— У Кёнігсбэргу былі нядоўга. Праз пару тыдняў усьцягнулі на пляцформы гаўбіцы, атрымалі сухі паёк — і-і... — вэтэран махнуў рукой у бок разнасьцежанага акна, за якім ціўкалі вераб’і, — паехалі на ўсход, біць японца.
Пальцы вэтэрана, якія памяталі дым кёнігсбэрскіх пажарышчаў, цёплыя навобмацак 152-мілімэтровыя снарады й гарачыя гарматныя гільзы, і за пазногцямі якіх — мне так здалося — чарнела выпаленая пруская зямля, дробна заляпалі па абрусе, спарадзіўшы ў душы пачуцьцё раўнадушнай спагады.
— Пад Харбінам атрымаў кантузію, і мяне з войску камісавалі. Падаўся дахаты. Прыехаў, пахадзіў — адныя коміны тырчаць. Усё спалена, — вэтэран палашчыў ката, які круціўся ля ног, і кот, здаволена сцыкнуўшы ценькім, амаль ня бачным струмком, скочыў спачатку мне на калені, а потым на стол. — Уладкаваўся ў школу. Далі мне мне аж пяць прадметаў. Нават беларускую мову выкладаў, — вэтэран скінуў са стала кудлатага сцыкуна, а я, піхнуўшы ў кішэнь пінжака журналісцкі блякнот, нясьмела запытаўся: — Дык мо' па-беларуску напішам?
Былы выкладчык белмовы дакорліва, аднымі вуснамі пасьміхнуўся, а гузаваты нос ягоны зьлёгку пачырванеў.
— Э-э... таварыш журналіст... Колькі я з-за тае мовы наслухаўся розных кпінаў... — вэтэран уздыхнуў, правёў далонямі па сівых валасах, ціха дадаў: — Толькі гэта не для газэты.
Працяглую паўзу перарваў яшчэ адзін пакутлівы ўздых.
— Да вайны ведаеце як было: усе падручнікі беларускія. Вучыўся я добра; скончыў сямігодку, потым дзесяцігодку, і ў Ленінград падаўся — паступаць у ваенную вучэльню. І вось, сяджу на іспыце. Адказаў усё без запінкі, выкладчык ківае і задае дадатковае пытаньне. “А ну, — кажа, — какова мощность двигателя танка Т-35?”
“Мощность двигателя танка Т-35, — адказваю, — 280 конских сил”.
Усе, хто сядзеў у аўдыторыі, у тым ліку і выкладчык, палеглі ад сьмеху. Па-расейску ж трэба: «лошадиных». А я сяджу, нічога не разумею, а калі сьмех суняўся, зноў — ці-іха так кажу: “280… конских сил...”
І колькі я там, у Піцеры, вучыўся, столькі мяне Конскай Сілай называлі. У саракавым годзе, пасьля заканчэньня вучэльні, у Кіеў разьмеркаваўся. Іду па горадзе, шукаю сваю частку. На сэрцы крыху трывожна. Але супакойваю сябе: вось, думаю, і адкаснулася ад мяне гэтая паганая мянушка. І толькі так падумаў, чую — гарлае хтосьці за сьпінай: “Конская Сіла-а!” Азірнуўся: Васька Альхоўскі з нашага выпуску; бяжыць праз вуліцу, рэчторбай махае. Я, вядома, выгляду не падаў, парукаўся з Васькам, а на разьвітаньне папрасіў яго больш мяне так не называць.
Вэтэран змоўк, адкінуў нагой ката-назолу і, пасьля паўзы, незадаволена прабурчэў: — А вы кажаце — беларуская мова...
За акном з зычным вэрхалам узьнялася вераб’іная чародка й нехта па-старэчы непракерхана выдыхнуў: — Пятровіч!
Суразмоўнік падняўся з крэсла.
— Ну што, Конская Сіла... Выходзь, “казла” заб’ем, — прагучала знадворку і вэтэран, вытыркнуўшы ў акно сівую галаву, прамармытаў: — Сьпіна баліць, ды і чалавек у мяне... з рэдакцыі... артыкул да Дня Перамогі піша.
Я таксама падхапіўся на ногі.
На парозе мы паціснулі адно другому рукі.
— А вы кажаце... — паўшэптам паўтарыў вэтэран.
Кроў прыліла да твару. Мне карцела штосьці адказаць: маўляў, супакойцеся, пахавалі беларускую мову і магілу прысыпалі вапнай, ды шэры кот сувора зірнуў на мяне жоўтымі зекрамі і, на знак згоды з гаспадаром, бязгучна вякнуў.
Ноччу мне прысьніўся танк Т-35. Жалезная гаргара, напінаючы ўсе свае 280 конскіх сілаў, пёрла насустрач, а на брані, трымаючыся за поручні верхняй вежы, стаяў вэтэран Пятровіч і махаў пустым рэчмяшком. “Вася! Вунь ён!” — нема загарлаў Пятровіч, паказваючы ў мой бок. Усе пяць танкавых вежаў разам зварухнуліся, і ў назіральнай шчыліне мэханіка-кіроўцы злавесна бліснулі каціныя вочы...
— Што, зноў на сьценку лезеш?! — пачуўся заспаны жончын голас, і я перавёў дых. — І калі ўжо сыдзеш з той газэты... — прамармытала жонка, ускінула на мяне руку і празь імгненьне стоена засапла.
Я доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма, глядзеў на рухомыя сукосьнікі — адбіткі аўтамабільных фараў, — што паўзьлі па сьцяне, а калі жонка схрапянула і абхапіла мяне гарачай рукой, прымаючы ў сьне немаведама за каго, падняўся з ложку і пайшоў на кухню піць валяр’янку.