Ліст з далёкай Альбаніі


Усе мы, адраджэнцы сямідзясятых, любілі яго. Любілі за тое, што ён ратаваў гонар беларускай літаратуры, што не лізаў капытоў савецкаму ідэалягічнаму чорту, не пісаў, у адрозьненьне ад іншых “членаў” Саюзу пісьменьнікаў, панэгірыкаў партыі і ленінскаму камсамолу.

Мы любілі яго — пісьменьніка, працавіка нацыянальнага духу — і ўсё адно: толькі пасьля ягонай сьмерці дарэшты зразумелі, каго страцілі.

... Цёплым ліпеньскім днём 84-га я сустрэў на вуліцы Навума Гальпяровіча і той паведаміў: памёр Караткевіч. Ад такой навіны балюча сьціснулася сэрца; я цэлы дзень хадзіў ачмурэлы, а ўвечары, разам з паэтам Алехнам Мінкіным, сеў памянуць памерлага.

“Як ты думаеш, можа атруцілі?” — запытаў я тады сябра.

“Ды не... Бачна было, што доўга не працягне. Адныя вочы сьвяціліся, — адказаў сябра (напярэдадні Алехна Мінкін езьдзіў у Менск і пазнаёміўся там з Караткевічам). — Зайшлі да яго з Глёбусам, кніжку мне падпісаў. Казаў: трэба, хлопцы, працаваць. Толькі працай і можна чагосьці дасягнуць”.

Таго ж вечару ўзьнікла ідэя выдаць самвыдатам кніжку ўспамінаў пра Караткевіча: сябар паабяцаў падключыць да справы Алега Бембеля, але неўзабаве мы зь Мінкіным зьехалі на Поўнач і праект гэты так і ня быў рэалізаваны.

Мінула пятнаццаць гадоў, і леташняй вясною атрымаў я ліста з далёкай Альбаніі, ад прафэсара філялёгіі Коча Біхіку. “Ці ведаеце вы такога Ўладзімера Караткевіча? — пісаў прафэсар па-альбанску, — У 1949-54 г. мы зь ім вучыліся разам у Кіеўскім дзяржаўным унівэрсытэце. Калі гэта магчыма — паведамце мне ягоны адрас”.

Што я мог адказаць? Напісаў, што Ўладзімер Караткевіч — адзін з тых нешматлікіх творцаў, якога з поўным на тое правам можна назваць клясыкам беларускай літаратуры, што памёр ён паўтара дзясятка гадоў таму, і што на радзіме яму пастаўлены помнік.

У хуткім часе прафесар, ужо на добрай расейшчыне, паведаміў, што лічыў мяне касаварам, якога лёс закінуў у Беларусь, выбачаўся за памылкі ў расейскай мове і вельмі смуткаваў з нагоды заўчаснай сьмерці свайго ўнівэрсытэцкага сябра. “Валодзя, колькі яго памятаю, заўсёды быў вясёлым і дасьціпным хлопцам”, — напісаў прафэсар.

А зусім нядаўна лёсіла мне завітаць у майстэрню наваполацкага мастака Ігара Куржалава.

“Хочаш паглядзець цікавыя рэчы? — запытаўся мастак. — Працую над экспазыцыяй музэю Караткевіча, маю тут ягоныя рукапісы ды асабістыя рэчы”.

Я, не без хваляваньня, перагарнуў старонкі рукапісу драмы “Млын на Сініх Вірах”, узяў у рукі альбом выпускнікоў філфаку Кіеўскага ўнівэрсытэту і ўбачыў, у акуратных авалах, здымкі Ўладзімера Караткевіча і Коча Біхіку. Альбанец атрымаўся занадта сур’ёзным, а вось беларус Караткевіч пасьміхаўся з фотаздымку і такім — маладым і вясёлым жыцьцялюбам — ён застаўся ў памяці сучасьнікаў: як у Беларусі, так і ў далёкай Альбаніі.


Загрузка...