VI

Быў зімовы вечар. Канец студзеня. Час перад абедам і перад прыёмам. Над дзвярыма прыёмнай вісеў белы аркуш паперы, на якім рукой Піліпа Піліпавіча было напісана:

«Семачкі лускаць у кватэры забараняю».

П.Праабражэнскі.

І сінім алоўкам буйнымі, як піражкі, літарамі рукой Барменталя:

«Ігра на музычных інструментах ад 5 гадзін дня да 7 раніцы забараняецца».

Потым Зінінай рукой:

«Калі вернецеся, скажыце Піліпу Піліпавічу: я не ведаю — куды ён пайшоў. Фёдар гаварыў, што са Швондзерам».

Рукою Праабражэнскага:

«Сто гадоў буду чакаць шкляра?»

Рукою Дар'і Пятроўны (друкаванымі):

«Зіна пайшла ў краму, сказала, прывядзе».

У сталоўцы было зусім па-вечароваму з-за лямпы пад шаўковым абажурам. Святло з буфета падала, пераламанае надвое, — люстраныя шыбы заклееныя касым крыжам ад адной фасеткі да другой. Піліп Піліпавіч, схілены над сталом, засяродзіўся над разгорнутым вялізным газетным аркушам. Маланкі праціналі яго твар, скрозь зубы цадзіліся кароткія, як буркаванне, словы. Ён чытаў заметку:

«Няма ніякага сумнення, што гэта незаконнанароджаны (гэтак гаварылі ў гнілым буржуазным грамадстве) сын. Вось як забаўляецца наша псеўданавуковая буржуазія! Сем пакояў кожны ўмее займаць да таго часу, пакуль чысты меч правасуддзя не блісне над ім чырвоным промнем.

Шв…р».

Вельмі настойліва, спрытна і па-заліхвацку ігралі за дзвюма сценамі на балалайцы, і гукі хітрай варыяцыі «Свеціць месяц» перамяшаліся ў галаве ў Піліпа Піліпавіча са словамі заметкі ў ненавісную кашу. Ён дачытаў да канца, суха плюнуў цераз плячо і машынальна праспяваў скрозь зубы:

— «Св-е-етит месяц… све-е-етит месяц, све-е-етит месяц…» Цьфу, прычапілася праклятая мелодыя!

Ён пазваніў. Зінін твар паказаўся між палотнішчаў парцьеры.

— Скажы яму, што 5 гадзін, каб перастаў, і пакліч яго сюды, калі ласка.

Піліп Піліпавіч сядзеў ля стала ў крэсле. У пальцах левай рукі тырчаў карычневы недакурак цыгары. Ля парцьеры, прысланіўшыся да вушака, закруціў нагу за нагу чалавек маленькага росту і несімпатычны з выгляду. Валасы ў яго на галаве раслі жорсткія, быццам кусты на раскарчаваным полі, а твар пакрываў непаголены пух. Лоб уражваў сваёй маленькай вышынёй. Амаль над самымі чорнымі купінкамі раскідзістых броваў пачыналася густая галаўная шчотка.

Пінжак, парваны пад левай пахай, быў у саломе, паласатыя штаны на правым калене падраныя, а на левым выквацаны ў ліловую фарбу. На шыі ў чалавека быў завязаны пякуча-нябеснага колеру гальштук з фальшывай рубінавай заколкай. Колер гэтага гальштука быў гэтакі кідкі, што час ад часу, калі Піліп Піліпавіч заплюшчваў стомленыя вочы, у цемры на столі альбо на сцяне бачыў палымяны факел у блакітным ззянні. Расплюшчваў іх і зноў слеп, бо ад падлогі пырскалі веерам святла, білі ў вочы лакавыя чаравікі з белымі гетрамі.

«Быццам у галёшах», — з непрыемным адчуваннем падумаў Піліп Піліпавіч, уздыхнуў, засоп і пачаў забаўляцца з патухлай цыгарай. Чалавек ад дзвярэй каламутнымі вачыма пазіраў на прафесара, курыў папяроску і пасыпаў попелам на манішку.

Гадзіннік на сцяне побач з драўляным рабчыкам празваніў пяць разоў. Усярэдзіне ў ім яшчэ нешта стагнала, калі Піліп Піліпавіч пачаў гутарку:

— Я, здаецца, ужо два разы прасіў не спаць на палацях на кухні, — тым болей удзень?

Чалавек кашлянуў асіпла, нібы ўдавіўся костачкай, і адказаў:

— На кухні паветра намнога прыемней.

Голас у яго быў незвычайны, глухаваты і адначасова гучны, нібы з маленькай бочачкі.

Піліп Піліпавіч паківаў галавой і запытаўся:

— Адкуль узялася гэтая брыдота? Я пра гальштук гавару.

Чалавек прасачыў услед за пальцам позіркам, скасавурыў яго цераз адтапыраную губу і з любоўю паглядзеў на гальштук.

— Чаму ж «брыдота»? — загаварыў ён. — Шыкарны гальштук. Дар'я Пятроўна падарыла.

— Дар'я Пятроўна вам брыдоту падарыла, усё роўна як і гэтыя чаравікі. Гэта што за бліскучая дрэнь? Адкуль? Я што прасіў? Купіць прыстойныя чаравікі, а гэта што? Няўжо доктар Барменталь гэта выбраў?

— Я загадаў яму, каб лакавыя. Што я, горшы, чым людзі? Паглядзіце на Кузнецкім — усе ў лакавых.

Піліп Піліпавіч пакруціў галавой і прамовіў важка:

— Спаць на палацях больш не будзеце. Зразумела? Гэта што за нахабства? Вы ж замінаеце! Там жанчыны!

Твар у чалавека пацямнеў і губа адтапырылася.

— Ну і што, што жанчыны. Падумаеш, пані гэтакія. Звычайная прыслуга, а форсу, як у камісарш. Гэта ўсё Зінка-ябеда.

Піліп Піліпавіч паглядзеў строга:

— Не смець зваць Зіну Зінкай! Зразумела?

Маўчанне.

— Зразумела, пытаюся?

— Зразумела.

— Прыбраць гэтае паскудства з шыі. Вы… ты… вы паглядзіце на сябе ў люстра — на што вы падобны. Нейкі балаган. Недакуркі на падлогу не кідаць — прашу ўжо соты раз. Каб болей я не чуў ніводнага мацернага слова ў кватэры! Не плявацца! Вось плявацельніца! З пісуарам абыходзіцца як належыць. З Зінай усякія размовы спыніць. Яна скардзіцца, што ў цемры вы яе падпільноўваеце. Глядзіце! Хто адказаў пацыенту «сабака яго ведае!»? Што вы, на самай справе, у карчме, ці што?

— Нешта вы мяне, папаша, надта прыцясняеце, — раптам плаксіва прамовіў чалавек.

Піліп Піліпавіч пачырванеў, акуляры яго бліснулі.

— Гэта хто тут вам папаша? Што за фамільярнасці? Каб болей я не чуў гэтага слова! Называць толькі маё імя і імя па бацьку!

Дзёрзкі выклік успыхнуў у чалавечку:

— Ды што вы ўсе… То не плюй. То не куры. Туды не хадзі… Гэта ж што на самай справе? Амаль як у трамваі. Што вы мне жыць не даяце? А наконт «папашы» — гэта вы дарэмна. Хіба прасіў я мне аперацыю рабіць? — Чалавек абурана брахаў. — Нічога сабе! Схапілі жывёліну, спаласавалі голаў нажом, а цяпер грэбуеце. Я, можа, свайго дазволу на аперацыю не даваў. А таксама (чалавек упёрся вачыма ў столь, нібы ўспамінаў нейкую формулу), а таксама і мае родзічы. Я маю права на іск падаць.

Вочы ў Піліпа Піліпавіча сталі круглыя, цыгара выпала з рук. «Ну і тып», — мільгнула ў галаве.

— Вы, здаецца, незадаволены, што вас ператварылі ў чалавека? — спытаўся ён і прыжмурыўся. — Вы, можа, хочаце зноў бегаць па сметніках? Мерзнуць у падваротнях? Ну, каб я ведаў…

— Ды што вы ўсё папракаеце — сметнік, сметнік. Я свой кавалак хлеба здабываў. А калі б я памёр у вас пад нажом? Што вы на гэта скажаце, таварыш?

— Піліп Піліпавіч! — злосна ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Я вам не таварыш! Гэта неверагодна! «Жах, жах», — падумалася яму.

— Ну, вядома ж… — з іроніяй загаварыў чалавек і пераможна адставіў нагу, — мы разумеем-с. Якія ж мы таварышы! Дзе ўжо нам. Мы ва ўніверсітэтах не вучыліся, у кватэрах на пятнаццаць пакояў не жылі. Але цяпер пара б выкінуць гэта з галавы. У цяперашні час кожны з нас мае свае правы…

Піліп Піліпавіч, бялеючы, слухаў развагі чалавека. Той перастаў гаварыць і дэманстратыўна пайшоў да попельніцы з пажаванай папяроскай у руцэ. Паходка ў яго была віхлястая. Ён доўга камячыў і растоптваў недакурак, і ўвесь ягоны выгляд гаварыў: «На! На!» Патушыў папяросу, на хаду ляснуў зубамі і круцянуў нос пад паху.

— Пальцамі блох лавіць! Пальцамі! — люта закрычаў Піліп Піліпавіч. — І я не разумею, адкуль яны на вас бяруцца?

— Я што ж, па-вашаму, разводжу іх, ці што? — пакрыўдзіўся чалавек. — Відаць, блохі любяць мяне, — тут ён пальцамі памацаў у падкладцы пад рукавом і пусціў на паветра камяк рыжай лёгкай ваты.

Піліп Піліпавіч перавёў позірк на гірлянду на столі і забарабаніў пальцамі па стале. Чалавек пакараў блыху, адышоў і сеў на крэсла. Рукі ён пры гэтым, апусціўшы далоні, прыціснуў да лацканаў пінжака. Вочы яго скасавурыліся на паркетныя шашачкі. Ён глядзеў на свае чаравікі і ад гэтага меў вялікае задавальненне. Піліп Піліпавіч паглядзеў туды, дзе ззялі яркія водсветы на круглых насках, прыплюшчыў вочы і загаварыў:

— Што яшчэ вы мне хочаце паведаміць?

— Ды ясная справа! Дакумент, Піліп Піліпавіч, патрэбен.

Піліпа Піліпавіча аж перасмыкнула.

— Хм… Д'ябал! Дакумент! Сапраўды… Кхм… а магчыма, гэта можна як-небудзь… — Голас ягоны гучаў няўпэўнена і сумна.

— Злітуйцеся, — упэўнена адказаў чалавек, — як жа гэта так без дакумента? Прабачце. Самі ведаеце, што чалавеку без дакументаў існаваць нельга. Па-першае, дамкам…

— Пры чым тут дамкам?..

— Як гэта пры чым? Сустракаюць, пытаюцца — калі ж ты, шаноўны, прыпішашся?

— Вой, божа мой, — паныла ўсклікнуў Піліп Піліпавіч, — сустракаюць, пытаюцца… Уяўляю, што вы ім гаворыце. Я ж забараніў вам швэндацца па лесвіцы.

— А што я, катаржнік? — здзівіўся чалавек, і свядомасць ягонай праваты загарэлася нават у рубіне. — Як гэта «швэндацца»? Гэта даволі крыўдна. Я хаджу, як і ўсе людзі.

І ў гэты час ён зашоргаў лакірованымі нагамі па паркеце.

Піліп Піліпавіч змоўк і адвёў вочы ўбок. «Трэба ўсё ж стрымлівацца», — падумаў ён. Падышоў да буфета і адным дыхам выпіў вады.

— Выдатна-с, — спакайней загаварыў ён, — сутнасць не ў словах. Такім чынам, што гаворыць гэты ваш цудоўны дамкам?

— А што яму гаварыць… Ды вы дарэмна яго цудоўным аблаялі. Ён абараняе інтарэсы.

— Чые інтарэсы, дазвольце даведацца?

— Вядома чые — працоўнага элемента.

У Піліпа Піліпавіча вочы пайшлі пад лоб.

— І гэта вы — працаўнік?

— Вядома, не нэпман жа.

— Ну няхай. Такім чынам, што яму патрэбна пры абароне вашага рэвалюцыйнага інтарэсу?

— Вядома што — прыпісаць мяне. Яны гавораць — як гэта, каб чалавек жыў у Маскве непрыпісаны. Гэта першае. А самае галоўнае — уліковая картка. Я дэзерцірам не хачу быць. Зноў жа — саюз, біржа…

— Дазвольце запытаць, а па чым я вас прыпішу? Па гэтым абрусе ці па сваім пашпарце? Трэба ўсё ж лічыцца са становішчам! Не забывайце, што вы… Э… гм… вы ж, як гаворыцца, — істота, якая з'явілася неспадзявана, лабараторная істота. — У Піліпа Піліпавіча было ўжо меней упэўненасці.

Чалавек пераможна маўчаў.

— Выдатна-с. Што ж у рэшце рэшт патрэбна, каб вас прыпісаць згодна плану вашага дамкама? У вас жа няма ні імя, ні прозвішча.

— Вы несправядліва гаворыце. Імя я зусім спакойна магу сам сабе выбраць. Надрукаваць у газеце — і гатова.

— І як жа вы хочаце называцца?

Чалавек паправіў гальштук і адказаў:

— Паліграф Паліграфавіч.

— Не выдурняйцеся, — панура адазваўся Піліп Піліпавіч, — я з вамі сур'ёзна гавару.

Здзеклівая ўсмешка скрывіла вусікі чалавека.

— Нешта не разумею я, — загаварыў ён весела і абдумана. — Мне мацюкацца нельга. Пляваць — таксама. Ад вас я толькі і чую: «Дурань, дурань». Мабыць, адным прафесарам дазваляецца лаяцца ў Рэсэфэсэры.

Піліп Піліпавіч пачырванеў, наліваў у шклянку ваду і пабіў яе. Выпіў з другой і падумаў: «Яшчэ крыху, і ён пачне мяне вучыць. І правільна зробіць. Не магу ўзяць сябе ў рукі».

Ён завярнуўся на крэсле, знарок ветліва пакланіўся і цвёрда сказаў:

— Прабачце, у мяне нервы не ў парадку. Імя ваша здалося мне дзіўным. Дзе вы, цікава ведаць, выкапалі сабе такое?

— Дамкам параіў. Шукалі ў календары — якое табе, пытаюцца? Я і выбраў.

— Ні ў якім календары нічога падобнага не можа быць.

— Зусім дзіўна, — чалавек усміхнуўся, — але ён у вас у аглядальні вісіць.

Піліп Піліпавіч не ўстаў, адкінуўся да кнопкі на сцяне, і на званок з'явілася Зіна.

— Каляндар з аглядальні.

Запанавала маўчанне. Калі Зіна вярнулася з календаром, Піліп Піліцавіч спытаўся:

— Дзе?

— 4 сакавіка адзначаецца.

— Пакажыце… Гм… Д'ябал… У печ яго, Зіна, зараз жа!

Зіна спалохана вытрашчылася, пайшла з календаром, а чалавек дакорліва паківаў галавой.

— Прозвішча можна даведацца?

— Прозвішча згодзен узяць па спадчыне.

— Як? Якая спадчына? Менавіта?

— Шарыкаў.


У кабінеце перад сталом стаяў старшыня дамкама Швондзер у скуранцы. Доктар Барменталь сядзеў у крэсле. На чырвоных шчоках доктара (ён толькі зайшоў з марозу) была гэтакая ж разгубленасць, як і ў Піліпа Піліпавіча, які сядзеў побач.

— Як жа пісаць? — нецярпліва спытаўся ён.

— Што ж, — загаварыў Швондзер, — справа простая. Пішыце пасведчанне, грамадзянін прафесар. Вось так, маўляў, уладальнік гэтага дакумента сапраўды Шарыкаў Паліграф Паліграфавіч, гм… які нарадзіўся ў вас у кватэры…

Барменталь недаўменна паварушыўся ў крэсле, Піліп Піліпавіч варухнуў вусам.

— Гм… вось д'ябал! Дурней нічога не прыдумаеш. Не нарадзіўся ён, а проста… адным словам…

— Гэта — справа ваша, — спакойна і зларадна прамовіў Швондзер, — нарадзіўся ці не… Наогул і цалкам гэта ж вы рабілі вопыт, прафесар! Вы і стварылі грамадзяніна Шарыкава.

— І зусім проста, — прагаўкаў Шарыкаў ад кніжнай шафы. Ён разглядаў гальштук у люстраной глыбіні.

— Я б вельмі прасіў вас не ўмешвацца ў размову, — агрызнуўся Піліп Піліпавіч. — Вы дарэмна гаворыце «вельмі проста» — гэта даволі не проста.

— Як жа мне не ўмешвацца, — пакрыўджана забубніў Шарыкаў.

Швондзер яго адразу ж падтрымаў.

— Выбачайце, грамадзянін прафесар, грамадзянін Шарыкаў зусім праў. Гэта ягонае права — удзельнічаць у абмеркаванні яго ж лёсу, таму што справа датычыць дакументаў. Дакумент — гэта самая галоўная рэч на свеце.

У гэты момант аглушальны звон над вухам перапыніў размову. Піліп Піліпавіч сказаў у трубку: «Так…», пачырванеў і закрычаў: — Прашу не турбаваць мяне з-за дробязяў! Якая вам справа? — і моцна кінуў трубку на рычагі.

Блакітная радасць разлілася на твары ў Швондзера.

Піліп Піліпавіч наліўся крывёй і закрычаў:

— Адным словам, скончым гэта.

Ён вырваў з блакнота лісток, напісаў некалькі слоў, злосна прачытаў услых:

— «Гэтым сведчу…» Д'ябал ведае, што такое… Гм… «Уладальнік гэтага — чалавек, які атрымаўся ў выніку лабараторнага вопыту пры аперацыі на мазгах, і яму патрэбен дакумент». Д'ябал! Ды я наогул супроць атрымання гэтакіх ідыёцкіх дакументаў! Подпіс — «прафесар Праабражэнскі».

— Дзіўна даволі, прафесар, — пакрыўдзіўся Швондзер, — як гэта вы дакумент называеце ідыёцкім? Я не магу дапусціць, каб у доме жыў чалавек без дакументаў, якога на вайсковы ўлік узяла міліцыя. А раптам вайна з імперыялістычнымі драпежнікамі?

— Нікуды ваяваць я не пайду, — раптам панура заявіў Шарыкаў.

Швондзер аслупянеў, але хутка ачомаўся і далікатна сказаў Шарыкаву:

— Вы, грамадзянін Шарыкаў, гаворыце як зусім несвядомы. На ваенны ўлік неабходна стаць.

— На ўлік стану, а ваяваць — кукіш з маслам, — непрыязна адказаў Шарыкаў і паправіў гальштук.

Прыйшла чарга збянтэжыцца і Швондзеру. Праабражэнскі злосна і сумна пераглянуўся з Барменталем: «Вось вам і вынік». Барменталь шматзначна кіўнуў галавой.

— Я цяжка паранены ў час аперацыі, — панура сказаў Шарыкаў, — бачыш, як мяне адмастачылі? — І ён паказаў на голаў. Папярок ілба відаць быў свежы пасляаперацыйны шрам.

— Вы анархіст-індывідуаліст? — спытаўся Швондзер, высока падняў бровы.

— Мне белы білет павінны выдаць.

— Ну-с, добра, пакуль што не мае значэння, — адказаў здзіўлены Швондзер, — факт у тым, што пасведчанне прафесара мы адправім у міліцыю і вам выдадуць дакумент.

— Вось што, э… — раптам перапыніў яго Піліп Піліпавіч, якога, мабыць, мучыла нейкая думка, — ці няма ў вас вольнага пакоя? Я згодзен купіць яго ў вас.

Жоўценькія іскаркі засвяціліся ў карычневых Швондзеравых вачах.

— Не, прафесар, на вялікі жаль. І не прадбачыцца.

Піліп Піліпавіч падцяў губы і нічога не сказаў. Зноў ашалела зазваніў тэлефон. Піліп Піліпавіч нічога не спытаўся, моўчкі скінуў трубку з рычагоў, яна пакруцілася ў паветры і павісла на шнуры. Усе здрыгануліся. «Знерваваўся стары», — падумаў Барменталь, а Швондзер бліснуў вачыма, пакланіўся і пайшоў.

Шарыкаў зарыпеў ботамі і пайшоў следам.

Прафесар застаўся з Барменталем. Піліп Піліпавіч памаўчаў, патрос галавой і сказаў:

— Гэта жах, чэснае слова. Вы бачылі? Клянуся, дарагі доктар, я змучыўся за гэтыя два тыдні болей, чым за апошнія 14 гадоў! Вось тып, я вам павінен сказаць!..

Недзе трэснула шкло, потым успыхнуў спалоханы жаночы віск і адразу ж аціх. Нячыстая сіла шарханула па шпалерах у калідоры, паляцела ў аглядальню, там нешта грымнула і пакацілася назад. Загрукалі дзверы, з кухні адгукнуўся ціхі крык Дар'і Пятроўны. Потым завыў Шарыкаў.

— Божачкі, што там яшчэ! — закрычаў Піліп Піліпавіч, кінуўся да дзвярэй.

— Кот, — здагадаўся Барменталь і выскачыў за ім следам. Яны завярнулі па калідоры ў прыхожы пакой, уварваліся ў яго, адтуль у калідор да прыбіральні і ваннага пакоя. З кухні вылецела Зіна і наскочыла на Піліпа Піліпавіча.

— Колькі разоў я загадваў, каб не было катоў, — у шаленстве закрычаў Піліп Піліпавіч. — Дзе ён?! Іван Арнольдавіч, супакойце, богам прашу, пацыентаў у прыёмнай.

— У ванным пакоі, у ванным пракляты чорт сядзіць, — задыхалася і крычала Зіна.

Піліп Піліпавіч налёг на дзверы, але яны не паддаваліся.

— Адкрыць зараз жа!

У адказ у зачыненым ванным пакоі нешта заскакала па сценах, загрымелі тазы, дзікі голас Шарыкава глуха роў за дзвярыма:

— Заб'ю на месцы…

Палілася, зашумела вада. Піліп Піліпавіч націснуў на дзверы. Распараная Дар'я Пятроўна з перакошаным тварам з'явілася на кухонным парозе. Потым высокае шкло з ваннага пакоя, якое было пад самай столлю, трэснула чарвівай трэшчынай, з яго вываліліся два вялікія асколкі, а за імі выпаў вялізны кот тыгрынай расфарбоўкі і з блакітным бантам, падобны нечым на гарадавога. Ён упаў проста на стол, у доўгае блюда, раскалоў яго папалам, з блюда на падлогу, затым закруціўся на трох нагах, а чацвёртай узмахнуў, як у танцы, і адразу ж знік у вузкай шчыліне, якая выходзіла на чорную лесвіцу. Шчыліна расшырылася, і замест ката з'явіўся старэчы твар і хустачка на галаве. Спадніца старой, усыпаная белым гарошкам, апынулася на кухні. Старая ўказальным і вялікім пальцамі выцерла пот, прыпухлымі і калючымі вачыма агледзела кухню і з цікаўнасцю прамовіла:

— О, госпадзі Ісусе!

Белы з твару Піліп Піліпавіч увайшоў у кухню і спытаўся ў старое:

— Што патрэбна?

— Хочацца на сабачку, які гаворыць, паглядзець, — адказала старая пакорліва і перахрысцілася.

Піліп Піліпавіч яшчэ больш пабялеў, падышоў да самае старое і шапнуў:

— Зараз жа вон з кухні!

Старая адступілася да дзвярэй і пакрыўджана загаварыла:

— Нешта вы надта смела, пан прафесар.

— Вон, кажу вам! — паўтарыў Піліп Піліпавіч, і ягоныя вочы зрабіліся круглыя, як у савы. Ён сам ляпнуў чорнымі дзвярыма ўслед старой. — Дар'я Пятроўна, я ж вас прасіў!

— Піліп Піліпавіч, — сказала ў адчаі Дар'я Пятроўна і сціснула аголеныя рукі ў кулакі, — што ж я зраблю? Народ ломіцца цэлымі днямі, хоць усё кідай.

Вада ў ванным пакоі раўла глуха і пагрозліва, але голасу больш чуваць не было. Увайшоў доктар Барменталь.

— Іван Арнольдавіч, пераканаўча вас прашу… гм… колькі там пацыентаў?

— Адзінаццаць, — адказаў Барменталь.

— Адпусціце ўсіх, сёння не буду прымаць.

Піліп Піліпавіч пагрукаў костачкамі пальцаў у дзверы і крыкнуў:

— Зараз жа выходзьце! Чаму вы заперліся?

— Гу-гу, — жаласна і ціха адказаў Шарыкаў.

— Якога д'ябла!.. Не чую, ваду закрыйце.

— Гаў! Гаў!..

— Ды ваду закрыйце! Што ён зрабіў — не разумею… — адчайна закрычаў Піліп Піліпавіч.

Зіна і Дар'я Пятроўна вызіралі з прачыненых з кухні дзвярэй. Піліп Піліпавіч яшчэ раз пагрукаў кулаком.

— Вось ён! — ускрыкнула Дар'я Пятроўна з кухні.

Піліп Піліпавіч ірвануўся туды. У выбітым акне пад столлю паказалася фізіяномія Паліграфа Паліграфавіча. Яна была кіслая, вочы слязлівыя, а ўздоўж носа палымнела ад крыві свежая драпіна.

— Вы звар'яцелі? — спытаўся Піліп Піліпавіч. — Чаму не выходзіце?

Шарыкаў і сам азірнуўся сумна і спалохана:

— Замкнуўся я.

— Адамкніцеся. Што, вы ніколі замка не бачылі?

— Ды не адмыкаецца, пракляты! — спалохана адказаў Паліграф.

— Бацюшкі! Ён на засцерагальнік паставіў! — крыкнула Зіна і ўспляснула рукамі.

— Там ёсць гузічак, — крычаў Піліп Піліпавіч, каб перакрычаць шум вады, — уніз яго націсніце… Уніз націскайце! Уніз!

Шарыкаў знік і праз хвіліну зноў з'явіўся ў акне.

— Ні д'ябла не відаць, — спалохана прагаўкаў ён у акно.

— Лямпу запаліце. Ён звар'яцеў!

— Каціна лапай лямпу пабіў, — адказаў Шарыкаў, — а я яго, нягодніка, пачаў за лапы хапаць, кран выкруціў, а цяпер знайсці не магу.

Усе ўтраіх успляснулі рукамі і замерлі.

Хвілін праз пяць Барменталь, Зіна, Дар'я Пятроўна сядзелі на мокрым, скручаным у трубу дыване ля дзвярэй і заднімі месцамі прыціскалі яго да шчыліны пад дзвярыма, а швейцар Фёдар з запаленай вянчальнай свечкай Дар'і Пятроўны па драўлянай лесвіцы лез да акна. Яго азадак у вялікія шэрыя клеткі мільгнуў і знік у ванным пакоі.

— Ду… гу-гу! — нешта крычаў Шарыкаў скрозь шум вады.

Пачуўся голас Фёдара:

— Піліп Піліпавіч, усё роўна трэба адчыняць, няхай разыдзецца, адпампуем з кухні.

— Адчыняйце, — загадаў Піліп Піліпавіч.

Тройца ўстала з дывана, дзверы адчыніліся, і адразу ж вада хлынула ў калідорык, раздзялілася на тры плыні: у супрацьлеглую прыбіральню, направа — на кухню і налева — у пярэдні пакой. Зіна падскокам дабегла і зачыніла дзверы. Па костачкі ў вадзе выйшаў Фёдар, ён чамусьці ўсміхаўся. Ён быў нібыта ў цыраце — увесь мокры.

— Ледзь заткнуў, вялікі напор, — растлумачыў ён.

— Біць будзеце, папаша? — данёсся плаксівы Шарыкаў голас з ваннай.

— Балван, — коратка адазваўся Піліп Піліпавіч.

Зіна і Дар'я Пятроўна ў падаткнутых да калень спадніцах, з голымі нагамі і Шарыкаў са швейцарам, босыя, з закасанымі калашынамі, шлёпалі мокрымі анучамі па падлозе на кухні і выціскалі з іх брудную ваду ў вёдры і ракавіну. Забытая пліта гудзела. Вада цякла пад дзверы, проста ў пралёт, і капала ў падвал.

Барменталь прыўстаў на пальцы, стаяў у глыбокай лужыне на паркеце ў прыхожым пакоі і вёў перагаворы скрозь прачыненыя на ланцужку дзверы.

— Не будзе сёння прыёму. Калі ласка, адыдзіце ад дзвярэй, у нас труба лопнула…

— А калі ж прыём? — настыраўся голас з-за дзвярэй. — Мне б толькі на хвілінку…

— Не магу, — Барменталь пераступіў з пальчыкаў на пяткі, — прафесар ляжыць, і труба лопнула. Заўтра прашу. Зіна! Мілая! Адсюль выцірайце, а то на парадную лесвіцу пацячэ.

— Ануча не бярэ.

— Зараз кубкамі вычарпаем, — адазваўся Фёдар, — зараз.

Званкі чуліся адзін за адным, і Барменталь ужо ўсім ступаком стаяў у вадзе.

— Калі ж аперацыя? — не адчэпліваўся голас і спрабаваў праціснуцца ў шчыліну.

— Труба лопнула…

— Я ў галёшах зайшоў бы…

Сіняватыя постаці з'явіліся за дзвярыма.

— Нельга, прашу заўтра.

— А я запісаная.

— Заўтра. Катастрофа з водаправодам.

Фёдар ля доктаравых ног коўзаўся ў вадзе, шкроб кубкам, а падрапаны Шарык прыдумаў новы спосаб. Ён скруціў вялікую анучу ў трубу, лёг жыватом у ваду і пагнаў яе з пярэдняга пакоя назад у прыбіральню.

— Што ты, д'ябал, па ўсёй кватэры ганяеш? — злавалася Дар'я Пятроўна. — Вылівай у ракавіну.

— Ды што ў ракавіну, — лавіў рукамі каламутную ваду і агрызаўся Шарыкаў, — яна на парадную цячэ.

З калідора са скрыгатам выехаў заслончык, на ім у сініх паласатых шкарпэтках трымаў раўнавагу Піліп Піліпавіч.

— Іван Арнольдавіч, перастаньце адказваць. Ідзіце ў спальню, я вам чаравікі дам.

— Нічога, Піліп Піліпавіч, гэта дробязь.

— Абуйце галёшы.

— Ды нічога. Усё роўна ногі прамоклі.

— А, божа мой! — засмуціўся Піліп Піліпавіч.

— Да чаго ж шкодная жывёліна! — адазваўся Шарыкаў і выехаў з кухні ракам з супавай міскай у руцэ.

Барменталь зачыніў дзверы, не вытрываў і засмяяўся. Ноздры ў Піліпа Піліпавіча заварушыліся, акуляры ўспыхнулі.

— Вы пра каго гаворыце? — спытаўся ён у Шарыкава звысоку. — Дазвольце даведацца.

— Пра ката я гавару. Гэтакая свалата, — адказаў Шарыкаў, і вочы яго забегалі.

— Ведаеце, Шарыкаў, — перавёў дых Піліп Піліпавіч, — я не бачыў больш нахабнага стварэння, чым вы.

Барменталь хіхікнуў.

— Вы, — працягваў Піліп Піліпавіч, — проста нахабнік. Як вы можаце гэта гаварыць? Самі ўсё натварылі і яшчэ дазваляеце сабе… Ды не… Гэта чортведама што такое!

— Шарыкаў, скажыце мне, калі ласка, — загаварыў Барменталь, — дакуль вы яшчэ будзеце ганяцца за катамі! Сорамна! Гэта ж глупства! Дзікун!

— Які ж я дзікун, — панура адазваўся Шарыкаў. — Ніякі я не дзікун. Трываць яго немагчыма ў кватэры. Толькі і шукае, каб што сцібрыць. Фарш злопаў у Дар'і. Я хацеў яго правучыць.

— Самога б вас правучыць! — адазваўся Піліп Піліпавіч. — Вы паглядзіце на сваю фізіяномію ў люстра.

— Ледзь без воч не астаўся, — адазваўся Шарыкаў, памацаў вока мокрай бруднай рукой.

Калі пачарнелы ад вады паркет крыху высах, усе люстры пакрыліся вільготным налётам, перасталі званіць у дзверы, Піліп Піліпавіч у саф'янавых тапачках стаяў у прыхожай.

— Вось вам, Фёдар.

— Шчыра дзякую.

— Пераапраніцеся зараз жа. Ды вось што: выпіце ў Дар'і Пятроўны гарэлкі.

— Шчыра дзякую. — Фёдар патаптаўся, потым сказаў: — Тут яшчэ, Піліп Піліпавіч. Я прашу прабачэння, не адважваюся. Толькі я за шкло ў 7 кватэры… Грамадзянін Шарыкаў каменнямі кідаў…

— У ката? — спытаўся Піліп Піліпавіч і нахмурыўся, як воблака.

— Ды не. У гаспадара кватэры. Ён пагражае ў суд падаць.

— Д'ябал!

— Кухарку іхнюю Шарыкаў абняў, а той яго выганяць пачаў. Ну, пасварыліся.

— Богам прашу, вы мне адразу ж пра такое паведамляйце! Колькі трэба?

— Паўтара.

Піліп Піліпавіч дастаў тры паўрублі і даў Фёдару.

— Яшчэ за такога мярзотніка паўтара рублі плаціць, — пачуўся ў дзвярах глухі голас, — ды ён сам…

Піліп Піліпавіч завярнуўся, прыкусіў губу і моўчкі выпхнуў Шарыкава ў прыёмную і замкнуў яго. Шарыкаў адразу ж загрымеў кулакамі ў дзверы.

— Не смець! — хворым голасам крыкнуў Піліп Піліпавіч.

— Гэта праўда, гэтакага нахабніка я яшчэ не бачыў, — шматзначна сказаў Фёдар.

Барменталь вырас быццам з-пад зямлі.

— Піліп Піліпавіч, прашу вас, не хвалюйцеся.

Энергічны эскулап адамкнуў дзверы прыёмнай, і адтуль пачуўся яго голас:

— Вы што? У карчме, ці што?

— Гэта правільна, — дадаў рашуча Фёдар, — гэта правільна… Ды яшчэ каб аплявуху…

— Ну што вы, Фёдар, — сумна буркнуў Піліп Піліпавіч.

— Зразумейце, шкада вас…

Загрузка...