Невядома, на што адважыўся Піліп Піліпавіч. Нічога асаблівага-за наступны тыдзень ён не зрабіў, і, можа, з-за ягонай бяздзейнасці жыццё ў кватэры перапоўнілася падзеямі.
Дзён праз 6 пасля гісторыі з дамкамам да Шарыкава прыйшоў малады чалавек, які аказаўся жанчынай, і ўручыў яму дакументы, якія Шарыкаў адразу ж паклаў у кішэню і пасля гэтага паклікаў д-ра Барменталя.
— Барменталь!
— Не, вы лепш мяне Іванам Арнольдавічам называйце, калі ласка! — адазваўся Барменталь і змяніўся з твару.
Трэба адзначыць, што за гэтых 6 дзён хірург умудрыўся разоў з 8 пасварыцца са сваім выхаванцам. І таму атмасфера ў абухаўскіх пакоях была душная.
— Ну, і мяне тады таксама гэтак, імя і імя па бацьку, называйце! — зусім рэзонна адказаў Шарыкаў.
— Не! — загрымеў з дзвярэй Піліп Піліпавіч. — Гэтакім імем і імем па бацьку я не дазволю вас называць. Калі хочаце, каб вас перасталі фамільярна клікаць «Шарыкаў», я і доктар Барменталь будзем зваць вас «пан Шарыкаў».
— Я не пан, паны ў Парыжы! — адбрахаўся Шарыкаў.
— Швондзерава работа! — крычаў Піліп Піліпавіч. — Ну, няхай, разлічуся я з гэтым нягоднікам. Не будзе нікога, акрамя паноў, у маёй кватэры, пакуль я тут знаходжуся! Інакш я альбо вы выберацеся вон, і хутчэй за ўсё — вы. Сёння я дам аб'яву ў газеты, я вам знайду пакойчык.
— Найшлі дурня, які з'едзе адсюль, — зусім цвёрда адказаў Шарыкаў.
— Як гэта? — спытаўся Піліп Піліпавіч і гэтак перамяніўся з твару, што Барменталь падляцеў да яго і пяшчотна і трывожна ўзяў за рукаў.
— Ведаеце, вы не набірайцеся нахабства, мсье Шарыкаў! — Барменталь закрычаў. Шарыкаў адступіў і дастаў з кішэні паперы: зялёную, жоўтую, белую, тыцкаў у іх пальцам і гаварыў:
— Вось. Член жыллёвага таварыства, і плошча мне належыць канкрэтна ў кватэры нумар 5 у адказнага ўладальніка Праабражэнскага памерам 16 квадратных аршынаў. — Шарыкаў падумаў і дадаў слова, якое Барменталь машынальна адзначыў як новае — майце ласку.
Піліп Піліпавіч прыкусіў губу і праз яе неасцярожна прамовіў:
— Клянуся, што гэтага Швондзера я ўрэшце застрэлю.
Шарыкаў надзвычай востра і ўважліва ўспрыняў гэтыя словы, гэта відаць было па ягоных вачах.
— Піліп Піліпавіч, vorsichtig*… — перасцярог Барменталь.
* Асцярожна (ням.).
— Ну, ведаеце… Калі ўжо гэтакую подласць! — ускрыкнуў Піліп Піліпавіч па-расейску. — Майце на ўвазе, Шарыкаў… пан, што я, калі вы яшчэ раз дазволіце сабе хоць адну нахабную выхадку, я пазбаўлю вас абеду і наогул харчавання ў маім доме. 16 аршынаў — цудоўна, але ж я не абавязаны карміць вас па гэтай жабінай паперыне!
Тут Шарыкаў спалохаўся і прыадкрыў рот.
— Без ежы я аставацца не магу, — замармытаў ён, — дзе ж я буду карміцца?
— Тады і паводзьце сябе як след! — уголас заявілі абодва эскулапы.
Шарыкаў відавочна прыціх і ў той дзень не нарабіў нікому ніякай шкоды, акрамя самога сябе: скарыстаў момант, калі адлучыўся Барменталь, узяў брытву і распаласаваў сабе шчаку гэтак, што Піліп Піліпавіч і Барменталь накладвалі яму швы, з-за чаго Шарыкаў доўга выў і абліваўся слязамі.
Наступную ноч у кабінеце Піліпа Піліпавіча сядзелі двое — Піліп Піліпавіч і верны, адданы яму Барменталь. У доме ўжо спалі. Піліп Піліпавіч быў у сваім блакітнага колеру халаце і чырвоных тапачках, а Барменталь у рубашцы і пры сініх падцяжках. Між дактарамі на круглым стале побач з пульхным альбомам стаялі бутэлька каньяку, сподачак з лімонам і скрыначка з цыгарамі. Вучоныя накурылі цэлы пакой і горача абмяркоўвалі апошнюю навіну: гэтага вечара Шарыкаў прысвоіў у кабінеце Піліпа Піліпавіча два чырвонцы, якія ляжалі пад прэс-пап'е, знік з кватэры, вярнуўся позна і зусім п'яны. Мала гэтага. З ім з'явіліся дзве невядомыя асобы, якія паднялі шум на лесвіцы і хацелі пераначаваць у гасцях у Шарыкава. Зніклі гэтыя асобы толькі пасля таго, як Фёдар, які прысутнічаў у час гэтай дзеі ў асеннім паліто паверх бялізны, пазваніў у сорак пяты аддзел міліцыі. Асобы імгненна злінялі, як толькі Фёдар павесіў трубку. Невядома куды пасля гэтага зніклі малахітавая попельніца з падлюстраніка ў прыхожым пакоі, бабровая шапка Піліпа Піліпавіча і яго ж кій, на якім залатой вяззю было напісана: «Дарагому і паважанаму Піліпу Піліпавічу ўдзячныя ардынатары ў дзень…», а потым ішла рымская лічба XXV.
— Хто яны такія? — наступаў Піліп Піліпавіч на Шарыкава і сціскаў кулакі.
Той хістаўся, прыліпаў да футраў, мармытаў нешта пра тое, што асобьі гэтыя яму невядомыя, але што яны не сучыя дзеці, а — добрыя.
— Самае дзіўнае, што яны ж абодва п'яныя… Як жа яны ўмудрыліся? — здзіўляўся Піліп Піліпавіч, глядзеў на тое месца, дзе захоўвалася памяць пра юбілей.
— Спецыялісты, — растлумачыў Фёдар і пайшоў спаць з рублём у кішэні.
Ад двух чырвонцаў Шарыкаў адхрысціўся адразу ж катэгарычна і мармытаў у гэты час, што, маўляў, не адзін ён у кватэры.
— Ага, тады, можа, гэта доктар Барменталь свіснуў чырвонцы? — запытаўся Піліп Піліпавіч ціхім, але страшным голасам.
Шарыкаў пахіснуўся, расплюшчыў зусім асалавелыя вочы і сказаў пра сваё меркаванне:
— Можа, Зінка ўзяла…
— Што такое?.. — Зіна з'явілася ў дзвярах, быццам прывід, і прыкрывала на грудзях расшпіленую кофтачку далонню. — Ды як ён…
Шыя ў Піліпа Піліпавіча стала чырвонага колеру.
— Спакойна, Зінуша, — сказаў ён і працягнуў руку, — не хвалюйся, усё будзе нармальна.
Зіна адразу ж зараўла, распусціла губы, і далонь заскакала ў яе па ключыцы.
— Зіна, як вам не сорамна? Хто ж можа гэтак падумаць? Фу, ганьба якая! — загаварыў разгублена Барменталь.
— Ну, Зіна, ты проста дурніца, даруй мне божа, — пачаў быў Піліп Піліпавіч.
Але тут Зінін плач спыніўся сам сабой, і ўсе замоўклі. Шарыкаву зрабілася дрэнна. Ён стукнуўся галавой аб сцяну, з яго вырвалася — не то «і», не то «е» — быццам «эээ!». Твар збялеў, сутаргава заварушыліся сківіцы.
— Вядро яму, нягодніку, з аглядальні даць!
І ўсе забегалі: пачалі даглядаць хворага Шарыкава. Калі яго вялі спаць, ён хістаўся ў руках у Барменталя, пяшчотна і меладычна лаяўся брыдкімі словамі і вымаўляў іх з цяжкасцю.
Уся гэтая гісторыя здарылася гадзін у дзве, а цяпер было 3 гадзіны ночы, але двое ў кабінеце не спалі, падагрэтыя каньяком і лімонам. Накурылі яны гэтак, што дым вісеў густымі палосамі і нават не пакалыхваўся.
Доктар Барменталь, белы, з рашучымі вачыма, падняў кілішак на тоненькай ножцы.
— Піліп Піліпавіч, — прачула сказаў ён, — я ніколі не забуду, як я амаль галодным студэнтам з'явіўся да вас і вы прытулілі мяне на кафедры. Паверце, Піліп Піліпавіч, вы для мяне намнога больш чым прафесар, настаўнік… Мая бясконцая павага да вас… Дазвольце пацалаваць вас, дарагі Піліп Піліпавіч.
— Галубок мой… — разгублена абазваўся Піліп Піліпавіч і ўстаў насустрач.
Барменталь яго абняў і пацалаваў у пушыстыя, моцна пракураныя вусы.
— Дальбог, Піліп Пілі…
— Гэтак расчулілі, гэтак расчулілі… Дзякуй вам, — гаварыў Піліп Піліпавіч, — галубок, я часам крычу на вас у час аперацыі. Прабачце мне за старэчую нястрыманасць. Па сутнасці, я ж зусім адзінокі… Ад Севільі да Грэнады…
— Піліп Піліпавіч, як вам не сорамна? — шчыра ўсклікнуў адданы Барменталь. — Калі вы не хочаце мяне пакрыўдзіць, не гаварыце мне болей гэтак…
— Ну, дзякуй вам… «К берегам священным Нила…» Дзякуй… Я палюбіў вас як здольнага доктара.
— Піліп Піліпавіч, я вам гавару!.. — горача ўскрыкнуў Барменталь, усхапіўся, шчыльна зачыніў дзверы ў калідор, завярнуўся і шэптам працягваў: — Гэта — адзінае выйсце. Я не магу, вядома, даваць вам парады, але, Піліп Піліпавіч, паглядзіце на сябе, вы ж зусім замучыліся, болей гэтак нельга працаваць.
— Абсалютна нельга, — уздыхнуў і пацвердзіў Піліп Піліпавіч.
— Але ж пра гэта і думаць нават нельга, — шаптаў Барменталь, — у мінулы раз вы гаварылі, што баіцеся за мяне, але каб вы ведалі, дарагі прафесар, як вы гэтым мяне расчулілі. Я не дзіця і разумею, якая з усяго гэтага можа выйсці жахлівая рэч. Я глыбока пераконаны, што ў нас іншага выйсця няма.
Піліп Піліпавіч устаў, замахаў на яго рукамі і ўсклікнуў:
— І не спакушайце, не заікайцеся нават, — прафесар пачаў хадзіць па пакоі, разгайдаў дымныя хвалі, — і слухаць не буду. Разумееце, што будзе, калі нас накрыюць? Нам жа з вамі на «маючы на ўвазе паходжанне» — выехаць не давядзецца, хоць і першая судзімасць. У нас няма падыходзячага паходжання, мой дарагі!
— Якога д'ябла! Бацька быў следчым у Вільна, — горка адказаў Барменталь і дапіў каньяк.
— Ну вось, калі ласка. Гэта ж шкодная спадчыннасць. Горш і ўявіць сабе нічога нельга. Дарэчы, вінаваты, у мяне яшчэ горш. Бацька — кафедральны протаіерэй, Мерсі. «От Севильи до Гренады… в тихом сумраке ночей…» вось чорт пабяры.
— Піліп Піліпавіч — вы велічыня сусветнага значэння, і з-за нейкага, прабачце, сучага сына… Ды хіба яны змогуць зачапіць вас, злітуйцеся!
— Тым больш не зраблю гэтага, — задуменна запярэчыў Піліп Піліпавіч, спыніўся і глядзеў на шкляную шафу.
— Ды чаму ж?
— Таму, што вы не велічыня сусветнага значэння.
— Дзе мне…
— Ну вось. А пакінуць калегу ў выпадку катастрофы і выкруціцца аднаму на сусветным значэнні, даруйце… Я — маскоўскі студэнт, а не Шарыкаў.
Піліп Піліпавіч з гонарам расправіў плечы і стаў падобны на старажытнага французскага караля.
— Піліп Піліпавіч, эх… — горка ўсклікнуў Барменталь, — што ж выходзіць? Цяпер вы будзеце чакаць, пакуль з гэтага хулігана ўдасца зрабіць чалавека?
Піліп Піліпавіч узмахам рукі спыніў яго, наліў сабе каньяку, пажаваў лімон і загаварыў:
— Іван Арнольдавіч, як па-вашаму, я разбіраюся хоць крыху ў анатоміі і фізіялогіі, скажам, чалавечых мазгоў? Як вы думаеце?
— Піліп Піліпавіч, пра што вы пытаеце? — з пачуццём адказаў Барменталь і развёў рукамі.
— Ну добра, без прытворнай сціпласці. Я таксама думаю, што ў гэтым я не самы апошні чалавек у Маскве.
— А я думаю, што вы першы не толькі ў Маскве, а і ў Лондане, і ў Оксфардзе! — горача перапыніў яго Барменталь.
— Ну няхай і гэтак, дык вось, будучы прафесар Барменталь: гэта зрабіць не ўдасца нікому. Скончана. Можаце і не пытацца. Спашліцеся на мяне і скажыце, што Праабражэнскі сказаў. Клім! — раптам урачыста ўсклікнуў Піліп Піліпавіч, і шафа адказала яму звонам. — Клім, — паўтарыў ён. — Вось што, Барменталь, вы лепшы мой вучань і, акрамя таго, мой сябра, у чым я сёння пераканаўся. Дык вось, скажу вам па сакрэту як сябру, вы не будзеце сарамаціць мяне за тое, што я стары асёл. Праабражэнскі пагарэў на гэтай аперацыі, як трэцякурснік. Праўда, адкрыццё ўдалося, але ж вы самі ведаеце, якое, — тут Піліп Піліпавіч горка паказаў рукамі на аконную штору, мабыць, намякаў на Маскву, — але майце на ўвазе, Іван Арнольдавіч, што адзіным вынікам гэтага адкрыцця будзе тое, што ўсе мы цяпер будзем мець гэтага Шарыкава вось тут, — Праабражэнскі паляпаў сябе па сагнутай, схільнай да паралічу шыі, — будзьце спакойны! Калі б хто-небудзь, — з асалодай працягваў Піліп Піліпавіч, — паклаў мяне тут і адлупцаваў розгамі, — я, клянуся, заплаціў бы яму чырвонцаў пяць! «От Севильи до Гренады…» Д'ябал мяне забірай… Я пяць гадоў сядзеў, выкалупліваў з мазгоў прыдаткі… Вы ведаеце, якую я работу зрабіў! Неверагодна нават! І цяпер можна спытацца — навошта? Каб за дзень сімпатычнага сабаку ператварыць у гэтакую мярзотнасць, што аж валасы дыбком устаюць.
— Нешта выключнае!
— Абсалютна згодзен з вамі. Вось што, доктар, атрымліваецца, калі даследчык не хоча ісці паралельна з прыродай і вобмацкам фарсіруе падзеі і прыўзнімае заслону: тады на, май Шарыкава і еш яго з маслам.
— Піліп Піліпавіч, а калі б мазгі Спінозы?
— Ага, — крыкнуў Піліп Піліпавіч. — Ага! Калі толькі няшчасны сабака не памрэ ў мяне пад нажом, а вы ж бачылі, якая гэта аперацыя. Адным словам, Піліп Праабражэнскі нічога цяжэйшага не бачыў у сваім жыцці. Можна прышчапіць гіпафіз Спінозы ці яшчэ якога д'ябла і змайстраваць з сабакі надзвычай развітую істоту. Але навошта? — пытаюся. Растлумачце мне, навошта штучна фабрыкаваць Спіноз, калі любая баба можа нарадзіць іх колькі хочаш. Нарадзіла ж у Халмагорах пані Ламаносава гэтага свайго знакамітага! Доктар, чалавецтва само клапоціцца пра развіццё эвалюцыйным шляхам, кожны год выдзяляе з масы і рознай мярзотнасці, стварае дзесяткі геніяў і ўпрыгожвае імі свет. Цяпер вы разумееце, доктар, чаму я не падтрымаў ваш вывад у гісторыі хваробы Шарыкава. Маё адкрыццё, д'ябал яго забірай, і ломанага гроша не варта… І не спрачайцеся, Іван Арнольдавіч, гэта я ўжо зразумеў сам. Я ж ніколі не гавару пустога. Тэарэтычна гэта цікава. Дарма. Фізіялогія будзе ў захапленні. Масква шалее… Ну а што практычна? Хто перад вамі? — Праабражэнскі ткнуў пальцам у той бок, дзе ў аглядальні адпачываў Шарыкаў.
— Выключны абармот.
— Але ж хто ён! Клім, Клім, — крыкнуў прафесар, — Клім Чугуноў (Барменталь аж рот адкрыў) — вось што: дзве судзімасці, алкагалізм, «усё падзяліць», шапка і два чырвонцы зніклі (тут Піліп Піліпавіч успомніў пра юбілейны кій і пачырванеў) — хам і свіння… Ну, гэты кій я знайду. Адным словам, гіпафіз — закрытая камера, якая вызначае аблічча канкрэтнага чалавека. Канкрэтнага! «От Севильи до Гренады…» — пабліскваў вачыма і злосна крычаў Піліп Піліпавіч, — а не агульначалавечае. У мініяцюры — гэта тыя ж самыя мазгі. А мне ён зусім не патрэбны, ну яго к свінням. Я клапаціўся зусім пра іншае, пра яўгеніку, пра тое, каб зрабіць лепшай чалавечую прыроду. І вось на абмаладжэнні і наскочыў. Няўжо вы думаеце, што я з-за грошай раблю аперацыі? Я ж усё-такі вучоны.
— Вы вялікі вучоны, вось што! — прамовіў Барменталь і каўтнуў каньяку. Вочы яго пачырванелі.
— Я хацеў зрабіць маленькі вопыт пасля таго, як два гады назад атрымаў з гіпафіза выцяжку палавога гармона. А замест гэтага вось што атрымалася. Божа мой! Гэтых гармонаў у гіпафізе, ой госпадзі… Доктар, — перада мной тупік, я, клянуся, разгубіўся.
Барменталь раптам закасаў рукавы, скасіў вочы на нос і прамовіў:
— Вось што, дарагі настаўнік, калі вы не хочаце, то я сам накармлю яго мыш'яком. Пайшло яно да д'ябла, што бацька судовы следчы. Урэшце — гэта ж наша эксперыментальная істота.
Піліп Піліпавіч атух, абмяк, сеў у крэсла і сказаў:
— Не, я гэта не дазволю зрабіць вам, мілы хлопчык. Мне 60 гадоў, і я магу даваць парады. На злачынства не ідзіце ніколі, супроць каго б яно там ні было накіравана. Дажывіце да старасці з чыстымі рукамі.
— Злітуйцеся, Піліп Піліпавіч, ды калі яго апрацуе гэты Швондзер, што ж з гэтага атрымаецца?! Божачка, я толькі зараз пачынаю разумець, што выйдзе з гэтага Шарыкава!
— Ага, цяпер зразумелі? А я зразумеў пра гэта праз 10 дзён пасля аперацыі. Ну дык вось, Швондзер і ёсць самы галоўны дурань. Ён не разумее, што Шарыкаў больш небяспечны для яго, чым для мяне. Ну, зараз ён усяляк нацкоўвае яго на мяне, не думае пра тое, што калі хто-небудзь у сваю чаргу нацкуе Шарыкава на самога Швондзера, то ад яго застануцца толькі ножкі ды рожкі.
— Дзіва што! Адны каты чаго варты! Чалавек з сабачым сэрцам.
— Ды не, не, — нараспеў адказаў Піліп Піліпавіч, — вы, доктар, робіце вялікую памылку, не нагаворвайце на сабаку. Каты — гэта часовае… Гэта пытанне дысцыпліны і двух-трох тыдняў. Запэўніваю вас. Яшчэ які-небудзь месяц, і ён перастане кідацца на іх.
— А чаму ж цяпер?
— Іван Арнольдавіч, гэта элементарна… Вы што, на самай справе пытаецеся? Ды гіпафіз не будзе вісець у паветры. Ён жа прышчэплены на сабачых мазгах, дайце час яму прыжыцца. Зараз Шарыкаў уяўляе сабой толькі астаткі сабачага, і зразумейце, што каты — гэта лепшае з усяго, што ён робіць. Падумайце пра тое, што ў яго ўжо не сабачае, а чалавечае сэрца. І самае горшае з усіх, якія могуць існаваць у прыродзе!
Барменталь, узвінчаны далей некуды, сціснуў дужыя худыя рукі ў кулакі, паварушыў плячыма, цвёрда сказаў:
— Вядома. Я заб'ю яго!
— Забараняю гэта! — катэгарычна адказаў Піліп Піліпавіч.
— Ды што ж тады…
Піліп Піліпавіч раптам насцярожыўся, падняў палец.
— Пачакайце… Мне здалося, што чую крокі.
Абодва прыслухаліся, але ў калідоры было ціха.
— Здалося, — сказаў Піліп Піліпавіч і горача загаварыў па-нямецку. У ягоных словах некалькі разоў чулася расейскае «крымінальшчына».
— Хвілінку, — раптам насцярожыўся Барменталь і ступіў да дзвярэй. Крокі былі добра чуваць і набліжаліся да кабінета. Акрамя таго, голас бубніў. Барменталь адчыніў дзверы і, уражаны, адхіснуўся. Піліп Піліпавіч знерухомеў у крэсле.
У асветленым чатырохкутніку калідора паўстала ў адной начной кашулі Дар'я Пятроўна з баявым і чырвоным тварам. І доктара і прафесара ўразіла колькасць магутнага і, як здалося са страху, голага цела. У дужых руках Дар'я Пятроўна валакла нешта, і гэтае «нешта» ўпіралася, сядала на зад, і кароценькія яго ногі, пакрытыя чорным пухам, запляталіся на паркеце. «Нешта», вядома ж, аказалася Шарыкавым, зусім знішчаным, п'яненькім, ускудлачаным і ў адной сарочцы.
Дар'я Пятроўна, грандыёзная і голая, страсянула Шарыкава, быццам мяшок з бульбай, і сказала такія словы:
— Палюбуйцеся, прафесар, на нашага візіцёра Тэлеграфа Тэлеграфавіча. Я замужам была, а Зіна — нявінная дзяўчына. Добра, што я прачнулася.
Пасля гэтай прамовы Дар'я Пятроўна адчула сорам, ускрыкнула, закрыла грудзі рукамі і памчалася.
— Дар'я Пятроўна, прабачце, калі ласка, — пасля таго як апамятаўся, крыкнуў ёй услед Піліп Піліпавіч.
Барменталь вышэй закасаў рукавы і рушыў на Шарыкава. Піліп Піліпавіч зазірнуў яму ў вочы і жахнуўся.
— Што вы, доктар, я забараняю!..
Барменталь правай рукой гэтак узяў Шарыкава за шкірку, што палатно ягонай сарочкі спераду затрашчала.
Піліп Піліпавіч кінуўся напярэймы і пачаў выдзіраць шчуплага Шарыкава з учэпістых хірургічных рук.
— Біць не маеце права! — крычаў напаўзадушаны Шарыкаў, сеў на падлогу і цверазеў на вачах.
— Доктар! — крычаў Піліп Піліпавіч.
Барменталь крыху апамятаўся і адпусціў Шарыкава, пасля чаго той адразу ж захныкаў.
— Ну пакуль, — прашаптаў Барменталь, — пачакаем да раніцы. Я яму пакажу бенефіс, як толькі ён ацверазее.
Тут ён ухапіў Шарыкава пад паху і павалок спаць. Шарыкаў паспрабаваў брыкацца, але ногі яго не слухалі.
Піліп Піліпавіч расставіў ногі, полы халата разышліся ў бакі, падняў рукі да лямпы на столі і вымавіў:
— Ну-ну…