IX

Бенефіс, які абяцаў Шарыкаву Барменталь, не адбыўся раніцай таму, што Паліграф Паліграфавіч знік з дому. Барменталь быў у лютым адчаі, аблаяў сябе аслом за тое, што не схаваў ключ ад дзвярэй, крычаў, што дараваць нельга, і закончыў пажаданнем, каб Шарыкаў трапіў пад-аўтобус. Піліп Піліпавіч сядзеў у кабінеце, ашчаперыў голаў і гаварыў:

— Уяўляю, што будзе тварыцца на вуліцы… Уяўляю-ю. «От Севильи до Гренады», божа мой.

— Ён, можа, яшчэ ў дамкаме, — шалеў Барменталь і кудысьці бегаў.

У дамкаме ён палаяўся са старшынёй Швондзерам гэтак, што той сеў пісаць заяву ў народны суд Хамоўніцкага раёна, крычаў, што ён не вартаўнік выхаванца прафесара Праабражэнскага, болей таго, гэты выхаванец аказаўся прахвостам, узяў у дамкаме 7 рублёў быццам бы на пакупку падручнікаў.

Фёдар, які зарабіў на гэтай прапажы тры рублі, абшукаў увесь дом. Нідзе і следу Шарыкава не асталося.

Высветлілася толькі адно — Паліграф знік на світанні ў кепцы, з шарфам і ў паліто, прыхапіў з сабой бутэльку рабінавай гарэлкі з буфета, пальчаткі доктара Барменталя і ўсе свае дакументы. Дар'я Пятроўна і Зіна не хавалі сваёй вялікай радасці і спадзявання, што Шарыкаў болей не вернецца. У Дар'і Пятроўны Шарыкаў незадоўга перад гэтым пазычыў тры рублі пяцьдзесят капеек.

— Вось так вам і трэба! — роў Піліп Піліпавіч і трос кулакамі. Цэлы дзень званіў тэлефон, званіў і на другі дзень. Дактары прымалі вялізную колькасць пацыентаў, а на трэці дзень паўстала пытанне, што трэба паведамляць у міліцыю пра знікненне Шарыкава, якая і павінна вылавіць яго ў маскоўскім віры.

І толькі вымавілі слова «міліцыя», як цішыню ў Абухавым завулку разбурыў гук грузавіка, скалануліся вокны ў доме. Потым прагучаў упэўнены званок, і Паліграф Паліграфавіч зайшоў надзвычай ганарліва, моўчкі зняў кепку, паліто павесіў на рогі і аказаўся зусім іншы з выгляду. На ім была скуранка з чужога пляча, гэтакія ж скураныя вынашаныя штаны і ангельскія высокія боты са шнуроўкай да каленяў. Цяжкі кашэчы дух расплыўся па ўсёй прыхожай. Праабражэнскі і Барменталь, быццам па камандзе, склалі рукі на грудзях, прысланіліся да вушакоў і чакалі першых паведамленняў ад Паліграфа Паліграфавіча. Ён пагладзіў жорсткія валасы, кашлянуў, азірнуўся; было прыкметна, што збянтэжанасць ён хоча схаваць за сваёй развязнасцю.

— Я, Піліп Піліпавіч, — пачаў ён нарэшце гаварыць, — на пасаду паступіў.

Абодва дактары коратка ўскрыкнулі і паварушыліся. Праабражэнскі апамятаўся першы, працягнуў руку і сказаў:

— Паперу пакажыце.

Было надрукавана: «Уладальнік гэтага таварыш Паліграф Паліграфавіч Шарыкаў сапраўды загадчык пададдзела ачысткі горада Масквы ад брадзячай жывёлы (каты і інш.) у аддзела МКГ».

— Ага, — цяжка прамовіў Піліп Піліпавіч, — хто ж вас туды ўладкаваў? А, ды я і сам здагадваюся.

— Правільна, Швондзер, — адказаў Шарыкаў.

— Дазвольце спытаць — чаму ад вас гэтак смярдзіць?

Шарыкаў заклапочана панюхаў куртку.

— Ну, пахне… вядома: па спецыяльнасці. Учора катоў душылі-душылі…

Піліп Піліпавіч скалануўся і паглядзеў на Барменталя. Вочы ў таго нагадвалі дзве чорныя рулі, накіраваныя на Шарыкава ва ўпор. Без усякай прадмовы ён ступіў да Шарыкава і лёгка і ўпэўнена ўзяў яго за горла.

— Гвалт! — піскнуў Шарыкаў і пабялеў.

— Доктар!

— Нічога я яму не зраблю лішняга, Піліп Піліпавіч, не турбуйцеся, — сталёвым голасам адазваўся Барменталь і закрычаў: — Зіна, Дар'я Пятроўна!

Тыя з'явіліся ў прыхожай.

— Ну, паўтарайце, — сказаў Барменталь і крышку прыціснуў горла Шарыкава, — прабачце мне…

— Ну, добра, паўтару, — асіплым голасам адказаў зусім спалоханы Шарыкаў, раптам сабраўся з сілай, паспрабаваў вырвацца і крыкнуць «гвалт», але крыку не выйшла, і галава яго зусім патанула ў футры.

— Доктар, прашу вас…

Шарыкаў заківаў галавой, даваў знак, што ён пакарыўся і будзе прасіць прабачэння.

— …Прабачце мне, паважаная Дар'я Пятроўна і Зінаіда?..

— Пракопаўна, — спалохана шапнула Зіна.

— Уф, Пракопаўна… — гаварыў і зяпаў ротам ахрыплы Шарыкаў, — …што я дазволіў сабе…

— Сабе гнюсны ўчынак ноччу, калі быў п'яны.

— П'яны…

— Ніколі больш не буду…

— Не бу…

— Адпусціце, адпусціце яго, Іван Арнольдавіч, — узмаліліся абедзве жанчыны, — вы яго задушыце.

Барменталь адпусціў Шарыкава і сказаў:

— Машына вас чакае?

— Не, — з павагай адказаў Паліграф, — ён мяне толькі прывёз.

— Зіна, адпусціце машыну. Цяпер майце на ўвазе наступнае: вы зноў вярнуліся ў кватэру Піліпа Піліпавіча?

— А куды ж мне больш? — нясмела адказаў Шарыкаў, і вочы яго забегалі.

— Выдатна. Будзеце цішэй вады і ніжэй травы. Інакш за кожны выбрык з вамі буду разбірацца я. Зразумела?

— Зразумела, — адказаў Шарыкаў.

Піліп Піліпавіч увесь час маўчаў. Ён неяк жаласліва ссутуліўся, абкусваў пазногці і глядзеў на паркет. Потым раптам паглядзеў на Шарыкава і спытаўся:

— Што ж вы рабілі з гэтымі… з забітымі катамі?

— На паліто згодзяцца, — адказаў Шарыкаў, — з іх вавёрак будуць рабіць на рабочы крэдыт.

Пасля ў кватэры запанавала цішыня, і панавала яна двое сутак. Паліграф Паліграфавіч раніцай ехаў на машыне, з'яўляўся вечарам, ціха вячэраў з Піліпам Піліпавічам і Барменталем.

І хаця Шарыкаў і Барменталь спалі ў адным пакоі — у прыёмным — яны не размаўлялі, таму Барменталь засумаваў першы.

Дні праз два ў кватэры з'явілася худзенькая з падмаляванымі вачыма паненка ў крэмавых панчохах і вельмі збянтэжылася, калі ўгледзела ўсю гэту раскошу ў кватэры. У вынашаным паліто яна ішла ўслед за Шарыкавым. У прыхожым пакоі сустрэлася з прафесарам.

Той аслупянеў, утаропіўся позіркам, прыжмурыўся і спытаўся:

— Дазвольце даведацца?

— Я з ёй распісваюся. Гэта наша машыністка, жыць будзе са мной. Барменталя трэба будзе перасяліць з прыёмнага пакоя. У яго свая кватэра ёсць, — зусім непрыязна і злосна растлумачыў Шарыкаў.

Піліп Піліпавіч падумаў, пакуль глядзеў на пачырванелую паненку, і ветліва запрасіў яе:

— Я вас папрашу на хвілінку да мяне ў кабінет.

— Я з ёй пайду, — хутка і падазрона прамовіў Шарыкаў.

І тут імгненна, быццам з-пад зямлі, вынырнуў Барменталь.

— Прабачце, прафесар пагаворыць з паняй, а мы з вамі пабудзем тут.

— Я не хачу, — злосна адазваўся Шарыкаў і паспрабаваў пайсці ўслед за Піліпам Піліпавічам і паненкай, якая палала ад сораму.

— Не, даруйце, — Барменталь узяў Шарыкава за руку, і яны пайшлі ў аглядальню.

Хвілін пяць у кабінеце было ціха, потым адтуль пачуўся плач дзяўчыны.

Піліп Піліпавіч стаяў ля стала, а паненка плакала ў брудную карункавую хусцінку.

— Ён, нягоднік, сказаў, што паранены ў баях, — плакала наўзрыд паненка.

— Хлусіць, — няўмольна адказаў Піліп Піліпавіч. Ён паківаў галавой і працягваў: — Мне шчыра шкада вас, але ж нельга вось гэтак з першым сустрэчным… толькі з-за службовага становішча… Дзіцятка, гэта ж дрэнна… Вось што… — Ён адчыніў шуфляду пісьмовага стала, дастаў тры паперкі па тры чырвонцы.

— Я атручуся, — плакала паненка, — у сталоўцы саланіна кожны дзень… і пагражае… гаворыць, што ён чырвоны камандзір… са мною, гаворыць, будзеш жыць у раскошнай кватэры… кожны дзень ананасы… псіхіка, кажа, у мяне добрая, толькі катоў ненавіджу. Ён у мяне пярсцёнак узяў на памяць…

— Ну, ну, ну, псіхіка добрая… «От Севильи до Гренады», — мармытаў Піліп Піліпавіч, — трэба пацярпець — вы яшчэ зусім маладая…

— Няўжо ў гэтай самай падваротні?

— Ну, бярыце грошы, калі пазычаюць, — крыкнуў Піліп Піліпавіч.

Потым дзверы адчыніліся, і Барменталь па загаду Піліпа Піліпавіча прывёў Шарыкава. Вочы ў таго бегалі і валасы натапырыліся, як шчотка.

— Нягоднік, — сказала паненка і паблісквала заплаканымі размазанымі вачыма і паласатым напудраным носам.

— Адкуль у вас шрам на лбе, растлумачце гэтай паненцы, — ласкава спытаў Піліп Піліпавіч.

Шарыкаў сыграў нахабна.

— Я на калчакоўскім фронце паранены, — брахнуў ён.

Паненка ўстала і выйшла з плачам.

— Перастаньце, — крыкнуў услед Піліп Піліпавіч, — пачакайце, пярсцёнак давайце, — сказаў ён Шарыкаву.

Той пакорліва зняў з пальца дзьмуты пярсцёнак з ізумрудам.

— Ну, ладна, — раптам злосна сказаў ён, — папомніш ты ў мяне. Заўтра я табе ўстрою скарачэнне штатаў.

— Не бойцеся яго, — крыкнуў услед Барменталь, — я не дам яму нічога зрабіць. — Ён завярнуўся і гэтак паглядзеў на Шарыкава, што той адступіўся і ўдарыўся патыліцай аб шафу.

— Як яе прозвішча? — спытаўся ў яго Барменталь. — Прозвішча! — раўнуў ён і зрабіўся дзікі і страшны.

— Васняцова, — адказаў Шарыкаў, і вочы яго шукалі, куды б схавацца.

— Кожны дзень, — узяўшыся за лацканы Шарыкавай курткі, сказаў Барменталь, — буду даведвацца пра чыстку — ці не скараціў грамадзянку Васняцову. І калі даведаюся, што вы скарацілі, я вас… уласнымі рукамі тут жа і прыстрэлю. Беражыцеся, Шарыкаў, па-расейску вам гавару.

Шарыкаў не адрываўся, глядзеў на барменталеўскі нос.

— У нас у саміх наганы знойдуцца… — прамармытаў Паліграф вяла і раптоўна пырснуў у дзверы.

— Сцеражыся! — пачуўся наўздагон барменталеўскі крык.

Усю ноч і палову наступнага дня вісела, як хмара перад навальніцай, цішыня. Усе маўчалі. Але на наступны дзень, калі Паліграф Паліграфавіч, якога зранку кальнула нядобрае прадчуванне, насуплены паехаў на работу, прафесар Праабражэнскі зусім не ў прызначаны час прыняў аднаго са сваіх пацыентаў, тоўстага і высокага ростам чалавека ў вайсковай форме. Той настойліва дабіваўся спаткання і дабіўся. Ён зайшоў у кабінет і ветліва грукнуў абцасамі.

— У вас зноў пачало балець? — спытаўся пастарэлы Піліп Піліпавіч. — Сядайце, калі ласка.

— Я вельмі ўдзячны. Мерсі, прафесар… Не… Я прыехаў да вас не з-за гэтага, Піліп Піліпавіч… у мяне да вас вялікая павага… гм… папярэдзіць. Ды глупства. Проста ён нягоднік… — Пацыент адчыніў партфель і дастаў паперу. — Добра, што ён мне самому далажыў…

Піліп Піліпавіч начапіў пенснэ на акуляры і пачаў чытаць. Ён доўга мармытаў, мяняўся з твару кожнае секунды. «…а таксама пагражаў забіць старшыню дамкама таварыша Швондзера, а з гэтага вынікае, што мае зброю. І гаворыць контррэвалюцыйныя прамовы, і нават Энгельса загадаў сваёй сацыялпрыслужніцы Зінаідзе Пракопаўне Бунінай спаліць у печцы, як відавочны меншавік са сваім асістэнтам Барменталем Іванам Арнольдавічам, які ўкрадкі, бо не прапісаны, жыве ў яго на кватэры. Подпіс загадчыка пададдзела ачысткі П.П.Шарыкава — пацвярджаю. Старшыня дамкама Швондзер, сакратар Пяструхіна».

— Вы дазволіце гэта пакінуць мне? — спытаўся Піліп Піліпавіч, і твар яго пакрыўся плямамі. — Ці, вінаваты, можа, вам гэта трэба, каб даць законны ход справе?

— Прабачце, прафесар, — зусім пакрыўдзіўся пацыент, і ноздры яго заварушыліся, — вы і сапраўды ўжо зусім пагардліва глядзіце на нас. Я… — і тут ён пачаў надзімацца, як індыйскі певень.

— Ну, прабачце, прабачце, галубок! — замармытаў Піліп Піліпавіч. — Даруйце, я на самай справе не хацеў вас пакрыўдзіць. Галубок, не злуйцеся на мяне, ён так мяне…

— Я ўяўляю, — зусім супакоіўся пацыент, — але якая ўсё ж дрэнь! Цікава было б паглядзець на яго. У Маскве пра вас легенды расказваюць…

Піліп Піліпавіч у адчаі махнуў рукой. Тут толькі пацыент заўважыў, што прафесар згорбіўся і быццам пасівеў за апошні час.

* * *

Злачынства саспела і ўпала, нібы камень, як гэта звычайна і бывае. Смактала нешта пад сэрцам, калі Паліграф Паліграфавіч вяртаўся на грузавіку. Голас Піліпа Піліпавіча запрасіў яго ў аглядальню. Здзіўлены Шарыкаў прыйшоў з незразумелым страхам, зазірнуў у дула на барменталевым твары, а потым зірнуў на Піліпа Піліпавіча. Хмара плавала вакол асістэнта, і левая яго рука з папяроскай лёгенька дрыжала на бліскучай ручцы акушэрскага крэсла. Піліп Піліпавіч спакойна і злавесна прамовіў:

— Цяпер забярыце свае рэчы: штаны, паліто, усё, што вам трэба, — і вон з кватэры!

— Як гэта? — шчыра здзівіўся Шарыкаў.

— Вон з кватэры — сёння, — манатонна паўтарыў Піліп Піліпавіч і прыжмурыўся на свае пазногці.

Нейкая нячыстая сіла авалодала Паліграфам Паліграфавічам: мабыць, падпільноўвала яго пагібель і рок стаяў за плячыма. Ён сам кінуўся ў абдымкі непазбежнаму і гаўкнуў злосна і коратка:

— Ды што гэта на самай справе! Хіба я на вас не знайду ўправы? Я на 16 аршынах тут сяджу і буду сядзець!

— Вон з кватэры, — прыязна шапнуў Піліп Піліпавіч.

Шарыкаў сам клікаў сваю смерць. Ён падняў руку і паказаў Піліпу Піліпавічу абкусаную і смярдзючую катамі дулю. А потым правай рукой у бок небяспечнага Барменталя дастаў наган. Папяроса Барменталева ўпала, як знічка, а праз некалькі секунд Піліп Піліпавіч па бітым шкле бегаў ад шафы да канапы. На ёй ляжаў і хроп загадчык пададдзела ачысткі, а на грудзях у яго сядзеў хірург Барменталь і душыў маленькай беленькай падушачкай.

Праз некалькі хвілін доктар Барменталь з мёртвым тварам выйшаў у калідор і побач з кнопкай званка прыклеіў паперку:

«Сёння з-за хваробы прафесара прыёму не будзе. Просьба не турбаваць званкамі».

Бліскучым складанчыкам ён перарэзаў дрот ад званка, у люстры паглядзеў на свой паабдзіраны твар. Рукі ў яго дрыжалі. Потым ён з'явіўся на кухні і наструненым Зіне і Дар'і Пятроўне сказаў:

— Прафесар просіць вас нікуды не выходзіць з кватэры.

— Добра, — пакорліва адказалі Зіна і Дар'я Пятроўна.

— Дазвольце мне замкнуць чорны ход і забраць ключ, — загаварыў Барменталь і хаваўся ў цень ад дзвярэй, прыкрываў рукой твар. — Гэта часова, не з-за таго, што вам не давяраюць. Але хто-небудзь прыйдзе, а вы не вытрываеце, адчыніце і перашкодзіце нам. А нам перашкаджаць нельга, мы заняты.

— Добра, — адказалі жанчыны і спалатнелі. Барменталь замкнуў чорны ўваход, замкнуў парадныя дзверы, дзверы з калідора ў прыхожы пакой, і крокі яго заціхлі ў аглядальні.

Цішыня напоўніла кватэру, распаўзлася па кутках. Палез прыцемак, нядобры, насцярожаны, адным словам — цемра. Праўда, потым суседзі быццам бы гаварылі, што ў вокнах аглядальні нібыта бачылі белы каўпак самога прафесара. Цяжка праверыць. Праўда, і Зіна, калі ўсё скончылася, балбатала, што ў кабінеце ля каміна пасля таго, як прафесар і Барменталь выйшлі з аглядальні, яе да смерці напалохаў Іван Арнольдавіч. Ён быццам бы сядзеў у кабінеце на кукішках і паліў у каміне ўласны сшытак у сініх вокладках з таго пачка, у якім запісваліся гісторыі хваробы пацыентаў. Твар у доктара быў амаль зялёны і ўвесь, ну ўвесь паабдзіраны. І Піліп Піліпавіч у той вечар быў на самога сябе не падобны. І яшчэ, што… магчыма, нявінная дзяўчына з прачысцінскай кватэры і прыхлушвае…

За адно можна было толькі ручацца: у кватэры ў той вечар панавала адна жахлівая цішыня.


Канец аповесці

Загрузка...