Нарэшце сонная атмасфера ў гарадку ўскалыхнулася — і вельмі дужа. Прызначаны быў дзень суда над забойцам доктара. У гарадку толькі аб гэтым і гаварылі, няма куды было дзецца ад гутарак. Пры кожным слове пра забойства ў Тома кроў халадзела ў жылах. Нячыстае сумленне і страх падказвалі яму, што такія гутаркі пры ім вядуцца нездарма, што яго «мацаюць».
Ён адвёў Гека ў зацішны куток, каб пагаварыць з ім і хоць крыху супакоіць душу, даўшы волю языку і падзяліўшы такім чынам цяжкасць гора з другім пакутнікам. Апрача таго, ён хацеў пераканацца, ці ўмее Гек трымаць язык за зубамі.
— Гек, ты каму-небудзь казаў?
— Пра што?
— Сам ведаеш пра што.
— Вядома, не.
— Ні слова?
— Аніводнага славечка, праваліцца мне на гэтым месцы. Чаму ты пытаешся?
— Так сабе! Я баяўся.
— Ну, Том Соўэр, гэта ўжо будзе нікуды не варта, калі мы з табой прагаворымся: не выратаваць нам тады галавы. Ты-ж сам ведаеш.
Тому зрабілася лягчэй. Памаўчаўшы, ён спытаў:
— Гек, цябе-ж ніхто не можа прымусіць прагаварыцца, ці не так?
— Прымусіць мяне прагаварыцца? Ну, не! Можа толькі тады, калі мне захочацца, каб гэты д’ябал метыс мяне ўтапіў; тады, магчыма, я дазволю сабе прагаварыцца,— не іначай.
— Вось гэта добра! Я так думаю, што пакуль нашы языкі прывязаныя, нас ніхто не кране. А ўсё-ж такі давай зноў паклянемся маўчаць. Так вярней будзе.
— Згодзен.
І яны зноў далі клятву з адпаведнай урачыстасцю.
— А што гавораць, Гек? Каго падазраюць у забойстве? Я столькі наслухаўся, што і не разбяруся.
— Што гавораць? Ды ўсё адно: Меф Потэр, Меф Потэр, Меф Потэр. Мяне нават у пот кідае, калі я гэта чую,— проста пайшоў-бы, куды вочы глядзяць і схаваўся-б дзе-небудзь.
— Во-во! і я таксама! А прападзе ён нізавошта! Ты шкадуеш яго?
— Ну але, нават вельмі часта. Нікуды ён не варты чалавек, але-ж затое і шкоды нікому не робіць. Павудзіць трошкі рыбкі, каб было на што выпіць, а потым бадзяецца без работы... Ну, ды і мы ўсе такія самыя. А ўсё-такі ён добры: аднаго разу ён аддаў мне палову рыбіны ад свайго абеду, а яе і на аднаго чалавека было мала. А колькі разоў ён бараніў мяне ад бяды!
— А мне ён ладзіў кручкі, прывязваў іх да маёй вудачкі. Хацелася-б выратаваць яго.
— Вось куды махнуў! Як-жа ж мы выратуем? Калі мы яго выпусцім, яго зноў зловяць.
— Та-ак, зловяць. Але я нават слухаць не магу, як страшэнна яго лаюць за тое, чаго ён не рабіў.
— І я таксама, Том. Разумееш, раптам гавораць, што ў яго самая разбойніцкая морда з усёй вёскі, і дзівяцца, што аж да гэтага часу яго не павесілі!
— Але, але, так і гавораць! Я сваімі вушамі чуў, як казалі, што калі яго апраўдаюць, дык нашы хлопцы самі павесяць яго.
Хлопчыкі доўга яшчэ гутарылі паміж сабой, але не знайшлі вялікай уцехі ў гэтай гутарцы. На змярканні яны пайшлі швэндацца каля маленькай глухой турмы, несвядома спадзяючыся, што можа што-небудзь такое здарыцца, што адразу выведзе іх з непрыемнага становішча.
Але нічога не здарылася: відаць, ні ангелы, ні чараўнікі не цікавіліся няшчасным вязнем.
Хлопчыкі зрабілі толькі тое, што часта рабілі і раней: перадалі Потэру праз краты крыху тытуну і запалак. Ён знаходзіўся ў ніжнім памяшканні, і вартаўнікоў паблізу не было.
Том гутарыць з Мефам Потэрам. |
Яго ўдзячнасць за такія падарункі і раней бянтэжыла і сароміла іх. А на гэты раз яна кальнула іх яшчэ больш. Яны адчулі сябе подлымі здраднікамі, калі Потэр сказаў ім:
— Добрыя вы рэбяткі, больш за ўсіх тут шкадуеце мяне. І я гэта не забуду. Я часта кажу сабе: вось-жа ж я ўсёй дзетвары ладзіў змеяў і ўсялякія штукі паказваў ім, і дзе лепш вудзіць,— словам жыў з імі ў дружбе, а цяпер, калі стары Меф у бядзе, усе на яго забыліся, апрача Тома і Гека. Гэтыя не забылі мяне,— і я іх не забуду. Так, рэбяткі, я зрабіў жудасную справу: відаць хмель мяне так адурманіў, толькі гэтым і магу сабе растлумачыць... А цяпер мяне за гэта падцягнуць,— ды так і трэба. Мажліва, яно для мяне і лепш, прынамсі я хачу думаць, што лепш. Ну, ды не будзем аб гэтым казаць. Я не хачу вас засмучаць, вы да мяне папрыяцельску ставіцеся. Я толькі вось што хачу вам сказаць: калі не хочаце трапіць за краты, не напівайцеся, рэбяткі — у хмялю чалавек не ведае, што робіць. Станьце трохі ў бок, вось так: калі чалавек у такой бядзе, прыемна бачыць прыяцельскі твар, а да мяне сюды ніхто не ходзіць, апрача вас. Добрыя вы хлапчукі. Станьце адзін аднаму на спіну, каб я мог да вас дакрануцца. Вось так. Ну, цяпер давайце рукі,— вашы пралезуць праз краты, а мая надта тоўстая. Маленькія ручкі, слабыя, а усё-ж такі яны дужа памагалі Мефу Потэру і памаглі-б яшчэ больш, каб маглі.
Том пайшоў да хаты зусім няшчасны і ўсю ноч бачыў страшныя сны. На другі і на трэці дзень ён зрання да вечара бадзяўся каля суда, імкнучыся ўвайсці, але сілком стрымліваючы сябе. З Гекам было тое самае. Яны старанна ўнікалі адзін аднаго. Абодва час ад часу адыходзілі прэч, але незразумелая сіла зноў цягнула іх назад. Калі хто-небудзь выходзіў з залы суда і расказваў, што там адбываецца, Том прагна лавіў кожнае слова, але весткі прыходзілі ўсё няўцешныя: бедны Потэр заблытваўся ўсё больш і больш. К канцу другога дня ў гарадку ўсе лічылі, што паказанне індзейца Джо не абвергнута і нельга нават сумнявацца ў тым, які прыгавор вынесуць прысяжныя.
У гэтую ноч Том позна вярнуўся дадому і, як звычайна, улез праз акно. Ён быў вельмі ўзбуджаны і даўно не мог заснуць. На другі дзень увесь горад ад раніцы сабраўся каля залы суда, бо гэта быў вялікі дзень. Зала была паўнюткая. Пасля доўгага чакання ўвайшлі прысяжныя і занялі свае месцы. Неўзабаве перад тым прывялі Потэра, бледнага, схудалага, замяшанага, у кайданах, і пасадзілі на лаву падсудных, адкуль яго маглі бачыць усе. На бачным месцы сядзеў індзеец Джо, спакойны, як заўсёды.
Зноў зрабілася ціха. Потым увайшлі суддзі, і шэрыф абвясціў пасяджэнне адкрытым. Зашапталіся паміж сабой адвакаты, пісцы зашамацелі паперай. Усё гэта стварыла атмасферу трывожнага, напружанага чакання. Першым быў выкліканы сведка, які бачыў, як Меф Потэр мыўся ў рэчцы раніцою таго дня, калі было выяўлена забойства. Ён сказаў, што Меф Потэр, убачыўшы яго, кінуўся бегчы. Задаўшы яшчэ некалькі пытанняў, пракурор сказаў абаронцы:
— Цяпер ваша чарга.
Падсудны падняў на яго вочы, але зараз-жа зноў апусціў, калі яго абаронца сказаў:
— Мне няма аб чым пытацца.
Наступны сведка паказаў, што ён знайшоў нож каля забітага. І зноў на пытанне пракурора абаронца адказаў:
— Я не маю ніякіх пытанняў.
Трэці сведка прысягнуў, што часта бачыў гэты нож ў руках у Потэра. І зноў абаронца адмовіўся задаваць яму пытанні.
На тварах у прысутных выявілася нездавальненне. Што-ж гэта за абаронца такі? Няўжо-ж ён так і не паспрабуе выратаваць свайго кліента?
Некалькі сведак паказалі, што Потэр, калі яго прывялі на месца забойства, трымаў сябе, як вінаваты. І гэтых адвакат адпусціў, не задаўшы ніводнага пытання.
Пракурор падняўся з месца і сказаў:
— Зусім надзейныя сведкі ўстанавілі пад прысягай той факт, што гэта жудаснае злачынства зрабіў не іншы хто, а няшчасны, што сядзіць на лаве падсудных. Больш мне няма чаго дадаць.
Бедны Потэр застагнаў і закрыў твар рукамі, ціха хістаючыся ўзад і ўперад. У зале суда была цяжкая цішыня. Многія мужчыны расчуліліся, а жанчыны нават плакалі ад жалю.
Тады падняўся абаронца.
— Ад пачатку паседжання я стараўся даказаць, што мой кліент зрабіў гэтае жудаснае злачынства ў непрытомным стане, выкліканым ап’яненнем. Але цяпер я змяніў сваю думку і не буду звяртацца да ласкі прысяжных.
І павярнуўшыся да судовага прыстава, ён сказаў:
— Прывядзіце Тома Соўэра.
На ўсіх тварах, не выключаючы самога Потэра, з’явілася здзіўленне. Усе погляды з цікавасцю накіраваліся на Тома. У хлопчыка быў зусім збянтэжаны выгляд. Ён страшэнна баяўся. Яго прывялі да прысягі.
— Томас Соўэр, дзе вы былі семнаццатага чэрвеня, каля гадзіны ночы?
Том паглядзеў на жалезны твар індзейца Джо, і ў яго язык прыліпнуў у роце. Слухачы затаілі дыханне, але сведка маўчаў. Праз некалькі хвілін хлопчык трохі авалодаў сабой,— і ўсе пачулі яго ціхі, але выразны адказ:
— На могілках.
— Калі ласка, гаварыце крыху мацней. Не бойцеся. Такім чынам, вы былі...
— На могілках.
Пагардлівая ўсмешка мільганула на твары індзейца.
— Ці не былі вы блізка каля магілы Горса Вільямса?
— Так, сэр.
— Калі ласка, мацней. На якой адлегласці ад яе вы былі?
— За два крокі, як цяпер вы ад мяне.
— Вы схаваліся ці стаялі на вачах?
— Схаваўся.
— Дзе?
— За вязамі, што каля магілы.
Індзеец Джо ледзь значна ўздрыгнуўся.
— З вамі быў яшчэ хто-небудзь?
— Так, сэр, я пайшоў туды з...
— Стойце, пачакайце крыху. Няма патрэбы называць зараз вашага спадарожніка. У свой час мы дапытаем і яго. Вы што-небудзь прынеслі з сабой на могілкі?
Том засароміўся і не ведаў як адказаць.
— Кажыце, не бойцеся,— праўда заўсёды паважаная.
— Толькі... толькі здохлую кошку.
У зале пачуўся смех. Старшыня пазваніў.
— Мы прадставім, як доказ, шкілет гэтай кошкі.
А цяпер, мой дарагі, раскажыце нам ўсё, што вы бачылі,— усё як было, без тойкі,— і не бойцеся нічога.
Том пачаў, спярша нерашуча, потым паступова захапіўся; прамова яго палілася жывей і гладзей; хутка ў зале суда чуўся толькі адзін яго голас; публіка з разяўленымі ратамі, затоіўшы дыханне, лавіла кожнае яго слова, не заўважаючы часу,— так была яна захоплена і ўзрушана гэтым апавяданнем. Агульнае хваляванне дасягнула вышэйшай ступені, калі Том дайшоў да сцэны забойства: «А калі доктар стукнуў Мефа Потэра дошкай па галаве і той упаў,— індзеец Джо кінуўся на яго з нажом і...»
Трах! Хутчэй за маланку метыс кінуўся да акна, расштурхаў тых, хто хацеў-быў затрымаць яго,— і знік!