...» Пасьля такіх словаў дзядзька Анатоль хваравіта кашлянуў і павярнуўся тварам да сьценкі.
Праз пару тыдняў паэта, уздыхнуўшы, перапытаў: «Дык, кажаш, Сяржук?»
«Сяржук», — пераканаўча прагугнеў я ў адказ.
«Прозьвішча вось толькі расейскае, — працягваў сябрук, — трэба нейкі прыдомак... Як на твой слых – Сокалаў-Воюш – гучыць?»
«Гучыць, — кажу, — а Воюш, гэта адкуль?»
«Матчына прозьвішча, — суцішна прамовіў Сяржук і патлумачыў: продкі мае, няйначай, былі воямі».
А неўзабаве мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам паехалі ў Менск, на сэмінар маладых пісьменьнікаў. У першы ж сэмінарны дзень, пабачыўшы ў Сержуковых руках сшытак, у які сябрук запісваў розныя бзікі і хохмы, я вялікімі літарамі на пісаў на вокладцы «Сшытак Сержука Сокалава-Воюша». Удзельнікі сэмінару раз за разам перачытвалі надпіс і ўрэшце рэшт прызналі такое імя арыгінальным. На трэці дзень у Каралішчавічы, дзе адбывалася імпрэза, завітаў спадар Сідарэвіч. Пачуўшы, што ягонага наваполацкага знаёмца ўсе скрозь называюць «Сяр ды яшчэ й жуком», ён скрушна пахітаў галавою. А дзесьці пры канцы васьмідзясятых Сержукі пайшлі плоймамі і ймя гэтае сталася адным з самых папулярных у асяродку беларускай моладзі.
Вернемся, аднак, у Полацак — у пракаветнае і разам з тым глухое і правінцыйнае места; места, дзе нарадзілася шмат славутых асобаў, і адкуль усе яны, увабраўшыся ў сілу, зьяжджалі — ці то ў Палестыну (Эўфрасіньня), ці то ў Вечны Горад (Параскева), ці то ў Прагу (Францішак), ці то ў Масковію, куды свойчас падаўся Сымон. Традыцыя такая захавалася, і ўсе мае сябры цягам апошняга дзесяцігодзьдзя падаліся ў шырокі сьвет. Уладзімер, Лявон ды Навум зьехалі ў Менск, Сяржук — у Амэрыку, Якуб — у Фіншчыну. Полацкае нацыянальнае котлішча расьцярусілася па сьвеце, і вецер часу — надта пераменлівы на нашых шыротах — раскідаў за адным махам і саламяны будан, які мы сьпехам зьляпілі і неразважліва назвалі Беларускім домам.
Мне і самому даводзілася шмат разоў зьяжджаць з родных мясьцінаў. Ну а першым разам я паехаў “у віры на юры” ў матчыных абдоймах, надзейна спавіты дзьвюма пуховымі хусткамі. Вайсковую частку перакідвалі ў Ідрыцу (былая Вялікалуцкая вобласьць, на паўночнай мяжы Вялікай Крывіі), і афіцэрскія сем’і мусілі ехаць у таварным вагоне разам з фікусамі, патэфонамі, камодамі, катамі (іх пры пярэбарах запіхвалі ў мяхі) ды іншым хломаздам. Мазгі тады яшчэ ня мелі блёку памяці, і ўсё ж у іх адбілася туманная рака і размытая белая пляма на даляглядзе. Я часьцяком бачыў іх у сьне, доўга ня мог даўмецца, адкуль яны ўсплываюць, і толькі нядаўна — гадоў, можа, пяць таму — выйшаў, блукаючы па Задзьвіньні, на дзьвінскі бераг і ўгледзеў тое, што сотні разоў бачыў у сьне: туманную раку і размыты, крануты лёгкай ружавізною, відарыс Сафійскага сабору на даляглядзе.
У Ідрыцы мы пражылі пару гадоў — блёк памяці ўжо працаваў, і мне яскрава запомнілася, ізноў-такі, тамтэйшая рака. Дакладней, не сама рака, а вышка, зь якой жаўнеры сігалі ў ваду. Мы з маці гадзінамі сядзелі на беразе і я пішчэў ад захапленьня, калі чарговы жаўнер, узьбіўшыся на вышку, выстаўляў наперад рукі і з галавакружнай — так мне тады здавалася — вышыні ляцеў у ваду. Ну і, вядома, у гарэзнай галаве высьпеў амбіцыйны плян: залезьці на скочню і таксама, па загаду даўгалыгага старшыны, даць нырца наперад галавою. Аднойчы я высьлізнуў са двара, пабег да ракі і — дзеля пачатку — бухнуўся ў ваду з драўлянай кладкі. На шчасьце, поруч пралі бялізну афіцэрскія жанкі. Яны й выцягнулі мяне, ужо непрытомнага, на бераг. А яшчэ праз пару хвілінаў, пачуўшы жаночы лямант, да ракі прыбегла зьбялелая маці. З таго часу я стаў пабойвацца вялікай вады і назаўсёды пазбыўся амбіцыяў.
Узімку 1956 году вайсковай частцы ізноў давялося мяняць месца дыслякацыі, і сям’я наша апынулася ў Люцыне (па-латыску — Лудзе). Тут таксама было мора вады: два вялізных возеры, рака, якая іх лучыла і на якой стаяла невялічкая, пабудаваная за часамі Ульманіса, гідраэлектроўня. На запрудзе дзень да ночы шумела вада, і шум гэты не даваў спакою маёй маці. Яна нават упрошвала бацьку пераехаць на новую кватэру — хай горшую, але далей ад ракі, а, калі ўладкавалася на працу, знайшла мне няньку — сямідзесяцігадовую немку Зэльму Адольфаўну.
Зэльма Адольфаўна была адметнай асобай. У маладосьці скончыла Інстытут шляхетных дзяўчатаў, ведала некалькі моваў, бачыла імпэратара Мікалая ІІ і нават размаўляла зь ім на выпускным вечары. Яна называла Мікалая “самым прыстойным чалавекам у Расеі”, і — пра гэта я даведаўся з пазьнейшых матчыных аповедаў — ненавідзела камуністаў. Падставы для нянавісьці былі важкія: муж гадаванкі Смольнага інстытуту да вайны працаваў у Латыскім банку, меў два дамы ў цэнтры Рыгі, і калі ў 1940 годзе Прыбалтыку апанавала Чырвоная Армія (остзэйка называла яе па-казаску: Кзыл-Арда), яго вывезьлі ў казахстанскую невараць.
Няньцы, паўтаруся, было семдзесят гадоў, але яна прыгожа апраналася (перашывала старыя строі), фарбавала вусны, купляла на апошнія капейкі букеты канвалій і фіялак, цярпець не магла слова “баба” і прымушала мяне, а таксама навакольную дзятву называць яе поўным імем. Прамовіць у чатыры гады такое імя было цяжка, таму я яго дарэшты сымпліфікаваў, называючы няньку Зэльмадофанай.
Марознымі ранкамі мы зь нянькай блукалі па месьце і абавязкова заходзілі на старыя могілкі. Прымружыўшыся і паправіўшы капялюшык, Зэльмадофана кожны раз перачытвала эпітафіі на магілах остзэйцаў — кзыл-арда яшчэ не пасьпела іх зьнішчыць — і цяжка ўздыхала. Гэтыя ўздыхі я добра запомніў. А яшчэ запомніў як мы, заружавелыя ад марозу, ішлі зь нянькаю па вуліцы, і Зэльмадофана, у адказ на пытаньні стрэчных: ці гэта ваш унук? — задаволена ківала галавой.
І вось мінула зіма, потым вясна і мая magistria, атрымаўшы дазвол уладаў, зьехала ў Капэнгаген, да сваёй роднай сястры. Перад ад’ездам упрошвала бацьку адпусьціць мяне з маці ў Данію: “Мы там уладкуемся, а потым, Леанідзе Васілевічу, і вы пад’едзеце...” Няньчына сястра мела ў Капэнгагене мылаварню — вось Зэльмадофана і надумала вывезьці “ўнучка” на Захад ды зрабіць “каралём мыльных бурбалак” (нашчадкаў у сясьцёр не засталося — усіх пазабівала ў вайну). Прапановы такія тхнулі здрадаю Савецкай Радзіме, таму ў бацькі падымалася фуражка на галаве і зь лёгкім поканьнем адклейваліся пагоны. Потым, ужо з Капэнгагену, нянька надаслала пасылку, затым пару лістоў, але адказу не дачакалася: радзіне савецкага афіцэра ліставацца з уладальнікамі капэнгагенскіх мылаварняў аніяк не выпадала.
Шмат што забылася ў жыцьці, згінула ў мроіве часу, а сівагаловая немка ў чорным капелюшы і дасёньня зьяўляецца мне ў снох. Дый дзіва што: дзіцячыя ўражаньні — самыя трывалыя. Яны, выбачайце за труізм, фармуюць характар. І я дзячу выхаванцы Смольнага інстытуту за тое, што з маладых гадоў узьненавідзеў хамаў і камуністаў.
Прыхаваныя недзе ў мазгох, дзіцячыя ўражаньні часьцяком урываюцца ў нашую сьвядомасьць. Менавіта гэтыя «інвазіі» і спарадзілі папулярную ўва ўсе часы тэорыю перасяленьня душаў: людзі, адчуўшы зьнянацку «паўтор сытуацыі», паланёныя дзіўным пачуцьцём, што «так ужо некалі было», схільныя лічыць такую зьяву ня рэхам далёкага маленства, а праявай папярэдняга жыцьця. Ну а бывае і так: пачутае ў маленстве слова можа, праз шмат гадоў, дарэшты апанаваць сьвядомасьць і учыніць сапраўдныя зрухі ў душы.
5 лістапада 1967 году – тым часам, калі ўсё прагрэсіўнае чалавецтва рыхтавалася сустрэць 50-я ўгодкі савецкай улады, я ляжаў у больніцы (хварэў на жаўтуху) і, змагаючыся з хваравітай млосьцю, ад ранку да ночы круціў ручку настройкі маленькага двухдыяпазонавага радыёпрыймача. На сярэдніх хвалях гучалі рэвалюцыйныя маршы, грымелі працоўныя рапарты на казаскай мове, сьпяваў хор матросаў з опэры Вано Мурадэлі «Кастрычнік», а на самым краі сярэдніх хваляў надрыўна гула глушылка, пакрываючы нечыя варожыя галасы. Колькі разоў я настройваўся на «варожую» хвалю, спрабуючы высьветліць – каго глушаць, і пасьля таго, як радыёцыркулярка на хвілю перапыніла пілаваньне, да вушэй маіх даляцелі наступныя словы: «Альбанцы з кітайцамі тройчы, па-братэрску, абняліся і скіравалі позіркі на партрэт вялікага стырнавога...»
Жанчына-дыктарка пачала апавядаць пра вялікага стырнавога Мао Цзэдуна, а сэрца маё парывіста грукнула і, не раўнуючы, як у булгакаўскага Берліёза, некуды правалілася. Я пачуў голас Альбаніі – далёкай, дагэтуль нязнанай краіны, і душу маю працяла нейкае чарадзейнае сьвятло. Я заплюшчыў вочы і ўбачыў галавакружнай вышыні перавалы, убачыў горныя ланцугі, што, як бурлівае мора, перакочваліся, насоўваліся адно на другое, і адчуў водар восеньскіх ружаў, які, аднак, неўзабаве выпетрыўся, саступіўшы месца агіднаму паху хлёркі, што панаваў у нашай інфэкцыйнай палаце.
Праз шмат гадоў адзін мой знаёмы паэт, пачуўшы аповед пра Альбанію, пачухаў удумлівы лоб і патлумачыў маё захапленьне з дапамогаю ўсё той жа тэорыі перасяленьня душаў. Маўляў, мой далёкі продак жыў на Балканах, бачыў высозныя горы, дыхаў водарам ружаў і магнолій, а потым усё гэта, праз генэтычную памяць, перадалося мне, Вінцэсю Мудрову. Я, прызнацца, такім тлумачэньнем застаўся задаволены, і мы з паэтам кульнулі чарку, памянуўшы майго балканскага продка.
Генэза і сама прырода чалавечых захапленьняў – загадка прыроды. Але ў дадзеным выпадку ўсё тлумачыцца вельмі проста: у дзяцінстве я, відаць, штосьці чуў пра Альбанію, магчыма, тая ж Зэльма Адольфаўна чытала мне альбанскія казкі, і празь дзесяцігодзьдзе назва далёкай краіны загадкавай Атлянтыдай узьнялася зь цемрыва сьвядомасьці.
У працяг тэмы заўважу: выяўляць цікаўнасьць да чужых краёў наагул ня шкодна, а часам бывае нават карысна. Адзін мой знаёмы зацікавіўся Фіншчынай, пачаў вывучаць фінскую мову, а праз колькі гадоў перабраўся ў Гэльсынкі, дзе атрымаў пасаду ў мясцовым унівэрсытэце. Ну, зь Фіншчынай усё зразумела: эўрапейская краіна, адметная культура, высокі жыцьцёвы ўзровень насельніцтва. Іншая рэч – Альбанія: краіна глухая, малавядомая, кіраўніцтва якой, да таго ж, варагавала з Масквой і сябравала з Пэкінам. Ці трэба казаць, што ў 1967 годзе, калі я ёю захапіўся, захапленьне такое выглядала як палітычна небясьпечнае дзівацтва.
Ачуняўшы ад жаўтухі, я адразу ж выправіўся ў бібліятэку, зашыўся ў кут і стаў перапісваць у агульны сшытак артыкулы з энцыкляпэдыяў і даведнікаў, якія тычыліся Краіны горных арлоў. Карціна вымалёўвалася амаль сюррэалістычная: на дварэ 1967 год, народ шчыльна згуртаваны вакол роднай Камуністычнай партыі, а ў наваполацкай гарадзкой бібліятэцы сядзіць піянэр Віця і перапісвае з энцыкляпэдыяў сталінскай пары жыцьцяпіс Энвэра Ходжы – раскольніка камуністычнага руху, які разам з кітайскімі лідэрамі плявузгаў на партыю Леніна, яе ЦК і асабіста на таварыша Брэжнева, Ну і, вядома, на язык міжволі просіцца калямбур: піянэрскае захапленьне Віці Мудрова не магло не зацікавіць асабіста. Цяжка сказаць, калі я патрапіў у андропаўскія праскрыпцыі, але ўвосень 74-га, падчас чарговага выкліку ў славуты Камітэт, баец нябачнага фронту цікавіўся маім альбанафільствам. А яшчэ раней, у 1969-м, мною, на глебе пахвалёнай альбаншчыны, зацікавіўся яшчэ адзін чалавек – Уладзя Арлоў, сёньняшні знакаміты пісьменьнік, зь якім мы вучыліся ў адной школе. Аднойчы на школьным калідоры хтосьці з аднаклясьнікаў тыцнуў яму пад скабы і змоўніцкім голасам паведаміў: «Вунь той, валасаты, Альбаніяй цікавіцца», — і кіўнуў у мой бок. Неўзабаве мы з Арловым пазнаёміліся, потым пасябравалі, і сяброўства нашае доўжыцца да гэтай пары.
Хтосьці зь вялікіх – здаецца, Мантэнь, — выдаў дарэшты простую, і разам з тым геніяльную сэнтэнцыю пра тое, што ў маладосьці мы пазіраем наперад, у будучыню, а ў старасьці азіраемся назад, спрабуючы ўгледзець у мроіве пражытых гадоў штосьці дагэтуль неспазнанае. І хаця слова «старасьць» непрыемна казыча слых і выклікае нутраны пратэст нават у людзей што ні на ёсьць сталага веку, экстрапалюючы згаданую сэнтэнцыю на ўласную асобу, лішні раз пераконваешся ў яе слушнасьці.
Нешматлікія чытачы маіх аповедаў раз за разам упікаюць аўтара за несучаснасьць, часавую закамплексаванасьць і прасторавую абмежаванасьць. І сапраўды, Ёкнапатофа мая займае невялічкі лапік зямлі дзесьці на паўночным усходзе Беларусі, а яе насельнікі й дагэтуль жывуць (сапуць, керхаюць, рагочуць, плачуць, п’юць, ядуць, задавальняюць фізыялягічныя патрэбы) дзесьці прыканцы 60-х гадоў. Аўтар, шчыра кажучы, і сам захрас у тым рамантычным часе – часе, калі чаўны-спадарожнікі баразьнілі бязьмежныя прасторы космасу, калі ў літаратурных клясыках хадзіў Пятрусь Броўка, а ў школах ішло змаганьне з кароткімі спадніцамі ў дзяўчын і з даўгімі валасамі ў дзецюкоў, калі сьпявалі Вадзім Мулерман і Валеры Абадзінскі, а беларусы канчаткова здэградавалі як нацыя. Гэта былі крыху наіўныя, у меру п’яныя, крыху вусьцішныя, але дарэшты хуткаплынныя гады. І калі ў XVI – XVII стагодзьдзях, як сьведчыць гісторыя, надарыліся Вялікія геаграфічныя адкрыцьці, дык на канец 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя прыпалі адкрыцьці іншага кшталту. У прыватнасьці, аўтар гэтых нататак адкрыў для сябе такія фундамэнтальныя рэчы, як францускае кіно, ангельская rock-music і замежная літаратура, якую рэпрэзэнтаваў Эрнэст Гэмінгуэй.
Студзеньскім вечарам 1968-га я сядзеў у халоднай залі наваполацкага кінатэатру «Космас» і пачуваў сябе ніякавата. Народу на сэанс прыйшло зусім мала, хаця на аблепленай сьнегам афішы чырвонілася спакусьлівае слова «Францыя». Тою парою францускія фільмы круцілі зрэдку, народу на іх набівалася як завязаць, а на «Трох мушкетораў» нават прадавалі «стаячыя» білеты. Тут жа ў залі тырчэлі рэдкія галовы і ў мяне, смаркатага юнака, быў той настрой, які псыхолягі назвалі б высокім узроўнем трывогі. Але вось загучала музыка, на пакрэсьленым рухавымі пісягамі экране мільганулі цітры, і нешматлікія гледачы, зразумеўшы, што патрапілі «на опэру», пасунуліся да выхаду. Студзеньскім вечарам 1968-га ў «Космасе» круцілі «Шэрбурскія парасонікі».
Малады хлопец сустракаўся зь дзяўчынай, потым пайшоў у войска, патрапіў у Альжыр, дзе ішла вайна; дзяўчына тым часам нарадзіла дзіцёнка і пабралася з маладым прадпрымальнікам... Францускі варыянт бамбэйскіх кінасмаркачоў, які, па ідэі, мусіў выклікаць нэрвовы сьверб у пахвіне, спачатку захапіў, потым уразіў, а ў сваіх апошніх кадрах да таго ўзрушыў маладую душу, што і цяпер, праз трыццаць гадоў, ужо дарэшты зьнявераная і бяскрылая, душа кожнага разу замірае пры першых гуках легранаўскай мэлёдыі. Я й сёньня не магу ўцяміць – чым уразіў банальнасюжэтны м’юзыкал сяміклясьніка В. Мудрова, а разам зь ім і ўсю цывілізаваную Эўропу? Шыкоўнымі валасамі маладой К. Дэнёў? Ня менш шыкоўнай музыкай М. Леграна? Творчымі знаходкамі рэжысэра Ж. Дэмі? З дапамогаю чыстай лёгікі на гэтае пытаньне не адкажаш, а між тым «Шэрбурскія парасонікі» сталіся вяхой ня толькі ў развоі эўрапейскага мастацтва, але і ў жыцьці памянёнага сяміклясьніка. Жыцьцё напоўнілася новым зьместам і новай эстэтыкай. Сяміклясьнік перастаў усур’ёз успрымаць савецкую літаратурную клясыку, гідзіўся, пазіраючы на айчынных сьпевакоў, і ў кожнай дзяўчыны, зь якой знаёміўся, абавязкова пытаўся: ці бачыла яна «Шэрбурскія парасонікі»?
А яшчэ праз пару месяцаў душа зазнала чарговае ўзрушэньне. Сябрук, зь якім мы вучыліся ў паралельных клясах, прапанаваў завітаць да свайго стрыечнага брата: брат вучыўся ў Маскве і прывёз адтуль кружэлку з запісам ансамблю «Бітлз».
Прыйшлі да брата сярод белага дня, але той, адчыніўшы дзьверы, паўстаў перад гасьцямі дарэшты заспаным і незадаволеным. «Ізноў...» – прастагнаў студэнт і стогн гэты выдаваў на тое, што я быў далёка ня першы, хто прыцёгся паслухаць кружэлку. Сябрук матлянуў галавой, маўляў, не зьвяртай увагі, і мы на цырлах прайшліся ў пакой. На прайгравальніку аграмаднай радыёлы ўжо стаяла кружэлка- «саракапятка».
— Усе іх лаюць, а між іншым, прыемная музыка, — заўважыў сябрук, уключыўшы радыёлу.
Пра «Бітлз» на той момант я ўжо чуў шмат розных плётак, чытаў разгромны артыкул у «Камсамольскай праўдзе» і нават бачыў «бітлух» на экране. Летась на дваровай агітпляцоўцы круцілі кіначасопіс «У краінах капіталу» і тамака мільгануў сюжэт: нечыя голыя ногі калацілі па клявіятуры піяніна, гучаў забойны музон ( здаецца, гэта быў Rock’n Roll Music Чака Бэры), і суворы голас за кадрам тлумачыў: «А гэта – куміры заходняй эстрады, сумна вядомы «Бітлз». Паглядзеўшы кінаролік, я тады ўсур’ёз падумаў, што куміры заходняй эстрады злоўжываюць кока-колай, а ўпіўшыся да божае моцы, вычвараюцца на сцэне.
... Сябрук сьцярожка апусьціў гуказдымальнік, шапятнуў францускае імя Мішэл і ў нетрах радыёльных брынкнула гітарная струна. Я слухаў шчымлівую мэлёдыю з глыбокім перакананьнем, што сябар нешта пераблытаў, паставіў ня тую кружэлку. Зьверападобныя істоты, якіх паказвалі «ў кіне», папросту не маглі сьпяваць такія песьні. «Мі-і-шэл, ма бэл», — гучала з дынаміку, і нейкая цёплая хваля падымалася ў грудзёх, і мне карцела некуды бегчы, і здавалася, што песьня гэтая заўсёды жыла ўва мне ды толькі цяпер набыла голас.
Праз шмат гадоў давялося пабачыць адзін польскі фільм, героі якога, хлопцы 60-х, таксама слухалі Beatles. Слухалі ў поўным ачмурэньні, утаропіўшы вочы на пакарабачаную «самастрэльную» кружэлку. У тых паляках я пазнаў сябе, і цёплая хваля ізноў паднялася ў грудзёх, і я парадаваўся за сучасную моладзь, якой ніхто ня крапае на мазгі і якая, хаця і зрэдку, слухае «куміраў заходняй эстрады» і іх неўміручую Mishelle.
У траўні 1968-га прысьпеў студэнцкі бунт у Сарбоне. Я не прапускаў аніводнага выпуску тэлевізійных навінаў, кожны раз набываў у шапіку тузін газэтаў і, зразумела, сымпатыі мае былі на баку парыскіх студэнтаў. Пры гэтым душу кроіла шчымлівая крыўда. Француская моладзь дзень да ночы слухала Beatles, насіла даўгія валасы і джынсы, чытала немаведама што і ўсё адно бунтавала, а ў нашым Наваполацку дзень да ночы слухалі «Ладу» ў выкананьні Вадзіма Мулермана, у цырульнях замаўлялі «кароткую стрыжку з праборам», насілі клёшы з трыма гузікамі на поясе, чыталі кніжонкі сэрыі «Подзьвіг» (літаратурны дадатак да часопіса «Сельская молодёжь») і пры гэтым ніхто й ня думаў выбівацца да цывілізацыі.
У сёмай клясе ў мяне зьявіліся два надзейных сябры: Валер Шлыкаў ды Анатоль Рыбікаў. Вучыліся мы ў адной школе (з Валерам нават у адной клясе), разам рыхтавалі ўрокі, разам швэндаліся па горадзе і, урэшце, тройца нашая разгарнула ў сьценах роднай агульнаадукацыйнай СШ №2 змаганьне за высокія ідэалы біт-музыкі. Пачалося яно ўвосень 1969-га акцыямі, якія мы называлі «сядзячымі страйкамі». Пісалі крэйдай на седале разламанага крэсла лёзунг «Hand off from Beatles!», сядалі, пад час вялікай пярэрвы, на лесьвічным маршы і гучна білі ў ладкі. Ляпнем дзевяць разоў у пэўным рытме: /— ... ——/, а потым гарлаем: «Эгэй!» Спынялі акцыю ў трох выпадках: 1) калі на лесьвіцы зьяўляўся дырэктар школы Абрам Залманавіч Герцыковіч, 2) настаўнік фізыкі й астраноміі Яўген Міхайлавіч Крылоў, 3) настаўніца матэматыкі Марыя Трыфанаўна Любамудрава. Дырэктару мы падпарадкоўваліся па рангу, а згаданых настаўнікаў проста паважалі.
Пачыналі акцыю ўтрох, а неўзабаве на прыступкі гамузам прысаджваліся вучні малодшых клясаў. Адзін зь іх, па прозьвішчы Полазаў, наагул хадзіў за намі як на павадку і мы даручалі яму трымаць «лёзунг». На лесьвіцы кожнага разу ўтвараўся затор: дзяўчыны-дзесяціклясьніцы з пагардаю праз нас пераступалі, кранаючыся спадніцамі нашых вушэй, пераступалі й маладыя настаўніцы, а адна зь іх, «англічанка» па прозьвішчы Талкушкіна, пры гэтым узрушана мармытала: «Ужас, это просто ужас!» Невядома, колькі б доўжыліся «акцыі», але пэўнага дня мяне адклікала ўбок клясная кіраўнічка і паведаміла: «Вы сядзіце на прыступках дзеля таго, каб зазіраць дзяўчынкам пад спадніцы». Я, вядома ж, сумеўся, стаў апраўдвацца – маўляў, пад спадніцамі, апроч трусоў, няма нічога цікавага, аднак «сядзячыя страйкі» пад лёзунгам «Hand off from Beatles!» былі спыненыя і мы перайшлі да іншых формаў пратэсту.
Згадваючы нашыя выбрыкі, кожнага разу хітаю галавой і ў думках прамаўляю: «бедныя настаўнікі, колькі мы вам крыві папсавалі!» Аднак і мне, разам зь сябрамі, давялося паскакаць драздом па даху, прычым у літаральным сэнсе гэтых словаў. А ўсё з-за даўгіх валасоў. Прыйдзем з Валерам у школу, зачэшам патлы за вушы, канцы піхнем за каўнер; шыбуем па калідоры, увабраўшы галовы ў плечы, і раптам дырэктаравы голас: «Шлыкаў з Мудровым! Да заняткаў не дапускаю!» Скрывелімся, пасунем да выхаду, дэманструючы, што сабраліся у цырульню, — а як толькі дырэктар адвернецца, прасьлізгваем, за ягонай сьпінай, у клясу. Урэшце на ўваходзе сталі выстаўляць настаўніцкі пікет, каб не пускаць нас на заняткі. Але мы й тут знайшлі выйсьце: сталі залазіць у школу па супрацьпажарнай лесьвіцы. Узьлезем на дах, прабяжымся між антэнаў ды комінаў – і нырцуем у люк. Лазілі так цягам месяцу, а то й болей — аж пакуль у школу не прыехала нейкая праверка. Лесьвіца ішла акурат пад вокнамі настаўніцкай – правяральцы нас угледзелі і кінуліся пераймаць. Сталі ціхенька ля драбінаў, што вялі на паддашкавы люк, а Рыбікаў, які спускаўся першым, ня ўгледзеў – і скочыў некаму на галаву. На доле лямант, гармідар. Мы з Шлыкавым нічога не зразумелі, перапудзіліся: борзда спусьціліся на зямлю, злавілі нейкага малалетку і загадалі выведаць — што там надарылася, і наагул – якая апэратыўная абстаноўка ў школе. Апэратыўная абстаноўка была складанаю і мы, урэшце рэшт, вымушаныя былі разьвітацца з кудламі. Абкарналіся «пад нуль», і ня толькі наша тройца, але, на знак салідарнасьці, і яшчэ некалькі чалавек, а адзін хлопец з паралельнай клясы па прозьвішчы Вазерскі нават пагаліў галаву. Наступнага дня ў клясу завітаў дырэктар школы і, перш чым сказаць слова, цяжка ўздыхнуў. «Мне толькі што званілі з гарадзкога камітэту партыі... – у гэтым месцы дырэктар зрабіў паўзу, чакаючы, што твары нашыя прасякнуцца законнай трывогаю і, не дачакаўшыся, працягваў, – пыталіся, ці ня з нашай гэта школы выйшла шайка брытагаловых?» Запанавала ціша, якую парушыў Валера Шлыкаў: «Дык вам не дагадзіць... Даўгія валасы насілі – дрэнна, пастрыгліся на лысага – ізноў дрэнна...» Дырэктар пасьля таго пацёр лоб і моўчкі махнуў рукою.
Празь месяц у школу ізноў патэлефанавалі з гарадзкога камітэту партыі. Гэтым разам пытаньне было наступным: чаму вашыя вучні ходзяць ля гаркаму ў капелюшах? Мы й сапраўды хадзілі ў капелюшах, прычым узору 50-х гадоў – з высокім верхам і выдзернутым нутром. Замест школьных тэчак у нашай тройцы былі аднолькавыя гаспадарчыя сумкі з процьмаю адмыслова прарэзаных дзірак і надпісам чырвонаю фарбаю: BEAT (фарба, праўда, неўзабаве аблезла), а апраненыя мы былі ў вэльвэтавыя пінжакі ды індыйскія джынсы Miltons (сапраўдныя фірмовыя джынсы ў школе меў толькі Пецька Прахаронак – яму іх даслаў родны дзядзька зь Нью-Ёрку). Апроч джынсаў цягалі таксама вэльвэтавыя штаны. У мяне, памятаю, былі нагавіцы «кракадзілавай» расфарбоўкі – зялёныя, з чорным разводзьдзем. Рыбікаў, убачыўшы ў польскім часопісе здымак сьпевака ў чырвоных штанах, пашыў сабе такія ж, прыйшоў у іх на школьную вечарыну і быў літаральна выкінуты за дзьверы дзяжурнымі настаўнікамі. Кашулі таксама былі адмысловыя. Мы іх самі фарбавалі: зьвязвалі вузламі белыя сарочкі, укідвалі ў анілінавы фарбавальнік, пасьля разьвязвалі і атрымлівалася даволі арыгінальная расфарбоўка. Было сёе-тое і з дэмісэзону: Рыбікаў цягаў скураны (часінаў фінскае кампаніі) танкісцкі палітон, а я такі ж даўжэзны «малянкоўскі» пыльнік з патаемнымі гузікамі, які падпярэзваў пяньковай вяроўчынай. Блукаючы ў такіх строях па горадзе, часьцяком фатаграфаваліся на гаркамаўскіх прыступках (у Рыбікава быў фотаапарат «Зэніт») і партыйныя круцялі відавочна ўспрынялі гэта як непавагу да «сьвятога» места. А магчыма бачылі ў нашых асобах пародыю на саміх сябе, бо ж яны таксама хадзілі ў капелюшах ды шэрых пыльніках.
Ува ўсім гэтым, як атрамант скрозь бібулу, стала прабівацца палітычная падкладка і нашу тройцу папросту абавязаны былі паставіць на адмысловы ўлік. І відавочна паставілі, пасьля таго, як я вывесіў на дошцы школьных аб’яваў расклад трансьляцый канцэртаў папулярнай музыкі шэрагу заходніх радыёстанцыяў. Сярод іх былі Voice of America, Radio Sweden і румынская праграма Radio Free Europe. Усё гэта адбывалася, адцемім, у 1970 годзе.
Школа і ленінскі камсамол спрабавалі далучыць нас да нейкіх патрыятычных справаў, але марна. Аднаго разу, прыкладам, прывялі ў Музэй баявой славы, што месьціўся ў школе і апавядаў пра дзейнасьць партызанскай брыгады НКГБ СССР «Няўлоўныя». Мы з маім аднаклясьнікам Грышам Песіным селі на крэслы – сьпінкаю наперад, насунулі на галовы нямецкія каскі, якія там ляжалі ў якасьці экспанатаў, пасьля чаго з дырэктаркаю музэю траха ня здарылася гістэрыка.
Спрабавалі таксама далучыць нас да фізкультуры і спорту, загадаўшы аднойчы прыйсьці на школьны стадыён дзеля ўдзелу ў агульнарэспубліканскім моладзевым кросе, прысьвечаным Дню савецкай касманаўтыкі. Мы і прыйшлі: у капелюшах (усе трое), у ватоўцы (Шлыкаў), у танкісцкай скуранцы (Рыбікаў), у пыльніку (Мудроў), у гумовых ботах (усе трое) і з парасонамі ў руках. На старт нас ня выставілі, але мы ўсё адно прабеглі сваіх пяцьсот мэтраў, і пры гэтым, калі хтосьці вырываўся наперад, мусіў гамаваць хуткасьць з дапамогаю раскрытага парасону.
Любое мерапрыемства, што ладзілася з нашым удзелам, ператваралася ў фарс. Увосень 1970 году – я ўжо вучыўся ў дзясятай клясе – па ўсёй неабсяжнай Краіне Саветаў пракаціліся мітынгі пратэсту, на якіх рабочыя, калгасьнікі і прадстаўнікі працоўнай інтэлігенцыі патрабавалі неадкладнага вызваленьня палымянай камуністкі, актыўнай барацьбіткі за правы нэграў Анджэлы Дэвіс, якую амэрыканскія імпэрыялісты кінулі за краты. Мітынг той мы фактычна сарвалі, пасьля чаго дырэктар школы заявіў, што “такім, як Мудроў, няма месца ў камсамоле”.
Дырэктар школы Абрам Залманавіч Герцыковіч быў добрым, адкрытым і ня помсьлівым чалавекам. Дзесьці ў недасяжных глыбінях душы я яго паважаў і праз шмат гадоў прысьвяціў яму апавяданьне «Яша». І калі б сёньня ён быў жывы, дык відавочна б зразумеў, што змагаліся мы ў далёкім 1970-м ня зь ім асабіста і не з настаўнікамі, а з заідэалягізаванаю сыстэмаю адукацыі, якая душыла ў вучнях усё жывое. Зразумеў, што палымяная мурынка была ўсяго толькі каляровай бурбалкай агітпропу.
Зрэшты, не аднымі мітынгамі ды бязглуздымі «ленінскімі ўрокамі» запомніўся 1970-ы. У той год я ўпершыню наведаў горад сваіх летуценьняў – пракаветную Вільню. Цяпер ужо і не магу прыгадаць – чым мяне захапіў гэты горад і зь якой такой прычыны стаў маім духоўным Ерусалімам, але ў 70-м я прагнуў аднаго: прайсьціся па віленскім бруку, убачыць старыя бажніцы, напоўніць плюцы густым, настоеным на паху царкоўнага воску й прывялага язьміну паветрам (менавіта язьмінам і воскам павенна было, на маю думку, пахнуць віленскае паветра). І вось, на летнія вакацыі, аўтар гэтых нататак выправіўся ў пілігрымку да свайго Ерусаліму, і не адзін, а зь сябрамі, і не цягніком, а як і належыць сапраўдным пілігрымам, пехатою. Дакладней, да Нарачы мы ўсё ж такі даехалі, але астатнюю дарогу – болей за сто кілямэтраў – вырашылі прайсьці пешкі.
Нам было па сямнаццаць гадоў, мы сьпявалі пад гітару песьні Beatles i Rolling Stones, зь цікавасьцю паглядалі на дзяўчынаў, давалі нырца ў празрыстую Нарач і нам здавалася, што ўсё жыцьцё будзе такім жа сьветлым і бясхмарным, як неба тым блаславёным годам. А між тым над галовамі нашымі ўжо вісела калматая хмара: праз чатыры гады прыстаўлены да нас з Шлыкавым асьведамляльнік паведаміў, што «органы» цікавіліся ў свой час – на якую халеру мы цягаліся ў Вільню, і ці мелі там сустрэчы зь літоўскімі нацыяналістамі.
Цягаліся мы туды ўпяцёх, зь літоўскімі нацыяналістамі не сустракаліся – сустрэчы такія наагул не ўваходзілі ў нашыя пляны, — а вось з «братамі па розуму» сустрэцца давялося. Адзін з нас, Сашка Мікуліч, даволі спрытна брынкаў на гітары і вечарамі, седзячы на нарачанскім беразе — акурат на гэтым месцы цяпер збудавалі водныя атракцыёны, – мы хорам сьпявалі свой рэпэртуар. Была ў тым рэпэртуары і знакамітая Venus групы Shoking Blue. У першы ж вечар грымнулі тую Venus, да нас падбеглі тры хлопцы – іхны намёт стаяў непадалёку – і задыхана прамовілі: «Перапішыце словы!» Словаў, прызнацца, мы й самі добра ня ведалі, а таму, спаслаўшыся на адсутнасьць паперы і асадкі, прасьпявалі Yesterday й Paint It Black.
Нашыя новыя знаёмцы былі зь Вялейкі, таксама захапляліся бітам і крыху брынкалі на гітары. Праз колькі месяцаў, увосень, слухаючы чарговую музычную перадачу Radio Sweden, пачуў мэлядычны голас рэдактаркі музпраграмаў Тамары Юхансан: «А для вас, Саша зь беларускага гораду Вялейка, а таксама для нашай сталай слухачкі Лінды з эстонскага гораду Кохтла-Ярве перадаём песьню Venus», — і я адразу згадаў чарнявага хлопца, зь якім пазнаёміўся на Нарачы.
Дарэчы, гэты Саша «падбіў» мяне на эпісталярны подзьвіг. Я таксама паслаў некалькі лістоў на Radio Sweden, пры гэтым музычныя заяўкі выконваліся, але імя майго ні Тамара Юхансан, ні ейны калега Ульф Цэдэніюс не называлі. А дзесьці напярэдадні Новага году Віцька Бушуеў – ён вучыўся ў паралельнай клясе – па страшным сакрэце паведаміў, што двух ягоных сяброў «цягалі ў кантору» й дапытваліся: хто зь іх пісаў лісты на заходняе радыё? Мяне, праўда, гэтым разам нікуды не цягалі. Лісты я не падпісваў, укідваў, дзеля кансьпірацыі, у суседнім Полацку, і эпісталярны подзьвіг (ужываю такі эпітэт без гіроніі) пісягоў на сэрцы не пакінуў. Павезьлі мяне ў КГБ толькі праз чатыры гады. І ўжо не як зацятага бітніка, а як «нацыяналіста».
Ну а да Вільні мы ўсё ж такі датупалі – на сёмыя содні вандроўкі. І літоўская сталіца паўстала перад вачыма менавіта такой, якой мроілася, і паветра ля Вострай Брамы пахла растопленым воскам і язьмінам.
У дзясятай клясе канчаткова закінуў вучобу. Вучыцца было проста не цікава, да таго ж, з-за дрэннага зроку, нічога ня бачыў з дошкі. Дзень да дня бегаў па горадзе з магнітафонам, слухаў ВВС і расейскую «Свабоду», чытаў тыднёвік «За рубежом» і часопіс «Журналист», пісаў нататкі ў мясцовую газэту і захапляўся Гэмінгуэем.
Ужо й ня памятаю — хто мне даў тую кніжку. Танклявую дзетгізаўскую кніжку з пушком на вокладцы і шыхтом няроўных літараў: “Старик и море”... Чытаючы гісторыю аб кубінскім рыбаку, аб ягоным змаганьні зь вялізнай меч-рыбай, я, наваполацкі шкаляр, упершыню адчуў — які мізэрны чалавек у параўнаньні зь бяздоннай глыбінёй акіяну, і як самотна яму пад высокімі зоркамі.
Гэта потым я прачытаў “Сьмерць героя” Олдынгтана, “Трыюмфальную арку” Рэмарка, “Чужаніцу” Камю, “Майстра і Маргарыту” Булгакава, “За шклом” Мёрля і зразумеў, што Мэксыканская затока — не адзіная прыгожая мясьціна ў сьвеце, а Гэм — далёка не апошняя старонка сусьветнай літаратуры. Але тады, пры канцы шасьцідзясятых, маім кумірам быў Гэмінгуэй, і я ўрачыста ўмацаваў над пісьмовым сталом партрэт першага і, як здавалася, апошняга песьняра імклівага Гальфстрыму.
Узімку 71-га, падчас вакацыяў, я гасьцяваў у піцерскай цёткі і за пяць дзён, не выходзячы з кватэры, прачытаў тры тамы гэмінгуэеўскага чатырохтомніка (цётка працавала бухгальтаркай ў кнігарні і ў яе было шмат цікавых і рэдкіх на той час кніг). Адну таміну прачытаць не пасьпеў і ўзяў з сабой у дарогу. У цягніку, як толькі разьвіднела, панурыўся ў чытаньне. За вокнамі плылі зьнявечаныя зімовай адлігай краявіды, над галавой зацята хроп жаўнер тэрміновай службы, насупраць, ля ног свайго дзіцёнка, сядзела раскудлачаная цётка, якая ад самага ранку ела крутыя яйкі, поўнячы прастору невыносным яечным смуродам, два дзядзькі з суседняга купэ раз за разам прасілі ў цёткі конаўку, а тая не давала, прамаўляючы адну і тую ж фразу: “Эта для рыбёнка”, прыспаная правадніца грымела пустымі пляшкамі, незадаволена бубнела на дзядзькоў: “П’яніцы няшчасныя”, а я, водзячы носам па старонках, чытаў шчымлівы раман пра каханьне лейтэнанта Фрэдэрыка й мэдсястры Кетрын. Цягнік прамінуў станцыю Бычыха — мясьціну, дзе нарадзілася мая маці — і ў тую ж хвіліну, упершыню ў жыцьці, у душы нарадзілася пякучая крыўда за матчын край, у якім, як у вапнавай яме, дагаралі мова, вера і памяць, дзе сінім агнём згарэлі цэрквы і касьцёлы, магнацкія замкі і хаты-пяцісьценкі, сьвятыя абразы і старадрукі, дзедаўскія гаршчкі і бабчыны вышыванкі, пайшлі дымам гонар і сумленьне, сьмеласьць і мужнасьць, дзе згарэлі лепшыя людзі, а тыя, што засталіся, кешкаліся на дне ямы, пілі “Санцадар”, грымелі пустымі пляшкамі, хадзілі на дэманстрацыі, выракаліся ўсяго сьвятога, пісалі заявы аб прыёме ў КПСС, ставілі помнікі людажэрам, стаялі ў бясконцых чэргах, сьмярдзелі крутымі яйкамі і закарэлымі шкарпэткамі, сцалі на старажытныя муры, завіхаліся на прысядзібных дзялянках, паціху раскрадалі савецкую дзяржаву, ненавідзелі чэхаў, амэрыканцаў і гэбраяў і, прыхоўваючы кемлівую сялянскую ўсьмешку, білі ў ладкі крамлёўскім валадарам.
... Мэдсястра Кетрын памерла падчас родаў, і я з уздыхам паклаў кніжку ў торбу; жаўнер пакінуў храпсьці і з воклічам “Ой, бля-а” зьвесіў долу сьмярдзючыя ногі; правадніца прабегла па вагоне, шматкроць прагарлаўшы “Здавайце пасьцелі!” і ў гэты зорны міг цягнік тузануўся, матлянуўся на стрэлках і запаволіў хаду. Цягнік набліжаўся да станцыі Віцебск, а душа мая, тузануўшыся пад дыхніцай, пачала ад той хвілі няўмольна набліжацца да сваёй галоўнай станцыі, на якой даўно ўжо не затрымліваліся душы тутэйшых людзей і якая насіла грувасткую назву Беларушчына.
Доўгія чатыры месяцы я жыў пад уражаньнем гэмінгуэеўскай прозы. Мне праглася пабачыць далёкія краіны, мне карцела, па прыкладу старога Сант’яга, лавіць тунцоў і марлінаў, сядзець у парыскай кавярні “Сэлект” і піць кактэйль “Джэк роз”, ляжаць у цені жаралістага баабаба і неадрыўна глядзець на белую шапку Кіліманджара. І вось у траўні мой сябар Толік Рыбікаў папрасіў дапамагчы вынесьці з падвалу ягонага дому рознае ламачча ды непатрэбны хломазд. Хломазд мы вынесьлі, звалілі ў кучу і сталі чакаць сьмецьцявозу. Каб заняць нечым рукі, а разам зь імі і вочы, я ўзяў з кучы прапахлую падвальнай цьвільлю хрэстаматыю па беларускай літаратуры. Разгарнуў яе з пачуцьцём агіды і зьдзіўленьня: у школе, нібыта, беларускую літаратуру вывучаў, а вось хрэстаматыю бачыў упершыню. Прыкрыўшы даланёю позех, прачытаў вершык Адама Гурыновіча, пазяхнуў яшчэ раз і тут вока зачапілася за эпіграф: “De la musique avant toute chose”. Верш быў бяз назвы і нагадваў Тараса Шаўчэнку. “Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк...” Вочы прабегліся па вершаваных радках, прымружыліся. Я прачытаў верш паўшэптам і адразу ж запомніў на памяць. Тут жа, у хрэстаматыі, былі “Вечар на захадзе ў попеле тушыць...”, “Добрай ночы, зара-зараніца!”, “Прывет табе, жыцьцё на волі!” і, нарэшце, “Зорка Вэнэра ўзышла...” Максімавы вершы папросту ашаламілі. Я іх чытаў, потым перачытваў; яны гучалі ўва мне, заглушаючы ўсе навакольныя зыкі: сыгналы сьмецьцявозкі, гаману цётак ля пад’езду, бразгат вёдраў і сябруковы вокліч: “Ну што ты там, цягні сьмецьце!” Мяне апанавала Беларусь. Не, ня тая Беларусь, дзе я нарадзіўся і жыў, а дзіўны край русалак і лесуноў, зьмяіных цароў і вадзянікоў, залатых агнёў і сініх валошак. Мяне апанаваў той край, дзе жылі Максім і Вэраніка, дзе тнулі ў неба вежы касьцёла сьвятой Ганны і зіхцелі лятарні, дзе лёталі важкія хрушчы й зялёныя мушкі, дзе кувала зязюля і зьвінелі бомы, лёгкімі хмаркамі наплываў вечар і над зямлёю, працінаючы сэрцы закаханых вострымі дзідамі промняў, узыходзіла зорка Вэнэра. Кругагляд маёй душы, у якім не хапала аднаго сэгмэнту, набыў завершаную форму.
Што гэта было? Выпадковы ідэал маладосьці? Форма пратэсту супроць ідыятызму жыцьця? Спроба прарыву з замкнёнай прасторы ў бязьмежжа віртуальнага сьвету, умоўна названага Беларусьсю? Цяжка сказаць, але вось ужо дваццаць сем гадоў я цялёпкаюся на нябачнай мяжы паміж рэалам і віртуалам, захраснуўшы там намёртва, не прыдбаўшы нічога, апроч хваробаў, адчуваючы розумам, што ніякай Беларусі няма, што гэта прыдумка паэтаў і летуценьнікаў — няшчасных людзей, што скончылі жыцьцё на чужыне, на сьляпучым калымскім сьнезе, у цямноцьці варкуцінскіх капальняў і ў Курапатах. І ўсё адно, у хвіліны горкіх жаляў, пачуўшы назолую фразу: “На што ты паклаў сваё жыцьцё?” альбо пастаяўшы ў чарзе з мужыкамі і бабамі, якіх ці то жартам, ці то па злой гіроніі называюць беларускім народам, я дастаю з кніжнай паліцы куплены ў траўні 1971 году дзьвюхтомнік і сьцярожка разгортваю першы том. Ён заўсёды разгортваецца на трыццатай старонцы і ўваччу мільгцяць да болю знаёмыя радкі: “Сонца ціха скацілася з горкі, месяц белы, заплаканы сьвеціць...” І сэрца кожнага разу поўніцца ці то сумам, ці то ціхай радасьцю. І кожны раз з душэўнай палёгкай уяўляеш, што ты не самотны, што ёсьць сотні, а мо’ й тысячы гэткіх жа летуценьнікаў, якіх таксама грэе сонца Максімавай паэзіі.
У 1971 годзе мы зь сябрамі разьвіталіся са школай і разьвітаньне прайшло пад грукат жалезнай бочкі. Увечары 22 чэрвеня расьпісалі «на памяць» цокаль школьнага будынку лёзунгамі кшталту «Long live Beatles!», а раніцою наступнага дня ўсіх выпускнікоў сабралі ў актавай залі і дырэктар школы падупалым голасам паведаміў, што учора ўвесь савецкі народ з болем у сэрцы адзначыў трыццатую гадавіну нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз, а тым часам Мудроў, Шлыкаў і Рыбікаў па-свойму адзначылі гэтую дату, размаляваўшы школу нэафашыстоўскімі заклікамі. Дырэктар паведаміў таксама, што калі мы сёньня ж не пабелім цокаль, дык атэстатаў не атрымаем. Вось і давялося ісьці на будоўлю, браць там бочку, вапну, яшчэ нейкую халеру і майстраваць з пакульля дыхтоўныя квачы. Цокаль мы пабялілі як мае быць і Абрам Залманавіч, ці не ўпершыню за апошнія два гады, застаўся задаволены з нашай працы.
Два летнія месяцы адседзеў за падручнікамі – трэба ж было некуды паступаць, — пасьля чаго, праўдамі і няпраўдамі (пісьмовую матэматыку сьпісаў), паступіў у мясцовую філію Беларускага тэхналягічнага інстытуту, якую сталічна-акадэмічныя снобы не без падставаў называлі сьвінагадоўчым комплексам. Комплекс быў на 1000 галоў і мае душэўныя парываньні былі скіраваныя на пошук галоваў, неабыякавых да ідэі свабоды і нацыянальнага адраджэньня.
На нашым патоку палова студэнтаў была зь вёскі — вось да іх я і пачаў “пад’яжджаць”, мяркуючы, што калі яны генэтычна зьвязаныя зь беларускай мовай, то пасьля пэўнай апрацоўкі гамузам стануць у шыхты змагароў за Бацькаўшчыну. Гэта цяпер я разумею, што вёска даўно ўжо згубіла ўсялякія духоўныя пачаткі і ёсьць у сутнасьці рассаднікам паталягічнага халуйства і нацыянальнай дэградацыі (ці не таму сярод навачасных адраджэнцаў спрэс адны месьцічы ды “мяшанцы”), а тады, у верасьні 71-га, пачуўшы вясковы пранонс, я лез да яго носьбіта ў знаёмцы, гаманіў пры гэтым па-беларуску і бачыў на тварах былых вяскоўцаў ці то спалох, ці то недавер, ці то ніякаватасьць.
З той пары запомнілася адна размова. Мы, чатыры студэнты, яшчэ добра не перазнаёміўшыся, ехалі ў кодабе цяжарніка “на бульбу”, і я, вядома ж, усчаў гаману ў пэўным кірунку. Маўляў, францускія студэнты на бульбу ня езьдзяць — для тамтэйшай эканомікі падобныя непрадукцыйныя падыходы непрымальныя. Пасьля такога зачыну вытрымаў паўзу і працягваў: вось калі б у нас, беларусаў, была свая дзяржава, такая ж магутная, як Францыя, і калі б усё навокал было беларускае — якое б гэта было жыцьцё! Пачуўшы мой сьпіч, адзін з хлопцаў, сын вайскоўца, ураз спахмурнеў — у ім прачнулася гадаванае бацькамі непрыняцьце ўсяго беларускага, другі — выпускнік адной зь вясковых школ Дрысенскага раёну, які дагэтуль голасна апавядаў вясёлыя показкі, аціх і потым цэлы год трымаў дыстанцыю, і толькі Валодзя з Полацку, такі ж “мяшанец”, як і я, пацешыўся з маіх словаў. “Ну ты і параўнаў... член з пальцам, — выдыхнуў зямеля, — што такое Францыя, і што — мы...” “А што — мы?” — з крыўдаю ў голасе перапытаў я. “Куча гаўна”, — патлумачыў Валодзя, і гэтая немудрагелістая фраза запомнілася на ўсё астатняе жыцьцё.
І ўсё ж там, “на бульбе”, давялося сустрэцца з адным, скажам так, несьвядомым адраджэнцам. Звалі яго Лёнем, жылі мы зь ім у адной хаце, спалі поруч на саломе і вечарамі Лёня чытаў мне беларускія вершы з школьнай праграмы. Асабліва мяне ўражваў “Пахне чабор”. Кульнуўшы чарку, я віснуў на сябруковай шыі, п’янавата глядзеў у вочы й здушаным голасам прасіў: “Лявонка, прачытай...” Лявонка чытаў, я ўражана шморгаў носам і дзівіўся, як мог няздара Броўка напісаць такі мілагучны, па-беларуску шчымлівы верш.
Аднойчы ўвечары ў хату ўбіўся мой школьны сябрук Валера Шлыкаў — ён гасьцяваў недзе пад Дзісной і вырашыў прыйсьці ў адведкі. Пратупаў 8 кэмэ, цягнучы ў руках кайстру зь пяцьма пляшкамі “чарніла” й патэфон з кружэлкамі. “Набыў у аднае цётухны”, — патлумачыў сябра, крутнуўшы корбу “музону”. І так, пад салодкія сьпевы Бунчыкава й Нячаева, мы выжлукцілі пяць пляшак “чарніла”, я пачаў заклікаць сяброў зараз жа стаць на абарону прыгнечанай Бацькаўшчыны; грамада выкулілася на падворак і неўзабаве паснула на сьвежым паветры, у сьціртах саломы.
Наагул, інстытуцкая пара калі чым і запомнілася, дык гэта апраметнымі п’янкамі. П’янкі мелі пэрманэнтны характар, доўжыліся усе пяць гадоў навучаньня. Гэта былі выкінутыя з жыцьця гады, але, зь іншага боку, калі б я нават і паступіў у якую сталічную гуманітарную вучэльню, дык доўга б там не правучыўся. З маімі пераканьнямі самы раз было падавацца не ў ВНУ, а ў сталічную “амэрыканку”. На шчасьце, Бог уратаваў ад падобных унівэрсытэтаў.
У сьнежні 1971 году Максіму Багдановічу спаўнялася 80 гадоў. Думалася: адбудуцца мастацкія імпрэзы, паэту паставяць помнік, адаб’юць памятны мэдаль... Замест усяго гэтага ў Менску правялі шкадобы варты сходзік, на якім беларускія пісьменьнікі страшэнна неінтэлігентнымі галасамі наўзахваткі апавядалі пра дабратворны ўплыў вялікай расейскай літаратуры на творчасьць Максіма Багдановіча. Тымі днямі прачытаў амаль усе цэнтральныя беларускія газэты, шукаючы згадкі пра юбілей, але адны газэты пра Максіма нават не згадалі, а другія зьмясьцілі, відавочна дзеля адчэпкі, караценькія, па-савецку прымітыўныя артыкульчыкі зь невыразнымі фотаздымкамі, на якіх паэт выглядаў пяцідзесяцігадовым столаначальнікам. Мая наіўная душа абуралася. У іншых народаў творца такога памеру стаўся б апосталам нацыі, месца ягонага нараджэньня сталася б месцам паломніцтва ўдзячных нашчадкаў, а тут... Маё абурэньне сублімавалася спачатку ў мацюгі, потым у роздум над тым, як ушанаваць паэтавы ўгодкі, і, нарэшце, галаву наведала канструктыўная ідэя: арганізаваць нацыянальную суполку і назваць яе імем свайго куміра. Так у Наваполацку ў сьнежні 1971 году ўтварылася суполка пад даволі велягурыстым назовам: «Творчае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне імя Максіма Багдановіча».
У аб’яднаньне, апрача аўтара праекту, увайшлі Валера Шлыкаў, Толік Рыбікаў, Лявон Пятроў, а таксама Толікава сяброўка Тоня, якая пісала вершы па-расейску й якую мы залічылі ў сваю суполку з палітычных меркаваньняў — каб разбавіць шыхты расейцамі і, такім чынам, пазьбегнуць абвінавачаньняў у нацыяналізьме. На першым сходзе — а адбыўся ён, калі не памыляюся, у Валеравай кватэры — кожны чалец атрымаў адмысловае пасьведчаньне й наказ: пашыраць адраджэнскае кола за кошт прыцягненьня ў яго нацыянальна-сьведамых і творчых асобаў. Літаратурна-мастацкая суполка мусіла мець свой “друкаваны орган”, таму я таго ж дня ўзяў кавалак ватману, склаў у столку і на тытульным баку напісаў тушшу і чырвоным алоўкам слова АЛЬМАНАХ. Ніжэй, дробнымі літарамі, пазначыў: “Творчае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне імя Максіма Багдановіча. 1971 год”.
Цяпер ужо й ня памятаю — што пісаў у тым першым нумары. Штосьці пра родную мову, пра ўгодкі Максіма Багдановіча і пра задачы суполкі. Была ў альманаху і рубрыка “Наша творчасьць”. Тут у рэдактара-выдаўца і ўзьніклі праблемы. У рэдакцыйным партфэлі былі толькі кволы вершык самога рэдактара ды мілосны, па-расейску пісаны мадрыгал Толікавай сяброўкі. Ня ведаючы, чым запоўніць рубрыку, я адклаў альманах і пачаў агітаваць чальцоў аб’яднаньня, у прыватнасьці, Валеру Шлыкава, які штосьці там пісаў па-расейску, заняцца літаратурнай творчасьцю на ніве Беларушчыны. Неўзабаве пачалася экзамэнацыйная сэсія, потым прысьпелі доўгачаканыя вакацыі, падчас якіх я чарговым разам езьдзіў у Піцер, потым... — у гэтым месцы стаўлю тры кропкі і цяжка ўздыхаю — я закахаўся, і выданьне альманаху было адкладзена на няпэўны час.
Успаміны з палітычнай падкладкай — жанр спэцыфічны. Рознага кшталту амурныя рэмінісцэнцыі выглядаюць тут залішнімі, і ўсё ж пра сваё першае (і, бадай, апошняе) каханьне варта сказаць колькі словаў.
Мінула шмат гадоў, а я і зараз, што той Пэтрарка, памятаю ня толькі дзень, месца, але й дакладны час сустрэчы зь “дзяўчынай сваёй мары”. У маёй Ляўры было дзіўнае, як мне тады здавалася, імя — Вера; была яна старэйшай ад мяне на год і насіла акуляры... Адмыслоўцы ўважаюць такі стан за лёгкую форму вар’яцтва і, вядома, маюць рацыю. І ўсё ж, казелячы вокам на партрэт доктара Фройда, заўважым: у прыродзе каханьня ёсьць нейкая неспазнаная тайна, а зірнуўшы на партрэт доктара Юма, ці якога іншага агностыка, дадамо: і мы яе ніколі не разгадаем.
Мая Ляўра даўно жыве ў Тунісе, ачольвае там аддзел у міністэрстве будаўніцтва, мае, да ўсяго іншага, мужа-араба, і з настальгіяй глядзіць на тэлеэкран, калі па ТV, прыкладна раз на год, паказваюць бойкі на менскіх вуліцах. Ну, а я, адгарнуўшы чародным разам лісток календару і ўбачыўшы, што сёньня 20 сакавіка — якраз ў гэты дзень я сустрэў сваю Ляўру, — чухаю сівую бараду і з элегічным сумам дзіўлюся хуткаплыннасьці часу.
Лета 1972 года выдарылася сухое і гарачае. Наш студэнцкі будаўнічы атрад “Імпульс” два летнія месяцы заліваў бэтонны пляц на будаўніцтве Лепельскага экскаватарарамонтнага заводу. Удзень раскачвалі бэтон жалезнай трубой, а ўвечары біліся “з тутэйшымі”, прычым бойкі былі зацятыя і нават крывавыя.
Адпрацаваўшы месяц у будатрадзе, прыехалі з Рыбікавым “на пабыўку” й, нават не пераапрануўшыся, рушылі да Шлыкава. Выпілі ўтрох паўлітра сьпірытусу, ладна захмялелі, загаманілі на адраджэнскія тэмы, і Валера ўручыў мне стос дробна сьпісаных тэлеграфных блянкаў. Я зірнуў на першы блянк і прачытаў:
Дзесьці музыка ціха гучэла,
На падворку вятрыска шамрэў,
Я пяшчотна і неяк нясьмела
Да цябе прытуліцца пасьмеў...
Вершы, якімі былі сьпісаныя паперкі, адпавядалі маім душэўным перажываньням, а таму падаліся геніяльнымі. Увечары, ачуняўшы ад хмелю, я выцягнуў са стальніцы недапісаны альманах і на адной з старонак вывеў: “Валеры Шлыкаў. Вершы”. Дзесьці ў верасьні паказаў альманах сябрам і тут жа намаляваў вокладку для другога нумару. Гэтым разам альманах атрымаў сваю назву: “Блакітны ліхтар”.
Маракуючы, як назваць “рукапісны орган Творчага літаратурна-мастацкага аб’яднаньня”, я меў наўвеце годны прыклад — літаратурную суполку “Зялёная лямпа”, што арганізавалі ў 1819 годзе расейскія дзекабрысты. Такім чынам, на вокладцы зьявіўся малюнак ліхтара, а паколькі ў мяне быў флямастар толькі блакітнага колеру, ён адпаведна “засьвяціўся”, і альманах ад той пары атрымаў сваю назву: “Блакітны ліхтар”. Назва, як на сёньняшнія густы, даволі рызыкоўная, але ня варта крывіць усьмешку, пагатоў у Наваполацку ў 1972 годзе не было ня толькі відзікаў, але й педзікаў.
Другі нумар альманаху падрыхтаваў Валеры Шлыкаў. Быў ён амаль цалкам прысьвечаны Якубу Коласу — якраз тады блізіліся 90-я ўгодкі з дня нараджэньня песьняра, — ну а трэці нумар выйшаў з-пад пяра Анатоля Рыбікава. Дагэтуль Анатоль ніколі не пісаў беларускіх вершаў, а тут увесь альманах быў запоўнены ягонай вершаванай прадукцыяй, і гэта нас, астатніх чальцоў аб’яднаньня, зьдзівіла і ўсьцешыла. Прадукцыя, што праўда, была далёкай ад дасканаласьці, і ў адным з наступных нумароў я нават зьмясьціў пародыю на Рыбікавы вершы. Пры гэтым той, каму яна была прысьвечана, ня толькі не пакрыўдаваў, а наадварот — акрыяў душой і натхніўся на стварэньне новых “пародыянебясьпечных” твораў.
Напачатку ў альманаху практычна не было палітыкі. Старонкі крэйдавай паперы — а пісалі мы менавіта на ёй — поўніліся вершамі пра п’янку і каханьне, фотаздымкамі аўтараў, рознымі замалёўкамі, нататкамі пра беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Увогуле, гэта была гульня, своеасаблівы пэрформанс, аднак мой інстытуцкі сябар Лявон, якому прысьпела пара выдаваць чарговы нумар, своечасова зразумеў небясьпеку такіх гульняў, і за выданьне №4 давялося брацца аўтару гэтых успамінаў. Забягаючы наперад, мушу сказаць, што яшчэ адзін “гулец” праз колькі гадоў шчыра пашкадаваў, што зьвязаў свой лёс з “Блакітным ліхтаром”... Па сканчэньні інстытуту Толік Рыбікаў зьехаў па разьмеркаваньні ў далёкі Казахстан і ў алімпійскім 1980 годзе паўстаў перад намі — мной і Валерам — зусім не такім, якім мы яго ведалі. Быў ён ружовашчокі, па-партыйнаму стрыманы, па-камсамольску абачлівы і з дэпутацкім значком на штрыфелі крымпленавага пінжака. Сябрук разьмеркаваўся ў закрыты казаскі горад Сьцепнагорск, якога няма на мапах, і за чатыры гады выбіўся там у першыя сакратары гаркаму камсамолу. Толік не бяз гонару прадэманстраваў каляровыя здымкі, на якіх ён быў зьняты на тле службовай “Волгі”, і калі мы ўзялі па поўнай шклянцы, стоена паведаміў, што далейшага прасоўваньня па службовай лесьвіцы не прадбачыцца. “Усё з-за “Блакітнага ліхтара”, — пакутліва ўздыхнуў сябрук, і з гэтым уздыхам скончылася нашае сяброўства.
1973 год для мяне стаўся годам страшэнных п’янак і таму кепска адбіўся ў памяці. Таго году я вырашыў, па прыкладу нарадавольцаў, “пайсьці ў народ”. Паколькі ў студэнцкім асяродку знайсьці прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі не ўдалося, заставаўся шанец адшукаць іх сярод простага люду. Просты люд, як вядома, любіць сядзець у кавярнях ды піўніцах — туды я й памкнуўся. Падсаджваўся з кухлем піва да якіх-небудзь дзецюкоў, перакідваўся зь імі некалькімі словамі й пачынаў гаворку на беларускія тэмы. Ну а падпіўшы, пачынаў уголас чытаць вершы Багдановіча, прамаўляў тосты за Вольную Беларусь і аднойчы, пасьля аднаго такога тосту, ледзь ня быў пабіты. І калі я ўжо страціў быў надзею знайсьці “братоў па розуме”, надарылася сустрэча, якая ў пэўнай ступені прадвызначыла мой далейшы лёс...
З Уладзімерам Арловым мы былі знаёмыя, што называецца, са школьнай лавы. Жыў ён у доме №4 па вул. Кірава, у тым жа доме жылі мае сябры-аднаклясьнікі, мы часьцяком сустракаліся, але вялікага сяброўства між намі не было. Арлоў вучыўся на адныя пяцёркі, настаўнікі ставілі яго ў прыклад, і такому боўдзілу, як я, сябраваць з выдатнікам не пасавала. Але аднойчы клясная кіраўнічка запрасіла Арлова — на той час студэнта першага курсу БДУ — распавесьці нам, шалахвостам, пра ўнівэрсытэт, пра ўступныя іспыты й наагул пра студэнцкае жыцьцё.
Арлоўскі расповед спадабаўся: госьць апавядаў пра ўсё з дасьціпным гумарам, а пры канцы, паведаміўшы, што рэгулярна чытае ў мясцовай газэце мае зацемкі, выдаў фразу прыкладна наступнага зьместу: “Мудрову варта падавацца на журфак, у яго ёсьць задаткі журналіста”. Такая фраза, зразумела, лягла на сэрца, і пасьля лекцыі мы з Арловым яшчэ ладна пагаманілі. Праўда, паступаць на журфак ён мяне не спакусіў: пнуцца ў галоўную ВНУ рэспублікі з тройкаю па паводзінах — такога нахабства я сабе ня мог дазволіць.
Доўгі час мы з Арловым былі добрымі знаёмцамі, а неўзабаве адбылося наша “спатканьне на Вераб’ёвых гарах”. Я тады, памятаю, спытаўся: ці ёсьць у Менску інтэлігенты, якія размаўляюць па-беларуску? Такое пытаньне суразмоўніка не зьдзівіла, ён з натхненьнем адказаў: “Ёсьць!” — і паведаміў, што на мінулым тыдні на свае вушы чуў, як па-беларуску гаманілі прафэсар Алег Лойка ды бацька Генадзя Кулажанкі — арлоўскага аднакурсьніка з гістфаку. Вестка такая не магла не натхняць. Ёсьць, значыцца, яшчэ беларусы на сьвеце! І, зразумела, я адразу ж працяўся павагай да бацькі невядомага мне Генадзя Кулажанкі і яшчэ большай павагай — да прафэсара Алега Лойкі. Наша размова на гэтым ня скончылася: я прыцішаным голасам паведаміў сябру, што ёсьць пара надзейных, апантаных Беларушчынай, хлопцаў, зь якімі разам выдаем падпольны рукапісны альманах.
Наступным днём я перадаў альманахі Арлову — колькі нумароў тады выдалі, ужо ня памятаю, — і ён павез іх у Менск, каб паказаць аднакурсьнікам. Прамінуў месяц, а мо й болей, і вось, нарэшце, сябар завітаў у родныя Палестыны. Зь ягоных словаў можна было зразумець, што “рукапісны орган Творчай літаратурна-мастацкай суполкі” быў прыхільна сустрэты менскім чытачом. Менчукам спадабалася ня столькі “зьмесьціва”, колькі сама ідэя выданьня непадцэнзурнага беларускамоўнага альманаху. Тады ж Уладзя — так на ягоную просьбу я стаў менаваць сябра — даў мне свае вершы і фотаздымак, на якім ён, дзесяцігадовы хлапчына, стаяў пад яблыняй і кусаў яблык. Вершы разам з фотаздымкам былі «надрукаваныя» ў наступным нумары альманаху, і ў суполцы нашай на аднаго чальца паболела.
Тым часам заварушыліся і менскія мальцы. Уладзя паведаміў, што ў іхным інтэрнацкім пакоі сталі зьбірацца нераўнадушныя да лёсу Бацькаўшчыны студэнты: Генадзь Кулажанка, Юрась Бандаровіч, Ігар Чарняўскі, Алесь Міткавец… Дзесьці ўвосень 73-га Генадзь Кулажанка прыехаў у Наваполацак, і мы пазнаёміліся. Госьць уразіў сваёй інтэлігентнасьцю — быў падобны з твару да папулярнага актора Ўладзіслава Дваржэцкага, — размаўляў, як і Дваржэцкі, сьцішаным голасам, але па ўсім было відаць, што гэта ён зьяўляецца лідэрам менскай суполкі. Мы ўтрох — Генадзь, Уладзь і я — доўга блукалі па наваполацкіх вуліцах, складалі пляны нацыянальнага адраджэньня, чыталі вершы, а напярэдадні ад’езду госьць даў для альманаху напаўжартам напісаны артыкул пад назовам “Паэт-летуценьнік Валеры Шлыкаў”. “З гэтага хлопца атрымаецца паэт,” — паведаміў Генадзь, маючы на ўвазе Валер'я Шлыкава, а я ў сваю чаргу падумаў: “А зь цябе мусіць выйсьці ачольнік адраджэнскага руху”. На вялікі жаль, прагнозы нашыя ня спраўдзіліся: пасьля разгрому альманаху Валера кінуў пісаць вершы й стаў зазіраць у чарку, Генадзь быў пасланы на пачатку 80-х у Аўганістан і загінуў там пры нявысьветленых абставінах, а вышэйпамянёны рух, які пачаў набіраць моцы пры канцы 80-х і які ачолілі іншыя людзі, быў неўзабаве зьведзены на пусты канец.
Згадаю і яшчэ адну прасьветлую й чыстую душу, што спрычынілася да выхаду “Блакітнага ліхтара”. Звалі таго хлопца Андрэй Грабаў. Калі мы прынялі яго ў свае шыхты, Андрэй вучыўся ў дзясятай клясе нашай роднай СШ №2. Гэта, паўтаруся, быў сумленны хлопец з бунтарскім характарам, заўзятар біт-музыкі й Гэмінгуэя, і я, пазіраючы на Андрэя з “вышыні” сваіх тадышніх гадоў, бачыў у ім сябе самога. Андрусь часьцяком завітваў на нашыя сходкі, слухаў бясконцыя размовы, чытаў і перачытваў нумары альманаху і ўрэшце рэшт прынёс свае ўласныя вершы. Грабаўскія вершы — ужывем гульню словаў — былі напісаны даволі зграбна і пазначаліся паэтыцкім талентам. Гэта што да твораў лірычнага ладу. Аднак, апроч іх, прынёс Андрэй і вершы, так бы мовіць, грамадзянскага гучаньня. Уладзімер Арлоў у адным з сваіх эсэ узгадаў па памяці колькі радкоў аднаго Андрэевага вершу:
Рушу па Беларусі... У небе маланка палае.
Пад прыгонам усходнім стогне наша зямля.
Песьні-жальбы лунаюць ад краю да краю...
Канчаўся вершаваны твор аптымістычным сьцьверджаньнем, што неўзабаве ў беларускіх лясох “паўстане моладзі атрад”. Верш гэты зьявіўся на старонках “Блакітнага ліхтара” ў пачатку 74-га, а праз колькі гадоў ягонага аўтара паклікалі ў шыхты Савецкай Арміі, і дахаты ён не вярнуўся: быў забіты, паводле афіцыйнай вэрсіі, таварышам па службе.
Сёньня, калі з часу разгрому альманаху мінула амаль чвэрць стагодзьдзя, дакараю сябе, што не зрабіў копіяў зьмешчаных у ім матэрыялаў. З памяці ўжо немагчыма аднавіць тыя ж Андрэевы вершы, а яны б і цяпер гучалі як выклік славутай беларускай “памяркоўнасьці” — халуйству й паталягічнай абачлівасьці, якімі здавёнчасу апаражаны наш народ і яго інтэлектуальны авангард — пісьменьніцкая братчына.
Зьмесьціва “Блакітнага ліхтара” — а ўсяго выйшла пятнаццаць сшыткаў — было далёкае ад літаратуры ў клясычным разуменьні гэтага слова. Пісалі мы розную лухту і таму жартам менавалі свой альманах “Блакітным лухтаром”. У паэзіі пераважала так званая “чарнільная лірыка”, у якой акцэнт рабіўся на эратычныя відзежы ды мілосныя перажываньні лірычнага героя. Рэй тут вёў Валеры Шлыкаў, якому належалі наступныя радкі:
Штосьці кепска стала жыць —
Няма каго спакусваць...
Што рабіць?
Ды трэба піць!
Піць і не закусываць.
Яшчэ адна папулярная паэтычная форма – гэтак званыя «агітвершы» (у апошніх нумарах мы іх сталі менаваць «агідвершамі»). Тут ужо рэй вёў я.
Там, на лузе, за ракою, дзе шуміць чарот,
Адшукаў я выпадкова брудны, рваны бот.
Я пяшчотна ўзяў абутак, кінуў дагары,
Закрычаў я ўсяму сьвету (рэха ў бары),
Скалануў я лугавіну ў жальбе і дакоры:
«Здавайце, людзі, сыравіну у нарыхтканторы!»
А вось яшчэ адзін падобны твор:
Ночкай купальскай ў сярэдзіне летка
Шукаюць, дурныя, папараць-кветку.
Ходзяць яны з пратаемнымі марамі,
Кветку шукаюць з пужлівымі тварамі.
Гэй вы, дурныя, ідзіце лепш спаць,
Годзе вам гэтую кветку шукаць.
Калі жадаеце шчасьце здабыць –
Трэба білет лятарэйны купіць!
Сканваўся «агідверш» заклікам: «Грамадзяне! Набывайце білеты Дзяржаўнай трохпрацэнтнай грашова-рэчавай лятарэі!»
Мелася ў альманаху й паэтычная рубрыка «Мама, пачытай!» Дзеля гэтай рубрыкі Валеры Шлыкаў напісаў тузін вершаў і нават невялікую паэму пра тое, «як згубіў вушасты слон звонкія падковы». Апроч таго ў кожным нумары зьмяшчаліся матэрыялы пра беларускіх паэтаў ды пісьменьнікаў і рознага кшталту разважаньні пра гаротны стан нацыянальнай культуры.
У адным з сваіх артыкулаў Валеры Шлыкаў напісаў пра тое, што сябрам Творчай літаратурна-мастацкай суполкі імя Максіма Багдановіча трэба пільнавацца, бо кожны іх крок фіксуецца органамі Камітэту дзяржбясьпекі. Напісаў нібыта жартам, але пры гэтым як у ваду глядзеў. Кожны наш крок насамрэч кантраляваўся “органамі”, і ў хуткім часе мы ў тым напоўніцу пераканаліся.
Аднойчы ўвечары — на календары быў 1974 год — я ішоў па вуліцы Маладзёвай у Наваполацку і, абмінаючы двух падпітых дзядзькоў, пачуў фразу, якая прымусіла сьцішыць крок. “Вунь, твой беларус пайшоў”, — прамовілі мне ў сьпіну, я азірнуўся і падпітыя дзядзькі з прафэсійным імпэтам адвялі позіркі. Я адразу зразумеў — хто гэтыя людзі, як зразумеў і тое, што нашыя рукапісныя жарцікі скончыліся і КГБ ужо распачаў “паляваньне на апошняга беларуса”. Душу маю апанаваў... не, ня страх, а нейкі цягутка-напружаны помрак. Я адчуў раптам, што мне да апошніх дзён наканавана блукаць у гэтым помраку, і яшчэ адчуў страшэнную самоту й прагу прыхіліцца да каго-небудзь. Адзіным чалавекам, якому я вырашыў распавесьці пра сустрэчу з падпітымі дзядзькамі, быў Уладзя Арлоў. Але, калі я пабачыў ягоны пабляклы твар, дык зразумеў, што сябар меў сустрэчы куды больш сур’ёзнага парадку.
“Дрэнь справы”, — яшчэ з парога паведаміў сябрук. “Учора выклікалі ў дом зь бэльвэдэрам — КГБ усур’ёз намі зацікавіўся і раскручвае справу”. Паводле Ўладзевых словаў, нехта зь менскіх студэнтаў, якому на вочы патрапіў нумар альманаху, перапісаў зьмест і пераслаў паперу ў “кантору”. “Рыхтуйцеся, хутка й вас пацягнуць”, — папярэдзіў сябар, і мы з Валерам пачалі падрыхтоўку: выдалілі з альманахаў старонкі зь небясьпечнымі вершамі, з артыкуламі, у якіх згадваліся КПСС і ейны баявы атрад, і замянілі іх старонкамі з палітычна ляяльнымі тэкстамі. Пасьля таго склалі ўсе пятнаццаць нумароў у стос і сталі чакаць гасьцей: былі перакананыя, што нас будуць браць на кватэрах і абавязкова ўночы. Але прайшоў месяц, другі, трэці, а гасьцей усё не было. Цяжка сказаць — чаму яны валаводзілі. Хацелі, відаць, узяць нас на гарачым учынку. Мы, аднак, былі папярэджаныя і, як казаў той, сядзелі, хвасты падцяўшы. Прычым, папярэдзіў нас ня толькі Ўладзя Арлоў, але й адзін з былых аднаклясьнікаў. Аднойчы, па-п’янцы, ён паведаміў, што зьяўляецца асьведамляльнікам КГБ і рэгулярна інфармуе сваіх “працадаўцаў” наконт нашых дзеяньняў і нашых настрояў. Той хлопец быў ня проста аднаклясьнікам, але й блізкім сябрам, а таму нам з Валерам ад такой навіны нават мову заняло. Зрэшты, мы на сябра не крыўдавалі — ён шчыра прызнаўся ў сваім віжоўстве, а мог жа й не прызнавацца.
Дзесьці ў кастрычніку 1974-га ўвесь наш курс сагналі ў актавую залю і таварыш у скураным пінжаку прачытаў студэнтам рэфэрат на тэму: “Як супрацьдзеяць ідэалягічным дывэрсіям Захаду”. Згадаўшы добрым словам “незабвенного Иосифа Виссарионовича Сталина”, таварыш у скуры даў дыхту амэрыканскім імпэрыялістам, бонскім рэваншыстам ды іншай закардоннай брыдзе, потым пераключыўся на выкрываньне так званых дысыдэнтаў, а пры канцы рэфэрату заклікаў студэнтаў не губляць пільнасьці, бо ў нашай у цэлым палітычна здаровай рэспубліцы, ёсьць людзі, незадаволеныя палітыкай Камуністычнай партыі, а ў некаторых акадэмічных асяродках падымаюць голаў беларускія буржуазныя нацыяналісты. Выкрывальнік нацыяналізму паведаміў таксама, што апошнім часам і сярод студэнцкай моладзі сталі ўзьнікаць нелегальныя гурткі, сябры якіх займаюцца палітычна шкоднай дзейнасьцю і, у прыватнасьці, выдаюць і распаўсюджваюць нацыяналістычную літаратуру. “Калі хто з прысутных ведае пра існаваньне такіх гурткоў, той мусіць, як грамадзянін і патрыёт, паведаміць пра гэта ў гарадзкі аддзел Камітэту дзяржаўнай бясьпекі”, — выдаў прамоўца і назваў нумар тэлефону, на які трэба тэлефанаваць.
Калі я выходзіў з залі, хтосьці з аднакурсьнікаў у жартаўлівым запале крыкнуў: “Мудроў, закладзем...” Галава мая ўехала ў плечы, і я прысьпешыў хаду, з глыбокім перакананьнем, што словы гэтыя спраўдзяцца. Гэбісты відавочна і арганізавалі чытаньне “рэфэрату”, каб высьветліць, наколькі “патрыятычныя” студэнты Наваполацкага політэхнічнага інстытуту. Ну а праз пару тыдняў, пад час лекцыі, аўдыторныя дзьверы расчыніліся і ў дзьвярной пройме нарадзіўся ўсхваляваны голас: “Мудроў, Песін, Марчанка, Мышалоў... На выхад!”. “Нарэшце!” — мільганула ў галаве, і ад тае думкі балюча сьціснула скроні. Мы выйшлі ўчацьвярох у калідор, дзе нас чакаў нейкі мітусьлівы таварыш. Таварыш зладзеявата азірнуўся, тузануў голеным падбародзьдзем: “Хадзем за мной!”
Ля інстытуцкага ганку стаяла бліскучая чорная “Волга”. Мы ўбіліся ў прапахлае бэнзынам нутро, і легкавік адразу ж пайшоў на разварот, уціснуўшы нашыя сьпіны ў прыслон мяккага сядзеньня. Я насьцярожана зірнуў на карак гаспадара легкавушкі і гаспадар, крутнуўшы галавою, выцягнуў з кішэні чырвоную кніжачку: “Я з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Маю да вас размову”.
Як на добры лад, дык у камітэт мусілі цягнуць мяне ды Валеру — выдаўцоў альманаху. Тут жа везьлі цэлую кампанію, прычым легкавік ехаў у дзіўным кірунку — у бок прамысловай зоны. Усё гэта непакоіла, думкі блыталіся ў галаве, і я прагнуў толькі аднаго: зьнікнуць, ператварыцца ў нішто, ці, на благі канец, у восеньскую муху, што білася ў шыбу перад маім носам. “Волга” між тым пад’ехала да ганку паліклінікі нафтаперапрацоўчага заводу, віскнула гамульцамі й спынілася. Чэкіст спружна ўзьбег па ўсходах, мы гужам, на ватных нагах, пабеглі сьледам, узьняліся на трэці паверх, прабегліся па калідоры і неўзабаве апынуліся ў разьлеглым “працэдурным” пакоі. “Чакайце!” — гукнуў баец нябачнага фронту і зьнік за дзьвярыма. Чакаць давялося доўга. Мы, вядома ж, пачалі абмяркоўваць сытуацыю, сталі выпрацоўваць лінію паводзінаў, але, убачыўшы на століку аднаканальны “Сож” бяз ручкі настройкі, разам аціхлі, дзьверы, за якімі схаваўся чэкіст, ціха рыпнулі, і нас — па адным — сталі выклікаць “на размову”.
Сябры вярталіся празь лічаныя хвіліны, з прасьвятлелымі тварамі, была спадзеўка, што я таксама хутка “адстраляюся”, але, калі зайшоў у габінэт, зразумеў: сябрукі ў гэтай п’есе толькі статысты, а галоўная роля належыць мне.
“Прозьвішча, імя, імя па-бацьку... Дзе нарадзіўся? хто бацькі? якую школу скончыў? хто падбіў да арганізацыі суполкі? хто, апроч Шлыкава, браў удзел у выданьні альманаху? колькі нумароў выйшла? чаму назвалі сваё выданьне “Блакітны ліхтар”? каго ведаеце зь беларускіх пісьменьнікаў? ці часта бываеце ў Менску? ці даводзілася чытаць падрыўную літаратуру? каму давалі альманах? зь якой нагоды цікавіцеся Альбаніяй?..” Я блытана адказваў на гэтыя ды іншыя пытаньні, адчуваючы, што баец нябачнага фронту задае іх дзеля праформы. На стале ў байца ляжала тэчка і ў яе нутры, відавочна, былі пазначаныя і маё прозьвішча, і імя, і шмат чаго іншага.
Адказваў на пытаньні больш гадзіны і, урэшце рэшт, чэкіст запытаўся: “Паэтэсу Ларысу Геніюш ведаеце?” “Ведаю, але асабіста зь ёю не сустракаўся”. “А ведаеце, што яна сядзела за нацыяналізм?” Давялося баднуць галавой, уздыхнуць і ўтаропіцца на аркуш паперы, які ўзьнік перад вачыма. “Напішэце пра ўсё, аб чым мы тут з вамі гаманілі”, — загадаў суразмоўнік і выйшаў з габінэту.
Пісаў я доўга, потым перапісваў — гэбісту штосьці там не спадабалася — нарэшце мая пісаніна была пакладзена ў тэчку, гаспадар габінэту падняўся з-за стала і задаў апошняе пытаньне: “Дзе альманахі?”
Неўзабаве службовая “Волга” везла мяне ў адваротным кірунку. Тулячыся на заднім сядзеньні, я ліхаманкава згадваў: каму аддаў апошні нумар? Восем нумароў ляжалі ў маім пісьмовым стале, чытыры ўзяў Рыбікаў, два хадзілі па руках у студэнцкім інтэрнаце, а дзе хадзіў яшчэ адзін нумар, я ня мог даўмецца. Напачатку заехалі да мяне, на Маладзёвую, 95. Пакуль поркаўся ў стальніцы, баец нябачнага фронту ўважліва сачыў за мной — баяўся, відаць, што я зьнішчу які “кампрамат”. Потым паехалі на кватэру да Рыбікава. Сустрэла нас Толікава маці. “Вось, — кажу, — таварыш з рэдакцыі. Хоча пачытаць нашыя творы”. “А іх жа нельга чытаць чужым людзям”, — з імпэтам выдала жанчына. “Гэта свой”, — няшчыра прамармытаў я, адчуўшы на сваёй шыі гарачы подых чэкіста.
У студэнцкім інтэрнаце баец нябачнага фронту тыцнуў камэндантцы пасьведчаньне, тая, спатыкаючыся, пабегла па лесьвіцы, паадчыняла патрэбныя дзьверы, і яшчэ два нумары “Блакітнага ліхтара” зьніклі ў чорнай тэчцы.
“Апошні нумар сёньня аддаць не змагу”, — паведаміў я, калі мы выйшлі з інтэрнату. “Хлопец, які яго чытае, зьехаў і вернецца праз пару дзён”. Такая навіна засмуціла спадарожніка. “Што ж вы... кажаце, што нікому альманахі не давалі, а тут гойсаем па горадзе й ня можам знайсьці, — дакорліва выдыхнуў спадарожнік і дадаў: — як толькі знойдзеце альманах — адразу ж прывозьце ў паліклініку”. І яшчэ папярэдзіў, каб я нікому пра выклік у “органы” не балбатаў.
Наступнага дня выкладчык мэталазнаўства жартам заўважыў: “Што, Мудроў, учора зноў прагуляў... Сядзеў, відаць, на піве?” “Ды не, яго ў КГБ цягалі”, — гукнуў у адказ адзін з маіх аднакурсьнікаў і выкладчык, пасур'ёзьнеўшы, перапытаў: “Сапраўды?” Пасьля гэтага з мэталазнаўствам у мяне не было праблемаў.
Душы тых, каму ў далёкія сямідзясятыя гады давялося хадзіць на “прафіляктычныя гутаркі”, зьведалі цэлы комплекс перажываньняў. КГБ баяліся як агню, і боязь гэтая была генэтычна абумоўленая. Савецкія спэцслужбы фізычна зьнішчылі мільёны людзей, мільёнам скалечылі лёсы, зрабілі рашучы ўнёсак у справу зьнішчэньня беларусаў як нацыі, і жывёльны страх перад яжоўска-берыеўскай “канторай” літаральна ўеўся ў сьвядомасьць наступных пакаленьняў. Я не магу сказаць, што быў апанаваны жывёльным страхам, але душа — рэч зразумелая — млела. Патрапіўшы ў дваццацігадовым веку “на гачак” КГБ, я пастаянна адчуваў увагу да сваёй асобы, і блізкія сябры, а то й проста знаёмцы раз-пораз казалі, сьцішыўшы голас, адну і тую ж фразу: “Прыкусі язык, табою цікавяцца...” Калі-нікалі цікавасьць тая была проста дэманстрацыйнай. Варта было зьявіцца на Скарынінскім сьвяце ў Полацку, якое штогоду ладзілася ў апошнія жнівеньскія дні, як да сьпіны “прыліпалі” камсамольскага выгляду маладзёны. Яны хадзілі сьледам цягам усяго сьвята, а аднойчы нават суправаджалі нас з жонкай да самай хаты: ехалі паволі ў “Жыгулях”, наставіўшы ў вокны задаволеныя пысы…
Такім чынам, альманахі былі рэквізаваныя, адпаведныя тлумачэньні напісаныя, і я спадзяваўся, што на мяне забудуцца. Аднак не... За колькі дзён патэлефанаваў “таварыш з паліклінікі” і нагадаў пра даўжок. Давялося перагарнуць раз астатні “Блакітны ліхтар” №15 і выпраўляцца ў паліклініку, дзе мяне чакала чарговая прафіляктычная гутарка.
Гэтым разам чэкіст пачаў “прафіляктыку” з аналізу нашай творчасьці.
“Гэта вы напісалі: “Я цягнуся у кастрычніцкае раньне/ Дзе ты, мой вясёлы, цёплы май?/ А навокал толькі ветру скавытаньне/ І дарогі бруднай шчэ ня бачны край”?
Я моўчкі кіўнуў галавой.
“Ёсьць тэкст і падтэкст, і параўноўваць вялікі Кастрычнік з бруднай дарогай мы вам не дазволім”.
Я паспрабаваў быў апраўдвацца, але суразмоўца перагарнуў старонкі альманаха і працытаваў рыбікаўскі верш: “Нехта нечым ноты грае/ Ўсё крычыць бясконца./ Як раней мужык наш мае/ Ўсё у плямах сонца”. Прачытаўшы гэта, баец нябачнага фронту наставіў на мяне дапытлівыя вочы й з робленай пакутаю ўздыхнуў. Потым ён доўга цытаваў “чарнільную лірыку” Валер'я Шлыкава й гэтак жа доўга разважаў аб шкодзе, якую чыніць падобная лірыка справе выхаваньня маладога пакаленьня. Нарэшце, быў працытаваны ўрывак з артыкулу пра Ўладзімера Караткевіча — гэты пісьменьнік быў, поруч з Альбэрам Камю, маім тадышнім кумірам — і голас суразмоўцы набыў лагодны тэмбр. Гэбіст адкінуўся ў крэсьле й паведаміў, што асабіста ведае Ўладзімера Сымонавіча і, як бывае ў Менску, часьцяком завітвае да яго ў госьці. Я напачатку ня даў таму веры, а потым падумаў, што й сапраўды — такіх “сяброў у пагонах” вакол Караткевіча мусіла круціцца цэлая рота. “Сябар Караткевіча” стаў распавядаць пра свае сустрэчы зь пісьменьнікам, але тут у габінэт увайшоў мурлаты тыпус у шэрым пінжаку — відаць, начальнік, — і суразмоўнік прыхапіўся на ногі. Мурло задало мне толькі адно пытаньне: “Бацькі ведаюць, што табою займаюцца «органы»?” Я страсянуў чупрынаю, а праз пару дзён, вярнуўшыся з заняткаў, натыкнуўся ў калідоры на заплаканую маці. Маці плакала беспатольна, надрыўна і скрозь усхліпы прарываліся здушаныя словы: “Думала — вывучыцца... чалавекам стане... а ён... палез у палітыку...” Плакаць было з чаго: надоечы маці паведамілі, што ейны сын арганізаваў антысавецкую групу, якая была выкрыта органамі дзяржбясьпекі. Я адразу зразумеў, хто ініцыяваў такое “паведамленьне”, і ў душы пракляў мурлатага “арганіста”. Гэтая гульня на нэрвах здароўя маці не дадала. Яна была жанчынай уражлівай, а таму страшэнна перажывала з прычыны маёй “палітыкі”, а ў 1980 годзе памерла ад ішэмічнай хваробы сэрца, маючы ўсяго 52 гады.
Напачатку 90-х расейская ФСБ вярнула былым уладальнікам шмат з таго, што было рэквізавана органамі дзяржбясьпекі, у тым ліку і твораў самвыдату. Пры гэтым эфэсбоўцы прынесьлі афіцыйныя прабачэньні за колішнія беззаконьні. У нас жа нічога такога не назіралася. Больш за тое: мне давялося пачуць па “мацюгальніку” інтэрвію з адным кампэтэнтным таварышам, які заявіў, што ў Беларусі практычна не існавала самвыдату і спэцслужбы, адпаведна, за гэтую справу нікога не перасьледвалі.
Дзесьці ў 1993 годзе я папрасіў свайго сябра, дэпутата ВС Лявона Баршчэўскага, даведацца ў другога дэпутата, кіраўніка тадышняга КГБ Лавіцкага, ці ёсьць шанец атрымаць назад канфіскаваныя альманахі (у 74-м сп. Лавіцкі ўзначальваў абласную гэбісцкую ўправу, і “Блакітны ліхтар” грамілі не безь яго ведама). Як засьведчыў Лявон, галоўны чэкіст краіны параіў не марнаваць часу на пошукі канфіскаваных матэрыялаў, бо яны пасьля славутага путчу былі ператвораныя ў попел.
Фэерычным атрымаўся эпілёг.
Шэрыя тэчкі асабістых справаў, сьпісы агентаў і стукачоў, пажоўклыя старонкі даносаў — усё гэта гарыць і курчыцца ў пякельным агні, і толькі важкі, перахоплены аборкай пачак, аніяк не жадае гарэць. Нарэшце, ён паволі чарнее з аднаго кута, полымя дабіраецца да літары “А”, потым да маленькага, сіняй фарбай намаляванага ліхтарыка й нечакана ўспыхвае зыркім слупом, асьвятліўшы мітусьлівыя рукі й зварухнуўшы цені на пашарпанай сьцяне.
1997 г.