З дзённіка доктара Барменталя
Тонкі, пісчага фармату сшытак. Спісаны почыркам Барменталя. На першых дзвюх старонках ён уборысты, акуратны і выразны, а далей размашысты, усхваляваны, з вялікай колькасцю кляксаў.
22 снежня 1924 г. Панядзелак.
Гісторыя хваробы.
Лабараторны сабака прыкладна 2-х год. Самец. Парода — дварняжка. Клічка — Шарык. Шэрсць рэдкая, кустамі, бураватая, з падпалінамі. Хвост колеру адтопленага малака. На правым баку след ад цалкам загоенага апёку. Харч да паступлення да прафесара — дрэнны, пасля тыдня — добра ўкормлены. Вага 8 кг. (Клічнік.) Сэрца, лёгкія, страўнік, тэмпература…
23 снежня. У 8.30 гадзін вечара зроблена першая ў Эўропе аперацыя па праф. Праабражэнскаму: пад хлараформенным наркозам выразаны яечнікі Шарыка і замест іх перасаджаны мужчынскія яечнікі, якія ўзяты за 4 гадзіны і 4 хвіліны да аперацыі ў мужчыны 28 гадоў і якія захоўваліся ў стэрылізаванай фізіялагічнай вадкасці па праф. Праабражэнскаму.
Адразу ж за гэтым пасля трапанацыі чарапной каробкі выняты мазгавы прыдатак — гіпафіз і заменены на чалавечы ад вышэй указанага мужчыны.
Уведзена 8 кубікаў хлараформу, 1 шпрыц камфары, 2 адрэналіну ў сэрца.
Паказанне для аперацыі: пастаноўка вопыту Праабражэнскага з камбінаванай перасадкай гіпафіза і яечнікаў для высвятлення пытання аб тым, як прыжываецца гіпафіз, а на будучае — аб яго ўплыве на абмаладжэнне чалавечага арганізма.
Аперыраваў праф. П.П.Праабражэнскі.
Асістыраваў д-р І.А.Барменталь.
Ноччу пасля аперацыі небяспечныя падзенні пульсу. Чаканне смяротнага выніку. Вялізныя дозы камфары па Праабражэнскаму.
24 снежня. Раніцай — паляпшэнне. Дыханне ўдвая часцейшае, тэмпература 42. Камфара, кафеін пад скуру.
25 снежня. Зноў пагоршала. Пульс амаль не чуваць, канечнасці пахаладзелі, зрэнкі не рэагуюць. Адрэналін у сэрца, камфара па Праабражэнскаму, фізіялагічны раствор у вену.
26 снежня. Крыху палепшала. Пульс 180, дыханне 92, тэмпература 41. Камфара. Харчаванне клізмай.
27 снежня. Пульс 152, дыханне 50, тэмпература 39,8, зрэнкі рэагуюць. Камфара пад скуру.
28 снежня. Намнога лепш стала. Апоўдні нечакана густы пот, тэмпература 37,0. Аперацыйныя раны ў ранейшым становішчы. Перавязка. З'явіўся апетыт. Харчаванне вадкае.
29 нечакана заўважана выпадзенне шэрсці на лбе і на баках тулава. Выкліканы на кансультацыю: прафесар па кафедры скураных хвароб Васіль Васільевіч Бундараў і дырэктар маскоўскага паказальна ветэрынарнага інстытута. Яны прызналі, што такі выпадак у літаратуры не апісаны. Дыягназ не паставілі. Тэмпература — нармальная.
(Запіс алоўкам.)
Вечарам упершыню забрахаў (8 г. 15 хв.). Варта ўвагі рэзкае змяненне тэмбру і зніжэнне тону. Брэх замест слова «гаў-гаў» на складах «а-о» па афарбоўцы слаба нагадвае стогн.
30 снежня. Выпадзенне шэрсці набыло характар агульнага аблысення. Узважванне дало нечаканы вынік — вага — 30 кг за кошт росту (падаўжэння) касцей. Сабака як і раней ляжыць.
31 снежня. Страшэнны апетыт.
(У сшытку клякса. Пасля кляксы паспешлівым почыркам.) У 12 г. 12 хв. сабака выразна брахнуў «А-б-ыр». (У сшытку перапынак і далей, відаць, памылкова ад хвалявання напісана):
1 снежня (перакрэслена, папраўлена) 1 студзеня 1925 г. Сфатаграфаваны раніцай. Выразна брэша «Абыр», паўтарае гэта слова моцна і быццам радасна. У 3 гадзіны дня (вялікімі літарамі) засмяяўся, з-за чаго пакаёўка Зіна абамлела. Вечарам прамовіў 8 разоў запар «Абыр-валг», «Абыр».
(Касымі літарамі алоўкам): прафесар расшыфраваў слова «Абырвалг», яно абазначае «Главрыба»… Нешта неверагоднае…
2 студзеня. Сфатаграфаваны, калі ўсміхаўся. Устаў з ложка і ўпэўнена паўгадзіны трымаўся на адных задніх нагах. Амаль аднолькавага са мной росту.
(У сшытак уклеены ліст.)
Расейская навука ледзь не панесла цяжкую страту.
Гісторыя хваробы прафесара П.П.Праабражэнскага.
У 1 гадзіну 13 хвілін — абамлеў праф. Праабражэнскі. Калі падаў, ударыўся галавой аб ножку крэсла. Цінактура Валерыяна.
Пры мне і пры Зіне сабака (калі яго сабакам можна называць) аблаяў праф. Праабражэнскага мацерна.
(Перапынак у нататках.)
6 студзеня. (Уперамешку алоўкам і фіялетавым чарнілам.)
Сёння, пасля таго як у яго адваліўся хвост, ён вымавіў зусім выразна слова «піўнушка». Працуе фанограф. Д'ябал разбярэ, што адбываецца.
Я ў разгубленасці.
Прыём у прафесара спынены. Пачынаючы з 5 гадзін дня з аглядальні, дзе разгульвае гэтая істота, выразна чуваць вульгарная лаянка і словы «яшчэ пару штук».
7 студзеня. Вымаўляе даволі многа слоў: «Рамізнік», «Месц няма», «Вячэрняя газета», «Лепшы падарунак дзецям» і ўсю лаянку, якая толькі ёсць у расейскім лексіконе.
З выгляду дзіўны. Шэрсць засталася толькі на галаве, на падбародку і на грудзях. Астатняе аблысела, скура друзлая. У вобласці палавых органаў — мужчына ў стадыі фарміравання. Чэрап пабольшаў значна. Лоб скошаны і нізкі.
Дальбог, я звар'яцею.
Піліп Піліпавіч дасюль адчувае сябе дрэнна. Большасць назіранняў вяду я. (Фанограф, фотаздымкі.)
Па горадзе папаўзлі плёткі.
Вынікі, якіх і не прадбачыць было. Сёння ўдзень увесь завулак быў забіты нейкімі валацугамі і бабулькамі. Зявакі дасюль яшчэ стаяць пад вокнамі. У ранішніх газетах з'явілася дзіўная заметка. «Чуткі пра марсіяніна ў Абухавым завулку не маюць грунту. Яны распушчаны гандлярамі з Сухараўкі і будуць злосна пакараны». Якога д'ябла — марсіянін? Ды гэта ж — жах.
Яшчэ лепш у «Вячорцы» — напісалі, што нарадзілася дзіця, якое іграе на скрыпцы. І тут жа малюнак — скрыпка і мой фотаздымак, а пад ім подпіс: «Праф. Праабражэнскі, які рабіў мацеры кесарава сячэнне». Гэтага і апісаць нельга… Ён гаворыць новае слова «міліцыянер»…
Аказваецца, Дар'я Пятроўна была ў мяне закахана і свіснула картачку з альбома ў Піліпа Піліпавіча. Пасля таго як я прагнаў рэпарцёраў, адзін з іх прабраўся на кухню і г. д.
Што творыцца ў час прыёму! Сёння было 82 званкі. Тэлефон адключаны. Бяздзетныя жанчыны звар'яцелі і ідуць, ідуць…
У поўным складзе дамкам з самім Швондзерам. Чаго — самі не ведаюць.
8 студзеня. Позна вечарам паставілі канчатковы дыягназ. Піліп Піліпавіч як сапраўдны вучоны прызнаў сваю памылку — замена гіпафіза дае не абмаладжэнне, а поўнае ачалавечванне (падкрэслена тры разы). Ад гэтага дзіўнае, неверагоднае адкрыццё не робіцца меншым.
Той сёння ўпершыню прайшоў па кватэры. Смяяўся ў калідоры, калі глядзеў на электрычную лямпу. Потым у суправаджэнні мяне і Піліпа Піліпавіча пайшоў у кабінет. Ён моцна трымаецца на задніх лапах (закрэслена)… на нагах і падобны на маленькага нязграбнага мужчыну.
Смяяўся ў кабінеце. Усмешка непрыемная і быццам ненатуральная. Потым ён пачухаў патыліцу, агледзеўся, і я запісаў новае, выразна сказанае слова: «буржуі». Лаяўся. Лаянка гэтая метадычная, бесперапынная і, відаць, без усякага сэнсу. Яна мае болей фанаграфічны характар: быццам гэтая істота недзе чула ўсю гэту лаянку, аўтаматычна, несвядома запомніла і цяпер аўтаматычна выдае касетамі. А, між іншым, я не псіхіятр, д'ябал мяне вазьмі!
На Піліпа Піліпавіча лаянка робіць чамусьці вельмі цяжкае ўражанне. Здараюцца моманты, калі ён не ўтрымліваецца ў рамках стрыманага і бясстраснага назірання і траціць цярпенне. Дык вось, у час лаянкі ён нервова крыкнуў:
— Перастань!
Гэта не мела ніякага эфекту.
Пасля прагулкі ў кабінет Шарык агульнымі намаганнямі быў вернуты ў аглядальню.
Пасля гэтага ў нас з Піліпам Піліпавічам адбылася нарада. Упершыню, прызнаюся, бачыў я гэтага ўпэўненага і надзіва разумнага чалавека разгубленым. Ён як звычайна наспеўваў і спытаўся: «Што ж мы цяпер будзем рабіць?» І сам адказаў літаральна вось што: «Масквашвею… ага… Ад Севільі да Грэнады. Масквашвею, дарагі доктар…» Я нічога не зразумеў. Ён растлумачыў: «Я вас прашу, Іван Арнольдавіч, купіце яму бялізну, штаны і пінжак».
9 студзеня. Лексікон абагачаецца кожныя пяць хвілін (у сярэднім) на адно новае слова, а з сённяшняй раніцы і сказамі. Быццам яны замерзлі ў памяці, а цяпер растаюць і выплываюць. Слова, якое выплыла, застаецца ва ўжытку. З учарашняга дня фанограф адзначыў: «Не папіхайся», «Падлец», «Злазь з падножкі», «Я табе пакажу», «Прызнанне Амерыкі», «Прымус».
10 студзеня. Адбылося адзяванне. Споднюю сарочку надзеў на сябе ахвотна, нават весела смяяўся. Ад кальсон адмовіўся, пратэст гучаў у словах: «У чаргу, сучыя дзеці, у чаргу!» Шкарпэткі яму вялікія.
(У сшытку нейкія малюнкі, больш схематычныя і адлюстроўваюць, як сабачая нага ператваралася ў чалавечую.)
Выцягваецца задняя палова шкілета ступака (plauta). Выцягваюцца пальцы. Пазногці.
Паўторнае сістэматычнае навучэнне наведванню прыбіральні. Прыслуга прыгнечана ўшчэнт.
Але трэба адзначыць, што істота панятлівая. Справа ў цэлым ладзіцца.
11 студзеня. Зусім змірыўся са штанамі. Сказаў доўгі вясёлы сказ: «Дай папяросачку — у цябе штаны ў палосачку».
Шэрсць на галаве слабая, шаўкавістая. Лёгка зблытаць з валасамі. Але падпаліны асталіся на цемі. Сёння аблез апошні пух з вушэй. Страшэнны апетыт. Са смакам есць селядца.
У 5 гадзін дня падзея: упершыню словы, якія вымавіла істота, не адарваны ад рэальнасці, а з'явіліся як рэакцыя на яе. Менавіта калі прафесар загадаў яму: «Не кідай аб'едкі на падлогу», — нечакана адказаў: «Адлезь, гніда».
Піліп Піліпавіч быў уражаны, потым спахапіўся і сказаў:
— Калі ты яшчэ раз аблаеш мяне альбо доктара, то табе пападзе.
Я фатаграфаваў у гэты час Шарыка. Ручаюся, што ён зразумеў словы прафесара. Пануры цень лёг на твар. Паглядзеў з-пад ілба даволі злосна, але замоўк.
Ура, ён разумее!
12 студзеня. Суе рукі ў штаны. Адвучваем ад лаянкі. Насвістваў «Ой, яблычка». Падтрымлівае размову.
Я не магу ўтрымацца ад некалькіх гіпотэз: да д'ябла абмалажэнне пакуль што. Другое намнога важней: дзівосны вопыт прафесара Праабражэнскага раскрыў адну таямніцу чалавечых мазгоў. Цяпер загадкавая функцыя гіпафіза — мазгавога прыдатка — вытлумачана. Ён вызначае чалавечае аблічча. Яго гармоны можна назваць важнейшымі ў арганізме — гармонамі чалавечага аблічча. Новая вобласць адкрываецца ў навуцы: без усялякай рэторты Фаўста створаны гамункул. Скальпель хірурга даў жыццё новай чалавечай адзінцы. Праф. Праабражэнскі, вы — тварэц. (Клякса.)
Між іншым, я адхіліўся… Такім чынам, ён падтрымлівае размову. Я мяркую, усё гэта таму, што новы гіпафіз адкрыў моўны цэнтр у сабачых мазгах і словы прарваліся плынню. Па-мойму, перад намі мазгі, якія адрадзіліся, разгарнуліся, а не нарадзіліся нанова. Во дзіўнае пацверджанне эвалюцыйнай тэорыі! Во найвялікшы ланцужок ад сабакі да Мендзялеева-хіміка! Яшчэ мая гіпотэза: мазгі Шарыка ў час сабачага перыяду жыцця накапілі масу інфармацыі і паняццяў. Усе словы, якія ён спачатку пачаў гаварыць, — вулічныя словы, ён іх чуў і захаваў у мазгах. Цяпер, калі я іду па вуліцы, то з прытоеным жахам гляджу на сустрэчных сабак. Бог ведае што ў іх у галовах.
Шарык чытаў. Чаму (з клічнікам). Пра гэта я здагадаўся. Па «Главрыбе». Менавіта чытаў з канца слова. І я нават ведаю, дзе разгадка: у перапынку зрокавых нерваў у сабакі.
Што творыцца ў Маскве — розуму чалавечаму не спасцігнуць. Сем гандляроў з Сухараўкі ўжо сядзяць за распаўсюджанне чутак пра канец свету, які навялі бальшавікі. Дар'я Пятроўна гаварыла і нават дакладна называла дату: 28 лістапада 1925 года, у дзень святога пакутніка Стэфана, зямля наляціць на нябесную вось… Нейкія жулікі ўжо лекцыі чытаюць. Гэтакую карчму мы ўчынілі з гэтым гіпафізам, што хоць ты з кватэры ўцякай. Я пераехаў да Праабражэнскага па ягонай просьбе і начую ў прыёмнай з Шарыкам. Аглядальню ператварылі ў прыёмную. Швондзер аказаўся праў. Дамкам радуецца ад злосці. У шафах ніводнага шкла. Скочыў туды. Ледзь адвучылі.
З Піліпам адбываецца нешта дзіўнае. Калі я расказаў яму пра сваю гіпотэзу і пра надзею развіць Шарыка ў высокую псіхалагічную асобу, ён хмыкнуў і адказаў: «Вы думаеце?» Тон у яго злавесны. Няўжо я памыляюся? Стары нешта прыдумаў. Пакуль я запісваю гісторыю, ён вывучае гісторыю таго чалавека, у якога бралі гіпафіз.
(У сшытку ўклеены аркуш.)
Клім Рыгоравіч Чугункін, 25 год, халасцяк. Беспартыйны, спачуваючы. Судзіўся тры разы і апраўданы: першы раз з-за недахопу ўлік, другі раз паходжанне выратавала, а трэці раз — умоўна катарга на 15 год. Крадзёж. Прафесія — ігра на балалайцы ў карчме.
Маленькага росту, няўдалы. Печань павялічана (алкаголь). Прычыны смерці — удар нажом у сэрца ў піўнушцы («Стоп-Сігнал» ля Праабражэнскай заставы).
Стары не адрываецца ад гісторыі Клімавай хваробы. Не разумею, у чым справа. Мармытаў нешта наконт таго, што не здагадаўся агледзець у патолагаанатамічным усё цела Чугункіна. Не разумею, у чым справа. Якая розніца, чый гіпафіз?
17 студзеня. Не запісваў некалькі дзён: хварэў на інфлюэнцыю. За гэты час з выгляду склаўся амаль канчаткова:
а) зусім чалавек па будове цела;
б) важыць амаль 3 пуды;
в) маленькі рост;
г) галава маленькая;
д) пачаў курыць;
е) есць чалавечую страву;
ж) адзяецца самастойна;
з) гладка вядзе размову.
Вось дык гіпафіз (клякса).
На гэтым гісторыю хваробы канчаю. Перад намі новы арганізм. Назіраць яго трэба спачатку.
Прылажэнні: стэнаграмы гаворкі, запісы фанографа, фотаздымкі.
Подпіс: асістэнт прафесара П.П.Праабражэнскага.
Доктар Барменталь.