Набліжаліся канікулы. Настаўнік, заўсёды строгі, зрабіўся яшчэ больш суровы і вымагальны: яму хацелася, каб яго школа вызначылася на экзаменах. Яго палка і лінейка цяпер рэдка ляжалі без работы, прынамсі ў малодшых класах. Толькі вялікія хлопцы ды маладыя дзяўчаты гадоў восемнаццаць-дваццаць былі вызвалены ад кары. А містэр Добінс караў добрасумленна; ён хоць і хаваў пад парыком лысы бліскучы чэрап, але гадоў меў не так ужо многа і мускулы ў яго былі здаровыя.
Чым больш набліжаўся вялікі дзень, тым больш выяўлялася схаваная ў ім жорсткасць і ўхіл да катавання: здавалася, яму прыемна было караць за самыя нязначныя правіны. Няшчасныя малышы ўдзень цярпелі страх і боль, а ўначы абмяркоўвалі планы помсты. Яны скарыстоўвалі кожны выпадак, каб учыніць штуку свайму настаўніку. Але дзе-ж ім было цягацца з ім? За кожнай такой штукай ішла такая страшная кара, што хлопчыкі заўсёды аставаліся пабітымі і асаромленымі ў гэтай барацьбе.
Нарэшце яны арганізавалі змову і прыдумалі план помсты, які абяцаў бліскучую перамогу. Яны даверылі сваю тайну сыну маляра, які маляваў шыльды, і ўгаварылі яго памагаць ім. Той прышоў у захапленне — і не дзіва: настаўнік сталаваўся ў доме яго бацькі, і ў хлопчыка было досыць прычын ненавідзець яго. Як знарок, жонка настаўніка збіралася паехаць на некалькі дзён да знаёмых у госці, і, значыцца, ніхто не мог перашкодзіць выкананню задуманай помсты. Настаўнік быў п’яніца, і сын маляра абяцаў таварышам, што ў вечар экзамена, калі настаўнік вып’е і засне ў сваім крэсле, ён «усё наладзіць», а сам уцячэ.
Усё вышла, як думалі. А восьмай гадзіне вечара вызначанага дня будынак школы быў ярка асветлены і ўпрыгожаны гірляндамі і фестонамі з лісцяў і кветак. Настаўнік сядзеў на ўзвышэнні, у вялікім крэсле. Ззаду ад яго была чорная дошка. Па твары яго відаць было, што ён ужо досыць пачаставаў сябе віном. Шэсць радоў лавак супроць яго і па тры пярэдніх з кожнага боку былі заняты ўрадаўцамі і бацькамі вучняў. Налева, за галовамі абываталяў, на шырокім часовым памосце сядзелі школьнікі, якія павінны былі прымаць удзел у сёнешнім экзамене; шэрагі маленькіх хлопчыкаў, умытых, святочна ўбраных і адчуваючых сябе вельмі няёмка ў парадных касцюмах; шэрагі нязграбных хлопчыкаў-падлеткаў; нарэшце, шэрагі дзяўчынак і дарослых дзяўчат, убраных у батыст і муслін і, відаць, ні на хвіліну не забываўшых пра свае голыя рукі, з надзетымі на іх бабкавымі бразгалкамі, і пра ружовыя і блакітныя банты ды кветкі на галаве. Далей ужо сядзелі школьнікі, якія не прымалі ўдзелу ў іспытах.
Пачалося з таго, што малюсенькі хлопчык устаў і нясмела прадэклямаваў: «Наўрад ці вы маглі чакаць, каб крошка-хлопчык мог сказаць», суправаджаючы дэклямацыю ненатуральнымі, недарэчнымі рухамі, нібы машына, у якой нешта папсавалася. Але тым не менш ён шчасліва дабраўся да канца, быў узнагароджаны апладысментамі, аддаў вывучаны паклон і пайшоў на сваё месца.
Вышла маленькая засаромленая дзяўчынка, прамармытала: «У Мэры было ягнё», зрабіла нязграбны кніксен і пад плясканне публікі, чырвоная і шчаслівая, села на сваё месца.
Потым са штучнай вольнасцю на эстраду вышаў Том Соўэр і пачаў дэклямаваць старое, але неўміручае: «Дайце мне волю або забіце мяне!», люта падвышаючы голас і махаючы рукамі; але, дайшоўшы да палавіны, ён запнуўся. Жах ахапіў яго, ногі падкасіліся, у горле нешта душыла, ён не мог вымавіць ні слова. Праўда, слухачы, відаць, спачувалі яму, але яны маўчалі, і гэтая маўчанка прыгнятала Тома больш яшчэ, чымся іхняе спачуванне. Настаўнік нахмурыўся, і гэта зусім даканала хлопчыка. Ён напнуўся яшчэ крыху і, зусім збянтэжаны, сышоў з эстрады. Былі спробы падтрымаць яго апладысментамі, але вельмі слабыя.
Далей ішло: «Хлопчык стаяў на палаючай палубе»,— «Асірыйцы ішлі, як на статак ваўкі» і іншыя ўзорныя ўрыўкі для галоснага чытання. Потым юныя лэдзі асабіста чыталі свае ўласныя творы. Кожная па чарзе выходзіла на край эстрады, прачышчала горла, вымала рукапіс, перавязаны прыгожанькай істужачкай, і пачынала чытаць, выконваючы належным чынам інтанацыю і знакі прыпынку.
Тэмы твораў былі тыя самыя, на якія пісалі ў падобных выпадках мамкі, бабкі і прабабкі гэтых дзяўчат аж да самых крыжовых паходаў: «Сяброўства», «Успаміны пра мінулае», «Казачнае царства», «Перавагі адукавання»,
Малюсенькі хлопчык і і маленькая дзяўчынка. |
«Журба», «Любоў да бацькоў» і г. д. і г. д. Першы прачытаны твор меў загаловак: «Дык вось якое жыццё!» Чытанне час ад часу перапынялася заўвагамі публікі, накшталт: «Як хораша!», «Як красамоўна!», «Якая праўда!» і г. д.
Услед за тым з’явілася смуглявая, чорнавокая і чорнавалосая дзяўчына, вытрымала эфектную паузу, зрабіла трагічную міну і стрымана пачала:
«Здань. Ноч была цёмная і бурная. Вакол нябеснага трона не дрыжэла ніводнай зоркі, але затое ў вушах безупынна дрыжэлі глухія раскаты грому, а жахлівыя маланкі сярдзіта пранізвалі воблачныя нябесныя зводы, здавалася, пагарджаючы ўладай, якую ўзяў над іх страшнай сілай Франклін [5]. Нават буйныя вятры аднадушна пастанавілі пакінуць свае тайныя сховы і бушавалі, нібы для таго, каб надаць яшчэ больш жудасці дзікай сцэне. У гэтую гадзіну цемры і жаху дух мой прагнуў чалавечага спачування, але замест таго да мяне з’яўлялася яна — мой лепшы прыяцель, мой усцяшальнік, дарадца і кіраўнік, мая радасць у горы і благаславенне ў радасці» і г. д. і г. д.
Увесь твор займаў дзесяць старонак і канчаўся незвычайна суровай пропаведдзю. Ён быў прызнаны дасканалым, і яму была прысуджана першая ўзнагарода. Гарадскі галава, выдаючы аўтару ўзнагароду, зрабіў цёплую прамову, што «ніколі не чуў нічога больш красамоўнага».
Настаўнік зусім развесяліўся. Адсунуўшы крэсла і павярнуўшыся спіной да аўдыторыі, ён пачаў рысаваць на дошцы карту Амерыкі, каб потым пераэкзаменаваць вучняў па геаграфіі. Але рука дрэнна слухалася яго, і па класе пранеслася стрыманае хіхіканне. Ён ведаў, у чым справа, і стараўся паправіцца. Ён сціраў нарысаванае і чарціў зноў, але выходзіла яшчэ горш, і хіхіканне чулася яшчэ больш.
Ён накіраваў усю сваю ўвагу на работу, каб спыніць гэты непрыемны смех. Ён адчуваў, што ўсе вочы накірованы на яго, і думаў, што справа наладжваецца, але смех укласе не сцішаўся а, наадварот, узмацняўся. І не дзіва!..
Акурат над галавой настаўніка была адтуліна ў столі — люк, і праз гэты люк ціха спускалася на вяроўцы кошка, перавязаная вяроўкай вакол тулава, прычым галава яе была туга абвязана трапкай, каб яна не мяўкала. Павольна спускаючыся, яна выгіналася ўсім целам і цягнулася ўверх, каб злавіць кіпцюрамі вяроўку, але лавіла толькі паветра. Хіхіканне рабілася ўсё гучнейшым. Кошка была ўжо на сантыметраў дваццаць ад занятога сваёй справай настаўніка... ніжэй... яшчэ ніжэй... міг — і яна ў роспачы ўчапілася за парык і разам са сваім трафеем умомант узляцела ўгару на вачах здзіўленай публікі. І вакол лысага чэрапа м-ра Добінса раптам разлілася ззянне, бо сын маляра пазалаціў яму лысіну!..
Пасля гэтага сход разышоўся. Хлопчыкі адпомсцілі. Надышлі канікулы.
Бэкі Тэчэр паехала на лета з бацькамі ў другі горад, і з яе ад’ездам змеркла ўся радасць жыцця Тома.
Пакараны настаўнік. |