Том з’явіўся перад цёткай Поллі, якая сядзела каля расчыненага акна.
— Цёця, можна мне ісці гуляць?
— Як! Ужо? Колькі-ж ты зрабіў?
— Усё зроблена, цёця.
— Том! Не мані мне! Я гэтага цярпець не магу.
— Я не маню, цёця. Усё гатова.
Цёця Поллі ўсё-ж такі не паверыла. Яна пайшла сама паглядзець і была-б рада, каб словы Тома хоць на дваццаць процантаў аказаліся правільнымі. Калі-ж яна ўбачыла, што ўвесь плот пабелены, ды яшчэ пабелены густа, у некалькі пластоў, і нават па зямлі ўздоўж плота праведзена белая паласа,— яна прышла ў невыказнае здзіўленне.
Пасля бойкі. |
— Ну, ведаеш, гэтага ўжо ніколі не падумала-б!.. Трэба сказаць праўду, Том, ты можаш працаваць, калі захочаш. — Тут яна палічыла патрэбным змякчыць камплімент: — Толькі вельмі ўжо рэдка табе гэтага хочацца. Ну, ідзі гуляй. Толькі глядзі — прыходзь дахаты ўчас, а то я цябе!..
Яна была ў такім захапленні ад яго вялікага геройства, што павяла яго ў камору, выбрала лепшы яблык і паднесла яму, доўга разважаючы аб тым, што пасля добрасумленнай работы яблык здаецца саладзейшым. Том тым часам паспеў сцягнуць пранік.
Ён выбег на двор і ўбачыў Сіда, які падымаўся па сходах, што ішлі знадворку і вялі ў заднія пакоі верхняга паверху. У адзін момант паветра напоўнілася гукамі звонкіх пляскачоў, якія градам пасыпаліся на Сіда. Раней як цёця Поллі паспела на дапамогу, шэсць-сем удараў ужо трапілі ў цэль, а Том пераскочыў цераз плот і знік. Была на дварэ і фортка, але звычайна Тому не было калі дабегчы да яе. Цяпер, калі ён разлічваўся з Сідам за тое, што той выдаў яго, паказаўшы цётцы Поллі на чорныя ніткі,— яго сэрца ахапіў салодкі спакой.
Том прайшоў прыгуменнямі і завярнуўся на гразкую дарогу, якая вывела яго за кароўі хлявы. Тут ён ужо мог не баяцца, што яго зловяць і пакараюць; ён быў у поўнай бяспецы. Таму ён адразу пайшоў на вясковую базарную плошчу, дзе, па дагаворанасці, ужо сышліся для бойкі два «ваенных» атрады хлопчыкаў.
Адной з гэтых армій камандаваў Том, другой — яго неразлучны прыяцель, Джо Гарпер. Абодва вялікія палкаводцы не маглі біцца асабіста,— гэта павінны былі рабіць простыя салдаты,— яны кіравалі бойкай, седзячы побач на ўзгорку і даючы загады праз сваіх ад'ютантаў. Пасля доўгай і цяжкай бойкі армія Тома перамагла. Затым абодва войскі падлічылі забітых, памяняліся палоннымі, дагаварыліся аб умовах і тэрміне наступнай рашаючай бойкі. Потым яны выстраіліся ў шарэнгі і цараманіяльным маршам пайшлі адгэтуль. Том накіраваўся дадому адзін.
Ідучы каля дома, дзе жыў Джэф Тэчэр, ён убачыў у садзе незнаёмую дзяўчынку — прыгожае стварэнне з блакітнымі вачыма, жоўтымі валасамі, заплеценымі ў дзве даўгія касы, у белай летней сукенцы і вышытых панталончыках.
Ён цішком любаваўся гэтым новым ангелам, пакуль не заўважыў, што і «ангел» таксама ўбачыў яго. Тады ён зрабіў выгляд, нібы зусім не бачыць дзяўчынкі, і пачаў выяўляць сваю спрытнасць, вытвараючы ўсялякія недарэчныя штукі, як гэта ўласціва хлопчыкам, калі яны хочуць спадабацца. Так ён стараўся некалькі часу. Потым у час аднаго галаваломнага гімнастычнага практыкавання ён зірнуў у бок і ўбачыў, што дзяўчынка завярнулася і ідзе к дому.
Том "фігурае". |
Том апусціў нос і падышоў да плота; ён спадзяваўся, што дзяўчынка яшчэ трошкі пабудзе ў садзе. Яна сапраўды крыху затрымалася на ганку, але потым накіравался да дзвярэй. Том цяжка ўздыхнуў, калі яна паставіла ножку на парог, але раптам твар яго асвятліўся радасцю: раней як схавацца за дзвярыма, дзяўчынка азірнулася і кінула праз плот кветку. Хлопчык падбег, спыніўся за два крокі ад кветкі, прыставіў далонь да вачэй і пачаў пільна прыглядацца ўздоўж вуліцы, нібы там з’явілася нешта асабліва цікавае. Потым падняў саломінку, паставіў яе сабе на нос, і, задраўшы галаву, пачаў хістацца з боку ў бок, каб утрымаць саломінку ў роўнавазе. Такім спосабам ён патрошкі ўсё больш і больш набліжаўся да кветкі; нарэшце наступіў на яе босай нагой, ухапіў яе сваімі гібкімі пальцамі, паскакаў на адной назе, уносячы свой скарб, і хутка схаваўся за домам. Але не надоўга — роўна настолькі, колькі патрэбна для таго, каб расшпіліць куртку і схаваць кветку на грудзях, бліжэй да сэрца, а можа і да страўніка, бо Том быў не надта моцны ў анатоміі.
Потым ён вярнуўся назад і да самага вечара вісеў на плоце, вырабляючы ўсялякія штукі. Але дзяўчынка не паказвалася, хоць Том і пацяшаў сябе надзеяй, што яна глядзіць аднекуль з акна і бачыць, як ён стараецца. Нарэшце, ён вымушаны быў пайсці дахаты, з галавой, напоўненай марамі і зданямі.
У часе вячэры ён быў у такім узбуджаным стане, што цётка толькі дзіву давалася — «што сталася з гэтым дзіцём?»
На яго добра насварыліся за тое, што ён пакалашмаціў Сіда, але ён, як відаць, зусім не пакрыўдзіўся. Ён паспрабаваў-быў сцягнуць кавалак цукру з-пад носа ў цёткі і атрымаў за гэта па руках, але зноў-жа не пакрыўдзіўся і толькі сказаў:
— Цёця, чаму вы не б’еце Сіда, калі ён бярэ ў вас цукар?
— Сід не мучыць людзей так, як ты. Каб не я, ты не выпускаў-бы з цукерніцы лап.
Цётка выйшла ў кухню, і Сід, шчаслівы, што яму ўсё дазволена, зараз-жа пацягнуўся да цукерніцы, нібы здзекваючыся з Тома. Гэта было ўжо занадта! Але цукерніца выслізнула з пальцаў Сіда, упала на падлогу і разбілася. Том быў у такой радасці, у такім захапленні, што нават стрымаў сябе і прамаўчаў. Ён рашыў не гаварыць ні слова, нават калі ўвойдзе цётка, і сядзець ціха, пакуль яна не спытаецца, хто гэта зрабіў, і тады толькі сказаць. Ён загадзя радаваўся, што «любімчыку» здорава ўляціць. Старая вярнулася і, пляснуўшы рукамі, спынілася над разбітай цукерніцай, кідаючы маланкі гневу цераз верх акуляраў. Том казаў сам сабе: «Вось яно, пачынаецца»! І ў той-жа міг ён ужо ляжаў расцягнуўшыся на падлозе. Карная рука замахнулася ўжо другі раз, але Том з плачам крыкнуў:
— Стойце! Стойце! Завошта вы б’еце мяне? Гэта-ж Сід разбіў цукерніцу!
Рука цёці Поллі замерла ў паветры. Том чакаў ад цёткі жалю і раскаяння, але яна стрымалася і толькі сказала:
— Гм! Ну, усё-такі я лічу, што табе дасталося не дарма. Ты, пэўна, таксама дурэў, пакуль мяне не было тут.
Сумленне папракала яе, ёй вельмі хацелася сказаць хлопчыку некалькі ласкавых слоў, прылашчыць яго. Том ведаў, што ў душы цётка цяпер гатова цалаваць яго ногі, і гэта давала яму суровую асалоду. Ён парашыў не рабіць ніякіх крокаў да прымірэння і не звяртаць увагі на цётчыны забяганні. Ён ведаў, што час ад часу яна глядзіць на яго жаласнымі вачыма, затуманенымі слязмі, але не хацеў заўважаць гэтага. Ён уяўляў сабе, як ён ляжыць хворы, блізкі да смерці, а цётка схілілася над ім і чакае, каб ён сказаў, што даруе ёй; але ён паварочваецца тварам да сцяны і памірае, не сказаўшы ні слова. Як-жа ж ёй тады будзе? Ён уяўляў сабе, як яго прыносяць дадому мёртвага, выцягнутага з вады; валасы яго ўсе змоклі, яго бедныя рукі, складзеныя на грудзях, супакоіліся навекі, і яго хворае сэрца таксама. Як-жа ж яна тады кінецца на яго труп і будзе плакаць-галасіць над ім і маліць бога, каб ён вярнуў ёй яе хлопчыка, і што яна ніколі-ніколі болей не будзе крыўдзіць яго дарма! А ён будзе ляжаць бледны, халодны, нерухомы,— туга беднага маленькага пакутніка скончылася назаўсёды... Ён так расчуліў сябе гэтымі жаласнымі карцінамі, што ўвесь час у яго вачах плавала нейкая вільгаць, якая кацілася праз край, калі ён мігаў, цякла ўніз і капала з кончыка яго носа. Яму так прыемна было пеставаць сваё гора, што ён не мог цярпець каля сябе вясёлыя твары і смех.
Таму, калі ў пакой, падскокваючы, прыбегла яго кузіна Мэры, прынесшая з сабой вясёлыя песні і сонца,— ён, пануры і хмуры, вышаў з дому. Ён бадзяўся воддалі ад таварышоў, шукаючы ціхага месца, такога-ж сумнага, як яго сэрца.