Раздзел XXVII


Том і Гек пастанавілі паспрабаваць у той-жа вечар. Да дзевяці гадзін яны бадзяліся каля карчмы. Адзін наглядаў за ўваходам, другі — за дзвярмі, што выходзілі ў закавулак. У закавулку ніхто не паказваўся; ніхто, падобны да іспанца, не ўваходзіў у карчму і не выходзіў адтуль.

Ноч была ясная, і Том пайшоў дадому, умовіўшыся з прыяцелем, што калі сцямнеецца, той прыдзе пад акно і мяўкне, тады Том вылезе праз акно, і яны пойдуць прымяраць ключы. Але ноч была светлая, і пасля дванаццаці Гек пакінуў свой наглядальны пункт і залез спаць у пустую бочку з-пад цукру, якая служыла яму прытулкам уначы.

У аўторак хлопчыкам зноў не пашанцавала, у сераду — таксама. Але ў чацвер ноч абяцала быць цёмнай. Том загадзя выбраўся з дому з цётчыным старым бляшаным ліхтаром і вялікім рушніком, каб закрываць яго. Ліхтар ён схаваў у бочцы, дзе начаваў Гек, і абодва пачалі пільнаваць. За гадзіну да поўначы карчму зачынілі і пагасілі ў ёй агні. У іншых дамах святло даўно ўжо згасла. Словам, умовы складаліся спрыяючыя. Ноч была цёмная, хоць у вока калі. Цішыня часамі парушалася толькі грукатам далёкага грому.

Том дастаў свой ліхтар, запаліў яго, не вымаючы з бочкі, і нашы героі ў цемры падкраліся да карчмы.

Гек стаў на варце ля ўваходу, а Том вобмацкам пачаў прабірацца ў закавулак. Настала непрыемная цішыня, якая вельмі прыгнятала Гека. Ён ужо захацеў, каб перад ім у цемры бліснула святло ліхтара; гэта спалохала-б яго, але затое паказала-б, што Том яшчэ жывы.

З таго часу, як Том знік, прайшло, здавалася, некалькі гадзін.

«Пэўна яму зрабілася млосна», думаў Гек. «Можа ён нават памёр ад страху».

Устрывожаны Гек пасоўваўся ўсё бліжэй да закавулка, уяўляючы сабе ўсялякія жахі і штохвілінна чакаючы якой-небудзь катастрофы. Ён ледзь дыхаў, а сэрца ў яго так моцна стукала, што ён баяўся, каб яно не разарвалася.


Індзеец ляжаў на падлозе і моцна спаў.

Раптам бліснула святло, і міма праімчаўся Том.

— Бяжы! — шапнуў ён. — Бяжы, ратуйся!

Паўтараць не трэба было... Раней як Том паспеў скончыць гэтыя словы, Гек ужо ляцеў з хуткасцю ветру. Хлопчыкі не спыняліся, пакуль не дабеглі да пакінутай бойні на другім канцы горада. Не паспелі яны схавацца пад павеццю, як пачалася навальніца, і дождж паліў, як з вядра. Аддыхаўшыся крыху, Том пачаў расказваць:

— Ох, Гек, як страшна было! Я паспрабаваў два ключа, стараўся як мага цішэй, але яны так лязгалі, што я ледзь дыхаў ад жаху, і ніяк не хацелі паварочвацца ў замку. Раптам я, сам таго не заўважаючы, націскаў на ручку,— і дзверы адчыніліся. Яны былі не зачыненыя. Я ўскочыў, скінуў рушнік і...

— Што-ж? Што-ж ты ўбачыў, Том?

— Гек! Я ледзь было не трапіў на лапы індзейца Джо!

— Ды што ты?

— Ну, але. Ён ляжаў на падлозе і моцна спаў, раскінуўшы рукі, а на воку, як раней, пляйстар.

— Няўжо-ж? І што-ж ты зрабіў? Ён прачнуўся?

— Не, нават не паварухнуўся. П’яны мабыць. Я схапіў рушнік і бегчы!

— Вось ужо я-б у такі момант не ўспомніў пра рушнік.

— А я ўспомніў. Каб ён прапаў, дала-б мне цётка!

— Слухай, Том, а скрынку ты бачыў?

— Ну, чаго яшчэ! Быў мне час разглядаць! Нічога я не бачыў — ні скрынкі, ні крыжа, нічога, апрача бутэлькі і бляшанага кубка на падлозе каля індзейца Джо. І яшчэ бачыў у пакоі дзве бочачкі і шмат бутэлек. Цяпер ты разумееш, якія духі там водзяцца?

— Ну якія-ж?

— Ды гарэлкавы дух! Можа, ва ўстановах таварыства цвярозасці заўсёды ёсць такія пакоі, а? Як ты думаеш, Гек?

— Магчыма, што і так. Хто-б гэта мог падумаць? Слухай, Том, а цяпер-жа ж самы лепшы момант узяць скрынку, калі індзеец Джо ляжыць п’яны.

— Ну, што-ж? Ідзі, паспрабуй!..

Гек уздрыгануўся.

— Не, не хачу.

— І я не хачу, Гек. Адной бутэлькі каля індзейца Джо мала. Каб там было тры, тады яшчэ можа...

Некаторы час хлопчыкі маўчалі. Потым Том сказаў:

— Ведаеш што, Гек, не будзем і спрабаваць, пакуль даведаемся напэўна, што індзейца няма ў гэтым пакоі. А то вельмі ўжо страшна. Калі мы будзем вартаваць кожную ноч, то калі-небудзь павінны-ж будзем убачыць, як ён вышаў, і тады мы ў адзін момант схопім скрынку — і дадому!

— Добра, згодзен. Я гатоў пільнаваць хоць усю ноч да раніцы і кожную ноч, толькі рэшту ты ўжо вазьмі на сябе.

— Згодзен і я. Ты толькі прабяжы па нашай вуліцы і мяўкні. А калі я адразу не вылезу, ты кінь пяском у акно, і я прачнуся.

— Глядзі-ж, слова даражэй за грошы!

— Ну, Гек, цяпер навальніца прайшла, я пабягу дахаты. Цяпер ужо і да світання недалёка,— усяго якіх-небудзь дзве гадзіны. Ты там пакуль пасцеражы,— добра?

— Добра! Добра! Я цэлы год буду бадзяцца па начах каля гэтай карчмы. Удзень буду спаць, а ўначы пільнаваць.

— Гэта правільна. А дзе-ж ты будзеш спаць?

— У пуні ў Бена Роджэрса. Ён нічога, пускае мяне. І іхні негр, дзядзя Джэк, таксама не гоніць. Я цягаю ваду для Джэка, калі ён пасылае мяне; часам ён мне і пад’есці дасць, калі ў яго знойдзецца. Ён вельмі добры, Том. Ён мяне любіць, таму што я ніколі перад ім не задаюся, не задзіраю носа.

— Добра, Гек, я не буду турбаваць цябе ўдзень. Я пабуджу цябе толькі ў тым выпадку, калі ўжо вельмі, вельмі трэба будзе. А калі ты ўначы што заўважыш, зараз да мяне пад акно — і мяўкні...

Загрузка...