II

Вучыцца чытаць зусім не трэба, калі мяса і так пахне за вярсту. Тым не меней, калі вы жывяце ў Маскве і калі хоць крыху нейкіх мазгоў у вас у галаве ёсць, вы воляй-няволяй навучыцеся грамаце, і без усякіх на гэта курсаў. З сарака тысяч маскоўскіх сабак хіба толькі круглы ідыёт не сумее скласці з літар слова «кілбаса».

Шарык пачаў вучыцца па колерах. Ледзь толькі споўнілася яму чатыры месяцы, па ўсёй Маскве развесілі зялёна-блакітныя шыльды з надпісам — МСПО — мясны гандаль. Паўтараем, усе яны непатрэбны, бо мяса і без гэтага чуваць. І аднойчы абмылка выйшла: нацэлены на блакітны колер, Шарык, нюх якому забіў бензінавым дымам матор, уляцеў замест мясной крамы ў краму электрычнага рыштунку братоў Галубізнер на Мясніцкай вуліцы. Там у братоў сабака паспытаў ізаляванага дроту, а ён дастатнейшы, чым пуга ў рамізнікаў. Гэты знакаміты момант і трэба лічыць пачаткам Шарыкавай адукацыі. Ужо на тратуары Шарык пачаў разумець, што «блакітны» не заўсёды абазначае «мясны», падціскаў ад пякучага болю хвост і выў, успамінаў, што на ўсіх мясных першаю стаіць злева залатая ці рыжая раскарака, падобная на санкі.

Далей пайшло больш паспяхова. «А» ён вывучыў у «Главрыбе» на рагу Махавой, а потым «Б» — падбягаць яму было зручней з канца слова «рыба», таму што ў пачатку слова стаяў міліцыянер.

Кафельныя квадрацікі, якія аздаблялі вуглавыя месцы ў Маскве, заўсёды і нязменна абазначалі «С-ы-р». Чорны самаварны кранік, які пачынаў слова, абазначаў былога гаспадара Чычкіна, горы чырвонага галандскага, звяроў-прыказчыкаў, якія ненавідзелі сабак, тырсу на падлозе і брыдка пахучы бакштэйн.

Калі ігралі на гармоніку, што было намнога лепей за «мілую Аіду», і пахла сасіскамі, першыя літары на белых плакатах складваліся ў слова «непры…», што абазначала «непрыстойнымі словамі не выражацца і гасцінца не даваць». Тут часам вінтом успыхвалі бойкі, людзей білі кулаком па мордзе, праўда, рэдка, сабак жа пастаянна — сурвэткамі альбо ботамі.

Калі ў вокнах віселі нясвежыя кумпякі і ляжалі мандарыны… Гаў-гаў… га… странамія. Калі цёмныя бутэлькі з дрэннай вадкасцю… Ве-і-ві-на-а-віна… Елісеевы былыя браты.

Незнаёмы пан, што прывалок сабаку да дзвярэй сваёй раскошнай кватэры, якая размяшчалася ў бельэтажы, а сабака адразу ж падняў голаў на вялікую, чорную з залацістымі літарамі картачку з боку ад шырокіх, зашклёных хвалістым і ружовым шклом дзвярэй. Тры першыя літары ён склаў адразу: «Пэ-ер — Пра». Але далей ішла двухбокая пузатая брыдота, якая невядома што абазначала. «Няўжо пралетарый?» — падумаў Шарык са здзіўленнем… «Гэтага быць не можа». Ён падняў угору нос, яшчэ раз абнюхаў футра і ўпэўнена падумаў: «Не, тут пралетарыем і не пахне. Вучонае слова, а богведама што абазначае».

За ружовым шклом успыхнула нечаканае і радаснае святло, яшчэ больш адцяніла чорную картачку. Дзверы зусім нячутна адчыніліся, і маладая прыгожая жанчына з белым фартушком і ў карункавай наколцы паўстала перад сабакам і яго гаспадаром. Першага з іх абдало цяплом, і спадніца жанчыны запахла, як ландыш.

«Во гэта факт, гэта я разумею», — падумаў сабака.

— Калі ласка, пан Шарык, — іранічна запрасіў пан, і Шарык з глыбокай пашанай зайшоў, памахваючы хвастом.

Мноства прадметаў запаўняла багатую прыхожую. Адразу ж запомніліся люстра да самай падлогі, якое адлюстравала абтрапанага і абарванага Шарыка, страшныя аленевы рогі на вышыні, безліч футраў і галёшаў і апалавы цюльпан з электрычнасцю пад столлю.

— Дзе ж вы такога ўзялі, Піліп Піліпавіч? — усміхалася і пытала жанчына, памагала здымаць цяжкае футра з чорна-бурай лісіцы з сіняватай іскрынкай. — Бацюшкі! Які паршывы!

— Глупства кажаш. Дзе паршывы? — строга і коратка спытаў пан.

Без футра ён аказаўся ў чорным касцюме з ангельскага сукна, і на жываце ў яго радасна і няярка заблішчаў залаты ланцужок.

— Пачакай, не круціся, фіць… ды не круціся, дурань. Гм!.. Гэта не паршы… ды стой ты, чорт… Гм! А-а. Гэта апечана. Які ж нягоднік гэта цябе ашпарыў? Га? Ды стой ты спакойна!..

«Кухар-катаржнік, кухар!» — жаласнымі вачыма прамовіў сабака і крышку падвыў.

— Зіна, — загадаў пан, — у прыёмную яго зараз жа, а мне халат.

Жанчына пасвістала, папстрыкала пальцамі, і сабака не адразу, але пайшоў за ёй. Яны ўдваіх трапілі ў вузкі, цьмяна асветлены калідор, адны лакіраваныя дзверы прамінулі, прыйшлі ў канец, а потым завярнулі налева і апынуліся ў цёмнай каморцы, якая імгненна не спадабалася сабаку сваім злавесным пахам. Цемра пстрыкнула і ператварылася ў зіхатлівы дзень, прытым з усіх бакоў заззяла, заблішчала і забялела.

«Э, не… — у думках завыў сабака, — выбачайце, не дамся! Разумею, чорт бы іх узяў з іх кілбасой. Гэта ж мяне ў сабачую лячэбніцу завабілі. Зараз касторку прымусяць піць, а потым бок парэжуць ножыкамі, а да яго і так дакрануцца нельга!»

— Э, не, куды?! — закрычала тая, якую звалі Зіна.

Сабака круцянуўся, сцяўся і раптам ударыў у дзверы здаровым бокам гэтак, што храснула па ўсёй кватэры. Потым адляцеў назад, закруціўся на адным месцы, як ваўчок пад бізуном, абярнуў на падлогу белае вядро, з якога разляцеліся камякі ваты. Вакол яго ляталі сцены, застаўленыя шафамі з бліскучымі інструментамі, закруціўся белы фартушок і скрыўлены жаночы твар.

— Куды ты, чорт кудлаты?.. — адчайна крычала Зіна. — Вось пракляты!

«Дзе ў іх тут чорная лесвіца?» — думаў сабака. Ён размахнуўся і камяком наўгад стукнуўся ў шкло, спадзяваўся, што гэта другія дзверы. Хмара асколкаў высыпалася з громам і звонам, выскачыла пузатая пасудзіна з рыжай брыдотай, якая імгненна заліла ўсю падлогу і засмярдзела. Сапраўдныя дзверы адчыніліся.

— Стой, с-скаціна, — крычаў пан, падскокваў у халаце, адзетым у адзін рукаў, і хапаў сабаку за ногі. — Зіна, трымай яго за шкірку, мярзотніка!

— Ба… Бацюшкі, вось дык сабака!

Яшчэ больш адчыніліся дзверы, і ўварвалася яшчэ адна асоба мужчынскага полу ў халаце. Па бітым шкле яна кінулася не да сабакі, а да шафы, адчыніла яе, і ўвесь пакой напоўніў салодкі і рвотны пах. Потым асоба прыціснула сабаку зверху жыватом, у гэты час сабака з задавальненнем цімануў яе вышэй шнуркоў на чаравіку. Асоба вохнула, але не разгубілася. Прытарная вадкасць перацяла сабаку дыханне, у галаве ў яго закружылася, потым ногі адваліліся, і ён паехаў некуды крыва ўбок. «Дзякуй, вядома, — падумаў ён, падаючы проста на вострае шкло. — Бывай, Масква! Не ўбачыць мне болей Чычкіна і пралетарыяў і кракаўскай кілбасы. Іду ў рай за сабачыя пакуты. Браткі жывадзёры, за што ж вы мяне?»

І тут ён зусім паваліўся на бок і здох.

Калі ён прачнуўся, у яго лёгенька кружылася галава і крышку падварочвала ў жываце, а бока быццам і не было, бок прыемна маўчаў. Сабака расплюшчыў левае млявае вока і крайком яго ўбачыў, што ўвесь ён туга забінтаваны ўпоперак бакоў і жывата. «Усё ж адмастачылі, суччыны дзеці, — падумаў млява, — але спрытна, трэба аддаць ім належнае».

— «Ад Севільі да Грэнады… у ціхім прыцемку начэй», — запяваў над ім слабенькі і фальшывы голас.

Сабака здзівіўся, зусім расплюшчыў вочы і ў двух кроках ад сябе ўбачыў мужчынскую нагу на белай табурэтцы. Калашына і падштанікі, а голая галёнка вымазана засохлай крывёй і ёдам.

«Святыя ўгоднікі! — падумаў сабака. — Гэта, выходзіць, яго я куснуў. Мая работа. Ну, зараз будзе лупцаваць!»

— «Р-раздаюцца серэнады, раздаецца звон мячоў!» Ты чаму, валацуга, доктара ўкусіў! Га? Нашто шкло разбіў? Га?

— У-у-у, — жаласліва заскуголіў сабака.

— Ну ладна, апамятаўся і ляжы, балван.

— Як гэта вам удалося, Піліп Піліпавіч, заманіць гэтакага нервовага сабаку? — спытаўся прыемны голас, і трыковая калашына падштанікаў спаўзла ўніз. Запахла тытунём, і ў шафе зазвінелі шклянкі.

— Ласкаю-с. Адзіны сродак, які магчымы ў дачыненні да жывых істот. Тэрорам нічога з жывёлінай не зробіш, на якой бы ступеньцы развіцця яна ні стаяла. Гэта я сцвярджаю і буду сцвярджаць. Яны марна думаюць, што тэрор ім дапаможа. Не-с, не-с, не дапаможа, які б ён ні быў, белы, чырвоны і нават карычневы! Тэрор ушчэнт паралізуе нервовую сістэму. Зіна! Я купіў гэтаму абармоту кракаўскай кілбасы на рубель і сорак капеек. Накармі яго, калі ласка, як перастане выварочваць.

Затрашчалі шкельцы пад венікам, і жаночы голас какетліва прамовіў:

— Кракаўскай! Божа, ды яму абрэзкаў трэба было купіць на дзве грыўні ў мясной. Кракаўскую кілбасу я сама лепш з'ем.

— Толькі паспрабуй! Я табе з'ем! Гэта атрута не на чалавечы страўнік. Дарослая дзяўчына, а, як дзіця, цягнеш у рот усякую брыдоту. Не смець! Папярэджваю: ні я, ні доктар Барменталь не будзем цябе лячыць, калі схопіць жывот… «Усіх, хто скажа, што другая тут зраўняецца з табой…»

Мякенькія дробныя званочкі ў гэты час сыпаліся па ўсёй кватэры, а здалёк з прыхожай час ад часу чуліся галасы. Звінеў тэлефон. Зіна знікла.

Піліп Піліпавіч кінуў недакурак папяросы ў вядро, зашпіліў халат, перад люстэркам на сцяне разгладзіў пушыстыя вусы і паклікаў сабаку:

— Фіць, фіць. Ну, нічога. Пайшлі сустракаць.

Сабака стаў на слабыя ногі, пахістаўся і падрыжаў, але хутка ачомаўся і пайшоў услед за белай палой Піліпа Піліпавіча, якая махалася ад хуткай хады. Зноў сабака прайшоў па вузкім калідоры, але цяпер угледзеў, што ён асветлены ярка зверху. Адчыніліся лакіраваныя дзверы, і ён зайшоў у кабінет Піліпа Піліпавіча, і той асляпіў сабаку сваім багаццем. Найперш ён увесь патанаў у святле: гарэла пад ляпной столлю, гарэла на стале, гарэла на сцяне, у шкле шафаў. Святло залівала безліч прадметаў, і самай цікавай аказалася вялізная сава, якая сядзела на галіне.

— Кладзіся, — загадаў Піліп Піліпавіч.

Супрацьлеглыя разныя дзверы адчыніліся, увайшоў той, пакусаны, які пры яркім святле аказаўся прыгожым, маладым, з вострай бародкай, падаў аркуш паперы і сказаў:

— Былы…

І адразу бясшумна знік, а Піліп Піліпавіч расхінуў полы халата, сеў за вялізны пісьмовы стол і адразу ж зрабіўся надзвычай важны і салідны.

«Не, гэта не лячэбніца, я некуды ў іншае месца трапіў, — спалохана падумаў сабака і прылёг на дывановы ўзор ля цяжкай скураной канапы, — а пра саву гэта мы высветлім…»

Дзверы мякка адчыніліся, і зайшоў нехта, які гэтак уразіў сабаку, што ён аж цяўкнуў, праўда, зусім нясмела…

— Маўчаць! Ба-ба, ды вас нельга і пазнаць, галубок.

Наведвальнік зноў з павагай і збянтэжана пакланіўся Піліпу Піліпавічу.

— Хі-хі! Вы маг і чараўнік, прафесар, — збянтэжана прамовіў ён.

— Здымайце штаны, галубок, — загадаў Піліп Піліпавіч і ўстаў.

«Госпадзі Ісусе, — падумаў сабака, — вось дык тып!»

На галаве ў тыпа раслі зусім зялёныя валасы, а на патыліцы яны адсвечвалі ржавым тытунёвым колерам, маршчыны распаўзліся па твары ў гэтага тыпа, але колер твару быў ружовы, як у хлопчыка. Левая нага не гнулася, яе даводзілася падцягваць, затое правая дрыгала, як у дзіцячага шчаўкунчыка. На лацкане цудоўнага пінжака, як вока, свяціўся каштоўны камень.

З-за цікаўнасці ў сабакі нават млоснасць прайшла.

Цяў, цяў — пацяўкаў ён злёгку.

— Маўчаць! Як са сном, галубок?

— Хэ-хэ! Мы адны, прафесар? Гэтага не апісаць, — збянтэжана загаварыў наведвальнік. — Пароль д'оннэр — 25 гадоў нічога падобнага, — суб'ект узяўся за гузік штаноў, — ці дасце веры, прафесар, кожную ноч голыя дзеўкі чародамі. Я зусім зачараваны. Вы — чараўнік.

— Хм, — заклапочана хмыкнуў Піліп Піліпавіч, прыгледзеўся да зрэнак госця.

Той нарэшце справіўся з гузікамі і зняў паласатыя штаны. Пад імі аказаліся нябачаныя ніколі падштанікі. Яны былі крэмавага колеру, з вышытымі на іх чорнымі шаўковымі кошкамі і пахлі духамі.

Сабака не вытрымаў і гаўкнуў гэтак, што суб'ект аж падскочыў.

— Ай!

— Я цябе адлупцую! Не бойцеся, ён не кусаецца.

«Я не кусаюся?» — здзівіўся сабака.

З кішэні штаноў наведвальнік вытрас маленькі канверцік, на якім была прыгажуня з распушчанымі валасамі. Суб'ект падскочыў, нахіліўся, падабраў яе і густа пачырванеў.

— Вы, аднак, глядзіце, — папярэдзіў пахмура Піліп Піліпавіч, паківаў пальцам, — усё ж глядзіце, не злоўжывайце!

— Я не зло… — збянтэжана замармытаў суб'ект, працягваючы раздзявацца, — я, дарагі прафесар, толькі ў выглядзе вопыту.

— Ну і што ж? Як вынікі? — строга запытаўся Піліп Піліпавіч.

Суб'ект у экстазе махнуў рукой.

— 25 год, клянуся богам, прафесар, нічога падобнага. Мінулы раз у 1899 годзе, у Парыжы на ру дэ ла Пэ.

— А чаму вы пазелянелі?

Твар наведвальніка затуманіўся.

— Праклятая Жыркосць!* Вы не можаце ўявіць, што гэтыя абармоты падсунулі замест фарбы. Вы толькі зірніце, — мармытаў суб'ект і шукаў люстра. — Ім толькі ў морду даць! — люта дадаў ён. — Што ж мне цяпер рабіць, прафесар? — спытаў ён плаксіва.

* Жыркосць — трэст па вырабе касметычных сродкаў.

— Хм, пагаліце голаў.

— Прафесар, ды яны ж зноў сівыя вырастуць, — жаласна ўсклікнуў наведвальнік. — Акрамя таго, мне на службу нельга будзе і носа паказаць, я і так ужо трэці дзень не езджу. Эх, прафесар, каб вы адкрылі сродак, як і валасы амалоджваць!

— Не ўсё адразу, не ўсё адразу, мой дарагі, — мармытаў Піліп Піліпавіч.

Ён нахіліўся і бліскучымі вачыма разглядаў жывот пацыента.

— Ну што ж — цудоўна, усё ў поўным парадку. Я нават не чакаў, калі сказаць праўду, гэтакага выніку. Многа крыві, многа песень… Адзявайцеся, галубок!

— «Я же той, что всех прелестней…» — дрыготкім, як гарох аб патэльню, голасам падмог спяваць пацыент і радасна пачаў адзявацца. Ён прыхарашыўся, падскокваў і распаўсюджваў пах духоў, адлічыў Піліпу Піліпавічу пачак белых грошай і пяшчотна паціскаў яму абедзве рукі.

— Два тыдні можна не паказвацца, — сказаў Піліп Піліпавіч, — але ўсё ж прашу вас: будзьце асцярожны.

— Прафесар! — ужо з-за дзвярэй у экстазе ўсклікнуў голас, — будзьце зусім спакойны, — ён памаўзліва хіхікнуў і знік.

Дробны званок праляцеў па кватэры, лакіраваныя дзверы адчыніліся, увайшоў пакусаны, уручыў Піліпу Піліпавічу лісток і нагадаў:

— Гады пазначаны няправільна. Відаць, 54–55. Тоны ў сэрцы глухаватыя.

Ён знік і змяніўся шапаткой паняй у зухавата заломленай набок шляпцы і з зіхатлівым калье на вялай і пажаванай шыі. Страшныя чорныя мяшкі віселі ў яе пад вачыма, а шчокі былі лялечна-румянага колеру. Яна моцна хвалявалася.

— Пані! Колькі вам год? — даволі сурова спытаў у яе Піліп Піліпавіч.

Пані спалохалася і нават пабялела пад скарынкай румян.

— Я, прафесар, клянуся, каб вы толькі ведалі, якая ў мяне драма!..

— Колькі вам гадоў, пані? — яшчэ больш сурова паўтарыў Піліп Піліпавіч.

— Чэснае слова… Ну, сорак пяць…

— Пані, — закрычаў Піліп Піліпавіч, — мяне чакаюць. Не затрымлівайце, калі ласка. Вы ж не адна!

Грудзі дамы бурна падымаліся.

— Я вам аднаму як свяцілу навукі. Але клянуся — гэта такі жах…

— Колькі вам год? — злосна і віскліва спытаў Піліп Піліпавіч, і акуляры яго бліснулі.

— Пяцьдзесят адзін! — курчачыся ад страху, адказала пані.

— Здымайце штаны, пані, — з палёгкаю сказаў Піліп Піліпавіч і паказаў на высокі белы эшафот у куце.

— Клянуся, прафесар, — мармытала пані, дрыжачымі пальцамі расшпільваючы нейкія зашпількі на паясніцы, — гэты Морыс… Я вам прызнаюся як на споведзі…

— «Ад Севільі да Грэнады…» — абыякава заспяваў Піліп Піліпавіч і націснуў на педаль у мармуровым умывальніку. Зашумела вада.

— Клянуся госпадам! — гаварыла пані, і жывыя плямы скрозь намазаныя прадзіраліся ў яе на шчоках, — я ведаю — гэта мая апошняя страсць. Гэта ж нягоднік! О прафесар! Ён картачны шулер, пра гэта ўся Масква ведае. Ён не праміне ніводнай паршывай мадзісткі. Ён д'ябальскі малады. — Пані мармытала і выкінула з-пад шапаткіх спадніц скамечаны карункавы камяк.

Сабака зусім замаркоціўся, і ўсё ў галаве ў яго паляцела дагары нагамі.

«Ну вас да д'ябла, — цьмяна падумаў ён, паклаў голаў на лапы і задрамаў ад сораму, — нават старацца не буду нічога зразумець, што гэта за штука — усё роўна не зразумею».

Ачнуўся ён ад звону і ўбачыў, што Піліп Піліпавіч кінуў у міску нейкія бліскучыя трубкі.

Плямістая пані прыціскала рукі да грудзей і з надзеяй глядзела на Піліпа Піліпавіча. Той важна насупіўся, сеў да стала, нешта запісаў.

— Я вам, пані, пастаўлю яечнікі малпы, — аб'явіў ён і паглядзеў строга.

— Ах, прафесар, няўжо малпы?

— Так, — непахісна адказаў Піліп Піліпавіч.

— Калі ж аперацыя? — пабялела і слабым голасам спытала пані.

— «Ад Севільі да Грэнады…» Гм… у панядзелак. Ляжаце ў клініку зранку. Мой асістэнт падрыхтуе вас.

— Ах, я не хачу ў клініку. Ці нельга ў вас, прафесар?

— Ці бачыце, дома я раблю аперацыі толькі ў выключных выпадках. Гэта будзе каштаваць надта дорага — 50 чырвонцаў.

— Я згодна, прафесар!

Потым цурчала вада, калыхалася шляпка з пер'ем, потым з'явілася лысая, як талерка, галава і абняла Піліпа Піліпавіча. Сабака драмаў, млоснасць прайшла, сабака радаваўся, што перастаў балець бок і што цёпла, нават захроп быў і ўгледзеў кавалачак прыемнага сну: быццам ён выдраў у савы цэлы пук пер'я з хваста… потым усхваляваны голас цяўкнуў над галавой:

— Я надта вядомы ў Маскве, прафесар. Што ж мне рабіць?

— Панства, — абурана крычаў Піліп Піліпавіч, — нельга ж так! Трэба стрымліваць сябе. Колькі ёй гадоў?

— Чатырнаццаць, прафесар… Вы разумееце, пагалоска загубіць мяне. На днях я павінен атрымаць замежную камандзіроўку.

— Ды я не юрыст, галубок… Ну, пачакайце два гады і жаніцеся з ёй.

— Жанаты я, прафесар.

— Ах, панства, панства!

Дзверы адчыняліся, змяняліся твары, грукалі інструменты ў шафе, і Піліп Піліпавіч працаваў нястомна.

«Пахабная кватэрка, — думаў сабака, — але ж як добра! Ну на якога д'ябла я спатрэбіўся яму? Няўжо ж пакіне жыць? Вось дзівак! Ды яму ж толькі брывом паварушыць, і меў бы гэтакага сабаку, што толькі ахнеш! А можа, і я прыгожы. Відаць, маё шчасце! А сава гэтая дрэнь… Нахабная».

Канчаткова сабака ачухаўся позна вечарам, калі перасталі званіць званочкі і дзверы ўпусцілі асаблівых наведвальнікаў. Іх было адразу чацвёра. Усе маладыя людзі і апрануты даволі сціпла.

«Гэтым што патрэбна?» — здзіўлена падумаў сабака. Яшчэ з большай непрыязнасцю сустрэў гасцей Піліп Піліпавіч. Ён стаяў ля пісьмовага стала і глядзеў на прышэльцаў, як палкаводзец на ворага. Ноздры ягонага каршуковага носа варушыліся. Наведвальнікі тапталіся на месцы.

— Мы да вас, прафесар, — пачаў гаварыць той з іх, у якога на галаве высілася на чвэрць аршына капа густых кудлатых валасоў, — вось па якой справе…

— Вы, панства, дарэмна ходзіце без галёшаў у такое надвор'е, — першае, вы прастудзіцеся, другое, вы мне наслядзілі на дыванах, а ўсе дываны ў мяне персідскія.

Той, з капой, змоўк, і ўсе чацвёра здзіўлена вытрашчыліся на Піліпа Піліпавіча. Маўчанне цягнулася некалькі секунд, і чуваць было толькі пастукванне пальцаў Піліпа Піліпавіча па распісным драўляным блюдзе на стале.

— Па-першае, мы не панства, — прамовіў нарэшце самы юны з чацвярых, персікавы з выгляду.

— Па-першае, — перабіў яго Піліп Піліпавіч, — вы мужчына ці жанчына?

Чацвёра зноў замоўклі і разявілі раты. Цяпер першым апамятаўся той, з капой.

— Якая розніца, таварыш? — спытаўся ён з гонарам.

— Я — жанчына, — прызнаўся персікавы юнак у скураной куртцы і моцна пачырванеў. Следам чамусьці пачырванеў густой чырванню адзін з наведвальнікаў — бландзін у папасе.

— Тады вы можаце не здымаць шапку, а вас, шаноўны пане, прашу зняць галаўны ўбор, — пераканаўча сказаў Піліп Піліпавіч.

— Я вам не шаноўны пан, — рэзка адказаў бландзін, але папаху зняў.

— Мы прыйшлі да вас, — зноў пачаў чорны з капой.

— Перш за ўсё — хто гэта мы?

— Мы — новае домакіраўніцтва нашага дома, — са стрыманай лютасцю загаварыў чорны. — Я — Швондзер, яна — Вяземская, ён — таварыш Пяструхін і Жароўкін. І вось мы…

— Гэта вас усялілі ў кватэру Фёдара Паўлавіча Шабліна?

— Нас, — адказаў Швондзер.

— Божа, прапаў Калабухаўскі дом! — адчайна ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Што ж будзе цяпер з паравым ацяпленнем?

— Вы здзекуецеся, прафесар Прэабражэнскі?

— Чаго вы прыйшлі да мяне? Гаварыце хутчэй, я зараз іду абедаць.

— Мы, кіраўніцтва домам, — з нянавісцю загаварыў Швондзер, — прыйшлі да вас пасля агульнага сходу жыльцоў нашага дома, на якім было пастаўлена пытанне аб ушчыльненні кватэр у доме…

— Хто на кім стаяў? — крыкнуў Піліп Піліпавіч. — Гаварыце ясна і зразумела.

— Пытанне стаяла аб ушчыльненні.

— Хопіць! Я зразумеў! Вам вядома, што пастановай ад 12 гэтага жніўня мая кватэра вызвалена ад розных там ушчыльненняў і перасяленняў?

— Вядома, — адказаў Швондзер, — але агульны сход разгледзеў ваша пытанне і прыйшоў да вываду, што наогул і цалкам вы займаеце лішнюю плошчу. Зусім лішнюю. Вы адзін жывяце ў сямі пакоях.

— Я адзін жыву і працую ў сямі пакоях, — адказаў Піліп Піліпавіч, — і хацеў бы мець восьмы. Ён мне патрэбны на бібліятэку.

Чацвёра аслупянелі.

— Восьмы! Э-хэ-хэ, — прамовіў бландзін без папахі на галаве, — аднак гэта здорава.

— Гэта жахліва! — усклікнуў юнак, які аказаўся жанчынай.

— У мяне прыёмны пакой — заўважце — гэта і бібліятэка, і сталоўка, і мой кабінет — 3. Аглядальная — 4. Аперацыйная — 5. Мая спальня — 6 і пакой прыслугі — 7. Наогул, не хапае… Ды гэта не мае значэння. Мая кватэра недатыкальная, і канец гаворцы. Я магу ісці абедаць?

— Выбачайце, — сказаў чацвёрты, падобны на дужага жука.

— Выбачай, — перабіў яго Швондзер, — вось наконт сталоўкі і аглядальні мы і прыйшлі пагаварыць. Агульны сход просіць вас добраахвотна, у парадку працоўнай дысцыпліны, адмовіцца ад сталоўкі. Сталовак ні ў кога ў Маскве няма.

— Нават у Айседоры Дункан, — звонка крыкнула жанчына.

З Піліпам Піліпавічам нешта здарылася, пасля чаго ягоны твар пяшчотна наліўся чырванню, і ён не вымавіў і гуку, чакаў, што ж будзе далей.

— І ад аглядальні таксама, — працягваў Швондзер, — яе спакойна можна аб'яднаць з кабінетам.

— Угу, — нейкім дзіўным голасам сказаў Піліп Піліпавіч, — а дзе ж мне есці?

— У спальні, — хорам адказалі ўсе чацвёра.

Чырвань Піліпа Піліпавіча набыла шараватае адценне.

— У спальні есці, — загаварыў ён злёгку здушаным голасам, — у аглядальні чытаць, у прыёмным пакоі апранацца, аперыраваць у пакоі ў прыслугі, а ў сталоўцы аглядаць. Магчыма, што Айседора Дункан гэтак і робіць. Можа, яна ў кабінеце абедае, а трусоў рэжа ў ванне. Магчыма. Але я не Айседора Дункан! — раптоўна рыкнуў ён, і барвовасць яго стала жоўтага колеру. — Я буду абедаць у сталоўцы, аперыраваць у аперацыйнай! Перадайце гэта агульнаму сходу, і літасціва прашу вас заняцца сваімі справамі, а мне даць магчымасць есці там, дзе ядуць усе нармальныя людзі, гэта значыць у сталоўцы, а не ў прыхожай альбо ў дзіцячым пакоі.

— Тады, прафесар, улічваючы ваша ўпартае процідзеянне, — сказаў усхваляваны Швондзер, — мы пададзім на вас скаргу ў вышэйшыя інстанцыі.

— Ага, — прамовіў Піліп Піліпавіч, — гэтак, — і голас яго зрабіўся падазрона прыветным, — адну хвілінку папрашу вас пачакаць.

«Во гэта мужык, — з захапленнем думаў сабака, — увесь у мяне. Эх, і цімане ён іх зараз, эх, цімане. Не ведаю яшчэ як, але цапне… Бі іх! Гэтага цыбатага хватануць зараз вышэй халявы бота за падкаленнае сухажылле… р-р-р…»

Піліп Піліпавіч грукнуў, зняў тэлефонную трубку і сказаў у яе вось што:

— Калі ласка… ага… дзякуй вам… Пятра Аляксандравіча папрасіце, калі ласка. Прафесар Праабражэнскі. Пётр Аляксандравіч? Вельмі рады, што застаў вас. Дзякуй вам, здаровы. Пётр Аляксандравіч, ваша аперацыя адмяняецца. Што? Зусім адмяняецца. Гэтак, як і ўсе астатнія аперацыі. А вось чаму: я перастаю працаваць у Маскве і наогул у Расеі… Зараз да мяне прыйшло чацвёра, з іх адна жанчына, пераапранутая ў мужчыну, і двое з рэвальверамі, і тэрарызуюць мяне ў кватэры з мэтай адабраць яе.

— Дазвольце, прафесар, — пачаў Швондзер і змяніўся з твару.

— Выбачайце… У мяне няма магчымасці паўтарыць усё, што яны гаварылі. Я не люблю паўтараць глупства. Дастаткова сказаць, што яны прапанавалі адмовіцца мне ад мае аглядальні, а інакш сказаць, прымушаюць мяне аперыраваць вас там, дзе я да гэтага часу рэзаў трусоў. У гэтакіх умовах я не тое што не магу, але і не маю права працаваць. Таму я спыняю дзейнасць, замыкаю кватэру і пераязджаю ў Сочы. Ключы магу перадаць Швондзеру. Няхай ён і аперыруе.

Чацвёра аслупянелі. Снег раставаў у іх на ботах.

— А што зробіш? Мне самому вельмі непрыемна… Як? Э, не, Пётр Аляксандравіч! Э, не. Больш я не згодны. Цярпенне маё лопнула. Гэта ўжо другі выпадак пасля жніўня. Як? Гм… Як хочаце. Хаця б. Але толькі адна ўмова: альбы кім, альбы калі, што хочаце, але каб гэта была такая папера, пры якой не толькі Швондзер, але і ніхто іншы не мог нават падысці да дзвярэй маёй кватэры. Канчатковая папера. Фактычная. Сапраўдная! Браня. Каб маё прозвішча нават і не ўспаміналася. Вядома. Для іх мяне не існуе болей. Так, так. Калі ласка. Кім? Ага… Ну, гэта іншая справа. Ага… Добра. Зараз перадаю трубку. Будзьце ласкавы, — змяіным голасам звярнуўся Піліп Піліпавіч да Швондзера, — зараз з вамі будуць гаварыць.

— Дазвольце, прафесар, — сказаў Швондзер і то ўспыхваў, то патухаў, — вы перакруцілі нашы словы.

— Папрашу вас не смець гэтак гаварыць.

Швондзер разгублена ўзяў трубку і прамовіў:

— Я слухаю. Ага… Старшыня дамкама… Мы ж дзейнічалі па правілах… Дык у прафесара і так выключнае становішча… Мы ведаем пра яго работу… Цэлых пяць пакояў хацелі пакінуць яму… Ну, добра… Калі так… добра…

Зусім чырвоны, ён павесіў трубку і павярнуўся.

«Як апляваў! Ну і мужык! — з захапленнем думаў сабака. — Што ж ён слова гэтакае ведае, ці што? Ну, цяпер можаце мяне біць як хочаце, але я адсюль нікуды не пайду».

Трое з адкрытымі ратамі глядзелі на апляванага Швондзера.

— Гэта ж проста ганьба! — нясмела прамовіў той.

— Калі б зараз была дыскусія, — пачала ўсхвалявана жанчына і загарэлася чырванню, — я даказала б Пятру Аляксандравічу…

— Выбачайце, вы не зараз, спадзяюся, збіраецеся пачаць гэтую дыскусію? — ветліва спытаўся Піліп Піліпавіч.

Вочы ў жанчыны ўспыхнулі.

— Я разумею вашу іронію, прафесар, мы зараз пойдзем… Толькі я як загадчык культаддзела дома…

— За-гад-чыца, — паправіў яе Піліп Піліпавіч.

— Хачу прапанаваць вам, — тут жанчына з-за пазухі дастала некалькі стракатых і мокрых ад снегу часопісаў, — узяць некалькі штук у карысць дзяцей Германіі. Паўрубля за штуку.

— Не, не вазьму, — коратка адказаў Піліп Піліпавіч, скоса паглядзеў на часопісы.

Шчырае здзіўленне адбілася на тварах, а жанчына пакрылася журавінавым налётам.

— Чаму вы адмаўляецеся?

— Не хачу.

— Вы не спачуваеце дзецям Германіі?

— Спачуваю.

— Шкадуеце паўрубля?

— Не.

— Дык чаму ж?

— Не хачу.

Памаўчалі.

— Ведаеце, прафесар, — загаварыла дзяўчына, цяжка ўздыхнула, — каб вы былі не эўрапейскае свяціла і каб за вас не заступаліся самым абуральным чынам (бландзін шмаргануў яе за куртку, але яна адмахнулася) асобы, якіх, я ўпэўнена, мы яшчэ адукуем, вас трэба было б расстраляць.

— А за што? — з цікаўнасцю спытаў Піліп Піліпавіч.

— Вы ненавіснік пралетарыяту! — з гонарам прамовіла жанчына.

— Ага, я не люблю пралетарыяту, — сумна згадзіўся Піліп Піліпавіч і націснуў на кнопку. Дзесьці зазвінела. Адчыніліся дзверы ў калідор.

— Зіна, — крыкнуў Піліп Піліпавіч, — падавай абедаць. Вы дазволіце, панства?

Чацвёра моўчкі выйшлі з кабінета, моўчкі прайшлі праз прыёмную, прыхожы пакой, і чуваць было, як за імі зачыніліся цяжка і зычна ўваходныя дзверы.

Сабака ўстаў на заднія лапы і зрабіў перад Піліпам Піліпавічам нейкі намаз.

Загрузка...