Раздзел XV



Піраты шукаюць чарапашыных яек.

Пасля абеду ўся банда рушыла на бераг — па чарапашыны яйкі. Хлопчыкі тыркалі палкамі ў пясок і, дзе знаходзілі мяккую мясціну там апускаліся на калены і пачыналі капаць пясок рукамі. З некаторых ям здабывалі адразу па пяць-шэсць дзесяткаў яек. Яйкі былі зусім круглыя, белыя, крыху меншыя за грэцкі арэх. У гэты дзень у іх была багатая вячэра і такое самае снеданне ў наступную раніцу.

Пасля снедання яны скакалі і бегалі па беразе, ганяліся адзін за адным, раздзяваліся на хаду і дурэлі ў вадзе, змагаючыся з цячэннем, якое іх валіла з ног, а гэта яшчэ больш надавала весялосці. А то набяруць вады ў прыгаршчы і пачнуць пырскаць адзін аднаму ў твар. Канчалася гэта агульнай тузанінай, у часе якой усім тром даводзілася пакачацца па дне і паглытаць вады.

Выбіўшыся з сіл, яны выбягалі з вады, кідаліся на гарачы пясок і закопваліся ў яго, а потым зноў кідаліся ў ваду і зноў пачыналася тое самае. Нарэшце ім прышло ў галаву, што іхняе голае цела зусім падобнае на трыко цялеснага колеру; яны начарцілі на пяску круг і наладзілі цырк, у якім уся трупа складалася з трох клоунаў, бо ніводзін з іх не захацеў узяць іншую ролю.

Потым яны ўзялі свае галачкі і гулялі з імі, пакуль не абрыдала. Паступова яны разышліся ў розныя бакі, задумаліся, і кожны з іх з нудою глядзеў у той бок, дзе ляжаў заліты сонцам родны гарадок. Том, сам таго не заўважаючы, пісаў на пяску вялікім пальцам нагі — «Бэкі». Ён злавіў сябе на гэтым учынку, раззлаваўся на такую слабасць, і сцёр напісанае, але не мог стрымацца і зноў напісаў гэта імя, потым зноў сцёр і, каб перамагчы спакусу, далучыўся да таварышоў.

Але ў Джо зусім сапсаваўся настрой. Ён так знудзіўся па доме, што ледзь стрымліваў слёзы.

Нават Гек засумаваў. Толькі Том бадзёрыўся: у яго была тайна, якую ён пакуль што не хацеў адкрываць таварышам, але парашыў, калі яму не ўдасца скінуць з іх нуду, сказаць ім зараз-жа. І з абыякім выглядам ён кінуў зачэпку:

— А ведаеце што: я гатоў спрачацца, што на гэтым востраве і перад намі былі піраты. Давайце абыйдзем яго яшчэ раз. Тут, напэўна, дзе-небудзь схаваны скарб. Што вы скажаце, калі мы натрапім на спарахнелы куфар, напоўнены золатам і срэбрам?

Але гэтая прапанова не выклікала асаблівага захаплення.

Том зрабіў яшчэ дзве-тры прывабныя прапановы, але ўсе яго намаганні былі дарэмныя. У яго апускаліся рукі.

Джо сумна торкаў палкай у пясок, і выгляд у яго быў самы хмурны. Нарэшце ён сказаў:

— Ох, браткі, кінем гэтую выдумку! Я хачу дадому. Тут вельмі нудна.

— Ды не, Джо, ты прызвычаішся,— угаварваў Том.— Ты падумай, як добра тутака ловіцца рыба.

— Не трэба мне ніякай рыбы,— я хачу дамоў.

— А купанне? Другога-ж такога месца для купання не знойздем.

— І купанне не памагае. Я неяк і купацца цяпер разахвоціўся, калі ніхто не забараняе. Я хачу дадому.

— Фу, якое глупства! Маленькі! Да мамкі захацеў!

— Ну але, да мамы! І табе захацелася-б, каб у цябе была маці. І зусім я не маленечкі,— мне столькі год, колькі і табе.

І Джо ціха заплакаў.

— Ну, добра, хай сабе наша плаклівае дзіцянё адпраўляецца дахаты, к мамцы, мы яго адпусцім. Так, Гек? Бедненькі, ён па мамцы знудзіўся. Ну, што-ж? Хай ідзе! Табе-ж, Гек, падабаецца тут, ці не так? Мы з табой застанемся тут?

— Та-ак,— сказаў Гек абыякім тонам.

— Я з табой больш не знаёмы,— абвясціў Джо, устаючы. — Так і ведай!

Ён панура адышоў і пачаў адзявацца.

— Невялікая бяда! — адказаў Том. — Калі ласка! Нікому ты тут і не патрэбны. Адпраўляйся дахаты, няхай з цябе ўсе смяюцца. Добры пірат, няма чаго казаць! Гек і я — не такія плаксы, як ты. Мы застанемся тут, праўда, Гек? Хай ідзе, калі хоча. Абыйдземся і без яго.

Джо, не адказваючы, панура нацягваў на сябе адзежу. Том, не гледзячы на свой напускны спакой, у душы быў устрывожаны і нават засмучоны. Яшчэ болей трывожыў яго выгляд Гека, які сумна і маўкліва сачыў за зборамі таварыша ў дарогу. Джо адзеўся і, не сказаўшы ні слова на развітанне, пайшоў у бок ілінойскага берага. У Тома сціснулася сэрца. Ён паглядзеў на Гека. Той не мог вытрымаць гэтага погляду і апусціў вочы, а потым сказаў:

— І мне таксама ахвота пайсці, Том. Неяк нудна тут стала, а цяпер будзе яшчэ нудней. Пойдзем і мы, Том!

— Ідзі, калі хочаш, а я не пайду. Я застануся.

— Том, я лепш пайду.

— Ну ідзі—хто табе не дае?

Гек пачаў збіраць свае параскіданыя рэчы, кажучы:

— Хадзем са мной, Том! Сапраўды, падумай добра. Мы пачакаем цябе на беразе.

— Доўга вам прыдзецца чакаць.

Гек з сумам пайшоў. Том стаяў і глядзеў яму ўслед, адчуваючы вялікае жаданне схаваць у кішэнь свой гонар і пайсці за імі. Ён чакаў, што хлопчыкі спыняцца, але яны паволі адыходзілі ўсё далей і далей. Том раптам заўважыў, што навакол зрабілася неяк незвычайна пуста і ціха. Тады ён зусім перамог сваю ганарыстасць і пусціўся бегчы ўслед за таварышамі з крыкам:

— Стойце! Стойце! Мне трэба вам нешта сказаць!

Тыя спыніліся і павярнулі назад. Дагнаўшы іх, Том пачаў адкрываць ім сваю тайну. Яны спачатку слухалі яго з кіслымі мінамі, а калі ўцямілі, у чым справа, то пачалі скакаць і крычаць ад захаплення, кажучы, што гэта-ж «дзівосна» і, каб ён сказаў ім раней, яны і не падумалі-б ісці.

Хлопчыкі весела вярнуліся назад і ўзяліся зноў за гульні, увесь час балбочучы пра незвычайную выдумку Тома і дзівячыся з яго вялікага розуму. Пасля смачнага абеду з яек і рыбы, Том сказаў, што цяпер ён хоча навучыцца курыць. Джо ўхапіўся за гэтую думку і абвясціў, што ён таксама паспрабуе. Гек зрабіў люлькі і напхаў іх тытуном. Да гэтага часу абодва навічкі курылі цыгары з вінаграднага лісця, але гэтыя цыгары «кусалі» язык і наогул лічыліся нявартымі мужчын.

Яны разлягліся на зямлі, абаперліся на локці і пачалі асцярожна ўцягваць ў сябе дым без асаблівага давер’я да яго. Дым быў непрыемны на смак і душыў іх, але Том сказаў:

— Ды гэта зусім лёгка! Каб я ведаў раней, я даўно пачаў-бы курыць.

— І я таксама,— падтрымаў Джо. — Зусім плёвая справа!

— Колькі разоў глядзеў я, як іншыя кураць і думаў: «вось каб і мне навучыцца!» але быў упэўнены, што мне не ўдасца. Вось я заўсёды такі. Праўда, Гек? Ты-ж чуў гэта ад мяне? Вось няхай Гек скажа.

— Так, казаў многа разоў,— пацвердзіў Гек.

— Ну але, казаў сотні разоў. Адзін раз, памятаеш, гэта было каля бойні. Там былі яшчэ Боб Тэнэр, Джоні Мілер і Джэф Тэчэр. Ты памятаеш, Гек, што я сказаў?

— Так, памятаю. Гэта было ў той дзень, калі я згубіў свой мячык... Не, напярэдадні.

— Ну вось, Гек памятае.

— Я думаю, што я мог-бы курыць такую люльку ўвесь дзень,— сказаў Джо. — Мяне ані не нудзіць.

— І мяне таксама! — сказаў Том. Я мог-бы курыць увесь дзень, але буду спрачацца, што Джэф Тэчэр не мог-бы.

— Джэф Тэчэр? Куды яму! Ды ён і двух зацяжак не зробіць! Хай толькі паспрабуе!

— Вядома, не зробіць, і Джоні Мілер таксама. Хацеў-бы я паглядзець, як Джоні Мілер пачаў-бы курыць!

— Ды куды ён варты, Джоні Мілер! Ён нічога не ўмее. Ён ад першай зацяжкі скапыціцца.

— Праўду кажаш, Джо. Слухай: вось каб таварышы маглі нас бачыць цяпер!

— Ах, як-бы я хацеў гэтага! Слухайце-ж, браточкі, цыц, нікому ні слова! А калі-небудзь, як усе будуць у зборы, я падыйду да цябе і скажу: «Джо, ёсць у цябе люлька? Пакурыць ахвота». А ты адкажаш важна так, нібы гутарка ідзе аб глупстве: «Так, ёсць мая старая люлька і другая ёсць, толькі тытун у мяне не вельмі добры». А я скажу: «Ну, ды ўсёроўна, абы толькі быў моцны». I тады ты выцягнеш люлькі, і мы абодва закурым, як мае быць,— няхай паглядзяць!

— Вось-жа весела будзе, Том! Я-б хацеў, каб гэта было цяпер.

— І я! А калі мы ім скажам, што навучыліся курыць, калі былі піратамі, то яшчэ больш зайздросціць будуць.

— Ды ўжо-ж! Вядома, будуць.

Праз некаторы час гэтая гутарка нейк завяла і пачала перарывацца. Паузы рабіліся даўжэйшымі. Затое колькасць сліны надзвычайна павялічылася. Рот у кожнага хлопчыка ператварыўся нібы ў фантан. Яны ледзь паспявалі ачышчаць скляпенні ў сябе пад языком, каб папярэдзіць паводку. Не гледзячы на ўсе іхнія намаганні, ім залівала горла, і кожны раз пасля гэтага рабілася млосна.

Абодва навічкі збялеліся, і выгляд у іх быў самы няшчасны. У Джо вывалілася люлька з аслаблых пальцаў, у Тома таксама. Нарэшце, Джо слабым голасам прамовіў:

— Я згубіў свой ножык, трэба пайсці пашукаць.

Том дрыжачымі губамі і перарывістым голасам вымавіў:

— Я памагу табе. Ты ідзі ў гэты бок, а я пайду вунь туды, к крыніцы. Не, Гек, ты не ідзі за намі, мы самі знойдзем.

Гек усеўся на сваё месца і чакаў больш гадзіны. Потым знудзіўся і пайшоў шукаць таварышоў. Ён знайшоў іх у лесе, далёка адзін ад аднаго; абодва былі бледныя і нейкія сонныя. Але нешта падказала яму, што калі раней ім было вельмі дрэнна, то цяпер прычына гэта адхілена.

За вячэрай абодва былі маўклівыя, глядзелі неяк баязліва, і калі Гек пасля вячэры закурыў люльку і прапанаваў ім таксама, то абодва адмовіліся, спасылаючыся на хворасць,— мабыць у абед яны з’елі што-небудзь такое, што пашкодзіла ім.

Загрузка...